МА́НСЕЛЬКЯ,
града ўзвышшаў і нізкагор’яў, пераважна ў Фінляндыі, а таксама ў Нарвегіі і Расіі (Карэлія і Мурманская вобл.). Даўж. 750 км. Выш. да 718 м (г. Сокусты). Водападзел паміж Балтыйскім, Белым і Баранцавым морамі. Ледавіковы рэльеф, балоты, азёры, парожыстыя рэкі. Забалочаныя таежныя лясы, на вяршынях тундравая расліннасць. Нац. паркі Койліскайра, Оўланка, Рысітунтуры (Фінляндыя).
т. 10, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЦІ́ЧНАЕ ВО́ЗЕРА.
У Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свольна, за 24 км на ПнЗ ад г.п. Расоны. Пл. 0,23 км², даўж. 630 м, найб. шыр. 550 м, даўж. берагавой лініі 2,1 км. Пл. вадазбору 2,7 км². Схілы катлавіны невыразныя, нізкія, пад забалочаным лесам. Берагі нізкія, часткова забалочаныя. Уздоўж зах. берага цягнецца озавая града выш. 10—15 м. Выцякае р. Нячэрская, злучае яго з воз. Тутча.
т. 12, с. 419
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛДА́ЙСКАЕ ЎЗВЫ́ШША, Валдай,
на ПнЗ Рускай раўніны, у Расійскай Федэрацыі. Водападзел вярхоўяў Волгі, Зах. Дзвіны і інш. Даўж. больш за 600 км, выш. да 343 м. Складаецца з марэнных градаў і ўзгоркаў (Ціхвінская града, Вепсаўскае узв.), якія ўзніклі на выступе карэнных парод (каменнавугальныя вапнякі, мергелі, гліны). Шмат азёр, у т. л. Селігер, Валдайскае, Верхняволжскія і інш. Моцна забалочанае. Хваёвыя лясы чаргуюцца з апрацаванымі палямі. Па паўд.-ўсх. ускраіне Валдайскага ўзвышша праходзіць мяжа валдайскага зледзянення.
т. 3, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛЮ́ВІЙ (ад лац. proluo выношу цячэннем),
комплекс рыхлых адкладаў часовых водных патокаў. Тэрмін прапанаваў рус. геолаг А.П.Паўлаў у 1914. Утвараецца каля падножжа гор, а таксама ў конусах вынасу далін і яроў. Складаецца з вял. абломкаў і валуноў горных парод, галькі, жвіру і інш., якія зменьваюцца да перыферыі дробназярністымі пяскамі, супескамі, лёсападобнымі суглінкамі і глінамі. Злучаныя конусы вынасу ўтвараюць пралювіяльныя шлейфы. На Беларусі П. трапляецца ў межах узгорыста-градавага (Беларуская града) і ярыстага рэльефу.
т. 12, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭЙТ, Рыд (Rejt, Reid) Бенядзікт (1451—1534), чэшскі архітэктар, прадстаўнік эпохі позняй готыкі. Прыдворны архітэктар караля Уладзіслава II. Асн. работы: «Уладзіслаўская» зала (1486—1502), «Кавалерыйская» лесвіца (каля 1500), т.зв. Людвікава крыло (1501—09) каралеўскага палаца, вежы Белая, Чорная, Далібарка і Мігулка (канец 15 ст.) у Пражскім Градзе; сабор св. Барбары ў г. Кутна-Гора (1512—47), палац у г. Блатна (1523—30), замак у Забкавіцы (Польшча; 1523—32). Удзельнік перабудовы Пражскага Града (1487—1511).
т. 13, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎВО́СТРАЎ НАНО́СЫ,
геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Наносы Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на зах. беразе воз. Нарач. Пл. 0,9 км². На паўвостраве вузкая града (выш. да 11 м), якая ўтварылася каля 17 тыс. г. назад у шчыліне ледавіка ў выніку адкладання пяску, жвіру і валуноў. Ва ўзбярэжных пясках адзначаны намнажэнні (шліхі) галацэнавага ўзросту паўкаштоўнага мінералу гранату-альмандзіну. П.Н. — адзінае месца ў краіне, дзе трапляюцца магутныя гранатавыя шліхі.
В.Ф.Вінакураў.
т. 12, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛА́ЎГАРАДСКІ СТАДЫЯ́Л,
максімальная стадыя сожскага зледзянення. Аддзяляецца горацкім інтэрстадыялам ад постмаксімальнага магілёўскага стадыялу. За час С.с. сожскае ледавіковае покрыва дасягнула паўн. мяжы Палесся. У яго краявой зоне сфарміраваліся Белавежская града, краявыя марэнныя ўтварэнні ў раёнах гарадоў Бяроза, Ганцавічы, Салігорск, Бабруйск, Слаўгарад, г.п. Краснаполле. Адклады С.с. прадстаўлены марэннымі, флювіягляцыяльнымі, озавымі, камавымі і інш. ўтварэннямі. Марэна магутнасцю 50—60 м вызначаецца вял. колькасцю адорвеняў дэвонскіх, мелавых, неагенавых парод. Большасць бел. вучоных сожскае зледзяненне адносяць да стадыі дняпроўскага зледзянення.
т. 14, с. 509
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛХА́Н Вялікі і Малы,
хрыбты на З Туркменістана. Вялікі Балхан даўж. каля 70 км. Выш. да 1880 м (г. Арлан). Складзены пераважна з вапнякоў і пясчанікаў юры і мелу. Моцна расчлянёны, стромкі, цэнтр. ч. з плоскімі вяршынямі. Ландшафты пустынныя, паўпустынныя, горнастэпавыя. Малы Балхан — адасобленая сухім рэчышчам Узбой горная града на Пд ад Вялікага. Даўж. каля 30 км. Выш. да 777 м. Складзены з вапнякоў і мергеляў. Стромка абрываецца на Пн і спадзіста апускаецца на Пд. Схілы расчлянёныя ярамі і рэчышчамі часовых рэк. Палыновая і палынова-салянкавая пустыня.
т. 2, с. 263
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ БАР’Е́РНЫ РЫФ (Great Barrier Reef),
града каралавых рыфаў і астравоў уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа Аўстраліі, у Каралавым м. Даўж. каля 2300 км; шыр. ў паўн. ч. каля 2 км, у паўднёвай — да 150 км. Большая частка рыфаў знаходзіцца пад вадою і агаляецца ў час адліваў. Ад мацерыка Вялікі Бар’ерны рыф аддзелены суднаходнай натуральнай лагунай глыб. да 50 м. Даследавана каля 20 суднаходных праходаў (Вялікі Паўн.-Усходні, Рэйн-Айленд, Кука і інш.). Марскі нац. парк (засн. ў 1979); ахова флоры і фауны ўзбярэжжаў і мелкаводдзяў; уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
т. 4, с. 383
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМА́І (Тадасі) (8.1.1912, Токіо — 1991),
японскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Пачынальнік японскага неарэалізму. Вучыўся ў Такійскім ун-це. Дэбютаваў фільмам «Кадэцкі корпус у Нумадзу» (1939). Паставіў фільмы: «Вёска Тадзінка» (1940), «Ворагі народа», «Блакітная града гор» (абодва 1946), «Мы яшчэ сустрэнемся» (1950), «А ўсё-ж такі мы жывём!» (1951), «Змрок сярод дня» (1956, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Аповесць пра чыстае каханне» (1957), «Аповесць пра жорсткасць бусіда» (1963, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Зах. Берліне), «Брат і сястра» (1976), «Юкі» (1981) і інш. Творчай манеры характэрны дэмакр. накіраванасць, востры погляд на рэчаіснасць, дакумент. яснасць стылю. Прэмія Міру 1951.
т. 7, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)