БЕЛАРУ́СКІ ГУМАНІТА́РНЫ АДУКАЦЫ́ЙНА-КУЛЬТУ́РНЫ ЦЭНТР (БГАКЦ) Міністэрства адукацыі і навукі Рэспублікі Беларусь, установа, мэтай якой з’яўляюцца навучанне, выхаванне і перадпрафесійная падрыхтоўка будучых дзеячаў бел. культуры і навукі. Засн. 28.11.1990 па ініцыятыве Мін-ва адукацыі і Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны. У структуры цэнтра гуманітарны ліцэй (з 1991), метадычны, выдавецкі, кінатэлевізійны і вытворчы аддзелы.
Ліцэй мае дзённае, нядзельнае (школьнікі) і вячэрняе (дарослыя) аддзяленні. На дзённае аддзяленне прымаюцца школьнікі пасля 7 класаў агульнаадук. школы. Тэрмін навучання 4 гады. На 1-м і 2-м курсах вучні атрымліваюць базавую адукацыю, на 3-м і 4-м — сярэднюю. Пашырана вывучаюцца гісторыя Беларусі, бел. мова, яе гісторыя і культура, геаграфія Беларусі і краязнаўства, замежная мова, агульная геаграфія, а таксама бел. этнаграфія, фальклор, гісторыя бел. дойлідства, выяўл. мастацтва, муз. культуры, асновы рэлігіязнаўства, права, паліталогіі, традыц. логіка, лац. мова, культура вуснай мовы.
Цэнтр рыхтуе і выдае навуч. і метадычныя дапаможнікі, здымае навуч. фільмы. У 1992 адчынены філіялы цэнтра ў Брэсце, Гомелі, Гродне, Магілёве, Светлагорску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ІЛІЯ́ДА»,
старажытнагрэчаская эпічная паэма, аўтарства якой (разам з «Адысеяй») прыпісваюць Гамеру. Узнікла, відаць, у 9—8 ст. да н.э. ў Іоніі на аснове паданняў пра Траянскую вайну (13 ст. да н.э.). Напісана гекзаметрам (каля 15700 вершаў). У 3—4 ст.ант. філолагі падзялілі яе на 24 песні. Як і «Адысея», верагодна, доўгі час бытавала ў вуснай форме. «І.» апавядае пра асаду грэкамі-ахейцамі г. Іліён (Троя). Яе кампазіцыя і сюжэты падпарадкаваны паэтыцы гераічнага эпасу: паход выкліканы выкраданнем траянцам Парысам Алены, жонкі ахейскага цара Менелая. Цэнтр. сюжэт паэмы — гнеў гал. героя Ахіла, абдзеленага прадвадзіцелем паходу Агамемнанам (Ахіл адмаўляецца ўдзельнічаць у бітве, пакуль ад рукі траянца Гектара не гіне яго сябар Патрокл). Ахіл забівае Гектара ў паядынку, а паэма заканчваецца апісаннем трызны па Патроклу і Гектару. На бел. мову ўрывак з «І.» пераклаў Ю.Дрэйзін, цалкам — Б.Тарашкевіч (захаваліся ўрыўкі).
Публ.: Бел.пер. — у кн.: Тарашкевіч Б. Выбранае. Мн., 1991.; Рус.пер. — Илиада; Одиссея. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРА́ЛЬНАЯ ЛЕ́КСІКА,
лексіка, якая абслугоўвае ўсе стылі мовы. Складае аснову слоўнікавага складу вуснай і пісьмовай мовы. Да Н.л. адносяцца словы розных часцін мовы: назоўнікі, прыметнікі, дзеясловы, прыслоўі, займеннікі, лічэбнікі (усе), злучнікі і інш., акрамя выклічнікаў. Н.л. не мае стылістычнай і экспрэсіўнай афарбоўкі і служыць фонам стылістычнай кваліфікацыі лексікі, што ў лексікаграфіі абазначаецца спец. паметамі (разм., кніжн., навук. і інш.). Нейтральныя словы суадносяцца са словамі інш. стыляў мовы: «біць» і размоўнае «таўчы», «лупіць»; «ваенны» і ўстарэлае, высокае «ратны». Паміж Н.л. і лексікай, замацаванай за пэўнымі стылямі мовы, не існуе рэзкай мяжы. Мнагазначныя словы ў адным значэнні могуць выступаць як нейтральныя, у другім — як замацаваныя за пэўным стылем мовы; у кантэксце нейтральныя словы набываюць пэўную стылістычную ці экспрэсіўную афарбоўку: «Дарога па лесе была разбітая і гразкая. Шафёр баяўся сесці і тры доўгія кіламетры стагнаў: — Тут сярод ночы сядзеш-пакукуеш» (І.Шамякін).
Літ.:
Лексікалогія сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Мн., 1994;
Беларускае слова ў тэксце і ў сістэме мовы. Мн., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРТО́ЎНЫЯ ПЕ́СНІ,
разнавіднасць пазаабрадавай сац.-бытавой лірыкі вуснайнар. творчасці. У іх высмейваюцца адмоўныя з’явы ў сямейна-бытавым і грамадскім жыцці (лянота, нядбайнасць, прагнасць, п’янства, нявернасць, несумленнасць і інш.). Гал. персанажы — муж і жонка, дзед і баба, хлопец і дзяўчына. Ж.п. малююць канкрэтныя тыпы, падкрэсліваючы і перабольшваючы іх заганы, надаюць ім абагульненасць. Нярэдка ў песнях гучыць аўтаіронія, што сведчыць пра духоўнае здароўе народа (напр., песня «Чаму ж мне не пець»), Характарыстыка героя ўспрымаецца не як публічнае самавыкрыццё, што мяжуе з самапрыніжэннем, а як усведамленне правільнасці нар. ідэалу. Высмейванне адмоўных якасцей ставіла адну мэту — сцвердзіць дабро. Асобную групу складаюць т.зв. песні-небыліцы або небывальшчыны. У дзіцячым рэпертуары пашыраны Ж.п. алегарычнага зместу, іх персанажы — звяры, птушкі, насякомыя. Часам яны дыдактычныя. Шмат песень жартоўнага характару ў каляндарнай і сямейна-абрадавай паэзіі, але іх не вылучаюць у асобныя жанравыя групы.
Публ.:
Жартоўныя песні. Мн., 1974.
Літ.:
Гілевіч Н.С. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 63—68;
Фядосік А.С. Трапным народным словам. Мн., 1971. С. 150—169;
Беларуская народнапаэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 367—375.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСТАМО́ЎЕ,
1) вусна-размоўныя словы, выразы, іх варыянты і формы, якія выкарыстоўваюцца ў літаратурнай мове як стылістычны сродак зніжанай, грубаватай характарыстыкі прадметаў, вобразаў, з’яў. Напр., «абармот», «выскаляцца», «перціся на ражон», «раней яна прыгажэй была» і інш. 2) Разнавіднасць нацыянальнай мовы, якой уласцівы вусна-размоўныя словы, выразы, формы і якой карыстаюцца як сродкам непасрэдных вусных моўных зносін.
Для П. характэрны: неафіцыйнасць моўных зносін, экспромтнасць, адсутнасць папярэдняга абдумвання тэмы размовы і адбору адпаведных моўных сродкаў, першаснасць вуснай формы рэалізацыі мовы. П. ў якасці стыліст. сродкаў жартаўлівага, гумарыст., іранічнага, сатыр. адлюстравання рэчаіснасці ўваходзіць у склад літ. мовы, можа выкарыстоўвацца пры пэўных абставінах усімі яе носьбітамі і ўтварае разрад літ. П. (напр., «абібок», «канючыць»). Словы і выразы, што адрозніваюцца ад літ. адпаведнікаў націскам, асобнымі гукамі, форма- і словаўтваральнымі сродкамі, як ненарматыўны моўны элемент служаць сродкам стварэння эфекту зніжанасці маўлення, стылізацыі і ўтвараюць разрад пазаліт. П. (напр., «магазін», «іграць на піяніне»).
Літ.:
Цікоцкі М.Я. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1976;
Юрэвіч А.К. Стылістыка беларускай мовы. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯРБА́ (Вера) (сапр.Сакалова Гертруда Пятроўна; н. 14.1.1942, в. Высокі Гарадзец Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1964). Працавала ў рэдакцыі газ. «Літаратура і мастацтва» (1972—77), час. «Беларусь» (1980—83). Друкуецца з 1948. Маладосць і каханне, пачуцці мацярынства, роздум над гісторыяй бацькоўскай зямлі, складанымі і супярэчлівымі праблемамі сучаснасці — асн. матывы лірыкі паэтэсы (зб. «Вочы вясны», 1962, «Белыя пісьмы», 1967, «Высакосны год», 1969, «Альфа», 1978, «Яраслаўна», 1986, і інш.). Паэзія Вярбы рамантычна ўзнёслая, летуценная, не пазбаўленая рэаліст. матываў і вобразаў. Творча пераасэнсоўвае паэтыку і вобразнасць вуснайнар. творчасці. Аўтар ліра-эпічнай паэмы «Каліна» (1968), прысвечанай В.Харужай і яе паплечнікам, паэмы «Сіняя бухта» (1975) пра сцежкі маленства, родны край, паэм «Падаліст» (1975, пра гісторыю Мінска, лёс свайго народа), «Снежная горка» (1976) і інш. Верш Вярбы «Ручнікі» стаў папулярнай песняй (муз. М.Пятрэнкі). Піша і для дзяцей (зб. «Пралеска», 1968). Пераклала на бел. мову аповесць Р.Фраермана «Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне» (1975).
Тв.:
Выбранае. Мн., 1976;
Мая маленькая планета. Мн., 1982;
Белыя пісьмы: Вершы, паэмы. Мн., 1987;
Апошні верасень: Выбранае. Вершы і паэмы. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́КІ МО́ВЫ,
найдрабнейшыя непадзельныя адзінкі вуснай мовы, што выконваюць функцыю адрознення і атаясамлівання гукавых абалонак слоў. Не з’яўляючыся носьбітамі значэння, гукі мовы фарміруюць слыхавы вобраз марфемы, слова, выказвання, якія дзякуючы замацаваным за імі ў свядомасці носьбітаў мовы лексічным і грамат. значэнням дазваляюць ажыццяўляць моўную сувязь.
У анатама-фізіял. плане гукі мовы вызначаюцца становішчам сукупнасці органаў мовы (артыкулятараў) у час іх вымаўлення (гл. ў арт.Артыкуляцыя). У акустычным плане — гэта перыядычныя і неперыядычныя гукавыя хвалі, што накладваюцца адна на адну або чаргуюцца ў часе і ўтвараюць бесперапынную моўную плынь. Дыскрэтнасць (раздзельнасць) гукаў мовы вызначаецца зменай крыніцы гуку (квазіперыядычнай, шумавой, імпульсна-шумавой, яе адсутнасцю), якая згладжваецца зменай рэзанатараў (аб’ёму поласцей рота, носа і глоткі). У залежнасці ад крыніцы і функцыі ў складзе гукаў мовы падзяляюцца на галосныя гукі і зычныя гукі (выбухныя, фрыкатыўныя, афрыкатыўныя і плаўныя). На аснове здольнасці адрозніваць марфемы і словы ўся разнастайнасць гукаў мовы аб’ядноўваецца ў адносна невял. групу фанем, што дае магчымасць носьбітам мовы ўспрымаць фізічна нятоесныя гукі з розных фанет. пазіцый як адзін і той жа гук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬЦКІЯ МО́ВЫ,
група моў, якія адносяцца да індаеўрапейскай сям’і моў (гл.Індаеўрапейскія мовы). У 1-м тыс. да н.э. былі пашыраны ў Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ірландыі, Іспаніі, Паўн. Італіі. Пазней зона іх распаўсюджання значна скарацілася. Паводле геагр. прыкметы падзяляюць на кантынент. і астраўныя. Іх вылучаюць у 3 падгрупы: гальскую (гальская, кельтыберская, лепантыйская), гайдэльскую (ірл., гэльская, мэнская) і брыцкую (валійская, корнская, брэтонская). Мэнская, корнская, кельтыберская, лепантыйская і гальская — мёртвыя мовы; ірландская мова — дзярж. мова Ірландыі (разам з англ.); валійская ўжываецца ў перыёдыцы і на радыё, выкладаецца ў школах (разам з англ.); брэтонская і гэльская мовы — сукупнасць рэгіянальных дыялектаў без устойлівай пісьмовай літ. нормы і ўжываюцца ў вуснай форме. Некат. асаблівасцямі К.м. збліжаюцца з італійскімі мовамі.
Стараж. К.м. былі флектыўнымі, для сучасных характэрны аналіт. тып марфалогіі. У фанетыцы розныя камбінаторныя змяненні гукаў (галосных і зычных), інкарпарацыя, спрашчэнне канцавых складоў, сілавы націск, спецыфічнае ўжыванне аддзеяслоўных назоўнікаў, цвёрды парадак слоў. Першыя пісьмовыя помнікі кантынент. К.м. датуюцца прыблізна 5—1 ст. да н.э. (надпісы на камянях, графіці на вазах, этрускае пісьмо і інш.), астраўных — 4—11 ст. (агамічныя надпісы, глосы і інш.). Вывучае К.м. кельталогія.
Літ.:
Льюис Г., Педерсен Х. Краткая сравнительная грамматика кельтских языков: Пер. с англ.М., 1954.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЛЕЛІ́ЗМу літаратуры,
аднародная сінтаксічна-кампазіцыйная пабудова аднатыпных элементаў паэтыкі (з’яў, вобразаў, матываў і інш.), якія супастаўляюцца паміж сабой і размяшчаюцца паралельна ў двух ці трох сумежных сказах, радках, строфах; адна са стылістычных фігур. У некат. сваіх формах П. бывае блізкі да параўнання, але ў адрозненне ад яго не толькі супастаўляе з’явы, а выконвае і кампазіц. функцыю. Здаўна пашыраны ў вуснайнар. творчасці (быліны, песні, прымаўкі, прыказкі), засвоены пісьмовай л-рай (на ім у многім заснаваны паэт. стыль Бібліі).
Выдзяляюць П.: псіхалагічны (суаднясенне з’яў чалавечага жыцця са з’явамі прыроды): «Над ракою ў спакою // Зацвітала каліна; // У сяле за ракою // Вырастала дзяўчына; // Да зялёнай каліны // Прылятала зязюля; // Да дзяўчыны-каліны // Удаваўся Януля» (Я.Купала. «Над ракою ў спакою...»); сінтаксічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх радкоў); страфічны (аднолькавая сінтакс. будова суседніх строф); адмоўны (адмаўленне падкрэслівае не розніцу, а блізкасць асн. адзінак супастаўляемых з’яў, прадметаў): «Не лясы шумяць, // Не дубравы гамоняць, // Плача бацька, маці: // На паход, бач, звоняць» (М.Чарот «Атаман»). Па аналогіі са славесна-вобразным, або сінтакс., П. гавораць пра славесна-гукавы (алітэрацыя, рыфма), рытмічны (страфа і антыстрафа ў стараж.-грэч. лірыцы), кампазіцыйным (паралельныя сюжэтныя лініі ў рамане) П. і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТЭРАТУ́РА ЛЮДО́ВА»
(«Literatura Ludowa», «Народная літаратура»),
навукова-літаратурны ілюстраваны часопіс; орган Польскага этнагр.т-ва. Выходзіць на польск. мове 1 раз у 2 месяцы (у 1957—68 у Варшаве, з 1972 у Вроцлаве). Змяшчае навук. даследаванні па пытаннях фалькларыстыкі, этналогіі, культуры. Публікуе справаздачы навук. сходаў т-ва, міжнар. кангрэсаў славістаў, даследчыкаў антрапалагічных і этнагр. навук, вуснайнар. творчасці розных народаў, міжнар. фестываляў фальклору, працы замежных вучоных і інш. Беларусі і яе сумежжу прысвечаны працы М.Гайдука «Беларускія загадкі» (1960, № 2/3), Р.Вайцяхоўскага «Песні беларускага народа ў зборы Федароўскага і польская народная песня», М.Канапацкага «Элементы фальклору татар на польска-беларуска-літоўскім сумежжы» (абедзве 1963, №1), А.Абрэмбскай-Яблонскай «Рэдакцыйная праца над рукапісамі Міхала Федароўскага» (1964, № 4/6), І.Гутарава «Беларуская фалькларыстыка (1945—1965)» (1966, № 1), Я.Саламевіча «Беларуская фалькларыстыка XIX і XX ст.» (1967, № 1/3), М.Шаховіча «Народная загадка ва ўмовах польска-беларускага культурнага сумежжа» (1991, № 1/6), З.Вуйціка «Філамацкі пераклад Карана для навагрудскіх татар» (1995, № 3) і інш. Друкуе рэцэнзіі на працы бел. і польска-бел даследчыкаў А.Аксамітава, В.Бандарчыка, М.Чурак, Я.Чачота, М.Янкоўскага і інш. Артыкулы забяспечаны рэзюме на англ. мове. Крыніцы падаюцца на мове арыгінала. Выйшаў 42 том (1998).