КАХАМА́РКА (Cajamarca),

горад на ПнЗ Перу, на схілах Зах. Кардыльеры, на выш. 2,7—2,8 тыс. м. Адм. ц. дэпартамента Кахамарка. Адзін з гал. цэнтраў дзяржавы інкаў. У 1533 іспанцамі тут быў пакараны смерцю апошні ўладар інкаў Атаўальпа. 93 тыс. ж. (1990). Вузел аўтадарог. Прам-сць: харч., гарбарная, тэкстыльная. Рамесная вытв-сць саламяных капелюшоў, чаканка па серабры. Ун-т. Арх. помнікі 17—18 ст.

т. 8, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЛАВА́Н (Барыс Федасеевіч) (н. 25.12.1937, в. Мартаноша Кіраваградскай вобл., Украіна),

бел. тэатр. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Нар. мастак Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1966). Працуе ў Нац. акад. т-ры імя Я.​Купалы (з 1962, гал. мастак з 1976), дзе аформіў спектаклі: «Мешчанін у дваранах» Мальера (1967), «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы (1972), «Апошні шанц» В.​Быкава, «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (абодва 1974), «Святая прастата» А.​Макаёнка (1976), «Плач перапёлкі» паводле І.​Чыгрынава (1980), «Нарач» (1983) і «Радавыя» (1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) А.​Дударава, «Апошні журавель» Дударава і А.​Жука (1986), «Мудрамер» М.​Матукоўскага (1987, Дзярж. прэмія Беларусі 1988), «Страсці па Аўдзею» У.​Бутрамеева (1989), «Тутэйшыя» Купалы (1990), «Звон — не малітва» Чыгрынава (1992), «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата (1996), «Князь Вітаўт» Дударава (1997) і інш. У т-ры юнага гледача аформіў «Дзеці аднаго дома» І.​Шамякіна (1967), у т-ры музкамедыі — «Шклянка вады» Э.​Скрыба (1994, муз. У.​Кандрусевіча). Работы Герлавана вылучаюцца рэаліст. выразнасцю, багаццем вобразаў і каларыстычнай трапнасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

Б.Ф.Герлаван.
Б.Герлаван. Дэкарацыі да спектакля «Ромул Вялікі» Ф.​Дзюрэнмата. 1996.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПО́СТАЛ (Даніла Паўлавіч) (14.12.1654—28.1.1734),

апошні выбарны гетман Левабярэжнай Украіны ў 1727—34. Ваенны дзеяч, удзельнік паходаў супраць Турцыі і Крыма, Паўн. вайны 1700—21. У 1708 прымкнуў да І.Мазепы, аднак у хуткім часе пакінуў яго. У 1722 удзельнічаў у Персідскім паходзе рус. войскаў. Садзейнічаў росту буйнога феад. землеўладання на Украіне, праводзіў палітыку запрыгоньвання левабярэжнага сялянства і часткі казацтва. Пасля смерці Апостала выбары гетмана на Украіне забаронены.

т. 1, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБАНІ́Д,

апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.

т. 11, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́СЛАЎСКІ СТАДЫЯ́Л,

апошні стадыял паазерскага зледзянення на тэр. Беларусі. Адбыўся 14—15 тыс. гадоў назад. Ледавік займаў крайнія Пн і ПнЗ Беларусі. Сфарміраваўся озава-камавы і канцова-марэнны рэльеф Азершчынскай, Нешчардаўскай, Асвейскай, Браслаўскай і інш. градаў. У прылеглых да іх з Пд частках Полацкай і Суражскай нізін намножыліся зандравыя і азёрна-ледавіковыя адклады. Утварыліся першыя надпоймавыя тэрасы Бярэзіны (бас. Дняпра) і самыя высокія тэрасы Нёмана, Віліі і Зах. Дзвіны.

т. 3, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛІ́ЦЫН (Мікалай Дзмітрыевіч) (12.4.1850, с. Парэчча Маскоўскай вобл. — 2.7.1925),

расійскі паліт. дзеяч, апошні старшыня Савета Міністраў Рас. імперыі (9.1—12.3.1917). У 1885—1903 займаў пасады архангельскага, калужскага і цвярскога губернатараў. З 1903 сенатар, з 1915 чл. Дзярж. савета (фракцыя правых) і старшыня камісіі па аказанні дапамогі рас. ваеннапалонным. Быў блізкі да імператрыцы Аляксандры Фёдараўны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 адышоў ад паліт. дзейнасці. У 1920—24 двойчы арыштоўваўся ВЧКАДПУ, расстраляны.

т. 4, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЬЧЖО́Ў-ГО, Маньчжурская дзяржава,

марыянетачная дзяржава ў 1932—45, створаная японцамі пасля захопу імі ў 1931 Маньчжурыі. Сталіца — г. Чанчунь. Вярх. правіцель (рэгент, з 1934 імператар) М. — апошні прадстаўнік дынастыі Цын — Пу І. Фармальна лічылася незалежнай дзяржавай, фактычна была калоніяй Японіі, уся рэальная ўлада належала яп. адміністрацыі і камандаванню Квантунскай арміі. Ліквідавана ў жн. 1945 у выніку Маньчжурскай аперацыі Чырв. Арміі, тэр. з 1946 зноў у складзе Кітая.

т. 10, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎСА́НІЙ (Pausanias; ? — 385 да н.э.),

цар Спарты [408—394 да н.э.]. У час паходу ў Атыку (403 да н.э.), баючыся ўзмацнення спартанскага палкаводца Лісандра, П. падтрымаў дэмакратаў на чале з Фрасібулам. У 395 да н.э. ў час Карынфскай вайны не злучыўся своечасова ў Беотыі з войскам Лісандра, у выніку апошні загінуў, а спартанцы былі разбіты. Прыгавораны ў 394 да н.э. да пакарання смерцю, уцёк у Тэгею, дзе і памёр.

т. 12, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХАТКО́Ў (Антон Стафанавіч) (н. 17.1.1917, в. Шчаглоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. жывапісец. Засл. дз. мастацтваў Беларусі (1991). Скончыў Маскоўскае маст. вучылішча памяці 1905 г. (1940; пед. М.​Крымаў і П.​Пятровічаў), вучыўся ў Маскоўскім маст. ін-це імя В.​Сурыкава (1944—48, пед. С.​Герасімаў, П.​Пакаржэўскі, Д.​Мачальскі), працаваў у майстэрні В.​Бялыніцкага-Бірулі (1945—47). Бархаткоў — майстар рэаліст. жывапісу. У пейзажных і тэматычных палотнах адчуваецца ўплыў мастацтва перадзвіжнікаў. У работах — яркасць уражання ад прыроды, маляўнічае бачанне свету, жыццесцвярджальная гама фарбаў — простая філасофія быцця. Працуе ў жанры лірычнага пейзажа, партрэта і тэматычнай карціны. Асн. творы: «Раніца на беразе ракі» (1943), «Партрэт В.​К.​Бялыніцкага-Бірулі» (1946), «Вясна на Нёмане», «Поўдзень на сенажаці» (абодва 1960), «Статак» (1962), «Вечар на Бярэзіне» (1969), «Бэз» (1970), «Дарога ў Вязынку» (1972), «Перад Новым годам. Снежань» (1976), «Стажок», «Позняя восень» (абодва 1978), «Зямля беларуская» (1980), «Возера» (1983), «Апошні прамень» (1985), «Залатая восень» (1986), «Восеньскі нацюрморт» (1992), «Восень. Лісце плыве» (1993), «Канец сакавіка. Алея» (1994) і інш.

Літ.:

А.​С.​Бархаткоў: [Альбом]. Мн., 1983;

Дробаў Л.М. Антон Бархаткоў. Мн., 1988.

Г.​А.​Фатыхава.

А.Бархаткоў. Апошні прамень. 1985.

т. 2, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ПЕР ((Cooper) Джэймс Фенімор) (15.9.1789, г. Берлінгтан, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 14.9.1851),

амерыканскі пісьменнік; пачынальнік гіст. жанру ў амер. л-ры. Вучыўся ў Іельскім ун-це. У 1806—10 служыў на флоце. У 1826—33 жыў у Еўропе. Першы раман «Перасцярога» (1820). Гіст. раман «Шпіён» (1821) пра вайну за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83. Рамант. паэтызацыя мора ў раманах «Лоцман» (1823), «Чырвоны карсар» (1827), «Марская чараўніца» (1830). У цэнтры нац. эпапеі з 5 раманаў («Піянеры», 1823; «Апошні з магікан», 1826; «Прэрыя», 1827; «Следапыт», 1840; «Зверабой», 1841) праблемы ўзаемастасункаў прыроды, чалавека і цывілізацыі. Пенталогія вызначаецца рысамі прыгодніцкай, гіст. і філас. прозы, дасканалай распрацоўкай індзейскай тэмы, якой упершыню нададзена трагічнае гучанне. Аўтар сатыр. рамана «Манікіны» (1835), «Еўрапейскіх нататкаў» (т. 1—5, 1836—38) і інш. У 1840-я г. апублікаваў каля 20 раманаў. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Г.​Далідовіч, Я.​Саламевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Апошні з магікан, або Аповесць пра 1757 год. Мн., 1996;

Зверабой, або Першая сцяжына вайны. Мн., 1997;

Рус пер. — Собр. соч. Т. 1—7. М., 1982.

Літ.:

Боброва М. Джеймс Фенимор Купер. Саратов, 1967;

Шейнкер В. Исторический роман Джеймса Купера... Иваново, 1980.

С.​Дз.​Малюковіч.

Дж.Ф.Купер.

т. 9, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)