найбуйнейшы востраў у Балтыйскім м., тэр. Даніі. Пл. больш за 7 тыс.км². Нас. 2,2 млн.чал. (1993). Узгорыстая марэнная раўніна (выш. да 126 м, асобныя ўчасткі на ПдЗ ніжэй узр. м.), з вял. колькасцю азёр (найб.воз. Арэсё). Берагі вострава нізкія, расчлянёныя бухтамі і залівамі. Складзены з вапнякоў і глін, перакрытых ледавіковымі адкладамі. Участкі букавых і дубовых лясоў. Земляробства (кармавыя травы, пшаніца, бульба, цукр. буракі); жывёлагадоўля малочная. Чыг. паромы звязваюць З. з в-вам Фюн і са Швецыяй. На ўсх. узбярэжжы і в-ве Амагер — сталіца Даніі г. Капенгаген.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛУ́БЕНЬ,
відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУХМА́Л,
асноўны рэзервовы вуглявод раслін. Складаецца з лінейнай амілозы (каля 25%) і разгалінаванага амілапекціну (каля 75%). Белы парашок без паху і смаку. Не раствараецца ў халоднай вадзе, у гарачай утварае калоідны раствор. У растворы ёду набывае сіні колер. Біясінтэз К. праводзіцца глюказілтрансферазамі. Утвараецца ў клетачных арганелах (хларапластах і амілапластах), адкладваецца ў выглядзе зярнят, назапашваецца ў насенні, клубнях, карэнішчах і цыбулінах. Асн.ч. найважнейшых прадуктаў харчавання (у муцэ 75—80%, у бульбе 25%). Выкарыстоўваецца ў мед., тэкст., харч. (вытв-сць віннага спірту, глюкозы, патакі) прам-сці. Асн. крыніцы атрымання К. — бульба, кукуруза, пшаніца, рыс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЦВЯЕ́ДЫ (Silphidae),
сямейства насякомых атр. цвердакрылых, або жукоў. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 14 відаў; найб. вядомыя жукі з роду магільшчыкі, М. матавы, або тоўстагалоўка матавая (Aclypaea opaca), М. цёмны (Silpha obscura), М. чатырохкрапінкавы (Xylodrepa quadripunctata), падлавік маршчыністы (Thanatophilus rugosus) і інш.
Даўж. да 40 мм. Вусікі 11-членікавыя, булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Надкрылы часта ўкарочаныя. Лічынкі плоскія, рухомыя. Большасць М. корміцца мярцвячынай, спрыяюць ліквідацыі жывёльных рэшткаў, некат. — драпежнікі, расліннаедныя, якія шкодзяць агародным культурам (бульба, буракі, капуста, морква), прамежкавыя гаспадары гельмінтаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНЦЮ́К-ЖУКО́ЎСКІ (Аляксей Андрэевіч) (н. 15.8.1953, в. Бабунічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.),
бел. мастак. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979), з 1981 выкладаў у ім, з 1982 — у Бел. каледжы мастацтваў у Мінску. Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу ў рэаліст. манеры. Творам уласцівы лаканізм выяўл. сродкаў, псіхалагізм: «Бабіна лета. Бульба» (1979), «Ля матчынага парога» (1980), «Слуцкія ткачыхі» (1981), «Вясна Перамогі. Салдатка» (1984), «Мелодыя стагоддзяў» (1986), «Мір табе, зямля мая» (1987), «Ля студні» (1991), «Пажоўклыя лісты» (1995), «Лёс» (1996), трыпціхі «Раніца «залатога» дажджу» (1996), «Бязвінна загінуўшым воінам» (1998), «Укрыжаваная Югаславія» (1999), «Здрадніцтва» (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПАШНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,
с.-г. расліны, якія для нармальнага росту і развіцця патрабуюць вялікай плошчы жыўлення і апрацоўкі міжрадкоўяў. Да П.к. належаць збожжавыя (кукуруза, грэчка, проса, сорга, фасоля), тэхнічныя (цукр. буракі, бавоўнік, сланечнік, тытунь), агароднінныя (капуста, памідоры, агуркі, буракі, морква), кармавыя (караняплоды, бульба, кармавая капуста).
Высяваюць або высаджваюць шырокарадковым, квадратным або квадратна-гнездавым спосабамі. Каб знішчыць пустазелле, зберагчы вільгаць і даць прыток паветра ў кораненаселены слой, робяць 2—3-разовае рыхленне міжрадкоўяў у-І—2 напрамках. Пад П.к. павышаецца мікрабіял. актыўнасць глебы, узмацняецца мабілізацыя пажыўных рэчываў П.к. ў севазвароце — добрыя папярэднікі інш. культур, асабліва збожжавых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАПА́К,
украінскі нар. танец. Узнік у Войску Запарожскім. Бывае сольны, парны, групавы. Уключае скокі, прысядкі, вярчэнні і інш. віртуозныя танц. рухі. Тэмп хуткі. Муз. памер . Пашыраны і на Беларусі, пераважна ў зах. і паўд.-зах. раёнах, мае адметныя рысы: выконваецца звычайна трыма танцорамі, суправаджаецца прыпеўкамі. Жанр гапака выкарыстаны ў творах многіх укр., рус. і інш. кампазітараў: у операх «Чаравічкі» і «Мазепа» П.Чайкоўскага, «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава, «Запарожац за Дунаем» С.Гулак-Арцямоўскага, «Энеіда» М.Лысенкі, балетах «Тарас Бульба» В.Салаўёва-Сядога, «Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні, «Гаянэ» А.Хачатурана і інш. Выконваецца і як самаст.муз. п’еса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДРАЦЮ́К (Мікалай Кандратавіч) (н. 5.5.1931, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
украінскі спявак (барытон), педагог. Нар.арт.СССР (1978). Скончыў Кіеўскую кансерваторыю (1958), з 1948 выкладае ў ёй (з 1979 праф., у 1974—83 рэктар). З 1957 саліст Укр.нар. хору імя Р.Вяроўкі, з 1959 — Нац.т-ра оперы і балета Украіны (Кіеў), з 1966 — Кіеўскай філармоніі. Валодае роўным ва ўсіх рэгістрах голасам прыгожага аксамітавага тэмбру. Сярод партый: Астап («Тарас Бульба» М.Лысенкі), князь Ігар («Князь Ігар» А.Барадзіна), граф ды Луна, Жэрмон («Трубадур», «Травіята» Дж.Вердзі), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні). Вядомы і як камерны спявак. Дзярж. прэмія Украіны 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСЛЁНАВЫЯ (Solanaceae),
сямейства двухдольных раслін. Каля 90 родаў, 2500 відаў. Пашыраны ў трапічных, субтрапічных і ўмераных абласцях пераважна Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. На Беларусі найб. вядомыя П.: харч. — баклажан, бульба, памідор, перац струкавы; дэкар. — петунія, фізаліс; тэхн. — махорка, тытунь.
Травы, кусты або паўкусты, часам з лазячымі ці павойнымі сцёбламі, радзей невял. дрэвы (у тропіках). Лісце чаргаванае, простае, цэласнае або перыстаскладанае. Кветкі двухполыя, адзіночныя ці сабраныя ў завіткі. Плод — ягада або каробачка, радзей касцянка. Многія П. маюць алкалоіды і інш. рэчывы, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне. Харч., лек., тэхн., дэкар. расліны.