ШАЙІ́НКА (Soyinka) Воле (сапр. імя Акінвандэ Алуволе; н. 13.7.1934, г. Абеокута, Нігерыя),

нігерыйскі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вучыўся ў Ібаданскім ун-це (1952—54), ва ун-це г. Лідс (Вялікабрытанія). Стваральнік і маст. кіраўнік тэатр. труп «Маскі-1960» і «Орызан». У 1975—85 праф. ун-та г. Іфе, з 1985 жыве ў Парыжы. Пачынаў як драматург і акцёр. Піша на мовах англ. і йоруба. У сац.-крытычных п’есах «Леў і жамчужына», «Насельнікі дрыгвы» (абедзве 1958), «Танец лесу» (паст. 1960), «Жніво Конгі» (1967), «Вар’яты і спецыялісты» (1971), «Смерць і стайневы кароль» (1975), «Гульня волатаў» (1984), «Рэквіем для футурыста» (1985) і інш. сутыкненне традыц. афр. мінулага з сучаснасцю. У рамане «Інтэрпрэтатары» (1965) своеасаблівая атмасфера нігерыйскага адукаванага грамадства, уплыў на яго еўрап. культуры і нац. традыцый, карупцыя сярод чыноўнікаў. Аўтар рамана «Час беззаконня» (1973), зб-каў вершаў «Ідандрэ» і іншыя вершы» (1967), «Чаўнок у цямніцы» (1972) і інш. У аўтабіягр. аповесці «Аке, гады дзяцінства» (1981) матывы і сюжэты афр. фальклору. Нобелеўская прэмія 1986.

Тв.:

Рус. пер. — [Избранное]. М., 1987.

Літ.:

Бейлис В.А. Воле Шойинка. М., 1977;

Шупа С. Трыумф афрыканскай культуры // Далягляды, 88. Мн., 1988.

Л.​П.​Баршчэўскі.

В.Шайінка.

т. 17, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕРКУ́РЫЙ,

першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн. км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн. км, у афеліі 70 млн. км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (​2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙10​23 кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.

Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да ​1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб. грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл. «Марынер»).

Літ.:

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДАЎНІ́ЧЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.

Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл. Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл. Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.

І.​І.​Леановіч.

Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.

т. 3, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАТ [грэч. klima (klimatos) літар. нахіл; падразумяваецца нахіл зямной паверхні да сонечных прамянёў],

шматгадовы рэжым надвор’я, уласцівы пэўнай мясцовасці на Зямлі ў залежнасці ад геагр. умоў; адна з яе асн. геагр. характарыстык. Фарміруецца пры ўзаемадзеянні кліматаўтваральных працэсаў (прыход і расход прамяністай энергіі на зямной паверхні і ў атмасферы; цыркуляцыя атмасферы; вертыкальны цеплаабмен і вільгацеабмен у атмасферы), якія бесперапынна працякаюць у сістэме атмасфера—акіян—суша; мадыфікуюцца геагр. фактарамі і ствараюць разнастайныя тыпы К. Уяўленне пра К. складваецца на аснове стат. абагульнення вынікаў шматгадовых назіранняў над асн. метэаралагічнымі элементамі — сонечнай радыяцыяй, т-рай і вільготнасцю паветра, атм. ціскам, скорасцю і напрамкам ветру, воблачнасцю, атм. ападкамі і інш. Асн. геагр. фактары, што ўздзейнічаюць на К. асобнага рэгіёна: геаграфічная шырата, якая вызначае занальнасць і сезоннасць у размеркаванні сонечнай радыяцыі, т-ру паветра, атм. ціск і г.д. [гл. Кліматычныя паясы (зоны), Кліматычныя сезоны]; вышыня над узроўнем мора, ад якой залежыць вышынная пояснасць; размеркаванне сушы і мора (суша і вада па-рознаму паглынаюць, зберагаюць і аддаюць цяпло, вільгаць і г.д.); араграфія мясцовасці ўплывае на паветр. цячэнні, т-ру паветра, воблачнасць, атм. ападкі і інш.; акіянічныя цячэнні пераносяць з нізкіх шырот у высокія значную колькасць цяпла (напр., цячэнне Гальфстрым, якое аказвае значны ўплыў на К. Зах. Еўропы). Халодныя цячэнні з высокіх шырот ахаладжальна ўздзейнічаюць на К. рэгіёнаў, размешчаных у сярэдніх і нізкіх шыротах. Цячэнні ўплываюць і на вільгацезварот, садзейнічаюць утварэнню воблакаў і туманаў. К. асобных рэгіёнаў вызначаюцца таксама характарам расліннага покрыва, наяўнасцю ледавікоў і снегавога покрыва, асаблівасцямі клімату гарадоў і інш. У залежнасці ад маштабу разглядаемых частак зямной паверхні вылучаюць макраклімат, мезаклімат і мікраклімат. К. аказвае значны ўплыў на гасп. дзейнасць чалавека: на спецыялізацыю сельскай гаспадаркі, размяшчэнне прамысл. прадпрыемстваў, паветраны, водны і наземны транспарт і г.д. Вывучае К. кліматалогія.

П.​А.​Каўрыга.

т. 8, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРС,

чацвёртая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Знак . Мае выгляд яркага свяціла чырвонага колеру (-2,01 зорнай велічыні).

Сярэдняя адлегласць ад Сонца 227,94 млн. км. Адлегласць ад Зямлі мяняецца ад 55,7 млн. да 101,2 млн. км. Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце (эксцэнтрысітэт 0,0934) з перыядам 1,88 года (687 сут). Сярэдняя скорасць на арбіце 24,13 км/с. Перыяд абарачэння вакол восі 24,62 гадз. Раз у 2 гады адбываецца процістаянне М. (гл. Процістаянні планет), кожныя 15—17 гадоў — вялікія процістаянні. Экватарыяльны радыус М. 3397,2 км, палярны 3376,4 км, маса 6,42 ∙ 10​23кг (каля 0,107 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 3943 кг/м³. Нахіл экватара да плоскасці арбіты (25,2°) абумоўлівае змену пораў года, аналагічных зямным. Паверхня М. пустынная. пакрытая камянямі; шмат кратэраў. Мінім. т-ра паверхні -140 °C, макс. — 20 °C. Атмасфера складаецца з вуглякіслага газу СО2 (95,32%) азоту N2 (2,7%), аргону Ar(1,6%), кіслароду О2 (0,13%), вадзяной пары (0,03%). Атм. ціск на паверхні 700 Па. М. мае паўночную і паўднёвую палярныя шапкі, якія складаюцца з замёрзлага вуглякіслага газу і вады; з надыходам лета ў адным паўшар’і яго шапка выпараецца, з надыходам зімы зноў з’яўляецца. Ніякіх прыкмет існавання жыцця на М. не выяўлена. Біял. эксперыменты, праведзеныя пры дапамозе пасадачных апаратаў «Вікінг», не выявілі наяўнасці жывых мікраарганізмаў у глебе. М. мае 2 спадарожнікі — Фобас і Дэймас. Большасць звестак пра М. атрымана пры дапамозе касм. апаратаў «Марс», «Марынер», «Вікінг».

Літ.:

Мороз В.И. Физика планеты Марс. М., 1978;

Поверхность Марса. М., 1980;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Фатаграфія паверхні планеты Марс, атрыманая пры дапамозе аўтаматычнай станцыі «Вікінг-1» (1976, ЗША).
Да арт. «Марс». Аўтаматычная станцыя «Марс-1»: 1 — радыятар сістэмы тэрмарэгулявання; 2 — панэлі сонечных батарэй; 3 — вузканакіраваная антэна; 4 — арбітальны адсек; 5 — рухальная ўстаноўка для карэкцыі; 6 — востранакіраваная антэна.
Агульны выгляд планеты Марс (касмічны тэлескоп імя Э.​Хабла, 1995, НАСА).

т. 10, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЕЧНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ.

сонечнае выпрамяненне, электрамагнітнае і карпускулярнае выпрамяненне Сонца; асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў і з’яў, што адбываюцца ў біясферы. Электрамагнітная радыяцыя распаўсюджваецца ў касм. прасторы і дасягае атмасферы Зямлі ў выглядзе эл.-магн. хваль са скорасцю каля 300 тыс. км/с. С.р. адносіцца да кароткахвалевай радыяцыі. Каля 47% яе энергіі прыпадае на бачную частку спектра (0,4—0,76 мкм), 44% — на інфрачырвоную (0,76—4 мкм) і 9% — на ультрафіялетавую радыяцыі (0,01—0,39 мкм). С.р. праходзіць праз атмасферу, часткова адбіваецца ў космас, часткова паглынаецца і рассейваецца малекуламі газаў і аэразолямі, зменьвае сваю інтэнсіўнасць і спектральны састаў. Радыяцыя, што дасягае зямной паверхні ў выглядзе пучка паралельных прамянёў непасрэдна ад Сонца, наз. прамой, а радыяцыя, якая паступае з усяго небасхілу, — рассеянай. Агульны прыход прамой і рассеянай радыяцыі — сумарная радыяцыя. Частка яе, якая паглынаецца паверхняй (глебай, расл. покрывам, вадой, будынкамі і інш.), наз. паглынутай радыяцыяй, а тая, што адбіваецца воблакамі і зямной паверхняй — адбітай радыяцыяй. Суадносіны паміж паглынутай і адбітай радыяцыямі залежаць ад колеру, рэльефу і вільготнасці паверхні. Зямная паверхня і атмасфера выпраменьваюць даўгахвалевую радыяцыю (4—100 мкм). Рознасць паміж выпрамяненнем Зямлі і сустрэчным выпрамяненнем атмасферы наз. эфектыўным выпрамяненнем; рознасць паміж паглынутай радыяцыяй і эфектыўным выпрамяненнем — радыяцыйны баланс, прамянёвая энергія якога на зямной паверхні пераўтвараецца ў цяпло. Частка цяпла перадаецца на глыбіню глебы або вадаёма, частка ў атмасферу, на выпарэнне вады, невял. доля ідзе на ўтварэнне хім. сувязей пры фотасінтэзе расл. покрыва. Агульны прыход і расход энергіі на зямной паверхні наз. цеплавым балансам. Карпускулярная радыяцыя складаецца пераважна з пратонаў (рухаюцца са скорасцю 300—1500 км/с), якія поўнасцю паглынаюцца магнітасферай Зямлі. С.р. характарызуецца імгненнымі значэннямі (энергет. асветленасць, кВт/м²) і сумамі за гадзіну, суткі, месяц, год (КДж/м², МДж/м²). На Беларусі колькасць сумарнай С.р. за год зменьваецца ад 4100 МДж/м² на Пд да 3500 МДж/м² на Пн, каля 55% яе прыпадае на рассеяную радыяцыю. Гадавыя сумы радыяцыйнага балансу ад 1500 МДж/м² на ПнУ да 1800 МДж/м² на ПдЗ.

П.​А.​Каўрыга.

т. 15, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́НЦА,

асноўная крыніца энергіі для ўсіх працэсаў на Зямлі; распалены плазменны шар, найбліжэйшая да Зямлі зорка; цэнтральнае цела Сонечнай сістэмы. Астр. знак . Маса 1,99∙10​30 кг (каля 99% масы Сонечнай сістэмы), радыус 690 тыс. км, сярэдняя шчыльнасць 1,409∙10​3 кг/м³ (цэнтр. абласцей 1,55 × 10​5 кг/м³, на паверхні 3∙10​−4 кг/м³). Тыповая зорка-карлік спектральнага класа 2 з абс. зорнай велічынёй +4,85. Свяцільнасць 3,86∙10​23 кВт. Эфектыўная т-ра паверхні каля 5785 К. Напружанасць агульнага магн. поля адносна невялікая ~80 А/м, мяняецца ў часе, у актыўных абласцях дасягае ~100 кА/м. С. верціцца ў тым жа напрамку, што і Зямля, вакол восі, нахіленай да плоскасці зямной арбіты пад вуглом 82°45. Перыяд абарачэння (сінадычны) мяняецца ад 27 сут на экватары да 32 сут каля полюсаў, лінейная скорасць пунктаў каля экватара ~2 км/с, паскарэнне свабоднага падзення 274 м/с​2. Адлегласць ад цэнтра Галактыкі 10 кпк, перыяд абарачэння вакол яго ≈ 220 млн. гадоў, арбітальная скорасць 250—300 км/с. Адносна бліжэйшых зорак С. рухаецца са скорасцю 20 км/с у напрамку да сузор’я Геркулес. Прыблізны ўзрост С. каля 5 млрд. гадоў (паводле тэарэт. мадэлей будзе актыўна існаваць прыблізна такі ж час).

Складаецца з ядра, зоны праменнага пераносу энергіі, канвектыўнай зоны, фотасферы, храмасферы і сонечнай кароны. Зямны назіральнік бачыць паверхневую вобласць С. — фотасферу. Паводле спектральных даследаванняў яна складаецца з 90% вадароду, 9,9% гелію і 0,1% жалеза, кальцыю, натрыю і інш. Крыніца сонечнай энергіі — тэрмаядзерныя рэакцыі ператварэння вадароду ў гелій у ядры С., дзе т-ра ≈ 15 млн. К. Энергія з нетраў пераносіцца выпрамяненнем, потым у вонкавым слоі таўшчынёй каля 0,2 радыуса — канвекцыяй. Інтэнсіўнасць плазменных працэсаў на С. перыядычна мяняецца (11-гадовы цыкл; гл. Сонечная актыўнасць). Сонечная атмасфера (храмасфера і карона) вельмі дынамічная, у ёй назіраюцца ўспышкі, пратуберанцы, пастаяннае выцяканне рэчыва ў міжпланетную прастору (гл. Сонечны вецер). Зямля знаходзіцца на адлегласці 149,6 млн. км ад С. і атрымлівае за 1 с каля 2∙10​17 Дж сонечнай праменнай энергіі (гл. Сонечная пастаянная).

Літ.:

Гибсон Э. Спокойное солнце: Пер. с англ. М., 1977;

Каплан С.А. Пикельнер С.Б., Цытович В.Н. Физика плазмы солнечной атмосферы. М., 1977;

Никольский Г.М. Невидимое Солние. М., 1980;

Крюгер А. Солнечная радиоастрономия и радиофизика: Пер. с англ. М., 1984.

А.​А.​Шымбалёў.

Сонца.

т. 15, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СЯЦ,

адзіны натуральны спадарожнік Зямлі, астр. знак . Другое па яркасці пасля Сонца свяціла (поўны М. свеціць у 465 тыс. разоў слабей за Сонца). Дыяметр 3476 км, маса 7,35∙10​22 кг (у 81 раз меншая за зямную); сярэдняя шчыльнасць 3343 кг/м³ (0,607 сярэдняй шчыльнасці Зямлі). Арбіта з эксцэнтрысітэтам 0,045 нахілена пад вуглом 5°9′ да экліптыкі. Сярэдняя адлегласць ад Зямлі 384,4 тыс. км. Перыяды абарачэння М. вакол сваёй восі і вакол Зямлі (сідэрычны месяц — 27,3217 сут) супадаюць, таму М. павернуты да Зямлі адным бокам. Але ў выніку лібрацыі Месяца з Зямлі назіраецца каля 60% яго паверхні. Адваротны бок М. ўпершыню сфатаграфаваны ў 1959 сав. аўтам. станцыяй «Месяц-3». Змена фаз Месяца, якія вызначаюцца ўзаемным становішчам М., Зямлі і Сонца, адбываецца з перыядам у 29,5306 сут (сінадычны месяц). Сіла цяжару на М. ў 6 разоў меншая, чым на Зямлі.

Паверхня М. падзяляецца на «моры» і «мацерыкі». Светлыя ўчасткі паверхні наз. «мацерыкамі», займаюць 60% плошчы. Гэта няроўныя, гарыстыя раёны з вял. канцэнтрацыяй кратэраў розных памераў (у большасці метэарытнага паходжання, ёсць і вулканічныя). 40% паверхні — «моры»: упадзіны, запоўненыя цёмнай лавай і пылам; напластаванні асобных лававых патокаў утвараюць валы і грады, у многіх месцах праяўляюцца разломы і расколіны. «Мацерыкі» перасечаны горнымі хрыбтамі, размешчанымі ўздоўж узбярэжжа «мораў». Найб. вышыня месяцавых гор дасягае 9 км. Паверхневы слой М. складаецца з раздробленых парод — рэгаліту (таўшчынёй да дзесяткаў метраў). Месяцавы грунт шэра-бурага колеру, адбівальная здольнасць 5—20%, складаецца з часцінак сярэдняга памеру 0,08—0,10 мм Аналіз месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, паказаў, што яны не падвяргаліся ўздзеянню вады. Атмасфера М. вельмі разрэджаная: канцэнтрацыя атамаў і малекул прыблізна ў 10​9 разоў меншая, чым у зямной атмасферы на ўзроўні мора. Яна фарміруецца ў выніку ўздзеяння на месяцавы грунт светлавых і цеплавых фатонаў сонечнага выпрамянення. Асн. газы ў атмасферы — неон, вадарод, гелій, аргон. Сутачныя перапады т-р ад 101 °C да -153 °C. Ва ўзорах месяцавых парод, дастаўленых на Зямлю, адсутнічаюць якія-н. мікраарганізмы ці сляды іх жыццядзейнасці. Відаць, стэрылізаваны радыяцыяй і вял. перападамі т-р паверхневы грунт пазбаўлены жыцця. Існуюць розныя гіпотэзы паходжання М., канчаткова гэта праблема не вырашана. М. даследуецца аптычнымі і радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. З 1959 (першая сав. аўтам. станцыя «Месяц-1») пачаліся даследаванні М. сав. аўтам. станцыямі серыі «Зонд», «Месяц», амер. аўтам. станцыямі і пілатуемымі караблямі серый «Сервеер», «Лунар Орбітэр», «Апалон», «Лунар Праспектар». Першы чалавек ступіў на паверхню М. 21.7.1969 (Н.Армстранг).

Літ.:

Фрондел Д.У. Минералогия Луны: Пер. с англ. М., 1978;

Черкасов И.И., Шварев В.В. Грунтоведение Луны. М., 1979;

Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ. М., 1984;

Маров В.Я. Планеты Солнечной системы. 2 изд. М., 1986.

А.​А.​Шымбалёў.

Агульны выгляд Месяца.
Да арт. Месяц. Кратэр Капернік («Апалон-17», 1972, ЗША).

т. 10, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫГРЫ́НАЎ Іван Гаўрылавіч (21.12.1934, в. Вялікі Бор Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 5.1.1996),

бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1994). Брат П.Г.Чыгрынава. Скончыў БДУ (1957). З 1957 працаваў у выд-ве «Навука і тэхніка», з 1962 у час. «Полымя». З 1975 нам. старшыні, з 1976 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. З 1987 старшыня праўлення Бел. фонду культуры, адначасова з 1989 гал. рэдактар час. «Спадчына». Друкаваўся з 1952. Пачаткам літ. дзейнасці сам Ч. лічыў 1961, калі было апублікавана апавяд. «Праз гады». У зб-ках апавяд. «Птушкі ляцяць на волю» (1965), «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі» (1983) і інш. духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваен. умовах. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва Літ. прэмія імя А.​Фадзеева 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі, таму наз. «верамейкаўскі цыкл»), У іх адлюстравана атмасфера ваен. часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партыз. руху, даследаваны вытокі гераізму і мужнасці бел. народа, створаны яркія вобразы патрыётаў перыяду Вял. Айч. вайны. Паводле сваіх раманаў і апавяд. Ч. стварыў п’есы «Плач перапёлкі» (паст. 1980, Бел. т-р імя Я.​Купалы), «Апраўданне крыві» (паст. 1984, Брэсцкі абл. драм. т-р), «Дзівак з Ганчарнай вуліцы» (паст. 1986, Тэатр-студыя кінаакцёра). Аўтар п’ес «Следчая справа Вашчылы» (1988, пра кіраўніка Крычаўскага антыфеад. паўстання 18 ст.), «Звон — не малітва» (паст. 1988, т-р імя Я.​Купалы; пра княгіню Рагнеду), «Чалавек з мядзведжым тварам» (1989, погляд на эпоху Сталіна). У трагічным гратэску «Ігракі» (1990) перадваен. падзеі. Драм. фантазія «Хто вінаваты?», абразок «Толькі мёртвыя не вяртаюцца» пра Чарнобыль і звязаныя з ім праблемы. П’еса «Прымак» (1994) і драм. аповесць «Брат караля» (1995) пра бел. дзяржаўнасць часоў ВКЛ. Драма «Савіцкі» (1994) пра заступніка абяздоленых, «бел. Дуброўскага». У трагікамедыі «Госці» (паст. 1994, т-р імя Я.​Купалы) аналіз стану грамадства пач. 1990-х г. П’еса «Зайграй, хлопча малы» (1995) пра бел. паэта П.​Багрыма. Творчасці Ч. ўласцівы глыбокі дэталёвы аналіз унутр. свету чалавека, паэтычнасць, рэаліст. канкрэтная вобразнасць, высокая культура слова. Аўтар манаграфіі «М.​Я.​Нікіфароўскі» (1960, з В.​К.​Бандарчыкам), крытыка-публіцыстычных кніг «Новае ў жыцці, новае ў літаратуры» (1983), «Паміж сонцам і месяцам: Роздум над жыццём, культурай і літаратурай» (1994). На бел. мову пераклаў п’есы «На дне» М.​Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.​Вішнеўскага і інш. Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлефільма «Руіны страляюць...» (1970, з І.​Новікавым, Дзярж. прэмія Беларусі 1974). Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэж. І.​Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны тэлефільм «Плач перапёлкі» (1991). Па матывах рамана «Плач перапёлкі» У.​Кандрусевіч напісаў аднайм. сімфонію.

Тв.:

Зб. тв.: У 6 т. Т. 1. Мн., 1995;

Выбр. творы. Т. 1—3. Мн., 1984;

Звон — не малітва: Драмы. Мн., 1993.

Літ.:

Грамадчанка Т.К. Жывая памяць народа. Нарыс творчасці Івана Чыгрынава. Мн., 1984;

Марціновіч А.А. Іван Чыгрынаў Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1999.

Л.​С.​Савік.

І.Г.Чыгрынаў.

т. 17, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЛЯ́ (ад агульнаслав. зем — падлога, ніз),

трэцяя ад Сонца планета Сонечнай сістэмы. Астранамічны знак ♁ або . Абарачаецца вакол Сонца па эліптычнай арбіце, блізкай да кругавой (з эксцэнтрысітэтам 0,017) з сярэдняй скорасцю каля 30 км/с. Сярэдняя адлегласць ад Сонца 149,6 млн. км (1 астр. адзінка), перыяд абарачэння 365,24 сярэдніх сонечных cутак (трапічны год). На сярэдняй адлегласці 384,4 тыс. км ад З. вакол яе абарачаецца прыродны спадарожнік Месяц, а з канца 1950-х г. запушчана шмат штучных спадарожнікаў. З. абарачаецца вакол сваёй восі, якая мае нахіл да плоскасці экліптыкі, роўны 66°33′22″, за 23 гадз 56 мін (зорныя суткі). Перыяд абарачэння адносна Сонца (сонечныя суткі) 24 гадз. З абарачэннем вакол Сонца і нахілам зямной восі звязана змена на З. пораў года, а з вярчэннем яе вакол восі — змена дня і ночы. Мае форму, блізкую да трохвосевага эліпсоіднага сфероіда (геоіда), сярэдні радыус якога 6371 км, экватарыяльны — 6378,2 км, палярны — 6356,8 км; даўж. акружнасці экватара 40 075,7 км. Пл. паверхні З. 510,2 млн. км² (у т. л. суша 149,1 млн. км², або 29,2%, мораў і акіянаў 361,1 млн. км², або 70,8%), аб’ём 1083∙10​12 км³, маса 5976∙10​21 кг, сярэдняя шчыльн. 5518 кг/м³. Беларусь займае 0,139% тэр. сушы (207,6 тыс. км²). Мае гравітацыйнае, магн. і эл. палі. У саставе З. пераважаюць жалеза (34,6%), кісларод (29,5%), крэмній (15,2%) і магній (12,7%). Паводле сучасных касмаганічных уяўленняў, З. ўтварылася каля 4,7 млрд. гадоў назад з рассеянага ў пратасонечнай сістэме газа-пылавога рэчыва. Геал. яе гісторыя падзяляецца на 2 няроўныя этапы: дакембрый (каля 3 млрд. гадоў) і фанеразой (каля 570 млн. гадоў). У выніку дыферэнцыяцыі рэчыва З. пад уздзеяннем яе гравітацыйнага поля, ва ўмовах разагравання нетраў узніклі і развіліся розныя паводле хім. саставу, агрэгатнага стану і фіз. асаблівасцей абалонкі — геасферы З. У цэнтры яе знаходзіцца ядро Зямлі з радыусам 3,5 тыс. км. Т-ра яго прыкладна 5000—6000 °C, ціск дасягае 3,6∙10​11 Па, шчыльн. каля 12500 кг/м³ Большую ч. аб’ёму (83%) і масы (67%) «цвёрдай» З. складае мантыя Зямлі. Над мантыяй знаходзіцца зямная кара. Паводле складу і інш. асаблівасцей адрозніваюць мацерыковую кару (магутнасцю ад 35—45 км пад раўнінамі да 75 км у горных абласцях) і акіянічную (магутнасцю 5—10 км). У зямной кары вылучаюць рухомыя вобласці — геасінкліналі і адносна спакойныя — платформы. Верхняя ч. мантыі і зямная кара ўтвараюць літасферу — цвёрдую верхнюю абалонку З. таўшчынёй ад 50 да 200 км. Асабліва важную ролю ва ўтварэнні асадкавага покрыва З. адыгрывае кара выветрывання — слой таўшчынёй звычайна да некалькіх дзесяткаў метраў, размешчаны ў зоне кантакту літасферы з паверхняй З., дзе актыўна працякаюць працэсы фіз., хім. і біял. выветрывання. Большую ч. паверхні З. пакрываюць воды акіянаў і мораў. У акіянах і морах больш за 96% вады гідрасферы, астатняя яе частка размеркавана паміж паверхневымі і падземнымі водамі сушы, ільдамі (пераважна ў высокіх шыротах) і снягамі; нязначная колькасць вільгаці знаходзіцца ў паветры і жывых арганізмах. Агульная колькасць вады на З. ацэньваецца ў 1,4—1,5 млрд. км³. Сусв. акіян падзяляецца на Ціхі, Атлантычны, Індыйскі і Паўночны Ледавіты акіяны; у Паўд. паўшар’і зрэдку вылучаюць Паўд. акіян. Сярэдняя глыб. акіянаў 3711 м, найбольшая — 11 022 м (у Марыянскім глыбакаводным жолабе Ціхага ак.). У Паўн. паўшар’і вада пакрывае 61%, у Паўд. — 81% паверхні. Працэсы перамешвання і марскія цячэнні звязваюць воды акіянаў у адзінае цэлае, таму іх салёнасць мяняецца мала — сярэдняя 35 г/л. Вял. роля акіянаў у кругавароце рэчываў на З. і ў фарміраванні клімату яе асобных раёнаў.

Над акіянамі ўзвышаюцца асобныя масівы сушы, якія ўздымаюцца ў сярэднім на выш. 875 м над узр. м. і ўтвараюць 6 мацерыкоў (Еўразія, Афрыка, Паўночная Амерыка, Паўднёвая Амерыка, Антарктыда і Аўстралія), а таксама шматлікія астравы. Большая ч. сушы знаходзіцца ў Паўн. паўшар’і, а пры падзеле на Зах. і Усх. паўшар’і — ва Усходнім. У рэльефе пераважаюць раўніны і нізкагор’і выш. да 1000 м, якія складаюць каля ​2/3 паверхні. Сярэднія і высокія горы займаюць каля ​1/3 паверхні сушы (самая высокая адзнака — 8848 м, г. Джамалунгма ў Гімалаях). Асобныя невял. ўнутр. раёны сушы ляжаць ніжэй узр. м. (самая нізкая яе адзнака -400 м у Зах. Азіі, на ўзбярэжжы Мёртвага м.). Рэльеф сушы і марскога дна ў асобных рэгіёнах надзвычай разнастайны, што абумоўлена складанымі ўзаемасувязямі эндагенных (пераважна тэктанічных) і экзагенных (эразійных, эолавых, карставых і інш.) рэльефаўтваральных працэсаў. З. акружае паветр. атмасфера, якая складаецца ў асноўным з сумесі азоту (78,08%) і кіслароду (20,95%); у нязначнай колькасці ёсць інертныя газы, вадзяная пара і інш. Агульная маса паветра 5,1510​15 т, з вышынёй яго ціск і шчыльнасць памяншаюцца. Атмасфера мае слаістую будову (вылучаюць трапасферу, стратасферу, мезасферу, іонасферу, тэрмасферу, экзасферу, якія паслядоўна зменьваюцца ад паверхні З. і адрозніваюцца адна ад адной тэмпературай, шэрагам фіз. і хім. уласцівасцей). Атмасфера затрымлівае значную частку сонечнай энергіі і амаль непразрыстая для цеплавога выпрамянення З.; у выніку наяўнасці ў ёй вуглякіслага газу і вадзяной пары стварае парніковы эфект. Яна таксама ахоўвае паверхню З. ад разбуральнага ўздзеяння большасці метэарытаў. На выш. 20—25 км знаходзіцца азонавы слой (азонасфера), які затрымлівае б. ч. вельмі шкоднага для жывых істот караткахвалевага касм. выпрамянення. Паміж атмасферай і зямной паверхняй адбываецца абмен цяплом і вільгаццю, што выклікае пастаянны кругаварот вады з утварэннем воблакаў (пакрываюць пастаянна не менш ​1/2 паверхні З.) і выпадзеннем ападкаў. Паветра знаходзіцца ў бесперапынным руху; яго цыркуляцыя, абумоўленая пераважна нераўнамерным награваннем паверхні З. ў розных шыротах, моцна ўплывае на надвор’е і клімат розных абласцей. Рэзкая верхняя мяжа атмасферы адсутнічае, шчыльнасць яе газаў на адлегласці некалькіх тысяч кіламетраў ад паверхні паступова набліжаецца да шчыльнасці міжпланетнай прасторы. Самая вонкавая і працяглая абалонка — магнітасфера Зямлі, фіз. ўласцівасці якой вызначаюцца магнітным полем З.; у ёй на выш. 3—4 тыс. км і 22 тыс. км над экватарам знаходзяцца ўнутр. і вонкавы радыяцыйныя паясы З. Асн. крыніцай энергіі, што паступае на паверхню З., з’яўляецца электрамагн. выпрамяненне Сонца, якое праходзіць праз атмасферу. Агульная колькасць сонечнай энергіі і цяпла ў выніку рознага нахілу зямной паверхні да сонечных промняў заканамерна памяншаецца ад тропікаў да полюсаў, што з’яўляецца гал. прычынай кліматычнай і геагр. занальнасці. На зямным шары вылучаюць экватарыяльны, па 2 (у Паўн. і Паўд. паўшар’ях) субэкватарыяльныя, трапічныя, субтрапічныя, умераныя паясы, а таксама субарктычны і арктычны (у высокіх шыротах Паўн. паўшар’я), субантарктычны і антарктычны (у высокіх шыротах Паўд. паўшар’я), якія адрозніваюцца паміж сабой тэмпературнымі ўмовамі і інш. асаблівасцямі клімату і ландшафтаў. Сярэдняя т-ра прыземнага слоя паветра на планеце 14 °C, у пустынях Паўн. Афрыкі і Каліфорніі адзначаліся максімальныя т-ры 57—58 °C, самыя нізкія т-ры на паверхні З. назіраліся над ледавікамі цэнтр. раёнаў Антарктыды (каля -90 °C). Сярэднегадавая колькасць ападкаў на зямным шары каля 1000 мм, найб. іх выпадае ў гарах Усх. Індыі і Гавайскіх а-воў (да 12 000 мм за год), найменш — у некат. субтрапічных і трапічных пустынях (некалькі міліметраў, месцамі — не кожны год), а таксама ў ледзяных пустынях высокіх шырот Арктыкі і Антарктыкі (амаль выключна ў цвёрдым выглядзе). Колькасць ападкаў і іх сезонная зменлівасць у розных рэгіёнах З. вызначаюцца ў асноўным умовамі цыркуляцыі атмасферы і мясц. араграфічнымі асаблівасцямі. Клімат З. значна мяняўся ў розныя геал. эпохі. Найважнейшая асаблівасць З., што адрознівае яе ад інш. планет Сонечнай сістэмы, — існаванне жыцця, якое ўзнікла каля 3—3,5 млрд. гадоў назад (ёй садзейнічала наяўнасць на З. фіз. і хім. умоў, неабходных для сінтэзу складаных арган. малекул).

Вобласць актыўнага жыцця ўтварае асобную абалонку З. — біясферу, склад, будова і энергет. працэсы ў якой у значных рысах абумоўлены дзейнасцю жывых арганізмаў, што ўтвараюць у сукупнасці жывое рэчыва; у біясферы адбываецца біял. кругаварот рэчыва на З. Працяглая гісторыя развіцця біясферы і значныя прасторавыя адрозненні прыродных умоў садзейнічалі вял. разнастайнасці жыццёвых форм. На З. існуе каля 2 млн. відаў жывёл і раслін (па колькасці відаў пераважаюць жывёлы, па аб’ёме біямасы — расліны). Найб. колькасць жывёл і раслін жыве ў цёплых і вільготных раёнах сушы — у вільготных тропіках, найменшая — у сухіх і гарачых трапічных пустынях і ў ледзяных пустынях Арктыкі і Антарктыкі. Біямаса сушы (6,5∙10​12 т) у сотні разоў перавышае біямасу акіянаў. Найб. дыферэнцыраваныя склад і будову ў межах З. мае геаграфічная абалонка, што аб’ядноўвае цесна ўзаемадзейныя ніжнія слаі атмасферы, верхнія тоўшчы літасферы, амаль усю гідрасферу і ўсю біясферу, паміж якімі адбываецца бесперапынны абмен рэчывам і энергіяй. Яе магутнасць не перавышае некалькіх дзесяткаў кіламетраў, але ў яе межах назіраецца вял. дыферэнцыяцыя прыродных ландшафтаў, што асабліва ўзмацняецца ў гарах, дзе на фоне шыротнай занальнасці адзначаюцца праяўленні вышыннай пояснасці. Каля 30% паверхні сушы ўкрываюць лясы, каля 20% — саванны і рэдкалессі, каля 20% — пустыні і паўпустыні, больш як 10% — ледавікі, каля 10% — астатнія матуральныя ландшафты, больш за 10% пад ворнымі землямі і урбанізаванымі тэрыторыямі. Са з’яўленнем чалавека (не менш як 3 млн. гадоў назад) жыццё на З. дасягнула разумнай формы. У ходзе грамадскага развіцця геагр. абалонка дае чалавеку прыродныя рэсурсы і ўмовы існавання, зазнае ўсё большае антрапагеннае ўздзеянне на ўсе кампаненты і на ландшафты ў цэлым; гэтым яна адрозніваецца ад інш. абалонак З. Працэсы ўзаемадзеяння чалавека і навакольнага асяроддзя, іх экалагічныя, сац., эканам., паліт. вынікі набываюць планетарны характар. Ад вырашэння праблем, якія ўзніклі ў ходзе гэтага ўзаемадзеяння, залежыць будучае З. і чалавецтва. З. вывучаюць геадэзія (даследуе фігуру і памеры З.), астраномія (рух З. як нябеснага цела), геафізіка (стан рэчыва З. і фіз. працэсы ва ўсіх геасферах), геахімія (размеркаванне хім. элементаў З. і працэсы іх міграцыі), геалогія (гісторыю развіцця З., склад, будову зямной кары і больш глыбокіх сфер), фізічная геаграфія і біялогія (прыродныя працэсы і з’явы, што адбываюцца ў геагр. абалонцы і біясферы). З. з’яўляецца канчатковым аб’ектам даследавання ўсіх навук, якія вывучаюць законы ўзаемадзеяння прыроды і грамадства. На З. знаходзіцца 191 дзяржава і шэраг несамастойных тэрыторый (1997).

Літ.:

Мильков Ф.Н. Общее землеведение. М., 1990.

В.​П.​Якушка.

Да арт. Зямля. Выгляд Зямлі з космасу. Бачны Афрыка, частка Антарктыды, Аравійскі паўвостраў.
Да арт. Зямля. Касмічны здымак паўднёва-заходняй часткі Гімалаяў.
Да арт. Зямля. Частка рэльефнай карты дна Ціхага акіяна.

т. 7, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)