АДАПТЫ́ЎНАЯ ЗО́НА,

узаемазвязаны комплекс умоў, які забяспечвае спецыфічныя геафіз. і экалагічныя патрэбнасці існавання жывёльных і раслінных арганізмаў і гэтым вызначае тып адаптацыі вял. груп у працэсе макраэвалюцыі. Характарызуе стан прыстасаванасці арганізмаў да адаптыўнага ландшафту і біягеацэнозу. Тэрмін увёў амер. біёлаг Дж.​Сімпсан (1944). Арган. свет можна разглядаць як сістэму шырокіх або вузкіх адаптыўных зон, падобных у асн. рысах будовай экалагічна блізкіх форм, якія насяляюць іх і адпавядаюць умовам асяроддзя. Услед за засяленнем новай адаптыўнай зоны звычайна адбываецца адаптыўная радыяцыя.

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАГА́НСЕН (Johannsen) Вільгельм Людвіг (3.2.1857, Капенгаген — 11.11.1927),

дацкі біёлаг, адзін з заснавальнікаў сучаснай генетыкі. Чл. Шведскай АН, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). Праф. ін-та фізіялогіі раслін Капенгагенскага ун-та. Стварыў вучэнне пра чыстыя лініі, што стала асновай сучасных прынцыпаў селекцыі, вызначыла ролю спадчыннасці ў працэсах натуральнага адбору. Увёў тэрміны ген, генатып, фенатып і даў аналіз асн. паняццяў генетыкі ў працы «Элементы дакладнага вучэння пра спадчыннасць» (1909).

Літ.:

Гайсинович А.Е. Зарождение генетики. М., 1967. С. 138.

т. 7, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́ТСАН, Бейтсан (Bateson) Уільям (8.8.1861, г. Уітбі, Вялікабрытанія — 8.2.1926), англійскі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі. Замежны чл.-кар. АН СССР (1923). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1892), з 1908 праф. у ім. З 1910 дырэктар Ін-та садовых культур у Мертане. Навук. працы па вывучэнні генетычных высноў спадчыннасці. Тлумачыў узнікненне новых прыкмет у арганізмаў выпадзеннем тармозячых фактараў (тэорыя «прысутнасці — адсутнасці»; 1905). Аўтар многіх генетычных тэрмінаў, у т. л. і тэрміна «генетыка» (1906). Чл. Нац. АН ЗША, Лонданскага каралеўскага т-ва (1894).

т. 3, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЕЎ Дзмітрый Канстанцінавіч (17.7.1917, с. Пратасава Кастрамской вобл., Расія — 1985),

савецкі біёлаг. Акад. АН СССР (1972, чл.-кар. 1964). Скончыў Іванаўскі с.-г. ін-т (1938). У 1939—41 і 1946—58 у НДІ пушной зверагадоўлі (Масква), з 1959 дырэктар Ін-та цыталогіі і генетыкі Сібірскага аддзялення АН СССР. Навук. працы па агульнай біялогіі, генетыцы і селекцыі жывёл, тэорыі эвалюцыі, па ўздзеянні фіз. фактараў і прыручэнні дзікіх жывёл на іх рэпрадуктыўную функцыю, праблемах фотаперыядызму пры рэгуляцыі размнажэння і пладавітасці млекакормячых.

т. 3, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́РВІЧ Аляксандр Гаўрылавіч (9.10.1874, г. Палтава, Украіна — 27.7.1954),

савецкі біёлаг. Скончыў Мюнхенскі ун-т (1897). Да 1906 працаваў у г. Страсбург (Францыя) і г. Берн (Швейцарыя). З 1907 у Пецярбургу, з 1918 праф. Крымскага (Сімферопаль), з 1925 — Маскоўскага ун-таў. У 1930—45 ва Усесаюзным ін-це экстрым. медыцыны, да 1948 дырэктар Ін-та эксперым. біялогіі АМН СССР. Навук. працы па цыталогіі, эмбрыялогіі, біяфізіцы, тэарэт. біялогіі. Сфармуляваў тэорыю біял. поля з мэтай тлумачэння накіраванасці і ўпарадкаванасці развіцця арганізмаў. Дзярж. прэмія СССР 1941.

т. 5, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁВІ-МАНТАЛЬЧЫ́НІ (Levi-Montalcini) Рыта (н. 22.4.1909, г. Турын, Італія),

італа-амерыканскі біёлаг. Чл. Нац. АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Італьян. Нац. АН. Скончыла Турынскі ун-т (1936). З 1947 у Вашынгтонскім ун-це (у 1969—77 праф.), адначасова з 1969 у лабараторыі клетачнай біялогіі ў Італьянскім нац. даследчым савеце ў Рыме (да 1979 дырэктар). Навук. працы па вывучэнні механізмаў рэгуляцыі росту клетак і органаў. Адкрыла фактар росту нерв. тканкі. Нобелеўская прэмія 1986 (разам з С.Коэнам).

Р.Леві-Мантальчыні.

т. 9, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЬПІ́ГІ (Malpighi) Марчэла (10.3. 1628, г. Крэвалькорэ, Італія — 30.11. 1694),

італьянскі біёлаг і ўрач, адзін з заснавальнікаў мікраскапічнай анатоміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Д-р медыцыны (1653). Скончыў Балонскі ун-т, працаваў у ім (у 1656—91 праф.). Адкрыў альвеалярную будову лёгкіх (1660), сувязь артэрый з венамі праз капіляры (1661), апісаў лімфатычныя цельцы селязёнкі і клубочкі ў нырцы (мальпігіевыя цельцы), мачавыя трубачкі насякомых (мальпігіевыя сасуды), слой эпідэрмісу скуры (названы яго імем). Аўтар «Анатоміі раслін» (т. 1—2, 1675—79).

М.Мальпігі.

т. 10, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ВЕРЦАЎ Аляксей Мікалаевіч (23.9.1866, Масква — 19.12.1936),

расійскі біёлаг, заснавальнік эвалюц. марфалогіі жывёл.

Акад. АН СССР (1920) і АН УССР (1925). Сын М.А.Северцава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1890). Вучань М.А.Мензбіра. З 1898 праф. Юр’еўскага, з 1902 Кіеўскага, у 1911—30 Маскоўскага ун-таў. Навук. працы па параўнальнай анатоміі і эмбрыялогіі пазваночных жывёл, заканамернасцях эвалюц. працэсу. Аднавіў філагенет. дрэва ніжэйшых пазваночных, прапанаваў тэорыю філэмбрыягенезу, распрацаваў вучэнне пра біял. прагрэс, тыпы філагенет. змен органаў і функцый. Змену асяроддзя лічыў адзінай прычынай філагенет. пераўтварэнняў. Адкрыў Северцава закон.

т. 14, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Фішэр Р. (біёлаг) 8/96; 11/403

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́КЕЛЬ (Haeckel) Эрнст (16.2.1834, г. Патсдам, Германія — 9.8.1919),

нямецкі біёлаг-эвалюцыяніст. Прыхільнік і паслядоўнік вучэння Ч.​Дарвіна. Вучыўся ва ун-тах Берліна і Вюрцбурга. У 1861—1909 праф. Іенскага ун-та. Навук. працы па агульнай марфалогіі, антрапагеніі, гісторыі развіцця чалавека. Сфармуляваў тэорыю гастрэі: паходжанне шматклетачных жывёл ад гіпатэтычнага продка, які нагадваў двухслаёвы зародак — гаструлу. Прапанаваў першае «радаслоўнае дрэва» жывёльнага свету, сфармуляваў біягенетычны закон. Прадказаў дыскрэтнасць генаў, іх лакалізацыю ў храмасомах і ролю ў антагенезе.

Тв.:

Рус. пер. — Естественная история миротворения. Т. 1—2. СПб., 1914.

т. 5, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)