Д’АЛАМБЕ́Р ((D’Alembert) Жан Лерон) (16.11.1717, Парыж — 20.10.1783),
французскі механік, матэматык і філосаф-асветнік; адзін з заснавальнікаў матэм. фізікі. Чл. Парыжскай (1754) і Пецярбургскай АН (1764) і інш. акадэмій. Скончыў Калеж Мазарыні (1735). Навук. працы па механіцы, гідрадынаміцы, матэматыцы і філасофіі. У «Трактаце аб дынаміцы» (1743) сфармуляваў агульныя правілы складання дыферэнц. ураўненняў руху мех.сістэм. Устанавіў 3 асн. прынцыпы механікі: інерцыі, паралелаграма сіл і раўнавагі (Д’аламбера прынцып). Аўтар «Трактата аб раўнавазе і руху вадкасцей» (1744). Распрацаваў метад рашэння дыферэнц. ураўненняў 2-га парадку з частковымі вытворнымі. У астраноміі абгрунтаваў тэорыю ўзбурэнняў планет. Як філосаф стаяў на пазіцыях дуалізму. Разам з Д.Дзідро працаваў над стварэннем «Энцыклапедыі навук, мастацтваў і рамёстваў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНДЫЛЬЯ́К, Кандыяк (Condillac) Эцьен Бано дэ (30.10.1715, г. Грэнобль, Францыя — 3.8.1780), французскі філосаф-асветнік. Член Франц. акадэміі (1768). Брат Г.Маблі. Супрацоўнічаў у «Энцыклапедыі» Д.Дзідро. Аўтар «Усеагульнай гісторыі чалавека...» (каля 1770—73). Развіў сенсуалістычную тэорыю пазнання Дж.Лока. Усе псіхічныя працэсы. ад успамінаў і да мыслення і праяўлення волі, тлумачыў пераўтварэннямі пачуццёвых успрыманняў, якія ўяўляюць сабой адзіную крыніцу пазнання («Трактат аб адчуваннях», т. 1—2, 1754). Крытычна ставіўся да тэорыі прыроджаных ідэй Р.Дэкарга і манадалогіі Г.Лейбніца. Быў адным з заснавальнікаў асацыятыўнай псіхалогіі. У галіне паліт. эканоміі выступаў з крытыкай фізіякратаў («Аб выгадах свабоднага гандлю», 1776). Логіку разумеў як агульную граматыку ўсіх знакаў, уключаў у яе і матэматыку («Мова злічэнняў», 1798).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯСНІ́ЦКІ (Сямён Яфімавіч) (каля 1740, г. Нежын, Украіна — 26.6.1789),
расійскі асветнік, юрыст. Чл. Расійскай акадэміі (з 1783). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1759—60), ва ун-це ў Глазга (Вялікабрытанія). Д-р цывільнага і царк. права (1767). У 1767—87 праф. Маскоўскага ун-та, дзе першы пачаў распрацоўку рус. права і выкладанне на рус. мове. Паклаў пачатак гіст. школе права ў Расіі. Выкладанню права надаў практычны кірунак з прыцягненнем рус. заканадаўства і юрыд. практыкі («Слова аб прамым і найбліжэйшым спосабе да навучання юрыспрудэнцыі», 1768). Найважнейшым звяном у развіцці грамадства лічыў устанаўленне прыватнай уласнасці і найперш зямельнай уласнасці. Адсюль вынікае антыфеад. характар яго пазіцыі, крытыка прыгоннага права, спачуванне бурж. развіццю, хоць і непаслядоўныя.
Тв.:
У кн.: Избранные произведения русских мыслителей второй половины XVIII века. М., 1952. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРНІ́ЛАЎ (Іван Пятровіч) (9.9.1811—15.7.1901),
расійскі дзярж. дзеяч, асветнік. У 1864—68 папячыцель Віленскай навуч. акругі. Заснаваў у Вільні Паўн.-Зах. аддзяленне Рус.геагр.т-ва. Кіраваў дзейнасцю Віленскай археагр. камісіі, па яго ініцыятыве камісія выдала 4 тамы Археагр. зборніка дакументаў і Тураўскае евангелле, у якіх шмат звестак па гісторыі Беларусі і Літвы 15—19 ст.Вял. ролю адводзіў выхаванню дзяцей у сельскіх школах, гімназіях і інш.навуч. установах. Пад яго рэдакцыяй апублікаваны 3 тамы матэрыялаў па гісторыі асветы ў Расіі (1893—98).
Тв.:
К истории Виленского учебного округа за 1863—1868 гг.: Памяти графа М.Н.Муравьева. СПб., 1898;
Воспоминания о польском мятеже 1863 г. в Северо-Западном крае. СПб., 1900;
Русское дело в Северо-Западном крае: Материалы для истории Вилен. учеб. округа преимущественно в муравьевскую эпоху. СПб., 1901.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПІ́НСКІ ((Karpiński) Францішак) (4.10.1741, в. Галаскоў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 16.9.1825),
польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польск. сентыменталізму; асветнік. Скончыў езуіцкую акадэмію ў Львове (1762). Жыў у Вене, Варшаве. З 1793 на Беларусі. Аўтар ідылій, лірычных вершаў, абразкоў і перакладаў, сабраных у «Забаўках вершам і прозай» (т. 1—7, 1782—87), камедыі «Чынш» (1790). У аўтабіягр. «Дзённіках» (1822, вытрымалі 6 выданняў) апісаў жыццё на Беларусі. Матывы бел. фальклору выкарыстаў у творах «Падарожжа па зачараванай краіне», «Свецкія песні». Дэмакратычна асветніцкі светапогляд К. з ухілам да эмацыянальна-маральных дамінантаў выявіўся ў філас.-этычным творы «Размова Платона са сваімі вучнямі» (1802) і інш. Творчасць К. паўплывала на В.Дуніна-Марцінкевіча.
Тв.:
Dzieła. T. 1—4. Warszawa, 1806;
Pamiętniki. Warszawa, 1898;
Historia mego wieku i ludzi, z którymi żyłem. Warszawa, 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМЕТРЫ́ (Lamettrie, La Mettrie) Жульен Афрэ дэ (25.12.1709, г. Сен-Мало, Францыя — 11.11.1751), французскі філосаф, асветнік. Урач па адукацыі. За матэрыяліст. і атэіст. погляды («Натуральная гісторыя душы», 1745) праследаваўся царкоўнікамі, эмігрыраваў у Галандыю, дзе выдаў твор «Чалавек-машына» (1747), потым у Германію (вы даў працы «Чалавек-расліна», 1748; «Сістэма Эпікура», 1751). Першым у Францыі даў паслядоўнае выкладанне сістэмы механістычнага матэрыялізму і сенсуалізму, абгрунтаваў існаванне адзінай матэрыяльнай субстанцыі, вызначальнымі атрыбутамі якой лічыў працягласць, здольнасць да руху і пачуццёвасць. Асн. ідэя Л. — тлумачэнне псіхічных з’яў фізіял. працэсамі. Яго філас. ідэі паўплывалі на Д.Дзідро, П.Гольбаха, К.Гельвецыя. У Беларусі і Літве творы і вывучэнне Л. вядомы з канца XVIII ст.Напр., у перакладной ананімнай кн. «Жыццё і творы вядомых пісьменнікаў XVIII ст.» (1794) ёсць раздзел, прысвечаны Л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬБАХ ((Holbach) Поль Анры дэ) (снеж. 1723, Эдэсгайм, каля г. Ландаў-ін-дэр-Пфальц, Германія — 21.6.1789),
французскі філосаф і асветнік. Паводле паходжання ням. барон, б.ч. жыцця правёў у Францыі. Супрацоўнік «Энцыклапедыі» Д.Дзідро і Ж.Д’Аламбера. У гал.філас. творы «Сістэма прыроды, або Пра законы свету фізічнага і свету духоўнага» (т. 1—2, 1770) Гольбах сцвярджаў першаснасць і нестваральнасць матэрыяльнага свету, яго бясконцасць у часе і прасторы, і што існуе ён незалежна ад свядомасці чалавека. Атрыбутам матэрыі лічыў рух, які разглядаў як простае перамяшчэнне цел. Чалавек, паводле Гольбаха, — частка прыроды, цалкам падпарадкаваная яе законам. У палітыцы — прыхільнік канстытуцыйнай манархіі, у шэрагу выпадкаў — асветнага абсалютызму. Вырашальную ролю ў гісторыі надаваў дзейнасці заканадаўцаў. Шлях да сац. вызвалення людзей бачыў у асвеце. Абараняў ідэі «натуральнага права» і «грамадскага дагавору». Разам з К.Гельвецыем адыграў пэўную ролю ў ідэйнай падрыхтоўцы утапічнага сацыялізму 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛІХА́НАЎ (Чакан Чынгісавіч) (1835, урочышча Кушмурун Кустанайскай вобл., Казахстан — кастр. 1865),
казахскі асветнік-дэмакрат, гісторык, этнограф і фалькларыст. Чл.Рус.геагр.т-ва (1860). Скончыў Омскі кадэцкі корпус (1853). Удзельнік навук. экспедыцый у Сярэднюю Азію, Казахстан і Зах. Кітай, аўтар даследаванняў па гісторыі і культуры народаў гэтых краін. У працах «Кіргізы» (так называлі тады казахаў; 1856—58, апубл. 1958), «Сляды шаманства ў кіргізаў», «Кіргізскае радаслоўе» (абедзве апубл. 1904) матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, культуры казахаў. Зрабіў мноства этнаграфічна дакладных жанравых, партрэтных і пейзажных замалёвак да сваіх навук. і пуцявых дзённікаў. Артыкулы «Паданні і легенды Вялікай Кіргіз-Кайсацкай арды», «Нарысы Джунгарыі» і інш. пра вусную нар. творчасць казахаў, асаблівасці імправізатарскага майстэрства акынаў, віды песень і рытміку казахскага верша. Упершыню запісаў і пераклаў на рус. мову частку кірг.нар. эпасу «Манас».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ВІЧ (Астафій) (Яўстафій) Багданавіч (каля 1520, Гродзеншчына — 1587),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, гуманіст, мецэнат-асветнік. З бел. шляхецкага роду Валовічаў. Скончыў Падуанскі ун-т. Падстароста берасцейскі (з 1550), пісар ВКЛ (1552—66), маршалак дворны, дзяржаўца медніцкі, староста магілёўскі, азярышчанскі, берасцейскі, кобрынскі, рэчыцкі. Падскарбі земскі (1561—66), падканцлер (1566—79), канцлер (з 1579) ВКЛ і кашталян трокскі (1569—79), віленскі (з 1579). Неаднаразова быў паслом у Маскве. Праціўнік аб’яднання ВКЛ з Каронай, адзін з лідэраў апазіцыі пры заключэнні Люблінскай уніі 1569. Актыўны ўдзельнік аграрнай, судова-адм. і інш. рэформаў 1550—60-х г., адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статута Вялікага княства Літоўскага 1566. Шмат зрабіў для пашырэння на Беларусі адукацыі, ведаў, кнігадрукавання. Быў апекуном бел.-літоўскага рэфармацыйнага руху. На яго сродкі заснавана Нясвіжская друкарня. Гуманістычна-хрысціянскі запавет «любові да бліжняга» ён пашыраў і на сваіх падданых — чэлядзь і сялян.
Літ.:
Саверчанка І. Астафей Валовіч: (Гіст.-біягр. нарыс). Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭІ́ЗМ (ад лац. deus Бог),
рэлігійна-філасофскае вучэнне, паводле якога Бог з’яўляецца толькі першастваральнікам свету, які ў далейшым развіваецца па сваіх уласных законах. Д. адрозніваюць ад тэізму (прызнае боскую наканаванасць і пастаянную сувязь чалавека і Бога), пантэізму (атаясамлівае Бога і сусветнае цэлае) і атэізму (адмаўляе існаванне Бога наогул). Пачынальнік Д. англ. філосаф 17 ст. Э.Чэрберы, які развіваў ідэі натуральнай рэлігіі, або рэлігіі розуму. Найб. росквіту Д. дасягнуў у Вялікабрытаніі ў 1-й пал. 18 ст. (Дж.Толанд, Дж.А.Колінз, А.Шэфтсберы і інш.). Ідэі Д. праводзілі Вальтэр, Ж.Ж.Русо (Францыя), Г.Лейбніц, Г.Лесінг, І.Кант (Германія), Т.Джэферсан (ЗША), І.П.Пнін, А.С.Лубкін, А.М.Радзішчаў (Расія). У Беларусі элементы Д. характэрны для светапогляду філосафа і паэта 17 ст. Я.Белабоцкага, прадстаўніка ранняга Асветніцтва К.Нарбута. На пазіцыях Д. стаялі бел.асветнік І.Страйноўскі, праф.Гал. школы ВКЛ К.Багуслаўскі і інш. Д. садзейнічаў развіццю вальнадумства, з’яўляўся формай барацьбы з тэалогіяй і містыкай.