старажытнагрэчаскі філосаф, кіраўнік перыпатэтычнай школы ў Афінах (канец 2 — пач. 3 ст.); найб. уплывовы каментатар Арыстоцеля. Для Аляксандра Афрадысійскага характэрны эмпірычны натуралізм і рэальнасць часу. У каментарыі да твора «Пра душу» развіў арыгінальную канцэпцыю траістасці розуму, якая паўплывала на сярэдневяковую араб. і еўрап. філасофію. Зберагліся яго каментарыі да асобных твораў Арыстоцеля, а таксама самастойныя т.зв. «малыя творы» «Пра душу», «Пра лёс», «Апарыі і рашэнні» (у 3 кн.), «Маральныя праблемы», «Пра зліццё і рост».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР II (29.4.1818 — 13.3.1881),
расійскі імператар [1855—81]. З дынастыі Раманавых. Сын Мікалая I. На трон сеў у час няўдалай для Расіі Крымскай вайны 1853—56. Крызіс феад.-прыгонніцкага ладу і ўздым сял. хваляванняў прымусілі яго ажыццявіць сялянскую рэформу 1861 і адмяніць прыгоннае права. У сувязі з паўстаннем 1863—64 на Беларусі і ў Літве зроблены ўступкі на карысць сялян: спынены іх часоваабавязаныя адносіны з памешчыкамі, паменшаны выкупныя плацяжы, часткова вернуты адрэзкі. У 1860—70-я г. праведзены земская, судовая, гарадская, ваенная, школьная і цэнзурная рэформы. Для барацьбы з нац.-вызв. рухам утвораны Заходні камітэт 1862—65. Падзеі 1863—64 прымусілі ўрад Аляксандра II умацоўваць сац. базу самадзяржаўя на Беларусі, у Літве і Правабярэжнай Украіне. Не прызнаючы права на самастойнае існаванне бел. народа і яго мовы, на Беларусі ён ажыццяўляў палітыку актыўнай русіфікацыі, прымусовага пераводу бел. насельніцтва каталіцкага веравызнання ў праваслаўе. У час царавання Аляксандра II завершана далучэнне да Расіі Казахстана, паўн.-зах. Каўказа, Чэчні, Горнага Дагестана, далучана большая ч. Сярэдняй Азіі, Сахалін. Пераможная руска-турэцкая вайна 1877—78 садзейнічала вызваленню балканскіх народаў ад турэцкага прыгнёту, да Расіі далучаны Паўд. Бесарабія, гарады Карс і Батум. У знешняй палітыцы змагаўся за адмену дыскрымінацыйнага Парыжскага мірнага дагавора 1856. Забіты нарадавольцам І.Я.Грынявіцкім у Пецярбургу.
Літ.:
Захарова Л.Г. Александр II // Российские самодержцы, 1801—1917. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР I (23.12.1777, С.-Пецярбург — 1.12.1825),
расійскі імператар [1801—25]. З дынастыі Раманавых. Старэйшы сын Паўла I. Заняў трон у выніку дварцовага перавароту ў сак. 1801. У першыя гады праўлення з дапамогай т.зв. Тайнага к-та правёў памяркоўна-ліберальныя рэформы: купцы, мяшчане, казённыя сяляне атрымалі права купляць незаселеныя землі (1801); законам пра вольных хлебаробаў памешчыкам дазвалялася вызваляць сялян з зямлёй за выкуп ці адработкі (1803); стварыў мін-вы і К-т міністраў (1802); увёў новае палажэнне пра навуч. ўстановы (1803), засн. Харкаўскі і Казанскі ун-ты, пед.ін-т у Пецярбургу (1804), рэарганізаваў Віленскі ун-т. У адпаведнасці з планам М.М.Спяранскага праведзена фін. рэформа (1808—12). У англа-франц. саперніцтве за гегемонію ў Еўропе імкнуўся захаваць нейтралітэт. Аднак з пашырэннем напалеонаўскай агрэсіі Расія ўступіла ў кааліцыю супраць Францыі. Пасля паражэння пад Аўстэрліцам (1805) і Фрыдландам (1807) і заключэння Тыльзіцкага міру 1807, паводле якога да Расіі адышоў Беласток з акругай, Расія на баку Францыі далучылася да кантынентальнай блакады Англіі. Напалеон I прызнаў у 1808 правы Расіі на Фінляндыю, Малдову і Валахію, але рус.-франц. супярэчнасці абвастрыліся. Рыхтуючыся да новай вайны з Францыяй, па загадзе Аляксандра I пачата буд-ваБабруйскай крэпасці, Дрысенскага лагера. У маі 1812 ён інспектаваў войскі ў Гродне, прысутнічаў на ваен. савеце ў Дрысе. На пач.вайны 1812 выехаў у Вільню і прыняў вярх. камандаванне рус. арміяй. Падпісаў у Полацку маніфест аб нар. апалчэнні. У 1813—14 узначаліў антыфранц. кааліцыю еўрап. дзяржаў. Адзін з кіраўнікоў Венскага кангрэса 1814—15 і арганізатараў Свяшчэннага саюза (1815). У апошняе дзесяцігоддзе праводзіў рэакц.ўнутр. і знешнюю палітыку (гл.Аракчэеўшчына). Пры Аляксандры I міжнар. становішча Расіі ўмацавалася, пашырылася яе тэрыторыя: далучаны Грузія (1801), Фінляндыя (1809), Бесарабія (1812), Азербайджан (1813).