РЭКЛЮ́ ((Reclus) Жан Жак Элізэ) (15.3.1830, г. Сент-Фуа-ла-Гранд, Францыя — 4.7.1905),
французскі географ, сацыёлаг і паліт. дзеяч. Вучыўся ў пратэстанцкім духоўным ун-це ў г. Мантабан. У 1849 выключаны з ун-та за прапаганду сацыяліст. ідэй. У 1851 эмігрыраваў у Вялікабрытанію, жыў у ЗША, краінах Цэнтр. і Паўд. Амерыкі. У 1871 за ўдзел у Парыжскай Камуне прыгавораны да пажыццёвага выгнання. З 1872 жыў у Італіі, Швейцарыі, Бельгіі. У 1892—1905 праф. Свабоднага і Новага ун-таў у Бруселі (Бельгія). Аўтар прац «Чалавек і Зямля» (т. 1—6, 1876—94), дзе выказаў свае погляды на эвалюцыю людскога грамадства, «Зямля і людзі. Усеагульная геаграфія» (т. 1—19, 1884—94) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ ДЗЮЎ ((De Duve) Крысціян Рэнэ) (н. 2.10.1917, Тэмс-Дытан, каля Лондана),
бельгійскі біяхімік. Чл. Каралеўскай бельг.АН, літаратуры і выяўл. мастацтва, Каралеўскай мед. акадэміі Бельгіі, Нац.АН ЗША, Амер. акадэміі навук і мастацтваў, Парыжскай АН, Германскай акадэміі даследчыкаў прыроды «Леапальдзіна». Скончыў ун-т у Лувене (Бельгія, 1941). З 1947 працаваў у ім (з 1951 праф.), з 1962 у Ракфелераўскім ун-це ў Нью-Йорку. Заснавальнік і прэзідэнт Міжнар. ін-та клетачнай і малекулярнай паталогіі ў Бруселі. Навук. працы па біяхіміі інсуліну, глюкагону, распрацаваў метад дыферэнц. цэнтрыфугавання і адкрыў з яго дапамогай субклетачныя структуры — лізасомы (1963), выявіў іх прыроду, развіў канцэпцыю пра функцыі (1964) і ўдзел лізасом у фізіял. працэсах у клетках. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з А.Клодам і Дж.Э.Паладэ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІСАЕ́ВІЧ (Галіна Анатолеўна) (н. 30.1.1922, г. Віцебск),
бел. мастачка дэкар.-прыкладнога мастацтва, жывапісец. Скончыла Мінскае маст. вучылішча (1951). У 1957—85 гал. мастак Мін-ва прам-сці буд. матэрыялаў БССР. Распрацоўвала ўзоры вырабаў са шкла і хрусталю, якія вылучаюцца тонкай каларыстычнай гамай і вытанчанасцю форм («Прыцемкі», 1968; «Цюльпаны», 1969; «Лета», 1971; «Вячэрні», «Святочны», абодва 1972; «Вясна», 1973; «Зарыва», 1975; «Святлафоры», 1976; «Серабрысты іней», 1980; «Зімовая казка», «Папараць-кветка», усе 1982). Туалетны набор «Фіялетавы» (1957) адзначаны бронз. медалём на міжнар. выстаўцы ў Бруселі. Тэматычныя кампазіцыі, прысвечаныя юбілейным датам: «Ураджайная» (1957), «Кастрычнік» (1967), «Дружба народаў» (1974), «Беларусь» (1977), «Урачыстасць» (1982), «Слава гераічнаму Мінску» (1983). Аўтар жывапісных работ «Іслач», «Траццякоўшчына» (абедзве 1955), «Родная Беларусь» (1958) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАГО́ДСКІЯ КАРУ́НКІ,
від рус. карункаў, плеценых на каклюшках (драўляных палачках); пашыраны ў Валагодскай вобл. Расіі. Плаўная лінія, якая ўтварае ўзор, не перарываецца, не перакрыжоўваецца і выступае ў выглядзе выплеценай тасьмы на фоне тонкай ажурнай «рашоткі». Карункапляценне тут пачало складвацца ў 16—17 ст., як промысел аформілася на пач. 19 ст. У 1968 створана аб’яднанне «Сняжынка». Да 1940-х г. пераважалі мерныя карункі для аздобы бялізны, пазней асн. прадукцыяй сталі адзінкавыя вырабы — посцілкі, сурвэткі, фіранкі з геаметрычным і раслінным узорамі; святочныя дэталі жан. адзення — каўнерыкі, жабо і інш., а таксама унікальныя выставачныя ўзоры. Валагодскія карункі адзначаны ў Парыжы залатым медалём (1925) і «Гран-пры» (1937), залатым медалём у Бруселі (1958).
Літ.:
Попова О.С., Каплан Н.И. Русские художественные промыслы. М., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЭ́ЙДЭН ((Weyden) Рагір ван дэр) (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),
нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАІ́ (Ysaye, Ysaÿe) Эжэн (16.7.1858, г. Льеж, Бельгія — 12.5.1931), бельгійскі скрыпач, кампазітар, дырыжор, педагог. Адзін з буйнейшых скрыпачоў канца 19 — пач. 20 ст. З 1874 вучыўся ў Брусельскай кансерваторыі ў Г.Вяняўскага, у 1876—79 у Парыжы ў А.В’ётана. З 1886 праф. Брусельскай кансерваторыі. У 1918—22 кіраўнік сімф. аркестра ў г. Цынцынаты (ЗША). Выступаць з сольнымі канцэртамі пачаў у Расіі (1882). Яго выканальніцкае майстэрства зацвердзіла сусв. значэнне бельг. скрыпічнай школы. Заснавальнік струннага квартэта (1888), арганізатар, дырэктар і дырыжор «Канцэртаў Ізаі» (1895). Аўтар скрыпічных твораў, у т. л. санат для скрыпкі сола, дзе выкарыстаў шэраг тэхн. прыёмаў, якія раскрылі гучанне скрыпкі з нечуванай да яго паўнатой і маляўнічасцю; оперы «Шахцёр П’ер» (1931), шматлікіх транскрыпцый. Сярод вучняў М.Прэс, М.Эрдэнка. У Бруселі праводзяцца міжнар. конкурсы скрыпачоў (з 1937) і піяністаў (з 1938) імя І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЭЛЬМА́Н (Якаў Ісідаравіч) (4.12.1882, г. Беласток Гродзенскай губ., цяпер Польшча — 16.3.1942),
вучоны, папулярызатар навук.фіз.-матэм. ведаў, адзін з заснавальнікаў жанру навукова-займальнай л-ры. Скончыў Лясны ін-т у Пецярбургу (1909). У 1918—23 у Наркамаце асветы РСФСР, адначасова выкладаў у навуч. установах. З 1924 займаўся выданнем навукова-папулярнай л-ры. У 1935 удзельнічаў у Міжнар.матэм. кангрэсе ў Бруселі. Аўтар больш за 100 кніг («Займальная фізіка», «Займальная алгебра», «Міжпланетныя падарожжы» і інш.), перакладзеных на 24 мовы і выдадзеных агульным тыражом больш за 13 млн.экз. Адзін з першых прапагандыстаў ідэй К.Э.Цыялкоўскага і тэхн. распрацовак С.П.Каралёва. Імем П. названы кратэр на адваротным баку Месяца.
Літ.:
Мишкевич Г.И. Доктор занимательных наук: Жизнь и творчество Я.И.Перельмана. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САВЕ́Т ЕЎРАПЕ́ЙСКАГА САЮ́ЗА (да 18.11.1993 Савет Міністраў Еўрапейскіх Супольнасцей),
адзін з кіруючых органаў (разам з Еўрапейскім Парламентам, Камісіяй Еўрапейскіх Супольнасцей і інш.) Еўрапейскага Саюза. Утварыўся ў выніку дзейнасці Еўрапейскай Эканамічнай Супольнасці (засн. ў 1957), якая паводле Маастрыхцкага дагавора 1992 разам з інш.Еўрапейскімі Супольнасцямі трансфармавалася ў Еўрап. Саюз (ЕС). Ў Савет ЕС уваходзяць па 1 прадстаўніку ад урадаў усіх 15 краін — членаў ЕС. З’яўляецца заканад. і пагаджальным органам ЕС (вышэйшы за Еўрапарламент). Працуе ў Бруселі на непастаяннай аснове (міністры перыядычна збіраюцца на 1—2-дзённыя пасяджэнні). Абмяркоўвае пытанні фінансаў, эканомікі, знешняй палітыкі (удзельнічаюць адпаведныя міністры); рашэнні прымаюцца кваліфікаванай большасцю. Ад С.Е.С. адрозніваецца Еўрап. Савет — кансультатыўны орган, які складаецца з кіраўнікоў урадаў краін — членаў ЕС.
Літ.:
Штайнер Ю. Еўрапейскія дэмакратыі: Пер. з англ.Мн., 1996. С. 292—293, 295—296.
польскі гісторык, паліт. дзеяч. Скончыў Віленскі ун-т (1808). У 1815—18 выкладчык, 1821—24 праф. Віленскага ун-та (звольнены ў сувязі з працэсам філарэтаў). У 1828—31 дэпутат сейма. У час паўстання 1830—31 у складзе Часовага ўрада, старшыня Патрыятычнага таварыства. З 1831 у Парыжы, узначальваў Польскі нац.к-т, з 1833 у Бруселі, чл. кіраўніцтва падп.рэв. «Саюза дзяцей польскага народа» (1935), кіраўнік і ідэолаг «Аб’яднання польскай эміграцыі» (1837—46), пасля яго роспуску чл.Польскага дэмакратычнага таварыства. Заклікаў да аб’яднання міжнар.дэмакр. сіл, падтрымаў ініцыятыву заснавання ў Бруселіміжнар. Дэмакратычнай асацыяцыі (1847). Даследаваў гісторыю Польшчы, Беларусі, інш. краін. У сваіх працах развіваў новы погляд на гісторыю Польшчы. Насуперак манархічнай інтэрпрэтацыі лічыў, што рэсп. ідэі і звязаныя з імі каштоўнасці (свабода, роўнасць, братэрства) з’яўляюцца асн. рысамі польскага нац. духа і вызначаюць ход гіст. працэсу. У шляхецкім рэспубліканізме бачыў увасабленне, хоць і абмежаванае, найістотнейшых прынцыпаў польск. гісторыі. Крытыкаваў запрыгоньванне сялян, тлумачыў яго чужымі манархічнымі ўплывамі. Інтэрпрэтацыя Л. супярэчыла канцэпцыям франц. рэфарматараў гіст. навукі (А.Цьеры, Ф.Гізо і інш.). У «Гісторыі Літвы і Русі аж да уніі з Польшчай у Любліне» (1839) побач з Вял. Ноўгарадам паставіў сярэдневяковую «рэспубліку» Полацк, пісаў пра ўсх.-слав. культуру, значэнне старабел. мовы ў ВКЛ; разам з І.Даніловічам выдаў Статут ВКЛ 1529 на тагачаснай бел. мове. Сярод прац: «Панаванне Станіслава Аўгуста» (1831), «Народы на славянскіх землях да ўзнікнення Польшчы» (1853), «Заўвагі па гісторыі Польшчы і яе народа» (1855); «Лекцыі па ўсеагульнай гісторыі» (т. 1—4, 1850). Даследаваў стараж. і сярэдневяковую геаграфію («Вывучэнне старажытнасці з пункту гледжання геаграфіі», 1818; «Геаграфія сярэдніх вякоў», т. 1—5, 1852—57). Займаўся метадалогіяй гісторыі («Гісторыка», 1815), гістарыяграфіяй («Гісторыя гісторыі, яе даследаванняў і мастацтва», надрук. ў 1964). Заклаў асновы сучаснай навукі пра кнігу («Дзве бібліяграфічныя кнігі», т. 1—2, 1823—26; «Гісторыя бібліятэк», 1827).
Тв.:
Dzieła. T. 1—8, 10. Warszawa, 1957—72.
Літ.:
Kieniewicz S. Joachim Lelewel. Warszawa, 1990;
Krzemiéniecki L. Joachim Lelewel: Narodowy portret sztukmistrza. Wrocław, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БАЛЕ́Т XX СТАГО́ДДЗЯ»
(Ballet du XXe siècle),
бельгійская харэаграфічная трупа. Створана ў 1960 у Бруселі М.Бежарам (кіраўнік да 1987). Выступае ў «Тэатры дэ ла Манэ», Каралеўскім цырку і на адкрытых арэнах, гастраліруе за мяжой. Адна з найб. вядомых труп, якая прапагандуе новыя формы харэагр. відовішча. У рэпертуары пераважна пастаноўкі Бежара. Ставіць класічныя балеты («Балеро» на муз. М.Равеля, «Жар-птушка», «Вясна свяшчэнная» і «Пятрушка» І.Стравінскага), спектаклі з выкарыстаннем сімф. і зборнай музыкі, розных формаў танц. і інш. пластыкі, часам са слоўным тэкстам для раскрыцця пэўных сац. ці сучасных псіхал. праблем. Сярод іх: «Дзевятая сімфонія» на муз. Л.Бетховена, «У гонар Вагнера» на яго ж музыку, «Рамэо і Джульета» на муз. Г.Берліёза, «Наш Фауст» на муз. І.С.Баха, «Прывід ружы» на муз. К.М.Вебера, «Ніжынскі, клоун божы» на зборную музыку і інш. З трупай выступалі М.Плісецкая («Балеро»), К.Максімава і У.Васільеў («Рамэо і Джульета», «Пятрушка»). Пры трупе дзейнічаюць школа і Еўрап. цэнтр удасканалення і даследаванняў («Мудра»).