лістападныя лясы абласцей з мусонным кліматам, якія скідваюць лісце ў сухі сезон. Адрозніваюць вільготныя мяшаныя М.л., фларыстычны склад якіх параўнальна бедны (цік, сал, эўкаліпт, падлесак з вечназялёных відаў расліннасці, травяное покрыва самкнутае) і сухія монадамінантныя М.л., якія складзены з аднаго віду (салавыя, эўкаліптавыя і інш.). Пашыраны ў тропіках, трапляюцца ў субтрапічных і ўмераных шыротах (на Д. Усходзе, п-вах Індастан, Індакітай, у Паўн. і Паўн.-Усх. Аўстраліі, Цэнтр. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НГА ЎПА́ДЗІНА,
шырокае паніжэнне ў Цэнтр. Афрыцы, у Дэмакр. Рэспубліцы Конга. Дыям. каля 1000 км. Адпавядае сінеклізе Афрыканскай платформы, запоўненай магутнай тоўшчай стараж. і сучасных асадкавых парод (пясчанікі, сланцы, пясок, гліна). Плоскае днішча размешчана на выш. 300—500 м, акаймавана ступеньчатымі плато і пласкагор’ямі. Дрэніруецца р. Конга і рэкамі яе басейна. Гарачы, вільготны экватарыяльны і субэкватарыяльны клімат. Сярэднямесячныя т-ры ад 23 °C да 27 °C. Ападкаў да 2000 мм і больш за год. Вечназялёныя вільготныя і лістападныя лясы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКІ́ЗСКІЯ АСТРАВЫ́ (Îles Marquises),
архіпелаг у цэнтр.ч. Ціхага ак., у Палінезіі. Уладанне Францыі. Пл. 1274 км². Нас. 7,5 тыс.чал. (1988) — палінезійцы. Найб. буйныя а-вы — Нуку-Хіва і Хіва-Аа, вулканічнага паходжання, складзены з базальтаў, туфаў. Выш. да 1259 м. Клімат трапічны пасатны. Ападкаў каля 1000 мм за год на падветраных схілах і да 2500 мм на наветраных. Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя саванны. Вырошчваюць какосавыя пальмы, бавоўнік, бананы, каву. Рыбалоўства, лоўля жэмчугу. Турызм. Адм. цэнтр — г. Таіохаэ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛБА,
летні сорт яблыні канадскага паходжання; сеянец сорту Мекінтош ад свабоднага апылення. Раянаваны на Беларусі, акрамя Віцебскай вобласці, з 1967.
Дрэва сярэднярослае, крона шырокаавальная, сярэдняй гушчыні. Сорт сярэднезімаўстойлівы. Моцна пашкоджваецца паршой у вільготныя гады. На сеянцавых прышчэпах пладаносіць на 5—6-ы, на клонавых — на 3-і год. Плады сярэдняй велічыні (100—120 г), зеленавата-белыя з ярка-чырв. паласатым румянцам. Мякаць белая, сакавітая, далікатная, кісла-салодкая, з моцным прыемным пахам. Захоўваецца каля месяца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДАМА́НСКІЯ АСТРАВЫ́,
архіпелаг на Пн Індыйскага ак. паміж Бенгальскім зал. і Андаманскім морам. Працягласць з Пн на Пд 350 км. Частка саюзнай тэр. Індыі (Андаманскія і Нікабарскія астравы). Пл. 6,5 тыс.км². Самыя вял. а-вы: Паўн. Андаман, Сярэдні Андаман, Паўд. Андаман, М. Андаман. Андаманскія астравы — вяршыні падводнага горнага ланцуга на прадаўжэнні хр. Ракхайн (з вулканамі Барэн і Наркандам), месцамі акаймаваны рыфамі. Нізкагорны расчлянёны рэльеф, выш. да 732 м (г. Садл-Пік). Клімат трапічны, мусонны. Вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы. Адзіны горад — Порт-Блэр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬІ́НКА, Кабак армуд, Палаціўка,
сорт грушы нар. селекцыі. На Беларусі пашыраны на прысядзібных участках.
Дрэва моцнарослае, з шырокапірамідальнай раскідзістай кронай сярэдняй гушчыні. Плоданашэнне на 6—7-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, адносна ўстойлівы да бактэрыяльнага раку, у вільготныя гады пашкоджваецца паршой і пладовай гніллю. Плады сярэдняй велічыні (120 г), правільнай грушападобнай формы. Скурка шчыльная, пры паспяванні жоўта-зялёная з ружаватым румянцам на сонечным баку. Мякаць белая, сярэдняй шчыльнасці і сакавітасці, салодкая. Спажывецкая спеласць у пач. жніўня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСА́МСКІЯ ГО́РЫ, плато Шылонг, Мегалая,
нагор’е на ПнУ Індыі. Даўж. каля 350 км, выш. да 1961 м. Зах. частка Асамскіх гор расчлянёна на групы невысокіх купалападобных узвышшаў і гор са спусцістымі вяршынямі і глыбока ўрэзанымі рачнымі далінамі. Усх. частка — пласкагор’е са стромкімі паўд. схіламі. Складзены пераважна з гнейсаў, крышталічных сланцаў, гранітаў; схілы моцна эрадзіраваны. Радовішчы каменнага вугалю. Асамскія горы — адно з самых вільготных месцаў на зямным шары (да 12 тыс.мм ападкаў за год у Чэрапунджы). Вільготныя трапічныя лясы, хмызняковыя зараснікі. Чайныя і цытрусавыя плантацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНГРЭДЫЕ́НТЫў біялогіі,
віды раслін, якія часова належаць да раслінных згуртаванняў (фітацэнозаў) засушлівых абласцей (сухія стэпы, паўпустыні). Развіваюцца эпізадычна, у вільготныя гады магчыма масавае развіццё. Выкарыстоўваюць вільгаць ранняй вясной ці позняй восенню, калі кампаненты ці віды, які складаюць пастаянную аснову расліннага покрыва (прэваліды), толькі пачынаюць вегетацыю або заканчваюць яе. У засушлівыя гады перажываюць неспрыяльны перыяд у выглядзе насення, якое доўга захоўвае ўсходжасць. У двухгадовых раслін позняй восенню адрастаюць ліставыя разеткі, а ранняй вясной яны цвітуць і пладаносяць. Тыповыя І.: каласоўнік растапыраны, канюшына палявая, крупка вясенняя, клапоўнік пранізаналісты і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУСО́НЫ (франц. mousson ад араб. пара года),
устойлівыя сезонныя вятры над пэўнымі абласцямі Зямлі, напрамкі якіх рэзка мяняюцца на процілеглыя або блізкія да іх 2 разы на год (пры змене пор года). Распаўсюджваюцца на выш. да некалькіх кіламетраў. Гал. прычына М. — розніца цеплавога рэжыму над сушай і морам. Летнія вільготныя (акіянічныя) М. звычайна накіраваны з акіяна на сушу, зімовыя (кантынентальныя) — з сушы на акіян. Са зменай напрамку М. адбываецца змена сухім малавоблачным зімовым надвор’ем на вільготнае дажджлівае летняе. Адрозніваюць М. трапічныя (у бас. Індыйскага ак.) і пазатрапічныя (на Д. Усходзе).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКІЯ НАГО́Р’І,
група нагор’яў на З Азіі, што ўключае Малаазіяцкае нагор’е, Армянскае нагор’е, Іранскае нагор’е. Даўж. з З на У амаль 4 тыс.км; шыр. 600—1500 км. Агульная пл. больш за 3,5 млн.км². Унутр.ч. П.н. заняты пласкагор’ямі выш. да 2000 м, якія часта не маюць знешняга сцёку і акаймаваны ўскраіннымі гарамі (выш. да 4000 м). Знешнія, больш вільготныя, схілы гор укрыты лясамі і хмызнякамі, унутр. схілы і пласкагор’і маюць пустынна-стэпавыя рысы. Пераважаюць ландшафты сухіх субтропікаў, на Пд — сухіх тропікаў, на знешніх схілах — вільготных субтропікаў.