СЕГАНЦІ́НІ ((Segantini) Джавані) (15.1.1858,г. Арка, Італія — 28.9.1899),
італьянскі мастак. Вучыўся ў акадэміі Брэра ў Мілане (1876—78). З 1885 жыў у Швейцарыі. У ранняй творчасці зазнаў уплыў Ж.Ф.Міле, арыентаваўся на натуралізм і эфекты люмінізму («Аве Марыя», 1882). У 1887—90 пісаў кампазіцыі з рытмічнымі і геам. элементамі, светлым каларытам у духу пуантылізму («Маладая пастушка», 1887—88; «Дзве маці», 1890). З 1890 звярнуўся да сімвалізму. У большасці работ фонам з’яўляецца альпійскі пейзаж. Творам уласцівы дэкар. рытмы, напоўненыя містычнымі або сімвалічнымі элементамі, своеасаблівае асвятленне, якое ўзмацняе падзел тонаў: «Анёл жыцця» (1894), «Любоў да вытокаў жыцця», «Паша вясной» (абодва 1896), «Багіня кахання» (1894—97), «Альпійскі трыпціх» (1886—99), «Партрэт Казірагі Арыяні» (1899).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕНЕ́З (ад бія... + ...генез),
утварэнне арган. злучэнняў жывымі арганізмамі. У шырокім сэнсе біягенез — эмпірычнае абагульненне, якое сцвярджае, што ўсё жывое ўзнікае толькі ад жывога ў арган. эвалюцыі Зямлі. У аснове біягенезу проціпастаўленне жывога нежывому і адхіленая навукай ідэя вечнасці жыцця. У 18—19 ст. тэорыя біягенезу проціпастаўлялася поглядам аб самазараджэнні арганізмаў (працы франц. вучонага Л.Пастэра па мікрабіялогіі). Прыхільнікі біягенезу (ням. вучоны Г.Рыхтэр, 1865, швед. С.Арэніус, 1895) меркавалі, што зародкі жывых істот у стане анабіёзу былі занесены на Зямлю з іншых, больш стараж. нябесных целаў (гіпотэза пансперміі). Лічыцца, што верагодных доказаў магчымасці касм. пераносу формаў пераджыцця няма. Самаст. ўзнікненне жыцця на Зямлі больш верагоднае, што пацверджана эксперыментальна абіягенным сінтэзам бялковападобных і інш. злучэнняў, якія аднаўляюць умовы першабытнай Зямлі. Гл. таксама Абіягенез, Паходжанне жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РЕВОЛЮЦИО́ННАЯ СТА́ВКА»,
бальшавіцкая газета, орган Ваенна-рэв.к-та пры Стаўцы Вярх. галоўнакамандуючага. Выдавалася з 26.11.1917 да канца лют. 1918 у Магілёве на рус. мове штодзённа. З 19.12.1917 орган Цэнтр.к-та дзеючых армій і флоту (Цэкадарф). Сваёй мэтай абвяшчала «самае шырокае і падрабязнае асвятленне ўсіх бакоў салдацкага жыцця». Змяшчала дэкрэты і распараджэнні СНК, загады Вярх. галоўнакамандуючага, ВРК пры Стаўцы. Значнае месца адводзіла пытанням вайны і міру, фарміравання новай рабоча-сял. арміі. З інтэрнацыяналіст. пазіцый асвятляла канфлікты Сав. улады з бел. рухам, укр. Радай, польскім корпусам ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага. Друкавала паведамленні з замежнага жыцця, зводкі з франтоў, тэлеграмы тэлегр. агенцтваў, справаздачы аб разнастайных з’ездах. Пэўнае месца адводзіла асвятленню грамадска-паліт.жыцця Магілёва і губерні. Пасля эвакуацыі Стаўкі з Магілёва ў выніку наступлення герм. войск выданне спынена.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫСФЕ́Н (Antisthenēs; каля 444 — каля 365 да н.э.),
старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік школы кінікаў. Вучань сафіста Горгія, потым Сакрата, пасля смерці якога адкрыў уласную школу. Лічыў паняцці абстракцыямі рэчаў, якія адзіныя рэальна існуюць. Вышэйшым крытэрыем ісціннасці і мэтай жыцця лічыў дабрачыннасць. Аддаваў увагу праблемам этыкі, прапагандаваў вяртанне да «натуральнага стану», адмову ад багацця, раскошы, пачуццёвай асалоды, вёў аскетычны лад жыцця. У сферы палітыкі адмаўляў дзяржаву, паліт. дзейнасць, сац. роўнасць і інш.сац. «ўмоўнасці».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛЬШТЫ́Н (Пільштынова, дзявочае Русецкая) Саламея Рэгіна Іаахімаўна (1718, Навагрудчына, Гродзенская вобл. — пасля 1760), бел. мемуарыстка, падарожніца, лекарка. У 14 гадоў разам з мужам трапіла з Беларусі ў г. Стамбул. У 1739 вярнулася на радзіму, вяла мед. практыку ў Нясвіжы. Ездзіла ў Пецярбург, Вену, двойчы ў Турцыю. У 1760 са Стамбула накіравалася паломніцай у Святую Зямлю. Далейшы лёс невядомы. У 1760 напісала на польск. мове мемуары «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (выд. 1957, Кракаў), якія нагадваюць прыгодніцкі раман. У іх каларытна паказаны побыт і розныя бакі жыцця Беларусі, Турцыі, пецярб. двара Ганны Іванаўны. У мове шмат беларусізмаў, бел. прыказак і прымавак. На бел. мову яе мемуары пераклаў М.Хаўстовіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІБН ХАЛЬДУ́Н, Ібн Халдун Абдурахман Абу Зейд ібн Мухамед (27.5.1332, Туніс — 17.3.1406), арабскі гісторык і філосаф. Паслядоўнік Ібн Рушда. Развіў матэрыяліст. тэндэнцыі араб.авераізму і распаўсюдзіў яго прынцыпы на вывучэнне жыцця грамадства. У «Кнізе павучальных прыкладаў па гісторыі арабаў, персаў, бербераў і народаў, якія жылі з імі на зямлі...» выклаў свае погляды на развіццё грамадства (ідэя гіст. цыклаў; адрозненні ў спосабе жыцця людзей звязваў з геагр. асяроддзем), гісторыю народаў мусульм. Усходу, асабліва краін Магрыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗІТРО́НІЙ,
звязаная сістэма часціц электрона і пазітрона. Падобны на атам вадароду, дзе пратон заменены пазітронам. Мае масу, роўную 2 электронным, а памеры ўдвая большыя за памеры атама вадароду.
Утвараецца пры сутыкненнях павольных пазітронаў з атамамі рэчыва. У залежнасці ад узаемнай арыентацыі спінаў электрона і пазітрона адрозніваюць ортапазітроній (спіны часціц паралельныя; час жыцця τ = 1,4∙10−7 с; распадаецца на 3 γ-кванты) і парапазітроній (антыпаралельныя; τ = 1,25∙10−10 с; распадаецца на 2 γ-кванты).
Палярызаваны П., утвораны пазітронам, атрыманым пры бэта-распадзе, мае своеасаблівыя ўласцівасці: вектар яго спіна прэцэсіруе вакол напрамку магн. поля (тэарэтычна прадказана У.Р.Барышэўскім і эксперыментальна назіралася ў Ін-це фізікі Нац.АН Беларусі). Уласцівасці і час жыцця П. ў рэчыве адрозныя ад характарыстык свабоднага П. і вызначаюцца ўласцівасцямі рэчыва. Выкарыстоўваецца для вывучэння фіз.-хім. асаблівасцей рэчыва, напр., хуткіх хім. рэакцый атамарнага вадароду, працягласць працякання якіх параўнальная з часам жыцця П.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАРГАЗМІ́Я (ад ан... + аргазм),
адсутнасць аргазму пры палавых зносінах; адна з формаў зніжэння сексуальнасці ў жанчын. Анаргазмія часта спалучаецца са зніжэннем палавой цягі або з поўнай яе адсутнасцю. Частата ўзнікнення залежыць ад узросту жанчыны і рэгулярнага палавога жыцця. Адрозніваюць анаргазмію першасную (з пачатку палавога жыцця) і другасную (страта аргастычных адчуванняў пасля пэўнага перыяду нармальных сексуальных адносін). У аснове анаргазміі ляжаць парушэнні псіхасексуальнага развіцця, некаторыя асаблівасці асобы, псіхагенныя фактары, захворванні. Анаргазмія можа выклікаць адчуванне павышанага крованапаўнення палавых органаў, боль, эмацыянальныя парушэнні, расстройства сну. Лячэнне строга індывідуальнае, праводзіцца сексапатолагам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТО́НІЧ (Багдан-Ігар) (5.10.1909, с. Навіца на Лемкаўшчыне, Польшча — 6.7.1937),
украінскі паэт. Скончыў Львоўскі ун-т (1933). Лірыка Антоніча (зб-кі «Вітанне жыцця», 1931; «Тры пярсцёнкі», 1934; «Кніга Льва», 1936; «Зялёнае Евангелле» і «Ратацыі», 1938) адметная філасафічнасцю, своеасаблівым касмічна-планетарным светаўспрыманнем, манументальнай вобразнасцю, арыгінальнай метрыкай і метафарычнасцю. Узаемаадносіны чалавека і прыроды, сутнасць жыцця — лейтматыў яго паэзіі. Аўтар лібрэта оперы «Доўбуш», незакончанага рамана «На тым беразе», артыкулаў па эстэтыцы.
Тв.:
Пісня про незнишенність материї. Київ, 1967.
Літ.:
Богдан-Ігор Антонич // Історія української літератури XX століття. Київ, 1994. Кн. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́РАСТАК,
адзін з асноўных органаў вышэйшых раслін; мае вось-сцябло, лісце і пупышкі. Рэпрадуктыўны П. мае яшчэ органы размнажэння — спарангіі, стробілы, кветкі. Узнік як прыстасаванне да наземнага спосабу жыцця. Адзіны орган: лісце і сцёблы фарміруюцца з агульнага масіву мерыстэмы і маюць адзіную праводзячую сістэму. Структурны элемент (метамер) П. — вузел з адыходзячым ад яго лістом, або кальчак лісця, міжвузелле, якое знаходзіцца ніжэй, і пупышка (зародкавы П.). Разнастайныя тыпы П. ўзніклі ў працэсе эвалюцыі як прыстасаванне да розных умоў жыцця, а ў культ. раслін — і пад уздзеяннем чалавека.