КО́МПАС (ням. Kompass, італьян. compasso ад compassare вымяраць крокамі),
прылада, якая паказвае напрамак геаграфічнага (сапраўднага) або магнітнага мерыдыяна. Служыць для арыентавання на мясцовасці адносна напрамкаў свету. Выкарыстоўваецца ў марской навігацыі, авіятранспарце, геадэзіі, горнай, ваеннай справе і інш. Адрозніваюць магнітны (у т. л.горны), механічны (гіракомпас), радыёкомпас і астракомпас.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛБЖЫХ (Wałbrzych),
горад на ПдЗ Польшчы, у Судэтах. Адм. ц.Валбжыхскага ваяводства. Гар. правы атрыманы каля 1400. 140,3 тыс.ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр Ніжнесілезскага кам.-вуг. басейна. Коксахімія, маш.-буд., шкларобная прам-сць. ЦЭС. 2 тэатры, філармонія. Горны музей. Сярэдневяковы замак, палацы і касцёлы 17—19 ст. Каля Валбжыха — горны бальнеакліматычны курорт Шчаўна-Здруй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РНЫ ГО́РАН,
печ для абпальвання ганчарных вырабаў, якая выкарыстоўваецца пры высокаразвітым ганчарстве. Абпальванне ажыццяўляецца гарачымі (700—900 °C) газамі, якія атрымліваюцца пры згаранні паліва. Працэс бывае акісляльны (найб. пашыраны) і ўзнаўляльны (пры недастатковым доступе кіслароду). У сучаснай вытв-сці выкарыстоўваюць горныверт. і гарыз. тыпаў (электрычныя, на мазутным або газавым паліве). Першыя ганчарныя горны вядомы з канца 4-га тыс. да н.э. ў краінах Стараж. Усходу. Былі адкрытага і закрытага тыпаў, 1-, 2-, 3-ярусныя. У Еўропе пашыраны з сярэдзіны 1-га тыс. да н.э., на ўсходнеслав. землях — з 12—13 ст. На Беларусі выяўлены горны ў Мінску (16 ст.), Оршы (17 ст.), Міры (18 ст.). Іх муравалі з цэглы, камянёў, гліны, пераважна 1- і 2-ярусныя, круглыя (грушападобныя) ці чатырохвугольныя ў плане, з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. Ніжні (топачны) ярус заглыблялі ў зямлю, верхні па баках засыпалі грунтам і агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, жэрдкамі, метал. прутамі, дротам, каменнем і дзёрнам. Для агню рабілі яму, у якую выходзіла вусце топкі. Ярусы (камеры) падзяляліся гарыз. перакрыццем (скляпеннем) з адтулінамі (люхтамі) для праходу гарачых газаў. Звычайна ганчарныя горны былі разлічаны на адначасовую тэрмічную апрацоўку 300—350 (часам 800—1000) вырабаў, якая працягвалася 9—14 гадз.
В.М.Ляўко.
Беларускія ганчарныя горны (двух’ярусныя): 1 — круглы з адкрытым верхам; 2 — чатырохвугольны з закрытым верхам.Прамысловы ганчарны горан вертыкальнага тыпу: 1 — малая печ (топка); 2 — под; 3 — вялікая печ; 4 — загрузачная адтуліна; 5 — дымаходы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРМЯ́НСКІ ТАЎР, Усходні Таўр,
усходняя частка гор Таўр, у Турцыі. Працягласць каля 600 км. Выш. да 3090 м (г. Нурухак). Уключае хрыбты Ахыр, Энгізек, Малацця, Эргані, Нурхак, Хачрэш. Складзены з метамарфічных вывергнутых і асадкавых парод (вапнякі, пясчанікі). Развіты карст. Горы прарэзаны цяснінамі р. Джэйхан, Еўфрат, Тыгр. На паўн. сухіх схілах і ў ніжнім поясе — паўпустыні, вышэй — горны стэп. На паўд., больш вільготных схілах — зараснікі тыпу маквісу, вышэй — дубовыя паркавыя лясы, рэдкалессе з фісташніку і ядлоўцу, горны стэп і альпійскія лугі. Па Бітліскім і Пазарджыкскім праходах пракладзены чыгункі і шаша.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ГЕРС ((Seghers) Херкюлес Пітэрс) (1589 або 1590, г. Харлем, Нідэрланды — каля 1638),
галандскі мастак. Да 1606 вучыўся ў Г. ван Конінксла ў Амстэрдаме. Працаваў у Харлеме, Амстэрдаме, Утрэхце, Гаазе (з 1632 або 1633). Яго жывапісныя пейзажы («Від Рэнена», «Раўнінны пейзаж», «Дамы і вёска ў рачной даліне», «Горны пейзаж») і выкананыя ў тэхніцы каляровага афорта («Пейзаж з вялікім дрэвам», «Вялікія караблі», «Марская бура») вылучаюцца шырынёй і манументальнасцю, схаваным драматызмам светлавых і фактурных эфектаў, у гравюрах — выразнасцю дынамічнага ломкага штрыха. Значна паўплываў на творчасць Рэмбранта, Я. ван Ройсдала і інш.