ПУТУМА́ЙО (Putumayo),

рака ў Паўд. Амерыцы, левы прыток р. Амазонка. Амаль на ўсім працягу служыць мяжой паміж Калумбіяй з Эквадорам і Перу; нізоўі ў Бразіліі, дзе наз. Іса (Isá). Даўж. 1580 км, пл. басейна 123 тыс. км². Вытокі ў паўд. ч. Цэнтр. Кардыльеры Андаў Калумбіі, цячэ пераважна па Амазонскай нізіне. Разводдзе ад крас. да ліпеня. Сярэдні расход вады каля 7,2 тыс. м³/с. Суднаходная да г. Пуэрта-Асіс (на 1350 км).

т. 13, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.

т. 2, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС (ісп. llanos, множны лік ад llano раўніна),

назва некаторых раўнінных тэрыторый у раёнах ісп. каланізацыі (напр., Лана-Эстакада ў ЗША, Л.​Арынока, Л.-Мохас і інш. у Паўд. Амерыцы). Таксама тып высакатраўнай саванны на раўнінах у бас. р. Арынока (тэр. Венесуэлы і Калумбіі). Укрыты густым і высокім травяным покрывам з перавагай злакаў, ёсць асобныя дрэвы або іх групы (тыпова маўрыкіева пальма). Па далінах рэк галерэйныя лясы. Выкарыстоўваюцца як паша, месцамі — пад земляробства.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́НАС-АРЫНО́КА (Llanos del Orinoco),

прыродная вобл. у Калумбіі і Венесуэле, уздоўж левабярэжжа р. Арынока, паміж Андамі (на ПнЗ), Гвіянскім пласкагор’ем (на У) і р. Гуаўярэ (на Пд). Даўж. каля 1400 км, шыр. да 400 км. Пераважае раўнінны рэльеф. Клімат субэкватарыяльны гарачы, з рэзкай зменай вільготнага (летам) і сухога (зімой) сезонаў. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Расліннасць саваннаў. Жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла), пасевы кукурузы, рысу, бавоўніку і інш. культур. Гл. таксама Льянас.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРА́ТА (Atrato),

рака на ПнЗ Паўд. Амерыкі, у Калумбіі. Даўж. 644 км, пл. бас. 16 тыс. км². Пачынаецца на Зах. Кардыльеры, цячэ з Пд на Пн па шырокай (каля 80 км) забалочанай даліне паміж хрыбтамі Серанія-дэ-Баўдо і Зах. Кардыльерай, упадае ў зал. Ураба Дар’енскага зал. Карыбскага м., утварае дэльту. Мнагаводная на працягу года. Сярэдні расход вады 2500 м³/с. Суднаходная ад г. Кібдо (560 км). Па даліне Атраты пралягае тэктанічная мяжа паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙТА́Н ((Gaitán) Хорхе Эльесер) (23.1.1898, Багата — 9.4.1948),

палітычны дзеяч Калумбіі. Д-р права Нац. ун-та (з 1924). У 1929 выступіў з рэзкім асуджэннем масавых расстрэлаў рабочых, якія баставалі ў дэпартаменце Магдалена (1928—29). У 1940 і 1943 уваходзіў ва ўрад, міністр асветы і міністр працы, аховы здароўя і сац. забеспячэння. Лідэр Ліберальнай партыі (з 1946), старшыня сената (з 1947). Аўтар законапраекта аб нацыяналізацыі нафтавых радовішчаў, якія эксплуатавалі амер. манаполіі. Выступаў з крытыкай палітыкі ЗША. Быў забіты рэакцыянерамі.

т. 4, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЧУА, кічуа, кешуа,

сучасны індзейскі народ у Паўд. Амерыцы. Складае значную ч. насельніцтва Перу (7,7 млн. чал.), Эквадора (4,3 млн. чал.), Балівіі (2,47 млн. чал.). К. жывуць таксама на ПнЗ Аргенціны, Пн Чылі, Пд Калумбіі; агульная колькасць 10—13 млн. чал. (1990-я г.). Нашчадкі стараж. інкаў. Мова — кечуа (у Перу з 1975 афіц. мова разам з іспанскай). Паводле веравызнання пераважна католікі. Займаюцца земляробствам, рамяством.

Літ.:

Зубрицкий Ю.А. Инки-кечуа: Основные этапы истории народа. М., 1975.

т. 8, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЭ-КАРАЛЕ́ЎСТВА,

адм.-тэр. адзінка ў амер. калоніях Іспаніі ў 16 — пач. 19 ст., якою кіраваў віцэ-кароль. Першае віцэ-каралеўства — Новая Іспанія, створана ў 1535, у яго ўвайшлі тэр. Мексікі і большая ч. Цэнтр. Амерыкі. У Паўд. Амерыцы ў 1542 утварылася віцэ-каралеўства Перу, з якога ў 1739 вылучана віцэ-каралеўства Новая Гранада (тэр. Калумбіі, Панамы, Венесуэлы, Эквадора), у 1776 — віцэ-каралеўства Рыо-дэ-Ла-Плата (тэр. Аргенціны, Парагвая, Уругвая, Балівіі). Існавалі да Вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26.

т. 4, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЎКА (Cauca),

рака ў Калумбіі, левы прыток р. Магдалена. Даўж. 1350 км, пл. басейна каля 80 тыс. км². Пачынаецца на Пд Цэнтр. Кардыльеры, цячэ ў глыбокай тэктанічнай даліне паміж Цэнтр. і Зах. Кардыльерай, праразае горны масіў Анцьёкія, дзе ўтварае парогі і вадаспады, потым — па Прыкарыбскай нізіне, у шырокай даліне з пратокамі і азёрамі. Паводкі вясной і восенню. Сярэдні гадавы расход каля 2000 м³/с. Суднаходная на ўчастках ад г. Калі да г. Картага і ад г. Анцьёкія да вусця (усяго 620 км).

т. 8, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́БЫ,

група індзейскіх плямён Паўд. Амерыкі (макушы, арэкуна, ваі-ваі і інш.), якія гавораць на мовах карыбскай моўнай сям’і і маюць агульнае паходжанне. Жывуць пераважна ў зоне трапічных лясоў і саваннаў на Пн ад р. Амазонкі (у Венесуэле, Калумбіі, Бразіліі, Гандурасе і інш. краінах). Цэнтрам рассялення К. лічыцца басейн рэк Шынгу і Тапажос, адкуль яны рухаліся на Пн. Займаюцца земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жывуць суседскімі абшчынамі, захаваліся моцныя перажыткі мацярынска-родавых адносін. Рэлігія — племянныя культы. У выніку еўрап. каланізацыі значная частка К. вымерла.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)