1) рух восі ўласнага вярчэння цвёрдага цела, пры якім яна апісвае кругавую канічную паверхню.
Складаецца з уласнага вярчэння цела з вуглавой скорасцю Ω вакол восі OZ (O — нерухомы пункт) і вярчэння вакол восі OZ1 з вуглавой скорасцю
(ψ — вугал П.; гл.Эйлеравы вуглы). Адначасова могуць адбывацца нутацыйныя ваганні цела, пры якіх мяняецца вугал нутацыі θ (гл.Нутацыя). Калі ў час руху велічыні θ, Ω, ω пастаянныя, то П. наз. рэгулярнай; пры гэтым вось ΟΖ апісвае вакол восі ΟΖ1 прамы кругавы конус.
2) П. ў астраноміі — павольны рух восі вярчэння Зямлі па кругавым конусе, вось якога перпендыкулярная да плоскасці зямной арбіты, з перыядам поўнага абароту ≈ 26 000 г. З’ява П. Зямлі адкрыта Гіпархам і растлумачана І.Ньютанам. Яна абумоўлівае павольнае зрушэнне пунктаў веснавога і асенняга раўнадзенстваў, перамяшчэнне полюсаў свету паміж зоркамі, змену экватарыяльных і экліптычных каардынат нябесных цел. Адначасова з П. адбываюцца нутацыйныя ваганні зямной восі. Гл. таксама Гіраскоп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАВІТО́К АНЬЕ́ЗІ,
плоская алгебраічная крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах
, дзе a — дыяметр утваральнай акружнасці з цэнтрам у пункце (0; a/2). Мае асімптоту — вось Ox; максімум дасягаецца ў пункце (0; a); плошча паміж крывой і асімптотай S = Πa2. Назва ад прозвішча італьян. матэматыка М.Аньезі, які вывучаў яе (1748).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНТАВА́Я ПАВЕ́РХНЯ,
паверхня, якая апісваецца лініяй, што аварочваецца вакол нерухомай восі з пастаяннай вуглавой скорасцю і адначасова рухаецца паступальна ўздоўж гэтай жа восі з пастаяннай скорасцю. Вінтавая паверхня, якая апісваецца прамой, наз. гелікоідам. Уласцівасць усякай вінтавой паверхні перамяшчацца па самой сабе выкарыстоўваецца ў тэхніцы (напр., для стварэння чарвячных перадач).
Вінтавая паверхня: 1 — агульнага выгляду, 2 — гелікоід (OO′ — нерухомая вось; L — лінія, пры дапамозе якой утвараецца вінтавая паверхня).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРОЦІЗЗЯ́ННЕ,
слабае свячэнне, якое назіраецца на начным небе ў месцы, дыяметральна процілеглым Сонцу. Абумоўлена рассеяннем сонечнага святла пылавымі часцінкамі міжпланетнага асяроддзя. Мае форму эліпса, вял.вось якога накіравана ўздоўж экліптыкі. Сярэднія вуглавыя памеры (6—8°) х (10—13°). Сярэдні кантраст над фонам начнога неба 10—12% (макс. — 20%). Форма, памеры і яркасць залежаць ад сонечнай актыўнасці. Найлепшыя ўмовы назірання вясной і восенню. Гл. таксама Задыякальнае святло.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,
падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл.Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).
Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл.Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл.Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).
Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУПЫ́ШКАў раслін,
зародак парастка. Мае кароткую вось (сцябло) з конусам нарастання на верхавінцы і шчыльна размешчанае на восі зародкавае лісце, якое ўкрывае вось і адно аднаго (вегетатыўная П.), або мае, акрамя таго, зародкі кветак і суквеццяў (генератыўная П.). Вонкавыя лісцевыя органы ахоўваюць унутр. мерыстэматычную ч. ад высыхання і пашкоджвання і ўтвараюць у П. цёмную вільготную камеру. Кветкавая П., што мае 1 кветку, наз.бутонам. Адрозніваюць верхавінкавыя (тэрмінальныя) П. — забяспечваюць рост парастка ў даўжыню, і бакавыя (пазушныя) — забяспечваюць галінаванне і развіццё сістэмы парасткаў. У шматгадовых раслін П. перажываюць перыяд спакою, які звычайна звязаны з неспрыяльнымі ўмовамі, і з надыходам цёплага або вільготнага сезона даюць парасткі (П. ўзнаўлення). Спячыя П. захоўваюць жыццяздольнасць на працягу гадоў і пры пашкоджанні ч. ствала і галін, якія знаходзяцца вышэй, з іх развіваюцца т.зв. вадзяныя парасткі, часта у выглядзе пнёвых парасткаў. Гэтая ўласцівасць выкарыстоўваецца пры фарміраванні кроны пладовых і дэкар. дрэў. З прыдаткавых П. на каранях утвараюцца каранёвыя атожылкі. Многія П. служаць для вегетатыўнага размнажэння, а т.зв. вывадкавая П. (напр., у брыяфілуму) — для жыванараджэння ў жывародных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЕРА́ЦЫЯ СВЯТЛА́ў астраноміі,
змена бачнага становішча свяціла на нябеснай сферы, абумоўленая канечнай скорасцю святла і ўзаемным перамяшчэннем крыніцы святла і назіральніка пры руху Зямлі ў прасторы. Адрозніваюць векавую аберацыю святла, выкліканую рухам Сонечнай сістэмы ў Галактыцы, гадавую — абарачэннем Зямлі вакол Сонца, сутачную — уласным вярчэннем Зямлі. Найб. значную аберацыю святла (гадавую) адкрыў англ. астраном Дж.Брадлей (1725). Яна выклікае перамяшчэнне відарыса свяціла па эліпсе, вял.вось якога паралельна плоскасці экліптыкі і роўная прыблізна 20,5″.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́БЕДЗЬ (лац. Cygnus),
сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Найб. яркая зорка Дэнеб (α Л.) 1-й зорнай велічыні; з зоркамі β, γ, δ і ε Л. яна ўтварае фігуру крыжа, доўгая вось якога выцягнута ўздоўж паласы Млечнага Шляху. У Л. выяўлены 2 крыніцы рэнтгенаўскага выпрамянення — Cyg X-1 i Cyg X-2, першая з якіх, магчыма, звязана з чорнай дзірой. З тэр. Беларусі Л. відаць вясной, летам і восенню. Гл.Зорнае неба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАТНІ́Ку тэхніцы,
рухомае аўтаматычнае прыстасаванне (клапан), якое накіроўвае паток рабочай вадкасці, пары або газу ў патрэбны канал шляхам свайго зруху адносна адпаведных адтулін (акон). Бываюць каробчатыя, цыліндрычныя і кранавыя. Выкарыстоўваюцца ў цеплавых, гідраўлічных, пнеўматычных машынах і механізмах, у сістэмах гідрааўтаматыкі і інш. З. наз. таксама паветраны незваротны клапан аўтамаб. шыны.