ВЫТВО́РЧАЯ СФЕ́РА,
сукупнасць галін нар. гаспадаркі і відаў дзейнасці, якія ствараюць матэрыяльныя даброты ў выглядзе прадуктаў, энергіі, у форме перамяшчэння грузаў, захоўвання прадуктаў, сарціроўкі, упакоўкі і інш. функцый, што з’яўляюцца працягам вытв-сці ў сферы абарачэння.
т. 4, с. 327
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3140 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 670,9 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 3 сут 13 гадз 18 мін. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыў Г.Галілей (1610).
т. 6, с. 404
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БО́НЫ (франц. bons),
папяровыя ці метал. знакі ў форме кароткатэрміновых даўгавых абавязацельстваў, якія выпускаюцца казначэйствамі, муніцыпальнымі органамі, фірмамі ці асобамі для часовай замены дзярж. грашовых знакаў пры іх недахопе ў абарачэнні. Бываюць боны абавязковага (дзярж. казначэйстваў, муніцыпальных органаў улады, акупацыйнай улады на занятай тэрыторыі; маюць законную сілу ў пэўным рэгіёне) і неабавязковага (прыватныя боны, выпушчаныя асобнымі прадпрыемствамі, арг-цыямі, установамі, т-вамі, прыватнымі асобамі; маюць сілу ў падпарадкаваных эмітэнту межах) абарачэння. Першыя боны ў Расіі з’явіліся ў 1840, на Беларусі — напярэдадні паўстання 1863—64. У б. СССР боны былі ў абарачэнні да грашовай рэформы 1922—24. Б. называюць таксама папяровыя грошы, якія выйшлі з абарачэння і сталі прадметам калекцыяніравання (гл. ў арт. Баністыка).
т. 3, с. 215
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПА́СЫ ТАВА́РНЫЯ,
рэзервы гатовай да рэалізацыі (спажывання) прадукцыі, якая знаходзіцца ў сферы абарачэння, а таксама ў адпаведных запасах, што ствараюцца для бесперапыннага функцыянавання нар. гаспадаркі і насельніцтва на выпадак надзвычайных абставін (аварый, стыхійных бедстваў). Іх мэтай з’яўляецца своечасовасць і бесперапыннасць забеспячэння спажыўцоў (пакупнікоў) вызначаным відам прадукцыі і задавальненне спажывецкага попыту, выкананне дагаворных абавязкаў. З.т. ствараюцца ў аптовых і рознічных установах гандлю, у вытворца і спажыўца. Запасы сыравіны, матэрыялаў, топліва паліва*, некаторых відаў машын і абсталявання, харчовых і інш. тавараў, прызначаных на выпадак надзвычайных абставін, часта называюць дзяржаўнымі рэзервамі. З.т. не павінны быць залішнімі, бо пры гэтым павялічваюцца выдаткі вытворчасці і абарачэння. Гл. таксама Запасы вытворчыя. У.Р.Залатагораў.
т. 6, с. 533
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЕ́РНІКА І ГРЭ́ШЭМА ЗАКО́Н,
эканамічны закон аб неабходнасці строгага вызначэння колькасці грошай, якія знаходзяцца ў абарачэнні. У адносінах да метал. грошай гэты закон сфармуляваў М.Капернік у 1526. Ён лічыў, што лішак грошай звыш устаноўленай колькасці непазбежна вядзе да змянення рыначнай ацэнкі манет, да таго, што «за манету нельга набыць такую колькасць серабра, якую яна ў сабе заключае». Англ. дзярж. дзеяч і фінансіст 16 ст. Т.Грэшэм таксама прыйшоў да высновы, што «горшыя грошы выцясняюць з абарачэння лепшыя». Дзеянне К. і Г. з. характэрна ў асн. для біметалізму, а таксама пры інфляцыі, калі залатыя і сярэбраныя манеты свядома выводзяцца са сферы абарачэння і ў ёй звычайна застаюцца папяровыя грошы.
т. 8, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМІНІ́ДЫ,
метэорны паток з радыянтам у сузор’і Блізнят. Назіраецца ў 1-й пал. снежня, максімум 13—14 снежня. Адзін з найб. актыўных патокаў, што дзейнічаюць штогод. Мае вельмі кароткі перыяд абарачэння вакол Сонца — 1,7 года. Упершыню назіраўся ў 1862.
т. 5, с. 148
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДА́ЛЬГА, малая планета № 944. Дыяметр 43 км. Адлегласць ад Сонца 1,9—9,7 а.а. Мае самую вял. паўвось арбіты сярод вядомых малых планет; нахіл і эксцэнтрысітэт арбіты 42,5° і 0,66 адпаведна. Перыяд абарачэння вакол Сонца 13,7 года. Адкрыта В.Баадэ (Германія, 1920).
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСНА́Я,
малая планета № 3482. Сярэдні дыяметр 14 км, сярэдняя адлегласць ад Сонца прыблізна 416,1 млн. км, перыяд абарачэння 4,638 г. Адкрыта ў 1975 у Крымскай астрафіз. абсерваторыі. Названа ў гонар перамогі рускіх воінаў у бітве пад Лясной 1708.
А.М.Коратцаў.
т. 9, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́,
спадарожнік планеты Юпітэр. Дыяметр 3630 км (адзін з буйнейшых спадарожнікаў планет). Адлегласць ад цэнтра Юпітэра 421,6 тыс. км. Сідэрычны перыяд абарачэння 1 сут 18 гадз 28 мін. Магутныя праявы вулканізму. Мае атмасферу. Адзін з чатырох яркіх спадарожнікаў Юпітэра. Адкрыты Г.Галілеем (1610).
т. 7, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛЯ́ЦЫЯ (ад позналац. deflatio выдзіманне) у эканоміцы, працэс стрымлівання росту грашовай масы шляхам зняцця часткі залішніх, у параўнанні з патрэбнасцямі грашовага абарачэння, папяровых грошай. Праводзіцца ў мэтах барацьбы з інфляцыяй шляхам павышэння падаткаў, скарачэння бюджэтных выдаткаў, стымулявання скарачэння крэдытаў, росту зберажэнняў і да т.п.
т. 6, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)