Камянецкая вежа 1/238; 2/274; 3/6; 5/362; 8/514; 9/41

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,

помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.

М.​А.​Ткачоў.

Камянецкая вежа.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАНАПО́РНАЯ ВЕ́ЖА,

збудаванне ў сістэме водазабеспячэння для выраўноўвання работы помпавых станцый, стварэння запасу вады, рэгулявання яе напору і расходу ў водаправоднай сетцы. Складаецца з рэзервуара (пераважна з жалезабетону або сталі), апорных канструкцый (з жалезабетону, сталі, часам цэглы), ахоўнага шатра (ад замярзання), труб для падачы і адводу вады. Ёмістасць рэзервуара да некалькіх тысяч кубічных метраў, вышыня вежы да 25 м і болей. Абсталёўваецца пераліўнымі прыстасаваннямі (прадухіляюць перапаўненне рэзервуара), сістэмамі сігналізацыі і замеру ўзроўню вады. Некат. воданапорныя вежы з’яўляюцца помнікамі архітэктуры (напр., гродзенскія воданапорныя вежы).

Жалезабетонная воданапорная вежа: 1 — бак; 2 — ахоўны шацёр; 3 — апора.

т. 4, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКАЯ ВЕ́ЖА.

Існавала ў 13 — 1-й пал. 19 ст. ў Брэсце (Берасці). Пабудавана ў 1276—88 на дзядзінцы стараж. Берасця валынскім кн. Уладзімірам Васількавічам, які валодаў горадам у 2-й пал. 13 ст. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе як «столп высотою яко Каменецкий». Адносілася да тыпу манум. абарончых вежаў, прызначаных для адбіцця атак з выкарыстаннем каменямётных машын. Пазней уваходзіла ў абарончую сістэму Берасцейскага замка. На планах 18—19 ст. прамавугольная (5,9×6,3 м), таўшчыня сцен каля 1,3 м, вышыня каля 20 м. Была складзена з брусковай цэглы на вапнавай рошчыне. Верагодна, выява Берасцейскай вежы змешчана на гар. гербе 1554. Разабрана ў 1831 у сувязі з буд-вам Брэсцкай крэпасці.

т. 3, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,

помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Камянецкі стоўп, гл. Камянецкая вежа

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,

умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.​А.​Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.

Літ.:

Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст. Мн., 1978.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕРАЎНО́ЎСКІ КАСЦЁЛ БЛАГАВЕ́ШЧАННЯ,

помнік архітэктуры готыкі і рэнесансу. Засн. ў 1590 М.​К.​Радзівілам і Г.​Э.​Вішнявецкай у в. Дзераўная Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1-й пал. 17 ст., у 2-й пал. 17 ст. прыбудавана цагляная вежа. Рэстаўрыраваўся ў пач. 18 ст., вежа заменена новай.

Мураваны 1-нефавы 1-вежавы храм з 5-граннай апсідай накрыты высокім 2-схільным дахам. Да апсіды з бакоў прымыкаюць прамавугольныя сакрысціі. 3-ярусная вежа на гал. фасадзе (ніжнія ярусы чацверыковыя, верхні — 8-гранны) накрыта высокім шатром. Сцены ўмацаваны рытмічна размешчанымі вертыкальнымі контрфорсамі. Вокны з паўцыркульнымі завяршэннямі. Унутры неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі. Асн. памяшканне злучана з апсідай арачным праёмам.

А.​А.​Ярашэвіч.

Дзераўноўскі касцёл Благавешчання.

т. 6, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІЛО́НСКАЕ СТОЎПАТВАРЭ́ННЕ,

біблейскі міф пра спробу людзей пабудаваць пасля сусветнага патопу ў зямлі Сенаар (Месапатамія) горад і вежу да нябёс (гл. Вавілон, Вавілонская вежа). Разгневаны дзёрзкасцю людзей, Бог, паводле Бібліі, «змяшаў іх мовы» так, што тыя перасталі разумець адзін аднаго, і «рассеяў іх па ўсёй зямлі, і яны перасталі будаваць горад». Недабудаваны горад назвалі Вавілон. У пераносным значэнні Вавілонскае стоўпатварэнне — мітусня, поўны беспарадак.

Да арт. Вавілонскае стоўпатварэнне. Вавілонская вежа. Мастак П.​Брэйгель Старэйшы. 1563.

т. 3, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГЯ́ЛА (Алег Міхайлавіч) (н. 28.7.1940, Мінск),

бел. жывапісец. Сын М.Х.Даўгялы. Скончыў тэатр.-маст. ін-т (1967). Працуе ў пейзажным і быт. жанрах. Сярод твораў: «Гарадскі пейзаж» (1965), «Клятва партызан» (мазаіка), «Мінск. Кафедральны сабор» (абодва 1967), «Пасля работы» (1970), «Лагойшчына» (1982), «Нясвіжскі замак» (1988), «Тураўская царква» (1990), «Белая вежа. Камянец» (1992), «Касцёл у Сопаце» (1994), «Замак у Гданьску» (1995), «Месячная ноч» (1997) і інш. Палітра мастака разнастайная і маляўнічая, работы прасякнуты паэт. успрыманнем прыроды, эмацыянальнасцю.

А.Даўгяла. Белая вежа. Камянец. 1992.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)