ПО́ЛАЦКІ УНІВЕРСІТЭ́Т Засн ў 1993 у г. Наваполацк Віцебскай вобл. на базе політэхн. ін-та (з 1974). У 2000/01 навуч.г. 6,5 тыс. студэнтаў; ф-ты: геадэзічны, інж.-буд., машынабуд., радыётэхн., тэхнал., гісторыка-філал., фін.-эканам., юрыд.; 3 ф-ты павышэння кваліфікацыі работнікаў прам-сці ў галіне эканомікі, нафтагазавай прам-сці, інфарм. тэхналогій. Аспірантура з 1989. Магістратура з 1997. Пры ун-це працуе ліцэй. Мае вылічальны цэнтр, б-ку. З’яўляецца галаўной н.-д. арг-цыяй Віцебскага рэгіёна ў галіне хім. тэхналогіі, машынабудавання, буд-ва, жыллёва-камунальнай гаспадаркі; вядзе даследаванні ў галіне эканомікі, экалогіі, педагогікі, права. З 1995 выдае «Весці ПДУ».
Заняткі ў хімічнай лабараторыі Полацкага універсітэта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ САЛДА́ТАЎ 1905,
рэвалюцыйнае выступленне салдатаў дысцыплінарнага батальёна ў Бабруйскай крэпасці, дзе за рэв. дзейнасць трымалі на суровым рэжыме 900 салдатаў (4 роты), у т. л. 300 матросаў Балтыйскага флоту. 5 снеж. салдаты 3 рот адмовіліся ісці на страявыя заняткі, захапілі зброю і запатрабавалі ў 5-дзённы тэрмін вырашыць пытанне аб іх вызваленні. На мітынгу выпрацаваны дадатковыя патрабаванні: неадкладная мабілізацыя прызваных у армію з запасу, скарачэнне тэрміну службы, адмена цялесных пакаранняў, ліквідацыя дысцыплінарных батальёнаў і штрафных рот, вызваленне паліт. зняволеных, перадача зямлі сялянам, 8-гадзінны рабочы дзень і інш. Віленскі ген.-губернатар накіраваў у Бабруйск карную экспедыцыю на чале з ген. Арловым, якая прымусіла паўстанцаў здацца. Па справе аб паўстанні было адсуджана 28 чалавек.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ДАБРАЧЫ́ННАСЦІў Стоўбцах.
Дзейнічала ў 1931—33. Ставіла за мэту ўмацаванне нац. самасвядомасці бел. насельніцтва Зах. Беларусі. Займалася таксама аказаннем матэрыяльнай і маральнай дапамогі бедным, сіротам, інвалідам, прапагандавала сан. веды сярод сялян. Пры т-ве працавалі клуб з б-кай і радыё, бел. хор, ставіліся драм. спектаклі ў Стоўбцах, Нясвіжы, Міры, навакольных вёсках. Сябры т-ва арганізавалі курсы земляробства, кройкі і шыцця для сялян, чыталі лекцыі, вялі заняткі па бел. мове з дзецьмі, якія вучыліся ў польскіх школах. Сярод актывістаў т-ва Ф.Акінчыц, І.Гундзіловіч, М.Сабалеўскі і інш.Т-ва зазнала ганенні польскіх улад. 30.7.1933 на агульным сходзе прынята рашэнне далучыцца да Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЙЦАЎ (Вячаслаў Кандратавіч) (18.9.1917, с. Ахлябініна, Башкортастан — 19.4.1992),
бел. літаратуразнавец-славіст, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1951). У 1964—75 супрацоўнік Ін-та л-ры Нац.АН Беларусі. За публічныя эсхаталагічныя выступленні ў 1978 быў зняволены; у 1983 вярнуўся ў Мінск. Касмалагічныя заняткі (ідэі прышэльцаў з космасу), у якіх расчараваўся, прывялі З. да духоўна-хрысц. пошукаў. На Беларусі друкаваўся з 1966; пісаў на рус. мове. Ў 1969 пераклаў паэму І.Гундуліча «Асман» і выдаў манаграфію «Паміж Львом і Драконам» — даследаванне-каментарый да гэтай паэмы ў кантэксце Дуброўніцкага культ. працэсу. Даследаваў перадумовы гуманізму ў бел. л-ры, творчасць Ф.Скарыны.
Тв.:
Богомильское движение и общественная жизнь Северной Италии эпохи Дученто. Мн., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАСПО́РТ,
спорт сярод інвалідаў. Заняткі І. садзейнічаюць рэабілітацыі інвалідаў і іх інтэграцыі ў грамадстве. На Беларусі 3 рэсп. федэрацыі І.: інвалідаў апорна-рухальнага апарату, па зроку, па слыху, якія ўваходзяць у Параалімпійскі Камітэт Рэспублікі Беларусь, створаны ў 1996. У ліст. 1997 прыняты ў Міжнар. Параалімпійскі Камітэт (штаб-кватэра ў г. Бон, Германія). У федэрацыях культывуюцца 18 відаў спорту, па іх праводзяцца рэсп. чэмпіянаты. У відах І. ўстаноўлены нарматывы, па якіх інвалідам прысвойваюцца спарт. разрады і званні, у т. л. майстра спорту Рэспублікі Беларусь міжнар. класа. Бел. спартсмены-інваліды ўдзельнічаюць у міжнар. спаборніцтвах. На X Параалімпійскіх гульнях у г. Атланта, ЗША (1996) яны заваявалі 13 медалёў (3 залатыя, 3 сярэбраныя, 7 бронзавых).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НДА КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура эпохі мезаліту, плямёны якой жылі на Пн Беларусі, У Прыбалтыкі, Пнеўрап.ч. Расіі. Назва ад паселішча каля г. Кунда (Эстонія). Паходжанне культуры звязваюць з постсвідэрскім насельніцтвам, на якое ўплывалі носьбіты маглемазэ культуры і інш.Асн.заняткі насельніцтва — паляванне і рыбалоўства. Яно вырабляла крамянёвыя сіметрычныя наканечнікі стрэл з бакавой выемкай, скрабкі з укарочаных загатовак, разцы на зломе загатовак і інш. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах у выцягнутым становішчы; пахаванні адзіночныя, калектыўныя, у 1 або 2 ярусы. Пахавальны інвентар — крамянёвыя, каменныя і касцяныя прылады працы. Гіст. лёс насельніцтва К.к. звязаны з нарвенскай культурай. На Беларусі найб. даследаваныя помнікі Замошша (Верхнядзвінскі р-н) і Крумплева (Полацкі р-н).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРЫЛО́ВІЧ (Ганна Мікалаеўна) (н. 23.9.1938, в. Загор’е Светлагорскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. этнограф. Канд.гіст.н. (1979). Скончыла БДУ (1966). З 1957 артыстка Дзярж.нар. хору Беларусі. З 1976 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац.АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру беларусаў, промыслы і рамёствы. Аўтар кн. «Беларускае народнае ткацтва» (1981), сааўтар прац «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Змены ў побыце і культуры сельскага насельніцтва Беларусі» (1976), «Помнікі народнай архітэктуры і побыту Беларусі» (1979), «Грамадскі, сямейны побыт і духоўная культура насельніцтва Палесся» (1987), «Палессе. Матэрыяльная культура» (1988), «Сям’я і сямейны быт беларусаў» (1990), «Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі» (1995), «Беларусы» (М., 1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗНЯКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура бронзавага веку, пашыраная ў 2-й пал. 2-га тыс. да н.э. ў бас. Акі, Клязьмы, у верхнім і часткова сярэднім Паволжы. Назва ад паселішча каля с. Пазнякова (паблізу г. Мурама). Паходжанне П.к. звязваюць з прасоўваннем з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. з рэк Дон і Северскі Данец плямён зрубнай культуры і асіміляцыяй імі мясц. насельніцтва. Асн.заняткі плямён П.к. — жывёлагадоўля, земляробства, выплаўка бронзы. Для яе характэрны невял. паселішчы на надпоймавых тэрасах, паблізу ад іх — могільнікі (курганныя для ранняга і грунтавыя для позняга этапаў); I пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным становішчы. Каля магіл выяўлены рэшткі вогнішчаў. Знойдзены гліняны посуд, крамянёвыя прылады, у багатых пахаваннях — бронзавыя нажы, кінжалы, упрыгожанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯНЬКО́ЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў 5—7 ст. насялялі тэр. лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на З да Северскага Данца на У. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобл. (Украіна). Асн.заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найб. пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы пл. 1,5—2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі пл. ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6—1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш. Носьбітамі П.к. лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПІ́ЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура гета-фракійскіх плямён, якія ў 1—2 ст. насялялі рэгіён Верхняга Паднястроўя. Назва ад могільніка каля в. Верхняя Ліпіца Івана-Франкоўскай вобл. (Украіна). Асн.заняткі насельніцтва — жывёлагадоўля, жалезаробчая вытв-сць. Паселішчы размяшчаліся на схілах гор. Жытлы — зямлянкі чатырохвугольнай і авальнай формы пл. да 25 м² з каменнымі агнішчамі. Большасць вядомых пахаванняў — грунтавыя могільнікі з абрадам трупаспалення. Рэшткі трупаспалення разам з асабістымі рэчамі змяшчалі ў керамічную урну і накрывалі міскаю. Насельніцтва вырабляла жал. сякеры, долаты, нажы. крэсівы, спражкі і інш. Кераміка — ляпная і ганчарная (цюльпанападобныя і акруглыя гаршкі, нярэдка з наляпнымі валікамі, міскі, чашы на высокай ножцы і інш.). Выкарыстоўваліся прывазныя і мясц. рэчы з каляровых металаў: падвескі, фібулы, люстэркі і інш.