БЕ́РЭНС ((Behrens) Петэр) (14.4.1868, г.Гамбург, Германія — 27.2.1940),
нямецкі архітэктар і мастак-канструктар; адзін з заснавальнікаў новай ням. архітэктуры. Вучыўся ў Карлсруэ і Дзюсельдорфе (1886—89). Дырэктар Маст.-прамысл. школы ў Дзюсельдорфе (1903—07), праф. Венскай (1922—36) і Берлінскай (1936—40) АМ. Удзельнічаў у дзейнасці мюнхенскага Сецэсіёна і ням.Веркбунда. У ранніх арх. творах спалучаў прасторавыя рашэнні ў духу «мадэрн» з геам. дакладнасцю планіровачнай структуры і дэкору (крэматорый каля Хагена, 1907). З 1909 працаваў пераважна ў прамысл. архітэктуры; творы адлюстроўвалі неакласіцыстычныя тэндэнцыі: ф-кі ў Берліне (1909—12), Обергаўзене (1921—25), Хёхстэ (1925—26), ням. пасольства ў Пецярбургу (1911—12). У апошніх работах імкнуўся да функцыянальнай абумоўленасці ў планіроўцы (тытунёвая ф-ка ў г. Лінц, 1932—36). У яго майстэрні працавалі Ле Карбюзье, В.Гропіус, Л.Міс ван дэр Роэ.
П.Берэнс. Турбінная фабрыка фірмы «АЭГ» у Берліне. 1909.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЮ́ЛАЎ ((Bülow) Бернхард Генрых Марцін фон) (3.5.1849, г.Гамбург, Германія — 28.10.1929),
германскі дзярж. дзеяч, дыпламат, князь (1905). Юрыст. З 1874 на дыпламат. службе. 1-ы сакратар пасольства ў Пецярбургу (1884—88), пасланнік у Румыніі (1888—93), пасол у Італіі (1893—97), дзярж. сакратар у Мін-ве замежных спраў (1897—1900). У 1900—09 канцлер Германскай імперыі і прэм’ер-міністр Прусіі. Патрабаваў «месца пад сонцам» для Герм. імперыі, дамагаўся павелічэння яе ваен. моцы (асабліва флоту), падтрымліваў аўстра-венг. кіраўніцтва ў час Баснійскага крызісу 1908—09 і інш. Ва ўнутр. палітыцы найб. вядомы ўвядзеннем у інтарэсах буйных аграрыяў высокага мытнага тарыфу на хлебныя прадукты, што выклікала іх падаражэнне. Зімой 1914—15 як пасол па асобых даручэннях у Рыме намагаўся дыпламат. сродкамі прадухіліць уступленне Італіі ў 1-ю сусв. вайну. Аўтар «Мемуараў» (т. 1—4. 1930—31).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛЬ ((Paul) Вольфганг) (10.8.1913, Лорэнцкірх, Германія — 7.12.1993),
нямецкі фізік. Чл.Герм. акадэміі прыродазнаўчых навук «Леапальдзіна» (1964). Скончыў Тэхн.ун-т у Берліне (1937). З 1937 ва ун-це г. Кіль, з 1944 у Гётынгенскім ун-це (з 1950 праф.), з 1952 у Бонскім ун-це (дырэктар Фіз. ін-та). Адначасова ў 1979—89 прэзідэнт Фонду імя А.Гумбальта. Навук. працы па фізіцы малекулярных пучкоў, фізіцы высокіх энергій, спектраметрыі. Распрацаваў эл.-магн. прыстасаванне для ізалявання і ўтрымлівання іонаў у малым аб’ёме свабоднай прасторы на працягу часу, неабходнага для даследвання іх уласцівасцей (іонная пастка, ці «пастка П.»). Прапанаваў метад раздзялення і назапашвання пры дапамозе іоннай пасткі іонаў рознай масы, які выкарыстоўваюць у прэцызійнай спектраскапіі. Адзін са стваральнікаў Ням. электроннага сінхратрона (1957; г.Гамбург). Нобелеўская прэмія 1989 (разам з Г.Дэмелтам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТ ((Kant) Герман) (н. 14.6.1926, г.Гамбург, Германія),
нямецкі пісьменнік. Скончыў Грайсфальдскі (1952) і Берлінскі (1956) ун-ты. Дэбютаваў зб.апавяд. «Крышку Паўднёвага мора» (1962). У раманах «Актавая зала» (1965), «Выхадныя звесткі» (1972), «Прыпынак у дарозе» (1977), зб-ках апавяд. «Парушэнне граніцы» (1975), «У дадатак да анкеты», «Трэці цвік» (абодва 1981), «Бронзавы век» (1986) тэмы фашызму і вайны, індывід. і калект. віны, жыцця пасляваен. Германіі. Яго творам уласцівы мазаічнасць структуры, насычанасць сімваламі-лейтматывамі, спалучэнне гумару і іроніі, сатыры і сарказму. На бел. мову асобныя творы К. пераклала Н.Мацяш. Нац. прэмія ГДР 1973.
Тв.:
Рус.пер. — Остановка в пути. М., 1979;
Объяснимое чудо: Рассказы. Очерки. М., 1982;
Актовый зал;
Выходные данные. М., 1987.
Літ.:
Леонова Е.А. Литературные реминисценции в романе Г.Канта «Остановка в пути» // Проблема традиций и взаимовлияния в литературах стран Зап. Европы и Америки XIX—XX вв. Нижний Новгород, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРМА́НЫ (ад сканд. northman паўночны чалавек),
агульная назва ў Зах. Еўропе народаў Скандынавіі і Даніі ў канцы 8 — сярэдзіне 11 ст., калі яны ажыццяўлялі шырокую экспансію. У самой Скандынавіі ўдзельнікаў марскіх гандл. і заваёўніцкіх паходаў называлі вікінгамі. Нарвежцы ўчынялі набегі пераважна ў Брытанію (з 8 ст.), засн. калоніі ў Ісландыі (каля 860), Грэнландыі (982), каля 1000 дасягнулі Паўн. Амерыкі. Датчане здзяйснялі паходы пераважна на кантыненце, разрабавалі Гамбург.(845), Парыж (845, 885, 886), у 840 дасягнулі Іспаніі і Міжземнамор’я. У 911 яны замацаваліся ў Паўн. Францыі, дзе засн. герцагства Нармандыя. Іх нашчадкі ў 2-й пал. 11 ст. заваявалі Англію (гл.Нармандскае заваяванне Англіі 1066) і Паўд. Італію, дзе засн.Сіцылійскае каралеўства. На Русі вядомы пад назвай варагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́МЕН (Bremen),
горад на ПнФРГ. Адм. ц. і асн ч. зямлі (адм. адзінкі) Брэмен. 551,6 тыс.ж. (1994). Буйны марскі порт на р. Везер за 130 км ад яе ўпадзення ў Паўн.м. Імпарт бавоўны, шэрсці, джуту, тытуню, кавы, збожжа, садавіны, лесаматэрыялаў, нафты, руд, экспарт прамысл. вырабаў, коксу, калійных солей. Чорная металургія, судна- і авіябудаванне, суднарамонт, нафтаперапрацоўка; эл.-тэхн. і радыёэлектронная, аэракасм., хім., тэкст., дрэваапр., харчасмакавая (перапрацоўка кавы, тытуню, збожжа, чаю, піваварэнне) прам-сць. Ун-т. Цэнтр турызму. Арх. помнікі 11—17 ст., у т. л. кафедральны сабор 11—13 ст., ратуша 1405—10.
У 787 утворана біскупства Брэемн (з 845 архібіскупства Гамбург-Брэмен). У 1186 Брэмен атрымаў ад герм. караля Фрыдрыха I Барбаросы гар. правы. З 1358 чл.Ганзы, з 1646 вольны імперскі горад. У 1815—1933 вольны горад. У 2-ю сусв. вайну база ВМФфаш. Германіі, разбураны. З 1949 цэнтр аднайм. зямлі ФРГ.
Да арт.Брэмен. Бюргерскія дамы 15—16 ст. на Гандлёвай плошчы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСКАРА́ЛЬНІК З СУСТРЭ́ЧНЫМІ ПУЧКА́МІ, калайдэр,
устаноўка, у якой ажыццяўляюцца сутыкненні сустрэчных пучкоў зараджаных часціц, паскораных эл. полем да высокіх энергій; адзін з паскаральнікаў зараджаных часціц. Ужываюцца паскаральнікі з сустрэчнымі электрон-пазітроннымі, электрон-пратоннымі, пратон-пратоннымі і пратон-антыпратоннымі пучкамі.
Бываюць цыклічныя (найб. пашыраны) і лінейныя. Маюць мішэнь — пучок часціц ад другога паскаральніка ці другі пучок ад гэтага ж паскаральніка; для павелічэння шчыльнасці пучкоў часціц — спец. накапляльныя кольцы, дае назапашваюцца і адна- ці шматразова сутыкаюцца зараджаныя часціцы. Найб, эфектыўна пераўтвараюць энергію паскораных зараджаных часціц у энергію спакою новых элементарных часціц. Напр., існуе паскаральнік, дае электроны (ці пазітроны) з энергіяй 30 ГэВ сутыкаюцца з пратонамі з энергіяй 800 ГэВ, у выніку могуць атрымлівацца часціцы з масай спакою да 300 ГэВ (гГамбург, Германія).
І.С.Сацункевіч.
Да арт.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі. Схема будовы лінейнага індукцыйнага паскаральніка: 1 — асяродак індуктара; 2 — абмотка ўзбуджэння; 3 — факусавальная шпуля; 4 — напрамак інжэкцыі паскораных электронаў.Да арт.Паскаральнікі з сустрэчнымі пучкамі: 1 — схема электрон-пазітроннага паскаральніка (HERA — вакуумны тунэль; PETRA — інжэктар электронаў); 2 — знешні выгляд элементаў магнітнага ланцуга паскаральніка (адхіляльныя магніты — белы колер, факусавальныя — блакітны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́САЎ ((Dessau) Паўль) (19.12.1894, г.Гамбург, Германія — 28.6.1979),
нямецкі кампазітар, дырыжор, скрыпач. Чл.Ням. акадэміі мастацтваў (1950), у 1957—62 яе віцэ-прэзідэнт. З 11 гадоў выступаў як скрыпач-віртуоз. У 1910—12 вучыўся ў кансерваторыі Кліндварта—Шарвенкі (Берлін). З 1912 канцэртмайстар і дырыжор оперных і драм. т-раў у многіх гарадах Германіі. У 1933 эмігрыраваў у Парыж, з 1939 у ЗША. З 1948 у ГДР. Супрацоўнічаў з У.Дыснеем, т-рам Б.Брэхта, пісаў музыку да яго оперных і драм. спектакляў. У сваіх творах новыя сродкі муз. мовы спалучаў з дакладнай жанравай, структурнай і інтанацыйнай вызначанасцю тэматызму, абумоўленай традыцыямі быт. музыкі. Нац. прэмія ГДР 1953, 1956, 1965, 1974.
Тв.:
Оперы (паст. ў Берліне) — «Асуджэнне Лукула» (1951), «Пунціла» (1966), «Ланцэлот» (паводле Я.Шварца, 1969), «Эйнштэйн» (1974), «Леонс і Лена» (1979) і інш.;
для хору і галасоў з арк. — араторыі «Хагада» (1936), «Нямецкае Мізэрэрэ» (1947);
кантаты;
для аркестра — 2 сімфоніі (1926, 1962), Варыяцыі на тэму І.С.Баха (1964), Дывертысмент для камернага арк. (1964), «Аркестравая музыка» № 1—4 (1955—73);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ КА́МЕРНЫ ХОР РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ.
Створаны ў 1988 у Мінску пры Бел. філармоніі як Мінскі камерны хор, з 1992 сучасная назва. Арганізатар, маст. кіраўнік і гал. дырыжор І.Мацюхоў. Асн. намаганні хору скіраваны на адраджэнне бел. духоўнай музыкі, выкананне лепшых твораў сусв.муз. класікі. У рэпертуары бел. гімны і канты 16—18 ст., творы бел. кампазітараў, у т. л. А.Багатырова, І.Лучанка, А.Туранкова, буйныя творы духоўнай музыкі айч. і замежных класікаў і сучасных кампазітараў: І.С.Баха, А.Вівальдзі, Г.Ф.Гендэля, Э.Грыга, А.Лоці, В.А.Моцарта, Д.Скарлаці, Дж.Расіні, Ф.Шуберта, І.Брамса, Г.Пёрсела, П.Хіндэміта, Г.Шутца, П.Чайкоўскага, П.Часнакова, Дз.Бартнянскага, А.Архангельскага, А.Грачанінава, С.Танеева, Р.Шчадрына, С.Сланімскага, Ю.Фаліка і інш. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў бел. кампазітараў С.Картэса, В.Капыцько, С.Бельцюкова, А.Бандарэнкі і інш. Выкананне адметнае тэхн. майстэрствам, чысцінёй інтанацыі, роўным гучаннем, глыбокім пранікненнем у змест твораў. Хор часта выступае ў канцэртах сумесна з Дзяржаўным камерным аркестрам Рэспублікі Беларусь, наладжвае дабрачынныя канцэрты, сродкі ад якіх пералічвае на карысць дзяцей, пацярпелых ад Чарнобыльскай катастрофы. У выкананні хору запісаны 2 кампакт-дыскі з праграмамі бел. і рус. духоўнай музыкі. Калектыў — удзельнік міжнар. фестываляў у Польшчы (1990, 1995), Нарвегіі (1991, 1992, 1995), Славакіі (1991, 1995), 25-х Агульнаням. дзён Евангельскай царквы ў Мюнхене (1993). З 1991 чл.Еўрап. федэрацыі камерных хароў (Гамбург).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНДЭЛЬСО́Н, Мендэльсон-Бартольдзі (Mendelssohn-Bartholdy) Якаб Людвіг Фелікс (3.2.1809, г.Гамбург, Германія —4.11.1847), нямецкі кампазітар, піяніст, арганіст, дырыжор, муз. дзеяч; адзін з прадстаўнікоў ням. рамантызму, заснавальнік лейпцыгскай школы. Музыцы вучыўся ў Л.Бергера (фп.) і К.Ф.Цэльтэра (кампазіцыя). З 1833 музік-дырэктар у Дзюсельдорфе, з 1835 дырыжор і кіраўнік аркестра Гевандхаўза. Заснавальнік першай ням. кансерваторыі (Лейпцыг, 1843). У творчасці спалучаў прынцыпы рамантызму з арганічным развіццём класічных традыцый. У яго музыцы яснасць і ўраўнаважанасць, элегічнасць тону, апора на быт. формы музіцыравання, інтанацыі ням. песеннасці і пратэстанцкага харалу спалучаюцца з маляўнічасцю аркестроўкі, трапяткой усхваляванасцю, прасветленай летуценнасцю. Адзін з заснавальнікаў рамант. сімфанізму, у т. л. жанру праграмнай канцэртнай уверцюры. Сярод твораў: оперы «Вяселле Камача» паводле М.Сервантэса (паст. 1827), «Вяртанне з чужыны» (паст. 1829), «Ларэлея» (паст. 1852, незак.), араторыі «Павел» (1836), «Ілія» (1846), «Хрыстос» (незак.), царк.хар. музыка, кантаты; 5 сімфоній (1824—42), у т. л. Італьянская (1833) і Шатландская (1842); 7 канцэртных уверцюр, у т. л. «Гебрыды, або Фінгалава пячора» (1830); 13 сімфоній для стр.арк. (1821—23); канцэрты з арк., у т. л. для фп. (1831, 1837), для скрыпкі (1844); камерныя ансамблі, у т. л. 4 фп., 7 стр. квартэтаў; творы для фп., у т. л. 48 «Песень без слоў» (1829—45), для аргана, у т. л. 6 санат; каля 60 хароў, больш за 100 песень; музыка да драм. спектакляў (у т. л. да п’есы «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра) і інш.