АЎЧА́РНЯ, кашара,

пабудова для ўтрымання авечак, асноўны вытворчы будынак авечкагадоўчых фермаў і комплексаў. Звычайна маюць аддзяленні для розных груп авечак: бараноў-вытворнікаў, матак з ягнятамі, рамонтнага, адкормачнага пагалоўя; памяшканні для ягнення, штучнага кармлення ягнят і інш.

т. 2, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

вуглевадародныя злучэнні і іх вытворныя. Падзяляюцца на ацыклічныя злучэнні, карбацыклічныя (гл. Ацыклічныя злучэнні, Араматычныя злучэнні) і гетэрацыклічныя злучэнні. Уласцівасці арганічных злучэнняў вызначаюцца прыродай замяшчальнікаў у вугляродным ланцугу ці цыкле, функцыянальных груп і наяўнасцю кратных сувязяў.

Арганічныя злучэнні, якія адрозніваюцца колькасцю CH2-груп, утвараюць гамалагічныя шэрагі, напр. метан (CH4), этан (C2H4), прапан (C3H8) і інш.; злучэнні з аднолькавым лікам атамаў вугляроду, але з рознымі функцыян. групамі — генетычныя шэрагі, напр. этан (C2H6), этылхларыд (C2H5Cl), этанол (C2H5OH), ацэтальдэгід (CH3CHO), воцатная к-та (CH3COOH) і інш. Паводле характару элементаў, якія ўтвараюць сувязь з атамам вугляроду, адрозніваюць галаген-, кісларод-, сера- і азотзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў, шэраг элементаарганічных злучэнняў, у т. л. металаарганічных злучэнняў. Арганічныя злучэнні даследуюцца арганічнай хіміяй.

т. 1, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПЕРЭ́ ПРА́ВІЛА,

філагенетычнага росту закон, эмпірычнае абагульненне даных аб характары гіст. развіцця асобных сістэматычных груп. Сфармуляваў франц. вучоны Ш.​Дэперэ (1907). Паводле Д.п., у кожнай філагенетычнай лініі назіраецца тэндэнцыя да павелічэння памераў цела арганізмаў або гіст. развіццё ідзе ад дробных продкавых груп да ўсё буйнейшых. Пасля дасягнення крытычных памераў і парушэння асн. прапорцый цела адбываецца выміранне групы. Д.п. ўзводзіць асобныя філагенетычныя з’явы ў ранг агульнай эвалюц. заканамернасці і заснавана на прызнанні ўнутр. тэндэнцыі развіцця, незалежнай ад матэрыяльных узаемадзеянняў. Зрэдку Д.п. называюць і закон прагрэсіруючай спецыялізацыі (сфармуляваны Дэперэ), паводле якога група арганізмаў, што стала ў працэсе эвалюцыі на шлях спецыялізацыі, непазбежна павінна ісці да ўсё больш глыбокай і вузкай спецыялізацыі, у выніку чаго вымірае.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у Гомелі. Аб’ядноўвала 16 арг-цый і груп (больш за 140 чал.). Ініцыятары стварэння першых груп А.​Л.​Ісачанка, С.​П.​Купцоў, Ф.​П.​Котчанка. У ліку першых пачала дзейнічаць група І.​І.​Жалезнякова, якая ў чэрв. 1942 наладзіла сувязь з Гомельскім падп. гаркомам ЛКСМБ і партызанамі, выконвала іх заданні. З канца жн. 1941 дзейнічалі групы У.​П.​Кавалёва, Л.​А.​Кавалёвай, з вер.ліст. — Г.​Л.​Кірыкавай, М.​І.​Панчанкі, В.​Л.​Радзьковай, Л.​В.​Семяноўскай і інш. Падпольшчыкі выконвалі заданні парт. органаў, партызан, спец. груп «Уперад», «Радзіма», распаўсюджвалі антыфаш. лістоўкі і зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, медыкаменты, ратавалі і выводзілі з горада ў партыз. атрады сав. ваеннапалонных, удзельнічалі ў дыверсіях на чыгунцы, прадпрыемствах, складах і інш. У барацьбе з фаш. захопнікамі загінула больш за 20 падпольшчыкаў. У Гомелі на ўвекавечанне іх памяці пастаўлены помнікі.

Літ.:

Кожар И.П., Рудак А.Д., Романовский В.Ф. Сильные духом // Герои подполья. 2 изд. М., 1970. Вып. 2;

Сувалов М.К. Комсомольско-молодежное подполье Гомеля в годы Великой Отечественной войны // Партии помощник боевой. Мн., 1968;

Рудак А.Д. Экзамен на зрелость. Мн., 1981.

Л.​В.​Аржаева.

т. 5, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬФА ЛІК,

характарыстыка (індэкс) сонечнай актыўнасці. Абазначаецца W. Вызначаецца як W = f+10g, дзе f — агульны лік сонечных плям, g — лік утвораных імі груп, бачных на Сонцы ў дадзены момант часу. Уведзены ў 1848 швейц. астраномам Р.​Вольфам.

т. 4, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСПАЛІ́ТАЕ ПРА́ВА,

агульнадзяржаўнае свецкае заканадаўства ВКЛ, устаноўленае Статутамі 1529, 1566 і 1588 у адрозненне ад царкоўнага і кананічнага права, гарадскога права, прававых сістэм, устаноўленых у асобных частках дзяржавы абласнымі прывілеямі і прававых норм розных канфесіянальных груп (яўрэяў, караімаў, татар).

т. 12, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГА́ (цюрк. пан, старэйшы брат),

тытул малодшых і сярэдніх военачальнікаў у Асманскай імперыі. Надаваўся таксама камандзіру янычараў і начальнікам некаторых груп прыдворных слуг, часам генеральскі чын (напр., янычарскі ага). У сучаснай Турцыі форма звароту да заможнага землеўладальніка, радзей — складовая частка імя.

т. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСТА́ННЕ,

масавае ўзброенае выступленне супраць пануючых класаў у абарону класавых або нац. інтарэсаў. Адрозніваюць: масавае рэв. ўзброенае П. з мэтай заваявання паліт. улады; бунт — стыхійнае, неарганізаванае выступленне мас; путч — выступленне гал. чынам афіцэрскіх груп для ўстанаўлення ваен. дыктатуры, а таксама мяцеж.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЛОТ»

(«Młot», «Молат»),

масава-палітычная газета, орган ЦК КП(б) Беларусі. Выдавалася з 18.12.1918 да 7.3.1926 на польск. мове, напачатку ў Мінску, з № 41 1919 у Вільні, з № 84 1919 у Мінску, а № 150 1919—20 у Смаленску; з 25.2.1920 да 20.2.1921 не выходзіла. Спачатку «М.» — орган ЦВК груп Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ), з 30.12.1918 — орган ЦВК груп Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП) у Расіі, з 23.2.1919 — орган ЦВК КПРП і ЦК КП(б) Літвы і Беларусі, з 9.3.1921 — орган Польск. бюро пры Цэнтр. бюро КП(б) Беларусі, з лют. 1924 — орган Польск. бюро пры Часовым Бел. бюро ЦК РКП(б), з 3.4.1924 да 17.5.1924 — орган Часовага Бел. бюро ЦК РКП(б), Асвятляла пытанні грамадска-паліт. жыцця Беларусі.

т. 10, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПО́ЙСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з сак. 1942 да кастр. 1943 на тэр. Прапойскага р-на (цяпер Слаўгарадскі р-н Магілёўскай вобл.). Аб’ядноўвала Прапойскую і Улуцка-Харанеўскую арг-цыі, у якіх было 11 груп (бальш за 80 чал.). У Прапойскую (кіраўнікі С.​Ф.​Саўчанка, М.​В.​Кліменка, М.​П.​Хаблоў) уваходзіла 8 груп: камсам.-маладзёжная (А.​С.​Скальзаеў), на электрастанцыі і маслазаводзе (А.​В.​Шэдаў), у гар. бальніцы (В.​Ф.​Самусенка), гарадская (А.​А.​Лісіцын), у вёсках Бярозаўка і Гіжэнка (В.​А.​Драздоў), Віравая (І.​В.​Ганчароў), Крамянка (І.​А.​Сёмкін), Рудня і Міхайлоў (М.​В.​Навуменка). Улуцка-Харанеўская (кіраўнікі Дз.​Е.​Савельеў, Г.​А.​Каралёў) складалася з 3 груп: у вёсках Доўгі Мох (Чавускі р-н, В.​А.​Сцяпанаў), Улукі (І.​Я.​Цімашкоў), Харанеў (І.​І.​Каваль). Арг-цыі дзейнічалі ва ўзаемасувязі, у кантакце з 42-м партыз. атрадам, партыз. палком «Трынаццаць», Магілёўскім падполлем. Падпольшчыкі збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, дакументы акупац. улад, распаўсюджвалі газ. «Правда» і «Красная звезда», лістоўкі, праводзілі дыверсіі, пашкоджвалі чыг. рэйкі, тэлефонную сувязь, з партызанамі разграмілі камендатуру ў Прапойску, арганізавалі ўцёкі сав. ваеннапалонных і пераправілі іх у партыз. атрад. Захаванне канспірацыі дазволіла падпольшчыкам пазбегнуць правалаў, своечасова перайсці ў партызаны.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)