1) манетна-рэчавы скарб, знойдзены ў 1910 у Полацку на тэр. Верхняга замка. Ухаваны паміж 1060 і 1070. Рэчавая частка складалася з сярэбраных 4 цэлых і 39 абрубкаў палачкападобных зліткаў, 3 фрагментаў буйных аладкападобных зліткаў, некалькіх загатовак з волава. Манетная частка складалася з некалькіх фрагментаў куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата, 128 цэлых і 13 фрагментаў дэнарыяў дзяржаў Зах. Еўропы, 7 перайманняў і манетападобных пласцінак.
2) Скарб з 6 залатых рэчаў знойдзены ў 1984 на тэр. Ніжняга замка. Ухаваны ў 2-й пал. 10 ст. Складаўся з фрагмента грыўні і бранзалетаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЦЕ́ЙНАЙ ВЫТВО́РЧАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕДЧЫ І КАНСТРУ́КТАРСКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ІНСТЫТУ́Т, навукова-вытворчае прадпрыемства «Інстытут БелНДІліц». Засн. 7.1.1957 у Мінску як філіял НДІ тэхналогіі аўтапрама (Масква). З 11.5.1978 Навукова-даследчы і канструктарска-тэхнал.ін-т ліцейнай вытв-сці аўтапрама, з 31.3.1993 БелНДІліц, з 4.2.1997 сучасная назва. Вядучая ў СНД н.-д. ўстанова па распрацоўцы і ўкараненні тэхналогій і абсталявання для ліцейнай вытв-сці. Асн. кірункі дзейнасці: даследаванне, распрацоўка і ўкараненне матэрыялаў, тэхналогій і абсталявання для вытв-сці ліцейных форм, стрыжняў, адлівак з каляровых і чорных сплаваў, фінішная апрацоўка літых загатовак, праектаванне і выраб аснасткі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭЦЫЗІ́ЙНЫ СТАНО́К,
металарэзны станок для высокадакладнай (прэцызійнай) апрацоўкі загатовак. Адрозніваюць П.с. такарныя, свідравальна-расточныя, шліфавальныя, зубаапрацоўчыя, фрэзерныя. Паводле дакладнасці апрацоўкі паверхні дэталей падзяляюцца на станкі павышанай дакладнасці, высокай дакладнасці і звышдакладныя. Апрацоўка на П.с. забяспечвае атрыманне вырабаў з паверхнямі правільнай геам. формы з дакладным прасторавым становішчам восей і нізкай шурпатасцю паверхні да 11-га класа чысціні з забеспячэннем 2-га (пры пэўных умовах — 1-га) класа дакладнасці. Асабліва важнае значэнне пры прэцызійнай апрацоўцы мае дакладнасць перамяшчэння рухомых вузлоў П.с., што забяспечваецца выкарыстаннем высокадакладных спец. базавых дэталей, зніжэннем трэння ў механізмах перамяшчэння рухомых вузлоў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́ДКА,
1) у металаапрацоўцы працэс апрацоўкі ціскам, у выніку якога змяншаецца вышыня і павялічваюцца папярочныя памеры загатовак ці дэталяў. Праводзіцца на прэсах і молатах.
2) У металургіі — скачкападобнае зрушэнне ўніз (абвальванне) шыхтавых матэрыялаў, пераважна ў металург. печах, пры няроўным цячэнні плавільнага працэсу.
3) У будаўніцтве — вертыкальнае зрушэнне масы грунту (асновы збудавання), выкліканае павялічанай нагрузкай. Залежыць ад канструкцыйных асаблівасцяў збудавання і ўмоў яго эксплуатацыі, адбываецца нераўнамерна і павінна быць меншая за гранічна дапушчальную.
4) Асадка судна — адлегласць ад ватэрлініі да ніжняга пункта корпуса судна ў сярэдняй яго частцы; лінейная велічыня, якая характарызуе апусканне судна ніжэй за ўзровень вады пры рознай яго загрузцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАСТА́Т (ад гідра...+грэч. statos нерухомы),
1) падводны апарат для выканання даследаванняў і інш. работ. Спускаюць на кабель-тросе з судна-базы. Прызначэнне і метады эксплуатацыі такія, як батысферы, аднак гідрастат разлічаны на меншыя глыбіні.
2) Гідрастат у тэхніцы — устаноўка для гідрастатычнага прасавання парашковых матэрыялаў. Парашок засыпаюць у капсулу, дзе яго вібраўшчыльняюць, вакуумуюць і герметызуюць. Капсулу змяшчаюць у спец. кантэйнер, і парашок прасуецца з дапамогай рабочай вадкасці пад ціскам да 1500 МПа (пры халодным прасаванні; пры гарачым — да 500 МПа). Выкарыстоўваецца для папярэдняга ўшчыльнення парашкоў (халоднае прасаванне) перад газастатычным прасаваннем; атрымання з парашкоў бессітаватых гатовых вырабаў або загатовак для аб’ёмнага (гарачага) прасавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЭКСТРУ́ЗІЯ (ад гідра... + экструзія),
спосаб апрацоўкі металаў ціскам, пры якім змешчаная ў замкнуты кантэйнер загатоўка выціскаецца праз канал матрыцы вадкасцю пад ціскам (0,5—3 ГПа). Выконваецца на ўстаноўках са знешняй крыніцай ціску вадкасці і прамога дзеяння, у якіх ціск вадкасці ў кантэйнеры ствараецца перамяшчэннем прэс-штэмпеля. Рабочыя вадкасці — вада, масла, расплаўленыя шкло, солі, легкаплаўкія металы. Выкарыстоўваецца для атрымання металург. паўфабрыкатаў (дрот, пруткі і профілі з цяжкадэфармуемых і тугаплаўкіх металаў) або загатовак для металарэзнага інструменту (свердлаў, метчыкаў, раскрутак і інш.).
Схемы гідраэкструзіі: а — з вынесенай крыніцай ціску вадкасці; б — прамога дзеяння; 1 — ушчыльненні; 2 — матрыцы; 3 — вадкасць; 4 — загатоўка; 5 — кантэйнер; 6 — прэс-штэмпель.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЦЯ́ЖКАў металаапрацоўцы,
1) шматлязовы металарэзны інструмент, якім на працяжных станках апрацоўваюць унутраныя і вонкавыя паверхні загатовак. Уяўляе сабой стрыжань з зубамі, памеры якіх паслядоўна павялічваюцца, а форма зменьваецца ад зыходнай (напр., круглай) да зададзенай (напр., квадратнай).
2) Кавальская аперацыя, што выкарыстоўваецца пры апрацоўцы металу ціскам з мэтай памяншэння таўшчыні сценкі і павелічэння даўжыні загатоўкі, якая мае форму стакана, звычайна атрыманай ў выніку нескразной прашыўкі. Робяць на працяжных гідраўлічных прэсах.
3) Тое, што выцяжка.
В.І.Шагун.
Працяжкі: а — для ўнутранага працягвання; б — для вонкавага працягвання; 1 — хваставік; 2 і 5 — пярэдняя і задняя накіравальныя часткі; 3 — рэжучая частка; 4 — калібравальныя зубы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТО́ЧНЫ СТАНО́К,
тып металарэзнага станка, на якім расточваюць адтуліны разцом ці інш. інструментам.
На гарызантальна-Р.с. з гарыз. шпіндэлем апрацоўваюць адтуліны з дакладнымі адлегласцямі паміж восямі ў дэталях складанай формы, а таксама робяць свідраванне, зенкераванне, рассвідроўванне, фрэзераванне адтулін, абточванне тарцоў дэталей і наразанне разьбы. Каардынатна-Р.с. з верт. шпіндэлем мае павышаную жорсткасць і забяспечаны дакладнымі вымяральнымі прыладамі, што дазваляе апрацоўваць адтуліны з асабліва дакладнымі адлегласцямі паміж восямі. Алмазна-Р.с. прызначаны для тонкага аддзелачнага расточвання адтулін алмазнымі ці цвердасплаўнымі разцамі пры высокіх скарасцях рэзання, малых падачах і глыбінях рэзання. Спецыялізаваныя Р.с. выкарыстоўваюць для апрацоўкі падобных па канфігурацыі, але розных па памерах загатовак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКА́ТНЫ СТАН,
агрэгат (комплекс машын і механізмаў) для апрацоўкі металаў ціскам спосабам пракаткі з дапамогай вярчальных валкоў пракатных; адзін з асн. відаў абсталявання металургічнай прамысловасці. Акрамя пракаткі П.с. транспартуюць зліткі ці загатоўкі да награвальных печаў і валкоў стана, перадаюць пракат ад адной рабочай клеці да другой, робяць кантоўку загатовак, ахаладжэнне і інш.
Прамысл. пракатка жалеза пачалася з 18 ст. У Расіі асабліва шырока развівалася на Урале. З 1960-х г. у СССР, ЗША, ФРГ і Італіі ствараюць ліцейна-пракатныя агрэгаты, у якіх сумяшчаюцца працэсы бесперапыннага ліцця і пракаткі ў адзіным непарыўным патоку. П.с. падзяляюць на 5 асн. відаў, сярод якіх вызначаецца некалькі тыпаў: абціскальныя і загатовачныя (блюмінгі, слябінгі, загатовачныя сартавыя, трубазагатовачныя); сартавыя (рэйкабэлечныя, буйна-, сярэдне- і дробнасартавыя, драцяныя; ліставыя — гарачай і халоднай пракаткі; трубапракатныя; спецыяльныя для асаблівых відаў пракату (колапракатныя, шарапракатныя, для зубчастых колаў і інш.) Паводле колькасці валкоў П.с. дзеляць на 2-валковыя (стан-дуа), З-(стан-трыо), 4-(стан-кварта) і шматвалковыя, у т. л. планетарныя; паводле колькасці рабочых клецей — на 1-, 2-, 3-, 4-, 5-, 6-, шматклецевыя. П.с. для вытв-сці сартавога пракату характарызуецца дыяметрам валкоў, для вырабу ліставога пракату — даўжынёй бочкі валкоў, для вытв-сці труб — вонкавым дыяметрам валкоў. Прадукцыйнасць бесперапыннага загатовачнага П.с. складае каля 4—6 млн.тзагатовак за год, аўтам. трубапракатнага 50—70 т бясшвовых труб за гадзіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАЧЭ́ННЕ,
працягванне металічных загатовак круглага ці фасоннага профілю (пруткоў, катанкі, трубаў) праз спец. прыстасаванне з адтулінай (фільерай) — валоку. Робіцца на валачыльных станах.
Валачэнне пластычных металаў вядуць без награвання, дроту з вальфраму ці малібдэну — з награваннем да т-ры рэкрышталізацыі, вырабаў з хуткарэзных сплаваў — да 600—850 °C. Загатоўкі дыяметрам больш за 0,3 мм працягваюць праз фільеры з цвёрдых сплаваў, больш тонкія — праз алмазныя. Валачэннем можна атрымаць дрот дыяметрам да 0,002 мм, пругкі да 100 мм, трубы любога профілю з таўшчынёй сценкі да 0,1 мм. Валачэнне выкарыстоўваецца таксама для каліброўкі і паляпшэння мех. уласцівасцей вырабаў.
Схема працэсу валачэння: а — пруткоў круглага сячэння; б — труб без патанчэння сценак; в — труб з патанчэннем сценкі; 1 — выраб, які працягваецца; 2 — валока; 3 — апраўка.