АДМІРА́Л [гал. admiraal ад араб. амір аль (бахр) уладар на моры],
воінскае званне (чын) вышэйшага афіцэрскага саставу ў ваенна-марскіх флатах мн. дзяржаў. У Еўропе паявілася ў 12 ст. ў Венецыі і Генуі, а затым распаўсюдзілася на флаты інш. краін (у Польшчы ўведзена ў 17 ст., у Расіі — на пач. 18 ст. У СССР устаноўлена з 1940 і адпавядала званню генерал-палкоўніка ў арміі). Існуюць таксама званні контр-адмірал, віцэ-адмірал, адмірал флоту і інш.
т. 1, с. 119
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫЯ РА́НГІ,
службовыя званні работнікаў дыпламатычнай службы. Кожная дзяржава мае сваю сістэму Д.р. Паводле Пастановы Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь ад 24.4.1992 і Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 6.4.1995 для дыпламат. работнікаў Беларусі ўстаноўлены наст. Д.р.: надзвычайны і паўнамоцны пасол, надзвычайны і паўнамоцны пасланнік 1-га і 2-га класа, саветнік 1-га і 2-га класа, першы сакратар 1-га і 2-га класа, другі сакратар 1-га і 2-га класа, трэці сакратар, аташэ. Парадак прысваення Д.р. рэгламентуецца заканадаўствам.
Ю.П.Броўка.
т. 6, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́К (Рыгор Іванавіч) (9.11.1890, хутар Дуднікава, цяпер Палтаўская вобл., Украіна — 24.8.1950),
савецкі военачальнік. Маршал Сав. Саюза (1940). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1932). У арміі з 1912, удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. 3 мая 1937 нач. артыл. ўпраўлення РСЧА. З 1939 нам. наркома абароны СССР і нач. Гал. артыл. ўпраўлення. Вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40. У пач.
Вял. Айч. вайны прадстаўнік Стаўкі Гал. камандавання на Зах. фронце, у раёне г. Беласток трапіў у акружэнне. Са жн. 1941 камандуючы 54-й арміяй на Ленінградскім, потым на Варонежскім і Сцяпным франтах. У сак. 1942 за пралікі ў камандаванні войскамі паніжаны ў званні да ген.-маёра. Пасля 1944 нам. начальніка Гал. ўпраўлення фарміравання і камплектавання войск РСЧА, нам. камандуючага войскамі Прыволжскай ваен. акругі. З 1946 у адстаўцы. 11.1.1947 арыштаваны па лжывым абвінавачанні ў «антысав. варожай дзейнасці». Расстраляны паводле прыгавору ваен. калегіі Вярх. суда СССР. У крас. 1956 рэабілітаваны. У 1957 пасмяротна адноўлены ў званні Маршала Сав. Саюза.
Літ.:
Г.И.Кулик: [Публикация автобиогр. военачальника от 1939 г.] // Военно-ист. журн. 1990. № 3;
Шумейко Ю. Кулик // Коммунист Вооруженных Сил. 1990. № 10;
Печенкин А. И ордена, и тюрьма: Роковая карьера маршала Кулика // Родина. 1996. № 6.
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛЕ́ЦКІ Мікалай Станіслававіч [сапр. Язерскі Павел Сямёнавіч; 29.12.1896, С.-Пецярбург — 29.3.1919], бел. журналіст. Вучыўся ў Петраградскім ун-це (1913—16). Пасля заканчэння ваен.-інж. вучылішча (1916) у званні прапаршчыка накіраваны на Паўн.-Зах. фронт. Чл. РСДРП(б). У 1917 чл. палкавога к-та. У 1918 супрацоўнік Наркамата юстыцыі РСФСР, потым на Усх. фронце. З 1919 у Гомелі, арганізатар і рэдактар газ. «Известия революционного комитета г. Гомеля и уезда», чл. Гомельскага Савета і гар. к-та РКП(б), узначальваў саюз сав. журналістаў Гомеля. Закатаваны ў час стракапытаўскага мяцяжу 1919 у Гомелі.
т. 3, с. 151
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЛО́Ў (Аляксей Рыгоравіч) (5.10.1737, с. Любліна Цвярской вобл. — 5.1.1808),
расійскі дзярж. і ваенны дзеяч. Ген.-аншэф (1769), граф (1762). Брат Р.Р.Арлова. Адзін з гал. удзельнікаў дварцовага перавароту 1762, у выніку якога прастол заняла Кацярына II. У званні сяржанта атрымаў чын ген.-маёра (1762), аказваў вял. ўплыў на дзярж. справы. З 1769 камандаваў рас. эскадрай у Міжземным моры. За перамогі над турэцкім флотам каля Наварына і ў Чэсменскім баі 1770 атрымаў тытул Чэсменскага. З 1775 у адстаўцы. У маёнтках Арлова выведзена арлоўская рысістая парода верхавых коней.
т. 1, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВА́РДЫЯ (італьян. guardia),
адборная прывілеяваная частка войска. У Стараж. Рыме — невял. атрады (кагорты) для аховы манархаў і палкаводцаў. Першыя фарміраванні, якія наз. гвардыяй, з’явіліся ў 12 ст. ў Італіі. У Расіі гвардыя створана Пятром I у 1680-я г. (Сямёнаўскі і Праабражэнскі лейб-гвардыі палкі; у ВМФ — у 1810). Распушчана ў 1918 у сувязі з ліквідацыяй старой арміі. Ва Узбр. Сілах СССР устаноўлена ў 1941 як ганаровае званне воінскіх часцей, злучэнняў, баявых караблёў. У 1942 уведзены гвардзейскія званні, устаноўлены нагрудны знак; гвардзейскім часцям, злучэнням і аб’яднанням уручаліся гвардзейскія сцягі.
т. 5, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́Л (ад лац. generalis агульны, галоўны),
1) воінскае званне (чын) вышэйшага каманднага саставу ва ўзбр. сілах многіх краін свету. У Рэспубліцы Беларусь існуюць наступныя званні: генерал-маёр, генерал-лейтэнант, генерал-палкоўнік.
2) Службовая асоба земскіх судоў у ВКЛ, галоўны возны. Выбіраўся ваяводамі, старостамі і павятовай шляхтай з асоб, якія мелі нерухомую маёмасць у дадзеным ваяводстве або павеце. Зацвярджаўся на пасаду вял. князем. На першай сесіі земскага суда прымаў адпаведную прысягу. Мог выконваць абавязкі і за межамі свайго павета або ваяводства па ўсёй тэр. ВКЛ.
3) Тытул кіраўніка ордэна езуітаў, а таксама некат. інш. каталіцкіх манаскіх ордэнаў.
т. 5, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
В.Л.Працкайла.
т. 7, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮНЦ ((Müntz) Іаган Генрых) (1727, г. Мюльгаўзен, Германія — 1798),
мастак-пейзажыст, падарожнік. У 1760-я г. жыў у Лондане, вандраваў па Італіі (1762, 1785), Грэцыі (1763), Галандыі (1772). У 1780-я г. ў Рэчы Паспалітай, дзе ў званні маёра служыў у пляменніка караля, падскарбія ВКЛ С.Панятоўскага. Па вайск. і гасп. заданнях ездзіў па Украіне, Малдове і Беларусі, рабіў замалёўкі гарадоў, замкаў, вёсак, тыпаў насельніцтва, пісаў пейзажы. Адначасова вёў падарожныя нататкі. У 1783 па дарозе з Украіны ў Літву рабіў на Беларусі замалёўкі палескіх вёсак, Белавежскай пушчы. Апісаў умовы мясц. гаспадарання, адзначыў, што палескія балоты прыдатныя для меліярацыі на ўзор Галандыі. Даў характарыстыку жыхароў: «Мясцовыя насельнікі ўвогуле людзі дабрадушныя, добрыя патрыёты, яны ладна складзены і моцныя на работу». З 1792 працаваў у Каселі ў курфюрста гесенскага.
В.С.Пазднякоў.
т. 11, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Пальскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.
Н.Г.Панааок.
т. 9, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)