МІЖНАРО́ДНЫ ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД (МГГ),

перыяд з 1.7.1957 да 31.12.1958 (18 месяцаў), на працягу якога на зямным шары праводзіліся геафіз. назіранні за станам зямной кары, атмасферы, акіянаў паводле адзінай праграмы і адзінай методыкі. Праводзіўся пасля Міжнародных палярных гадоў у год макс. сонечнай актыўнасці вучонымі 67 краін. Арганізаваны комплексныя экспедыцыі, у т. л. ў Арктыку, Антарктыку, высакагорныя раёны, акіяны, запушчаны штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. Даследаванні прадоўжаны да 31.12.1959 у межах праграмы міжнар. геафіз. супрацоўніцтва.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ ПАЛЯ́РНЫ ГОД (МПГ),

перыяд адначасовых геафіз. назіранняў у палярных абласцях і асобных горных ледавіковых раёнах Зямлі па агульнай праграме і адзінай методыцы. У 1-ы МПГ (жн. 1882 — жн. 1883) геафіз., метэаралагічныя і некаторыя біял. назіранні вяліся 12 краінамі ў 13 пунктах паўн. палярнай вобласці і ў 2 — паўд. палярнай вобласці. 2-і МПГ (жн. 1932 — жн. 1933) уключаў таксама першыя радыёзондавыя, радыёфіз. і акустычныя назіранні атмасферы, экспедыцыйныя назіранні з суднаў, вывучэнне горных ледавікоў. Назіранні праводзіліся 45 краінамі на больш як 100 станцыях. Пра 3-і МПГ (1957—58) гл. Міжнародны геафізічны год.

т. 10, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФІЗІ́ЧНЫ ГОД МІЖНАРО́ДНЫ (МГГ),

перыяд з 1 ліп. 1957 да 31 снеж. 1958, калі 67 краін выконвалі геафіз. назіранні і даследаванні па адзінай праграме і методыцы; прадоўжаны і ў 1959 як Міжнар. год геафіз. супрацоўніцтва. З’яўляецца пераемнікам 2 Міжнар. палярных гадоў (1882—83 і 1932—33).

МГГ праводзіўся ў перыяд максімуму сонечнай актыўнасці. Яго праграма ўключала аэралагічныя, метэаралагічныя, акіянаграфічныя, гляцыялагічныя, магнітныя, гравіметрычныя, сейсмічныя даследаванні, а таксама вывучэнне палярных ззянняў, іанасферы, метэораў, касм. промняў і інш. У Антарктыдзе створаны базы для назіранняў (сав. абсерваторыя «Мірны» і інш.), праведзены навук. экспедыцыі; у Арктыцы ўстаноўлены плывучыя абсерваторыі на льдзінах, у акіянах працавалі экспедыцыі на н.-д. суднах. Выкарыстоўвалася новая апаратура: геафіз. ракеты, першыя штучныя спадарожнікі Зямлі і інш. У выніку даследаванняў адкрыты радыяцыйныя паясы Зямлі, Паўд. полюс холаду ў Антарктыдзе, новыя ледавіковыя раёны ў Сібіры, наяўнасць гелію ў высокіх слаях атмасферы, вызначаны напрамак і скорасць ветру на выш. да 110 км, моцныя цячэнні на вял. глыбіні ў акіянах і інш. Копіі ўсіх матэрыялаў назіранняў у час МГГ захоўваюцца ў сусв. цэнтрах даных у Вашынгтоне, Маскве і спец. цэнтрах у Жэневе, Лондане і інш.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮБІЛЕ́Й (ад позналац. jubilaeus annus юбілейны год),

гадавіна якой-н. падзеі, існавання ўстановы, горада, дзейнасці якой-н. асобы, якая вылічваецца звычайна дзесяцігоддзямі, стагоддзямі і ўрачыста адзначаецца грамадскасцю. Першапачаткова юбілейным у стараж. яўрэяў называўся 50-ы ўрачысты, святочны год пасля 7 сямігадовых перыядаў (7 — свяшчэнная лічба), калі цэлы год не вяліся с.-г. работы (зямля адпачывала), а рабы адпускаліся на свабоду.

т. 18, кн. 1, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЭНЕРГЕТЫ́ЧНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

запасы энергіі рачных патокаў і вадаёмаў сушы. Адносяцца да катэгорыі аднаўляльных энергарэсурсаў. Вызначаюцца ў кілаватах сярэднегадавой эл. магутнасці або ў кілават-гадзінах эл. энергіі за год. Адрозніваюць патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы (колькасць воднай энергіі, якую можна атрымаць, выкарыстаўшы цалкам сцёк рэк на ўсім іх працягу) і тэхн. рэсурсы (магчымыя для выкарыстання па тэхн. умовах, частка патэнцыяльных рэсурсаў). Па некат. ацэнках патэнцыяльныя гідраэнергетычныя рэсурсы зямнога шара складаюць 3750 млн. кВт (32 900 млрд. кВт∙гадз) электраэнергіі за год, з іх каля 12 300 (37%) — тэхн. рэсурсы. Энергет. рэсурсы рэк Беларусі: патэнцыяльныя каля 1 млн. кВт (7,5 млрд. кВт∙гадз) выпрацоўкі электраэнергіі за год, тэхн. рэсурсы вызначаюцца ў 2,5—3 млрд. кВт∙гадз за год (30—40% ад патэнцыяльных).

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТАРЫ́ФМА [ад грэч. pan (pantos) усё + рыфма],

рыфма, заснаваная на суцэльнай сугучнасці не толькі канцавых, але і ўнутраных гукавых элементаў верша. Пашырана ў нар.-паэт. творчасці. У бел. паэзіі сустракаецца ў вершах Я.​Купалы, В.​Віткі, Р.​Барадуліна і інш.

За годам год, за родам род, Што хвалі хмар, што плесні вод Па зменах змен, на ўсход, на сход, За родам род, за годам год. (Я.​Купала. «За годам год») Верш, цалкам напісаны П., называецца пантарымам. Напр., «Рыфма пра каханне» Я.​Сіпакова:

Знай, дужы вецер, абы не злая дзея, —
Знайду — жывеце, рабыня, у зладзея.

М.​М.​Грынчык.

т. 12, с. 51

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЙЦАНО́СКАСЦЬ,

паказчык яечнай прадукцыйнасці с.-г. птушкі; колькасць яец, атрыманых ад яе за пэўны час (месяц, год і г.д.). Залежыць ад віду, пароды, спадчыннасці, індывід. асаблівасцей, узросту, умоў утрымання і кармлення птушкі. Куры пачынаюць яйцакладку ва ўзросце 4,5—6 мес, індычкі — у 6,5—8, качкі і гусі — у 8—10, цацаркі — у 6—7 месяцаў. Куры даюць 150—280 яец за год, качкі 120—220, індычкі 100—150, гусі 30—80, цацаркі 70—120 яец. Тэрмін гасп. выкарыстання птушак да 10 гадоў і больш. На працягу жыцця Я. змяняецца: найб. высокая ў першы год яйцакладкі, далей штогод зніжаецца на 10—15%. Гл. таксама Прадукцыйнасць сельскагаспадарчых жывёл.

т. 18, кн. 1, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́ДЖРА (араб. перасяленне),

пераезд Мухамеда з Меккі ў Медыну ў 622. У гонар гэтай падзеі год Х. абвешчаны пачаткам мусульм. летазлічэння, якое таксама наз. Х. У адпаведнасці з мусульм. месяцавым календаром у ліст. 1980 завяршыўся 1400 год Х. і пачалося 15 ст. Дата шырока адзначалася ў мусульм. свеце і была выкарыстана рэліг. арг-цыямі для ўзмацнення прапаганды ісламу.

т. 17, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРО́ГРАФ (ад гідра... + ...граф),

храналагічны графік штодзённых расходаў вады за пэўны перыяд у пэўным створы вадасцёку. Будуецца паводле звестак пра расход вады ў месцы назірання за сцёкам у вызначаны адрэзак часу. Адрозніваюць гідрограф разводдзя, паводкі, сезона, за каляндарны або гідралагічны год; бывае адзінкавы, абагульнены (разводдзя і паводкі), тыповы (за год). Служыць асновай для выдзялення крыніц жыўлення вадацёку. Выкарыстоўваецца ў гідратэхн. праектаванні і воднагасп. разліках.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІО́ННЫ СЦЁК,

вынас цякучымі водамі з вадазбору хім. злучэнняў, якія знаходзяцца ў вадзе ў выглядзе іонаў і складаюць асн. масу раствораных солей (кальцыю Ca​2+, магнію Mg​2+, натрыю Na​+, калію K​+, гідракарбанату HCO3​− карбанату CO3​2-, сульфату SO4​2-, хлору Cl​−) на працягу пэўнага часу. Велічыня І.с. выражаецца ў тонах (т/сут, т/мес, т/год). Сумарны І.с. у акіян 5,4 млрд. т/год.

т. 7, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)