АЛГЕБРАІ́ЧНАЯ ТАПАЛО́ГІЯ,
галіна тапалогіі, якая вывучае ўласцівасці аб’ектаў і іх узаемных адлюстраванняў, што не мяняюцца пры неперарыўных дэфармацыях (гаматопіях). З кожнай тапалагічнай прасторай звязваецца паслядоўнасць алг. аб’ектаў Hn(x) (груп гамалогій); кожнаму неперарыўнаму адлюстраванню f:X → Y тапалагічных прастораў адпавядае набор гамамарфізмаў 𝑓n:Hn(X) → Hn(Y). Пры гэтым тапалагічная задача пераўтвараецца ў адпаведную алг. задачу. Калі сродкі алгебры дазваляюць рашыць такую задачу, то адваротным шляхам атрымліваюцца пэўныя меркаванні аб зыходнай тапалагічнай праблеме. У алгебраічнай тапалогіі звычайна разглядаюцца складаныя алг. аб’екты, напр., комплексы (мнагаграннікі, паліэдры), мнагастайнасці (замкнёныя, адкрытыя, гладкія, аналітычныя і інш.).
В.А.Ліпніцкі.
т. 1, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРФАМЕ́ТРЫЯ (ад марфа... + ...метрыя),
1) раздзел картаграфічнага метаду даследавання, які вывучае па картах спосабы колькаснай характарыстыкі форм і структур геагр. аб’ектаў: глыбіню і гушчыню расчлянення, нахілы паверхняў, форму, аднароднасць і суседства арэалаў, шчыльнасць і канцэнтрацыю кропкавых аб’ектаў, звілістасць і арыенціроўку ліній, канфігурацыю і раўнамернасць сетак. Шырока ўжываецца ў геалогіі, гідралогіі, акіяналогіі, геабатаніцы, глебазнаўстве і інш. 2) Галіна геамарфалогіі, якая вывучае колькасныя характарыстыкі рэльефу зямной паверхні: даўжыню, плошчу, аб’ём, адносную і абсалютную вышыні яго асобных форм, глыбіню і гушчыню яго расчлянення, каэфіцыенты звілістасці рэк, берагавой лініі і інш. Марфаметрычныя паказчыкі вызначаюцца пераважна пры апрацоўцы тапаграфічных карт і аэрафотаматэрыялаў.
т. 10, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПАЛЕССЕДЗІПРАВАДГА́С», Дзяржаўны ін-т па праектаванні аб’ектаў комплекснай меліярацыі зямель і воднай гаспадаркі ў Палескай зоне Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1968 у Пінску як «Саюздзіпрамеліявадгас» (Усесаюзны дзярж. праектна-вышукальны ін-т па праектаванні меліярац. сістэм). З 1989 сучасная назва. Уваходзіць у склад канцэрна «Белмеліявадгас» Мінсельгасхарча Беларусі. Асн. кірункі н.-д. дзейнасці: правядзенне інж. пошукаў (тапографагеад., геал., гідралагічных, глебавых і інш.) і распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі на аб’екты меліярац., водагасп., гідратэхн., прамыслова-грамадз. і жыл. буд-ва, сацкультбыту, аховы здароўя, вода- і газазабеспячэння, каналізацыі, аўтадарог, помпавых станцый, вадасховішчаў, сажалак, малых ГЭС, фермерскіх гаспадарак, прыродаахоўных аб’ектаў і інш.
т. 11, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЕАДЧУВА́ЛЬНАСЦЬ (ад радые... + адчувальнасць),
адчувальнасць біял. аб’ектаў да іанізавальнага выпрамянення. Мера Р. — велічыня дозы апрамянення, якая выклікае гібель 50% апрамененых аб’ектаў (DL50). Розныя віды жывёл і раслін маюць неаднолькавую (відавую) Р. Індывід. (унутрывідавая) Р. залежыць ад полу, узросту, стану фізіял. сістэм і інш. фактараў. Індывід. адрозненні Р. маюць арганізм, яго тканкі, органы, клеткі і нават малекулы. Напр., марфал. змены ў крывятворнай тканцы выяўляюцца пры параўнальна меншых дозах, чым у мышачнай або касцявой. Маладыя клеткі, якія хутка размнажаюцца, валодаюць большай Р., чым спелыя. Адрозненні ў тканкавай Р. ўлічваюцца пры прамянёвай тэрапіі хворых на злаякасныя новаўтварэнні.
Н.А.Арцёмава.
т. 13, с. 224
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЁПЕРАХВА́Т,
выяўленне, прыём і рэгістрацыя выпраменьванняў па працуючых радыёстанцыях; адзін са спосабаў радыёразведкі. Робіцца з мэтай раскрыцця зместу перадач або месцазнаходжання групоўкі (аб’ектаў і інш.) праціўніка. Гл. таксама Пеленгацыя.
т. 13, с. 234
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДНЫЯ АБ’Е́КТЫ,
месца пастаяннага намнажэння вады на Зямлі. Падзяляюцца на вадаёмы (акіяны, моры, азёры, вадасховішчы, сажалкі) і вадацёкі (рэкі, ручаі, каналы). Да водных аб’ектаў належаць таксама ледавікі і падземныя воды. Вывучае гідралогія.
т. 4, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЦЫ́ДЫ,
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння «сорных» відаў рыб у невял. вадаёмах; адносяцца да заацыдаў. Выкарыстанне І. патрабуе дакладнай дазіроўкі, інакш можа прывесці да адмоўных экалагічных наступстваў ці стаць прычынай хім. забруджвання водных аб’ектаў.
т. 7, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛДЗІПРАБУ́Д», Праектна-канструктарскі ін-т «Белдзіпрабуд». Засн. ў 1987 у Мінску на базе філіяла Ін-та «Пермпрампраект», з 1995 — недзяржаўная ўстанова. Мае філіялы ў абл. цэнтрах Беларусі. Асн. кірункі дзейнасці: праектаванне аб’ектаў прамысл. і жыллёва-грамадзянскага прызначэння.
т. 3, с. 75
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЖА́РНАЯ БЯСПЕ́КА,
стан аб’ектаў, таксама навакольнага асяроддзя, пры якім адсутнічае імавернасць узнікнення і развіцця пажару. Забяспечваецца сістэмамі прадухілення пажару (гл. Пажарная прафілактыка), комплексам мерапрыемстваў па арганізацыі пажарнай аховы, навучанні насельніцтва правілам П.б. і інш.
Мінімальная імавернасць узнікнення пажару дасягаецца прадухіленнем утварэння гаручага асяроддзя і крыніцы загарання ў ім. Проціпажарная ахова дасягаецца абмежаваннем распаўсюджвання пажару, своечасовымі апавяшчэннем насельніцтва, эвакуацыяй людзей з аб’ектаў узгарання. Пры гэтым выкарыстоўваюцца сродкі калектыўнай і індывідуальнай аховы, процідымнай аховы, пажаратушэння, тэхн. элементы збудаванняў (лесвічныя клеткі, проціпажарныя сцены, ліфты, аварыйныя люкі і інш.).
Літ.:
Основы пожарной безопасности. М., 1971;
Бариев Э.Р., Чеканов В.Л. Пожарная безопасность в строительстве. Мн., 1996.
М.В.Гарахавік, С.А.Лосік, А.В.Урублеўскі.
т. 11, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАМАРФІ́ЗМ (ад іза... + грэч. morphe форма) у матэматыцы, узаемна адназначнае адлюстраванне аднаго матэм. аб’екта з зададзенымі на ім аперацыямі і суадносінамі (напр., групы, структуры, поля) на другі, якое захоўвае гэтыя аперацыі і суадносіны; адно з асн. паняццяў сучаснай матэматыкі. І. алг. сістэмы на сябе наз. аўтамарфізмам.
Паняцце І. ўзнікла ў пач. 19 ст. ў тэорыі груп, дзе Р.Дэкарт заўважыў, што вывучэнне ўнутранай будовы двух ізаморфных аб’ектаў уяўляе сабой адну і тую ж задачу; сучасную тэрміналогію распрацавала ням. матэматык Э.Нётэр. І. выяўляе ўласцівасці аперацый і суадносін, якія не залежаць ад элементаў даследаваных аб’ектаў і аднолькавыя для ўсіх ізаморфных аб’ектаў (абстрактныя ўласцівасці). Напр., мноству X сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй множання ізаморфнае мноства Y сапраўдных лікаў з зададзенай аперацыяй складання, калі ліку x з X паставіць у адпаведнасць лік y=logax з Y (адваротнае адлюстраванне x=ay). Тады здабытку x=x1x2 адпавядае сума y=y1+y2=logax1+logax2, узвядзенню ў n-ю ступень — множанне на n, здабыванню кораня ступені n — дзяленне на n і інш., што закладзена ў аснову выкарыстання лагарыфмаў у арыфм. вылічэннях, прынцыпу работы лагарыфмічнай лінейкі і інш. Гл. таксама Гомамарфізм.
Р.Т.Вальвачоў.
т. 7, с. 176
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)