ДЗІ́МАЎ (Дзімітр) (25.6.1909, г. Ловеч, Балгарыя — 1.4.1966),
балгарскі пісьменнік і вучоны. Засл. дз. культ. Балгарыі (1963), праф. анатоміі (1953). Дэбютаваў раманам «Паручнік Бенц» (1938). Майстэрствам псіхал. аналізу адметны раман «Асуджаныя душы» (1945), падзеі якога адбываюцца ў Іспаніі напярэдадні і пасля ваенна-фаш. мяцяжу 1936. Сусв. вядомасць прынёс раман «Тытунь» (1951; Дзімітраўская прэмія 1952), прысвечаны жыццю балг. народа ў 1930—40-я г. Аўтар камедыі «Жанчыны з мінулым» (1959), драм «Вінаваты» (1961), «Перадышка ў Арка Ірыс» (1936), а таксама прац па анатоміі.
Літ.:
Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—4. М., 1977—78.
І.С.Александровіч.
т. 6, с. 115
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСАЛІ́ЦІНАЎ (Мікалай Восіпавіч) (24.2.1880, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 22.3.1961),
расійскі і балгарскі акцёр, рэжысёр. Брат В.В.Масаліцінавай. Нар. арт. Балгарыі (1948). Скончыў драм. школу пры Малым т-ры ў Маскве (1907). У 1907—19 акцёр МХТ. Сярод роляў: Скалазуб («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Салёны («Тры сястры» А.Чэхава). З 1925 у Балгарыі, да 1944 гал. рэжысёр, рэжысёр Нар. т-ра ў Сафіі. Паставіў спектаклі «Беспасажніца» А.Астроўскага, «Квадратура круга» В.Катаева, «Платон Крэчат» А.Карнейчука, «Царская міласць» К.Зідарава і інш. З роляў: Тарцюф («Тарцюф» Мальера), Матыяс Клаўзен («Перад захадам сонца» Г.Гаўптмана). Дзімітраўская прэмія 1950.
т. 10, с. 164
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́ЙКАЎ (Петка Рачаў) (29.11.1827, г. Вяліка-Тырнава, Балгарыя — 13.7.1895),
балгарскі паэт, асветнік, грамадскі дзеяч. Скончыў царк. школу. Быў настаўнікам, рэдактарам газет, пасля 1878 старшыня Нар. сходу, міністр. Змагаўся за школу на балг. мове. Друкаваўся з 1843. Аўтар зб-каў вершаў і перакладаў «Стракаты букет», «Спеўнік», «Баечнік» (усе 1852). Інтымнай лірыцы і патрыят. паэзіі С. (зб. «Песні і вершы», 1879; паэмы «Крыніца Беланогай», 1873, «Кракра Пярніцкі», 1886) уласцівы нац. каларыт, рэалістычнасць. Выдаў поўны збор балг. прымавак і прыказак (1889—97). На бел. мову асобныя яго вершы пераклалі Н.Гілевіч, А.Разанаў.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1981.
т. 14, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАПЦА́РАЎ (Нікола Іонкаў) (7.12.1909, г. Банска, Балгарыя — 23.7.1942),
балгарскі паэт. Скончыў марское тэхн. вучылішча (1932). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік антыфаш. руху ў Балгарыі, расстраляны гітлераўцамі. Друкаваўся з 1926. Працягваў традыцыі балг. рэв. паэзіі (Х.Боцеў, Х.Смірненскі), выступіў як паэт-наватар. У зб. «Песні матора» (1940) адлюстраваў сац. зрухі часу, атмасферу завода, рух машын, працоўныя будні, веру ў светлую будучыню. Цыкл «Песні пра адну краіну» прысвечаны антыфаш. барацьбе ў Іспаніі. На бел. мову яго вершы перакладалі А.Астрэйка, Н.Гілевіч і інш.
Тв.:
Бел. пер. — Песня пра чалавека. Мн., 1982;
Рус. пер. — Избранное. М., 1984
Г.Я.Адамовіч.
т. 3, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́ЛЬПЕ (Вулпе) Іван Мікалаевіч
(1.9.1876, г. Балград, Украіна — 26.8.1929),
балгарскі спявак (бас), педагог; адзін з заснавальнікаў балг. вак. школы. Скончыўшы Маскоўскую кансерваторыю (1902), спяваў у Оперным т-ры Зіміна ў Маскве, у гар. т-ры ў Іркуцку. З 1908 жыў у Балгарыі. З 1912 выкладаў у муз. вучылішчы ў Сафіі (з 1921 Дзярж. муз. акадэмія). Удзельнічаў у стварэнні Балг. опернага т-ра (з 1921 Сафійская нар. опера; да 1926 яе саліст). Сярод партый: Млынар («Русалка» А.Даргамыжскага), Канчак («Князь Ігар» А.Барадзіна), Мефістофель («Фауст» Ш.Гуно), Марсель («Гугеноты» Дж.Меербера). Сярод яго вучняў Х.Брымбараў, П.Райчаў, М.Папоў, А.Нікалай.
т. 4, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІМІТРО́Ў (Георгі Петраў) (19.4.1904, г. Белаградчык, Балгарыя — 12.3.1979),
балгарскі кампазітар, харавы дырыжор. Нар. арт. Балгарыі (1967). Герой Сац. Працы (1969). Скончыў Варшаўскую кансерваторыю (1929). У 1923—39 жыў у эміграцыі (Югаславія, Польшча). У 1940—48 маст. сакратар Сафійскай нар. оперы, у 1946—58 кіраўнік хору імя Г.Кіркава, дзярж. канцэртнага аб’яднання «Музыка». Адзін з ініцыятараў выдання і рэдактар (1952—55) час. «Българска музика» («Балгарская музыка»). З 1949 выкладаў у Балг. кансерваторыі (з 1962 праф.). Аснова яго кампазітарскай творчасці — хар. песні і канцэртныя п’есы. У хар. творах апіраўся на балг. сял. фальклор і рэв. песню. Аўтар муз.-публіцыстычных артыкулаў. Дзімітроўская прэмія 1950.
т. 6, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́СТАЎ (Трайча) (17.6.1897, Сафія — 17.12.1949),
балгарскі паліт. і дзярж. дзеяч. Герой Сац. Працы (1963). З 1920 чл. Балг. камуніст. партыі (цесных сацыялістаў); з 1931 чл. яе ЦК, з 1937 чл. Палітбюро ЦК. У 1924—29 зняволены за рэв. дзейнасць. У 1930—31, 1932—34 жыў у СССР, працаваў у Выканкоме Камінтэрна. У 2-ю сусв. вайну сакратар ЦК Балг. рабочай партыі (БРП, 1940—42), адзін з арганізатараў балг. Руху Супраціўлення, зняволены (1942 — вер. 1944). У 1944—46 сакратар ЦК БРП (камуністаў), у 1946—49 нам. старшыні Савета Міністраў. У 1948—49 чл. Палітбюро ЦК Балг. камуніст. партыі. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1956.
т. 8, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ШКАВА (Лілі Марынава) (н. 7.9.1943, Сафія),
балгарскі мовазнавец і перакладчык. Канд. філал. н. (1972). Скончыла Сафійскі ун-т (1966), дзе працуе на кафедры слав. мовазнаўства. Удзельніца бел.-балг. навук. сімпозіумаў па параўнальным мовазнаўстве ў Мінску (1976, 1982, 1987), Сафіі (1979). Аўтар даследаванняў «Пра некаторыя функцыянальныя адпаведнасці балгарскага азначальнага члена ў беларускай мове» (1976; разам з Л.Куевай-Шверчак), «Да тыпалогіі складаных прыметнікаў у беларускай і балгарскай мовах» (1983) і інш. На балг. мову пераклала аповесці «Дрыгва» Я.Коласа, «Найдорф» І.Пташнікава, «Запіскі Занядбайлы» Б.Сачанкі, «Раданіца» А.Кудраўца, асобныя апавяданні Я.Коласа, Л.Гаўрылкіна, М.Гіля, Г.Далідовіча, Кудраўца, Пташнікава для анталогіі «Пад пошум дубоў» (1981).
т. 9, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ЙЧАЎ (Пётр) (9.3.1887, г. Варна, Балгарыя — 30.8.1960),
балгарскі спявак (лірыка-драм. тэнар), оперны рэжысёр. Нар. арт. Балгарыі (1949). Вучыўся ў Сафіі, Маскве (да 1911). Выступаў у еўрап. і рас. т-рах. Спяваў разам з Ф.Шаляпіным, Т.Даль Монтэ, Цітам Руфа. З 1936 саліст Сафійскай нар. оперы. У 1950—58 праф. Балгарскай кансерваторыі. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Садко («Садко» М.Рымскага-Корсакава), Шуйскі («Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Альфрэд («Травіята» Дж.Вердзі), Рудольф («Багема» Дж.Пучыні), Фауст («Фауст» Ш.Гуно). Паставіў больш за 20 опер у Балгарыі і за яе межамі. Аўтар мемуараў «Жыццё і песня» (1951). Дзімітроўская прэмія 1950.
т. 13, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́КАЎ (Іван) (4.3.1904, Сафія — 4.8. 1978),
балгарскі мовазнавец. Чл.-кар. Балгарскай АН (1945), праф. (1945). Вучыўся ў Сафійскім і Ягелонскім (Кракаў) ун-тах. У працах, прысвечаных параўнальна-гіст. і тыпалагічнаму вывучэнню слав. моў, выкарыстоўваў матэрыял бел. мовы: «Характарыстыка агульных рыс у балгарскай і ўсходнеславянскіх мовах» (1942), «Старая супольнасць і новыя канвергенцыі ў развіцці беларускай і балгарскай моў» (1972), «Супастаўляльны аналіз беларускай і балгарскай моў у рамках роднасных адносін паміж дзвюма мовамі» (1976). Складальнік і рэдактар зборнікаў літ. тэкстаў на слав. мовах, у якіх упершыню змешчаны ўзоры бел. маст. прозы і паэзіі ў арыгінале для балгарскага чытача, у т. л. вершы Я.Купалы, Я.Коласа, П.Броўкі, А.Куляшова.
Г.А.Цыхун.
т. 9, с. 193
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)