АЎТАМАБІ́ЛЬНАЯ ДАРО́ГА,

дарога для руху аўтамабільнага транспарту. Асн. элементы: земляное палатно (у насыпе ці ў выемцы, з вышкамі і водаадводнымі канавамі), шматслойнае дарожнае адзенне (з трывалым верхнім слоем-дарожным пакрыццём), штучныя збудаванні (масты, тунэлі, пуцеправоды, дрэнажныя сістэмы, падпорныя сценкі, ахоўныя галерэі і інш.). Высокакатэгарыйныя аўтамабільныя дарогі абсталёўваюцца знакамі дарожнымі, святлафорамі, інфарм. табло, сродкамі тэхнал. і аварыйнай сувязі, асвятляльнымі сістэмамі, будынкамі і збудаваннямі аўтасэрвісу (аўтазаправачныя станцыі, аўтавакзалы, матэлі, станцыі тэхн. абслугоўвання і інш.), а таксама будынкамі дарожна-эксплуатацыйных і аўтатрансп. службаў. Аўтамабільныя дарогі маюць таксама развязкі, падземныя пераходы, жывёлапрагоны, з’езды і ўезды, пераходна-скорасныя палосы, веласіпедныя дарожкі, снегаахоўныя палосы, дэкар. насаджэнні і інш.

Праезная частка можа мець 1—4 і болей палос руху. Па баках праезнай часткі робяць абочыны, паміж сустрэчнымі напрамкамі — раздзяляльную паласу. У залежнасці ад разліковай інтэнсіўнасці руху аўтамабільныя дарогі падзяляюцца на 5 катэгорый. Шырыня праезнай часткі дарогі 1-й катэгорыі 2×7,5 м і больш, 5-й катэгорыі 4,5 м, разліковая скорасць руху адпаведна 150 і 60 км/гадз. Дарогі 1—3-й катэгорый маюць асфальта- ці цэментабетоннае пакрыццё, 3—4-й — пакрыццё з каменных матэрыялаў, умацаваных арган. ці мінер. вяжучымі. Дарогі 4—5-й катэгорыі пераважна з пясчана-жвіровых сумесяў ці грунтоў, стабілізаваных вяжучымі або грануламетрычнымі дабаўкамі. Аўтамабільныя дарогі бываюць агульнага карыстання (рэспубліканскія і мясцовыя) і ведамаснага (с.-г., прамысл. прадпрыемстваў, лясныя, рэкрэацыйныя, гар. і інш.). Аўтамабільныя дарогі для скораснага руху аўтатранспарту без перасячэнняў на адным узроўні наз. аўтамагістралямі. Аўтамабільная дарога Брэст—Мінск — граніца Расійскай Федэрацыі мае статус міжнароднай (Е-30). Усяго ў Беларусі больш за 50 тыс. км дарог агульнага карыстання і каля 200 тыс. км ведамасных, у т. л. 10 тыс. км у гарадах і населеных пунктах.

Літ.:

Бабков В.Ф., Андреев О.В., Замахов М.С. Проектирование автомобильных дорог Ч. 1—2. 3 изд. М., 1970;

Морозов И.В. Планета дорог. Мн., 1992.

І.​І.​Леановіч.

Аўтамабільная дарога: 1 — земляное палатно; 2 — праезная частка; 3 — абочына; 4 — дарожны знак; 5 — агараджальны слупок; б — кювет; 7 — раздзяляльная паласа.

т. 2, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫХЛІ́ЦЕЛЬ,

машына (прылада) для рыхлення цяжкіх, камяністых, зляжалых і мёрзлых грунтоў з мэтай аблягчэння наступнай работы землярыйна-трансп. машын. Выкарыстоўваюцца пры пракладцы каналаў, траншэй, буд-ве дамбаў, дарог; для выдалення з грунту каранёў, пнёў, камянёў пасля работы карчавальніка; для разбурэння старых дарожных пакрыццяў; у горнай справе — для раскрыўных работ. Бываюць агульнага (з 3—5 зубамі) і спец. (з 1, часам 2—3 зубамі) прызначэння, гусенічныя і колавыя з гідраўлічнымі або канатнымі механізмамі кіравання, навясныя і прычапныя да гусенічных і колавых трактароў, пасіўнага і актыўнага (з вібрацыйным рабочым органам) дзеяння.

Р. пасіўнага дзеяння — мнагастоечныя (для суцэльнага рыхлення) і аднастоечныя (для паласавога рыхлення і рыхлення-кратавання). Р.-кратавальнік робіць кротавую кратовую* дрэну і адначасова рыхліць глебу (на глыбіню да 1,2 м). Рабочы орган — нож з лемехам і дрэнер (гл. Кратавальнік). Меліярац. навясны Р. канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства выкарыстоўваюць для суцэльнага або паласавога аб’ёмнага рыхлення глебагрунтоў цяжкага мех. саставу (глыбіня рыхлення 1,3 м). Грунт, прамерзлы да 0,7 м, рыхляць трактарнымі навяснымі або прычапнымі Р. Разбурэнне мёрзлага грунту без парушэння суцэльнасці вядуць ба́равымі і дыска-фрэзернымі машынамі, якія падзяляюць маналіт грунту на блокі. Выкарыстоўваюцца таксама Р. з вінтаклінавым рабочым органам, экскаватары з вінтавымі прыстасаваннямі і пнеўмамолатамі і інш. У дарожным буд-ве выкарыстоўваюць Р. ў выглядзе зменнага прыстасавання да бульдозера. Рыхленне грунту пад вадой пры рабоце землясоснага снарада робіцца спец. разрыхляльнікамі, глыбокае рыхленне тэрас з адначасовым унясеннем угнаенняў пад закладку вінаграднікаў і садоў — Р. тэрас (маюць 2 рабочыя органы ў выглядзе выгнутых карпусоў).

Літ.:

Строительные машины для механизации гидромелиоративных работ. М., 1985;

Производительность и долговечность землеройных мелиоративных машин. Киев, 1988.

В.​М.​Кандрацьеў.

Рыхліцелі: а — трохстоечны на базе колавага трактара (1 — нож, 2 — стойка, 3 — апорны каток); б — рыхліцель-кратавальнік (1 — дрэнер, 2 — зуб); в — клінавы (1 — накіроўная штанга, 2 — ударны груз, 3 — асіметрычны клін); г — аб’ёмнага рыхлення канструкцыі Бел. НДІ меліярацыі і лугаводства (1 — V-падобная стойка, 2 — лямеш).
Рабочыя органы рыхліцеляў: 1 — сагнуты; 2 — з падпятнікам; 3 — клін-баба з зубамі; 4 — зуб-рыхліцель гідраўлічнага экскаватара; 5 — аб’ёмнага рыхлення.

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГАВО́РЫ МІЖНАРО́ДНЫЯ Рэспублікі Беларусь,

дагаворы (пагадненні, канвенцыі, хартыі, акты, статуты, пакты, мемарандумы, дэкларацыі, пратаколы) паміж Рэспублікай Беларусь і суб’ектам міжнар. права (іншай або некалькімі інш. дзяржавамі ці міжнар. арг-цыяй), якія рэгулююць іх адносіны шляхам стварэння ўзаемных правоў і абавязкаў у паліт., эканам., ваен., гуманітарнай і інш. галінах. Як суверэнная незалежная дзяржава і суб’ект міжнар. права Рэспубліка Беларусь заключае і выконвае дагаворы міжнародныя ў адпаведнасці з агульнапрынятымі нормамі міжнар. права і законамі Рэспублікі Беларусь. Не дапускаецца заключэнне дагавораў міжнародных, якія супярэчаць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. У залежнасці ад узроўню дагаворных бакоў дагаворы міжнародныя падзяляюцца на міждзяржаўныя (заключаюцца ад імя Рэспублікі Беларусь), міжурадавыя (заключаюцца ад імя ўрада), а таксама міжведамаснага характару (заключаюцца мін-вамі і дзярж. к-тамі); адпаведна колькасці бакоў дагаворы міжнародныя бываюць двух- і шматбаковыя. Рашэнні аб правядзенні перагавораў і падпісанні міждзярж. дагавораў міжнародных прымае Прэзідэнт, адносна дагавораў міжнародных міжурадавых і міжведамаснага характару — урад. Прэзідэнт, Прэм’ер-міністр і міністр замежных спраў праводзяць перагаворы і падпісваюць дагаворы міжнародныя без прад’яўлення спец. паўнамоцтваў. Да 1991 Рэспубліка Беларусь як член ААН з’яўлялася удзельніцай 156 двух- і шматбаковых дагавораў міжнародных. На вер. 1997 дагаворна-прававую базу Беларусі складаюць больш за 1680 міждзярж. і міжурадавых дагавораў міжнародных, у т. л. каля 970 шматбаковых і 710 двухбаковых з міжнар. арг-цыямі і 53 краінамі. Найб. значныя з іх: Статуты ААН і Міжнар. суда (Беларусь — удзельніца з 1945), мірныя дагаворы з Балгарыяй, Венгрыяй, Італіяй, Румыніяй і Фінляндыяй (1947), Статуты Сусв. арг-цыі аховы здароўя (1948) і ЮНЕСКА і МАП, МАГАТЭ (1957), Сусв. паштовага саюза (1978), Арг-цыі па прамысл. развіцці (1985); Жэнеўскія канвенцыі 1949 (1955), Венскія канвенцыі аб дыпламат. зносінах (1964), аб праве міжнар. дагавораў (1986), аб консульскіх зносінах (1989), Канвенцыі аб прывілеях і імунітэтах Аб’яднаных Нацый (1953), аб заснаванні Сусв. арг-цыі інтэлектуальнай уласнасці (1970), аб дарожным руху (1977), аб правах дзіцяці (1990), аб міжнар. грамадзянскай авіяцыі (1993), Еўрап. культурная канвенцыя (1993); Міжнар. пакты аб эканам., сац. і культ. правах (1976), аб грамадзянскіх і паліт. правах (1976) і Факультатыўны пратакол да яго (1992); Пагадненне аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД, 1991); Статут СНД (1993); Пагадненне аб Мытным саюзе (1995); Дагавор паміж Рэспублікай Беларусь, Рэспублікай Казахстан, Кыргызскай Рэспублікай і Расійскай Федэрацыяй аб паглыбленні інтэграцыі ў эканам. і гуманітарнай галінах (1996); Дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі і Статут Саюза Беларусі і Расіі (1997); дагаворы аб дружбе і супрацоўніцтве з Азербайджанам, Кыргызстанам, Таджыкістанам, Узбекістанам (усе 1991), Малдовай, Польшчай (1992); Балгарыяй, Румыніяй (1993); Літвой, Расіяй, Украінай (1995); Казахстанам, Турцыяй, Францыяй, Югаславіяй (1996); В’етнамам (1997). Дыпламатычныя адносіны Рэспубліка Беларусь устанавіла са 123 дзяржавамі. У рамках СНД з удзелам Беларусі заключана 696 дагавораў міжнародных. Найб. значную дагаворную базу двухбаковых адносін Беларусь мае з Расіяй, Украінай, Польшчай, Літвой, Казахстанам, Узбекістанам, Кітаем, Латвіяй, Малдовай, Румыніяй, Індыяй, В’етнамам, Іранам, ЗША, ФРГ, Турцыяй, Нідэрландамі, Балгарыяй, Вялікабрытаніяй.

У.​М.​Чушаў.

т. 5, с. 571

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў Беларусі. Размешчана на ПдЗ краіны, каля граніцы з Польшчай і Украінай. Утворана 4.12.1939. Пл. 32,3 тыс. км². Нас. 1518 тыс. чал. (1995). Цэнтр — г. Брэст. У вобласці 16 раёнаў: Баранавіцкі, Брэсцкі, Бярозаўскі, Ганцавіцкі, Драгічынскі, Жабінкаўскі, Іванаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Кобрынскі, Лунінецкі, Ляхавіцкі, Маларыцкі, Пінскі, Пружанскі, Столінскі (гл. адпаведныя артыкулы), 20 гарадоў, у т. л. 5 абл. падпарадкавання — Брэст, Баранавічы, Кобрын, Лунінец, Пінск, 9 гар. пасёлкаў, 225 сельсаветаў, 2194 сельскія населеныя пункты.

Прырода. Характэрны раўнінны рэльеф (140—200 м), на Пд — пераважна нізінны. Вылучаюцца на ПдЗ раўніннае Брэсцкае Палессе, на У нізіннае Прыпяцкае Палессе, паміж імі платопадобная ўзвышаная раўніна Загароддзе, на ПнЗ Прыбугская раўніна, на Пн Баранавіцкая раўніна і частка Навагрудскага ўзвышша, дзе знаходзіцца найвышэйшы пункт вобласці — 267 м. На ПнУ адгор’і Капыльскай грады. Карысныя выкапні: буд. камень (Мікашэвіцкае і інш. радовішчы ў Лунінецкім р-не), торф (больш за 400 радовішчаў), тугаплаўкія (радовішчы Гарадок, Гарадное і інш.) і цагельныя гліны, шкловыя (Гарадоцкае), фармовачныя і буд. пяскі, мел, жвір, сапрапель, бурштын, гаручыя сланцы і буры вугаль. Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая і кароткая, лета доўгае і ўмерана цёплае. Сярэднямесячная т-ра паветра ў студз. ад -4,4 °C (Брэст) да -6,1 °C (Баранавічы), у ліп. ад 18 °C на З да 19 °C на У. Вегетац. перыяд 195—208 сут. Гадавая колькасць ападкаў ад 550 мм на ПдЗ да 645 мм на ПнУ, за летні перыяд — 400—450 мм. Гідраграфічная сетка густая. Рэкі належаць да басейнаў Дняпра (Прыпяць з прытокамі Піна, Ясельда, Бобрык, Цна, Лань, Случ, Стыр, Гарынь, Сцвіга), Віслы (пагранічны Зах. Буг з прытокамі Мухавец, Лясная, Спанаўка, Капаёўка), Нёмана (прыток Шчара). Суднаходныя каналы: Дняпроўска-Бугскі канал, Агінскі канал (не працуе), Мікашэвіцкі. Густая сетка меліярац. каналаў і канаў. З азёраў самыя вялікія Выганашчанскае, Чорнае, Спораўскае, Бабровіцкае; вадасх. Лактышы, Сялец, Пагост. Глебы с.-г. угоддзяў пераважна дзярнова-падзолістыя забалочаныя (31,8%), дзярнова-забалочаныя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (25,8%), дзярнова-падзолістыя (15,5%), тарфяна-балотныя (19,5%), паводле мех. складу пераважна пясчаныя (каля 40%) і супясчаныя (каля 35%). Асушаныя землі на Пд складаюць каля 50%, у асобных раёнах — больш за 70%. Сярэдняя лясістасць 36%, ад 10—20% у Пінскім, Драгічынскім, Кобрынскім, Жабінкаўскім р-нах да 43—53% у Лунінецкім, Івацэвіцкім, Ганцавіцкім. Лясы пераважна хваёвыя (каля 60%), бярозавыя (17%) і чорнаальховыя (15%), значныя плошчы пад дубровамі. Захаваліся буйныя лясныя масівы — Белавежская, Ружанская і Шарашоўская пушчы. Балоты, найчасцей нізінныя, займаюць каля 20% тэрыторыі, значная частка асушана. Пад лугамі 18,2% тэр., ​2/3 з іх нізінныя. Для захавання каштоўных прыродных аб’ектаў, біял. разнастайнасці вял. значэнне маюць нац. парк Белавежская пушча, 12 заказнікаў, 29 ахоўных помнікаў прыроды. У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС 4270 км² (13% тэр. вобласці) забруджана радыенуклідамі з працяглымі тэрмінамі паўраспаду, у т. л. 470 км² са шчыльн. 5—15 Кі/км². На забруджанай тэр. каля 200 вёсак. Найбольш забруджаны землі Лунінецкага, Пінскага, Столінскага р-наў.

Насельніцтва. Асн. насельніцтва беларусы (84,6%), жывуць таксама рускія (9,2%), украінцы (3%), палякі (2,5%), яўрэі (0,3%) і інш. Гарадскога нас. 60,4%. Сярэдняя шчыльн. 46,4 чал. на 1 км², сельскага нас. 18,4 чал. на 1 км² і вагаецца ад 25,3 чал. на 1 км² у Брэсцкім да 13,3 чал. на 1 км² у Ганцавіцкім і Маларыцкім р-нах. Найб. гарады (тыс. чал., 1995): Брэст (294,3), Баранавічы (172,9), Пінск (130,3), Кобрын (51,1), Бяроза (30,5), Пружаны (25,2), Лунінец (24,9). У 1985—95 зніжаюцца нараджальнасць і натуральны прырост, расце смяротнасць, павялічваецца доля асоб, старэйшых за працаздольны ўзрост, адзначаецца адмоўны натуральны прырост сельскага насельніцтва.

Гаспадарка. Прамысловасць пераважае ў гасп. комплексе. Тэмпы развіцця і структура яе ў 1990-я г. нестабільныя. Вобласць спецыялізуецца на вытв-сці прадукцыі машынабудавання, лёгкай і харч. прам-сці, праяўляецца тэндэнцыя да ўзмацнення ролі лясной і дрэваапр. прам-сці і вытв-сці буд. матэрыялаў. У вобласці вырабляюць усе бел. электралямпы і газавыя пліты, амаль усё тэхнал. абсталяванне для лёгкай прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання, для ліцейнай вытв-сці, кавальска-прэсавае абсталяванне, больш за 80% электрарухавікоў і баваўняных тканін, больш за 40% панчошна-шкарпэткавых вырабаў, больш за 30% дываноў і дывановых вырабаў, больш за 35% цукру, каля 30% кансерваў, амаль 20% мяса і масла, 27% драўнінна-стружкавых пліт, каля 20% клеенай фанеры. Прадукцыя прам-сці пастаўляецца на бел. рынак, у краіны СНД і інш. Больш за 80% прамысл. патэнцыялу вобласці сканцэнтравана ў вял. гарадах — шматгаліновых цэнтрах з буйнымі спецыялізаванымі прадпрыемствамі. Унікальнае для Беларусі Мікашэвіцкае вытв. аб’яднанне «Граніт» па здабычы буд. каменю, у г. Белаазерск — 2-я па магутнасці на Беларусі Бярозаўская ДРЭС. У вобласці (1993) каля 70 прадпрыемстваў харч. (цукр., мясной, малочнай, па перапрацоўцы садавіны і агародніны) прам-сці, 24 — лясной і дрэваапр., 23 — прам-сці буд. матэрыялаў. Яны працуюць на мясц. сыравіне, размешчаны пераважна ў сярэдніх і невял. гарадах і гар. пасёлках. Жыллёвым, меліярац., сельскім і дарожным буд-вам займаюцца 14 будтрэстаў, 181 буд.-мантажная арг-цыя (1993). Сельская гаспадарка большасці раёнаў спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні бульбы, збожжавых культур і цукр. буракоў. У 1993 на долю жывёлагадоўлі прыпадала 53% валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. Ва ўсх. і паўд.-зах. раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку. У цэнтр. і зах. раёнах дадаткова вырошчваюць цукр. буракі, у паўн. раёнах — лён. Сельгасугоддзі займаюць 45% тэр. і складаюць 1475 тыс. га (1993). У структуры пасяўных плошчаў пераважаюць пасевы збожжавых і зернебабовых, кармавых культур і бульбы (гл. табл. 1). Сярод збожжавых найб. плошчы пад ячменем, жытам, аўсом, пшаніцай, сярод тэхнічных — пад цукр. буракамі. Больш за 76% пасяўных плошчаў бульбы і больш за 67% агародніны прыпадае на асабістыя дапаможныя гаспадаркі насельніцтва. На фермерскія сял. гаспадаркі прыпадае 1556 га пасяўных плошчаў (1993). Жывёлагадоўля мяса-малочнага і малочна-мяснога кірунку. Дынаміка пагалоўя да 1990 была дадатная, у апошнія гады адзначаецца тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя і вытв-сці асн. прадуктаў жывёлагадоўлі (гл. табл. 2). Найб. колькасць жывёлы і птушкі (у жывой вазе) рэалізуецца калгасамі, саўгасамі і міжгасамі Баранавіцкага, Камянецкага, Пінскага, Брэсцкага і Столінскага р-наў, малака — Пінскага, Пружанскага, Баранавіцкага, Камянецкага, Кобрынскага, яец — Баранавіцкага, Кобрынскага, Пружанскага р-наў.

Транспарт. Агульная даўж. чыгункі 1074 км. Па густаце чыгунак (33,3 км на 1 тыс. км²) вобласць займае 1-е месца ў рэспубліцы. Праходзяць найважнейшыя міжнар. магістралі: Масква—Мінск—Брэст—Варшава, Вільнюс—Лунінец—Роўна, Ковель—Брэст і гал. чыгунка Палесся Брэст—Гомель. Чыг. вузлы: Брэст, Баранавічы, Лунінец, Жабінка. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км. Асн. магістралі Брэст—Мінск, Брэст—Гомель. Вял. значэнне мае водны транспарт. У межах вобласці суднаходныя Прыпяць, Піна, Мухавец, Стыр, Гарынь, Дняпроўска-Бугскі і Мікашэвіцкі каналы. Нафтаправод «Дружба», газаправод Таржок—Мінск—Івацэвічы з адгалінаваннем на Кобрын—Брэст—Варшаву. У Брэсце і Пінску — аэрапорты.

Л.​В.​Казлоўская.

Да арт. Брэсцкая вобласць. Участак Дняпроўска-Бугскага канала ў Брэсцкім Палессі (уверсе). Жывёлагадоўчы комплекс у Брэсцкім раёне.
Табліца 1
Пасяўныя плошчы Брэсцкай вобласці (тыс. га)
Гады
1990 1993
Уся пасяўная плошча 878,5 851,2
Збожжавыя і зернебабовыя 376 374,1
Тэхнічныя культуры 42,2 34,7
у т.л. цукровыя буракі 17,6 19,5
 лён-даўтунец 14,4 9,8
Бульба 102 136,9
Агародніна і бахчавыя культуры 5,9 10,2
Кармавыя культуры 352,2 295,3
Табліца 2
Пагалоўе жывёлы і птушкі ва ўсіх гаспадарках вобласці (тыс. галоў)
Гады
1981 1991 1994
Буйная рагатая жывёла 1073 1233 1084
у т.л. каровы 422 405 387
Свінні 607 748 697
Авечкі і козы 103 97 76
Птуіпка 6143 8742 8148

т. 3, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)