УЗНЁСЛАЕ,
катэгорыя эстэтыкі, якая адлюстроўвае такі тып эстэтычных адносін да прыроды, грамадства і творчасці, калі аб’ект успрымаецца як вялікая, гераічная, духоўна значная з’ява, несувымерная са звычайнымі фактамі і падзеямі. Суадносіцца з прыгожым, гераічным і трагічным; процілеглае нізкаму, агіднаму і камічнаму. Ад гарманічнай суаднесенасці прыгожага адрозніваецца выяўленнем пазітыўнай неадпаведнасці — перавагі агульнага над прыватным, грамадскага над асабістым, духоўнага над цялесным. Адносна прыроды выяўляецца ў пачуццях высокага, магутнага і неабсяжнага. У грамадскім быцці служыць крытэрыем ацэнкі гераічных падзей і ўчынкаў, духоўнай стойкасці чалавека, яго самаахвярнасці ў барацьбе са злом. Як катэгорыя эстэт. свядомасці грамадства У. дамінуе на ўзыходных стадыях сац. развіцця: перыядах станаўлення этнасаў, нацый, рэліг. і грамадска-паліт. сістэм, новых цывілізацый. Для У. ў мастацтве характэрны манументальнасць кампазіцыі, высокі стыль, напружанасць сюжэта і адпаведныя выяўл. сродкі. З найб. паўнатой У. выявілася ў манум. жанрах архітэктуры, скульптуры і жывапісу, класічнай музыцы, араторыі, трагедыі і інш.
Катэгорыя У. шматгранна выявілася на этапах станаўлення бел. нацыі, дзяржаўнасці, нац. адраджэння 19—1-й пал. 20 ст. У сярэдневяковай маст. культуры яна была стылеўтваральным фактарам, адлюстроўваючы хрысц. светапогляд, згодна з якім Бог — крыніца дабра, праўды і прыгажосці. Асветнікі і творцы Адраджэння арыентаваліся на збліжэнне боскага і зямнога, гармонію душы і цела, грамадскіх і асабістых адносін, санкцыянаваных боскімі і прыроднымі законамі быцця (Ф.Скарына, М.Гусоўскі, Я.Вісліцкі і інш.). У эстэтыцы барока і рамантызму раскрываліся супярэчнасці паміж матэрыяльна-цялесным і духоўна-творчым: высокае ў цялесным плане часам аказвалася нізкім у духоўным плане, а малое і нязначнае ў цялесным плане — У. і гераічным у духоўным.
Пачынальнікі новай бел. л-ры рамант. кірунку ўзвялі нац. фальклор у ранг высокага мастацтва (Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.). У творчасці класікаў бел. л-ры Ф.Багушэвіча, Я.Купалы, Я.Коласа, М.Багдановіча і іх паслядоўнікаў вызначыліся 2 тэндэнцыі ў ацэнцы рэальнасці: асуджэнне рэчаіснасці як агіднай і нізкай, з аднаго боку, і паэтызацыя нац. традыцый і гарманічных бакоў нац. побыту як прыгожага і У., з другога. У канцы 20 — пач. 21 ст. у еўрап. краінах, у т. л. на Беларусі, У. ў быцці і мастацтве выцеснена на ўзровень элітарнай культуры; у масавай культуры назіраюцца тэндэнцыі да зніжэння эстэт. крытэрыяў, дамінавання пацяшальнага мастацтва з арыентацыяй на камічнае і агіднае.
Літ.:
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Дорошевич Э.К., Конон В.М. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. М., 1972;
Крюковский Н.И. Основные эстетические категории: Опыт систематизации. Мн., 1974.
У.М.Конан.
т. 16, с. 183