ПЕРМАЛО́Й [англ. permalloy ад perm (eability) пранікальнасць + alloy сплаў],

агульная назва групы сплаваў нікелю з жалезам, якія характарызуюцца высокай магнітнай пранікальнасцю. Адрозніваюць нізканікелевыя (40—50% нікелю) і высоканікелевыя (70—83% нікелю). Выкарыстоўваюць у радыётэхніцы, тэхніцы сувязі, вылічальнай тэхніцы. Адносіцца да магнітамяккіх матэрыялаў.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́НТЭР (ад англ. printer друкар),

прылада для аўтам. друку вынікаў апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ. Адносіцца да знакасінтэзавальных друкавальных прылад. Адрозніваюць П. кантактавага друку (маюць друкавальную, як і ў пішучых машынках, ці ігольчастую галоўку) і бескантактавага друку (струменныя і лазерныя), якія дазваляюць атрымліваць якасныя каляровыя відарысы.

т. 13, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЙДЭЛЬБЕ́РГСКІ ЧАЛАВЕ́К,

самы старажытны выкапнёвы чалавек у Еўропе, які жыў 500—800 тыс. г. назад. Сківіца гейдэльбергскага чалавека з поўным наборам зубоў знойдзена ў 1908 у пясчаным кар’еры каля в. Маўэр непадалёку ад г. Гайдэльберг (Германія), адносіцца да тыпу Homo erectus.

Мяркуемы знешні выгляд гейдэльбергскага чалавека.

т. 5, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАГЕ́Й (ад апа... + грэч. gē Зямля),

1) пункт арбіты Месяца ці штучнага спадарожніка Зямлі, найб. аддалены ад цэнтра Зямлі; процілеглы перыгею). У астраноміі тэрмін «апагей» адносіцца толькі да целаў, што рухаюцца па замкнёных арбітах вакол Зямлі.

2) У пераносным сэнсе апагей — найвышэйшая ступень, найб. ўздым, росквіт дзейнасці, творчасці, славы.

т. 1, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕНДЗЯЛЕ́ВІЙ (лац. Mendelevium),

Md, штучны радыеактыўны хім. элемент III групы перыяд. сістэмы, ат.н. 101, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае. Вядомыя ізатопы з масавымі лікамі 247—252, 254—260; найб. устойлівы — ​258Md (перыяд паўраспаду 56 сут, α-выпрамяняльнік), атрыманы ў 1967 у ЗША. Названы ў гонар Дз.І.Мендзялеева.

т. 10, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРКІНЯ́ТЫ,

курганны могільнік 10—12 ст. каля в. Маркіняты Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. Пахавальны абрад — трупаспаленне. Знойдзены рэшткі пахаванняў на грунце і ў гаршках, а таксама сякеры, ромбападобныя і ланцэтападобныя наканечнікі коп’яў, нажы, шпоры, спражкі, бронзавыя ўпрыгожанні, дэталі конскай збруі. М. адносіцца да культуры ўсх.-літ. курганоў.

А.​Г.​Калечыц.

т. 10, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІНАЛЕ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

9,12,15-октадэкатрыенавая кіслата, аднаасноўная карбонавая к-та з трыма ізаляванымі падвойнымі сувязямі, C17H29COOH; адносіцца да незаменных тлустых кіслот. Бясколерная алеепадобная вадкасць, шчыльн. 904—914 кг/м³. Не раствараецца ў вадзе; раствараецца ў этаноле, эфіры. Трыгліцэрыды Л.к. ўваходзяць у алеі, этылавы эфір — кампанент лінетолу (лек. сродак для зніжэння халестэрыну ў крыві).

т. 9, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯССЦЁКАВЫ БАСЕ́ЙН,

басейн ракі або возера, які не мае сувязі з акіянам. Адносіцца да вобласці ўнутранага сцёку. Бяссцёкавы басейн маюць Волга, Урал, Кура, Амудар’я, Сырдар’я і інш. рэкі, якія належаць да Арала-Каспійскай бяссцёкавай вобл., азёры Ісык-Куль, Балхаш, Лабнор. На Беларусі некаторыя азёры не маюць паверхневага сцёку (воз. Бледнае ў Нарачанскай групе азёр і інш.).

т. 3, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭГРАДА́ЦЫЯ ПРЫРО́ДЫ,

пагаршэнне ці страта станоўчых якасцей прыроднага асяроддзя. Тэрмін часцей выкарыстоўваецца ў адносінах да канкрэтных аб’ектаў і кампанентаў прыроднага асяроддзя, напр., дэградацыі глеб (паніжэнне ўрадлівасці глеб, выкліканае прыроднай зменай умоў глебаўтварэння або гасп. дзейнасцю чалавека), дэструкцыі ландшафтаў, рэкрэацыйнай дыгрэсіі (гл. Дыгрэсія) і інш., папярэджанне якіх складае адну з гал. задач аховы прыроды. Да Д.п. адносіцца таксама біядэградацыя.

т. 6, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТАМЕТРЫ́Я,

раздзел картаграфіі, які вывучае спосабы вымярэнняў па картах каардынат, вышыні (глыбіні), даўжыні, плошчы, аб’ёмаў, напрамкаў і інш. характарыстык геагр. аб’ектаў. Картаметрычныя вымярэнні шырока выкарыстоўваюцца ў фіз. геаграфіі, геамарфалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, глебазнаўстве, эканам. геаграфіі, дэмаграфіі і інш. Да задач К. адносіцца таксама ацэнка дакладнасці вымярэнняў з улікам маштабу і картаграфічных праекцый. Пры картаметрычных работах ужываюць розныя картаграфічныя прылады.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)