свячэнне начнога неба, якое назіраецца ўздоўж экліптыкі (на фоне сузор’яў Задыяка). Мае форму нахіленага светлавога конуса, найб. яркага і шырокага паблізу Сонца; яго яркасць перавышае яркасць начнога неба ў 2—3 разы. З аддаленнем ад гарызонту звужаецца і пераходзіць у паласу, што слаба свеціцца і праходзіць цераз усё неба ўздоўж пояса Задыяка. У вобласці, процілеглай Сонцу, задыякальная паласа расшыраецца і пераходзіць у пляму авальнай формы, т. зв.проціззянне.
У сярэдніх шыротах З.с. найлепш назіраецца ў студз.—сак. на заходнім схіле неба адразу пасля захаду Сонца, а ў вер.—ліст. — на ўсходзе перад узыходам Сонца. У тропіках, дзе экліптыка перпендыкулярная гарызонту, З.с. амаль такое ж яркае, як Млечны Шлях, і яго можна назіраць уздоўж усёй экліптыкі. З.с. абумоўлена рассеяннем сонечнага святла часцінкамі міжпланетнага пылу, якіх асабліва шмат паблізу плоскасці экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПНЫ СУД (ад капа — грамада),
суд сельскай і гарадской грамады на Беларусі, які разглядаў справы простых людзей. Збіраўся ў пэўных месцах — капавішчах, на майдане. Судаводства мела 2 формы: звычайную і гвалтоўную. Звычайная капа збіралася па ініцыятыве зацікаўленых асоб у загадзя вызначаныя тэрміны і месца. Суддзямі маглі быць усе гаспадары мясцовасці (найчасцей збіралася 10—20 чал.). Прысутнічалі прадстаўнікі дзярж. або панскай адміністрацыі (віж, возны). Пастанова суда не падлягала апеляцыі. Рашэнне К.с. магло быць скасавана, калі капа адбывалася не на сваім капішчы. Гвалтоўная капа склікалася адразу пасля ўчынення злачынства (забойства, напад і да т. п.), без вызначэння пэўнага месца збору. Уся капа разам ішла па «гарачым следзе» і ў выпадку затрымання вінаватага ў межах воласці выносіла прыгавор, магла пакараць нават смерцю. Калі злачынца ўцякаў у суседнюю воласць, усе страты ўскладаліся на яе жыхароў. Дзейнасць К.с. у Беларусі спынена ў 17—18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮ́БЕЦКІ З’ЕЗД 1097,
з’езд 6 князёў Кіеўскай Русі ў г. Любеч (на Дняпры, Украіна, на мяжы з Рэспублікай Беларусь), якія сабраліся, каб спыніць міжусобіцы, аб’яднаць сілы для барацьбы з полаўцамі. З’езд устанавіў прынцып спадчыннасці княжацкіх уладанняў: «кожны няхай трымае вотчыну сваю». Паводле пастановы з’езда Святаполк Ізяславіч атрымаў Кіеў, Тураў, Пінск, Берасце (Брэст) і тытул вял. князя; Уладзімір Манамах — Пераяслаўскае княства, Суздальска-Растоўскую зямлю, Смаленск, Белавозера; Алег Святаславіч і Давыд Святаславіч — Северскую зямлю з Чарнігавам, Разань, Мурам, Тмутаракань; Давыд Ігаравіч — Уладзімір Валынскі з Луцкам; Васілька Расціславіч (з братам) — Церабоўль, Чэрвень, Перамышль. Полацкія князі (Усяслаў Брачыславіч і яго сыны) не ўдзельнічалі ў Л.з. 3 таго часу Руская зямля больш не лічылася адзіным уладаннем княжацкага дома Рурыкавічаў, а стала сукупнасцю асобных «вотчын». Л.з. не спыніў усобіц. Адразу пасля з’езду яго ўдзельнікі Давыд Ігаравіч і Святаполк заманілі да сябе і асляпілі церабоўльскага князя Васільку, што прывяло да новых міжусобіц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАМІ́НКІ,
абрад ушанавання памяці памерлага чалавека; звязаны з культам продкаў і верай у замагільнае існаванне. Пашыраны ў беларусаў і некат. інш.слав. народаў. П. звычайна адбываюцца ў доме нябожчыка адразу пасля пахавання і ў наступныя пасля смерці дні: 3-і (траціны), 9-ы (дзевяціны), зрэдку 20-ы (паўсарачыны), 40-ы (сарачыны), у паўгодкі і гадавіну. Потым ідуць агульныя П. па ўсіх памерлых родзічах — дзяды.
На першыя П. звычайна запрашаюцца ўся радня і ўдзельнікі пахавання, на наступныя — блізкія сваякі, часам свяшчэннік і старцы. Жалобны стол пачынаецца звычайна з куцці або кануна. У залежнасці ад мясц. традыцый існуюць розныя рытуальныя стравы: клёцкі, боб, гарачы хлеб і інш. Першыя лыжкі страў і гарэлку пакідаюць для нябожчыка. П. наладжваюць і на могілках. На наступны дзень пасля пахавання блізкія ідуць «будзіць нябожчыка» на яго магілу. упарадкоўваць магілу — абкладваць яе дзёрнам, ставіць крыж. Тое ж робяць і на радаўніцу і напярэдадні Сёмухі (на У Беларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫЯДЫ́ЧНЫ ДРОБ,
бясконцы дзесятковы дроб, у якім, пачынаючы з некаторага месца, перыядычна паўтараецца пэўная група лічбаў (перыяд). Перыяд запісваюць у дужках, напр., замест 5,6666... пішуць 5,(6) і чытаюць «5 цэлых і 6 у перыядзе».
Дроб наз. чыстым, калі перыяд пачынаецца адразу пасля дзесятковай коскі, і змешаным, калі паміж коскай і перыядам ёсць інш. лічбы. Напр., 8,(3) — чысты П.д., а 2,3(41) — змешаны. Усякі П.д. — рацыянальны лік. Усякі рацыянальны лік пераўтвараецца у канечны дзесятковы дроб ці бясконцы П.д. Кожны П.д. можна пераўтварыць у звычайны дроб, дзе лічнік — рознасць паміж лікам, які стаіць паміж коскай і другім паўтарэннем перыяду, і лікам паміж коскай і перыядам; назоўнік мае лічбу 9 столькі разоў, колькі лічбаў у перыядзе, і справа ад яе дапісваецца столькі нулёў, колькі лічбаў стаіць паміж коскай і перыядам. Напр., 0,(45) = 45/99 = 5/11; 0,58(3) = (583 − 58)/900 = 525/900 = 7/12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́ЦКАЯ МАГІ́ЛА,
масавае пахаванне загінуўшых у ходзе ваен. дзеянняў ці памерлых ад ран воінаў, партызан, а таксама ваеннапалонных і мірных жыхароў. Адразу пасля баёў пахаванні ў брацкіх магілах ажыццяўлялі аднапалчане загінуўшых з выкананнем пэўнага рытуалу і ваен. ушанаванняў, ставілі сціплыя помнікі з даступных матэрыялаў. У шэрагу выпадкаў з некалькіх брацкіх магіл стваралі ваен. могілкі, рабілі і адзіночныя пахаванні. Шырока вядома брацкая магіла ў Севастопалі, дзе пахаваны рус. воіны, якія загінулі пры абароне горада ў Крымскую вайну 1853—56. Пасля Вял.Айч. вайны ў некаторых месцах рабіліся перапахаванні з адзіночных магіл у брацкія, ставілі помнікі, стваралі мемарыялы. Першы помнік на брацкай магіле сав. воінам пастаўлены ў 1945 у Кёнігсбергу (цяпер Калінінград, Расія). Найб. вядомы брацкія магілы ў Берліне (Трэптаўпарк), С.-Пецярбургу (Піскароўскія могілкі), Луганску, Севастопалі, Керчы (Украіна) і інш. На Беларусі 5575 брацкіх магіл. Найб. масавыя пахаванні: у Мінску каля былой в. Масюкоўшчына (больш за 80 тыс.чал.), у в. Баравая Мінскага р-на (30 тыс.чал.), на ст. Лясная Баранавіцкага р-на (50 тыс.чал.). Ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАМО́НЬКА (Язэп Аляксеевіч) (28.1. 1889, в. Залессе Слуцкага р-на Мінскай вобл. —10.9.1937),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў 3 курсы камерцыйнага ін-та ў Празе (1925). У 1907—17 чл. партыі рас.сацыялістаў-рэвалюцыянераў, з кастр. 1917 чл.БСГ, у 1918—24 чл.Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). У 1-ю сусв. вайну ў арміі. Дэлегат ад 12-й арміі 3-га з’езда БСГ (кастр. 1917), на якім абраны ў ЦК. Адзін з арганізатараў і дэлегат 1-га Усебел. з’езда 1917. Чл.Вялікай беларускай рады і Цэнтральнай беларускай вайсковай рады. Пасля ўтварэння БПС-Р чл. яе кіраўніцтва, з 1921 чл. Бюро ЦК. Чл. Прэзідыума рады БНР (снеж. 1919). Неаднаразова быў арыштаваны сав. і польскімі ўладамі. У 1920-я г. жыў у Літве, Чэхаславакіі, Польшчы, Латвіі. Удзельнік дзвюх Усебел. канферэнцый: у Празе (1921) і Берліне (1925), дзе выступіў супраць самароспуску ўрада БНР. У вер. 1928 атрымаў візу для пераезду ў СССР, дзе адразу пасля прыезду быў арыштаваны. У 1929 прыгавораны да 10 гадоў канцлагераў, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1989 і 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫРО́ДЖАНЫЯ ХВАРО́БЫ,
хваробы, якія развіваюцца ўнутрывантробна і праяўляюцца ў дзіцяці адразу або ў хуткім часе пасля нараджэння. Падзяляюцца на спадчынныя хваробы і няспадчынныя.
Прычына няспадчынных П.х. — ужыванне пры цяжарнасці некат. лекаў, кантакт з хім. рэчывамі, дзеянне іанізавальнага выпрамянення, непаўнацэннае харчаванне, захворванні (напр., цукровы дыябет) і інш. Значную ч. П.х. складаюць прыроджаныя заганы развіцця. Вял. групу П.х., звязаных з мутацыямі генаў, складаюць парушэнні абмену рэчываў (напр., непераноснасць лактозы, альбінізм) — прыроджаныя энзімапатыі (адсутнасць або недастатковая актыўнасць якога-н. ферменту). Да П х. належаць таксама мультыфактарыяльныя хваробы (напр., прыроджаны вывіх бядра), у паходжанні якіх адыгрываюць вял. ролю генет. парушэнні і фактары навакольнага асяроддзя. Да найб. небяспечных інфекц. П.х. адносяць сіфіліс, лістэрыёз, туберкулёз. Прафілактыка П.х.: медыка-генет. кансультаванне сям’і, папярэджанне дзеяння шкодных фактараў на арганізм цяжарнай жанчыны і інш. Лячэнне тэрапеўт., хірург., дыетатэрапія.
На Беларусі прыроджаная і спадчынная паталогія — асн. прычына захваральнасці і смяротнасці ў дзіцячым узросце (у 1995—2000 больш за 2 тыс. нованароджаных памерлі ад П.х.); штогод больш за 800 дзяцей з прыроджанымі заганамі развіцця прызнаюцца інвалідамі.
Літ.:
Тератология человека: Руководство для врачей. 2 изд. М., 1991;
Врожденные и приобретенные энзимопатии: Пер. с болг. М., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́СКА-ФРАНЦУ́ЗСКІ САЮ́З,
ваенна-палітычны саюз Расіі і Францыі ў 1891—1917. Супрацьстаяў Траістаму саюзу на чале з Германіяй. Аформлены пагадненнем міністраў замежных спраў Францыі і Расіі (ліп. 1891) і сакрэтнай ваен. канвенцыяй, заключанай 17.8.1892 рас. і франц.ген. штабамі і ратыфікаванай урадамі Францыі (27.12.1893) і Расіі (4.1.1894). Канвенцыя прадугледжвала правядзенне неадкладнай і адначасовай мабілізацыі ўзбр. сіл абедзвюх краін у выпадку такіх жа дзеянняў Траістага саюза, выстаўленне Францыяй 1,3 млн.чал. і Расіяй 0,7 млн.чал. супраць Германіі з такім разлікам, каб ёй адразу давялося весці вайну на 2 франты (на У і З). Т.ч. у Еўропе ўтварыліся 2 варожыя адзін да аднаго ваен.-паліт. блокі. Р.-ф.с. дазволіў Францыі актывізаваць сваю калан. палітыку (найперш у Афрыцы), а Расіі — яе экспансію ў Маньчжурыі. Першапачаткова вызначальная роля ў саюзе належала Расіі, пазней — Францыі, ад якой Расія трапіла ў фін. залежнасць. У 1912 падпісана рус.-франц.ваен.-марская канвенцыя. З далучэннем да Р.-ф.с. Вялікабрытаніі, якая ў 1904 падпісала пагадненне з Францыяй, а ў 1907 — з Расіяй, утварылася «Траістая згода» (гл.Антанта). Р.-ф.с. ануляваны Сав. урадам Расіі пасля Кастр. рэвалюцыі 1917.
Літ.:
Манфред А.З. Образование русско-французского союза. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЕАБО́РГСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1906,
узброенае выступленне 31 ліп. —2 жн. салдат і матросаў крэпасці Свеаборг у час рэвалюцыі 1905—07 у Расіі. Рыхтавалася фінл.ваен. арг-цыяй РСДРП як ч. агульнага паўстання Балт. флоту, але пачалося стыхійна і заўчасна. Адбывалася пад заклікамі звяржэння самадзяржаўя, свабоды народа, перадачы зямлі сялянам. Салдаты і матросы (каля 2 тыс.чал.), якіх узначалілі афіцэры-бальшавікі падпаручнікі А.П.Емяльянаў і Я.Л.Каханскі, авалодалі шэрагам умацаваных астравоў і пачалі артыл. абстрэл цэнтр. часткі крэпасці, дзе знаходзіліся камендант і верная ўраду ч. гарнізона (3 роты з 10). Да паўстанцаў далучыліся атрады фін.Чырв. гвардыі (каля 200 чал.). Разлікі кіраўнікоў С.п., што на дапамогу яму хутка прыйдуць рэв. караблі Балт. флоту з Кранштата, дзе таксама мела адбыцца паўстанне, не спраўдзіліся. Кранштацкае паўстанне пачалося са спазненнем (у ноч на 2 жн.) і было адразу задушана, флот застаўся пад кантролем урада. 1 жн. браняносец «Цэсарэвіч» і крэйсер «Багатыр» пачалі жорсткую бамбардзіроўку пазіцый паўстанцаў, якія 2 жн. спынілі супраціўленне. З удзельнікаў С.п. 43 чал., у т. л. Емяльянаў і Каханскі, расстраляны, каля 1 тыс.чал. прыгавораны да катаргі, турмы і дысцыплінарных рот.