БО́ГДАН Фёдар Емяльянавіч
(н. 28.3.1939, в. Кацельня-Баярская Брэсцкага р-на),
бел. спявак (бас). Засл. арт. Украіны (1979). Скончыў Львоўскую кансерваторыю імя М.Лысенкі (1966). З 1966 саліст ансамбляў песні і танца «Данбас» ваенна-паветраных сіл Групы сав. войскаў у Германіі, Чарнаморскага флоту. З 1990 саліст Брэсцкай абл. філармоніі. У рэпертуары арыі з опер кампазітараў-класікаў, класічныя рамансы, песні сучасных аўтараў, апрацоўкі бел., рус., укр. нар. песень.
А.А.Мартыненка.
т. 3, с. 202
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ МЕДЫЦЫ́НСКІ ІНСТЫТУ́Т.
Засн. ў Гомелі ў 1990 з мэтай забеспячэння ўрачэбнымі кадрамі лячэбна-прафілактычных устаноў Гомельскай і Магілёўскай абл., павышэння ўзроўню мед. дапамогі насельніцтву раёнаў, што пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. У 1996/97 навуч. г. — лячэбна-прафілактычны ф-т; падрыхтоўчае аддзяленне. Аспірантура з 1992. Мае н.-д. лабараторыі: імуналогіі і гематалогіі, біяхіміі патагісталогіі, электроннай мікраскапіі, радыёметрыі, біяхіміі гармонаў; музей. Выдае штогод тэматычныя зборнікі.
т. 5, с. 346
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1929 у г. Баранавічы як павятовы музей. У 1940 ператвораны ў абл. музей выяўл. мастацтва. У час ням.-фаш. акупацыі разрабаваны. У 1946—54 Баранавіцкі абл. гісторыка-краязн. музей (да 1952 у Слоніме на базе адноўленага раённага музея), з 1954 сучасная назва. Мае больш за З6 тыс. экспанатаў асн. фонду, пл. экспазіцыі 256 м² (1995). Сярод экспанатаў археал., нумізматычная і этнагр. калекцыі, матэрыялы пра выдатных землякоў А.Міцкевіча, П.Багрыма, У.Галубка, рэв. выступленні 1905, падзеі 1-й сусв. вайны (Стаўка ў Баранавічах, Баранавіцкая аперацыя 1916), барацьбу працоўных за нац. і сац. правы ў часы ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, абарончыя баі 1941, партыз. рух і падп. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, Калдычэўскі і Ляснянскі лагеры смерці, пра вызваленне горада і раёна ад ням.-фаш. акупантаў, станаўленне і развіццё нар. гаспадаркі і культуры ў пасляваен. гады. У экспазіцыі матэрыялы, прысвечаныя землякам-военачальнікам, двойчы Герою Сав. Саюза С.І.Грыцаўцу, Героям Сав. Саюза І.К.Кабушкіну, Г.М.Халасцякову. Працуюць 2 выставачныя залы (пл. 140 м²).
С.А.Шчарбакоў.
т. 2, с. 294
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КІ АБЛАСНЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,буйныя рэгіянальныя універсальныя б-кі сістэмы Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь. Выконваюць функцыі: абласных дэпазітарыяў, гал. навукова-метадычных, каардынацыйных і інтэграцыйных цэнтраў для б-к вобласці, з’яўляюцца цэнтрамі па збіранні і захоўванні краязн. матэрыялаў, выданняў мясц. друку. Уваходзяць у аўтаматызаваную інфарм. бібліятэчную сістэму Мін-ва культуры Рэспублікі Беларусь, абслугоўваюць усе катэгорыі насельніцтва. Камплектуюцца праз бібліятэчныя калектары, кнігарні, унутрырэспубліканскі і міжнар. кнігаабмен. У іх фондах навук. і навукова-папулярная л-ра універсальнай тэматыкі, даведачна-інфарм. выданні, маст. творы айч. і замежных аўтараў. Напачатку створаны як філіялы аб’яднанай Бел. дзярж. і універсітэцкай б-кі (гл. Бібліятэка нацыянальная Беларусі) у Віцебску (1925), Магілёве (1928), Гомелі (1933); у 1938 яны рэарганізаваны ў самаст. абл. бібліятэкі. Абласнымі сталі Мінская б-ка імя Пушкіна (1938) і Гродзенская (1945); у 1940 створана абл. б-ка ў Брэсце. Сукупны фонд бібліятэк абласных Беларусі на 1.1.1995 — 4,5 млн. экз. кніг і інш. носьбітаў інфармацыі.
В.А.Сабалеўская.
т. 3, с. 146
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ
(Generalbezirk Weissruthenien),
ваеннаадм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр. БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш. акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы. А.М.Літвін.
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУ́СКІ СКАРБ.
Знойдзены ў г.п.Глуск у 1960 у збане з чырв. медзі. Ухаваны ў канцы 1750-х г. Вядома 760 сярэбраных і білонных манет 1587—1733 Рэчы Паспалітай, 1640—1786 Прусіі, 1611—54 Шведскай Прыбалтыкі. Асаблівую цікавасць маюць літ. шастак, выпушчаны ў 1706 Гродзенскім манетным дваром, і польскі шастак 1678(?) з кантрамаркай у выглядзе вензеля аднаго з князёў Патоцкіх. Часткова скарб захоўваецца ў Магілёўскім абл. краязнаўчым і Бабруйскім краязнаўчым музеях.
т. 5, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАГА БА́НКА БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1926 (арх. С.Філасевіч) з выкарыстаннем элементаў позняга класіцызму і эклектычных элементаў арх. стылістыкі пач. 20 ст. Трохпавярховы будынак з высокім цокальным паверхам складаецца з 2 узаемна перпендыкулярных крылаў, злучаных аб’ёмам у выглядзе дамінуючай над усёй пабудовай ратонды са сферычным купалам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны сферычныя нішы, сандрыкі на фігурных кранштэйнах, ляпныя элементы. Будынак завершаны развітым карнізам з парапетамбалюстрадай. У будынку размешчана абл. кантора банка.
т. 3, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦІ́ЧАСК,
старажытны горад Полацкай зямлі. Упамінаецца ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1071. Месцазнаходжанне не выяўлена. Даследчыкі атаясамлівалі Галацічаск з вёскамі Галоўчын Бялыніцкага р-на Магілёўскай і Голацк Пухавіцкага р-на Мінскай абл. Але рэшткі стараж. горада там не выяўлены.
Літ.:
Повесть временных лет. Ч. 1. М.; Л., 1950;
Алексеев Л.В. Полоцкая земля в IX—XIII в.: (Очерки истории Северной Белоруссии). М., 1966;
Штыхов Г.В. Города Полоцкой земли (IX—XIII вв.). Мн., 1978.
т. 4, с. 455
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУ́ШКІН Барыс Лаўрэнцьевіч
(12.8.1919, г. Шахты, Расія — 15.6.1944),
адзін з кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай і Мінскай абл. у Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Усесаюзны ін-т фізкультуры (1941). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, у 1942 выконваў спец. заданне ў тыле ворага, з мая 1943 камандзір спец. атрада НКДБ «Дапамога» (пазней уваходзіў у партыз. атрад «Артур»). Загінуў у час прарыву варожай блакады ў раёне воз. Палік.
т. 4, с. 474
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́БЛАСЦЬ,
буйная адзінка адм.-тэр. ці нац.-тэр. падзелу. 1) У дарэв. Расіі вобласць (найчасцей на ўскраіне Расіі) адпавядала губерні. У 1917 у Рас. імперыі была 21 вобласць: 18 абласцей у Сібіры, Сярэдняй Азіі, на Каўказе і 3 асобныя вобласці (Войска Данскога, Уральская і Тургайская). У СССР асн. адм.-тэр. адзінка. У 1987 былі 123 вобласці, у т. л. 8 аўтаномных. Пасля распаду СССР абласны падзел захаваўся ў Казахстане, Кыргызстане, Рас. Федэрацыі, Узбекістане, на Украіне.
2) Адм.-тэр. адзінка ў Рэспубліцы Беларусь. Орган дзярж. улады — абл. Савет дэпутатаў, выканаўчы і распарадчы орган — абл. выканаўчы к-т.
Абласны адм.-тэр. падзел уведзены ў 1938 (Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская і Палеская). Пасля ўключэння ў БССР Зах. Беларусі (1939) створаны Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская (з 1944 Маладзечанская) і Пінская вобласці. У 1944 б.ч. Беластоцкай вобласці перададзена Польшчы, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У сувязі з узбуйненнем абласцей у 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая, а ў 1960 і Маладзечанская. На 1.1.1997 у Рэспубліцы Беларусь 6 абласцей: Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская і Мінская (гл. адпаведныя артыкулы).
т. 4, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)