«БЕЛОРУ́ССКАЯ ПРА́ВДА»,

газета Палітаддзела РВС Зах. фронту. Выдавалася з 17.5 да 17.6.1920 у Смаленску на рус. мове як орган партызан-камуністаў. Выданне газеты было абумоўлена падрыхтоўкай летняга контрнаступлення Чырв. Арміі. Распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэрыторыі, акупіраванай польск. войскамі. Друкавала матэрыялы інфармацыйна-інструкцыйнага характару, нататкі пра ход партыз. барацьбы, вершы і сатыр. куплеты пра польск. захопнікаў і інш.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБНАРО́ДАВАННЕ ЗАКО́НУ,

давядзенне закону да ўсеагульнага ведама; афіцыйнае апублікаванне закону. Ажыццяўляецца органам, які прыняў закон, або кіраўніком дзяржавы ў вызначаныя дадзеным ці спец. законам тэрміны і ўстаноўленым парадку. У Рэспубліцы Беларусь законы і інш. акты, прынятыя Вярх. Саветам, публікуюцца ў «Ведамасцях Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь», перадаюцца праз сродкі масавай інфармацыі (газеты, тэлебачанне, радыё), сродкі сувязі.

А.​М.​Абрамовіч.

т. 1, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАДЗІЁМАЎ (Уладзімір Ільіч) (8.1.1924, мяст. Навабеліца, цяпер у межах Гомеля — 25.11.1983),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1958). Працаваў у прэсе, на Бел. радыё. У 1959—64 уласны карэспандэнт «Литературной газеты». Друкаваўся з 1943. Аўтар рамана пра жыццё рабочых-тэкстыльшчыкаў «Над Нёманам» (1955, новая рэд. 1957), дакумент. аповесці пра будаўнікоў Бярозаўскай ДРЭС «Белазерскі дзённік» (1963), нарысаў.

т. 6, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́НІЧАЎ (Валерый Мікалаевіч) (н. 3.8.1933, ст. Пестава Наўгародскай вобл., Расія),

рускі празаік, публіцыст. Д-р гіст. н. (1978). Скончыў Кіеўскі ун-т (1956). Працаваў гал. рэдактарам «Комсомольской правды» (1978—80). З 1981 гал. рэдактар «Роман-газеты», з 1994 старшыня СП Расіі. Нам. кіраўніка Рус. нар. сабора. Аўтар гіст. раманаў «Рос непераможны» (1985), «Флотаводзец», 1992), кн. публіцыстыкі «Рускія вёрсты» (1994).

С.​С.​Лаўшук.

т. 5, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КУРА́НТЫ»,

першыя рас. рукапісныя газеты ў 1600—1701. Складаліся ў невял. колькасці ў Пасольскім прыказе для інфармавання цара і Баярскай думы пра падзеі ў замежных краінах (дыпламат. зносіны, ваен. і ўнутрыдзярж. падзеі, копіі мірных дагавораў, прамовы каралёў, звесткі пра рэдкія прыродныя з’явы і інш.). Крыніцамі для іх складання былі замежныя друкаваныя матэрыялы, паведамленні рас. і замежных агентаў. Папярэднік рас. друкаванай газ. «Ведомости».

т. 9, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КРЕСТЬЯ́НСКАЯ ГАЗЕ́ТА»,

перыядычнае выданне; орган выканкома Савета сялянскіх дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ. Выдавалася ў чэрв.—ліст. 1917 у Мінску на рус. мове 2—3 разы ў тыдзень. З 20 нумара наз. «Крестьянская газета «Земля и воля». У склад рэдакцыі да канца ліп. ўваходзілі; адказны рэдактар М.​Фрунзе, І.​Макрэеў, Д.​Фейнберг (сакратар). Публікавала справаздачы і рэзалюцыі губ. і пав. з’ездаў сял. дэпутатаў, пастановы сялянскіх сходаў, пісьмы чытачоў і інш. Асвятляла паліт. становішча ў краіне, мясц. падзеі. Імкнулася растлумачыць сутнасць агр. палітыкі ў вёсцы, заклікала ствараць зямельныя камітэты. У перыяд знаходжання ў рэдакцыі Фрунзе змяшчала матэрыялы бальшавіцкага кірунку. У жніўні яе рэдактарам стаў адзін з мясц. лідэраў партыі эсэраў І.​Несцераў. Пасля падзей, звязаных з бальшавіцкім выступленнем 3—5.7.1917, асуджэнне якога прагучала на старонках газеты, значнае месца пачалі займаць ідэалаг. матэрыялы, скіраваныя супраць бальшавікоў (арт. К.​Брэшка-Брашкоўскай, В.​Чарнова і інш.). Выйшла 39 нумароў.

Літ.:

Калмыков А.Г. М.В. Фрунзе на посту редактора «Крестьянской газеты» // Рабочий класс России. его союзники и политические противники з 1917 г.: Сб. науч. тр Л., 1989.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 8, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭКЛА́МА (франц. réclame ад лац. reclamare крычаць),

інфармацыйнае паведамленне пра спажывецкія ўласцівасці тавараў і віды паслуг з мэтай прыцягнуць увагу спажыўцоў, стварыць попыт на іх; папулярызацыя твораў літаратуры, мастацтва і інш.

Р. існавала ўжо ў Стараж. Грэцыі і Рыме (аб’явы пісалі на драўляных дошках, гравіравалі на медзі ці косці, зачытвалі ў месцы збору народу). Друкаваная Р. (пач 17 ст.) звязана з імёнамі У.​Кэкстана (Англія) і Т.​Рэнадо (Францыя). Першае рэкламнае бюро ўзнікла ў Лондане (1611). Сучасныя сродкі Р.: друк (газеты, часопісы, бюлетэні, праспекты, буклеты і інш.), радыё, тэлебачанне, кіно, светлавыя аб’явы, кідкія шыльды і інш. Сярод друкаваных сродкаў Р. найб. вядомыя на Беларусі: даведнік «Бізнес—Беларусь», газеты «Из рук в руки», «Ва-банк», «Коммерсант ЭКСПО», «Экспресс-реклама», «Минск на ладонях», «Из первых рук», «Рекламное приложение» к газ. «Вечерний Минск» і інш. Р. займаюцца спец. фірма і агенцтвы. Найб. значныя з іх на Беларусі: «Рэмарк», «Фортэ», «Белая карона». Міжнар. сетка рэкламных агенцтваў прадстаўлена амер. агенцтвам «Грэй» (дзейнічае ў 153 краінах свету), англ. «Лео Бернет» (дзейнічае ў 147 краінах) і інш.

Т.​У.​Люковіч.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫВА́Я ГАЗЕ́ТА»,

тэатралізаваны паказ, заснаваны на паліт. газетным матэрыяле ці на мясц. надзённых фактах жыцця. Узнікла ў пач. 1920-х г. у клубнай маст. самадзейнасці Масквы з т.зв. «вуснай газеты» (чытанне ў голас інфарм. матэрыялаў з перыяд. друку). На ўзор «Ж.г.» ў далейшым складаліся праграмы «Сіняй блузы» (літ.-маст. мантаж, агляд, сатыр. сцэнкі, харавыя і танц. нумары). У пач. 20 ст. своеасаблівай «Ж.г.» была Докшыцкая батлейка Патупчыка.

т. 6, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МЫ И ВРЕ́МЯ»,

штотыднёвая грамадска-паліт. і інфарм. газета. Выдаецца з 1990 у Мінску на бел. і рус. мовах. З вер. 1991 незалежная левая газета, з ліст. 1996 орган КПБ. Паліт. пазіцыя газеты — адраджэнне СССР, пераарыентацыя грамадства на сацыяліст. шлях развіцця. Друкуе афіц. матэрыялы КПБ, руху «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць», інш. левых арг-цый, тэарэт. і публіцыст. артыкулы на актуальныя паліт. тэмы.

Л.​Я.​Школьнікаў.

т. 11, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«РЭ́ЙНСКАЯ ГАЗЕ́ТА»

(поўная назва «Rheinische Zeitung für Politik, Handel und Gewerbe», «Рэйнская газета па пытаннях палітыкі, гандлю і рамяства»),

штодзённая ням. газета ліберальнага кірунку, якая выдавалася 1.1.1842—31.3.1843 у г. Кёльн. З крас. 1842 супрацоўнікам, а ў кастр. 1842—17.3.1843 гал. рэдактарам газеты быў К.​Маркс. Друкавала матэрыялы апазіц. зместу ў адносінах да ўрада Прусіі, у т. л. арт. Маркса і Ф.​Энгельса. Закрыта прускімі ўладамі.

т. 13, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)