ГЕАТЭРМІ́Я, геатэрміка (ад геа... + грэч. thermē цяпло),
раздзел геафізікі, які вывучае цеплавы стан нетраў і цеплавую гісторыю Зямлі. Даследуе цеплавое поле Зямлі, размеркаванне т-р і крыніц цеплавой энергіі нетраў, шчыльнасць цеплавой плыні з глыбінь ла паверхні, змяненні цеплавога стану Зямлі з моманту яе ўзнікнення да сучаснасці.
Т-ра рэчыва Зямлі павышаецца з глыбінёй і залежыць ад цеплавой плыні, што паступае з верхняй мантыі ў падэшву зямной кары і пры распадзе доўгажывучых радыеактыўных элементаў (пераважна ізатопаў урану, торыю, калію). Найб. вывучанае цеплавое поле верхняй ч. зямной кары, дзе магчымы непасрэдныя вымярэнні т-ры ў свідравінах (да глыб. 6—10 км). Аб т-ры больш глыбокіх нетраў мяркуюць паводле ўскосных звестак — т-ры вулканічных лаў і некат. геафіз. паказчыках. Цеплавое поле Зямлі характарызуецца шчыльнасцю цеплавой плыні, якая вызначаецца паводле велічыні геатэрмічнага градыента і каэфіцыента цеплаправоднасці горных парод. Геатэрмія цесна звязана з тэктонікай, геадынамікай і тэрмадынамікай, абапіраецца на даныя планеталогіі. Геатэрмічныя даследаванні выкарыстоўваюцца пры вывучэнні геал. будовы і геадынамічнай актыўнасці рэгіёнаў Зямлі, пры пошуках і эксплуатацыі радовішчаў нафты, газу і інш. карысных выкапняў.
Геатэрмія як галіна геафізікі адасобілася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя вымярэнні шчыльнасці цеплавой плыні ў Еўропе зрабіў Э.Булард (Вялікабрытанія), на тэр. СНД — А.А.Любімава.
На Беларусі адзінкавыя замеры т-ры ў свідравінах рабілі з 1928. У 1965 Х.В.Багамолаў арганізаваў высокадакладныя вымярэнні т-ры ў свідравінах і вывучэнне цеплавых уласцівасцей горных парод і цеплавой плыні на ўсёй тэр. краіны, якія прадаўжаюцца ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі (П.П.Атрошчанка, Л.А.Цыбуля і інш.).
Літ.:
Богомолов Г.В., Цыбуля Л.А., Атрощенко П.П. Геотермическая зональность территории БССР. Мн., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНСІМЕ́ТРЫЯ [ад лац. densus (densi) шчыльны, густы + ...метрыя],
сукупнасць метадаў вымярэння шчыльнасці цвёрдых і вадкіх цел. Для цвёрдых цел у лабараторнай практыцы выкарыстоўваюць гідрастатычнае ўзважванне; шчыльнасць вадкасцей вызначаюць арэометрамі, пікнометрамі і інш. прыладамі; у прам-сці шчыльнасць вымяраюць з дапамогай розных аўтам. шчыльнамераў, прынцып дзеяння якіх заснаваны на бесперапынным узважванні пэўных аб’ёмаў вадкасці, вымярэнні ціску слупа вадкасці пэўнай вышыні, скорасці распаўсюджвання ультрагуку, рассеянні γ-прамянёў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДАМІ́Н ((Condamine) Шарль Мары дэ ла) (28.1.1701, Парыж — 4.2.1774),
французскі астраном, геадэзіст і падарожнік. Чл. Парыжскай АН (1760). Ганаровы чл. Пецярбургскай, Берлінскай і інш. акадэмій. У 1733—43 прымаў удзел у Перуанскай экспедыцыі па вымярэнні дугі мерыдыяна даўж. больш як 3° у Андах. Гэта вымярэнне разам з вынікамі работ Лапландскай экспедыцыі (1735—44) паслужыла асновай для дакладнага вызначэння сплюшчанасці Зямлі. Склаў параўнальна дакладную карту р. Амазонка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЯСКАПІ́Я (ад крыя...+ ...скапія),
фізіка-хім. метад даследавання вадкіх раствораў нелятучых рэчываў. Заснаваны на вымярэнні высокаадчувальнымі тэрмометрамі ці тэрмапарамі паніжэння т-ры замярзання раствору ў параўнанні з т-рай замярзання чыстага растваральніку. Метад прапанаваны франц. вучоным Ф.Раулем у 1882—88. Выкарыстоўваюць для вызначэння малекулярнай масы растворанага рэчыва, ступені дысацыяцыі слабых электралітаў, тэрмадынамічнай актыўнасці растваральніка і растворанага рэчыва, саставу раствораў, чысціні арган. рэчываў. Гл. таксама Эбуліяскапія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКУУММЕ́ТР,
прылада для вымярэння ціску газаў, ніжэйшага за атмасферны. Падзяляюцца на абсалютныя (напр., вадкасныя, дэфармацыйныя, кампрэсійныя) і адносныя (радыеметрычныя, цеплавыя, іанізацыйныя). Кожны тып вакуумметра разлічаны на вымярэнні ў пэўных межах ціску. Выкарыстоўваюцца ў энергетыцы, электроніцы, вакуумнай металургіі, хім. і харч. прам-сці.
Абсалютныя вакуумметры вымяраюць ціск непасрэдна; іх паказанні не залежаць ад роду газу. У вадкасных вакуумметрах вымераны ціск (рознасць ціскаў) ураўнаважваецца ціскам слупа вадкасці. Дзеянне кампрэсійных вакуумметраў заснавана на Бойля—Марыёта законе У рэфармацыйных вакуумметрах ціск вымяраецца па дэфармацыі адчувальнага элемента (сільфон, мембрана і інш.). Адносныя вакуумметры вымяраюць фіз. велічыні, залежныя ад ціску газу; градуіруюцца па абсалютных узорных вакуумметрах; іх паказанні залежаць ад роду газу. Прынцып дзеяння радыеметрычных вакуумметрах заснаваны на радыеметрычным эфекце, цеплавых — на цеплаабмене напаленай металічнай ніці, іанізацыйных — на вымярэнні сілы іоннага току; крыніца іанізацыі — паток электронаў ад напаленага катода, α- або β-часціцы.
М.І.Дудо.
Вакуумметры: а — вадкасны з адкрытым каленам; б — мембранны; в — дыяпазоны вымярэння ціску; Pв — вымерны ціск; Pап — апорны ціск; 1 — пругкая мембрана; 2 — нерухомая пласціна; 3 — ізалятар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),
галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.
Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14∙10−5м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс.вымярэнні з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАЛО́ГІЯ МАРСКА́Я,
навука аб складзе, будове і геал. гісторыі часткі Зямлі, пакрытай водамі Сусв. акіяна. Даследуе працэсы і паслядоўнасць утварэння асадкаў і парод, якія складаюць паверхню і нетры марскога і акіянскага дна, а таксама прымеркаваныя да іх карысныя выкапні. Выкарыстоўвае даследаванні і інструментальныя вымярэнні з дапамогай геафіз. апаратуры, падводнага свідравання і вадалазных работ са спец. абсталяваных суднаў, буравых платформаў і інш., таксама метады даследаванняў і вымярэнняў, якія прымяняюцца на сушы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭ́ЗІЯ (ад геа... + грэч. daiō дзялю, падзяляю),
навука аб вызначэнні формы, памераў, гравітацыйнага поля Зямлі, вымярэнні аб’ектаў мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, правядзення праектна-вышукальных работ інж. прызначэння. Цесна звязана з астраноміяй, геаграфіяй, геафізікай, картаграфіяй і інш. Падзяляецца на вышэйшую геадэзію (вывучае форму і гравітацыйнае поле Зямлі, тэорыю і метады пабудовы апорнай геад. сеткі) і ўласна геадэзію (распрацоўвае спосабы вымярэнняў, якія выкарыстоўваюцца ў інж. справе). Раздзел геадэзіі, які ўключае тэхналогію і арганізацыю вымярэнняў на мясцовасці з мэтай стварэння картаў і планаў, адносяць да тапаграфіі. Інжынерная геадэзія вывучае комплекс геад. работ, што выконваюцца пры праектаванні, буд-ве і эксплуатацыі гідратэхн., трансп., прамысл., гар. і сельскіх збудаванняў. Касмічная геадэзія на аснове назіранняў штучных спадарожнікаў вывучае форму Зямлі і метады вызначэння каардынат геадэзічных пунктаў на зямной паверхні. Для выканання геад. работ на мясцовасці ўжываюцца спец.геадэзічныя прылады і інструменты. Асноўныя геафіз., тапагр., фотаграмметрычныя, картаграфічныя работы на Беларусі выконваюць Мінскае ВА «Аэратапагеадэзія», Мінская картаграфічная фабрыка.
Геадэзія ўзнікла за некалькі тысячагоддзяў да н.э., калі з’явілася неабходнасць правядзення вымярэнняў на зямлі і складання планаў і картаў у гасп. мэтах. Прасцейшыя геад.вымярэнні былі вядомы ў Вавілоне, Асірыі, Егіпце, Грэцыі, Кітаі, Індыі і Рыме. З 18 ст. вядуцца градусныя вымярэнні для вызначэння формы і памеру Зямлі і інш.
На Беларусі геад. работы ў 19 ст. выконвалі М.Глушневіч і І.Ходзька. І.І.Жылінскі быў нач. трыянгуляцыі зах.тэр. Расіі, кіраваў градусным вымярэннем дугі паралелі 52°паўн. шыраты. Па матэрыялах аэрафотаздымкі складзены дробнамаштабныя карты тэр. ўсёй краіны. Вял. ўклад у тэорыю і практыку інж. вылічэнняў зрабілі вучоныя Беларусі А.А.Дражнюк, І.В.Зубрыцкі, І.І.Купчынаў, Я.Г.Ларчанка, Д.А.Куляшоў, С.М.Лебедзеў, В.Ю.Мінько, В.В.Папоў, А.А.Саламонаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТЫТЭРМО́ГРАФ (ад грэч bathys глыбокі + тэрмограф),
прылада, якая фіксуе т-ру і глыбіню вады з борта судна. Вымярае т-ру ад -2 да 30 °C, глыб. апускання 2—200 м, стандартная глыб. адбору проб 10, 15, 25, 50, 75, 100, 150, 200 м. Прынцып дзеяння заснаваны на вымярэнні дэфармацый пругкіх адчувальных элементаў, што ўзнікаюць пры змене ціску і т-ры з глыбінёй. Існуе батометр-батытэрмограф, які аўтаматычна рэгіструе т-ру вады і глыбіню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАВІТАЦЫ́ЙНЫ КАРАТА́Ж,
метад геафіз. даследаванняў у буравых свідравінах, заснаваны на вымярэнні паскарэння сілы цяжару. Выкарыстоўваецца для вывучэння саставу горных парод і карысных выкапняў, вызначэння размяшчэння рудных цел і шчыльнасці горных парод, ціску і інш. Выконваецца з дапамогай спец.гравіметраў, якія апускаюць у свідравіны. Неабходныя звесткі аўтаматычна перадаюцца ў наземны пункт кіравання і рэгістрацыі праз інтэрвалы 50—70 м. Па выніках вымярэння будуюцца графікі змены паскарэння сілы цяжару, верт. градыента сілы цяжару і інш.