ГРУНТАВЫ́Я ВО́ДЫ,

безнапорныя або слабанапорныя падземныя воды. Звычайна размяшчаюцца ў першым ад паверхні пастаянна існуючым ваданосным гарызонце, які падсцілаецца воданепранікальным слоем. Глыб. залягання, хім. састаў і рэжым залежаць ад геал. будовы, рэльефу, клімату, глебавага і расліннага покрыва мясцовасці. Асн. крыніца жыўлення грунтавых вод — атм. ападкі, а таксама падток падземных вод з напорных ваданосных гарызонтаў у далінах рэк. У лясных, лесастэпавых і стэпавых раёнах пашыраны прэсныя або слабамінералізаваныя, у сухіх стэпах, паўпустынях і пустынях пераважаюць салёныя грунтавыя воды. На Беларусі сярэдняя глыб. залягання грунтавых вод 10—15 м, у паніжэннях (поймы рэк, балоты) да 0,5 м, нярэдка яны змыкаюцца з паверхневымі водамі. Выкарыстоўваюцца для водазабеспячэння, у с.-г. вытв-сці, буд-ве і інш.

т. 5, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл. Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.

добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.

М.​С.​Капора.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́РСТАВЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў трэшчынах, порах, каналах і інш. карставых поласцях у карбанатных або галагенных пародах. Адрозніваюцца ад інш. падземных вод тым, што расшыраюць свае шляхі руху за кошт растварэння парод. Фарміраванне К.в. адбываецца ў выніку інфільтрацыі атм. вод і паглынання паверхневых вадатокаў. У падземнай цыркуляцыі К.в. вылучаюць 3 зоны: пранікнення вады з паверхні па каналах і трэшчынах, вагання ўзроўню з перыядычным запаўненнем поласцей, пастаяннага насычэння вадой. К.в. ўтвараюць крыніцы з вял., але пераменным дэбітам, падземныя рэкі і азёры невял. памераў.

В.​І.​Бучурын.

т. 8, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НІЯ ВО́ДЫ, Сіняя Вада, Сінюха,

левы прыток Паўд. Буга ў Кіраваградскай і Мікалаеўскай абл. Украіны. Даўж. 111 км, пл. басейна 16 725 км². На беразе С.В. у 1362 войска вял. кн. ВКЛ Альгерда разбіла мангола-татар. Гл. Бітва каля Сініх Вод 1362.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Каўказскія Мінеральныя Воды 4/402; 5/517—518, 596; 6/217; 8/668

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЖО́ЎТЫЯ ВО́ДЫ,

горад на Украіне, у Днепрапятроўскай вобл., на р. Жоўтая. 63,9 тыс. ж. (1991). Чыг. ст. Прам-сць: горна-здабыўная (жал. руда), прыладабуд. (з-д «Электрон», Паўд. радыёзавод), лёгкая (ф-ка штучнага футра) і харчовая. Засн. ў канцы 19 ст., горад з 1957. Месца бітвы ўкр. войска Б.Хмяльніцкага з авангардам войск Рэчы Паспалітай (1648).

т. 6, с. 440

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЕ́БАВЫЯ ВО́ДЫ,

намнажэнне падземных вод у адносна воданепранікальных слаях, што залягаюць у межах глебавай тоўшчы і гідраўлічна не звязаны з грунтавымі водамі, якія ляжаць ніжэй. Знаходзяцца ў глебе ў вадкай і цвёрдай фазе (лёд), формах, якія адрозніваюцца паводле ступені рухомасці і даступнасці для раслін. Асн. запасы вільгаці, што выкарыстоўваюцца раслінамі, утварае свабодная вада. Яна запаўняе глебавыя поры і здольная перамяшчацца з іх пад уплывам сілы цяжару і капілярных сіл (гл. Глебавы раствор). Значная колькасць вільгаці знаходзіцца ў парападобным стане (перамяшчаецца па порах глебы ў складзе глебавага паветра). Частка вільгаці знаходзіцца ў звязаным стане, у маладаступнай для раслін форме.

т. 5, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

горад ў Стаўрапольскім краі Расіі, цэнтр Мінералаводскага р-на, за 170 км на ПдУ ад Стаўрапаля. Размешчаны ў Перадкаўказзі, на паўд.-ўсх. ускраіне Стаўрапольскага ўзв., у даліне р. Кума. Засн. ў 1878 у сувязі з буд-вам Растова-Уладзікаўказскай чыгункі як пас. Султанаўскі. З 1920 горад. Нас. 75,1 тыс. ж. (1996). Трансп. вузел. Чыг. станцыя (электрыфікаваныя чыгункі на курорты Пяцігорск, Есентукі, Кіславодск, Жалезнаводск). Аэрапорт, які абслугоўвае курорты Каўказскіх Мінеральных Вод. Прадпрыемствы па абслугоўванні чыг. транспарту, грамадз. авіяцыі, быт. абслугоўванні насельніцтва. Харч. прам-сць (маслазавод, з-д па вытв-сці жэлаціну, спіртзавод, мясакамбінат); вытв-сць буд. матэрыялаў.

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́РГІЕЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеагразевы курорт у Расіі, за 12 км на Пн ад г. Сергіеўск Самарскай вобл. Адкрыты ў 1833. Асн. прыродныя лек. фактары: мінер. сульфатна-гідракарбанатныя кальцыева-магніевыя воды і сульфідная глеевая гразь. Лечаць захворванні органаў руху і апоры, кровазвароту, нерв. сістэмы, скуры і гінекалагічныя. Санаторый, бальнеа- і гразелячэбніцы, курортная паліклініка.

т. 14, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРО́ЗАЎСКІЯ МІНЕРА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ,

бальнеалагічны курорт на Украіне. За 25 км на З ад г. Харкаў. Клімат умерана кантынентальны, з мяккай зімой, цёплым, сухім летам, вял. колькасцю сонечных дзён. Крамяністыя гідракарбанатныя кальцыева-натрыева-магніевыя воды (мінералізацыя 0,76 г/л), вядомыя з 1862, выкарыстоўваюць на пітное лячэнне хвароб страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевых шляхоў, мачавых шляхоў, парушэнняў абмену рэчываў.

т. 3, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)