МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРХІМО́ВІЧ (Эдуард Міхайлавіч) (н. 15.7.1937, г.п. Бялынічы Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне машынабудавання. Д-р тэхн. н. (1990), праф. (1992). Скончыў Магілёўскі маш.-буд. ін-т (1966), у якім і працуе з 1969 (у 1993—99 прарэктар). Навук. працы па праблемах кантактнай, дугавой, газаэлектрычнай зваркі і наплаўкі ў ультрагукавым полі, умацавання і аднаўлення дэталей машын.

Тв.:

Сварка и наплавка в ультразвуковом поле. Мн., 1988;

Сварка в ультразвуковом поле. Мн., 1994 (разам з В.​М.​Сагалевічам, У.​І.​Сотнікавым).

т. 12, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРХІ́Н (Рыгор Барысавіч) (19.3.1880, г. Перм, Расія — 11.4.1969),

рускі архітэктар. Засл. дз. нав. і тэхн. (1960). Вучыўся ў Пецярб. АМ (1901—08). З 1909 педагог, у 1930—37 праф. Маскоўскага арх. ін-та. У 1908—11 працаваў памочнікам Р.​Клейна (інтэр’еры Музея выяўл. мастацтва і Барадзінскі мост у Маскве). Асн. работы: з-ды сернай і азотнай кіслот каля Ніжняга Ноўгарада (1915—16), санаторый у г. Сакі ў Крыме (1929), дом газ. «Известия» (Масква, 1925—27) у формах канструктывізму, праект аднаўлення Севастопаля (1943—46).

т. 2, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁРНЕР ((Körner) Тэадор) (24.4.1873, г. Комарна, Славакія — 4.1.1957),

аўстрыйскі ваен. і дзярж. дзеяч. Генерал. Скончыў ваен.-тэхн. акадэмію ў Вене (1894). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У 1923—33 дэп. аўстр. парламента. Удзельнік стварэння «Шуцбунда». Пасля паражэння лютаўскага паўстання сацыял-дэмакратаў супраць аўтарытарнага ўрада Э.Дольфуса (1934) арыштаваны; у 1944 арыштаваны гестапа. Пасля аднаўлення Аўстр. рэспублікі бургамістр Вены, кіраваў яе аднаўленнем (1945—51). У 1951—57 федэральны прэзідэнт Аўстрыі, выступаў за выкананне краінай пастаяннага нейтралітэту і развіццё дружалюбных адносін з СССР.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОНТРАТА́КА (ад контр... + атака),

атака, якая праводзіцца абараняльнымі войскамі супраць наступальных з мэтай разгрому праціўніка, што ўклініўся ў абарону, і поўнага або частковага аднаўлення становішча. Заключаецца ў паражэнні праціўніка ўдарамі авіяцыі, ракет, агнём артылерыі з наступнай атакай сіламі 2-га эшалона (рэзерву), у пэўных умовах сумесна з сіламі 1-га эшалона. К., як правіла, праводзіцца ў момант, калі праціўнік, спынены і яшчэ не паспеў замацавацца на занятых рубяжах або яго прасоўванне запаволілася, а рэзервы выкарыстаны ці іх тэрміновы ўвод немагчымы.

т. 8, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСНО́ЎСКІ (Аляксандр Абрамавіч) (26.8.1913, г. Адэса, Украіна — 1993),

расійскі біяхімік і біяфізік. Акад. Рас. АН (1976, чл.-кар. 1962). Скончыў Маскоўскі хіміка-тэхнал. ін-т (1937). З 1944 у ін-це біяхіміі АН СССР, з 1954 (адначасова) у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па вывучэнні раслінных пігментаў, першасных стадый фотасінтэзу, фотахіміі хларафілу. Адкрыў рэакцыю абарачальнага фотахім. аднаўлення хларафілу (рэакцыя К.). Дзярж. прэмія СССР 1991.

Тв.:

Фотохимия хлорофилла и молекулярная организация пигментной системы организмов // Функциональная биохимия клеточных структур. М., 1970.

А.А.Красноўскі.

т. 8, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЙКО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (6.8.1870, г. Фацеж Курскай вобл., Расія — 6.4.1946),

рускі вучоны ў галіне металазнаўства, металургіі і хіміі. Акад. АН СССР (1932, чл.-кар. 1927), Герой Сац. Працы (1945). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893), працаваў у ВНУ Пецярбурга, з 1942 віцэ-прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па тэорыі акіслення і аднаўлення металаў і дысацыяцыі хім. злучэнняў пры высокай т-ры, асновах металургіі каляровых металаў, прамым атрыманні жалеза з руды, комплексным выкарыстанні сыравіны. Дзярж. прэмія СССР 1943.

Тв.:

Собр. трудов. Т. 1—5. М.; Л., 1948—52.

А.А.Байкоў.

т. 2, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКІСЛЕ́ННЯ СТУПЕ́НЬ, акіслення лік,

умоўны паказчык, які характарызуе зарад атама ў хім. злучэннях. У малекулах з іоннай сувяззю супадае з зарадам іонаў, напр., у NaCl акіслення ступень Na + I, Cl – I Na + 1, Cl – 1. У злучэннях з кавалентнай сувяззю за акіслення ступень прымаецца зарад, які атрымаў бы атам, калі б усе пары электронаў гэтай сувязі былі цалкам зрушаны ў бок больш электраадмоўных атамаў. Электронныя пары, абагульненыя аднолькавымі атамамі, дзеляцца папалам. Акіслення ступень выкарыстоўваецца пры складанні ўраўненняў рэакцый акіслення-аднаўлення, пры класіфікацыі неарган. злучэнняў, асабліва каардынацыйных (гл. Комплексныя злучэнні).

т. 1, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСАДЖЭ́ННЕ,

выдзяленне цвёрдай фазы з газаў ці суспензій; выдзяленне аднаго ці некалькіх кампанентаў з раствораў у выглядзе асадку. Можа працякаць адвольна пад дзеяннем сілы цяжару (адстойванне), цэнтрабежнай сілы (цэнтрыфугаванне) ці сіл электрастатычнага поля. Асаджэнне з раствораў робіцца з дапамогай хім. рэакцый (комплексаўтварэння, акіслення-аднаўлення і інш.) пры дабаўленні рэагентаў. Выкарыстоўваецца ў хім. аналізе і прам-сці пры атрыманні чыстых рэчываў, ачыстцы газаў. Мае месца ў геал. працэсах утварэння платформавага чахла і асобных геахім. комплексаў (у т. л. радовішчаў многіх карысных выкапняў; гл. таксама Асадканамнажэнне).

т. 2, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАКІ́ЗМ (грэч. ostrakismos ад ostrakon чарапок),

у Стараж. Афінах у 6—5 ст. да нашай эры выгнанне з горада асобных грамадзян паводле рашэння нар. сходу (звычайна на 10 гадоў). Уведзены Клісфенам як мера супраць аднаўлення тыраніі і ўпершыню выкарыстаны ў 488/487 да нашай эры, пазней служыў мерай паліт. барацьбы. Пытанне аб астракізму штогод ставілася перад нар. сходам. Кожны, хто меў права голасу, пісаў на чарапку імя таго, каго лічыў небяспечным для народа. Падобнае да астракізму выгнанне грамадзян існавала ў Аргасе, Сіракузах і інш. гарадах. Пераноснае — выгнанне, ганенне.

т. 2, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)