КЛЕАПА́ТРА VII (Kleopatra; 69 да н.э., г.Александрыя, Егіпет — 30 да н.э.),
старажытнаегіпецкая царыца [51—48, 47—30 да н.э.], апошняя з дынастыі Пталамеяў. Дачка Пталамея XII, сястра, жонка, суправіцелька (з 51) Пталамея XIII, з якім сапернічала за ўладу. З 48 у выгнанні ў Сірыі. Пасля Александрыйскай вайны (47) вярнулася на трон з дапамогай Юлія Цэзара, які захапіўся разумнай і адукаванай царыцай (ад Цэзара яна мела сына Цэзарыёна). Пасля забойства Цэзара саюзніца і каханка Марка Антонія (пасля 41, з 37 яго жонка), падтрымлівала яго ў барацьбе з Актавіянам (Аўгустам). Пасля паражэння ў вайне з Рымам і ўступлення арміі Актавіяна ў Егіпет скончыла самагубствам. Паводле падання, ёй прынеслі ядавітую змяю, укус якой, паводле егіп. уяўленняў, абяцаў бессмяротнасць. Вобраз К. VII адлюстраваны ў л-ры (У.Шэкспір, Б.Шоу, П.Карнель) і выяўл. мастацтве (Дж.Цьепала, П.П.Рубенс і інш.).
Літ.:
Кравчук А. Закат Птолемеев: Пер. с пол. М., 1973;
Талашова Н. Клеопатра // Женщины-легенды. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́МФІ́С (грэч. Memphis, егіп. Менефер ад назвы паселішча каля піраміды фараона Піопі I),
старажытнаегіпецкі горад на левым беразе Ніла (каля сучасных пасёлкаў Бедрахейн і Міт-Рахіне на. ПдЗ ад Каіра). Засн. ў пач. 3-га тыс. да н.э.Менесам пад назвай Белыя сцены (ад аднайм. крэпасці). У перыяд Стараж. царства (28—23 ст. да н.э.) рэзідэнцыя фараонаў, буйны рэліг., паліт., культ. і рамесніцкі цэнтр Егіпта; захаваў сваё эканам. значэнне і пасля пераносу сталіцы ў Фівы (перыяд Сярэдняга царства). Набыў важнае стратэг. значэнне ў перыяд Новага царства ў сувязі з паходамі егіп. цароў у Сірыю і Палесціну. У перыяд элінізму з узнікненнем г.Александрыя (4 ст. да н.э.) страціў былое значэнне. Захаваліся руіны храма бога Пта (3-е тыс. да н.э.), сфінкс эпохі Новага царства, Серапеум (эліністычны час), 2 калосы Рамсеса II (13 ст. да н.э.). Некропалі М. з пірамідамі і грабніцамі цароў і знаці знаходзяцца паблізу сучасных Гізы, Сакары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХАЛО́ЎСКІ ((Michałowski) Казімеж) (14.11.1901, г. Цярнопаль, Ўкраіна — 1.1.1981),
польскі археолаг, егіптолаг, гісторык мастацтва. Правадз.чл. Польскай АН (1952). Скончыў Львоўскі ун-т, вучыўся ў Зах. Еўропе і Каіры (Егіпет). У 1933—72 праф. Варшаўскага ун-та, стваральнік і кіраўнік кафедры міжземнаморскай археалогіі. У 1945—81 нам. дырэктара Нац. музея ў Варшаве, дзе стварыў Галерэю стараж. мастацтва. Узначальваў польскія археал. экспедыцыі ў Егіпце (Эдфу, Тэль-Атрыб, Александрыя і інш.), Крыме (Мірмекій), Сірыі (Пальміра), Судане (Фарас; адкрыты хрысц. сабор 8—12 ст.), на Кіпры, у Іраку і інш. Кіраваў у Дэйр-эль-Бахры (Верхні Егіпет) працамі па рэканструкцыі храма царыцы Хатшэпсут, раскопкамі ансамбля памінальнага храма Тутмоса III. Старшыня Міжнар.к-та экспертаў па выратаванні скальных храмаў у Абу-Сімбел (1963—71). Аўтар прац «Дэльфы» (1937), «Мірмекій» (1958), «Пальміра» (т. 1—5, 1960—66), «Фарас» (т. 1—3, 1962—65), «Не толькі піраміды» (1966), «Мастацтва Старажытнага Егіпта» (1968), «Як грэкі стваралі мастацтва» (1970) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́ЙСКІ МУСЕ́ЯН (ад грэч. museion храм або свяцілішча музаў),
адзін з галоўных навук. і культ. цэнтраў ант. свету. Засн. ў г.Александрыя ў 3 ст. да н.э. Пталамеем Сотэрам I па ініцыятыве Дэметрыя Фалерскага. Створаны на ўзор афінскіх філас. школ, у прыватнасці лікея. Узначальваў Александрыйскі мусеян жрэц вышэйшага рангу, які ў эліністычны перыяд прызначаўся царом, пазней — рымскім імператарам. Вучоныя, што працавалі ў Александрыйскім мусеяне, знаходзіліся на поўным утрыманні александрыйскіх правіцеляў. Росквіт Александрыйскага мусеяна прыпадае на 3—2 ст. да н.э.Вял. поспехі дасягнуты ў матэматыцы і фізіцы (Эўклід, Апалоній Пергскі, Архімед), астраноміі (Эратасфен, Гіпарх), медыцыне (Герафіл, Эрасістрат), механіцы (Ктэсібій, Філон), а таксама ў філалогіі. Пазней з Александрыйскім мусеянам звязана дзейнасць Пталамея Клаўдзія і Галена. Пры Александрыйскім мусеяне знаходзілася Александрыйская бібліятэка. У рымскі перыяд Александрыйскі мусеян паступова страчвала сваё значэнне. У 272—273 войскі імператара Аўрэліяна пры ўзяцці Александрыі спалілі Александрыйскі мусеян.
Літ.:
Рожанский И.Д. История естествознания в эпоху эллинизма и Римской империи. М., 1988. С. 125—131;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«П-2»,
«Прапаганда-2», сакрэтная масонская ложа (гл.Масонства) у Італіі, раскрытая паліцыяй у сак. 1981. Налічвала 953 (па інш. звестках 1600) членаў, сярод якіх былі прадстаўнікі вышэйшых органаў улады і важнейшых сектараў эканомікі. Кіраўнік — былы ўдзельнік фаш. руху Л.Джэлі. Час заснавання невядомы. На думку некат. даследчыкаў, «П-2» працягвала традыцыі прэстыжнай ложы «Прапаганда», што дзейнічала ў Стараж. Егіпце (г.Александрыя), або, што больш верагодна, аднайменнай сакрэтнай рым. ложы 1860-х г.Асн. задача, сфармуляваная Джэлі, — «масонства павінна стаць уплывовым цэнтрам нябачнай улады, здольным аб’ядноўваць людзей, якія вырашаюць лёс нацыі»; гал. мэта — падрыхтоўка дзярж. перавароту з мэтай захопу ўлады ў Італіі правымі сіламі. Лічыліся годнымі любыя сродкі, у т. л. тэрор (ёсць звесткі пра ўдзел Джэлі ў падрыхтоўцы выбуху на вакзале ў г. Балоння 2.8.1980, калі загінулі 85 чал.). Ложа падтрымлівала сувязі з замежным масонствам і спецслужбамі ЗША. 15.6.1981 «П-2» абвешчана па-за законам.
Літ.:
Малышев В.В. За ширмой масонов. Мн., 1985;
Росси Дж., Ломбрасса Ф. Во имя ложи: Пер. с итал. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКАГА ЛЕ́ТАПІС,
помнік бел.-літоўскага летапісання, спіс 2-га агульнадзяржаўнага бел.-літ. летапіснага зводу 1-й, кароткай рэдакцыі. Дайшоў у рукапісе 2-й пал. 16 ст.бел. паходжання, які зберагаўся ў б-цы графаў Красінскіх у Варшаве і загінуў у час 2-й сусв. вайны. Рукапіс без пачатку і канца. Апрача бел.-літ. хронікі ў ім змешчаны «Александрыя», «Хаджэнне ігумена Данііла», бел. пераклады біблейскай кнігі Товіт, «Аповесць пра Таўдала», «Сказанне пра Сівілу-прарочыцу» і інш. свецкія і рэліг. творы. К.л. складаецца з 2 частак: легендарнай гісторыі Літвы — «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», якая названа «Летапісцам», і «Кройники о великих князех литовских». У 1-й частцы выкладзена легенда пра паходжанне літ. князёў і шляхты ад рымскіх арыстакратаў (абрываецца на княжанні Трайдзена). 2-я частка складам блізкая да арыгінальнай часткі Слуцкага спіса 1-га агульнадзярж. бел.-літ. зводу — Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Яна ўключае «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», «Аповесць пра Падолле», «Пахвалу Вітаўту» і шэраг апавяданняў па гісторыі ВКЛ канца 14—1-й пал. 15 ст. К.л. апісаны Я.Карскім у працы «Пра мову так званых літоўскіх летапісаў» (Варшава, 1894). Упершыню апубл. А.Бычковым у 1893.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’ЕМО́НТ (Piemonte),
адм. вобласць на ПнЗ Італіі. Уключае правінцыі Турын, Верчэлі, Кунеа, Александрыя, Навара, Асты. Пл. 25,4 тыс.км². Нас. каля 4,5 млн.чал. (2000). Адм. і галоўны эканам. цэнтр — г.Турын. Большую ч. вобласці займаюць Пенінскія, Грайскія, Коцкія і Прыморскія Альпы, у цэнтры — П’емонцкая раўніна. Адна з найб. развітых абласцей Італіі. Прам-сць: маш.-буд., асабліва вытв-сць аўтамабіляў, трактароў, самалётаў, матораў, падшыпнікаў, эл.-тэхн. абсталявання, машын для тэкст., харч., папяровай галін, дакладных прыбораў; тэкст. (шарсцяная, са штучных валокнаў), цэм., электраметалургічная, нафтаперапр., хім., фармацэўтычная, гумавая, папяровая, паліграфічная. У сельскай гаспадарцы пераважае вырошчванне рысу (1-е месца ў Італіі), пшаніцы, кукурузы, кармавых культур, бульбы. Малочная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны.
Стараж. насельніцтва — кельты. Назва П. з 13 ст. Да 15 ст. яго тэр. была падзелена на мноства феад. уладанняў. З 15 ст. ў складзе Савойскага герцагства, з 1720 — асн.ч. і неафіцыйная назва Сардзінскага каралеўства са сталіцай у г. Турын. У 1802—14 у складзе Францыі. З 1820-х г. П. — адна з найб.эканам. развітых абласцей Італіі, гал. цэнтр Рысарджымента. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1943—45) ням.-фаш. войскамі, адзін з цэнтраў руху Супраціўлення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАДВАРЭ́Ц,
палацава-паркавы ансамбль 18—19 ст. у г. Петрадварэц (да 1944 Пецяргоф) у Ленінградскай вобл.Пл. каля 1000 га. Ідэя кампазіцыі належала Пятру I, які вырашыў стварыць летнюю рэзідэнцыю з палацам, паркам і фантанамі накшталт Версаля. Пры ім разбіты Верхні сад (пл. 15 га) з рэгулярнай сістэмай алей і 5 фантанамі, Ніжні парк (пл. 102,5 га), пабудаваны палацы Вялікі (1714—25, перабудаваны ў 1745—55 арх. В.Растрэлі), Монплезір (1714—25, арх. І.Браўнштэйн, Ж.Б.А.Леблон, М.Зямцоў і інш.), Марлі (1720—23), павільёны Эрмітаж (1721—24, абодва арх. Браўнштэйн; усе барока), створана буйнейшая ў свеце сістэма фантанаў і водных каскадаў, аздобленая скульптурай (першапачаткова свінцовай, пазней бронзавай; скульпт. І.Мартас, І.Пракоф’еў, Ж.Д.Рашэт, Ф.Шчадрын). З 1770-х г. вакол ядра П. пачаў складвацца комплекс пейзажных паркаў: Англійскі (1779—94, арх. Дж.Кварэнгі), Александрыя (1826—29, арх. А.Менелас), Аляксандраўскі (1830-я г.) і інш. з палацамі і павільёнамі ў стылях класіцызму і псеўдаготыкі. У Вял.Айч. вайну ансамбль моцна пашкоджаны, адноўлены (праект 1945, арх. А.Гесен, А.Оль і інш.). З 1983 музей-запаведнік.
Фантан «Адам» у Петрадварцы.Петрадварэц. Вялікі палац. 1714—25.Панарама рэгулярнага парку ў Петрадварцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЯЛІ́КАЯ ХРО́НІКА», «Летопис, то ест Кройника великая з розных многих кройникаров диалектом руским написана»,
беларуска-ўкраінскі хранограф 1-й пал. 17 ст., своеасаблівая гіст. энцыклапедыя свайго часу, першая сур’ёзная спроба выкладу сусв. гісторыі на старабел. мове. Месца ўзнікнення дакладна невядомае. Ранняя рэдакцыя помніка, найбольш верагодна, бел. паходжання, больш позняя — украінскага. Мае кампілятыўны характар. Паводле жанравай структуры — звод гіст. аповесцей, апавяданняў і пагадовых запісаў. Складаецца з 3 асн. частак: «Хронікі ўсяго свету» (грунтуецца пераважна на аднайм. хроніцы польск. гісторыка М.Бельскага), «Хронікі славянарускай» («Хронікі славян») і «Хронікі літоўскай і жамойцкай» (абедзве грунтуюцца на «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага). У 1-й частцы апісана далёкае мінулае чалавецтва ад «стварэння свету» да часоў Карла Вялікага (9 ст.). 2-я частка прысвечана гісторыі стараж. Русі ад заснавання Кіева да 1480. Адзін з раздзелаў «Хронікі славянарускай» называецца «Хроніка Белай і Чорнай Русі». У 3-й частцы гісторыя ВКЛ ад легендарнага кн. Палемона да 1588. «Вялікая хроніка» змяшчае таксама шмат міфаў, легенд, паданняў і літаратурных апрацовак, у т. л. аповесці пра Траянскую вайну, Аляксандра Македонскага (гл.«Александрыя»), Кулікоўскую бітву і інш. «Вялікая хроніка» захавалася больш чым у 10 спісах. Большая частка тэксту «Вялікай хронікі» не апублікавана, акрамя «Хронікі літоўскай і жамойцкай», выдадзенай у «Поўным зборы рускіх летапісаў» (т. 32, 1975).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎУСТА́Ў,
тып пісьма кірыліцы. Выпрацаваўся ў выніку паскарэння працэсу пісання на аснове ўстава і адрозніваўся ад яго меншай геаметрычнасцю пісьма, драбнейшымі літарамі і значна большай колькасцю скарачэнняў. Ужываўся ў паўд.-слав. (з канца 13 ст.) і ўсх.-слав. (з канца 14 ст.) пісьменнасці на пергаменце і паперы. У старабел. пісьменнасці, як і ў інш. усходнеслав. меў 2 разнавіднасці — старэйшы і малодшы. Старэйшы П., блізкі да ўстава, ужываўся ў справаводстве, граматах канца 14—1-й пал. 15 ст. Малодшы П. паралельна са скорапісам выкарыстоўваўся пераважна ў кнігах рэліг. і свецкага зместу 2-й пал. 15—16 ст., зрэдку 17 ст. («Чэцця» 1489, перакладныя аповесці «Александрыя», «Аповесць пра трох каралёў» 15 ст., Нікіфараўскі, Акадэмічны, Віленскі, Супрасльскі летапісы 15 — пач. 16 ст., «Гісторыя пра Трою», «Псалтыр», «Арыстоцелева брама» 16 ст., «Хранограф» 17 ст. і інш.). У параўнанні са старэйшым П. у малодшым П. словы пісаліся асобна (акрамя прыназоўнікаў і злучнікаў, літары мелі больш скарапісных элементаў, пашырылася напісанне слоў ці іх частак над радком, пачала выкарыстоўвацца вязь. Шырока ўжываліся надрадковыя знакі, сталі больш разнастайнымі знакі прыпынку. П. паслужыў узорам для шрыфтоў у выданнях Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага.
Літ.:
Карский Е.Ф. Славянская кирилловская палеография. М., 1979.
А.М.Булыка.
Паўустаў. Фрагмент граматы рыжскіх ратманаў да палачан. 1405.