КЛЯЙСТ, Клейст (Kleist) Генрых фон (18.10.1777, г. Франкфурт-на-Одэры, Германія — 21.11.1811), нямецкі пісьменнік-рамантык, драматург. Фарміраваўся пад уплывам філасофіі І.Канта, Ж.Ж.Русо. Першая трагедыя — «Сям’я Шрофенштайн» (паст. 1804). Трагікамедыя «Амфітрыён» (1807), трагедыя «Пентэсілея» (1808) напісаны на ант. сюжэты, драма «Кетхен з Гайльбрана...» (паст. 1810) — на сярэдневяковы. Патрыят. пафасам вылучаюцца драмы «Бітва Германа» (нап. 1808), «Прынц Фрыдрых Гомбургскі» (нап. 1810; абедзве выд. 1821), публіцыст. артыкулы-маніфесты «Германія — сваім дзецям» (1808), «Катэхізіс немцаў» (1809). Аўтар сатыр. камедыі «Разбіты збан» (паст. 1807), рэаліст. навел «Міхаэль Кольхаас» (1810), «Заручыны ў Сан-Дамінга» (1811) і інш. Яго творы пераважна маральна-філас. праблематыкі, адметныя сюжэтнай напружанасцю, максімалізмам пачуццяў, трагізмам светаўспрымання рэчаіснасці. Скончыў самагубствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СЕМСКІ (Аляксей Феафілактавіч) (23.3.1821 с. Раменне Чухламскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 2.2.1881),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Друкаваўся з 1848. Першы раман — «Баяршчына» (1844—46, забаронены, апубл. 1858) напісаны ў рэчышчы натуральнай школы. У рамане «Тысяча душ» (1858) — карціна жыцця перадрэформеннага часу. Аповесці «Цюфяк» (1850), «М-г Батманаў» (1852), «Ці вінаватая яна?» (1855) з жыцця дваранска-чыноўніцкай правінцыі. Асэнсаванне духоўнага жыцця сучаснікаў у рамане «Людзі саракавых гадоў» (1869). Аўтар раманаў «Ускаламучанае мора» (1863), «У віры» (ч. 1—3, 1871), «Мяшчане» (1877), «Масоны» (ч. 1—5, 1880), камедый «Падзел» (1853, забаронена, паст. 1874), «Драпежнікі» («Падкопы», 1873, забаронена, паст. 1905), драмы «Горкі лёс» (1859, забаронена, паст. 1863), гіст.драмы «Паручнік Гладкоў» (1867, забаронена, паст. 1905), цыкла апавяд. «Рускія лгуны» (1865), апавяданняў з сялянскага жыцця, «Падарожных нарысаў» (1857), фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1982—84;
Повесть. Рассказы. М., 1988.
Літ.:
Плеханов С.Н. Писемский. М., 1987;
Могилянский АП. Писемский: Жизнь и творчество. Л., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛЫ́НСКІ (Афанасій Дзмітрыевіч) (9.9.1920, г. Смаленск, Расія — 22.8.1993),
рускі драматург. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы пры Літ. ін-це імя М.Горкага ў Маскве (1956). Выступаў як журналіст з 1939. У 1972—82 і з 1987 гал. рэдактар час. «Театр». Першая п’еса — «Дарога першых» (паст. 1949; перапрацаваная рэдакцыя «Браты», паст. 1951). Маральна-этычныя канфлікты сучаснасці ў п’есах «Небяспечны спадарожнік» (паст. 1952), «Забыты сябар» (1955), «Марыя» (1969), «Летнія прагулкі» (1973) і інш.Драмы «Барабаншчыца» (паст. 1958), «Каменьчыкі на далоні» (1965) пра Вял.Айч. вайну. Драма «Погалас» (1980; Дзярж. прэмія СССР 1984) пра перыяд нэпа. Аўтар камедый «Хлусня для вузкага кола» (1963), «Пераход на летні час» (1983), зб. артыкулаў «Пра жыццё, драматургію, тэатр» (1982), сцэнарыяў фільмаў і інш. У Дзярж.рус. т-ры Беларусі пастаўлены п’есы С. «Барабаншчыца» (1959), «Марыя» (1970).
Тв.:
Избранное. Т. 1—2. М., 1988;
Драмы и комедии. М., 1977.
Літ.:
Фельдман Я. Драматургия Афанасия Салынского. М., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ТЭРЛІНК ((Maeterlinck) Марыс) (29.8.1862, г. Гент, Бельгія — 5.5.1949),
бельгійскі паэт і драматург; тэарэтык і практык сімвалісцкай драмы. Чл.Бельг. каралеўскай акадэміі л-ры і прыгожых мастацтваў. Скончыў Генцкі ун-т (1885), вывучаў права ў Парыжы, працаваў адвакатам у Генце. З 1896 жыў у Францыі. Старшыня Міжнар. ПЭН-клуба (з 1947). Дэбютаваў у 1883. Пісаў на франц. мове. Першы зб. вершаў «Цяпліцы» (1889), першая яго п’еса «Прынцэса Мален» (1889, на сюжэт казкі братоў Грым). У аднаактоўках «Няпрошаная» і «Сляпыя» (абедзве 1890), драмах «Пелеас і Мелізанда» (1892), «Там, унутры» і «Смерць Тэнтажыля» (абедзве 1894) сцвярджаецца ўлада над чалавекам загадкавага Невядомага, што часам увасабляецца ў смерці, чалавек разглядаецца як ахвяра, як згублены ў варожым свеце «сляпы», як «марыянетка». Аўтар рамант. драм «Аглавена і Селізета» (1896), «Арыяна і Сіняя Барада» (1896, на сюжэт казкі Ш.Перо), «Сястра Беатрыса» (1901), «Монна Ванна» (1902), «Цуд Святога Антонія» (1903) і інш., кніг эсэ, мемуараў. Вяршыня яго творчасці — філас. п’еса-казка «Сіняя птушка» (1908, паст. К.С.Станіслаўскім у Маскоўскім маст. т-ры 1908). На сюжэт драмы «Пелеас і Мелізанда» напісаны аднайм. опера К.Дэбюсі (1902), сімф. паэма А.Шонберга, на сюжэт драмы «Арыяна і Сіняя Барада» — опера П.Дзюка (1907). Сімвалісцкая драма М. прадвызначыла авангардысцкі кірунак у драматургіі ў 2-й пал. 20 ст. — «тэатра абсурду», або «антытэатра». Нобелеўская прэмія 1911.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1996, Пьесы. М., 1962;
Сокровище смиренных. Мудрость и судьба. Томск, 1994.
Літ.:
Шкунаева И.Д. Бельгийская драма от Метерлинка до наших дней. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУРА́Н (Пятрос) (1.6.1852, г. Стамбул, Турцыя — 2.2.1872),
армянскі пісьменнік. Жыў у Турцыі. Аўтар гіст. трагедый «Чорныя землі» (1868), «Арташэс Міратворац» (1869), «Звяржэнне дынастыі Аршакідаў» (1870), «Захоп Ані, сталіцы Арменіі» (1871) і інш., сац.драмы з тагачаснага жыцця «Тэатр, або Адвержаныя» (1871), лірычных вершаў, цесна звязаных з нац.-вызв. барацьбой арм. народа, прасякнутых нац.-патрыят., грамадз. і філас. матывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКО́ЎСКІ (Рамуальд) (1897—1.1.1919),
бел. акцёр. У 1917—19 у трупе Першага таварыства беларускай драмы і камедыі. Выканаўца характарных роляў (Пісар і Кукса — «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, сват Якуб — «Модны шляхцюк» К.Каганца і інш.). Стварыў глыбока псіхал. вобраз Старца ў «Раскіданым гняздзе» Я.Купалы. Выступаў з чытаннем вершаў бел. паэтаў (часам і сваіх) у дывертысментах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.
Існаваў у 1760—68 у Бабруйску пры езуіцкім калегіуме. Паводле інш. звестак, т-р існаваў значна раней; захавалася друкаваная праграма 1725 пастаноўкі драмы «Акадэмія мудрасці караля Аляксандра». Пасля 1-га і 2-га актаў выконваліся інтэрмедыі і алегарычныя балеты. У 1768 вучні паказалі трагедыю свайго настаўніка рыторыкі, ураджэнца Беларусі Я.Віхерта «Любоў да айчыны, або Фемістокл» (на польск. Мове).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ШНЕР ((Deszner) Саламея) (1759, г. Беласток, Польшча — 20.3.1809),
польская актрыса драмы і оперы, рэжысёр і антрэпрэнёр. Выканаўца роляў маладых гераінь і субрэтак. У 1777—85 і 1790—94 у Варшаўскім т-ры. У 1785—90 працавала ў т-рах Львова, Вільні. З 1794 у Гродне, дзе ў 1802 стварыла першы пастаянны т-р, якім кіравала да канца жыцця (гл.Гродзенскі тэатр С.Дэшнер).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАМАРШЭ́ (Beaumarchais) П’ер Агюстэн Карон дэ
(24.1.1732, Парыж — 18.5.1799),
французскі драматург. Першыя п’есы «Яўгенія» (1767) і «Два сябры» (1770) напісаны ў традыцыях «мяшчанскай драмы». Бліскучы ўзор асветніцкай публіцыстыкі — «Мемуары» (1773—74), скіраваныя супраць каралеўскай юстыцыі. Вяршыня творчасці Бамаршэ — п’есы з трылогіі пра Фігаро «Севільскі цырульнік» (1775) і «Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» (1785; пер. на бел. мову А.Дудар, 1936), у якіх адлюстраваны канфлікт паміж трэцім саслоўем і дваранствам напярэдадні Франц. рэвалюцыі 1789—94, адноўлены традыцыі сатыр. камедый Мальера і А.Р.Лесажа, найбольш яскрава выяўлены тэндэнцыі асветніцкага рэалізму. У заключнай частцы трылогіі «Злачынная маці» (1794) на першы план выходзяць маральныя праблемы і традыцыі драмы сентыменталізму. Аўтар лібрэта оперы «Тартар» (1787). Выдаў поўны збор твораў Вальтэра (1784—89). На сюжэты камедый Бамаршэ напісаны оперы «Вяселле Фігара» В.А.Моцарта (1786) і «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні (1816).
Тв.:
Рус.пер. — Избр. произведения Т. 1—2. М., 1966;
Драматические произведения;
Мемуары М., 1971.
Літ.:
Грандель Ф. Бомарше: Пер. с фр. 2 изд. М., 1985;
Пьер Огюстен Карон де Бомарше: Биобиблиогр. указ. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.