АПРО́ШЫ (франц. approches),
у ваеннай справе — глыбокія, вузкія зігзагападобныя равы, размешчаныя паміж траншэямі. Ствараліся пры атацы крэпасцяў і ўмацаваных пазіцый для збліжэння з праціўнікам, а таксама для сувязі паміж траншэямі. Упершыню выкарыстаны англічанамі пры аблозе Руана (1418), французамі пры аблозе Мялюна (1420). З пач. 20 ст. тэрмін не ўжываецца, у сучаснай фартыфікацыі заменены на хады зносін.
т. 1, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБАРО́НА АЙЧЫ́НЫ,
абарона краіны ад знешняга нападу, пагрозы яе незалежнасці і тэр. цэласнасці. Абарона Рэспублікі Беларусь — найважнейшая функцыя дзяржавы, канстытуцыйны абавязак і доўг кожнага яе грамадзяніна. Актыўная форма рэалізацыі гэтага абавязку — ваенная служба. Закон «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 рэгламентуе парадак падрыхтоўкі насельніцтва да абароны краіны і забеспячэння камплектавання яе Узброеных Сіл.
т. 1, с. 14
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННЫ КАМІСАРЫЯ́Т, ваенкамат,
орган мясц. ваен. кіравання на Беларусі і ў некаторых інш. краінах. Задачы: падрыхтоўка моладзі да нясення ваеннай службы, правядзенне прызываў на тэрміновую ваен. і альтэрнатыўную службу і вучэбныя зборы, ажыццяўленне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенні ваен. мабілізацыі, выкананне інш. абаронных мерапрыемстаў. Для правядзення прызываў на ваен. службу пры ваенных камісарыятах ствараюцца прызыўныя камісіі.
т. 3, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ АСО́БАЯ ВАЕ́ННАЯ АКРУ́ГА,
назва Беларускай ваеннай акругі з 11.7.1940 да пач. Вял. Айч. вайны. У акругу ўваходзілі 3, 4, 10 і 13-я арміі. Камандуючы ген. арміі Дз.Р.Паўлаў, чл. Ваен. савета карпусны камісар А.Я.Фаміных, нач. штаба ген.-м. У.Я.Клімаўскіх. Штаб знаходзіўся ў Мінску. 22.6.1941 пераўтворана ў Заходні фронт 1941—44.
т. 7, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕННААБАВЯ́ЗАНЫ,
асоба, якая знаходзіцца ў запасе Узбр. Сіл Рэспублікі Беларусь. У адпаведнасці з законам «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» (1992) ваеннаабавязанага перыядычна прызываюць на вучобу і праверачныя зборы, яму прысвойваюць адпаведныя званні воінскія. Пры абвяшчэнні мабілізацыі ваеннаабавязаны павінен з’явіцца на пункт збору ў тэрмін, указаны ў мабілізацыйным прадпісанні, павестцы або загадзе раённага (гарадскога) ваен. камісара. У некаторых краінах ваеннаабавязаныя называюцца рэзервістамі.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АНТРАПАГЕ́ННАЕ,
забруджванне, якое выклікаецца гасп. дзейнасцю чалавека (гл. Забруджванне навакольнага асяроддзя). Гасп. дзейнасць людзей (прама ці ўскосна) вядзе да ўзнікнення шкодных для навакольнага асяроддзя фіз., хім., біял., інфарм. агентаў і павелічэння іх канцэнтрацый (гл. Забруджванне атмасферы, Забруджванне вод, Забруджванне глеб). Найб. катастрафічныя З.а. звязаны з ваеннай, хім., паліўнай прам-сцю. Узровень З.а. кантралюецца прынятымі нарматывамі — ГДК, ГДВ і інш.
т. 6, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫТУА́ЛЫ ВО́ІНСКІЯ, цырыманіялы воінскія,
мерапрыемствы (дзеянні), якія праводзяцца ў час святкаванняў і ў паўсядзённых умовах. Уключаюць цырыманіялы прыняцця прысягі ваеннай, уручэння сцягоў і ўзнагарод, правядзенне парадаў, салютаў, урачыстых маршаў, жалобных мерапрыемстваў і інш. На Беларусі Р.в. адбываюцца пераважна на тэр. вайск. часцей, на месцах баявой і прац. славы народа; парадак іх ажыццяўлення замацаваны ў статутах Узбр. Сіл, настаўленнях і інструкцыях.
С.М.Абрамаў.
т. 13, с. 522
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЕ́ННАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА,
сістэма эканам., сац.-паліт., уласна ваенных і інш. мерапрыемстваў дзяржавы, якія ажыццяўляюцца для ўмацавання яе ваен. магутнасці. Агульныя мэты, змест і практычныя задачы ваеннага будаўніцтва вызначаюцца ваен. палітыкай дзяржавы і яе ваеннай дактрынай, залежаць ад узроўню прадукцыйных сіл краіны і характару магчымай вайны. Істотны ўплыў на ваеннае будаўніцтва маюць геагр. ўмовы краіны, яе прыналежнасць да ваен.-паліт. саюзаў і яе блокавыя абавязкі.
т. 3, с. 440
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАНЦЁР (франц. volontaire),
асоба, якая добраахвотна паступіла на ваен. службу. У некаторых дзяржавах сістэма валанцёрства была асн. спосабам камплектавання арміі (напр., у Вялікабрытаніі да 1-й сусв. вайны). З увядзеннем абавязку воінскага страціла сваё значэнне і засталася як дадатак да рэгулярнай арміі, пераважна ў ваен. час. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб усеагульным воінскім абавязку і ваеннай службе» ад 5.11.1992 прадугледжвае прыём у армію грамадзян, якія добраахвотна паступаюць на ваен. службу.
т. 3, с. 472
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ,
зборная назва вайсковых часцей, злучэнняў і аб’яднанняў у відах узбр. сіл (акрамя ВПС і ВМФ), а таксама абагульняльная назва сіл і сродкаў аператыўнага і тэр. аб’яднанняў (войскі фронту, войскі арміі, войскі ваеннай акругі і інш.), злучэнняў і аб’яднанняў, якія выконваюць пэўную задачу (войскі прыкрыцця, войскі умацаваных раёнаў і інш.). Гл. таксама Войскі проціпаветранай абароны, Войскі сувязі, Дарожныя войскі, Інжынерныя войскі, Паветрана-дэсантныя войскі, Пагранічныя войскі, Ракетныя войскі.
І.А.Шор.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)