А́КТАН, Эктан (Acton) Джон Эмерык Эдуард Дальберг (Dalberg; 10.1.1834, Неапаль — 19.6.1902),
англійскі ліберальны гісторык і паліт. дзеяч. У 1859—65 член парламента, лорд. Праф. (з 1895) Кембрыджскага ун-та. Католік па веравызнанні, Актан лічыў гал. у гіст. працэсе развіццё ідэй, якія засн. на рэліг. вераванні. Прыхільнік канстытуцыйнай манархіі і памяркоўных рэформаў. Працы па праблемах сярэднявечча і новай гісторыі аб’яднаны ў зб-кі «Гісторыя свабоды і іншыя эцюды», «Гістарычныя эцюды і даследаванні» (абедзве 1907), «Царква і дзяржава» (1953) і інш. Ініцыятар выдання шматтомнай «Кембрыджскай новай гісторыі».
т. 1, с. 209
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКІ СЦЯГ»,
штомесячны грамадска-паліт. і літ. часопіс, орган урада Беларускай Народнай Рэспублікі. Выдаваўся ў крас.—вер. 1922 у Каўнасе на бел. мове. Рэдактар-выдавец К.Дуж-Душэўскі. Гал. мэта выдання — абарона бел. дзяржаўнасці, павышэнне грамадскай свядомасці, умацаванне волі да барацьбы шляхам асвятлення ўсіх бакоў бел. жыцця. Разглядаў з нац.-дэмакр. пазіцый паліт. і грамадскія падзеі ў Зах. Беларусі, Польшчы, Літве, Латвіі і БССР, узнімаў пытанні вызв. руху і будучыні бел. народа. Публікаваў артыкулы па праблемах барацьбы за адраджэнне і незалежнасць Беларусі. Выйшлі 4 нумары.
Г.М.Зелянова.
т. 2, с. 457
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«І́СКРЫ СКАРЫ́НЫ»,
гісторыка-публіцыстычны часопіс. Выдаваўся ў 1931—35 у Празе на бел. мове Бел. (Крывіцкім) культ. т-вам імя Ф.Скарыны. У аснове выдання ідэі пераемнасці духоўнай спадчыны Скарыны з сучаснымі праблемамі паліт.-дзярж. і культ. развіцця, імкнення бел. народа да ўласнага і самабытнага шляху развіцця. Надаваў вял. значэнне нац. культуры як першааснове культуры агульначалавечай, развіццю нац. самасвядомасці беларусаў, асабліва ва ўмовах асіміляцыйнага ўздзеяння інш. этнасаў, падкрэсліваў важную ролю інтэлігенцыі як выразніка і гаранта духоўнай жыццяздольнасці нацыі. Асвятляў пытанні бел. гістарыяграфіі, геральдыкі, нац. традыцый.
А.К.Каўка.
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПЮ́РА (франц. coupure ад couper рэзаць, адразаць),
1) скарачэнне або пропуск асобных частак тэксту пры яго публікацыі. К. называецца таксама апушчаная частка тэксту (у тэксце пазначаецца адпунктоўкай). К. робяць, як правіла, складальнікі ці рэдактары публікацыі з мэтай пазбегнуць паўтораў інш. дакументаў, змешчаных у выданні, або выключэння частак, якія не маюць адносін да тэмы, задач і мэт выдання ці немэтазгодныя з-за канцэптуальных і метадалагічных установак.
2) Абазначэнне вартасці (намінальнай вартасці) папяровых грошай, банкнотаў, каштоўных папер — акцый ці аблігацый, а таксама самі гэтыя грошы, банкноты, каштоўныя паперы або аблігацыі.
Ю.У.Несцяровіч.
т. 9, с. 39
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАРТЫЗА́НСКАЯ ДУБІ́НКА»,
сатырычны лісток, выданне ЦК КП(б)Б у Вял. Айч. вайну. Выходзіла з 22.3.1942 да сак. 1943 на бел. і рус. мовах у прыфрантавой паласе (апошнія нумары — у Маскве); да ліст. 1942 выданне газ. «За свабодную Беларусь». Рэд. І.Д.Гурскі. Лісток заклікаў сав. людзей да барацьбы з ворагам, змяшчаў сатыр. вершы, байкі, памфлеты, карыкатуры. Сярод удзельнікаў выдання бел. пісьменнікі П.Броўка, П.Глебка, К.Крапіва, П.Панчанка, К.Чорны і інш., мастакі І.Ахрэмчык, Я.Зайцаў, У.Мінаеў і інш. Выйшла 17 нумароў.
т. 12, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЦАВА Ніна Іларыёнаўна (8.8.1925, в. Глінішча Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. — 16.1.1943),
удзельніца камсам. падпольнай арг-цыі «Маладая гвардыя» ў г. Краснадон Луганскай вобл. (Украіна) у Вял. Айч. вайну. З 1937 жыла ў Краснадоне. З пач. вайны ў падполлі, з кастр. 1942 чл. «Маладой гвардыі», удзельніца шматлікіх дыверсій, выдання і распаўсюджання лістовак. У ліст. 1942 напярэдадні 25-годдзя Кастр. рэвалюцыі з падпольшчыкамі вывесіла чырв. сцягі на шахце і будынку бальніцы. 12.1.1943 арыштавана, мужна трымалася на допытах. Акупанты жывой скінулі яе ў 50-метровы шурф шахты.
т. 15, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУ́ВЭ Васіль Васілевіч (2.2.1889, С.-Пецярбург — 15.9.1965),
савецкі гісторык-усходазнавец. Акад. АН СССР (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1911), вучыўся ў Берліне. З 1916 выкладаў у Пецярбургскім ун-це, у 1918—33 заг. Егіпецкага аддзела Эрмітажа. Дырэктар Ін-та этнаграфіі (1937—40), Ін-та ўсходазнаўства АН СССР (1941—50). Даследаваў сац.-эканам. рабаўладальніцкія структуры стараж.-ўсх. грамадстваў, гісторыю і культуру Стараж. і эліністычнага Егіпта, Шумера, Вавілоніі, Асірыі, Ірана, Палесціны, Урарту, Паўн. Прычарнамор’я. Аўтар працы «Гісторыя Старажытнага Усходу» (1941). Адзін з ініцыятараў выдання Сав. гіст. энцыклапедыі.
т. 15, с. 207
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯНО́ЎСКАЯ Софія Аляксандраўна (31.1.1896, г. Пружаны Брэсцкай вобл. — 24.10.1966),
расійскі філосаф, логік і матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1935), праф. (1931). Скончыла Ін-т чырв. прафесуры ў Маскве (1929). З 1930 у Маскоўскім ун-це (з 1959 заг. кафедры). Навук. працы па філасофіі, матэматычнай логіцы, метадалогіі і гісторыі матэматыкі. Зрабіла значны ўклад у развіццё матэм. логікі. Разам з інш. падрыхтавала да выдання працу К.Маркса «Матэматычныя рукапісы» (выд. 1968).
Тв.:
Передовые идеи Н.И.Лобачевского — орудие борьбы против идеализма в математике. М., 1950;
Методологические проблемы науки. М., 1972.
т. 18, кн. 1, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АДРАДЖЭ́ННЕ»,
бел. кааператыўна-выдавецкае т-ва. Існавала ў Мінску ў крас. — снеж. 1922. Засн. Акад. цэнтрам Наркамасветы БССР для выдання твораў маст. л-ры і падручнікаў для бел. школ. Выдала зб-кі вершаў «Дудка беларуская» і «Смык беларускі» Ф.Багушэвіча (у адной кнізе), «Спадчына» Я.Купалы, «Водгулле» Я.Коласа, «Пад родным небам» З.Бядулі, паэму «Босыя на вогнішчы» М.Чарота, «Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры. Старадаўні перыяд» М.Янчука, падручнікі, альманах «Адраджэнне» і інш. Мела кнігарню ў Мінску, вяло продаж бел. кніг у Маскве, Гомелі і інш. гарадах Беларусі. Рэарганізавана ў выд-ва «Савецкая Беларусь».
т. 1, с. 134
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГО́ЛОС МИНУ́ВШЕГО»,
расійскі гіст.-літ. часопіс ліберальна-народніцкага кірунку. Выдаваўся ў 1913—23 у Маскве на рус. мове. Да 1919 выходзіў штомесяц, потым нерэгулярна (усяго 65 нумароў). Друкаваў: даследаванні і матэрыялы па рас. і ўсеагульнай гісторыі, археалогіі, літаратуразнаўстве; мемуары, запіскі, дзённікі і пісьмы сучаснікаў; анатацыі на новыя гіст. і літ. працы; партрэты гіст. дзеячаў і інш. Сярод супрацоўнікаў выдання быў У.І.Пічэта. Пасля закрыцця часопіса сав. Ўладамі С.П.Мельгуноў і частка б. супрацоўнікаў выдавалі за мяжой у 1923—25 час. «На чужой стороне» (Берлін—Прага), у 1926—28 — «Голос минувшего на чужой стороне» (Парыж).
т. 5, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)