Адна з асноўных прыродных сістэм Беларусі, якая вызначае прадукцыйнасць ландшафтаў, біялагічную разнастайнасць, функцыянальную значнасць тэрыторыі. Займаюць плошчу 3,2 млн.га (15,4% тэрыторыі).
Натуральныя (прыродныя) лугі (каля 1 млн.га) падзяляюць на тыпы: сухадольныя, нізінныя і поймавыя. Сухадольныя лугі прымеркаваны да дзярнова-падзолістых і дзярнова-падзолістых забалочаных глеб. Крыніца вільгаці — атмасферныя ападкі, колькасць якіх вызначае структуру травастою і ў значнай ступені — прадукцыйнасць. Сярэдняя прадукцыйнасць — 1—1,5 т/га сена высокай кармавой якасці. Пашыраны пераважна сіўцова-драбнатраўныя асацыяцыі, на пераўвільготненых глебах — вострыцавыя асацыяцыі з удзелам дробных асок (заечай, жоўтай, прасяной). Нізінныя лугі фарміруюцца на дзярновых, забалочаных, дзярнова-карбанатных забалочаных і тарфяных глебах. Воднае жыўленне змешанае, з перавагай грунтавых вод. Біялагічная прадукцыйнасць — 2—2,5 т/га сена. У складзе травастояў пры часовым пераўвільгатненні пераважаюць вострыцавыя асацыяцыі, пры працяглым — асаковыя (асокі вастраватая, пузыраватая) з удзелам балотнага разнатраўя (панікніца, шабельнік). Поймавыя лугі размешчаны ў поймах буйных і сярэдніх рэк. Лічыцца, што гэта — найб. захаваныя прыродныя лугі; ёсць у поймах Дняпра, Прыпяці, Сожа, Гарыні і інш. Вытрымліваюць веснавое затапленне да 30—35 сутак без зніжэння прадукцыйнасці. Прадукцыйнасць — да 3,5 т/га сена здавальняючай якасці.
На палепшаных лугах (2,2 млн.га, у т. л. 1,6 — меліяраваных) ствараюцца культурныя сеяныя травастоі (сенажаці і пашы), склад якіх фарміруюць у залежнасці ад глебава-кліматычных умоў і спецыялізацыі жывёлагадоўлі. Культывуецца 18 відаў шматгадовых траў, у т. л. 6 — бабовых (канюшына лугавая, гібрыдная, паўзучая, рутвіца рагатая, баркун белы) і 12 — злакавых (чаротніца трыснёгападобная, купкоўка зборная, каласнец безасцюковы, лісахвост лугавы, аўсяніца трысняговая і інш.). З іх складаюць травасумесі па 3—4 віды.
У прыродных сістэмах лугі забяспечваюць устойлівасць да экстрэмальных з’яў і антрапагеннага ўздзеяння. Яны з’яўляюцца асноўнай крыніцай забеспячэння жывёлагадоўлі травяністымі кармамі.
Літ.:
Мелиорация и луговодство на пойменных землях. Мн., 1996;
Адаптивные системы земледелия в Беларуси. Мн., 2001;
Технология создания и улучшения лугов. Горки, 2002;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГАРО́ДНІЦТВА,
1) галіна раслінаводства па вырошчванні агароднінных культур. Адрозніваюць агародніцтва адкрытага — на палях, агародах (дае асн. збор прадуктаў і насенне) і ахоўнага — у цяпліцах, парніках і пад больш простымі ўкрыццямі (ліквідуе сезоннасць у забеспячэнні насельніцтва свежай агароднінай) грунту. У многіх краінах свету з’яўляецца прыярытэтнай галіной сельскай гаспадаркі.
На прамысл. аснове вядзецца ў ЗША Нідэрландах, Францыі, Іспаніі, Італіі, Германіі, Японіі і інш. Характарызуецца шырокім асартыментам культур, выкарыстаннем дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (селекцыя, стварэнне гетэрозісных гібрыдаў, гідрапонная тэхналогія з малааб’ёмнымі субстратамі і пажыўнымі растворамі і інш.). У Зах. Еўропе і ЗША па індустр. тэхналогіях культывуецца больш за 40 агароднінных культур, у Японіі — больш за 160. З краін СНД адносным развіццём агародніцтва вылучаюцца Малдова, Украіна, Азербайджан, а таксама Краснадарскі край, Растоўская, Маскоўская і некаторыя інш. вобласці Расіі. На Беларусі ў канцы 19 — пач. 20 ст. таварнае агародніцтва пашырылася ў Пінскім, Рэчыцкім, Лепельскім, Дзвінскім, Чэрыкаўскім, Мсціслаўскім і інш. паветах, а таксама каля Гомеля і Магілёва. За межы Беларусі вывозілі пераважна капусту. У 1993 у рэспубліцы вырашчана 1048 тыс.т агародніны, 45 тыс.т атрымана ў закрытым грунце [каля 400 га зімовых і вясенніх (плёначных) цяпліц]. Агародніцтва мае больш высокую канцэнтрацыю ў прыгарадных зонах Мінска, Гомеля, Магілёва, Брэста і інш. На Беларусі пад агародніннымі культурамі 73,6 тыс.га (1994).
2) Навука пра біялогію агароднінных культур і спосабы іх вырошчвання. У 19 ст. на сусв. выстаўках поспех мелі сарты рус. вучонага Я.А.Грачова. Найб. падрабязнае апісанне агароднінных раслін зроблена франц. вучоным Д.Буа (1927). Значная роля ў развіцці агародніцтва належыць працам Р.І.Шрэдэра, М.В.Рытава, У.І.Эдэльштэйна, М.І.Вавілава і інш. На Беларусі даследаванні пачаліся ў 19 ст. ў Горы-Горацкім земляробчым ін-це, значна пашырыліся пасля стварэння Бел. плодаагародніннай доследнай станцыі (1931) і арганізацыі Бел.НДІ пладаводства, агародніцтва і бульбы (1958), вядуцца ў Бел.НДІ агародніцтва, Гродзенскім с.-г. ін-це, Бел.с.-г. акадэміі, на абл.с.-г. доследных станцыях.
Выведзена каля 100 сартоў і гібрыдаў памідораў, белакачаннай капусты, сталовых буракоў, гароху, агуркоў, цыбулі рэпчатай і інш. агароднінных раслін. Распрацавана агратэхніка вырошчвання агародніны ва ўмовах Беларусі (Л.А.Скрыпнічэнка, П.С.Шастапал, Б.А.Юргенс, І.І.Цішкевіч, У.П.Пярэднеў, А.А.Аутка, Т.С.Якубіцкая, А.А.Казіміраў, П.С.Жукава, М.Ф.Сцяпура, К.А.Шуін, Ю.М.Забара, П.Я.Півень), распрацаваны сістэмы ўгнаенняў для асн. культур, схемы элітнага насенняводства.
Праблемы сучаснага агародніцтва: распрацоўка перспектыўных тэхналогій вытв-сці агародніны; вывядзенне сартоў інтэнсіўнага тыпу, устойлівых да хвароб і шкоднікаў; распрацоўка сістэм угнаення агароднінных культур у севазвароце на розных тыпах глебаў і новых аграпрыёмаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУГАЗНАЎСТВА І ЛУГАВОДСТВА
Першы даследчык лугоў Беларусі — Г.І.Танфільеў, які ў 1899 у працах па расліннасці Палесся апісаў палескія сенажаці і якасць атрыманых на іх кармоў. У пач. 20 ст. У.С.Дактуроўскі вывучаў лугавую расліннасць Мазырскага і Пінскага раёнаў, поймавых лугоў р. Лань і Пціч. У 1910-я г. на Мінскай балотнай станцыі праведзены першыя работы па стварэнні культурных лугоў на асушаных тарфяных глебах (А.М.Арцюхоў, Р.І.Лашкевіч, М.Ф.Лебядзевіч). У 1916 Г.К.Крэер паказаў залежнасць лугавой расліннасці ад экалагічных умоў, распрацаваў класіфікацыю нізінных лугоў паводле мохавага покрыва. З 1929 даследаванні па лугаводстве канцэнтраваліся ва ўстановах АНБССР, кафедрах батанікі і аграноміі ВНУ, дзе праводзілася пераважна геабатанічнае вывучэнне лугавой расліннасці (М.Я.Баранава, П.М.Санько, І.П.Яновіч).
З 1920-х г. у Горы-Горацкім земляробчым ін-це, на Горацкай і Турскай с.-г. доследных станцыях пачаты працы па селекцыі шматгадовых траў і іх агратэхніцы (А.І.Лапо, К.Г.Рэнард, О.М.Стахурская і інш.). У пасляваенны час асн. даследаванні праводзяцца ў НДІ меліярацыі і воднай гаспадаркі, земляробства, БСГА і інш. Распрацаваны спосабы стварэння і эфектыўнай эксплуатацыі культурных пашаў (В.А.Авярчук, М.Ф.Башлакоў, О.Г.Гааз, Дз.А.Забела, А.І.Міхальцэвіч, Я.У.Рудэнка), павышэння прадукцыйнасці поймавых лугоў (А.Ф.Вярэніч, А.І.Мядзведскі, М.В.Сініцын, І.Р.Струк). Вывучаны тэхналогіі павышэння ўрадлівасці і прадукцыйнасці глеб лугавых угоддзяў (А.С.Меяроўскі, С.А.Касьянчык, В.І.Якушава). У 1950-я г. ў Ін-це эксперыментальнай батанікі распрацаваны прынцыпы геабатанічнага картаграфавання лугоў, складзены іх карты, праведзена раянаванне прыродных лугоў (Н.А.Буртыс, Г.А.Кім, А.А.Круганава, Н.І.Петручук, І.Д.Юркевіч). У 1960—80 праводзіліся даследаванні па селекцыі і насенняводстве шматгадовых траў (А.П.Даніловіч, Л.Б.Пагаржэльская, А.Л.Сямёнаў, М.К.Сяргееўскі, К.С.Уласава), распрацоўваліся метады павышэння прадукцыйнага даўгалецця сенажацей (Ю.В.Алёхіна, Г.В.Віткоўскі, Р.Г.Стралкоў). У 1960—90 у краіне вялася сістэмная праца па паляпшэнні лугоў, іх меліярацыйнага стану, павышэнні ўрадлівасці. Асноўныя праблемы сучаснага лугаводства — распрацоўка занальных сістэм стварэння і эксплуатацыі рознапаспявальных сенажацей і пашаў для розных груп жывёл, пашырэнне біяразнастайнасці лугавых траў, стварэнне гамы новых сартоў шматгадовых траў, якія адаптаваны да зменлівых глебава-кліматычных умоў. Над гэтымі праблемамі працуюць НДІ меліярацыі і лугаводства (А.Л.Біруковіч, А.Ф.Вярэніч, Н.У.Кабанава, А.С.Меяроўскі), земляробства і селекцыі (П.П.Васько, Я.І.Чэкель), БСГА (А.А.Шалюта), Гродзенскі аграрны ун-т (А.І.Кудрачоў), Гродзенскі занальны НДІ раслінаводства (Л.С.Рудкоўская), Палескі філіял НДІ земляробства і селекцыі (П.Т.Пікун), абласныя с.-г. станцыі (Л.Б.Аўдзееў, У.А.Краўцоў, Л.І.Шофман), Палеская доследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства (К.М.Мішук). У Ін-це эксперыментальнай батанікі Нац.АН Беларусі вядуцца даследаванні па ўдасканальванні класіфікацыі прыроднай лугавой расліннасці, яе трансфармацыі ў сучасных экалагічных умовах (І.М.Сцепановіч).
Літ.:
Алехина Ю.В. Использование биологического азота в луговом кормопроизводстве. Горки, 1998;
Сцепановіч І.М. Эколага-фларыстычны дыягназ сінтаксонаў прыроднай травяністай расліннасці Беларусі. Мн., 2000;
Адаптивные системы земледелия в Беларуси. Мн., 2001;
Луговое кормопроизводство в нечерноземной зоне. Смоленск, 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБЫ
Асноўныя асаблівасці глеб Беларусі абумоўлены размяшчэннем краіны ў рэгіёне з умерана кантынентальным кліматам. працяглым вегетацыйным перыядам, высокім біякліматычным патэнцыялам. Паводле глебава-геаграфічнага раянавання на Беларусі вылучаюць 3 глебавыя правінцыі; паўночную (Прыбалтыйская), цэнтральную (Беларуская), паўднёвую (Палеская). Глебаўтваральныя пароды: азёрна-ледавіковыя і лёсавыя (12,6%), марэнныя (12,7%), водна-ледавіковыя (41,3%), старажытна-алювіяльныя (17%), алювіяльныя (6,8%), балотныя (9,6%). Глебы краіны ўтварыліся ў выніку падзолістага, дзярновага, балотнага працэсаў і лесіважу, якія спалучаюцца паміж сабой і з культурным глебаўтваральным працэсам. Ва ўтварэнні асобных глеб удзельнічаюць таксама буразёмны, заліўны і алювіяльны працэсы, водная і ветравая эрозія. У наменклатурны спіс глеб Беларусі ўваходзіць 13 глебавых тыпаў: дзярнова-карбанатныя, бурыя лясныя, падзолістыя, дзярнова-падзолістыя, падзолістыя забалочаныя, балотна-падзолістыя, дзярновыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя, балотныя, поймавыя, антрапагенныя і інш. Паводле колькасці вільгаці іх падзяляюць на аўтаморфныя, паўгідраморфныя і гідраморфныя.
Дзярнова-карбанатныя глебы сустракаюцца на ўсёй тэр. краіны на фоне дзярнова-падзолістых глеб. Найб. буйныя іх масівы ў Брэсцкай, Мінскай і Магілёўскай абласцях. Яны фарміруюцца ў выніку дзярновага глебаўтваральнага працэсу пад травяністай расліннасцю на шчыльных і рыхлых карбанатных пародах (вапняках, даламітах, меле, лёсе, карбанатнай марэне). Характарызуюцца моцным гумусавым гарызонтам (15—40 см), які мае 2,5—6% гумусу. Паводле глыбіні залягання карбанатаў і ступені насычанасці імі верхняй часткі профілю падзяляюцца на падтыпы: тыповыя, вышчалачаныя і ападзоленыя. Дзярнова-карбанатныя тыповыя глебы ў сувязі з неспрыяльнымі водна-фізічнымі якасцямі пад ворыва не выкарыстоўваюцца.
Дзярнова-карбанатныя вышчалачаныя і ападзоленыя глебы вызначаюцца высокай патэнцыяльнай урадлівасцю. Паводле баніціровачнай шкалы Беларусі іх сугліністыя разнавіднасці ацэньваюцца ў 70—100 балаў.
Бурыя лясныя глебы сустракаюцца сярод дзярнова-падзолістых глеб у цэнтр. і зах. частках краіны пад шыракалістымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з багатым разнатраўным покрывам. Утвараюцца ў выніку буразёмаўтварэння (спалучэнне гумусава-акумулятыўнага працэсу з лесіважам і агліненнем). Гумусава-акумулятыўны гарызонт цёмна-шэрага (чорнага) колеру з бураватым адценнем, таўшчынёй 7—10 см, гумусу мае каля 5%. На Беларусі вылучаны толькі пад лясамі.
Падзолістыя глебы зрэдку сустракаюцца пад хвойнымі лясамі на ўраўнаваных слабадрэніраваных участках (надпоймавыя тэрасы, зандравыя раўніны), складзеных з рыхлых парод. У надглебавым покрыве сустракаюцца зялёныя імхі, кісліца, чарнічнік. Іх характэрная асаблівасць — адсутнасць добра выяўленага гумусава-акумулятыўнага гарызонту. Рэакцыя глебы моцнакіслая. Гумусу да 1,5%.
Дзярнова-падзолістыя глебы пашыраны на ўсёй тэр. краіны (36,2% плошчы с.-г. зямель). Утвараюцца ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму на бескарбанатных пародах пад травяністымі і імшыста-травяністымі лясамі. Профіль глебы рэзка дыферэнцыраваны на верхнюю элювіяльную і ніжнюю ілювіяльную часткі ў выніку спалучэння дзярновага, падзолістага працэсаў і лесіважу. Значная іх частка мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю, нетрывалую структуру і невысокую насычанасць асновамі. Паводле марфалагічнай будовы профілю вылучаюць 4 падтыпы такіх глеб: дзярнова-палева-падзолістыя, уласна дзярнова-падзолістыя (белаватыя), дзярнова-падзолістыя эрадзіраваныя, дзярнова-падзолістыя акультураныя.
Падзолістыя забалочаныя глебы фарміруюцца ў выніку сумеснага дзеяння лесіважу, падзолістага і глеевага працэсаў. Яны характарызуюцца агляеннем, кантрастным водным рэжымам, пераўтварэннем арганічных рэчываў з утварэннем вялікай колькасці фульвакіслот, поліфенолаў, нізкамалекулярных кіслот, утварэннем рухомых закісных форм жалеза і марганцу, а ў кіслым асяроддзі — рухомых злучэнняў алюмінію і інш., што ў сукупнасці істотна пагаршае іх агранамічныя якасці. На Беларусі трапляюцца лакальна, у с.-г. вытворчасці не выкарыстоўваюцца.
Балотна-падзолістыя глебы фарміруюцца пры спалучэнні балотнага і падзолістага глебаўтварэння з заляганнем мяккіх грунтавых вод блізка ад паверхні. Сустракаюцца на Пн краіны пад хвойнымі лясамі з імшыста-кусцікавым наземным покрывам, на Пд — пад забалочанымі мяшанымі лясамі з імхова-травяным покрывам і інш. Іх тарфяны гарызонт 10—30 см, гумусава-акумулятыўны маламоцны. Вызначаюцца невялікай прадукцыйнасцю, выкарыстоўваюцца пад лясы.
Дзярновыя забалочаныя глебы фарміруюцца пад травяным покрывам у выніку дзярновага і балотнага глебаўтварэння ва ўмовах працяглага залішняга ўвільгатнення. Характарызуюцца добра вызначаным гумусавым гарызонтам, вял. колькасцю гумусу (да 12%), павышанай ступенню насычанасці асновамі, нейтральнай рэакцыяй глебавага раствору, прыкметамі агляення. У залежнасці ад працягласці залішняга ўвільгатнення падзяляюцца на глеяватыя і глеевыя. Трапляюцца невялікімі масівамі ў паніжэннях і ў месцах з блізкім ад паверхні заляганнем грунтавых вод (на Палессі). Займаюць каля 11% сельгасугоддзяў, выкарыстоўваюцца пераважна пад сенажаці.
Дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы ўтвараюцца ва ўмовах працяглага перыядычнага пераўвільгатнення паверхневымі ці грунтавымі водамі ў выніку спалучэння абглейвання з дзярновым і падзолістым працэсам глебаўтварэння. Фарміруюцца пад лісцева-хвойнымі і хвойна-шыракалістымі лясамі з травяністым покрывам. Пашыраны на раўнінных паніжэннях. Вызначаюцца высокай кіслотнасцю, невялікай колькасцю элементаў жыўлення, высокім утрыманнем рухомага алюмінію, нізкай ступенню насычанасці асновамі ў верхняй частцы профілю. У глеяватых глебах гумусу 2—6%, у глеевых — да 10%. Іх асваенне патрабуе асушальнай меліярацыі.
Балотныя глебы належаць да гідраморфных. Утвараюцца ў выніку балотнага працэсу глебаўтварэння. Займаюць каля 12,9% плошчы сельгасугоддзяў. Паводле характару воднага жыўлення, складу расліннасці і якасцей торфу іх падзяляюць на тарфяна-балотныя вярховыя і тарфяна-балотныя нізінныя глебы. Тарфяна-балотныя нізінныя глебы фарміруюцца ў паніжэннях рэльефу, на шлейфах схілаў пад уплывам пастаяннага залішняга ўвільгатнення грунтавымі водамі. Пераважна пад лясамі (вольха чорная, бяроза пушыстая), наземнае покрыва з асок, чароту, імхоў. Вызначаюцца высокай ступенню насычанасці асновамі (да 100%). Торф зольнасцю 5—50%, колькасцю гумусавых рэчываў (да 42%) з перавагай гумінавых кіслот, азоту 3—4%. Тарфяна-балотныя вярховыя глебы ўтвараюцца на водападзелах у замкнутых бяссцёкавых паніжэннях ва ўмовах залішняга ўвільгатнення атмасфернымі ці грунтавымі водамі. Укрыты расліннасцю з перавагай хвоі, багуну, буякоў, журавін, імхоў. Торф адрозніваецца нізкай ступенню раскладання, меншай шчыльнасцю, высокай вільгацяёмістасцю, моцнакіслай рэакцыяй, невялікай колькасцю гумусу (0,5—2%), зольнасць 2—5%. Пасля асушальнай меліярацыі нізінны тып глеб выкарыстоўваюць пад ворыва.
Поймавыя, або алювіяльныя глебы ўтвараюцца ў поймах на рачных адкладах ва ўмовах перыядычнага затаплення. Вызначаюцца высокай біягеннасцю, інтэнсіўнымі глебаўтваральнымі працэсамі, слаістым марфалагічным профілем. Паводле воднага і цеплавога рэжымаў, механічнага складу, ступені агляення, колькасці гумусу глебы поймаў падзяляюцца на алювіяльныя дзярновыя, алювіяльныя дзярнова-забалочаныя, алювіяльныя балотныя. Пашыраны пераважна на Палессі. Большасць іх вызначаецца высокай урадлівасцю, але патрабуе рэгулявання воднага рэжыму. Выкарыстоўваюць пад сенажаць і пашу.
Антрапагенныя глебы — тып глеб, якія цалкам страцілі свае натуральныя якасці і прыкметы ў выніку гасп. дзейнасці чалавека. Іх падзяляюць на рэкультываваныя глебы, што занава створаны на месцах выпрацаваных тарфянікаў ці кар’ераў здабычы карысных выкапняў; антрапагенна-дэградзіраваныя глебы, што парушаны ў выніку постмеліярацыйнай дэградацыі; антрапагенна-парушаныя глебы, што змяніліся ў выніку прамога негатыўнага ўплыву гасп. дзейнасці (выдаленне ворнага слоя, перамешванне глебавых гарызонтаў); антрапагенна-засоленыя глебы, што ўзніклі побач з Салігорскім калійным камбінатам; другасна забалочаныя глебы, што фарміруюцца ў выніку падтаплення тэрыторый пры стварэнні вадасховішчаў.
Літ.:
Почвы Белорусской ССР. Мн., 1974;
Жилко В.В. Эродированные почвы Белоруссии и их использование. Мн., 1976;