птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны на вадаёмах лясной і часткова лесастэпавай зон Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Селіцца пераважна на таежных рэках і азёрах па поймах вял. рэк з лясістымі берагамі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа арэала віду; гняздуецца ў паўн.ч. рэгулярна, у паўд. раёнах рэдка. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Нар. назвы вогаліца, гагаліца, вогаль.
Даўж. цела да 50 см, маса да 1,4 кг. Галава вялікая, шыя кароткая, тонкая. Самец белы з чорнай спінай і чорнай з зялёным адценнем галавой, на крыле вял. белае «люстэрка», каля дзюбы — круглаватая белая пляма. Самка драбнейшая, шэрая, з карычневай галавой і белым ашыйнікам. Гняздуецца ў дуплах высока над зямлёй. Займае і штучныя гнёзды — дуплянкі. Нясе 5—18 (часцей 8—9) яец. Добра лятае, плавае і нырае. Корміцца воднымі жывёламі, насеннем раслін. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБЕ́ЛІЯ
(Lobelia),
род кветкавых раслін сям. лабеліевых. Каля 350 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах, пераважна ў вільготных тропіках і субтропіках Амерыкі і Афрыкі. На Беларусі 1 від — Л. Дортмана (L. dortmanna), занесены ў Чырв. кнігу; вядомы ў заказніках на воз. Свіцязь Навагрудскага і воз. Белае Лунінецкага р-на. Расце ў прыбярэжных зонах з пясчаным грунтам на глыб. 50—80 см, разам з палушнікам азёрным утварае зараснікі. У дэкар. садоўніцтве інтрадукаваны від Л. эрынус (L. erinus).
Лепшыя сарты: Кайзер Вільгельм (кветкі ярка-сінія), Розамунд (кветкі пурпуровыя), Сапфір (кветкі цёмна-блакітныя з белым вочкам) і інш.
Адна- і шматгадовыя травяністыя водныя і наземныя расліны, паўкусты і кусты Лісце простае,- чаргаванае. Кветкі няправільныя. адна- ці двухгубыя ў гронках на канцы сцябла або адзіночныя ў пазухах лісця. Плод — каробачка. Лек. (некат. віды маюць у сабе алкалоід лабелін), дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́ША
(Oncorhynchus gorbuscha),
прахадная рыба сям. ласасёвых атр. ласосепадобных. Пашырана ў паўн.ч. Ціхага ак. і прылеглай ч.Паўн. Ледавітага ак., на Пд — па амер. узбярэжжы да Каліфорніі, па азіяцкім — да Карэі. Акліматызавана ў Баранцавым і Белымм., у раёне Ньюфаўндленда. На нераст ідзе ў рэкі з быстрай плынню.
Даўж. цела да 68 см (сярэдняя даўж. каля 50 см, маса 1,5 кг). Самы дробны прадстаўнік роду ціхаакіянскіх ласосяў. Афарбоўка ў моры серабрыстая, на хваставым плаўніку дробныя цёмныя плямінкі; у рацэ з’яўляюцца цёмныя плямы на спіне, баках і галаве. Перад нерастам галава і плаўнікі амаль чорныя, цела карычняватае, бруха белае, у самцоў на спіне вырастае горб (адсюль назва), сківіцы загінаюцца крукападобна, на іх вырастаюць вял. зубы. Ікра буйная (дыяметрам да 8 мм). Пасля нерасту гіне. Маляўкі жывуць у гнёздах, потым скочваюцца ў мора, дзе кормяцца ракападобнымі, дробнай рыбай. Мае вял.прамысл. значэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПІУС Зінаіда Мікалаеўна
(20.11.1869, г. Бялёў, Расія — 9.9.1945),
руская пісьменніца. Ідэолаг дэкадэнцтва. Жонка Дз.С.Меражкоўскага. З 1920 у эміграцыі. Першыя вершы апубл. ў 1888. Выйшлі паэт.кн. «Збор вершаў» (кн. 1—2, 1904—10); «Апошнія вершы, 1914—1918» (1918). Межы яе паэтычнага свету вызначалі палярныя кантрасты паміж індывідуалістычным самасцвярджэннем, смелым прыняццем жыцця і адмаўленнем ад сябе, ад уласнай волі, стратаю сэнсу існавання. Аўтар зборнікаў апавяданняў «Новыя людзі» (1896), «Чорнае на белым» (1908), «Месячныя мурашы» (1912), «Нябесныя словы» (1921), раманаў «Пераможцы» (1898), «Чортава лялька» (ч. 1-я трылогіі, 1911; ч. 3-я пад назвай «Раман-царэвіч», 1913), п’ес «Макавы цвет» (1908, з Меражкоўскім і Дз.Філосафавым) і «Зялёны пярсцёнак» (1916), мемуараў «Жывыя твары» (т. 1—2, 1925), «Дзмітрый Меражкоўскі» (1951, не скончаны). Як крытык (псеўданім Антон Крайні) абараняла сімвалізм («Літаратурны дзённік, 1899—1907», 1908). У творах, напісаных у эміграцыі, рэзкае непрыняцце Кастр.рэв. і сав. улады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАВАРУ́ШКА
(Clitocybe),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 44 віды. Найб. вядомыя гаварушка белаватая (Clitocybe candicans), булаваногая (Clitocybe claviceps), буравата-жаўтаватая (Clitocybe gilva), воскападобная (Clitocybe cerussata), духмяная (Clitocybe odora), лейкавая (Clitocybe gibba), лісталюбная (Clitocybe phyllophilla), пабеленая (Clitocybe dealbata), падагнутая (Clitocybe geotropa), шэрая (Clitocybe nebularis), хваёвая (Clitocybe pithyophyla). Сапратрофы. Растуць часта групамі ў лясах, на пашы, лугах, некаторыя віды ўтвараюць ведзьміны кругі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп. — кастрычніку.
Пладовыя целы розных памераў. Шапка да 22 см у дыям., ад плоска-пукатай да глыбока-лейкападобнай, часта моцна ўціснутая пасярэдзіне, з хвалістым або падагнутым уніз краем, сухая, белая або белаватая з шараватым, бураватым, жаўтаватым і інш. адценнем. Мякаць шчыльная, пераважна белая. Пласцінкі тонкія, зыходзячыя ці прырослыя да ножкі. Ножка цыліндрычная, валакністая, мясістая, храсткаватая, суцэльная. Усе гаварушкі маюць характэрны пах і смак. Ёсць ядомыя і ядавітыя (маюць мускарын, адрозніваюцца белым колерам шапак, пласцінак і ножак) віды. Некаторыя віды лекавыя (маюць антыбіётыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГУ́ШЫН Мікіта Аляксандравіч
(н. 8.11.1938, С.-Пецярбург),
рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт. Расіі (1976). Нар.арт.СССР (1988). Д-р гуманітарных н. (1991). Скончыў харэаграфічнае вучылішча (1959) і кансерваторыю (1980) у Ленінградзе. У 1968—83 у Ленінградскім Малым т-ры оперы і балета. Майстар адточанага элегантнага танца. Сярод партый: Ферхад («Легенда аб каханні» А.Мелікава), Князь («Яраслаўна» Б.Цішчанкі), Джэймс («Сільфіда» Ж.Шнейцгофера), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева). Ставіў пераважна аднаактовыя балеты, дзе выконваў гал. партыі: «Канцэрт у белым» на муз. Чайкоўскага (1969), «Клітэмнестра» на муз. К.Глюка (1972) і інш. З 1983 выкладчык (з 1990 праф.) і кіраўнік балета Муз.т-ра С.-Пецярбургскай кансерваторыі. Сярод пастановак: «Кароль Лір» на муз. С.Насідзе (1990, разам з Г.Алексідзе; партыя караля Ліра), «Спячая прыгажуня» (1992) і «Шчаўкунок» (1994) Чайкоўскага і інш. Лаўрэат Міжнар. конкурсу артыстаў балета ў Варне (1964). Яго творчасці прысвечаны фільм «Мікіта Далгушын. Філасофія танца» (1992), тэлефільм «Танцуе Мікіта Далгушын» (1982).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПРЭ́ (Dupré) Луі
(каля 1697 — кастр. 1774),
французскі танцоўшчык, балетмайстар, педагог; адзін з заснавальнікаў мужчынскага сцэн. танца. Вучыўся ў школе пры «Каралеўскай акадэміі музыкі і танца» ў Парыжы («Гранд-Апера»), у 1715—22 і 1730—51 саліст гэтага т-ра. У 1722—30 працаваў у Варшаве, гастраліраваў у Лондане, Дрэздэне, Вене. Танцаваў у лірычных трагедыях, балетах, операх-балетах, а таксама чаконы і пасакаллі. Яго танец вылучаўся грацыёзнасцю, пластычнасцю, высакароднай манерай выканання. У 1756 запрошаны Г.Ф.Радзівілам у прыдворны т-р у Слуцку, разам з А.Пуціні. Дз. — стваральнік мясц. балета. У 1756—58 выкладаў у Слуцкай балетнай школе, выступаў у Слуцку і ў Белым (Бяла-Падляска, Польшча). У 1758 пераехаў у Нясвіж, дзе паводле дагавору з М.К.Радзівілам Рыбанькай павінен быў да 1761 выступаць на сцэне, пісаць лібрэта і ставіць балеты, падрыхтаваць для т-ра 8 дзяцей і вучыць танцам усіх, каго яму дадуць. Сярод яго вучняў Ж.Ж.Навер, Г.Вестрыс, М.Гардэль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ КЕРА́МІКА,
вырабы 10—18 ст. з мясц. гліны, знойдзеныя ў час археал. раскопак у Віцебску.
Вырабы 10 — 1-й пал. 14 ст. (гаршкі, міскі) таўстасценныя, арнаментаваныя рэльефнымі ямкамі, касымі насечкамі, хвалістым малюнкам, лінейным рыфленнем, кальцавымі і спіральнымі налепамі. Кераміка 2-й пал. 14 — 1-й пал. 16 ст. (збаны, спарышы, макотры, накрыўкі) вызначаецца большай разнастайнасцю формаў і тонкімі сценкамі. У 2-й пал. 16—17 ст. посуд рабілі на нажным ганчарным крузе, знутры вырабы пакрывалі зялёнай і жоўтай глазурай, звонку дэкарыравалі ангобам або рэльефным (лінейным ці хвалістым) арнаментам. У 17 ст. значна пашырыўся асартымент (глякі, талеркі, кубкі, малочнікі, чайнікі і інш.), выкарыстоўвалася падглазурная ангобная размалёўка, арнаменты ў выглядзе ліній, салярных знакаў, кветак, кропак выконвалі карычневым і белым колерамі на зялёным і жоўтым фонах. Вырабы 18 ст. арнаментаваны менш, формы посуду спрошчаны, размалёўвалі толькі міскі і талеркі, выкарыстоўвалі пераважна аднаколерную паліву, якая пакрывала сценкі знутры і звонку. Гліняныя падсвечнікі, цацкі, люлькі і інш. прадметы хатняга ўжытку таго часу дэкарыраваны рэльефнымі арнаментамі, разеткамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНЕ́ЖСКАЕ ВО́ЗЕРА, Анега,
возера на ПнЗ Еўрапейскай часткі Расійскай Федэрацыі, у Карэліі, Ленінградскай і Валагодскай абласцях. Пл. 9,7 тыс.км² (без а-воў). Даўж. 256 км, шыр. каля 91,6 км, глыб. да 127 м. Пасля пабудовы Верхнясвірскай ГЭС стала вадасховішчам (9950 км²). Катлавіна ледавікова-тэктанічнага паходжання. Паўн. берагі высокія, скалістыя, расчлянёныя вузкімі залівамі-губамі — Петразаводскай, Кондапажскай, Ліжэмскай і інш. і Павянецкім зал., паўднёвыя — пераважна нізкія, часта забалочаныя. 1369 а-воў агульнай пл. 250 км²; найбольшыя — Вял. Клімецкі і Вял. Лелікаўскі. Т-ра паверхневых слаёў вады ў жн. ў адкрытай частцы да 20—24 °C, у залівах да 24—27 °C. Замярзае ў ліст., крыгалом у маі. Цэнтр.ч. ў асобныя гады не замярзае. На возеры назіраюцца сейшы. Празрыстасць вады да 8—9 м, каля берагоў 1—4 м. Вада прэсная, з мінералізацыяй 35 мг/л. Упадаюць 58 рэк, найб. Выцегра, Водла, Суна, Шуя; выцякае р. Свір. Каля 50 відаў рыб, 17 маюць прамысл. значэнне (сіг, рапушка, корушка, мянтуз, лешч, акунь, шчупак, ласось і інш.). Рыбалоўства. Суднаходства. Возера злучана Беламорска-Балтыйскім каналам з Белымм., Волга-Балтыйскім водным шляхам — з бас. Волгі. Уздоўж паўд. берага Анежскі суднаходны канал. На Анежскім возеры музей Кіжы (на аднайм. в-ве). На берагах гарады Петразаводск, Кондапага, Мядэведжагорск, Павянец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ НАПІ́ТКІ, спіртныя напіткі,
напіткі, у састаў якіх уваходзіць алкаголь (этылавы спірт). Моцныя алкагольныя напіткі: гарэлка, каньяк, джын, віскі, ром, наліўкі, настойкі, лікёры — маюць ад 60 да 20% спірту, віно вінаграднае і пладова-ягаднае — ад 20 да 9% (гл.табл.). Змешаныя алкагольныя напіткі гатуюць непасрэдна перад ужываннем (кактэйлі, крушоны, глінтвейны); у залежнасці ад рэцэптаў прыгатавання маюць розную колькасць алкаголю. Да слабых алкагольных напіткаў адносіцца піва.
Для прыгатавання алкагольных напіткаў выкарыстоўваюцца спірт вышэйшага гатунку, памякчаная вада, часам сокі фруктаў і ягад, эсенцыі ягадныя і фруктовыя (пераважна штучныя), настоі духмяных траў, карэнняў, лісця, кветак, лупіны цытрусавых, вострыя прыправы. Тэхналогія прыгатавання моцных алкагольных напіткаў уключае разбаўленне, моцнага віна — дабаўленне спірту да патрэбнага мацунку. У сталовым сухім белым ці чырв. віне спірт толькі натуральнага зброджвання. Алкагольныя напіткі аказваюць на чалавека дзеянне ад танізавальнага да разбуральнага, з дэградацыяй асобы пры алкагалізме.