АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.А.Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРЧА́НІН (Ігнат Сымонавіч) (8.6.1895, в. Погіры Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.12.1937),

бел. літ.-знавец, паэт, публіцыст, грамадскі дзеяч. Скончыў Пражскі ун-т (1925) са ступенню д-ра філасофіі. З 1912 настаўнік. У 1915—17 на вайсковай службе. У 1918 сакратар культ.-асв. аддзела Бел. нац. камісарыята ў Маскве. У 1919—20 вёў культ.-асв. работу ў Дзятлаўскім пав., за што зняволены ўладамі Польшчы ў Беластоцкі канцлагер. У 1921 арганізаваў у Даўгаўпілсе бел. настаўніцкія курсы, дзе чытаў лекцыі па бел. мове і л-ры, стварыў бел. тэатр, калектыў і хор. З 1926 у Вільні. Выкладаў бел. л-ру ў бел. гімназіі. Выконваў даручэнні Цэнтр. сакратарыята Бел. сялянска-рабочай грамады. Уваходзіў у Гал. ўправу ТБШ (1926—30). У 1928 выбраны паслом у польскі сейм па спісе рабоча-сялянскага блока. У выступленнях на сейме, мітынгах абараняў сац. і нац. правы народа Зах. Беларусі. Адзін з арганізатараў, нам. старшыні рэв.-дэмакр. і нац.-вызв. арг-цыі «Змаганне» (1928—30). За рэв. дзейнасць неаднаразова быў арыштаваны, у 1930 засуджаны на 8 гадоў турмы. У выніку абмену палітвязнямі паміж СССР і Польшчай з 1932 у Мінску Працаваў у АН БССР (у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі). У 1933 рэпрэсіраваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1956. Дэбютаваў вершамі ў 1917. Вершы Д. публікаваліся ў час. «Наш шлях», «Прамень», «Студэнцкая думка» і інш. У іх балючы драматызм, горкая развага пра нягоды і страты свайго народа, рамантычная вера ў светлы дзень. Публіцыстыка Д. — яркая старонка барацьбы за адраджэнне нац. культуры, сац. і нац. правоў роднага народа. У 1927 выдаў у Вільні «Хрэстаматыю новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)», якая адыграла вял. ролю ў школьным навучанні і патрыят. выхаванні. Пад псеўд. І.Гудок пераклаў на бел. мову паэму А.Блока «Дванаццаць» (Вільня, 1926).

Тв.:

[Вершы] // Ростані волі. Мн., 1990;

Бел. пер. — Францішак Скарына як культурны дзеяч і гуманіст на беларускай ніве. Мн., 1991.

Літ.:

Бергман А. Ігнат Дварчанін // Беларускі каляндар 1978. Беласток, 1978;

Крывіцкі Л. (Л.А.Луцкевіч) Адкапаў праўду Беларусі // Беларускі каляндар, 1982. Беласток, 1982;

Міско Я. «Ласкі панскай не трэба...» // Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 72—75.

А.М.Пяткевіч.

І.С.Дварчанін.

т. 6, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХО́ДНЯЯ БЕЛАРУ́СЬ,

частка тэр Беларусі, якая ў выніку савецка-польскай вайны 1920 захоплена Польшчай і паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 знаходзілася ў яе складзе да вер. 1939. Паводле адм.-тэр. падзелу тэр. З.Б. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяводствы. Агульная пл. 113 тыс. км2, нас. 4,6 млн. чал. (1931). Гал. культ. і навук. цэнтрам З.Б. была Вільня. У прамысл. адносінах найб. развіты Беластоцкі прамысл. раён. Найб. гарады: Вільня, Гродна, Брэст, Беласток, Слонім, Ліда, Навагрудак, Пінск, Лунінец, Кобрын, Пружаны, Ваўкавыск, Баранавічы, Маладзечна, Вілейка. З.Б. была адносна адсталай агр. ускраінай Польшчы і выкарыстоўвалася ёй пераважна як крыніца сыравіны, таннай рабочай сілы і рынак збыту яе прам-сці. У эканоміцы назіраўся застой. Працоўныя пакутавалі і ад эксплуатацыі, і ад нац. ўціску. Разбураная войнамі прам-сць аднаўлялася марудна, новыя прадпрыемствы амаль не будаваліся, прыродныя багацці краю (асабліва лясы) выкарыстоўваліся няшчадна. У 1928 у З.Б. дзейнічала каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала па 5—20 чал. У гады эканам. крызісу (1929—33) тут часова спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў. Складаючы 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва Польшчы, удзельная вага прам-сці З.Б. ледзь перавышала 3%. У прам-сці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тыс. чал.; амаль 50 тыс. рамеснікаў. Беспрацоўе тут было хранічнае (больш за 25 тыс. беспрацоўных у 1936), рабочы дзень дасягаў 10—12 гадз., зарплата была больш нізкая, чым у карэннай Польшчы. Больш за 80% насельніцтва займалася сельскай гаспадаркай. Сяляне пакутавалі ад малазямелля, перажыткаў прыгонніцтва (адработкі, шарваркі), цяжкіх падаткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, запазычанасці банкам, самаўпраўства чыноўнікаў і паліцыі. У 1920-я г. на памешчыцкі маёнтак у сярэднім прыпадала каля 500 га зямлі, на сял. двор — каля 7 га; амаль 55 тыс. гаспадарак мелі надзел меншы за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У выніку зямельных рэформ 1920—30-х г. (парцэляцыя, ліквідацыя сервітутаў, камасацыя, пасяленне асаднікаў) зямельныя ўладанні памешчыкаў значна паменшалі, хоць зусім не ліквідаваны. Рэформы садзейнічалі ўмацаванню сял. гаспадарак, рассяленню сялян на хутары (да 1939 на хутары расселена каля 70% сял. гаспадарак). У 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзышла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у агр. сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Перанаселеная вёска не мела адтоку ў прам-сць, таму ў пошуках работы сяляне часта эмігрыравалі ў краіны Зах. Еўропы і Амерыкі. Польскія ўлады праводзілі палітыку прымусовай паланізацыі і асіміляцыі беларусаў, забаранялі бел. школы, абмяжоўвалі прыёмы з бел. школ у ВНУ, не дазвалялі карыстацца роднай мовай у дзярж. установах, не прызнавалі тэрміна «З.Б.», а называлі яе «крэсы ўсходне»усх. ўскраіны») або Белапольшчай. З 400 бел. школ, што існавалі на тэр. З.Б. да 1921, у 1928 засталося 29 бел. і 49 польска-бел. школ, у 1934—16. Былі закрыты 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 бел. гімназій (у Будславе, Гродне, Грудку, Клецку, Маладзечне, Навагрудку, Нясвіжы, Радашковічах). Каля 35% насельніцтва З.Б. заставалася непісьменным (1939). Жорстка праследавалася бел. прэса, асабліва рэв. кірунку. Калі ў 1927 легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх стала 12; да 1939 асталіся толькі прапольскія і клерыкальныя выданні. Улады вышуквалі розныя прычыны, каб закрываць бел. выдавецтвы. бібліятэкі, клубы, хаты-чытальні. Гал. метадам кіравання ў З.Б. быў прымус, а часам і тэрор. Турмы і Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер былі перапоўнены паліт. вязнямі. Часта праводзіліся судовыя паліт. працэсы, масавыя рэпрэсіі. Бяспраўе, малазямелле, нац. прыгнёт, урадавая дыктатура абвастралі супярэчнасці, стваралі ўмовы для ўзмацнення нац.-вызв. руху, які ў розныя часы прымаў розныя формы, але ніколі не спыняўся. Эканам. выступленні рабочых часта суправаджаліся антыўрадавымі дэманстрацыямі, мітынгамі, сутычкамі з паліцыяй. Найб. вострыя формы гэты рух набыў у перыяды эканам. крызісу (1929—33) і стварэння антыфашысцкага народнага фронту (1935). Адбываліся і антыўрадавыя выступленні сялян (гл. Косаўскі расстрэл 1927, Асташынскае выступленне сялян 1932, Кобрынскае выступленне сялян 1933, нарачанскіх рыбакоў выступленне 1935). Дэпутаты сейма ад З.Б. вялі парламенцкую барацьбу ў складзе Беларускага пасольскага клуба. У 1925—27 разгарнулася дзейнасць магутных нац.вызв. арг-цый Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ, больш за 2 тыс. яе гурткоў аб’ядноўвалі каля 120 тыс. членаў), у 1927—30 — «Змаганне». Да 1930 левае крыло вызв. руху ў З.Б. было разгромлена. Легальную дзейнасць працягвалі толькі цэнтрысцкія і кансерватыўныя нац.-дэмакр. партыі і культ.-асв. арг-цыі. На працягу 1921—37 у ліку вядучых культ.-асв. арг-цый было Таварыства беларускай школы (ТБШ). Прыкметнай была дзейнасць Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (1926—37), Таварыства беларускай асветы. Радыкальны рэв. рух у З.Б. ў 1921—23 узначальвала Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), у 1923—38 — Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ, у 1933 аб’ядноўвала каля 4 тыс. членаў). Спалучэннем легальных і нелегальных форм барацьбы КПЗБ часам удавалася скіроўваць нац.-вызв. рух у рэчышча класавай барацьбы. З гэтай мэтай яна выкарыстоўвала папулярныя ў народзе заклікі да самавызначэння З.Б., падтрымлівала надзённыя патрэбы працоўных, папулярызавала ў прыхарошаным выглядзе дасягненні ў БССР. Але нац. нігілізм КПЗБ у 1930-я г. абумовіў яе дэструктыўную ролю ў нац.-вызв. руху. Пад кіраўніцтвам КПЗБ дзейнічалі Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі (КСМЗБ), Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі (МОПР Зах. Беларусі), чырв. прафсаюзы, студэнцкая лявіца «Фронт». КПЗБ выдавала газ. «Чырвоны сцяг». час. «Бальшавік» і інш. Свае газеты і часопісы выдавалі БРА, БСРГ, «Змаганне», ТБШ, «Фронт», КСМЗБ, МОПР Зах. Беларусі і інш. грамадскія арг-цыі; выдаваліся прагрэсіўныя сатыр. час. «Маланка», «Асва». Сялянскія і хрысціянска-дэмакр. бел. партыі адхілялі рэв. рух як крайнюю і экстрэмісцкую форму барацьбы, найчасцей вялі памяркоўную палітыку. Беларуская хрысціянская дэмакратыя (БХД, вядучая партыя З.Б. ў 1930-я г.), Беларускі сялянскі саюз (БСС), Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый (Цэнтрасаюз), Беларуская санацыя і інш. партыі і арг-цыі часам дамагаліся дробных уступак у галіне бел. нац. культуры праз згоду з польскімі ўладамі. Значны ўплыў на развіццё нац.вызв. руху ў З.Б. мела творчасць бел. пісьменнікаў М.Танка (Я.І.Скурко), П.Пестрака, В.Таўлая, Л.Родзевіча, М.Васілька, А.Салагуба, М.Засіма, Н.Арсенневай, Х.Ільяшэвіча, П.Карузы, М.Краўцова, С.Крыўца, А.Стаповіча, М.Машары, У.Самойлы, публіцыстаў А.Альшэўскага, І.Канчэўскага, А.Луцкевіча, Я.Міско, А.Станкевіча, В.Харужай, навукоўцаў Б.Тарашкевіча, С.Рак-Міхайлоўскага, І.Дварчаніна. З л-рай З.Б. звязана творчасць У.Жылкі, К.Сваяка, Г.Леўчыка, М.Гарэцкага, А́.Гаўрылюка і інш. Намаганнямі паэтаў «Беларускай газеты» ў снеж. 1933 праведзены нелегальны з’езд пісьменнікаў З.Б., прынята дэкларацыя з заклікам стварыць арг-цыю пісьменнікаў дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва З.Б. зрабілі мастакі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук, у муз. культуру — К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забэйда-Суміцкі. Плённую дзейнасць па стварэнні нар. хораў і збору бел. нар. песень праводзілі А.Грыневіч, Р.Шырма, Г.Цітовіч і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый З.Б. размяшчалася ў Вільні, у т.л. выд-вы (Беларускае выдавецкае таварыства, Выдавецтва Таварыства беларускай школы, Выд-ва Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Выд-ва Бел. сялянска-работніцкага клуба, Знамяроўскага У. выдавецтва, Клецкіна Б.А выдавецтва), Беларускае навуковае таварыства, Беларускі музей, Беларуская драматычная майстроўня, Беларускае дабрачыннае таварыства, Віленская беларуская гімназія, школы, кнігарні і інш. Тут выдадзены многія творы Гарэцкага, Дварчаніна, Родзевіча, М.Танка, Машары; выдаваліся многія газеты і часопісы, падручнікі для бел. школ, шматлікія календары, прамовы дэпутатаў у сейме. ТБШ, БСРГ і «Змаганне» праз свае клубы, гурткі і бібліятэкі-чытальні вялі шырокую культ.-асв. работу сярод насельніцтва, стваралі маст. гурткі, рыхтавалі канцэрты, якія былі своеасаблівым пратэстам супраць намераў польскіх улад задушыць роднае бел. слова і нар. культуру. Паліцыя часта арыштоўвала дзеячаў культуры і кіраўнікоў маст. самадзейнасці. Сярод найб. выдатных дзеячаў рэв. нац.-вызв. руху ў З.Б. былі кіраўнікі БСРГ, «Змагання», ТБШ, БРА і КПЗБ: Тарашкевіч, Рак-Міхайлоўскі, Дварчанін, А.Луцкевіч, А.Станкевіч, А.Уласаў, П.Валошын, П.Мятла, М.Бурсевіч, Альшэўскі, М.Арэхва, Я.Бабровіч, І.Дабрыян, А.Данялюк, М.Дворнікаў, Ф.Валынец, Я.Гаўрылік, І.Грэцкі, П.Крынчык, Г.Муха-Мухноўскі, А.Лябецкая, Ф.Стацкевіч, М.Пяткевіч, Паўловіч, М.Кепель, П.Кізевіч, А.Канчэўскі, І.Лагіновіч (П.Корчык), І.Малец, С.Панкова, С.Прытыцкі, Родзевіч, І.Сяменікаў, А.Федасюк, Харужая, У.Царук і інш.

Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва З.Б. і Зах. Украіны. Жыхары З.Б. шчыра сустракалі армію як вызваліцельніцу. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне Сав. улады і ўз’яднанне З.Б. з БССР. 12.11.1939 сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне З.Б. з БССР. Гэтым было адноўлена нац. адзінства бел. народа (гл. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР). Паводле дамоўленасці ўрадаў СССР і Літвы ў кастр. 1939 Віленскі край з г. Вільня перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. З.Б. былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет. Мн., 1946;

Stankievič A. Biełaruski chryścijanski ruch. Vilnia. 1939;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едииом советском социалистическом государстве. М., 1948;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Полуян В.А. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

Калеснік У. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Ладысев В.Ф. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993.

І.П.Хаўратовіч.

Да арт. Заходняя Беларусь. Першамайская дэманстрацыя працоўных Гродна. 1937.
Да арт. Заходняя Беларусь. Брукаванне вуліцы ў вёсцы Зубелевічы (Ляхавіцкі раён). 1928.

т. 7, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

грамадскія аб’яднанні, недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт. значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.

У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт « Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел. к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел. патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.

В.І.Боўш.

т. 5, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧЫ РУХ,

грамадскі рух за вызваленне бел. народа з-пад каланіяльнага ўціску, за нац. адраджэнне і развіццё на аснове самаст. дзяржаўнасці. Зыходным пунктам у яго гісторыі было паўстанне 1794 на чале з А.Т.Касцюшкам супраць гвалтоўнага падзелу Рэчы Паспалітай манархамі Расіі, Аўстрыі і Прусіі, далучэння зямель Беларусі да Расіі. Ўмоўна гэты рух падзяляецца на 2 этапы: 1-ы праходзіў у рамках польск. вызв. працэсу (1794—1863), 2-і — з усведамленнем уласна бел. нац. інтарэсаў і канчатковай мэты — адраджэння бел. дзяржаўнасці (1863—1918). На 1-м этапе пераважалі разрозненыя праявы навук., літ., культ.-асв. дзейнасці сярод дробнамаянтковай шляхты, уніяцкага духавенства, студэнтаў і выкладчыкаў Віленскага ун-та па вывучэнні мовы, культуры, звычаяў, гіст. мінулага беларусаў. Гэта дзейнасць аб’ектыўна была накіравана супраць афіц. палітыкі самадзяржаўя і польск. або спаланізаванай арыстакратыі на Беларусі, па сутнасці азначала стыхійны пратэст супраць ігнаравання гіст. самабытнасці бел. этнасу, яго гвалтоўнай асіміляцыі ў форме паланізацыі ці русіфікацыі. Пачатковыя праявы бел. нац. ідэалогіі назіраліся ў дзейнасці т-ваў філаматаў і філарэтаў, Дэмакратычнага таварыства ў Віленскай мед. акадэміі, Братняга саюза літоўскай моладзі, Т-ва зямель літоўскіх і рускіх (у эміграцыі), у навук. даследаваннях З.Даленгі-Хадакоўскага, М.Баброўскага, І.Даніловіча, І.Анацэвіча, І.Лабойкі, І.Грыгаровіча, К. і Я.Тышкевічаў, Т.Нарбута, А.Кіркора і інш., у літ. творчасці Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, П.Багрыма, А.Вярыгі-Дарэўскага, У.Сыракомлі, В.Дуніна-Марцінкевіча, П.Шпілеўскага і інш. Пасля паўстання 1830—31 зарадзілася рэв.-дэмакр. плынь, для якой характэрна спалучэнне літ. асветніцтва і паліт. барацьбы (Ф.Савіч, А.Незабытоўскі). Дзейнасць К.Каліноўскага і выданне нелегальнай рэв.-дэмакр. газеты «Мужыцкая праўда» далі пачатак спалучэнню сац.-эканам., паліт., культ.-духоўных праблем нац.-вызв. барацьбы беларусаў і вылучэнню бел. («літвінскіх») нац. патрабаванняў з агульнапольскага вызв. кантэксту, у тым ліку ўскосна выказанай ідэі пра самастойнасць Літвы—Беларусі ў дэмакр. саюзе з Польшчай і Расіяй. Пасля задушэння паўстання 1863—64 выспяванне бел. нац. ідэі часова запаволілася, пачалася татальная русіфікацыя Беларусі паводле канцэпцыі заходнерусізму. Новай ідэйна-тэарэт. і паліт. якасці нац.-вызв. рух дасягнуў на схіле 19 ст. ў дзейнасці народніцкай групы «Гоман» і яе нелегальнага аднайм. часопіса (1884). У якасці альтэрнатывы імперскаму абсалютызму члены групы абгрунтавалі ідэю «федэратыўнасці Беларусі» на падставе свабоднага пагаднення з інш. народамі дэмакратызаванай Расіі. Бел. вызв. ідэю паглыбіла дзейнасць Ф.Багушэвіча, А.Гурыновіча, А.Абуховіча, К.Каганца. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. атрымала развіццё навук. беларусазнаўства (публікацыі П.Бяссонава, І.Насовіча, М.Доўнар-Запольскага, Е.Раманава, Я.Карскага, А.Сапунова, А.Ельскага, Я.Карловіча, Г.Татура, М.Нікіфароўскага, М.Федароўскага, П.Шэйна, А.Сержпутоўскага, М.Янчука, краязнаўча-збіральніцкая і асветніцкая праца Б.Эпімах-Шыпілы і інш.). Ажывілася культ.-асв. дзейнасць Гуртка моладзі польска-літоўска-беларускай і маларускай, Круга беларускай народнай прасветы і культуры, студэнцкіх аб’яднанняў у Пецярбургу, Маскве, Кракаве. Зроблены спробы выпуску нелегальнай паліт. газ. «Свабода», заснавання рэв. партыі Белай Русі. У 1902 арганізавана Бел. рэв. грамада (з 1903 Беларуская сацыялістычная грамада, БСГ). У выніку рэвалюцыі 1905—07 заваявана права на легальны бел. друк. З’явіліся газеты «Наша доля», «Наша ніва», часопісы «Лучынка», «Раніца», а таксама прафес., грамадска-культ. аб’яднанні і гурткі (Беларускі настаўніцкі саюз, Гродзенскі гурток беларускай моладзі, Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў Пецярбургскага ун-та, выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» і інш.). Мацнела ўзаемасувязь асв. і паліт., легальных і нелегальных кірункаў і формаў руху. Дзейнасць БСГ, яе праграмна-стратэг. кірунак на замену капіталіст. ладу сацыялістычным мелі вял. значэнне для ідэйнай кансалідацыі бел. нац.-вызв. руху. У 1906—15 асяродкам кансалідацыі адраджэнскіх сіл стала газ. «Наша ніва». Пад яе ўплывам зарадзіўся бел. нац.-рэліг. рух (газ. «Беларус», дзейнасць святароў А.Бычкоўскага, В.Гадлеўскага, А.Пачопкі, А.Астрамовіча і інш.), узгадавана да вызв. працы плеяда пісьменнікаў-класікаў, грамадска-паліт. і культ. дзеячаў, нац. ідэолагаў: Я.Купала, Я.Колас, Цётка, М.Багдановіч, Ядвігін Ш., А.Гарун, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, З.Бядуля, браты А. і І.Луцкевічы, А.Уласаў, В.Ластоўскі, І.Буйніцкі, У.Галубок, А.Смоліч, Б.Тарашкевіч, Я.Лёсік, Ф.Шантыр, Л.Сівіцкая (З.Верас), Я.Хлябцэвіч, Л.Гмырак і інш. У час 1-й сусв. вайны сярод бел. актывістаў Вільні, акупіраванай герм. войскам, ідэя аднаўлення бел. дзяржаўнасці звязвалася з магчымым адраджэннем дзярж. уніі Беларусі і Літвы, што адлюстравана ў звароце Канфедэрацыі Вял. кн. Літоўскага (15.12.1915), у сумеснай дэкларацыі сацыяліст. і дэмакр., у тым ліку бел., партый Вільні (снеж. 1917). Каардынацыйным цэнтрам бел. нац. арг-цый у Вільні быў Беларускі народны камітэт, які выступаў за цэласнасць і непадзельнасць бел. зямель, прадстаўляў і абараняў інтарэсы бел. насельніцтва перад акупац. ўладамі. Па ініцыятыве Цёткі і І.Луцкевіча ў Вільні і на зах. землях Беларусі заснаваны першыя бел. школы, настаўніцкія курсы, гімназіі. У Вільні выдавалася бел. газ. «Гоман». Бел. пытанне было вынесена на міжнар. форум — 3-ю канферэнцыю народаў (Лазана, 1916). Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 узніклі Беларускі нацыянальны камітэт (сак. 1917), Цэнтральная рада беларускіх арганізацый (ліп. 1917), рэарганізаваная потым у Вялікую беларускую раду, Цэнтральная беларуская вайсковая рада (кастр.ліст. 1917). У газетах «Вольная Беларусь» і «Белорусская Рада» вялася дыскусія па праблемах гуртавання бел. руху на дэмакр., агульнанац. аснове. У сувязі з далучэннем да бел. руху розных сац. слаёў грамадства і пад уздзеяннем ігнаравання бел. пытання Часовым урадам і бальшавіцкай апазіцыяй у ім сталі нарастаць унутр. супярэчнасці, што прывяло да ўтварэння напярэдадні Кастр. рэвалюцыі 2 плыняў: класава-рэв. і нац.-дэмакратычнай. Гэты падзел выразна выявіўся на 3-м з’ездзе БСГ (кастр. 1917, Мінск). У снеж. 1917 пад знакам кансалідацыі розных ідэйна-паліт. плыняў і партый для агульнай нац. мэты — незалежнай Беларусі — праходзіў Усебеларускі з’езд 1917. Насуперак гвалтоўнаму разгону з’езда паводле рашэння СНК Зах. вобласці і фронту дэлегаты з’езда прынялі рэзалюцыю аб утварэнні на бел. этнагр. абшары краёвай улады ў форме Усебел. Савета сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў і наладжванні афіц. адносін з цэнтр. органамі сав. улады, іншымі нац. рэспублікамі. Сфарміраваны Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся 21.2.1918 з Першай Устаўнай граматай «Да народаў Беларусі» і стварыў часовы ўрад — Народны сакратарыят Беларусі. Другой Устаўнай граматай 9.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). 18.3.1918 у склад Рады з’езда кааптаваны прадстаўнікі Віленскай беларускай рады і Рада з’езда рэарганізавана ў Раду БНР. У ноч на 25.3.1918 Рада БНР прыняла рэзалюцыю аб суверэннай незалежнасці Беларусі і Трэцюю Устаўную грамату. Факт абвяшчэння БНР азначаў падагульненне папярэдняга развіцця нац.-вызв. руху і адначасова паклаў рэальны пачатак нац.-дзяржаўнаму будаўніцтву на Беларусі. Утварэнне Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919), нац.-культ. рух у БССР у І920-я г. і вызваленчае змаганне народа Заходняй Беларусі пацвердзілі гіст. пераемнасць і незнішчальнасць бел. нац.-дзярж. ідэі.

Кр.: Пачынальнікі: З гіст.-літ. матэрыялаў XIX ст. Мн., 1977; Багушэвіч Ф. Дудка беларуская: Прадмова // Багушэвіч Ф. Творы. Мн., 1991; Каганец К. Прамова // Каганец К. Творы. Мн., 1979; Усебеларускі з’езд 1917 года: Сведчанне сучасніка / Публ. В.Скалабана // Бел. гіст. Часоп. 1993. № 1—4; Доўнар-Запольскі М.В. Асновы дзяржаўнасці Беларусі. Мн., 1994; [Публіцыстыка Кастуся Каліноўскага] / Падрыхтавалі да друку А.Гаўрон, Я.Янушкевіч // Маладосць. 1988. № 1; Публицистика белорусских народников. Мн., 1983.

Літ.:

Багдановіч М. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1968. Т. 2;

Варонка Я. Беларускі рух ад 1917 да 1920 году: Кароткі агляд. 2 выд. Коўна, 1920 (рэпр. выд. Мн., 1991);

Власт [Ластоўскі В.] Кароткая гісторыя Беларусі. Вільня, 1910 (факс. выд. Мн., 1992);

Купала Я. Публіцыстыка // Зб. тв. Мн., 1976. Т. 7;

Яго ж. Жыве Беларусь: Вершы, арт. Мн., 1993;

Гмырак Л. Творы. Мн., 1992;

Луцкевіч А. За дваццаць пяць гадоў (1903—1928). Вільня, 1928;

Тое ж. Мн., 1991;

Цвікевіч А. «Западноруссизм»: Нарысы з гісторыі грамад. мыслі на Беларусі ў XIX і пач. XX в. Мн., 1929;

2 выд. Мн., 1993;

Гарэцкі М. Гісторыя беларускае літаратуры. 4 выд. М.; Л., 1926;

Тое ж. Мн., 1992;

Абдзіраловіч І. [Канчэўскі І.] Адвечным шляхам: (Даследзіны бел. светагляду). Вільня, 1921;

4 выд. Мн., 1993;

Турук Ф. Белорусское движение: Очерк истории нац. и рев. движения белорусов. М., 1921 (репр. изд. Мн., 1994);

Лёсік Я. Творы. Мн., 1994;

Станкевіч А. Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1934;

Недасек Н. [Адамовіч Ант.]. Камунізм і «беларускі нацыяналізм»: (Гіст. агляд...) // Запісы. Мюнхен, 1962. Кн. 1;

Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. Мн., 1975;

Яго ж. На путях национального самоопределения: БНРБССР—РБ. Мн., 1995;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1—2. Мн., 1994—95;

Turonek J. Wacław Iwanowski і odrodzenie Białorysi. Warszawa, 1992;

Byelorussian statehood: Reader and bibliography. New York,1988.

А.К.Каўка.

т. 2, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)