МУСНІ́ЦКІ (Muśnicki) Нікодам (16.2. 1765, Літва — 16.1.1805),

польскі паэт, драматург, гісторык. Жыў на Беларусі. Вучыўся ў Полацку і Оршы. Выкладаў рыторыку, франц. мову і філасофію ў Мсціславе і Віцебску. З 1800 выкладчык тэалогіі ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Для полацкага школьнага т-ра пісаў камедыі («Дзівак», «Падазронасць») і трагедыі («Смерць Цыцэрона», «Флавій» і інш.). У Полацку выйшлі яго зб-кі «Тэатральныя забаўкі» (т. 1—2, 1803) і «Больш дробныя паэтычныя забаўкі» (1804), у якіх выразна праявіліся стылявыя рысы класіцызму. Аўтар падручнікаў, гісторыі езуітаў на Беларусі (рукапіс). Яго эпічная паэма «Палтава» (Полацк, 1803), у якой услаўляецца перамога рус. войск над шведамі, выклікала ў 1817—18 вострую ідэйную палеміку паміж прыхільнікамі асветніцтва і езуітамі. Выступаў за пашырэнне асветы, збліжэнне Беларусі з Расіяй.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 11, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЦІН, Осцен (Austen) Джэйн (16.12.1775, Стывентан, Вялікабрытанія — 18.7.1817), англійская пісьменніца. У рэаліст. сац.-быт. раманах «Пачуццё і пачуццёвасць» (т. 1—3, 1811), «Гордасць і забабоны» (т. 1—3, 1813), «Мэнсфілд-парк» (1814), «Эма» (т. 1—3, 1816), «Перакананне» і «Абацтва Нортэнгер» (абодва выд. 1818), «Лэдзі Сьюзен» (выд. 1871), «Каханне і сяброўства» (выд. 1922), «Уотсаны» (выд. 1958) і інш. у іранічнай манеры адлюстравала жыццё, норавы і псіхалогію англ. правінцыяльнага грамадства, са спачуваннем — становішча небагатай жанчыны; з пункту погляду ідэалаў Асветніцтва розум лічыць адзіным арыенцірам у рэальным жыцці.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—3. М., 1988.

Літ.:

Моэм У.С. Джейн Остен и «Гордость и предубеждение» // Моэм У.С. Искусство слова: Пер. с англ. М., 1989;

Вулф В. Джейн Остен // Вулф В. Избранное: Пер. с англ. М., 1989.

Дж.Осцін.

Т.​Я.​Камароўская.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТШЭД (Gottsched) Іаган Крыстаф (2.2.1700, г. Кёнігсберг, цяпер г. Калінінград, Расія — 12.12.1766),

нямецкі пісьменнік, тэарэтык л-ры. Прадстаўнік ранняга ням. Асветніцтва, пачынальнік асветніцкага класіцызму. Вучыўся ў Кёнігсбергскім ун-це. З 1725 выкладаў у Лейпцыгскім ун-це (з 1730 праф. паэзіі, з 1734 — логікі і метафізікі). Супрацоўнічаў з трупай актрысы Ф.К.Нойбер. Аўтар прац «Спроба крытычнай паэтыкі для немцаў» (1730; погляды на рэформу л-ры і тэатра), «Першаасновы ўсёй філасофіі» (1733—34, папулярызацыя ідэй Г.​Лейбніца і К.​Вольфа). У зб. п’ес «Нямецкі тэатр, пабудаваны паводле правілаў старажытных грэкаў і рымлян» (т. 1—6, 1741—45) уключыў свае пераклады п’ес франц. класіцыстаў (Ж.​Расіна, Мальера і інш.) і ўласныя трагедыі («Паміраючы Катон», 1731, «Парыжскае крывавае вяселле», 1774, і інш.), у якіх выступіў з асуджэннем тыраніі і рэліг. фанатызму, у абарону асветніцкіх ідэалаў.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЕ́ЎСКІ (Wiszniewski) Міхал (27.9.1794, с. Фірлеева Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 22.12.1865),

польскі гісторык літаратуры, філосаф, псіхолаг. Вучыўся ва ун-тах Зах. Еўропы. З 1831 праф. гісторыі, потым гісторыі л-ры Ягелонскага ун-та ў Кракаве. Асн. праца — «Гісторыя польскай літаратуры» (т. 1—10, 1840—57; даведзена да сярэдзіны 17 ст.). У ёй ёсць звесткі пра Ф.​Скарыну, інш. прадстаўнікоў бел. рэнесансавай л-ры. Выдаў «Помнікі польскай гісторыі і літаратуры» (т. 1—4, 1835—37), куды ўключаны і бел. матэрыял. Вішнеўскі — апошні прадстаўнік філас. думкі польск. асветніцтва, папярэднік пазітывізму. У манаграфіі «Бэканаўскі метад тлумачэння прыроды» (1834) сфармуляваў праграму аб’яднання назірання і эксперыменту з матэматычнымі метадамі. Даследаванне «Тыпы чалавечых розумаў» (1837) — наватарская спроба тыпалагізацыі інтэлектаў, першая польск. праца ў галіне псіхалогіі.

Літ.:Dybiec J. Michał Wiszniewski: Życie i twórczošč. Wrocław etc., 1970.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 4, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПЕНЦЬЕ́Р (Carpentier) Алеха (26.12.1904, Гавана —24.4.1980),

кубінскі пісьменнік. Вывучаў архітэктуру ў Гаване, музыку ў Парыжы. У 1928—39 у эміграцыі ў Парыжы, у 1945—59 у Венесуэле. Друкаваўся з 1922. Першы зб. — «Антыльскія вершы» (1932). У рэаліст. раманах «Экуэ Ямба-о» (1933), «Царства зямное» (1949), «Страчаныя сляды» (1953), «Век Асветніцтва» (1962), «Памылковасць метаду» (1974), «Вясна свяшчэнная» (1978), «Арфа і цень» (1979) вера ў гармонію паміж прыродным і духоўным пачаткамі чалавека, увасабленне канцэпцыі «цудоўнай рэальнасці» Лац. Амерыкі, дзе ва ўзаемадзеянні рас і народаў ствараецца «новае чалавецтва» і яго культура. Аўтар аповесцей «Права палітычнага прыстанішча» (1972), «Канцэрт барока» (1975), даследавання «Музыка Кубы» (1946).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. Т. 1—2. М., 1974;

Музыка Кубы. М., 1962;

Превратности метода. М., 1978;

Мы искали и нашли себя: [Публицистика]. М., 1984.

Літ.:

Зюкова Н.С. А.​Карпентьер. Л., 1982.

Г.​М.​Малей.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКУ́ЛЬСКІ Сцяфан Сцяфанавіч (7.8.1896, Тбілісі — 25.1.1960),

расійскі тэатразнавец, літ.-знавец; адзін з заснавальнікаў сав. тэатразнаўства. Д-р філал. н. (1937). Скончыў Кіеўскі ун-т (1918). З 1923 выкладаў у Ленінградскім ун-це (з 1937 праф.), пед. ін-це імя Герцэна, працаваў у Ленінградскім тэатр. ін-це. З 1943 у Маскве, выкладаў у Дзярж. ін-це тэатр. мастацтва (да 1948 дырэктар) і інш. Даследаваў італьян. і франц. мастацтва эпох Адраджэння і Асветніцтва, італьян. л-ру 13—16 ст. і драматургію 18 ст., сучасны тэатр, кіно, сав. і замежную культуру. У працах пра Мальера, П.​Карнеля, Н.​Буало, Ж.​Расіна, Вальтэра распрацоўваў канцэпцыю франц. класіцызму. Аўтар «Гісторыі заходнееўрапейскага тэатра» (т. 1—2, 1936—39), складальнік «Хрэстаматыі» па гісторыі зах.-еўрап. т-ра (т. 1—2, 1937—39).

Тв.:

О театре. М., 1963;

Итальянская литература: Возрождение и просвещение. М., 1966.

т. 9, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЙНА́ЛЬ (Raynal) Гіём Тама Франсуа (11.4.1713, г. Сен-Жэнье, дэпартамент Аверон, Францыя —6.3.1796),

французскі гісторык і сацыёлаг, прадстаўнік Асветніцтва. Адукацыю атрымаў у езуіцкім калежы, але ад дзейнасці святара адмовіўся. У 1747 жыў у Парыжы, займаўся літ. працай, супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.​Дзідро. У сваім гал. творы «Філасофская і палітычная гісторыя ўстаноў і гандлю еўрапейцаў у абедзвюх Індыях» (т. 1—6, 1770) востра крытыкаваў феад.-абсалютысцкія парадкі, каталіцкую царкву, каланіялізм. Яго кніга канфіскавана, а Р. зняволены ў турму. У 1781 пакінуў Францыю, знайшоў прытулак пры дварах прус. караля Фрыдрыха II і рас. імператрыцы Кацярыны II. У 1787 вярнуўся на радзіму. У перыяд Французскай рэвалюцыі 1789—99 выступаў супраць паглыблення рэв. барацьбы, асуджаў якабінцаў. Яго ідэі паўплывалі на філасофію Сен-Сімона, на канцэпцыю франц. гісторыкаў эпохі Рэстаўрацыі, на погляды А.М.Радзішчава. Аўтар «Гісторыі англійскага парламента» (1748).

т. 13, с. 564

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛОРУ́ССКИЙ ВЕ́СТНИК»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 21.11(4.12).1904 да 16(29) 11.1905 у Мінску на рус. мове. У залежнасці ад паліт. сітуацыі і складу рэдакцыі часта мяняла кірунак. Спачатку скіроўвалася на шлях ліберальна-бурж. «надпартыйнага» асветніцтва, абвяшчала праграму яднання ўсіх класаў, саслоўяў і нацыянальнасцяў краю на аснове гуманізму і справядлівасці. Пасля адмовілася ад лібералізму, выступала за «непарушнасць самадзяржаўя», за вайну з Японіяй да пераможнага канца, супраць «несвоечасовых і нават пагібельных для будучыні Расіі» рэформаў, адмаўляла нац. і культ. самабытнасць беларусаў і ўкраінцаў. Пад націскам рэв. руху летам 1905 набыла ліберальна-бурж. афарбоўку, нярэдка друкавала матэрыялы апазіцыйнага і выкрывальнага зместу, выказвалася за паліт. рэформы. Пасля таго як улады прыпынілі выданне газ. «Северо-Западный край», мінская дэмакр. грамадскасць фактычна ператварыла «Белорусский вестник» у сваю трыбуну, дзе выкрываўся ўрадавы тэрор, прапагандаваліся дэмакр. ідэі. У такіх умовах выдаўцы спынілі выданне газеты.

У.​М.​Конан.

т. 3, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЫВО́ (Marivaux) П’ер Карле дэ Шамблен дэ

(Carlet de Chamblain de; 4.2.1688, Парыж — 12.2.1763),

французскі пісьменнік, драматург; прадстаўнік ранняга Асветніцтва. Чл. Франц. акадэміі (з 1742). Аўтар галантна-авантурных («Фармазон...», 1712; «Дзіўныя дзеянні сімпатыі», 1713—14), парадыйна-сатыр. («Тэлемак навыварат», 1717) раманаў, бурлескнай паэмы «Іліяда навыварат» (1716). Лепшыя яго творы — рэаліст. раманы «Жыццё Мар’яны» (1731—41), «Удачлівы селянін» (1734—35). Як драматург сфарміраваўся пад уплывам тэатра Мальера і трагедый Ж.​Расіна, італьян. нар. камедыі дэль артэ. Камедыі «Сюрпрыз кахання» (1723), «Востраў нявольнікаў» (1725), «Гульня кахання і выпадку» (1730), «Перамога кахання» (1732), «Ілжывыя прызнанні» (1738) і інш. вызначаюцца лёгкасцю і лірызмам, вобразнасцю і вытанчанасцю мовы. Паўплываў на далейшае развіццё франц. драматургіі. Яго п’есу «Гульня кахання і выпадку» (1945) паставіў Брэсцкі абл. драм. т-р.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1961;

Жизнь Марианны. М., 1968;

Удачливый крестьянин, или Мемуары г-на***. М., 1970.

т. 10, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКО́ЛЬСКІ Іван, рускі паэт-класіцыст, перакладчык і педагог 18 ст. Нарадзіўся ў Кіржацкім р-не Уладзімірскай вобл. (Расія). Скончыў Пецярбургскую настаўніцкую семінарыю. У 1785—88 выкладчык у Славяна-грэка-лацінскай акадэміі ў Маскве, у 1789—96(?) настаўнік Полацкага гал. нар. вучылішча, удзельнічаў у мясц. культ. жыцці. Выдаў у Маскве (1786, 1788) і Пецярбургу (1808) некалькі перакладных кніг і зборнікаў. Аўтар кн. «Кабінетны і купецкі сакратар, ці Збор найлепшых і ўжываемых пісьмаў» (1788, 2-е выд. 1795). Актыўны праваднік ідэй рус. Асветніцтва, эстэт. прынцыпаў класіцызму на Беларусі. У одах, якія пісаў з нагоды падзей у жыцці вучылішча, даказваў карысць навук, рухальнай сілай прагрэсу лічыў асвету. У одзе ад 30.6.1794 апісаў голад на Беларусі, выказваў спачуванне да пакут народа.

Літ.:

Мальдзіс А. Асветнік з Полацкага народнага // Мальдзіс А. Таямніцы старажытных сховішчаў Мн., 1974;

Яго ж. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 273—277.

С.​А.​Кузняева.

т. 14, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)