ДРЫСВЯ́ТЫ,

археалагічныя помнікі (гарадзішча 2—1 ст. да н.э., эпохі Кіеўскай Русі, ВКЛ і селішча 11—13 ст.) на зах. частцы вострава Замак на воз. Дрысвяты Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. На гарадзішчы выяўлены фрагменты ляпной керамікі, сляды агнішчаў, рэшткі каменных сякер днепра-дзвінскай культуры, рэшткі пабудоў 10—13 ст., прадметы побыту, жаночыя ўпрыгожанні, прылады працы 11—16 ст., манеты 16 ст. На селішчы знойдзена шмат вырабаў з жалеза, бронзы, косці і рогу.

т. 6, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЧАЎСКІ ЗВОН,

помнік бел. ліцця мастацкага. Адліты з бронзы 20.9.1748 у г. Крычаў Магілёўскай вобл. на медналіцейным з-дзе М.​Чабана для царквы Параскевы Пятніцы. Выш. 62 см, найб. дыяметр 65 см. Дэкарыраваны трыма арнаментаванымі паясамі: у верхнім — вязь з выявамі гронак ягад і трохпялёсткавых кветак; у сярэднім — дата адліўкі звона і выява герба Рас. імперыі; у ніжнім — вязь са шчыльна пераплеценых расл. элементаў і выяў анёлаў. Зберагаецца ў Крычаўскім краязнаўчым музеі.

А.​І.​Сямёнаў.

т. 8, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́ННІЦА,

старажытнае металічнае ўпрыгожанне ў выглядзе паўмесяца. Выкарыстоўваліся як завушніцы, нагрудныя падвескі, дэталі галаўнога ўбору. Ва ўсх. славян былі пашыраны ў 8—9 ст. і ў эпоху Кіеўскай Русі. Л. адлівалі з бронзы ці свінцова-алавяністых сплаваў у каменных формах. Паверхню аздаблялі насечкамі, палоскамі несапраўднай зерні, эмаллю. На Беларусі трапляюцца пры раскопках большасці археал. помнікаў. Знойдзены ў Бярэсці, Ваўкавыску, Віцебску, Гомелі, Гродне, Друцку, Заслаўі, Копысі, Мінску і інш. Ліцейныя формы выяўлены ў Віцебску і Гродне.

т. 9, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРО́Я (грэч. Troia), Іліён,

старажытны горад на ПнЗ М.​Азіі, паліт. цэнтр гіст. вобласці Траада ў 3—2-м тыс. да н.э. Рэшткі Т. знойдзены ў 1865 Г.Шліманам у выніку раскопак на ўзгорку Гісарлык. Пазней раскопкі Т. вялі археолагі В.​Дзёрпфельд (1893—94), К.​Блеген (1932—38). Выяўлены рэшткі 9 паселішчаў эпох бронзы і жалеза. У 3000—2500 да н.э. Т. была крэпасцю з мурамі каля 3 м таўшчыні, яе жыхары займаліся земляробствам, жывёлагадоўляй, ганчарствам. ткацтвам, выплаўлялі медзь. Пасля пажараў 2500 і каля 2200 да н.э. горад адбудаваны, муры ўмацаваны вежамі. На акропалі ўзведзены палац цара. Найвыш. росквіт прыпадае на 1800—1300 да н.э., калі ў гаспадарцы пачалі выкарыстоўваць коней, распаўсюдзіліся новыя буд. прыёмы, вытв-сць бронзы і керамікі. Т. мела гандл. сувязі з Грэцыяй, Крытам, Кіпрам, Хецкім царствам. У час Траянскай вайны горад разбураны і больш не дасягнуў былой велічы. Зноў зруйнавана каля 1100 да н.э. Каля 700 да н.э. на яе месцы грэкі заснавалі г. Новы Іліён.

Літ.:

Гиндин Л.А. Население гомеровской Трои. М., 1993;

Ванденберг Ф. Золото Шлимана: Пер. с нем. Смоленск, 1996;

Черветти Д. Золото Трои: Легенда и действительность: Пер. с итал. М., 1996;

Дарет Фригийский. История о разрушении Трои: Пер. с лат. СПб., 1997.

А.​Г.​Зельскі.

т. 15, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАНЗАВА́ННЕ,

пакрыццё паверхні металаў ахоўным слоем бронзы электралітычным або металізацыйным спосабам. Бранзаваннем называюць таксама наданне паверхні неметал. вырабаў бронзавага адцення (бляску) шляхам фарбавання т.зв. бранзавальнымі парашкамі ў сумесі з маслянымі або спіртавымі лакамі. Бронзавыя пакрыцці з 10—12% волава, атрыманыя электралітычным асаджэннем, выкарыстоўваюць замест нікелю пры ахоўна-дэкар. храміраванні, а таксама для мясц. аховы ад дыфузіі азоту ў сталь пры тэрмічнай апрацоўцы. Бронзавыя пакрыцці з 40—45% волава наносяць на радыёдэталі, быт. метал. вырабы і інш.

т. 3, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЛІТПУ́Р, Патан,

горад у Непале, у даліне Катманду, на р. Багхаматы. Уваходзіць у агламерацыю г. Катманду. Засн. ў 3 ст. да н. э. Больш за 100 тыс. ж. (1995). Вытв-сць буд. матэрыялаў. Рэлігійны цэнтр будызму. Рамесніцкая вытв-сць прадметаў быту і рэлігійнага культу. Музей бронзы. Каралеўскі палац (9—17 ст.). Будыйскія манастыры і храмы, у т. л. вежападобны храм Крышна Мандыр (15—17 ст.), «Залаты манастыр» (засн. ў 12 ст.). Быў моцна разбураны землетрасеннем 1934.

т. 9, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУР,

1) старажытны духавы амбушурны муз. інструмент, пашыраны ў Скандынавіі з 1-га тыс. н.э. Вырабляўся з бронзы. Уяўляў сабой канічную выгнутую трубку, на адным канцы якой плоскі талеркападобны раструб, на другім — невял. муштук. Пры археал. раскопках на зах. узбярэжжы Балтыйскага м. знойдзена 30 экз. Л., форма якіх нагадвае правы ці левы бівень маманта.

2) Скандынаўскі духавы муз. інструмент — абгорнутая карой драўляная трубка (даўж. каля 1 м) без муштука і ігравых адтулін.

І.​Дз.​Назіна.

Лур старажытны.

т. 9, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНОЧНАКАЎКА́ЗСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі бронзы (2-е тыс. да н.э.) у бас. рэк Кубань і Церак. Аснова гаспадаркі — пастухоўская жывёлагадоўля і земляробства. Пахаванні ў грунтавых ямах, каменных скрынях і скляпах. У стэпах і перадгор’ях могільнікі курганныя, у гарах — грунтавыя. Пахавальны інвентар: гліняны посуд акруглых форм з адбіткамі вяровачкі, штампаў і налепамі ў выглядзе шышак і валікаў, каменныя булавы і сякеры, бронзавыя лістападобныя нажы, цёслы, сякеры, упрыгожанні. З П.к. генетычна звязаны прыкубанская і кабанская культуры.

І.​М.​Язэпенка.

т. 12, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫЯЛЕ́ТЫ,

група археал. помнікаў ад позняга палеаліту да ранняга сярэдневякоўя на Цалкінскім плато ў Грузіі. Адкрыты ў 1936—40 і 1947. Найбагацейшыя пахаванні ў вял. курганах эпохі сярэдняй бронзы (пач. 2-га тыс. да н.э.). Рэшткі нябожчыка змяшчалі ў цэнтры кургана, часам на калясніцы. Уздоўж сцен ставілі вял. гліняныя пасудзіны з наразным і размаляваным арнаментам; шмат высокамаст. вырабаў з каштоўных металаў, у т. л. сярэбраны і залаты кубкі. Помнікі трыялецкай культуры пашыраны ва Усх. Грузіі, часткова на тэр. Арменіі.

т. 16, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УНЕ́ЦІЦКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура плямён эпохі бронзы, якія ў канцы 18 — сярэдзіне 15 ст. да н.э. насялілі тэр. Цэнтр. Еўропы. Насельніцтва жыло на паселішчах, вырабляла бронзавыя прылады працы і ўпрыгожанні — сякеры, кінжалы, бранзалеты, шпількі, завушніцы, кольцы і інш., а таксама гліняны посуд, упрыгожаны гарыз. барознамі або зігзагападобнымі палосамі. Пахавальны абрад трупапалажэнне на бескурганных могільніках. Нябожчыкаў хавалі скурчанымі на баку ў ямах, выкладзеных камянямі. Плямёны У.к. займаліся земляробствам. У.к. зрабіла вял. ўплыў на пашырэнне бронзаліцейнай справы ў Еўропе.

т. 16, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)