ВАЛЮ́ТНЫЯ ЗЛАЧЫ́НСТВЫ , парушэнні ўстаноўленых правіл аб здзелках і аперацыях з валютнымі каштоўнасцямі. Паводле Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь валютнымі злачынствамі лічацца незаконныя здзелкі з каштоўнымі металамі і камянямі, а таксама скупка, продаж, абмен замежнай валюты або выкарыстанне плацежных дакументаў у замежнай валюце і інш. замежных грашовых дакументах, адкрыццё рахункаў за мяжой і вядзенне па іх аперацый службовай асобай суб’екта гаспадарання без спец. дазволу (ліцэнзіі), якія здзейснены на працягу года пасля накладання адм. спагнання за такія ж парушэнні (арт. 85, 85​1, 85​2).

т. 3, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТЭР

(ад англ. barter тавараабмен),

прамы безграшовы абмен таварамі ці паслугамі; найпрасцейшы від гандл. аперацый (натуральны абмен). Абумоўлены пераважна недахопам валюты, яе няўстойлівасцю як сродку плацяжу. Найб. пашыраны ў міжнар. гандлі. Ажыццяўляецца з дазволу кампетэнтных дзярж. органаў на аснове бартэрных здзелак пры абавязковай ацэнцы тавараў (паслуг) па сусв. ці блізкіх да іх дагаворных цэнах. Такая ацэнка неабходна для эквівалентнасці абмену, мытнага ўліку, вызначэння страхавых сум, ацэнкі магчымых прэтэнзій і велічыні санкцый. У межах адной краіны ці асобных яе рэгіёнаў бартэр ажыццяўляецца паводле ўзаемнай дамоўленасці паміж таваравытворцамі.

т. 2, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯДА́ Леанід Ігнатавіч

(16.8.1920, с. Новапакроўка Кустанайскай вобл., Казахстан — 26.12.1976),

генерал-лейтэнант авіяцыі (1972), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Засл. ваен. лётчык СССР (1971). Скончыў Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Ваенна-паветр. акадэмію (1950), Ваен. акадэмію Генштаба (1957). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай бітвы, вызвалення Украіны, Беларусі, Літвы, аперацый ва Усх. Прусіі і Польшчы. Зрабіў 214 баявых вылетаў. Пасля вайны камандаваў авіяц. палком, дывізіяй, авіяцыяй БВА. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1958—62, 1974—76. Загінуў у аўтакатастрофе разам з Ф.А.Сурганавым.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНСЕ́ЦКІ Павел Фёдаравіч

(1915, г. Краснадар, Расія — 27.3.1944),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. З 1938 у ВМФ, служыў на Чарнаморскім флоце. З 1942 у брыгадзе марской пяхоты, удзельнік дэсантных аперацый у Новарасійску, Марыупалі, Таганрогу, Бярдзянску. Старшына 2-й стацці Вансецкі вызначыўся ў час дэсантнай аперацыі ў г. Мікалаеў (Украіна): у ноч на 26.3.1944 атрад дэсантнікаў, у складзе якога быў Вансецкі, па Паўд. Бугу высадзіўся ў тыле ворага ў порце, у няроўным баі за 2 сутак адбіў 18 контратак, нанёс вял. страты жывой сіле ворага.

т. 3, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДА́НАЎ Сямён Ільіч

(10.9.1894, С.-Пецярбург — 12.13.1960),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Маршал бранятанк. войскаў (1945), двойчы Герой Сав. Саюза (1944, 1945). Скончыў Вышэйшую ваенна-пед. школу (1923), курсы ўдасканалення пры Ваен. акадэміі механізацыі і матарызацыі (1936). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік 1-й сусв. і грамадз. войнаў. У Вял. Айч. вайну камандзір танк. дывізіі, нам. камандуючага арміяй па танк. войсках, камандзір танк. і механізаванага карпусоў, камандуючы танк. арміяй. Удзельнік бітвы пад Масквой, Корсунь-Шаўчэнкаўскай, Беларускай, Вісла-Одэрскай, Усх.-Памеранскай і Берлінскай аперацый. З 1947 на кіруючых пасадах у Сав. Арміі.

т. 2, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІРУЗО́Ў Сяргей Сямёнавіч

(8.8.1904, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 19.10.1964),

савецкі ваенны дзеяч. Маршал Сав. Саюза (1955). Герой Сав. Саюза (1958). У Чырв. Арміі з 1922. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1937). У Вял. Айч. вайну камандуючы арміяй, нач. штаба 4-га, 3-га Укр. франтоў. Удзельнік баёў на Паўн.-Зах. і Бранскім франтах, Сталінградскай бітвы, Міускай і Яска-Кішынёўскай аперацый, вызвалення Югаславіі. З 1955 нам. міністра абароны, з 1963 нач. Генштаба Узбр. Сіл СССР. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1946—50 і ў 1954. Аўтар мемуараў з часоў Вял. Айч. вайны.

т. 3, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГРЭГА́ТНАЯ УНІФІКАВА́НАЯ СІСТЭ́МА

(АУС),

тэхнічная сістэма са стандартнымі блокамі кіравання вытворчымі працэсамі. Уваходныя і выхадныя параметры блокаў уніфікаваныя, таму ў схемах аўтаматыкі яны могуць выкарыстоўвацца ў розных спалучэннях і колькасцях. Гэта дазваляе збіраць розныя па прызначэнні сістэмы аўтам. кіравання і кантролю.

У залежнасці ад віду энергіі для перадачы сігналаў АУС падзяляюцца на электрычныя, пнеўматычныя, гідраўлічныя і камбінаваныя. Найб. пашыраны пнеўматычныя, у якія ўваходзяць блокі вымярэння, рэгулявання, суматары, задатчыкі, функцыянальныя пераўтваральнікі, узмацняльнікі, блокі для выканання лагічных аперацый, сігнальныя прыстасаванні, прыборы кантролю, выканаўчыя механізмы і інш. АУС выкарыстоўваюцца пры аўтаматызацыі вытв-сці ў розных галінах прам-сці.

т. 1, с. 86

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎГІ́НАЎСКІ БОЙ 1943,

бой партыз. брыгады «Жалязняк» (камандзір І.П.Ціткоў) па разгроме ням.-фаш. гарнізона 26 сак. ў г.п. Даўгінава Крывіцкага р-на Мінскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў адным з апорных пунктаў, што прыкрывалі падыход да чыг. Маладзечна—Полацк, базай правядзення карных аперацый, захавання і перапрацоўкі нарабаванай сельгаспрадукцыі. Пасля Бягомльскай аперацыі 1942 і Докшыцкага бою 1943 знаходзіўся ў павышанай баявой гатоўнасці. Партызаны для прыкрыцця небяспечных напрамкаў стварылі засады. У 18 гадз пры падтрымцы гармат 3 атрады атакавалі Даўгінава, уварваліся ў цэнтр, знішчылі склады і прадпрыемствы праціўніка. Раніцай 27 сак. партызаны амаль без страт вярнуліся на зборны пункт.

т. 6, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННЫЯ ДЗЕ́ЯННІ,

арганізаванае выкарыстанне ўзбр. сіл дзяржавы ў вайне. У залежнасці ад маштабаў узбр. барацьбы, магчымасцяў войск, мэт і характару баявых задач ваенныя дзеянні вядуцца на зямлі, у паветры, на моры ў форме баёў, бітваў, аперацый, удараў, баявых дзеянняў (сістэматычных баявых дзеянняў сіл ППА, ВПС і ВМФ). Сучасныя ваенныя дзеянні маюць вял. прасторавы размах, высокую манеўранасць, дынамічнасць і скарацечнасць, у ваенных дзеяннях удзельнічаюць буйныя групоўкі войск (сіл), шырока выкарыстоўваюцца ўсе віды зброі і баявой тэхнікі. Пад тэрмінам «ваенныя дзеянні» маюцца на ўвазе дзеянні стратэг. маштабу; дзеянні аператыўна-тактычнага маштабу наз. «баявыя дзеянні».

т. 3, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну. Дзейнічала са жн. 1941 да 28.7.1944 у Брэсце. Ініцыятары стварэння першых груп камуністы П.Т.Жулікаў і Р.С.Радкевіч. Пад кіраўніцтвам Брэсцкага патрыятычнага падполля дзейнічала Брэсцкае маладзёжнае падполле. Падпольшчыкі прымалі па радыё, размнажалі і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, збіралі зброю, боепрыпасы, цёплае адзенне, медыкаменты для партызан, арганізоўвалі ўцёкі ваеннапалонных з фаш. лагераў, зрывалі мерапрыемствы акупантаў па вывазе моладзі ў Германію, перашкаджалі рамонту вагонаў, пуску ліцейнага цэха, псавалі станкі і абсталяванне, выводзілі са строю паравозы, разам з дыверсійнымі групамі партыз. атрадаў, што змагаліся вакол Брэста, правялі шэраг падрыўных аперацый.

т. 3, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)