СУБ’ЕКТЫВІ́ЗМ,

светапоглядная ці метадалагічная пазіцыя, якая адмаўляе аб’ектыўны падыход да пазнання рэчаіснасці, ігнаруе аб’ектыўны ход прыродных ці грамадскіх працэсаў. Характарызуецца абсалютызацыяй ролі суб’екта ў розных сферах дзейнасці, найперш у пазнанні. У гісторыі філасофіі прадстаўнікі С. — Дж.​Берклі, Д.​Юм, І.​Фіхтэ; элементы С. прысутнічаюць у вучэнні І.​Канта, у шэрагу філас. кірункаў канца 19—20 ст. (філасофія жыцця, прагматызм, экзістэнцыялізм і інш.). Філас. канцэпцыі С. абвяшчаюць абсалютную аўтаномію свядомасці, волі і дзейнасці суб’екта, часам адмаўляюць абумоўленасць паводзін людзей аб’ектыўнай рэчаіснасцю. У сферы пазнання сац. рэальнасці С. выяўляецца ў свядомым ці несвядомым падпарадкаванні даследавання каштоўным і ідэалагічным перавагам даследчыка; на эмпірычным узроўні пазнання С. — выбар фактаў для абгрунтавання загадзя прызнанай іерархіі каштоўнасцей. Часам С. прыводзіць да дагматызму і прэтэндавання пэўнай асобы ці сац. групы на валоданне абсалютнай ісцінай. У сац. практыцы С. служыць абгрунтаваннем валюнтарызму. Паліт. С. выяўляецца ў прыняцці рашэнняў на аснове адвольных установак, у ігнараванні грамадскіх заканамернасцей. Ў сферы міжасобасных адносін С. грунтуецца на суб’ектыўных фактарах сімпатыі і антыпатыі без уліку дзелавых і маральных якасцей асобы.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСТРАПТО́З (ад гастра... + птоз),

апушчэнне страўніка ніжэй за нармальнае яго месцазнаходжанне. Адрозніваюць гастраптоз канстытуцыянальны (ад нараджэння, або прыроджаны) і набыты. Прычынай канстытуцыянальнага бывае слабае развіццё падтрымліваючага звязачнага і мышачнага апарата страўніка, набытага — яго аслабленне ці расцяжэнне пры працяглых цяжкіх фіз. нагрузках, рэзкім схудненні арганізма, паўторных цяжарнасцях. Выяўляецца непастаянным адчуваннем цяжару пад лыжачкай у верт. становішчы, уздуццямі жывата, адрыжкамі. Зрэдку ўзнікае неабходнасць хірург. лячэння.

т. 5, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАТАЛІ́ЗМ (ад гетэра... + грэч. thallos галінка, атожылак),

раздзельнаполавасць у ніжэйшых раслін, якая выяўляецца ў фізіял. і генет. адрозніванні полаў без марфал. розніцы мужчынскіх і жаночых асобін. Выяўлены ў мукоравых грыбоў (1904). Пры гетэраталізме ў апладненні ўдзельнічаюць толькі клеткі, якія адрозніваюцца па вызначаных фактарах несумяшчальнасці і ўтвораныя на розных таломах. Часта тэрмін «гетэраталізм» выкарыстоўваюць шырэй — раздзельнаполавасць усіх раслін. Гл. таксама Гоматалізм.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),

псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.

т. 6, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРАФІ́ЧНЫ (ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ) ПАДЗЕ́Л ПРА́ЦЫ,

прасторавая дыферэнцыяцыя працоўнай дзейнасці ў працэсе развіцця грамадства. Выяўляецца ў вытв. спецыялізацыі асобных эканам. узаемазвязаных тэр. утварэнняў (краін, раёнаў, цэнтраў і інш.), у развіцці міжраённай кааперацыі, абмену спецыялізаванай прадукцыяй і паслугамі. Цесна звязаны з эканам., сац., прыроднымі, нац.-гіст. асаблівасцямі розных тэрыторый (гл. таксама Размяшчэнне вытворчасці, Геаграфія прамысловасці, Геаграфія працоўных рэсурсаў, Геаграфія сусветнай гаспадаркі, Сацыяльна-эканамічная геаграфія, Геаграфія сельскай гаспадаркі і інш.).

т. 5, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫТЭ́ЗА (ад грэч. antithesis процістаўленне) у літаратуры, стылістычная фігура, супастаўленне кантрастных або процілеглых з’яў і паняццяў, якое ўтварае адзінае структурна-лагічнае цэлае. Семантычны кантраст звычайна перадаецца пры дапамозе антонімаў з выкарыстаннем рытмічнага і сінтаксічнага паралелізму (напр., «лепей з разумным згубіць, чым з дурнем знайсці»). На аснове антытэзы будуюцца і вял. эпічныя творы, што выяўляецца ў іх назвах — «Вайна і мір» Л.​Талстога, «Агонь і снег» І.​Шамякіна.

т. 1, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАТРЫЯМІКО́З [ад грэч. botrys гронка + мікоз(ы)],

хранічная інфекц. хвароба коней, радзей буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней з групы мікозаў. Узбуджальнік — мікраскапічны грыбок Botryomyces assoformans (жыве на сене, саломе, у гнаі), пранікае ў арганізм праз пашкоджаную скуру або вывадныя пратокі тлушчавых і потавых залоз. Трапляецца амаль па ўсім зямным шары, у т. л. на Беларусі. Батрыямікоз выяўляецца запаленчым пухлінападобным разрастаннем фібрознай злучальнай тканкі скуры, мышцаў, лімфатычных вузлоў.

т. 2, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫШЫ́ННАЯ ХВАРО́БА, горная хвароба,

паталагічны стан арганізма, абумоўлены знаходжаннем у разрэджаным паветры на вял. вышынях; у дачыненні выпадкаў знаходжання ў горных мясцовасцях наз. горнай хваробай. Развіваецца як вынік кіслароднага галадання (гл. Гіпаксія). Выяўляецца задышкай, сэрцабіццем, галавакружэннем, пачашчэннем пульсу, галаўным болем, мышачнай слабасцю, шумам у вушах, насавымі крывацёкамі, магчымыя парушэнні сардэчнай дзейнасці і страта прытомнасці. Лячэнне: паступовы спуск з вышыні, кісларод, тэрапеўтычныя прэпараты — абязбольвальныя, узбуджальныя.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДАКТАГЕНІ́Я,

негатыўны псіхічны стан вучня, выкліканы парушэннем пед. такту з боку выхавальніка (настаўніка, трэнера). Выяўляецца ў фрустрацыі, страху, прыгнечаным настроі і інш. Адмоўна ўплывае на дзейнасць вучня, ускладняе міжасобасныя адносіны. У аснове ўзнікнення Д. — псіхічная траўма, атрыманая вучнем па віне педагога. Д. можа стаць прычынай неўрозаў. Каб прадухіліць узнікненне Д., педагог павінен імкнуцца да макс. тактоўнасці ў абыходжанні, улічваць узроставыя і індывідуальна-псіхал. асаблівасці вучняў.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСПНО́Э (ад дыс... + грэч. pnoē дыханне),

расстройства вонкавага дыхання. Выяўляецца рознай ступенню парушэння частаты, амплітуды і рытму дыхальных рухаў ад лёгкіх (на мяжы фізіял. варыяцый) да цяжкіх (задышка, дыханне перыядычнае, апноэ і інш.). Першаснае Д. ўзнікае як праяўленне дэфектаў у сістэме рэгуляцыі дыхання або выканаўчых органаў дыхання; другаснае — як ускладненне інфекц., абменных або траўматычных пашкоджанняў дыхальнага цэнтра, нерв. шляхоў, бронхалёгачнага апарату, грудной клеткі, дыяфрагмы.

т. 6, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)