грамадска-палітычная плынь, прадстаўнікі якой прапаведавалі прыярытэт асветы, навукі і розуму ў жыцці асобы, грамадства і дзяржавы. Пашырана ў эпоху бурж. рэвалюцый і адлюстроўвала прагрэс. ступень развіцця сусв. грамадскай думкі. У аснове сац. філасофіі Асветніцтва ляжалі ідэаліст. ўяўленні пра вызначальную ролю свядомасці ў развіцці грамадства, вучэнне аб чалавеку і дэізм Дж.Лока, рацыяналізм і механіст, фізіка Р.Дэкарта, механіка і дэізм І.Ньютана, антысхаластычныя вучэнні ў Францыі пач. 18 ст. Догмам пра боскае паходжанне манархічнай улады ідэолагі Асветніцтва супрацьпаставілі рацыяналіст. тэорыі грамадства і дзяржавы, маралі і нават самой рэлігіі (дэізм, ідэя «натуральнай» рэлігіі і рэлігіі розуму). Зыходзячы з канцэпцый «натуральнага права», асветнікі абгрунтоўвалі патрабаванні дэмакр. свабод, грамадзянскай роўнасці. Некаторыя з іх адстойвалі ідэі нар. суверэнітэту і дэмакр. рэспублікі, лічылі нармальным спаборніцтва прыватных інтарэсаў. У кожнай краіне Асветніцтва мела пэўныя асаблівасці, адпаведныя ўзроўню развіцця грамадства і сац.-эканам. адносін. Найраней яно выявілася ў Галандыі, дзе ў 16 ст. перамагла 1-я ў свеце бурж. рэвалюцыя. Філосафы У.Акоста, Г.Гроцый, Б.Спіноза патрабавалі вызваліць навуку ад кантролю царквы. У Англіі пасля перамогі бурж. рэвалюцыі Асветніцтва набыло больш вальнадумны характар (Дж.А.Колінз, Д.Гартлі, Дж.Прыстлі). Дж.Лок, які быў добра вядомы і на Беларусі, даказваў неабходнасць прыватнай уласнасці, выступаў за свабоду асобы, ахову правоў чалавека. Ф.Бэкан і Т.Гобс выступалі за развіццё ведаў; Д.Дэфо вобразам Рабінзона Круза пацвердзіў, што разумная воля чалавека здольная перамагчы любыя цяжкасці. У Францыі Асветніцтва найб. пашырэнне набыло ў перыяд паміж 1715 (год смерці Людовіка XIV) і 1789 (штурм Бастыліі), які называюць «векам Асветніцтва» ці «стагоддзем філасофіі»: П.Бейль выступаў супраць феад.-царк. ідэалогіі; Вальтэр, які стаў сімвалам Асветніцтва («эпоха Вальтэра»), патрабаваў адмены саслоўных прывілеяў, хоць спадзяваўся на адукаванага манарха; Ж.Ж.Русо абгрунтаваў права нар. мас на паўстанне; П.Гольбах, Ж.Ламетры, Д.Дзідро, К.Гельвецый проціпаставілі рэлігіі атэізм, ідэалізму — матэрыялізм. У Германіі Асветніцтва стала пашырацца з 2-й пал. 18 ст. ва ўмовах эканам. і паліт. адсталасці краіны; Г.Э.Лесінг, Ф.Шылер, І.В.Гётэ выступалі за нац. адзінства Германіі, сцвярджалі, што з дапамогай мастацтва можна перавыхаваць чалавека. У ЗША Асветніцтва стала ідэалогіяй барацьбы з англ. абсалютызмам (Б.Франклін, Т.Джэферсан). У слав. краінах яно найб. яскрава выявілася ў Польшчы (Г.Калонтай, С.Сташыц) і было накіравана супраць феад.-арыстакратычнай і каталіцкай рэакцыі, усеўладдзя магнатаў. У Чэхіі Асветніцтва развівалася ва ўмовах нац.-вызв. барацьбы супраць аўстр. абсалютызму. У Сербіі і Балгарыі ідэалогія Асветніцтва садзейнічала аб’яднанню суайчыннікаў у барацьбе супраць тур. панавання. У Расіі Асветніцтва, замацаванае М.Ламаносавым, А.Радзішчавым, Дз.Фанвізіным і М.Навіковым, мела антыпрыгонніцкі кірунак; у 19 ст. М.Чарнышэўскі і М.Дабралюбаў дапоўнілі яго ідэямі рэв. дэмакратызму і утапічнага камунізму. На Украіне Асветніцтва звязана з дзейнасцю Р.Скаварады, у Літве — К.Данелайціса. Пад уплывам ідэй еўрап. Адраджэння і Асветніцтва фарміраваўся светапогляд і ў краінах Усходу. У Кітаі ў 17—18 ст. з’явілася плеяда вучоных, філосафаў і пісьменнікаў, якія прапагандавалі адукацыю, заснаваную на рэальных ведах, а не схаласт. «экзаменацыйных сачыненнях» і каментарыях да канфуцыянскіх класікаў, развівалі тэорыю грамадскай роўнасці і натуральных правоў чалавека, выступалі супраць палітыкі «зачыненых дзвярэй». У Японіі перадавыя мысліцелі 18 ст. проціпастаўлялі канфуцыянскай схаластыцы набытыя вопытам веды, развівалі матэрыялістычныя ідэі. У Індыі пасля нац. паўстання 1857—59 узніклі асветніцка-рэфарматарскія т-вы і групы, якія перакладалі на інд. мовы еўрап. л-ру, патрабавалі свабоды слова і друку, вялі барацьбу за адкрыццё навуч. устаноў зах. тыпу. У Турцыі, Іране, Сірыі, Егіпце, Іраку асветнікаў аб’ядноўвала вера ў сілу адукацыі і асветы як сродкаў пераўтварэння грамадства, вызвалення народаў і дасягнення нац. адзінства.
Ідэалогія Асветніцтва знаходзіла сваё адлюстраванне ў розных кірунках л-ры і выяўл. мастацтва: асветніцкіх класіцызме і рэалізме, у сентыменталізме, у пафасе сцвярджэння станоўчага героя. Яскравыя ўзоры асветніцкай л-ры далі Вальтэр, Русо, Дзідро, П.Бамаршэ (Францыя); Лесінг, маладыя Гётэ і Шылер (Германія); С.Рычардсан, Дж.Свіфт, Г.Філдынг, Т.Дж.Смолет, Р.Б.Шэрыдан (Англія); А.М.Радзішчаў, А.С.Пушкін, А.І.Герцэн, М.Я.Салтыкоў-Шчадрын, І.С.Тургенеў (Расія) і інш. Выразнае адценне Асветніцтва набыла творчасць арх. К.Н.Леду, жывапісцаў Ж.Л.Давіда і Ж.Б.Гроз (Францыя), У.Хогарта (Англія), Д.Н.Хадавецкага (Германія) і інш. Ідэі Асветніцтва істотна паўплывалі і на музыку Францыі, Германіі, Аўстрыі. Грамадска-паліт., этычная і эстэт. ідэі Асветніцтва сталі духоўнай асновай фарміравання венскай класічнай школы, І.Гайдна, В.А.Моцарта, Л.Бетховена.
На Беларусі Асветніцтва з’явілася ў 1-й пал. 18 ст. (ранняе Асветніцтва), актыўна пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Яго вытокі ў творчасці і дзейнасці бел. мысліцеляў канца 17 — пач. 18 ст. К.Лышчынскага, Сімяона Полацкага, І.Капіевіча. Пашырэнню Асветніцтва спрыялі выхаванцы Кіева-Магілянскай духоўнай акадэміі сярэдзіны 18 ст. (Л.Барановіч, Г.Каніскі, Ф.Пракаповіч і інш.). Асветніцтва знайшло адлюстраванне ў філасофіі, сацыялогіі, л-ры і выяўл. мастацтве; вызначалася паказам быт. і этнічных умоў жыцця класаў і сац. груп, духоўнай спадчыны мінулага, праблем аўтаномнасці Беларусі і адносін з Рэччу Паспалітай і Расіяй. Прадстаўнікі ранняга Асветніцтва на Беларусі Б.Дабшэвіч, К.Нарбут, М.Пачобут-Адляніцкі звязвалі навук. задачы з гуманістычнымі, свабоду думкі лічылі абавязковай умовай для развіцця навукі. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя даследаванні бел. фальклору, этнаграфіі і мовы. Пераход да асветніцкіх канцэпцый у гісторыі заўважаецца ў творах Капіевіча, Ф.Папроцкага. А.Нарушэвіч у гіст. працэсе гал. ролю адводзіў розуму, прадметам гіст. даследаванняў лічыў жыццё народа як паказчык яго палітыкі, эканомікі і культуры, значную ўвагу звяртаў на асвятленненац. гісторыі. Т.Млоцкі ў сваёй працы «Сведчанне з вытокаў натуральнага права» (1779) выклаў асн. палажэнні тэорыі «натуральнага права», а ў трактоўцы гіст. працэсу набліжаўся да «грамадзянскага дагавору» Русо. І.Страйноўскі, зыходзячы з канцэпцыі «натуральнага права», абараняў прынцыпы роўнасці людзей, выказваў думкі пра натуральную абумоўленасць грамадскіх парадкаў. Спецыфічнай рысай Асветніцтва на Беларусі была яго арыентацыя на вырашэнне сял. праблемы. У працах Ю.Паўлікоўскага, Д.Пільхоўскага, І.Яленскага, Я.Ясінскага і інш. абгрунтоўвалася неабходнасць забеспячэння паліт. гарантый асобе селяніна, выказваліся ідэі скасавання прыгону, стварэння сістэмы навучання сялянскіх дзяцей, прапаноўваліся камуніст.-утапічныя праекты абшчыннай роўнасці ў карыстанні зямлёй і атрыманні прадукту вытворчасці. Утапічна-камуністычныя ідэі на тэалагічнай аснове выказваў біскуп П.Бжастоўскі, які правёў у сваіх маёнтках значныя рэформы (адмяніў прыгон, адкрыў школы, шпіталі, увёў сял. самакіраванне і інш.). Непасрэднае дачыненне да Асветніцтва мелі даследчыкі прыроды — ураджэнцы Беларусі В.Карчэўскі, А.Маркевіч, М.Ачапоўскі, П.Славінскі, С.Юндзіл. Так, Маркевіч стварыў антрапал. канцэпцыю, у якой узнікненне і развіццё чалавека лічыў вынікам паступовага развіцця прыроды. Прадаўжальнікамі традыцый Асветніцтва на Беларусі былі філаматы і філарэты. Для пашырэння ідэй Асветніцтва на Беларусі шмат зрабіла Адукацыйная камісія, ідэйнымі натхняльнікамі якой былі Сташыц, Г.Калонтай, Я.Снядэцкі, выкладчыкі Віленскага ун-та Ж.Жылібер, Г.Форстэр, Пачобут-Адляніцкі, А.Снядэцкі, І.Страйноўскі і інш., значны ўдзел у яе стварэнні і дзейнасці прыняў І.Храптовіч. Прапагандыстамі Асветніцтва выступалі выкладчыкі нар. вучылішчаў І.Сакольскі, А.Зміеў, С.Цвяткоўскі і інш., якія лічылі неабходным зрабіць навучанне здабыткам усіх дзяцей, нават з бедных сем’яў.
Прагрэсіўныя тэндэнцыі Асветніцтва знайшлі адлюстраванне ў л-ры і выяўл. мастацтве Беларусі. У эпісталярных, лірычных, драм. (інтэрмедыі) творах, у творах Ф.Карпінскага, маладога А.Міцкевіча выявіліся антыпрыгонніцкія і антыклерыкальныя настроі. У «Одзе» Сакольскага, прысвечанай адкрыццю нар. вучылішча ў Полацку, выказана асветніцкая канцэпцыя «без ведаў мы — дзеці цемры». Сац.-сатыр. плынь узмацнілася ў розных формах творчасці, асабліва ў паэзіі. Гратэскавы рэалізм спалучыўся з дыдактыкай і сентыменталізмам. Пануючы ў мастацтве 18 ст. класіцызм пад уплывам Асветніцтва пачаў трансфармавацца ў сентыменталізм (І.Быкоўскі, Ф.Карпінскі і інш.), узніклі элементы рамантызму і рэалізму. У рэчышчы класіцызму заставаліся паэтыка і рыторыка (Ф.Галянскі, І.Фалькоўскі), але ад яго канонаў адступілі і наблізіліся да рамантызму Я.Снядэцкі, А.Доўгірд, Е.Славацкі, Л.Бароўскі. Адначасова з перайманнем еўрап.маст. стыляў (барока, класіцызм, сентыменталізм, ракако і інш.) у выяўл. мастацтве пашыраліся мясц. стылі і школы (Магілёўская, Віцебская і інш.).
Літ.:
Баскин М.П. Философия немецкого просвещения. М., 1954;
Осипова Е.В. Философия польского просвещения. М., 1961;
Дорошевич Э.К. Философия эпохи просвещения в Белоруссии. Мн., 1971;
Яго ж. Гуманизм просветителей // Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии. Мн., 1977;
Волгин В.П. Развитие общественной мысли во Франции в XVIII веке. 2 изд. М., 1977;
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСКВА́,
федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ.цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял.р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш.нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн.ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сцьбуд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб.прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб.маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц.вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім.прам-сць, у т. л.вытв-сцьаўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр.з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.
Гісторыя. У канцы 1-га тыс.н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус.правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛАльгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн.Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.М.Мініна і Дз.М.Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн.Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл.Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст.вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн.Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на 2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін.цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял.Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж.к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.
Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв.нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл.Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.Мічурын, І.Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.Бажэнаў, цяпер корпус Рас.дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за 2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.Карбанье, А.Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.Стасаў, Ф.Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.С.Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.П.Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.Шчусева і І.Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.Бархін), клуб імя І.Русакова (1927—29, арх. К.Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.І.Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.Сямёнаў, С.Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.Стапран, Л.Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.Лангман), рэканструяваны гал.гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.Уласаў, інж. В.Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.Пасохін, А.Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.Дз.Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.С.Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.Фёдараву (1909), М.Горкаму (1951), Ю.Далгарукаму, П.І.Чайкоўскаму (абодва 1954), М.Ю.Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.І.Кутузаву (1973), маршалу Г.К.Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс.НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн.ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед.ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.Васняцова, М.Горкага, М.Лермантава, Л.Талстога, М.Цвятаевай, А.Чэхава, Ф.Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».
У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.
Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст.вял.кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст.засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля 1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.Мсціславец, І.Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел.паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-вапаліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс.чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел.культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-вабел. культуры імя Ф.Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».
Літ.:
Москва: Энцикл. М., 1998;
Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г.М., 1990;
По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г.М., 1991;
Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;
Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;
Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;
Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;
Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;
Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;
Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.
Да арт.Масква. Від на Маскву-раку.Да арт.Масква. Вуліца С.Разіна.Да арт.Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.Сторна для кнігі А.Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.Да арт.Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.В.Верашчагін. 1897—98.Да арт.Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.Г.Абелінам. Гравюра Л.Кіліяна.Помнік Г.К.Жукаву ў Маскве. 1996.Да арт.Масква. Універсітэт імя М.В.Ламаносава.Да арт.Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.Да арт.Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.