ПРАВЫ, СВАБОДЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН

Сістэма правоў, свабод і абавязкаў з’яўляецца нарматыўнай сферай узаемадзеяння людзей, неабходнай умовай забеспячэння нармальнага функцыянавання індывіда, грамадства і дзяржавы. Яна акрэслівае асобе магчымасці яе паводзін, вызначае яе свабоду і тыя межы свабоды, якія ўстанаўлівае дзяржава без фактычнага ўмяшання ў гэтую сферу. Прынята, што правы і свабоды чалавека маюць натуральную прыроду паходжання, індывід набывае іх не ад дзяржавы, а ў сілу свайго нараджэння. У адрозненне ад гэтага правы і свабоды грамадзяніна прадвызначаны яго прыналежнасцю да дзяржавы і яе народа. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законах і міжнар. абавязацельствах, абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі складаюць аснову прававога статуса грамадзян Беларусі. Яны разглядаюцца ў якасці найважнейшых, асн. правоў, свабод і абавязкаў, маюць універсальны, агульны для ўсіх грамадзян характар, валодаюць вышэйшай юрыд. сілай і з’яўляюцца базай для ўсіх астатніх (звычайных) правоў і абавязкаў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Канстытуцыя не толькі абвяшчае правы і свабоды грамадзян, але і замацоўвае гарантыі іх рэалізацыі (прыналежнасць улады народу, клопаты аб задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей людзей і інш.). Паводле сферы свайго праяўлення і рэальнага функцыянавання ў розных сферах жыцця адрозніваюць асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян.

Асабістыя правы і свабоды ўключаюць: права на жыццё; свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля; свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на вызначэнне адносін да рэлігіі; свабоду меркаванняў і перакананняў; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і; права на нац. прыналежнасць, карыстанне роднай мовай; права на суд. абарону; права на юрыд. дапамогу; права на абарону міжнар. арганізацыяй. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. Яна дапускае прымяненне смяротнай кары як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прыгавору суда. У адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 11.3.2004 гэтая норма дазваляе Прэзідэнту і Парламенту прыняць рашэнне пра аб’яўленне мараторыя на прымяненне смяротнай кары або пра поўную адмену гэтага. віду пакарання. Кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (учыненне злачынства, дачыненне да тэрарызму або іншых небяспечных гвалтоўных злачынстваў, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, арганізаванай групай або прыналежнасць да яе і інш.). Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца мед. або іншым доследам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у т. л. ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і інш. паведамленняў, на яго гонар і годнасць, а таксама тайны ўкладаў, інфармацыі аб стане здароўя, тайны галасавання, споведзі і інш. Грамадзянін мае права патрабаваць на судзе абвяржэння звестак, якія знеслаўляюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гарантуецца недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Аб’ектам ніякіх абмежаванняў не можа быць права грамадзяніна свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад, акрамя тых, якія прадугледжаны заканадаўствам. Кожны чалавек мае права асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам, забяспечваць рэліг. і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з перакананнем. Адным са сродкаў рэалізацыі свабоды поглядаў і перакананняў з’яўляецца выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі (СМІ), удзел у сходах і інш. грамадскіх мерапрыемствах, накіраванне зваротаў у дзярж. і грамадскія органы, службовым асобам, удзел у перадвыбарчай агітацыі і г.д. Любы прымус чалавека да адкрытага выказвання або адмовы ад сваіх поглядаў лічыцца проціпраўным. Не дапускаюцца манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама стварэнне і фінансаванне арганізацый, устаноў, органаў або пасад, у задачы якіх уваходзіць ажыццяўленне цэнзуры масавай інфармацыі.

Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства і бацькоўства. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць прычыніць шкоду яго фіз., разумоваму або маральнаму развіццю. Дзяржава гарантуе павагу правоў асоб, якія адносяць сябе да нац. меншасцей; забараняецца патрабаваць ад грамадзяніна ўказання яго нац. прыналежнасці ні вусна, ні пісьмова. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, выхавання і навучання. Грамадзянам гарантуецца абарона іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. На канстытуцыйным узроўні прадугледжана права карыстацца ў любы момант юрыд. дапамогай адвакатаў і інш. сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзярж. органах, органах мясц. кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама звяртацца ў міжнар. арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзярж. сродкі прававой абароны.

Да палітычных правоў і свабод грамадзяніна адносяцца: права кіравання справамі дзяржавы; права выбіраць і быць выбраным; права на звяртанне ў дзярж. органы; свабода аб’яднанняў; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; свабода друку і інфармацыі; права на роўны доступ да любых пасад у дзярж. органах. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэсп. і мясц. значэння, рэсп. і мясц. сходаў, іншымі вызначанымі законам спосабамі. Права на свабоду аб’яднанняў рэалізуецца праз магчымасць стварэння і ўдзелу грамадзян у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў і грамадскіх арганізацый. Для забеспячэння аб’ектыўнасці і непрадузятасці суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутр. спраў, Камітэта дзярж. кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя. Нарматыўныя акты Прэзідэнта, Парламента, Урада, іншых дзярж. органаў публікуюцца ў афіц. выданнях і ў друку, даводзяцца да ўсеагульнага ведама інш. прадугледжаным законам спосабам. Дзярж. органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Грамадзянам гарантуецца роўны, без якой-небудзь дыскрымінацыі доступ да любых пасад у дзярж. органах, незалежна ад расы, рэлігіі, мовы, паліт. перакананняў, нац., сац. паходжання або маёмаснага становішча.

Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ўключаюць: права на працу; на справядлівую долю ўзнагароджання ў эканам. выніках працы; на адпачынак; права ўласнасці; на жыллё; на абарону здароўя; на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; на адукацыю; на сац. забеспячэнне; на ўдзел у культурным жыцці. Права на працу разглядаецца як найб. годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўключае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафес. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Прымушэнне да працы ў любой форме не дапускаецца, за выключэннем работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам. Свае эканам. і сац. інтарэсы грамадзяне могуць абараняць рознымі спосабамі (зварот у суд, аб’яднанне ў прафсаюзы, заключэнне калект. дагавораў, забастоўкі). Канстытуцыйна замацаванае права працоўных на адпачынак дазваляе абмежаваць рабочы час работнікаў і стварыць ім неабходныя ўмовы для аднаўлення сіл і рацыянальнага выкарыстання свабоднага часу. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку. Закон ахоўвае недатыкальнасць уласнасці грамадзян і права яе атрымання ў спадчыну. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. Уласнік мае права паводле свайго меркавання ўчыняць у адносінах да сваёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць закону і не ўшчамляюць правы і інтарэсы іншых асоб, у т. л. адчужаць сваю маёмасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, свае правамоцтвы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда. Права грамадзяніна на жыллё рэалізуецца шляхам набыцця дзярж. (грамадскага) жылля ва ўласнасць, а таксама кааператыўнага і індывід. жыллёвага будаўніцтва, недапушчальнасцю адвольнага пазбаўлення яго жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце ў адпаведнасці з заканадаўствам. Права на ахову здароўя забяспечваецца стварэннем даступнага для ўсіх грамадзян мед. абслугоўвання, бясплатным лячэннем у дзярж. установах аховы здароўя, за выключэннем вызначаных урадам відаў мед. дапамогі, развіццём фіз. культуры і спорту, магчымасцю карыстацца аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы. З мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, працы і адпачынку дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, меры па іх аднаўленні і аздараўленні навакольнага асяроддзя і прадухіленні экалагічна шкоднай дзейнасці, ліквідацыі вынікаў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў. Гарантыяй рэалізацыі права на адукацыю з’яўляецца даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафес.-тэхн. адукацыі, даступнасць у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ў дзярж. або недзярж. навуч. установах, выдзяленне дзярж. сродкаў на ўтрыманне і матэрыяльнае забеспячэнне навуч. устаноў, прадастаўленне дзярж. стыпендый і льгот навучэнцам і студэнтам, бясплатная выдача школьных падручнікаў, агульнадаступнасць бібліятэк і інш. Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя віды дзярж. сац. страхавання работнікаў, устанаўліваюцца нормы і парадак пенсіённага забеспячэння (пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у выпадку страты працаздольнасці, страты карміцеля, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па догляду інвалідаў I групы, на дзяцей ва ўзросце да 16 галоў і інш.). Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзярж. і грамадскіх інтарэсаў. З мэтай рэалізацыі права займацца культ. дзейнасцю дзярж. органы павінны ствараць неабходныя ўмовы для далучэння грамадзян да каштоўнасцей нац. і сусв. культуры, развіваць сетку культ.-асв. устаноў, забяспечваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, ствараць гарантыі і стымулы маст., навук., тэхн. творчасці, захавання традыц. бел. культуры (фальклор, нар. промыслы, рамёствы), развіццё культуры нац. меншасцей і этн. груп. Законам абараняецца права інтэлектуальнай уласнасці (творы навукі, л-ры і мастацтва, выканаўчая дзейнасць артыстаў, радыё- і тэлеперадачы, вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі і інш.).

Канстытуцыйныя абавязкі чалавека і грамадзяніна прадугледжваюць неабходнасць: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нац. традыцыі; паважаць годнасць, правы і свабоды інш. асоб; берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроду; прымаць удзел у фінансаванні дзярж. расходаў; абараняць Айчыну. Патрабаванне выконваць Канстытуцыю, законы і інш. нарматыўныя акты распаўсюджваецца як на грамадзян Рэспублікі Беларусь, так і на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэр. Беларусі і павінны з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый яе народа. Канстытуцыйныя абавязкі таксама, як і правы, канкрэтызуюцца ў галіновым заканадаўстве, якое ўстанаўлівае розныя віды прававой адказнасці — дысцыплінарнай, грамадз.-прававой, адм.-прававой, крымін.-прававой. Агульны, універсальны характар носіць канстытуцыйная норма аб павазе годнасці і правоў інш. асоб. На ўсіх, хто знаходзіцца на тэр. Беларусі, распаўсюджваецца абавязак берагчы гісторыка-культ. спадчыну і інш. каштоўнасці, якія маюць вялікія духоўныя і эстэт. вартасці і ахоўваюцца дзяржавай. За невыкананне абавязкаў па ахове і выкарыстанні гісторыка-культ. спадчыны, знішчэнне або прычыненне шкоды нац. каштоўнасцям, парушэнне правіл іх увозу і вывазу вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Розныя меры адказнасці грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, устаноўлены за невыкананне патрабавання аб ахове прыроды (пашкоджанне і забруджанне зямель, атмасфернага паветра, вады і інш.). Адным з важнейшых абавязкаў грамадзян з’яўляецца выплата імі агульнадзярж. падаткаў, пошлін і інш. плацяжоў (падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак і даходы, на нерухомасць, за карыстанне прыроднымі рэсурсамі і інш.) і мясц. падаткаў (зямельны, падатак з пабудоў і інш.). Канстытуцыйным і свяшчэнным абавязкам грамадзяніна з’яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь. З мэтай падрыхтоўкі насельніцтва да абароны бел. дзяржавы, забеспячэння камплектавання Узбр. Сіл і інш. вайск. фарміраванняў устанаўліваецца ўсеагульны воінскі абавязак. Парадак праходжання вайск. службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайск. службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Асн. Закон Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што дзяржава абавязваецца прымаць усе даступныя ёй меры, накіраваныя на стварэнне ўнутр. і міжнар. парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод сваіх грамадзян. Дзярж. органы, службовыя асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Ажыццяўленне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

т. 18, кн. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРШАЙ СУСВЕТНАЙ ВАЙНЕ

Нарастанне ў канцы 19 — пач. 20 ст. эканам. і геапалітычных супярэчнасцей паміж вядучымі дзяржавамі свету прывяло да ўтварэння процілеглых ваен.-паліт. блокаў — Траістага саюза і Антанты. 19.7(1.8).1914 паміж імі ўспыхнула вайна, якая паступова ўцягнула ў сваю арбіту 33 дзяржавы на ўсіх кантынентах з насельніцтвам 1,5 млрд. чалавек (​3/4 усяго чалавецтва) і ўпершыню ў гісторыі набыла сусв. характар. Беларусь, не маючы сваёй дзяржаўнасці і ўласнага войска, не з’яўлялася самастойным удзельнікам вайны. Але яна апынулася ў зоне сутыкнення геастратэгічных інтарэсаў Германіі, якая імкнулася адарваць ад Рас. імперыі яе зах. правінцыі, і Расіі, якая разлічвала на зах. напрамку адабраць ад Германіі і Аўстра-Венгрыі ўсе польскія землі і Галіцыю, а на паўд. — авалодаць пралівамі Басфор і Дарданелы. Таму тэр. Беларусі стала адным з эпіцэнтраў сусв. ваеннага канфлікту.

На рас.-ням. фронце вайна пачалася ў жніўні 1914 баямі ва Усх. Прусіі, Польшчы і Галіцыі. Бел. губерні апынуліся паблізу тэатра баявых дзеянняў і ў першыя дні вайны былі аб’яўлены на ваен. становішчы. Уся цывільная адміністрацыя тут падпарадкоўвалася начальнікам Мінскай і Дзвінскай ваен. акруг, утвораных замест скасаванай Віленскай ваен. акругі. У Баранавічах размясцілася Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага ўзбр. сіламі Расіі вял. князя Мікалая Мікалаевіча. У бел. губернях значна павялічылася колькасць паліцыі і жандармерыі, пашырылася сетка ваен. контрразведкі; аднавілася дзейнасць скасаваных у 1907 ваен.-палявых судоў, якія выносілі прысуды па законах ваен. часу. Былі забаронены апазіц. сходы, шэсці і дэманстрацыі, а таксама забастоўкі. За ўдзел у забастоўках (асабліва на чыгунках) пагражала адпраўка ў штрафныя роты. Праца на прадпрыемствах, якія выпускалі ваен. прадукцыю, разглядалася як асобы від вайсковай службы. Працягласць рабочага дня фактычна не рэгламентавалася, адмяняліся выхадныя і святочныя дні, шырока практыкаваліся звышурочныя работы. Жорсткай рэгламентацыі падлягала распаўсюджванне інфармацыі. Друкаваная прадукцыя, паштовыя і тэлеграфныя адпраўленні падвяргаліся ваен. цэнзуры. Папярэдняя цэнзура існавала на лекцыі, канцэрты, спектаклі і інш. відовішчы.

У пачатковы перыяд вайны значная частка насельніцтва Беларусі трапіла пад уплыў афіц. прапаганды, якая ўкараняла ў масавую свядомасць уяўленне аб справядлівым, абарончым характары вайны з боку Расіі і фарміравала вобраз агрэсіўнага, антыгуманнага праціўніка. У Мінску, Магілёве, Пінску, Гомелі, інш. гарадах і мястэчках у першыя дні вайны праведзены патрыят. маніфестацыі з выказваннем вернападданніцкіх пачуццяў, гатоўнасці ахвяраваць сабой у імя цара і Айчыны. Асаблівым патрыят. уздымам былі ахоплены маладыя людзі, многія з якіх добраахвотна запісваліся ў войска. Сялянства ўспрыняло вайну больш стрымана. Вайна несла селяніну не толькі гора і пакуты, але прымусова адрывала яго ад працы на зямлі. Усведамленне гэтага стала прычынай гвалтоўных эксцэсаў у час мабілізацыі прызыўнікоў у бел. губернях у ліп. 1914. У многіх паветах мабілізаваныя на вайну сяляне ўчынялі разгромы памешчыцкіх маёнткаў, самавольныя высечкі лесу, уступалі ў сутычкі з паліцыяй. Нярэдка такія эксцэсы суправаджаліся пагромамі вінных крам і складоў, што было справакавана забаронай з пачаткам вайны легальнага продажу спіртнога. Улады прымянілі жорсткія пакаранні (у т. л. смяротныя) і ўціхамірылі бясчынствы. Мабілізацыя з бел. губерняў прайшла ў цэлым паспяхова. Паводле наяўных фрагментарных звестак можна меркаваць, што ўсяго за гады вайны ў рас. армію было прызвана прыблізна 0,8—0,9 млн. беларусаў і ўраджэнцаў Беларусі (дакладныя падлікі адсутнічаюць).

Сярод асноўных грамадска-паліт. сіл уступленне Рас. імперыі ў вайну адназначна падтрымалі кансерватыўна-манархічныя партыі і групы. Аналагічную пазіцыю занялі і партыі рас. лібералаў — акцябрысты і кадэты. Свае праграмныя ўстаноўкі пра дэмакратызацыю сац.-паліт. ладу краіны яны адсунулі на другі план, аддаўшы прыярытэт задачы захавання і пашырэння ў ходзе вайны імперскай велічы Расіі. З ліберальна-бурж. колаў зыходзіла ініцыятыва стварэння ўлетку 1914 няўрадавых ваен.-грамадскіх арг-цый — Усерасійскага земскага саюза дапамогі хворым і параненым воінам (УЗС) і Усерасійскага саюза гарадоў (УСГ), праз якія буржуазія наладжвала пастаўкі на фронт абмундзіравання, медыкаментаў, баявога рыштунку, а таксама спрабавала выкарыстаць іх для пашырэння свайго доступу да ўлады. У прыфрантавых бел. губернях адкрываліся падведамасныя УЗС і УСГ рамонтныя майстэрні, харчовыя пункты, шпіталі, для працы ў якіх на Беларусь прыбывалі тысячы рабочых і абслуговага персаналу з унутр. губерняў Расіі.

У асяроддзі агульнарасійскіх сацыяліст. партый сфарміравалася абаронніцкае крыло (пераважна з эсэраў і меншавікоў), якое заклікала прыпыніць рэв. барацьбу да поўнага разгрому праціўніка, і інтэрнацыяналісцкая плынь, што імкнулася захаваць вернасць міратворчым прынцыпам II Інтэрнацыянала. Сярод інтэрнацыяналістаў найбольшым радыкалізмам вызначаліся бальшавікі на чале з У.​І.​Леніным: яны выставілі лозунг ператварэння імперыялістычнай вайны ў грамадзянскую. На Беларусі ва ўмовах ваен. становішча разрозненыя групы эсэраў і сацыял-дэмакратаў схіляліся да абаронніцкага крыла, аддавалі перавагу легальнай дзейнасці ва ўстановах УЗС і УСГ, дабрачынных арганізацыях. Аналагічную пазіцыю на пачатку вайны заняў і Бунд, засяродзіўшыся на дабрачыннай дапамозе беспрацоўным, уладкаванні яўрэяў-высяленцаў і бежанцаў.

У бел. нац. руху на пачатку вайны пераважалі пацыфісцкія настроі. Газета «Наша ніва» (пад рэдакцыяй Я.​Купалы), а таксама блізкая да бел. руху віленская «Вечерняя газета» ўстрымліваліся ад публікацыі афіц.-патрыятычных матэрыялаў, у падцэнзурных умовах праводзілі думку пра бессэнсоўнасць і катастрафічнасць наступстваў вайны. Разам з тым бел. адраджэнцы ўсведамлялі магчымасць змены ў ходзе вайны геапаліт. становішча Беларусі і заклікалі суродзічаў «гуртаваць свае сілы», каб сцвердзіць сябе ў пасляваен. свеце ў якасці самастойнай нац. супольнасці.

У выніку паражэнняў, панесеных на працягу першага года вайны рас. арміямі Паўн.-Заходняга і Паўд.-Заходняга франтоў ва Усх. Прусіі, Галіцыі і Польшчы, тэатр баявых дзеянняў улетку 1915 наблізіўся непасрэдна да Беларусі. 13(26) жніўня рас. армія пакінула Брэст, 21 жніўня (3 вер.) Гродна. Каб палепшыць кіраванне войскамі, рас. камандаванне ў жніўні 1915 падзяліла Паўн.-Зах. фронт на Паўночны фронт, які павінен быў прыкрываць шляхі на Петраград, і Зах. фронт, каб абараняць шляхі на Маскву. Арміі Зах. фронту [1-я (да крас. 1916), 2-я (жн. 1915 — пач. 1918), 3-я (жн. 1915 — чэрв. 1916; жн. 1916 — пач. 1918), 4-я (да снеж. 1916), 10-я (жн. 1915 — пач. 1918) і Асобая (жнівень—вер. 1916 і ліст. 1916 — ліп. 1917)], а таксама большая частка злучэнняў 5-й арміі Паўн. фронту да выхаду Расіі з вайны дыслацыраваліся на тэр. Беларусі. Штаб Зах. фронту размясціўся ў Мінску.

8(21).8.1915 Стаўка Вярх. галоўнакамандуючага была пераведзена ў Магілёў. 23.8(5.9).1915 цар Мікалай II адхіліў ад пасады вял. князя Мікалая Мікалаевіча і ўзяў абавязкі Вярх. галоўнакамандуючага на сябе. Начальнікам свайго штаба ён прызначыў ген. М.​В.​Аляксеева, у руках якога фактычна і сканцэнтравалася стратэгічнае кіраванне войскамі. Аднак арганізацыйныя і кадравыя перамены не прадухілілі далейшага адступлення царскай арміі. Выявілася тэхн.-эканам. непадрыхтаванасць Рас. імперыі да працяглай вайны. Армія дрэнна забяспечвалася артылерыяй, стралк. зброяй і боепрыпасамі. Недастаткова развіты транспарт не спраўляўся з перавозкай жывой сілы і ўзбраенняў. Мелі месца шматлікія выпадкі некампетэнтнасці каманднага складу.

У канцы жніўня 1915 герм. войскі нанеслі з раёна Коўна ўдар у напрамку Свянцян і прарвалі рас. абарону на стыку Паўн. і Зах. франтоў. Ва ўтвораны Свянцянскі прарыў 1915 немцы кінулі моцныя кавалерыйскія злучэнні, якія рушылі ў раён Смаргоні, Вілейкі, Маладзечна і выйшлі ў тыл 10-й рас. арміі. У пач. верасня 1915 перадавыя раз’езды герм. конніцы дасягнулі Смалявіч і перарэзалі чыг. лінію Мінск—Масква. Каб пазбегнуць акружэння ў Літве і зах. Беларусі, 5(18).9.1915 рас. войскі без бою пакінулі Вільню і працягвалі адступленне на ўсход. Пасля складанай перагрупоўкі яны павольна перайшлі ў контрнаступленне і выцеснілі немцаў з раёна Маладзечна, Вілейкі да азёр Свір і Нарач. У пач. кастр. 1915 Свянцянскі прарыў ліквідаваны.

Герм. наступленне выклікала неабходнасць эвакуацыі на ўсход прадпрыемстваў і ўстаноў. Яна праходзіла неарганізавана, з вял. стратамі. З зах. Беларусі ва ўмовах хуткага наступлення немцаў удалося эвакуіраваць толькі асобныя фабрыкі і заводы; з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. эвакуацыя прадпрыемстваў абароннага значэння была арганізавана лепш. Усяго за гады вайны з Беларусі вывезена або дэманціравана 432 прадпрыемствы, у 1915 таксама эвакуіравана 201 навуч. ўстанова.

Адначасова з перамяшчэннем абсталявання і маёмасці на ўсход рушыў вял. паток бежанцаў. Многія бежанцы, знясіленыя голадам і эпідэміямі, гінулі ў дарозе. Паводле прыблізных звестак, з Беларусі сышлі ў бежанства да 1,5 млн. чал. Больш за ўсё бел. бежанцаў асела ў Тамбоўскай, Самарскай, Саратаўскай, Калужскай губ., у Петраградзе і Маскве. Для дапамогі ім у сак. 1915 у Вільні створана Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, у студз. 1916 — Беларускае таварыства ў Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. Дзейнічалі таксама аналагічныя польскія, літоўскія, яўрэйскія т-вы.

Агульным вынікам наступлення ням. войск у 1915 стала акупацыя імі Царства Польскага, часткі Латвіі, Літвы і зах. Беларусі. У кастр. 1915 рас.-нямецкі фронт надоўга стабілізаваўся па лініі Зах. Дзвіна—Дзвінск—Паставы—Смаргонь—Баранавічы—Пінск, падзяліўшы этнічную тэр. беларусаў на дзве часткі.

З мэтай дамагчыся рэваншу рас. камандаванне правяло ў сак. Нарачанскую аперацыю 1916, якая скончылася безвынікова, а ўлетку 1916 ажыццявіла наступленне сіламі Зах. фронту, якія павінны былі наносіць гал. ўдар (але ў ходзе Баранавіцкай аперацыі 1916 не дасягнулі поспеху) пры падтрымцы войск Паўд.-Зах. фронту, чые дзеянні мелі вынікам прарыў аўстра-венгерскіх пазіцый.

Акупіраваная ўвосень 1915 зах. частка бел. этнічнага абшару была ўключана немцамі ў ваен.-адм. акругі «Літва» (уваходзілі Ковенская, Віленская і Сувалкаўская губ.) і «Беласток—Гродна». Разам з акругай «Курляндыя» яны падпарадкоўваліся Гал. камандаванню Усх. фронту (Обер Ост). На ўсход ад лініі Дукшты—Нова-Свянцяны—Варняны—Медзішкі—Воранава—Ліда—Дзятлава—Ваўкавыск—Свіслач—Белавежа—Высокае—р. Буг да лініі ням.-рас. акопаў праходзіла ваен.-аперацыйная паласа, якая знаходзілася пад кантролем ням. этапных інспекцый. Парадак кіравання акупіраванымі землямі быў нацэлены на першачарговае задавальненне інтарэсаў Германскай імперыі і яе арміі. Нягледзячы на развал эканомікі і абязлюдзенне краю ў выніку баявых дзеянняў, немцы інтэнсіўна эксплуатавалі яго гасп. і працоўныя рэсурсы. Сістэматычна ўчыняліся масавыя рэквізіцыі харч. прадуктаў, жывёлы, футра і г.д. Пад выглядам штрафаў за розныя правіннасці ажыццяўляліся грашовыя паборы. Выпампоўванню сродкаў з мясц. насельніцтва служыла сістэма шматлікіх падаткаў, пошлін, даходаў ад дзярж. манаполій. Дзеля нарыхтоўкі драўніны масава высякаліся лясы, асабліва ў Белавежскай пушчы. На ваен. аб’ектах, у сельскай гаспадарцы і лесанарыхтоўках выкарыстоўвалася прымусовая праца мясц. насельніцтва. Несанкцыянаваная паліт. дзейнасць была забаронена. Выключна строга кантраляваліся перамяшчэнні жыхароў.

Нац.-культ. палітыка акупантаў мела на мэце, з аднаго боку, як мага больш выразнае адасабленне краю ад Расіі, з другога — нейтралізацыю тут польскіх уплываў, якія ўзмацніліся пасля сыходу ў бежанства значнай часткі бел. праваслаўнага насельніцтва. Акупац. ўлады ўзялі курс на пераважную падтрымку літ., бел., яўр. культуры. У школах краю навучанне па-руску забаранялася, як абавязковы прадмет уводзілася ням. мова. Выкладанне навуч. дысцыплін магло ажыццяўляцца на ням. або роднай мове вучняў. Падкрэслівалася, што бел. мова не ідэнтычная рускай і дапускаецца без абмежаванняў. Поруч з інш. мовамі бел. мова пачала ўжывацца ў зваротах улад да насельніцтва, друкаваліся нямецка-бел. пашпарты, дазвалялася адчыняць бел. школы. Першая бел. пачатковая школа пачала працаваць у Вільні ў ліст. 1915. Восенню 1916 рэарганізавана ў беларускую Свіслацкая настаўніцкая семінарыя, адкрыты бел. настаўніцкія курсы ў Вільні. Паводле афіц. нямецкіх звестак, у снежні 1917 на тэр. Обер Осту налічвалася 50, у сак. 1918—89 бел. школ. З лютага 1916 да канца 1918 у Вільні выходзіла бел. грамадска-паліт. і літ. газета «Гоман».

Змяненне ў ходзе вайны геапалітычнай сітуацыі паставіла на парадак дня і праблему дзярж.-паліт. самавызначэння беларусаў. У першыя гады вайны бел. нац. актывісты, што дзейнічалі ў Вільні, спрабавалі рэалізаваць ідэю самавызначэння шляхам аднаўлення шматнацыянальнай дзяржавы на ўзор Вялікага княства Літоўскага. Для дасягнення гэтай мэты ў канцы 1915 арганізаваны блок літоўскіх, беларускіх, польскіх і яўрэйскіх палітыкаў — Канфедэрацыя Вялікага княства Літоўскага. Але кіраўнікі літ. руху неўзабаве адышлі ад гэтага праекта, асцерагаючыся колькаснай перавагі беларусаў і верагоднага культ.-паліт. дамінавання палякаў у мяркуемай супольнай дзяржаве. Вылучыўшы на першы план мэту стварэння ўласнай этнанацыянальнай дзяржавы, літоўцы з санкцыі акупац. улад правялі ў вер. 1917 у Вільні Літоўскую канферэнцыю, на якой сфарміравалі Раду Літоўскай зямлі (Тарыбу). У процівагу гэтаму бел. дзеячы склікалі ў студз. ў Вільні Беларускую канферэнцыю 1918, якая ўтварыла орган бел. прадстаўніцтва — Віленскую беларускую раду. Гэта быў крок на шляху да стварэння бел. дзяржавы ў межах рассялення бел. этнасу.

Тэр. Беларусі на ўсход ад лініі ням.-рас. акопаў служыла тылавой зонай рас. Зах. фронту. Ва ўмовах вайны тут хуткімі тэмпамі развіваліся галіны прам-сці, якія працавалі на патрэбы арміі (хлебапякарная, тэкстыльная, абутковая, металаапрацоўчая), астатнія апынуліся ў заняпадзе. У 1916 вытворчасць мірнай прадукцыі ва ўсх. Беларусі складала ўсяго 15—16% ад даваен. ўзроўню. На стан сельскай гаспадаркі згубна паўплывала скарачэнне рабочай сілы ў выніку мабілізацыі і прыцягнення сялян на абарончыя работы. Многія сял. гаспадаркі засталіся без работнікаў-мужчын. Рэквізіцыі коней пакінулі шмат гаспадарак і без цяглавай сілы. У выніку пасяўныя плошчы пад асн. культурамі скараціліся ў 1917 (у параўнанні з 1914) на 15,6%, пагалоўе жывёлы ў 1916 — на 11,4%. За гады вайны адбылося істотнае абясцэньванне рубля: да пач. 1917 яго рэальная пакупная здольнасць знізілася да 27 капеек (паводле інш. падлікаў — да 14 кап.). Усё гэта значна пагоршыла становішча шырокіх мас народа. Ва ўсх. Беларусі ў сувязі з наплывам вайскоўцаў і бежанцаў вострыя формы набыў харчовы крызіс, дэфіцыт прадметаў першай неабходнасці, жыллёвая праблема. У 1916 над гарадамі навісла пагроза голаду. З-за недаядання рэзка вырасла захваральнасць людзей.

Эканам. бязладдзе, зніжэнне жыццёвага ўзроўню, згасанне надзей на хуткую перамогу развейвалі вернападданніцкі энтузіязм. З 1915 заўважалася ажыўленне рабочага руху, нарастала колькасць сял. хваляванняў. Гібель соцень тысяч людзей на фронце, недастатковае забеспячэнне войска ўзбраеннем, харчаваннем і амуніцыяй паглыблялі незадаволенасць з боку вайскоўцаў. Шматтысячнае выступленне салдат і матросаў на Гомельскім размеркавальным пункце ў кастр. 1916 стала адным з сімптомаў разлажэння арміі — гал. узбр. апоры царскага рэжыму. Адначасова нарасталі апазіцыйныя настроі ў асяроддзі паліт. і інтэлектуальнай эліты. У 1916 актывізавалася антыўрадавая апазіцыя ў Дзярж. думе Расіі. Цэнтрам апазіцыі стала фракцыя кадэтаў на чале з П.​М.​Мілюковым. Сярод насельніцтва распаўсюджваліся чуткі пра здрадніцтва ва ўрадзе, у вярхах арміі і нават у царскай сям’і. Уцягнуўшыся ў 1-ю сусв. вайну, Рас. імперыя паставіла сябе на грань усёабдымнага, сістэмнага крызісу.

Літ.:

Ростунов И.И. Русский фронт первой мировой войны. М., 1976;

Савицкий Э.М. Революционное движение в Белоруссии (август 1914 — февраль 1917 гг.). Мн., 1981;

Первая мировая война: Указ. лит. 1914—1993 / Сост. В.​И.​Бабенко, Т.​М.​Демина. М., 1994;

Весялкоўскі Ю. Беларусь у першай сусветнай вайне: (Гіст. нарыс). Беласток; Лондан, 1996;

Первая мировая война: Пролог XX в М., 1998;

Россия и первая мировая война: (Материалы науч. колоквиума). СПб., 1999;

Зайончковский А.М. Первая мировая война. СПб., 2000;

Бежанства 1915 года. Беласток, 2000;

Мировые войны XX века: В 4 кн. Кн. 1. Первая мировая война: Ист. очерк; Кн. 2. Первая мировая война: Док. и материалы. М., 2002.

С.​С.​Рудовіч.

Рускія акопы на Заходнім фронце 1915.
Лагер бежанцаў у Слуцку. 1915.
Лістоўка, выдадзеная Беларускім таварыствам у Петраградзе па аказанні дапамогі пацярпелым ад вайны. 1916.
Першая сусветная вайна. Гарыць беларуская вёска.

т. 18, кн. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮГАСЛА́ВІЯ,

дзяржава ў паўд.-ўсх. Еўропе ў 1918—2003; да 1991 на тэр. сучасных Сербіі, Чарнагорыі, Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі і Славеніі, з 1992 — толькі Сербіі і. Чарнагорыі. Тэр. 255,8 тыс. км² (1990), нас. 23,1 млн. чал. (1986). Сталіца — г. Бялград.

Напярэдадні 1-й сусв. вайны Сербія (у яе складзе Македонія) і Чарнагорыя былі незалежнымі каралеўствамі. Харватыя, Боснія (з Герцагавінай), Славенія і Ваяводзіна знаходзіліся ў складзе Аўстра-Венгрыі, якая ў ходзе вайны ў 1915—16 акупіравала і Сербію з Чарнагорыяй. Сербскі кароль Пётр I Карагеоргіевіч [1903—21] з урадам і арміяй эвакуіраваўся на грэч. в-аў Керкіра (Корфу), дзе са згоды ўрадаў краін Антанты сербскі прэм’ер-міністр Н.​Пашыч і старшыня Паўднёваславянскага камітэта (засн. ў 1915 эмігрантамі з Харватыі, Славеніі і Босніі) А.Трумбіч падпісалі 20.7.1917 Корфскую дэкларацыю 1917 пра стварэнне пасля вайны адзінага каралеўства паўд. славян на чале з сербскай каралеўскай дынастыяй Карагеоргіевічаў.

Пасля вызвалення Сербіі і Чарнагорыі і канчатковага ваен. паражэння Аўстра-Венгрыі 1.12.1918 абвешчана аб стварэнні Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (Каралеўства СХС), да якога далучылася і Чарнагорыя. Паводле Рапальскага дагавора 1920 частка тэр. сучасных Харватыі і Славеніі (порт Задар, п-аў Істрыя, шэраг астравоў у Адрыятычным м.) адышла да Італіі, а харвацкі порт Рыека з акругай вылучаны ў «незалежную дзяржаву». Каралеўства СХС было шматнац. (39% насельніцтва — сербы, 23,9% — харваты, 8,5% — славенцы, 6,3% — баснійцы-мусульмане, 5,3% — македонцы, 2,8% — чарнагорцы, 12,2% — албанцы, венгры, туркі, румыны і інш.) і шматканфесіянальнай (46% насельніцтва праваслаўныя, пераважна сербы, чарнагорцы і македонцы; 39% — католікі, пераважна харваты, славенцы і венгры; 11% — мусульмане, пераважна баснійцы і албанцы) дзяржавай. Вельмі неаднародным было Каралеўства СХС і ў эканам. адносінах. Найб. прамысл. развітымі яго часткамі былі Славенія, Харватыя і Ваяводзіна; імкліва развівалася прам-сць Сербіі. Эканам. адсталымі землямі заставаліся Чарнагорыя, Македонія, Боснія і Герцагавіна. У цэлым эканоміка краіны насіла агр. характар (76% насельніцтва заняты ў сельскай гаспадарцы), прычым 67% сял. гаспадарак лічыліся бесперспектыўнымі, бо мелі менш чым па 5 га зямлі. У выніку прынятай устаноўчым сходам т.зв. Відаўданскай канстытуцыі Каралеўства СХС (28.6.1921; Дзень св. Віда) яно стала парламенцкай манархіяй на чале з каралём Аляксандрам I Карагеоргіевічам [1921—34] і скупшчынай (парламентам). Паводле канстытуцыі і «палажэння» ад 26.4.1922 уведзены адм.-тэр. падзел на 33 жупаніі.

6.1.1929 Аляксандр I усталяваў у краіне манарх. дыктатуру: ён атрымаў выключнае права выдаваць законы і ні перад кім не нёс адказнасці за свае дзеянні. Каралеўства СХС было перайменавана ў Каралеўства Ю. Новая назва дзяржавы павінна была сімвалізаваць не толькі дзярж., але і этн. адзінства яе народаў. Уведзены новы адм.-тэр. падзел на 9 буйных абласцей — банавін на чале з каралеўскімі намеснікамі — банамі. Іх межы не супадалі з традыц. межамі зямель, з якіх складалася Ю. Паводле ініцыіраванай каралём «дараванай зверху» канстытуцыі 3.9.1931 абвешчана існаванне адзінага народа — югаславаў як надрэліг. супольнасці. У кастр. 1934 Аляксандр I забіты харвацкімі усташамі ў час візіту ў Францыю. Пры яго малалетнім сыне Пятру II [1934—45] краінай кіраваў рэгенцкі савет на чале з прынцам Паўлам.

У гэты час Ю. адышла ад ранейшага цеснага знешнепаліт. супрацоўніцтва з Францыяй і пачала збліжацца з Італіяй. У 1935 заключаны канкардат з Ватыканам, які даваў вял. правы каталіцкай царкве ў Ю. У 1937 заключаны дагаворы з Італіяй аб нейтралітэце і з Балгарыяй «аб вечным сяброўстве». 26.8.1939 прэм’ер-міністр Д.​Цветкавіч падпісаў з лідэрам Харвацкай сял. партыі В.​Мачакам пагадненне аб вылучэнні Харватыі ў асобную банавіну з аўт. правамі; яе бан (І.​Шубашыч) нёс адказнасць не толькі перад каралём, але і перад харвацкім парламентам — сабарам. У чэрв. 1940 устаноўлены дыпламат. адносіны з СССР. 25.3.1941 урад Цветкавіча—Мачака падпісаў у Вене дакументы аб далучэнні Ю. да Берлінскага пакта 1940.

27.3.1941 група апазіцыйна настроеных і звязаных з брыт. разведкай ваенных скінула рэгента Паўла і ўрад Цветкавіча. Кіраўніком дзяржавы абвешчаны як «паўналетні» 17-гадовы Пётр П. Новы, кааліцыйны, урад на чале з ген. Д.​Сімавічам адмовіўся ад удзелу Ю. ў Берлінскім пакце і 5.4.1941 падпісаў у Маскве дагавор аб сяброўстве і ненападзенні з СССР.

У ходзе Балканскай кампаніі 1941 герм., італьян., балг. і венг. войскі 6.4.1941 з тэр. Аўстрыі, Італіі, Албаніі, Венгрыі, Румыніі, Балгарыі (практычна з усіх бакоў) без абвяшчэння вайны напалі на Ю. і неўзабаве прымусілі яе армію да капітуляцыі (17.4.1941). Кароль і ўрад эвакуіраваліся на Б. Усход, потым у Лондан. Тэр. Ю. была раздзелена. Славенію падзялілі Германія і Італія. Да Італіі таксама адышлі Чарнагорыя і ч. Далмацыі, да Венгрыі — ч. Ваяводзіны, да Балгарыі — паўд.-ўсх. Сербія і б.ч. Македоніі. Косава і зах. Македонія ўвайшлі ў склад створанай Італіяй «Вял. Албаніі». 10.4.1941 усташы абвясцілі аб стварэнні на тэр. Харватыі, Босніі і Герцагавіны «Незалежнай Дзяржавы Харватыя» (НДХ), якая была ў цесным саюзе з Германіяй і Італіяй. Усташы праводзілі ў адносінах да правасл. славян (асабліва сербаў), яўрэяў, цыганоў палітыку адкрытага генацыду, імкнучыся стварыць нац. і рэліг. «аднародную» харвацкую дзяржаву. Сярод шматлікіх канцлагераў асабліва вял. колькасцю знішчаных людзей і найб. жорсткім рэжымам вызначаліся Ясенавац, Госпіч, Стара-Градзішка. Сербія і ч. Ваяводзіны знаходзіліся пад прамым герм. кантролем, тут быў створаны калабарацыянісцкі ўрад М.​Недзіча.

Югасл. рух Супраціўлення, які разгарнуўся з першых дзён акупацыі, неўзабаве перарос у народна-вызваленчую вайну ў Югаславіі 1941—45, якую вялі розныя паліт. сілы пры дамінуючай ролі Камуніст. партыі Югаславіі (КПЮ, засн. ў 1919) на чале з харватам І.Ціта. Падпарадкаваны каралеўскаму эмігранцкаму ўраду рух чэтнікаў на чале з палк. (пазней ген. і ваен. міністр) Д.​Міхайлавічам напачатку выступаў за стварэнне Вял. Сербіі, пазней — за аднаўленне старой каралеўскай Ю. Узаемна варожыя адносіны паміж КПЮ і чэтнікамі неўзабаве набылі характар грамадз. вайны ўнутры вызв. руху. У 1944 чэтнікі пачалі супрацоўнічаць у сумеснай барацьбе супраць КПЮ з «урадам» Недзіча, што прывяло іх да разрыву адносін з эмігранцкім урадам, які пачаў збліжацца з камуністамі. У ходзе нар.-вызв. вайны на аснове партыз. атрадаў сфарміравалася рэгулярная Нар.-вызв. армія Ю. (НВАЮ) пад камандаваннем Ціта, якая вызваліла многія раёны краіны. У ліст. 1942 у г. Біхач створаны агульнаюгасл. паліт. орган — Антыфаш. веча нар. вызвалення Ю. (АВНВЮ), якое ў ліст. 1943 на сваёй II сесіі ў г. Яйца прыняло дэкларацыю аб асновах новай дэмакр. Ю. АВНВЮ абвясціла сябе часовым заканад. органам улады, функцыі ўрада выконваў Нац. к-т вызвалення Ю. (НКВЮ) на чале з Ціта. Сесія абвясціла, што новая Ю. будзе раўнапраўнай федэрацыяй усіх яе народаў. 16.6.1944 на в-ве Віс у Адрыятычным м. Ціта і прэм’ер-міністр эмігранцкага ўрада Шубашыч падпісалі пагадненне пра сумесныя дзеянні. Урад Шубашыча абавязваўся арганізаваць ваен. дапамогу НВАЮ з боку зах. дзяржаў, прадстаўляць Ю. на міжнар. арэне, а ўнутры краіны — прызнаць рашэнні АВНВЮ. 20.10.1944 сав. войскі 3-га Укр. фронту сумесна з часцямі НВАЮ вызвалілі Бялград (гл. Бялградская аперацыя 1944). 11.4.1945 падпісаны дагавор аб сяброўстве, узаемнай дапамозе і пасляваен. супрацоўніцтве паміж СССР і Ю. Да 15.5.1945 НВАЮ цалкам вызваліла Ю. ад акупантаў і іх памагатых. За час вызв. вайны ў Ю. загінула 1 млн. 700 тыс. чал., у т. л. 305 тыс. воінаў НВАЮ і партызан.

Устаноўчая скупшчына 29.11.1945 скасавала манархію і абвясціла краіну Федэратыўнай Нар. Рэспублікай Ю. (ФНРЮ), зацвердзіла ранейшыя пастановы АВНВЮ, а 31.1.1946 прыняла канстытуцыю ФНРЮ. У склад федэрацыі ўвайшлі 6 рэспублік: Сербія з аўт. краем Ваяводзіна і аўт. вобласцю Косава і Метохія (з 1963 аднайм. аўт. край, з 1969 аўт. край Косава, з 1974 сацыяліст. аўт. край Косава), Харватыя, Славенія, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Чарнагорыя. Этн. прынцып пры вызначэнні міжрэсп. межаў не быў захаваны. Асабліва шмат засталося па-за межамі сваёй нац. рэспублікі сербаў. Паводле канстытуцыі вышэйшым органам улады Ю. была Нар. скупшчына, якая складалася з 2 палат: Саюзнага веча і Веча народаў. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў адказны перад скупшчынай урад ФНРЮ (да 1963 старшыня Ціта). Паводле Парыжскага мірнага дагавора 1947 да Ю. адышлі г. Рыека і слав. землі, набытыя Італіяй у адпаведнасці з Рапальскім дагаворам 1920 (п-аў Істрыя і інш.). У 1945—47 у Ю. праведзены пераўтварэнні на сав. ўзор: ліквідавана шматпартыйнасць і ўстаноўлена аднапартыйная сістэма, нацыяналізаваны прам-сць, фінансы, сувязь, транспарт, гандаль, ствараліся с.-г. задругі (таварыствы) на ўзор сав. калгасаў. У крас. 1947 зацверджаны 1-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі. Імкненне Ціта праводзіць незалежную ад СССР знешнюю палітыку (спробы дамовіцца з Балгарыяй пра больш цесныя ўзаемаадносіны, умяшацца ў грамадз. вайну ў Грэцыі, увесці войскі ў Албанію), яго праект стварэння на Балканах федэрацыі дзяржаў пад эгідай Ю. і інш. дзеянні прывялі ў 1948 да рэзкага абвастрэння і поўнага разрыву сав.-югасл. адносін. Значная ч. югасл. камуністаў выступала супраць лініі Ціта, за цеснае ўзаемадзеянне з СССР. Ціта і яго прыхільнікі шырока ўжывалі супраць апазіцыянераў рэпрэсіі, у т. л. зняволенне ў канцлагеры, з якіх найб. вядомы «Голы Востраў» («Голи Оток») у Адрыятычным м. Сярод ахвяр гэтых рэпрэсій нач. вярх. штаба НВАЮ ген.-палкоўнік А.​Ёванавіч, чл. Палітбюро ЦК КПЮ старшыня Дзяржплана А.​Хебранг (загінулі), старшыня Нар. фронту Югаславіі С.​Жуёвіч (зняволены да 1956). У 1948—52 І.​Ціта, Б.​Кідрыч, Э.​Кардэль, М.​Джылас і інш. югасл. кіраўнікі і тэарэтыкі распрацавалі канцэпцыю самакіравання, паводле якой югасл. грамадства дэмакратызавалася і пераходзіла да т.зв. таварнай эканомікі, адмаўлялася ад планавання ў форме дзярж. загадаў і пераходзіла ў эканоміцы да сродкаў чыста эканам. прымусу. У 1950 прыняты закон аб перадачы фабрык і з-даў у кіраванне працоўным, паводле якога на прадпрыемствах ствараліся рабочыя саветы. Гэты закон паклаў пачатак укараненню ў Ю. самакіруемага сацыялізму. На VI з’ездзе КПЮ у 1952 партыя атрымала новую назву — Саюз камуністаў Ю. (СКЮ). У 1955—56 нармалізаваны сав.-югасл. адносіны на ўмовах прызнання кіраўніцтвам СССР і КПСС права Ю. на самаст. развіццё. У крас. 1963 Саюзная скупшчына ФНРЮ прыняла новую канстытуцыю, краіна атрымала новую назву — Сацыяліст. Федэратыўная Рэспубліка Ю. (СФРЮ). Паводле канстытуцыі 1974 вярх. органам дзярж. улады і грамадскага самакіравання была Скупшчына СФРЮ, якая складалася з Саюзнага веча і Веча рэспублік і краёў. Нягледзячы на значныя эканам. поспехі, ужо пры жыцці Ціта (з 1953 прэзідэнт Ю.) нарасталі крызісныя з’явы ва ўсіх галінах жыцця грамадства, у т. л. міжнац. канфлікты. Пасля яго смерці (май 1980) Ю. кіравалі Прэзідыум СФРЮ і Прэзідыум ЦК СКЮ, кіраўнікі якіх прадстаўлялі адну з рэспублік (па чарзе) і змяняліся штогод.

З пач. 1980-х г. Ю. ахапіў глыбокі крызіс. Узнікла канцэпцыя «нац. эканомікі», калі кожная рэспубліка імкнулася абараняць ад канкурэнцыі свае прадпрыемствы за кошт інш. рэспублік. Цэнтр. ўрад паступова траціў кантроль над сітуацыяй у краіне, рэспублікі ўсё больш траплялі ў залежнасць ад замежных пазык. Да канца 1985 беспрацоўе складала 15%, інфляцыя — 100%, знешнія даўгі набліжаліся да 20 млрд. дол. Крызіс узмацняўся падзеямі ў Косаве, дзе з 1981 адбываліся дэманстрацыі албанскай этн. большасці з патрабаваннямі надаць краю статус рэспублікі. У Бялградзе гэта было ўспрынята як першы крок да аб’яднання Косава з Албаніяй. Славенія адкрыта стала на абарону алб. сепаратысцкага руху. На XIV надзвычайным з’ездзе СКЮ (1990) дэлегацыі Славеніі і Харватыі абвясцілі аб незалежнасці сваіх рэсп. Саюзаў камуністаў. Распад СКЮ паскорыў распад СФРЮ, які адбыўся ў 1991.

27.4.1992 Сербія і Чарнагорыя стварылі новую федэратыўную дзяржаву — Саюзную Рэспубліку Югаславію (СРЮ) на чале з 2-палатнай Саюзнай скупшчынай (Веча грамадзян і Веча рэспублік) і прэзідэнтам. Менавіта на яе міжнар. супольнасць усклала адказнасць за этн. канфлікты ў Босніі і Герцагавіне (гл. Баснійскі крызіс 1990-х г.) і Харватыі, у час якіх кіраўніцтва Ю. і югасл. армія актыўна падтрымлівалі мясц. сербаў. Нягледзячы на відавочную аднабаковасць такіх падыходаў (паводле афід. звестак Ю., у 1991—96 у Босніі і Герцагавіне існавала 536 канцлагераў для сербаў, у Харватыі — 221), 30.5.1992 Савет Бяспекі ААН увёў эканам. санкцыі супраць «трэцяй» Ю. Былі заблакіраваны трансп. і транзітныя перавозкі, закрыты марскія гавані Чарнагорыі і сербскія парты на Дунаі, перакрыты газаправоды, замарожаны за мяжой рахункі югасл. фірм, арг-цый і банкаў. Пасля 3 гадоў жорсткіх баёў у Босніі і Герцагавіне ў г. Дэйтан (ЗША) 21.11.1995 падпісаны план мірнага ўрэгулявання ў гэтай б. югасл. рэспубліцы. У кастр. 1996 санкцыі з Ю. часткова зняты. Аднак Ю. і надалей не атрымлівала сучаснай зброі, у т. л. сродкаў ППА, што абумовіла яе ваен. слабасць. У канцы 1990-х г. ЗША і інш. краіны НАТО узмацнілі націск на Ю. ў сувязі з канфліктам у Косаве, дзе югасл. армія спрабавала падавіць узбр. рух алб. сепаратыстаў. Пад выглядам абароны албанцаў Косава ад «генацыду» з боку сербаў ЗША і іх саюзнікі патрабавалі ад югасл. кіраўніцтва вывесці свае войскі з Косава і пагадзіцца на мірнае ўрэгуляванне з удзелам войск НАТО. Мірныя перагаворы ў Рамбуе (каля Парыжа) у лют.—сак. 1999 былі сарваны па віне ЗША. Пачаліся бамбардзіроўкі Ю., якія працягваліся 78 дзён. На СРЮ напалі 19 дзяржаў — членаў НАТО на чале з ЗША. З 24 сак. да 10 чэрв. 1999 у выніку бамбардзіровак у Ю. загінула 1700 цывільных асоб, 10 тыс. былі паранены; разбураны каля 100 фабрык і з-даў, 115 мед. устаноў, пашкоджаны каля 2000 школ і 35 ВНУ. У выніку прэзідэнт Ю. С.Мілошавіч (лідэр кіруючай Сацыяліст. партыі Сербіі) быў вымушаны пагадзіцца на ўвядзенне войск НАТО у Косава. На прэзідэнцкіх выбарах 24.9.2000 Мілошавіч, паводле даных выбарчай камісіі, атрымаў 40,2% галасоў выбаршчыкаў, а яго асн. сапернік, кандыдат ад апазіцыі В.​Каштуніца — 48%; планаваўся 2-і тур выбараў. Апазіцыя адмовілася прызнаць вынікі выбараў як «сфальсіфікаваныя». 29 вер. апазіцыянеры выйшлі на вуліцы Бялграда з патрабаваннем адстаўкі Мілошавіча. У сталіцы адбыліся масавыя беспарадкі. 6.10.2000 Каштуніца абвясціў аб сваім уступленні на пасаду прэзідэнта Ю. Паводле вынікаў парламенцкіх выбараў (снеж. 2000) Сацыяліст. партыя цалкам страціла ўладу, прэм’ер-міністрам стаў арыентаваны на зах. краіны З.​Джынджыч. Яшчэ ў маі 1999 Міжнар. гаагскі трыбунал па былой Ю. абвінаваціў С.​Мілошавіча ў шэрагу ваен. злачынстваў. У ноч з 31 сак. на 1 крас. 2001 Мілошавіч арыштаваны сербскімі ўладамі, потым, паводле ўказання З.​Джынджыча выкрадзены з турмы і 29 чэрв. перададзены (у парушэнне арт. 17 Канстытуцыі Сербіі і арт. 37 Канстытуцыі СРЮ) Гаагскаму трыбуналу. Суд. працэс над ім пачаўся ў Гаазе 12.2.2002. За выдачу Мілошавіча ЗША паабяцалі Сербіі крэдыт у 500 млн. дол. Адносіны паміж Сербіяй і Чарнагорыяй заставаліся складанымі. 14.3.2002 падпісаны Дагавор аб пераўладкаванні адносін паміж Сербіяй і Чарнагорыяй. 4.2.2003 парламент СРЮ прыняў Канстытуцыйную хартыю аб стварэнні новага паліт. ўтварэння — супольнасці Сербіі і Чарнагорыі (гл. Дадатак).

Літ.:

История Югославии. Т 1—2. М., 1963;

На путях к Югославии: За и против. М., 1997;

Гуськова Е.Ю. Вооруженные конфликты на территории бывшей Югославии (Хроника событий). М., 1998;

Яе ж. История югославского кризиса (1990—2000). М., 2001;

Мартынова М.Ю. Балканский кризис: Народы и политика. М., 1998;

Васильева Н., Гаврилов В. Балканский тупик. Историческая судьба Югославии в XX веке. М., 2000;

Романенко С.А. Югославия: История возникновения, кризис, распад. образование независимых государств. М., 2000;

Чарота И.А. Косовская битва продолжается. Мн., 2000;

Преступления НАТО против Югославии: Белая кн. Т. 1—2. Белград, 2000;

Джилас М. Беседы со Сталиным: Пер. с англ. М., 2002;

Хомский А.Н. Новый военный гуманизм: Уроки Косова: Пер. с англ. М., 2002;

Качук Н. Воздушная наступательная операция НАТО в Югославии // Армия. 1999. № 2;

Александров И. НАТО против Югославии: Хроника необъявленной войны // Зарубежное военное обозрение. 1999. № 6—9;

Ильин В. Воздушная война на Балканах // Авиамастер. 2001. № 4;

Россия и Сербия: Вехи истории // Родина. 2003. № 10;

Days of Terror (in the presence of the International forces). Belgrade, 2000.

М.​С.​Даўгяла.

Да арт. Югаславія. Герб Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія (1963—91).
Да арт. Югаславія. Герб і сцяг Саюзнай Рэспублікі Югаславія (1992—2003).
Да арт. Югаславія. Кароль Аляксандр I Карагеоргіевіч. Мастак П.​Ёванавіч.
Да арт. Югаславія. Байцы Народна-вызваленчай арміі Югаславіі. 1944.
Да арт. Югаславія. Дом у г. Алексінац пасля бамбардзіроўкі горада сіламі НАТО. 5.4.1999.

т. 18, кн. 1, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАРАТУРА ЭПОХІ БАРОКА (канец 16—1-я пал. 18 ст.).

Контррэфармацыя, што пачалася ў ВКЛ у 1570-я г., абумовіла ўзнікненне ў бел. літаратуры інш. кірунку, уздзеянне якога на творчасць пісьменнікаў паступова нарастала. Ідэолагі контррэфармацыі імкнуліся аднавіць традыцыі дарэнесансавай царк. культуры, хоць і не адмаўлялі дасягненняў эпохі Адраджэння. Кніга езуіта П.​Скаргі «Жыціі святых» (1579) знаёміла правасл. чытачоў з багатай еўрап. агіяграфічнай літаратурай, прадстаўленай у новым барочным ракурсе. Моцнае ўздзеянне познасярэдневяковай літаратуры заўважаецца ў творчасці уніяцкага палеміста і гістарыёграфа Л.​Крэўзы. Айч. традыцыі павучальнага і ўрачыстага красамоўства спрабаваў адрадзіць у сваіх пропаведзях правасл. апалагет Л.​Карповіч. Элементы сярэдневяковага светапогляду заўважаюцца ў творчасці Афанасія Філіповіча. На працяглы час вядучым жанрам стала царк.-палемічная літаратура, якая развівалася з улікам рытарычных дасягненняў рэфармацыйнай публіцыстыкі, але яе асн. зместам стала палеміка вакол праблем, звязаных з прыняццем царк. уніі. Важную ролю адыгрывалі брацтвы, якія садзейнічалі кансалідацыі патрыят. сіл бел. і ўкр. народаў у барацьбе супраць польска-каталіцкага ўплыву і асімілятарскай палітыкі вярхоў Рэчы Паспалітай. Шырокі літ. рух перыяду позняга Адраджэння і ранняга барока ўключаў у пісьменніцкую дзейнасць людзей рознай культурна-рэліг. і моўнай арыентацыі (вялікае распаўсюджанне атрымалі творы, напісаныя беларусамі па-польску), рознага сац. паходжання і адукацыі, эстэт. густу і літ. таленту, што ў цэлым адыграла важную ролю для эпохі барока. Найб. глыбокім філас. і тэалагічным зместам вызначаюцца творы ініцыятара і прапагандыста царк. уніі П.​Скаргі, які ў сваіх трактатах акрэсліў выгоды, што атрымаюць праваслаўныя ў выніку уніі, і пераконваў у неабходнасці развіцця ў Беларусі і Літве еўрап. сістэмы адукацыі, якая паслужыць пашырэнню сапраўднай навукі, росту інтэлектуальнага і культ. ўзроўню насельніцтва. Блізкія ідэі выказваў І.​Пацей у шэрагу кніг, напісаных на польскай і бел. мовах («Унія», 1595; «Гармонія», «Рэляцыя», абедзве 1608, і інш.). З палемічнымі мэтамі аўтар выкарыстоўвае магчымасці маст. апавядання і аб’ектыўна паказвае цяжкае становішча правасл. царквы, знаёміць з умовамі і атмасферай, якая пануе сярод насельніцтва і змагароў за праваслаўе. Істотнае значэнне для развіцця палемічнай літаратуры меў калект. зб. «Пасланне да лацін з іх жа кніг» (каля 1580), складзены правасл. манахамі Супрасльскага манастыра. З гэтага твора пачынаецца сатырычны паказ каталіцызму, што ў далейшым паспрыяла станаўленню гумарыстычнай традыцыі.

Адным з найбуйнейшых прадстаўнікоў палемічнай л-ры быў аўтар «Трэнаса» М.​Сматрыцкі. Сімвалізуючы становішча правасл. царквы ў вобразе жанчыны-маці, пісьменнік перасягнуў палемічную задачу і па-майстэрску адлюстраваў стан псіхалогіі чалавека, які жыве на пераломе эпох. Пасля прыняцця уніі М.​Сматрыцкі ўжо выступіў супраць уласных твораў і пачаў абараняць ідэю аб’яднання цэркваў. Істотны ўклад у развіццё палемічнай публіцыстыкі зрабілі І.​В.​Руцкі, І.​Кунцэвіч, М.​Бранеўскі, С. і Л. Зізаніі, Г.​Сматрыцкі, Афанасій Філіповіч, С.​Косаў і інш. У выніку абвостранай барацьбы многія творы выходзілі ананімна або пад псеўданімамі (Арталог, Філалет, Клірык Астрожскі; «Антырызіс», «Перасцярога» і інш.). Сярод іх літ.-маст. якасцямі вызначаецца «Апакрысіс»’Хрыстафора Філалета, дзе аўтар намаляваў карціну сапраўднага жыцця народа і духавенства, з нац. пазіцый выкрыў спробы паланізацыі бел. і ўкр. насельніцтва.

Ва ўмовах крызісу рэнесансавага светапогляду, новых гіст.-палітычных рэалій (унія ВКЛ і Польшчы) развіццё агульнадзярж. бел.-літоўскага летапісання прыпыняецца, аднак працягваюць складацца мясц. летапісы. Выдатны помнік гіст. прозы таго часу — Баркулабаўскі летапіс, змест якога цесна звязаны з сял. побытам і нар. ўяўленнямі пра розныя гіст. падзеі 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. У творы назіраецца павелічэнне ролі аўтарскага пачатку, некаторыя фрагменты змяшчаюць прамыя аўтабіягр. запісы. Пашырэнне культ. узаемасувязей з замежнымі краінамі выклікала цікавасць да гісторыі інш. народаў і зямель, што прывяло да пашырэння хранографаў. На аснове перакладзеных на бел. мову хронік М.​Стрыйкоўскага і М.​Бельскага, а таксама перакладных сярэдневяковых хронік, гіст. аповесцей і інш. крыніц у 17 ст. складзена «Вялікая хроніка» — своеасаблівая кампіляцыя па сусв. гісторыі. Спалучэнне розных літ. крыніц пры вызначальнай ролі летапісання назіраецца ў гісторыка-мемуарнай літаратуры, якая асабліва актыўна пашырылася пасля ваен. падзей, паўстання Б.​Хмяльніцкага і інш. У багатых зместам дыярыушах І.​Будзілы, Я.​П.​Сапегі, С. і Б.К. Маскевічаў, П.​К.​Абуховіча складаецца ўяўленне пра індывід. характар, яго супярэчнасці і зменлівасць, што матывуецца як воляй чалавека, так і знешнімі абставінамі. Адначасова ў гісторыка-мемуарнай літаратуры ўмацоўваецца аўтарскі пачатак, робіцца стаўка на самавыяўленне шляхам пісьменніцкай творчасці, а ў лацінамоўным «Дыярыушы» А.​С.​Радзівіла (1656) выяўляюцца элементы творчай задумы і маст. фантазіі. Станаўленне літ. апісанняў вандровак звязана з дыярыушамі А.​Каменскага-Длужыка, Т.​Білевіча і інш.

Этапнай з’явай было ўзнікненне парадыйна-сатыр. прозы: «Прамова Мялешкі» (2-я чвэрць 17 ст.), «Ліст да Абуховіча» (1655). Творчая задума і маст. фантазія ўпершыню становяцца фактарамі, што абумовілі існаванне гэтых твораў як з’яў уласна маст. літаратуры. Бурнае развіццё перажывала паэзія, дзе пануючым відам заставаліся панегірычныя вершы. Эпікграмы складалі Ф.​Даманеўскі, С.​Косаў, І.​Палоўка, М.​Сматрыцкі, С.​Собаль, І.​Труцэвіч, Ф.​Утчыцкі, але большасць твораў гэтага жанру ананімная. Эпікграмы ствараліся на магнатаў, граматыкі, гербы гарадоў і інш., але, нягледзячы на тэматычную стракатасць, змест іх быў даволі вузкі, а маст. сродкі шаблонныя. Сярод ананімных вылучаюцца эпікграмы, прысвечаныя Агінскім, Хадкевічам і Валовічам. Прывітальныя вершы знакамітым асобам пісалі Сімяон Полацкі, І.​Яўлевіч і інш. Складаліся розныя дыдактычныя творы: царк.-павучальныя (А.​Мужылоўскі, Хрыстафор Філалет, Афанасій Філіповіч) і маральна-павучальныя (Я.​Даманеўскі, Л.​Зізаній, Л.​Мамоніч). Асветніцкім зместам вылучаліся «Жыццё сельскае і гарадское», «Перасцярога і заахвочванне тым, хто многа гаворыць і думае, але нічога не робіць», «Суцяшэнне тым, каму мужы перашкаджаюць паводзіць сябе з годнасцю» Я.​Даманеўскага (Любча, 1620—23). У іх аўтар асуджае паразітызм шляхты, проціпастаўляючы яму «натуральнае» жыццё сялян, і з выкарыстаннем побытавых дэталей апісвае бел. гарады 17 ст. Выкладанне граматыкі, рыторыкі і паэтыкі ў навуч. установах прадугледжвала напісанне студэнтамі вершаў на розныя тэмы, у т. л. асветніцкіх (або школьных), у якіх у даходлівай форме апісваліся і тлумачыліся малавядомыя рэчы, з’явы, выкрываліся маральныя заганы і інш. Майстрам школьнай паэзіі быў Сімяон Полацкі, які ўзбагаціў бел. літаратуру новымі тэмамі і ідэямі, формамі і жанрамі, узняў сілабічнае вершаскладанне на больш высокую ступень. Дзякуючы яго асветніцкай і паэт. дзейнасці ў Маскве, вершаскладанне і першая паэт. школа з’явіліся ў Расіі. Новым відам паэзіі была лірыка, прадстаўленая патрыят. вершам Я.​К.​Пашкевіча «Полска квітнет лаціною...» (1621). Твор прысвечаны ролі бел. мовы ў жыцці краю, напісаны правільным 4-стопным харэем, што служыць паказчыкам высокага ўзроўню паэт. майстэрства аўтара. Патрыят. тэматыка распрацавана ў польскамоўнай паэме Т.​Яўлевіча «Лабірынт...» (1625) — цалкам свецкім дэмакр. творы.

Асобнае месца ў гэты час займала лац. паэзія розных відаў і жанраў. З дзейнасцю паэтаў-новалаціністаў звязана ўзнікненне першых літ. гурткоў пры двары Радзівілаў (Б.​Будны, Д.​Набароўскі, С.​Рысінскі) і ў Віленскай акадэміі (М.​Кміціц, С.​Лаўксмін, М.​К.​Сарбеўскі і інш.). Значны ўклад у развіццё прыгожай славеснасці зрабіў «славянскі Гарацый» М.​К.​Сарбеўскі, аўтар од, гімнаў, рытарычных прамоў і цыкла літ.-знаўчых прац па тэорыі красамоўства, рыторыцы і паэтыцы барока. Высокамаст. вершы, прысвечаныя ваенным падзеям, складаў С.​Рысінскі. Працягам гераізацыі гіст. мінулага Беларусі, распачатай Я.​Вісліцкім і Міколам Гусоўскім, з’яўляецца паэма Я.​Радвана «Радзівіліяда» (1588). У цэнтры твора — падзеі Лівонскай вайны 1558—83. Але для ўвасаблення творчай задумы аўтар выкарыстоўвае сродкі ант. паэтыкі, напаўняе класічную форму гісторыяй сям’і Радзівілаў, якая цікавіць паэта толькі ў сувязі з гісторыяй Айчыны. У драматургіі ўмацоўвалася творчая фантазія, вымысел як прынцып літ. творчасці. Інтэрмедыі ўсё больш нагадваюць займальныя замалёўкі з жыцця ніжэйшых слаёў грамадства. У творах дзейнічаюць абагульненыя тыпы (селянін, яўрэй, студэнт, казак, шляхціц, поп), але паступова героі атрымліваюць уласныя імёны. Сімпатыі аўтараў інтэрмедый цалкам на баку селяніна, які прадстае прасцяком толькі знешне і з гонарам выходзіць са складаных сітуацый. Сярод перакладных пераважаюць займальныя і павучальныя творы: «Траянская гісторыя», «Рымскія дзяянні», «Вялікае зярцала» і інш.

У 1-й пал. 17 ст. ў бел. літаратуры пачаўся працэс дыферэнцыяцыі і трансфармацыі літ. родаў і жанраў, выпрацоўваліся маст.-эстэт. прынцыпы творчасці. Адно з галоўных яе дасягненняў — узнікненне і развіццё цікавасці да прыватнага жыцця чалавека невысокага сац. стану. Творча асімілюючы дасягненні зах.-еўрап. літаратур на ўсходнеслав. глебе, бел. літаратура стала пасрэдніцай паміж літаратурамі еўрап. Захаду і слав. Усходу.

У складаных умовах перыяду позняга барока (2-я пал. 17—1-я пал. 18 ст.) пачаўся пераход ад даўняй да літаратуры Новага часу. У 1696 бел. мова была забаронена для афіц. ўжытку, а з 1730-х г. спынілася бел. кнігадрукаванне (акрамя Магілёўскай друкарні, што выдавала кнігі на бел. варыянце царкоўнаслав. мовы). Літаратура на бел. мове стала пераважна рукапіснай і ананімнай. Глыбокі ўнутраны крызіс, нашэсце армій, паліт. заняпад феад. дзяржавы, паланізацыя інтэлігенцыі, шляхты і часткі гар. насельніцтва, памяншэнне правоў ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай і інш. спарадзілі да 1740-х г. адносны застой у культ. развіцці. Змена сац. умоў і гіст. сітуацыі патрабавала ад літаратуры змены ўнутр. фактараў існавання, пераразмеркавання сваіх магчымасцей і рэзерваў. У пераходны перыяд вырасла роля вуснай нар. творчасці, што абумовіла росквіт свецкай ананімнай лірыкі, якая бытавала ў складзе ананімных рукапісных зборнікаў (Аршанскага, Варшаўскага, Курніцкага, Маскоўскіх і інш.). У лірыцы склаліся 3 асн. разнавіднасці, супараўнальныя з трыма стылямі маст. барока. Духоўная паэзія «высокага» стылю прадстаўлена вершамі і кантамі, аднак у цэлым адбывалася яе разбурэнне знутры. Амаль спынілася развіццё эпічнай духоўнай паэзіі. Адзіны яе прыклад — паэма «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...» А.(Яна) Белабоцкага, напісаная з тыповай барочнай ускладненасцю: штучныя, экспрэсіўныя карціны пакут грэшнікаў мала пераконваюць чытача, больш значнымі з’яўляюцца карціны сац. крытыкі; царкоўнаслав. мова месцамі заблытаная і цяжкая для ўспрыняцця. На скрыжаванні «высокага» і «сярэдняга» стыляў развівалася грамадска-філас. лірыка, у якой закраналіся гал. праблемы чалавечага існавання. Упершыню з’явіліся матывы долі-нядолі (вершы «Куды толькі ні пайду, нідзе шчасця не знайду...», «Хадзіў казак у чужы строны...» і інш.), бесчалавечнасці прыгону, суму па лепшых часах (вершы «Было ліха шмат на свеце...», «Я сірата, не маю радзімы...» і інш.). У грамадска-філас. лірыцы чалавек раскрываўся як маленькая часцінка космасу. Асэнсаванне гэтай сувязі чалавека з сац. асяроддзем было ўжо з’явай новай бел. літаратуры.

«Сярэдняе» (і часткова «нізавое») барока прадстаўлена любоўнай лірыкай, што стваралася ў непасрэднай сувязі з музыкай. Каханне выяўляецца як супярэчлівае пачуццё, на якім ляжыць барочны цень смерці. Агульны пафас любоўных вершаў трагічны — чалавек адчуў непадуладныя волі стыхіі ў самім сабе. У «нізавой» любоўнай лірыцы, звязанай з праявамі своеасаблівага «эратызму», уласцівага літаратуры класіцызму на Захадзе, у жартоўным плане абыгрываліся інтымныя адносіны палоў («Аб раі салодкія ўспаміны», «Апісанне персяў жаночых» Ф.​У.​Радзівіл). Адпор варожаму і незразумеламу асяроддзю давала «нізавая» сатыр. лірыка («Хадзіў чэрнчык улечкою...», «Ляцеў, ляцеў чорны жук...» і інш.). Пераходнымі паміж сатыр. лірыкай позняга барока і бурлескна-сатыр. паэзіяй Асветніцтва былі «звярыныя гратэскі» Д.​Рудніцкага. У алегарычным апісанні нягод птушак, насякомых, дробных жывёл угадваецца жыццё дробнамаёнткавай шляхты, што церпіць ад драпежнікаў-магнатаў. Асаблівае месца ў «зніжанай» духоўнай лірыцы займаюць калядныя песні з адлюстраваннем жыцця бел. селяніна і яго светаўспрымання («У Бэтлееме, убогім доме»). Дзякуючы гумару і быт. характару дзеяння хрысц. святыя становяцца падобнымі да звычайных зямных людзей. Грамадска-культ. ўмовы пераходнага перыяду не былі спрыяльнымі для шматбаковага развіцця эпічных жанраў, асабліва «высокіх»: маст. барока не магло асэнсаваць складаныя ўзроўні сац. адносін у гіст. працэсе, яно толькі эмацыянальна адчувала новае ў жыцці, чым і абумоўлены росквіт лірыкі.

Тагачасная гіст. проза прадстаўлена нешматлікімі хронікамі і набліжанымі да іх дыярыушамі (Я.​А.​Храпавіцкага, С.​Незабітоўскага і інш.). Найб. значны гіст. твор — Магілёўская хроніка Т.​Сурты і Ю.​Трубніцкага, якая нагадвае летапіс, што з канца 17 ст. пераходзіць у дзённік горада і складаецца з асобных апавяданняў. Стыль помніка вызначаецца рэзкімі кантрастамі, прагай да сенсацыйнасці, незвычайнасці апісанага. У творы шмат вострадраматычных эпізодаў і займальных аповедаў, якія перамяжоўваюцца са звычайнымі дзелавымі запісамі, намаляваны яркія вобразы знакамітых гіст. асоб 1-й пал. 18 ст. З «сярэднім» стылем барока былі звязаны аўтабіягр. жанры літаратуры. Мемуарыстыка прадстаўлена дыярыушамі Я.​Цадроўскага, Т.​Г.​Абуховіча, К.​Завішы і інш. У іх адчуваецца індывід. далучанасць аўтараў да падзей, што вяло да пашырэння жанру дзённіка. Змена звычайных і незвычайных фактаў жыцця, пададзеных у люстры індывід. уражанняў і пачуццяў, становіцца асноватворным прынцыпам апавядання ў дзённіках М.​К.​Радзівіла Рыбанькі, невядомага ашмянскага шляхціца і шматлікіх інш. творах. У 18 ст. літ. апісанні вандраванняў складалі Я.​Комар, Я.​К.​Сапега, Л.​Сяніцкі і інш. На скрыжаванні розных жанраў узнікае маст. аўтабіягр. проза. У «Жыцці і пакутах...» І.​Турчаноўскага (каля 1746) яшчэ моцнай застаецца сувязь з мемуарыстыкай 17—18 ст., аднак з дапамогай фантазіі нязначныя знешнія падзеі разгортваюцца ў ланцуг прыгод, што аддаляе літ. героя ад рэальнага аўтара і ўключае персанаж у жыццёвую стыхію. Яшчэ ў большай ступені літ.-маст. пачатак выявіўся ў творы С.​Р.​Пільштын «Рэха, на свет пададзенае, заняткаў падарожжа і жыцця майго авантураў...» (каля 1760), які сведчыць пра станаўленне ў Беларусі жанру прыгодніцкага рамана. Паколькі аспект адкрыцця чалавечай асобы ў эпоху Адраджэння стрымліваўся агульнаграмадскімі ідэямі і сярэдневяковымі традыцыямі, то бел. барока ў многіх адносінах брала на сябе функцыі Адраджэння, чым садзейнічала далейшай дэмакратызацыі, секулярызацыі і гуманізацыі бел. літаратуры.

На працягу 18 ст. шырока распаўсюджваліся часткова перакладныя, часткова арыгінальныя гумарыстычныя зборнікі анекдотаў («Безліч рэчаў, торба смеху, гарох з капустай, а кожны сабака з другой вёскі...» К.​А.​Жэры і інш.); узмацнялася сатыр. плынь, звязаная з развіццём літ. традыцыі, закладзенай у «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча» і блізкай да сатыр. лірыкі. Сатыра набывала востры антыклерыкальны і антыфеад. характар. У «Казані рускім», «Казані рускім схізматычным» і інш. з «высокага» ў «нізкае» ператвараліся асобныя біблейскія вобразы і сюжэты (пра стварэнне свету і першых людзей), у карыкатурным выглядзе выстаўляліся носьбіты ідэалаў ранейшых эпох — хрысц. святыя і юродзівыя («Грамата... да святога Пятра»), парадзіраваліся высокія жанры павучальнага і ўрачыстага красамоўства, рытарычнай паэзіі і прозы, афіц. дзярж. дакументы і аджылая феад. рэчаіснасць («Прамова русіна», «Другая прамова русіна пра нараджэнне Хрыста»). У сатыр. творах часта сустракаюцца прымаўкі і прыказкі, вобразныя параўнанні, насычаныя духам сац. і нац. пратэсту. Шырокае распаўсюджанне тэатр. дзеяў абумовіла далейшае развіццё драматургіі. Да сярэдзіны 18 ст. склаліся школьны, прыдворны (і аматарскі), народны кірункі развіцця драматургічнага мастацтва. У школьным т-ры працягвалася эвалюцыя інтэрмедыі, якая трансфармавалася ў самаст. жанр, незалежны ад сюжэта драмы («Селянін і студэнт», «Селянін і вучань-уцякач» і інш.). Героі набываюць індывід. рысы («Змітрок і Свірыд»), а змест твораў — рэзкае сац.- і нац.-вызваленчае гучанне: героі-сяляне глядзяць на панскую культуру як на чужую [«Селянін у касцёле», інтэрмедыі да драмы «Уваскрэсенне мёртвых» Г.​Каніскага (1747) і інш.]. З развіццём інтэрмедыі звязана ўзнікненне ў пач. 18 ст. бел. камедыі. Хоць першая камедыя «Вакханалія» (1725) напісана па-польску і сюжэт яе быў далёкі ад бел. рэальнасці, у ёй разам з польскімі панамі і антычным мудрацом дзейнічаюць сяляне Васіль і Селівон, якія размаўляюць па-беларуску. У далейшым інтэрмедыя канчаткова саступае месца камедыі. Станаўленне прыдворнай драматургіі звязана з імем Ф.​У.​Радзівіл, якая распрацавала адмысловую методыку творчай адаптацыі зах.-еўрап. і ант. п’ес і сюжэтаў на бел. глебу. Прыдворны тэатр паступова ператвараўся ў аматарскі (М.​Радзівіл). У нар. тэатры ажыццяўляліся пастаноўкі па біблейскіх і гіст. сюжэтах («Духоўнае прычасце святых Барыса і Глеба», якое напачатку існавала ў школьным асяроддзі, «Цар Максімілян» і інш.). Своеасаблівай з’явай стала батлейка — пераробка школьнай драмы для пастаноўкі ў лялечным тэатры. На працягу ўсяго перыяду ў час нар. свят разыгрываліся розныя гульні з элементамі тэатралізацыі, у якіх выкарыстоўваліся напаўфалькл. тэксты і сюжэты. У перыяд барока ўласна маст. творчасць канчаткова вылучылася з агульнай масы пісьменства, склалася сістэма сучасных літ. родаў і пачалася жанравая дыферэнцыяцыя; узнікла цікавасць да нар. жыцця, паглыбіліся ўяўленні пра каштоўнасць і непаўторнасць чалавечай асобы, узмацнілася сувязь літаратуры з вусна-паэт. нар. творчасцю. Багатая і разнастайная літ. спадчына Беларусі даўняга перыяду — праўдзівае люстра багатага і складанага духоўнага жыцця бел. народа на працягу стагоддзяў, каштоўны пласт нац. культуры, непаўторная і арганічная старонка агульнаеўрап. літ. працэсу свайго часу.

С.​Л.​Гаранін, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 18, кн. 2, с. 596

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАФЕСІЙНЫЯ САЮЗЫ

Правапераемнікам прафсаюзаў у Беларусі з’яўляецца Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) — адзіны нац. прафс. цэнтр, рэсп. добраахвотнае незалежнае аб’яднанне прафес. саюзаў, абласных (Мінскага гарадскога) аб’яднанняў прафсаюзаў, а таксама асацыіраваных членаў, самая масавая грамадская арг-цыя. Вышэйшы орган ФПБ — з’езд, вышэйшы кіруючы орган у перыяд паміж з’ездамі — Савет ФПБ, у перыяд паміж Пленумамі Савета ФПБ — яго Прэзідыум, у які ўваходзяць кіраўнікі буйных галіновых прафсаюзаў, абласных аб’яднанняў прафсаюзаў, прадстаўнікі нізавых прафс. структур.

Першыя прафсаюзы ўзніклі ў канцы 18 ст. ў Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША. Яны былі падобныя на таварыствы ўзаемадапамогі, будаваліся паводле цэхавай прыналежнасці і змагаліся за паляпшэнне эканам. становішча працоўных. На працягу 19 ст. прафсаюзы аформіліся ў большасці краін Еўропы. У 1-й чвэрці 20 ст. ў выніку абвастрэння сац. праблем і ўздыму рэв. руху прафсаюзы кансалідаваліся на міжнар. узроўні. Найб. буйнымі і ўплывовымі міжнар. аб’яднаннямі сталі Амстэрдамскі Інтэрнацыянал прафсаюзаў (1919), Міжнар. канфедэрацыя хрысціянскіх прафсаюзаў (1920), Прафінтэрн (Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў, 1921). Вострыя сац.-паліт. канфлікты таго часу не садзейнічалі адзінству міжнар. прафс. руху; як і рабочы рух, ён быў расколаты на камуністычную (рэвалюцыйную) і сацыял-дэмакр. (рэфармісцкую) плыні. Сав. Расія, потым і СССР падтрымлівалі камуністычную плынь, найперш праз Камінтэрн.

Прафсаюзны рух Беларусі пачаў фарміравацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. як састаўная частка міжнар. прафс. руху. У гэты перыяд на тэр. Беларусі з’явіліся стачачныя касы і камітэты, дэлегацкія і цэхавыя сходы. Разгрупаваныя па дробных майстэрнях, разрозненыя ў дзеяннях, яны імкнуліся да прафес. аб’яднання з мэтай барацьбы за свае правы. Першая арганізацыя рабочых — прафес. саюз шчаціншчыкаў — на тэр. Беларусі была створана ў 1894. У сярэдзіне 1890-х г. у Мінску ўтварылася арганізацыя рабочых дробнай і рамеснай прамысловасці. Да ліп. 1896 у яе ўваходзілі 24 падпольныя цэхавыя прафес. саюзы, якія аб’ядналі 1188 рабочых. У 1898 быў створаны прафсаюз гарбароў, у які ўвайшлі рабочыя Смаргоні, Ашмян, Беластока, Вільні. Крыху пазней арганізацыйна аформіўся прафсаюз друкароў у Гомелі. У 1904 у развіцці рабочага руху Беларусі пачаўся новы перыяд, які характарызаваўся ўтварэннем прафсаюзаў па вытворчым прынцыпе. Напярэдадні рэв. выступленняў працоўных у 1905 масава пачалі з’яўляцца прафсаюзы ў Віцебску, Гродне, Магілёве, Оршы і інш. гарадах. Гэта быў час арганізаванай барацьбы працоўных, аб’яднаных у прафсаюзы для сумесных выступленняў у абарону эканам. інтарэсаў. 1904 год, калі прафсаюзы ўжо існавалі практычна ва ўсіх буйных гарадах Беларусі, лічыцца пачаткам адліку ўзросту бел. прафсаюзаў. На развіццё прафс. руху вял. ўплыў зрабіла барацьба працоўных за свае правы ў час рэвалюцыі 1905—07. З гэтага часу сталі стварацца масавыя легальныя прафсаюзы паводле вытв. прынцыпу. У 1905 у Мінску ўзніклі прафсаюзы канторскіх служачых, т-ва фармацэўтаў, краўцоў і швачак і інш. Прыняцце царскім урадам 4.3.1906 закона аб легалізацыі прафсаюзаў пад назвай «Часовыя правілы аб прафесіянальных арганізацыях» актывізавала прафс. рух у Беларусі. У 1906 у Віцебску ўтвораны прафсаюзы ювеліраў, будаўнікоў, гарбароў, хатняй прыслугі, булачнікаў, зубных урачоў і дантыстаў, слесараў і кавалёў, усяго больш за 10; у Полацку — прафес. т-ва гандл.-прамысл. служачых. Да канца 1905 улады дазволілі дзейнасць у Мінску 15 прафсаюзам, у Гродзенскай губ. — 28. У Віцебску на губернскім з’ездзе настаўнікаў (13.6.1906, каля 300 дэлегатаў) абмяркоўваліся пытанні эканам. становішча педагогаў і арганізацыі прафсаюза. У 1906 у Гродзенскай губ. ўтвораны прафсаюз сялян (с.-г. рабочых), аднак ім было адмоўлена ў яго легалізацыі, бо паводле закону арганізацыя прафсаюзаў у гэтай галіне не дазвалялася. «Часовыя правілы» забаранялі стварэнне прафсаюзаў рабочым і служачым, якія працавалі на чыг. транспарце, работнікам пошты, тэлеграфа, банкаў і дзярж. устаноў. У 1906—07 у 5 зах. губернях Расіі створаны 74 прафес. саюзы, у т. л. 13 у Мінскай, 8 у Гродзенскай, 39 у Віцебскай і 2 у Магілёўскай губ. У 1907 на Беларусі афіцыйна зарэгістраваны 101 прафсаюз, які аб’ядноўваў 14 533 чал., але рабочых у іх было каля 3,5%. Тагачасныя прафсаюзы былі рэвалюцыйна актыўныя і моцна палітызаваныя, таму да 1910 амаль палова іх забаронена; а ў 1-ю сусв. вайну практычна ўсе прафсаюзы перасталі дзейнічаць. Найперш закрываліся тыя, што знаходзіліся пад уплывам РСДРП і інш. рэв. партый, якія выкарыстоўвалі прафсаюзы для арганізацыі легальнай барацьбы супраць царскай улады. Закрыццё прафсаюзаў урад разглядаў як меру барацьбы з рэвалюцыяй. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 дзейнасць прафсаюзаў актывізавалася. У першыя месяцы 1917 большасць прафс. к-таў на Беларусі кантралявалі бундаўцы і меншавікі, якія імкнуліся да арганізацыі прафсаюзаў паводле цэхавага і вузкапрафес. прынцыпу. Бальшавікі актыўна змагаліся за стварэнне рэв. прафсаюзаў паводле вытв. прынцыпу. У выніку прафс. рух на Беларусі ў 1917 апынуўся расколатым. Такое становішча заставалася на працягу грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 і нават у гады нэпа. Так, у 1918 цэнтр. бюро прафсаюзаў Віцебска, дзе бальшавікі былі ў меншасці, пратэставала супраць роспуску сав. ўладамі гар. думы і ўправы. Аналагічна выказаўся і савет прафсаюзаў Гомеля.

Супраць арганізацыі рэв. трыбунала выступіла кіраўніцтва прафсаюзаў Полацка. Разам з тым у 1918—20 значная частка прафс. к-таў арганізавала шэраг акцый пратэсту супраць ням. і польскіх акупац. улад. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на прадпрыемствах стварыліся фабрычна-заводскія к-ты (фабзаўкомы). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 прафс. рух цэнтралізаваўся. На I Усерас. з’ездзе прафсаюзаў (7—14.1.1918, Петраград), у якім удзельнічалі дэлегаты ад Мінска, Магілёва і Віцебска адбылося аб’яднанне прафсаюзаў у маштабе краіны. Яны будаваліся паводле галіновага і вытв.-тэр. прынцыпу, які адпавядаў прынцыпу пабудовы парт. улады, Стварэнне Цэнтр. бюро прафсаюзаў (14.7.1920), потым яго рэарганізацыя ў Савет прафсаюзаў Беларусі (30.7.1920) азначалі перабудову, за якой стаяў адыход ад традыцыйнага галіновага прынцыпу пабудовы прафсаюзаў і стварэнне гарызантальных тэр. структур, адпаведных парт. структурам. Стварэнне саветаў прафсаюзаў непасрэдна кантралявалі адпаведныя ідэалаг. і прапагандысцкія структуры партыі бальшавікоў. Найб. рашуча за адзяржаўленне прафсаюзаў выказваўся Л.​Д.​Троцкі. У.​І.​Ленін не падтрымаў ідэю адзяржаўлення прафсаюзаў.

X з’езд партыі (1921) ухваліў ленінскую платформу па прафс. пытанні, якая разглядала прафсаюзы як школу камунізму, школу кіравання ў перыяд сацыяліст. будаўніцтва, але звярнуў увагу на неабходнасць парт. кіраўніцтва прафсаюзамі, аднаўлення прынцыпу дэмакр. цэнтралізму ў яго кіраўніцтве. I Усебел. з’езд прафсаюзаў (7—13.5.1921, гэты і ўсе наступныя з’езды праходзілі ў Мінску) стварыў адзіны кіруючы цэнтр, выбраў новы склад Прэзідыума Савета прафсаюзаў Беларусі, вызначыў канкрэтныя задачы прафсаюзаў рэспублікі ў перыяд пераходу да новай эканам. палітыкі. II Усебел. з’езд прафсаюзаў (1922) прыняў рашэнне аб перарэгістрацыі членаў прафсаюзаў і пераходзе ад абавязковага калектыўнага членства да добраахвотнага індывідуальнага. У 1-й чвэрці 20 ст. прафсаюзы Беларусі актыўна ўдзельнічалі ў барацьбе з ворагамі сав. улады, пераадоленні разрухі, правядзенні камуніст. суботнікаў, гасп. будаўніцтве, арганізацыі кампаній у падтрымку галадаючых і інш. На IV Усебел. з’ездзе прафсаюзаў (14—18.6.1924; 1-ы з’езд пасля ўзбуйнення БССР) 283 дэлегаты прадстаўлялі 113,1 тыс. чл. прафсаюзаў. З’езд выбраў Цэнтр. савет прафсаюзаў Беларусі (ЦСПСБ) у складзе 70 чал. Асн. задачы і формы дзейнасці прафсаюзаў у 1924—28: барацьба з беспрацоўем, удзел у аднаўленні і рэканструкцыі вытв-сці, размеркаванні фондаў матэрыяльнага забеспячэння працоўных, рэгуляванні прыватнакапіталіст. вытв-сці, умацаванне дысцыпліны і павышэнне прадукцыйнасці працы, культ.-асв. праца, ліквідацыя непісьменнасці і інш. У гэты перыяд разгарнулася кампанія па заключэнні калектыўных дагавораў, якія прадугледжвалі павышэнне аплаты і прадукцыйнасці працы, паляпшэнне культ. ўзроўню працоўных. Першы такі дагавор заключаны паміж прафсаюзам хімікаў і ўпраўленнем шкляной прам-сці. За эфектыўную працу па ліквідацыі непісьменнасці сярод насельніцтва прафсаюз работнікаў асветы быў узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырв. Сцяга БССР. Унутрыпарт. барацьба ў кіраўніцтве бальшавіцкай партыі ў 1920—30-я г. адбілася і на дзейнасці прафсаюзаў. У канцы 1920-х г. супраць прафсаюзаў БССР былі прыняты т.зв. «арганізацыйныя меры», у выніку якіх зменены 72% кіруючых прафс. кадраў. У пач. 1929 расфарміраваны праўленні гандл. служачых, работнікаў сувязі, зменена кіраўніцтва ЦК саюза будаўнікоў, распушчаны шэраг фабрычна-заводскіх і мясц. к-таў. У выніку рэформы арганізац. структур прафсаюзаў і іх разбуйнення ў пач. 1930-х г. у БССР ствараліся прафгрупы, цэхавыя бюро, выбіраліся прафупаўнаважаныя; замест 27 створана 76 прафес. саюзаў. У сувязі з цяжкасцямі, выкліканымі супярэчнасцямі грамадска-паліт. жыцця, прафсаюзы не заўсёды маглі эфектыўна адстойваць правы працоўных, хоць яны праводзілі пэўную работу па развіцці сістэмы сац. страхавання і культ. абслугоўвання насельніцтва, ахове працы і здароўя працоўных, навучанні кадраў і інш. Пры ЦСПСБ была арганізавана школа прафс. работнікаў на 350 чал.; у 1931 адкрыты Бел. філіял завочнага ін-та прафсаюзаў на 600 месц і вячэрні прафс. ун-т на 80 месц з 2-гадовым тэрмінам навучання. За гады першых пяцігодак прафсаюзы БССР умацаваліся арганізацыйна, вырасла іх актыўнасць. У 1937 яны аб’ядноўвалі больш за паўмільёна рабочых і служачых (84,1% усіх працуючых), але з 1932 да 1958 у рэспубліцы не склікаліся з’езды прафсаюзаў.

У Зах. Беларусі, якая ў 1921—39 уваходзіла ў склад Польшчы, прафсаюзы знаходзіліся пад уплывам розных паліт. сіл і аб’ядноўвалі невял. частку працоўных (5—8% усіх працуючых на прадпрыемствах і ва ўстановах). У 1935 тут 6,6 тыс. чал. належалі да прафсаюзаў, якія знаходзіліся пад уплывам урадавых арг-цый, 5,8 тыс. — Бунда, 2,3 тыс. — партый і арг-цый хрысціянскага і нац. кірунку, 3,2 тыс. — Кампартыі Зах. Беларусі. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР прафсаюзы прынялі ў свае рады амаль 85% усіх рабочых і служачых.

У пач. Вял. Айч. вайны прафсаюзы Беларусі займаліся мабілізацыяй, арганізацыяй падп. і партыз. барацьбы ў тыле ворага. Спробу арганізаваць прафсаюзы і выкарыстаць іх у сваіх мэтах зрабілі на акупіраванай тэр. Беларусі ням.-фаш. захопнікі. Паводле загаду ген. камісара Беларусі В.​Кубэ ў жн. 1942 пачалося стварэнне прафаш. прафсаюзаў, утворана Цэнтр. бюро прафсаюзаў Беларусі на чале з Фрэйдэнбергам. Акупанты патрабавалі ад прафс. «актывістаў» рашучых мер супраць тых, хто «зрывае мерапрыемствы па павышэнні прадукцыйнасці працы», не выключаючы прымус і сілу зброі. Але вынікі былі нязначныя.

Па меры вызвалення Беларусі аднаўлялі сваю дзейнасць і прафс. арг-цыі. Ужо ў канцы 1943 у Гомелі працавала 7 арганізац. бюро рэсп. галіновых прафсаюзаў. 12.12.1944 ЦК КП(б)Б прыняў пастанову «Аб аднаўленні прафсаюзных арганізацый у Беларускай ССР».

У канцы 1945 на Беларусі працавалі 6964 нізавыя прафс. арг-цыі, якія аб’ядноўвалі больш за ​2/3 усіх працуючых, на 1.1.1946—34 рэсп. і 49 абл. к-таў, 7678 пярвічных прафс. арг-цый, якія аб’ядноўвалі 334,6 тыс. чл. прафсаюзаў, ці 64,4% агульнай колькасці рабочых і служачых. 1-я Бел. міжсаюзная канферэнцыя прафсаюзаў (ліст. 1948) сфарміравала Бел. рэсп. савет прафсаюзаў (Белсаўпроф); саветы прафсаюзаў створаны ва ўсіх абласцях рэспублікі. Для падрыхтоўкі кадраў прафс. работнікаў у 1946—55 у Мінску дзейнічала Рэсп. школа ВЦСПС, якую скончылі 629 чал. Вял. значэнне ў павышэнні ролі і ўнутр. дэмакратызацыі прафсаюзаў меў снежаньскі (1957) пленум ЦК КПСС, які разгледзеў пытанне аб рабоце прафес. саюзаў СССР. На аснове яго рашэння VI пленум Белсаўпрофа (30.1.1958) патрабаваў, каб прафсаюзы будавалі сваю працу на строгім захаванні норм прафс. жыцця, развіцці і забеспячэнні калегіяльнасці ў кіраўніцтве, справаздачнасці і выбарнасці прафс. органаў. У маі 1958 адбыўся VIII з’езд прафсаюзаў Беларусі. Да пач. 1980-х г. прафсаюзы рэспублікі правялі яшчэ 7 з’ездаў (у лют. 1982 прайшоў XV з’езд прафсаюзаў Беларусі). З пач. 1958 да 1980 прафсаюзная арг-цыя павялічылася з 1459 тыс. да 5 млн. чал. Развіваліся міжнар. сувязі прафсаюзаў Беларусі. З 1954 яны ўключаліся ў работу Міжнар. арг-цыі працы (МАП). З сярэдзіны 1960 да сярэдзіны 1980-х г. назіралася ўзмоцненае адзяржаўленне прафсаюзаў. Улады ўцягвалі прафс. актыў і радавых членаў у парт.-сав. работу, надзялялі прафсаюзы дзярж.-ўладнымі функцыямі. Не садзейнічалі ўмацаванню прафсаюзаў і шматлікія рэарганізацыі. Так, паводле рашэнняў лістападаўскага (1962) пленума ЦК КПСС за аснову быў узяты тэрытарыяльны прынцып дзейнасці парт., сав., прафс. і інш. грамадскіх арг-цый, а праз 2 гады зноў вернуты тэрытарыяльна-вытв. прынцып. Прафсаюзы Беларусі пасляваен. перыяду займаліся наступнымі відамі дзейнасці: вытворча-эканамічнай (арганізацыя сацыяліст. спаборніцтва, удзел у распрацоўцы гасп. планаў і нарміраванні працы, развіццё масавай тэхн. вытворчасці працоўных); абарончай, культ.-выхаваўчай (у іх распараджэнні было каля 900 клубаў, больш за 500 бібліятэк, звыш 5000 піянерскіх лагераў, у маст. самадзейнасці ўдзельнічала больш як 600 тыс. рабочых і служачых; за кошт сваіх сродкаў прафсаюзы пабудавалі ў рэспубліцы 9 санаторыяў, 16 дамоў адпачынку і турыстычных баз, 165 спарт. аб’ектаў); нарматыўнай (Белсаўпроф удзельнічаў у распрацоўцы афіц. каментарыя да кодэкса законаў аб працы ў Беларусі); міжнароднай (толькі ў 1986 прафсаюзы рэспублікі прынялі 67 замежных дэлегацый і накіравалі сваіх прадстаўнікоў у 18 краін свету); арганізацыйнай (штогод на курсах Белсаўпрофа і аблсаўпрофаў праходзілі перападрыхтоўку каля 46 тыс. прафс. актывістаў, працаваў філіял Вышэйшай школы прафс. работнікаў, бюджэт прафес. саюзаў і бюджэт дзярж. сац. страхавання, якім кіравалі прафсаюзы, у 1985 перавышаў 1 млрд. руб. і складаў 14% ад усіх расходаў бюджэту БССР). XVI з’езд прафсаюзаў Беларусі (студз. 1987) выказаўся за больш рашучы паварот прафсаюзаў да інтарэсаў чалавека працы. XVII з’езд прафсаюзаў Беларусі (5—6.10.1990) прыйшоў да высновы, што прафсаюзы павінны абараняць інтарэсы шырокіх мас насельніцтва незалежна ад іх паліт., нац. і рэліг. арыентацыі. З’езд вызначыў новыя прынцыпы аб’яднання прафсаюзаў. Вынікам гэтага стала стварэнне Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ, некаторы час называлася Федэрацыя прафсаюзаў беларуская). XVII з’езд абвясціў сябе I з’ездам ФПБ, прыняў статут і праграму дзеянняў прафсаюзаў Беларусі.

На 1.1.1999 у ФПБ уваходзілі 33 галіновыя прафсаюзы, 6 абл. аб’яднанняў, больш за 29,7 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю больш за 4,4 млн. членаў. З 2-й пал. 1990-х г. дзейнасць ФПБ стала палітызавацца, адыходзіць ад праграмных і статутных палажэнняў і патрабаванняў федэрацыі. У 2001 — пач. 2002 у прафс. руху Беларусі абвастрыліся крызісныя працэсы: з-за памылак кіраўніцтва ФПБ, галіновых прафсаюзаў значна знізіліся аўтарытэт і ўплыў прафсаюзаў у грамадстве. У выніку спыніўся сац. дыялог, пачаліся дэзінтэграцыйныя працэсы, кіраўніцтва ФПБ не змагло эфектыўна працягваць узаемадзеянне з членскімі арг-цыямі, Урадам, аб’яднаннямі наймальнікаў. Прафсаюзы паступова страцілі частку сваіх функцый: ФПБ пазбавілася права заканадаўчай ініцыятывы і магчымасці ўдзельнічаць у падрыхтоўцы заканадаўчых актаў, права на ажыццяўленне кантролю за станам аховы працы на вытворчасці і прававой абароны членаў прафсаюза; быў забаронены збор прафс. узносаў у безнаяўным парадку; аслабелі пазіцыі прафсаюзаў у сац. абароне работнікаў, аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, страчана магчымасць абароны сваіх прафс. работнікаў і актыву. Адбыўся раскол у галіновых прафсаюзах. З прычыны таго, што лідэры ФПБ актыўна заняліся палітыкай, пачаўся масавы выхад з прафсаюзаў як асобных іх членаў, так і цэлых арг-цый. Спынілі існаванне шэраг пярвічных прафс. арг-цый. З улікам гэтых абставін з’явілася неабходнасць перагледзець вызначаныя раней прафсаюзамі мэты і задачы, якія ўжо не былі канкрэтнымі і зразумелымі людзям, вызначыць шляхі далейшага развіцця і выхаду з крызісу. Усё гэта выклікала неабходнасць рэфармавання і мадэрнізацыі дзейнасці прафсаюзаў, патрабавала склікання пазачарговага IV з’езда ФПБ. На з’ездзе (18—19.9.2002) быў абраны новы склад ФПБ, яго прэзідыума. З’езд вызначыў гал. напрамкам работы прафс. арг-цый арганізацыйнае ўмацаванне прафсаюзаў, прыняў курс на кансалідацыю, умацаванне адзінства і салідарнасці прафс. руху пад кіраўніцтвам і вакол ФПБ, аб’явіў аб узнаўленні сац. дыялогу паміж прафсаюзамі, наймальнікамі і Урадам. Пасля пазачарговага IV з’езда ФПБ кіраўніцтвам федэрацыі праведзена значная работа, скіраваная на ўзнаўленне і ўмацаванне прафс. руху Беларусі. Па ініцыятыве і з удзелам ФПБ распрацаваны нарматыўныя прававыя акты, якія з’яўляюцца прававой асновай абароны працоўных і дзейнасці прафсаюзаў. ФПБ удзельнічала ў распрацоўцы і рэалізацыі рэсп. і рэгіянальных праграм занятасці насельніцтва, аздараўлення працоўных і членаў іх сем’яў, інш. сац. праграм, ініцыіравала станаўленне і развіццё сістэмы сац. партнёрства, садзейнічала і працягвае садзейнічаць стабілізацыі паліт. і сац.-эканам. жыцця краіны. Праводзімая ФПБ і яе членскімі арганізацыямі работа ўзмацніла аўтарытэт прафсаюзаў і іх уплыў у грамадстве. На 1.10.2004 ФПБ уключала 30 галіновых прафсаюзаў, 6 абл. і Мінскае гар. аб’яднанні прафсаюзаў, 23,4 тыс. пярвічных прафс. арг-цый з агульнай колькасцю 4 млн. членаў. Членамі прафсаюзаў на прадпрыемствах, у арг-цыях і ўстановах, дзе створаны іх пярвічныя арг-цыі, з’яўляюцца больш за 90% работнікаў. Найб. буйныя прафсаюзы ў ФПБ — работнікаў аграпрамысл. комплексу, адукацыі і навукі, аховы здароўя, мясц. прамысловасці і камунальна-быт. прадпрыемстваў і інш. ФПБ, яго кіруючыя органы ажыццяўляюць сваю дзейнасць у адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі «Аб прафесіянальных саюзах», «Аб занятасці», «Працоўным кодэксам Рэспублікі Беларусь», інш. заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі, статутам ФПБ, а таксама Усеаг. дэкларацыяй правоў чалавека, міжнар. пактамі і канвенцыямі, ратыфікаванымі Рэспублікай Беларусь. Прафсаюзы Беларусі працуюць у кірунку ўмацавання незалежнай, суверэннай дзяржавы, стварэння ўмоў для ўздыму жыццёвага ўзроўню насельніцтва краіны, фарміравання дэмакр. грамадства. ФПБ удзельнічае ў рабоце Усеаг. Канфедэрацыі прафсаюзаў, Сусв. Федэрацыі прафсаюзаў, прадстаўляе працоўных Беларусі ў МАП, ажыццяўляе кантакты і супрацоўніцтва з многімі прафцэнтрамі СНД, Еўропы, Азіі, Амерыкі.

ФПБ вырашыла шэраг важных сац.-эканам. пытанняў. Адноўлены безнаяўны парадак пералічэння прафс. узносаў па пісьмовых заявах работнікаў. Федэрацыя дабілася ўдзелу прафсаюзаў у падрыхтоўцы нарматыўных прававых актаў, якія закранаюць працоўныя і сац.-эканам. інтарэсы работнікаў. Па патрабаванні ФПБ зніжана пеня за несвоечасовую аплату жыллёва-камунальных паслуг з 0,5 да 0,3%, а тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі ў 2004 замарожаны і абмежаваны: яны не могуць павялічвацца больш чым на 4—5 долараў ЗША у год. Федэрацыя настаяла на ўнясенні змянення ў Жыллёвы кодэкс, якое прадугледжвае паляпшэнне сістэмы аплаты камунальных паслуг. Мінімальная заработная плата ўстаноўлена па прапанове ФПБ з 1.11.2004 на ўзроўні бюджэту пражытачнага мінімуму. Федэрацыя пастаянна патрабавала ад Урада прыняцця канкрэтных мер па ліквідацыі запазычанасці па заработнай плаце, у выніку дзяржавай узмоцнены патрабаванні да наймальнікаў па своечасовай яе выплаце. Дзякуючы паслядоўнай і прынцыповай пазіцыі ФПБ, Ген. пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2004—05, падпісанае 11.3.2004, удалося напоўніць канкрэтнымі паказчыкамі ў галіне аплаты працы, пенсійнага забеспячэння, узмацніць пазіцыі ў частцы правоў і гарантый членаў прафсаюзаў і прафс. актывістаў. Усе ўключаныя ў Ген. пагадненне абавязацельствы па павышэнні ўзроўню жыцця і сац. абароне насельніцтва выконваюцца. У 2003 створаны спарт. клуб ФПБ, працуюць дзіцяча-юнацкія спарт. школы. У структуры ФПБ налічваецца 173 дзіцяча-юнацкія спарт. школы, што складае 40% ад іх агульнай колькасці ў рэспубліцы. У гэтых школах займаюцца больш за 53 тыс. дзяцей, падлеткаў і моладзі па 57 відах спорту, працуюць 1,9 тыс. трэнераў-выкладчыкаў, у т. л. 43 заслужаныя трэнеры і 109 трэнераў-выкладчыкаў вышэйшай катэгорыі. У складзе зборных каманд краіны па відах спорту выступаюць 1172 прафс. спартсмены, што складае каля 30% ад агульнай колькасці. На XXIII летніх Алімпійскіх гульнях (2004) у Афінах 34 спартсмены прадстаўлялі прафсаюзы ў складзе бел. дэлегацыі і заваявалі 4 алімпійскія медалі. Узрос аўтарытэт сістэмы санаторна-курортных устаноў прафсаюзаў. У аздараўленні і лячэнні членаў прафсаюзаў задзейнічаны ўсе здраўніцы унітарнага прадпрыемства ФПБ «Белпрафсаюзкурорт». Штогод у санаторыях, пансіянатах, дамах адпачынку прафсаюзаў праходзяць лячэнне і адпачываюць каля 100 тыс. чал. На балансе прафс. к-таў рэспублікі знаходзяцца 45 дзіцячых аздараўленчых лагераў. У рамках акцыі «Прафсаюзы — дзецям» прафкомы ўзялі шэфства на пастаяннай аснове над 168 дзіцячымі дамамі, школамі-інтэрнатамі і сац. прытулкамі, у якіх выхоўваюцца дзеці-сіроты. ФПБ дабіваецца поўнай перадачы размеркавання пуцёвак на лячэнне, аздараўленне і адпачынак прафс. арг-цыям прадпрыемстваў і ўстаноў. ФПБ удзяляе асаблівую ўвагу рацыянальнаму выкарыстанню прафс. уласнасці. Праведзена рэканструкцыя рэсп. Палаца культуры прафсаюзаў. У 2004 пачалася рэканструкцыя спартыўна-аздараўленчай базы ў пас. Ратамка пад Мінскам. Змянілі свой знешні выгляд будынкі гасцініц, лячэбныя карпусы санаторыяў і інш. аб’екты. У рамках святкавання 60-й гадавіны вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў па ініцыятыве і пры непасрэдным удзеле ФПБ былі праведзены 2 этапы рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу «Курган Славы», створаны музей ваен. тэхнікі пад адкрытым небам. Федэрацыя мае свой гімн і марш. Па ініцыятыве ФПБ Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.4.2004 устаноўлены юбілейны медаль «100 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі».

т. 18, кн. 2, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРОДНАЕ СТАНОВІШЧА І ЗНЕШНЕПАЛІТЫЧНАЯ ДЗЕЙНАСЦЬ БЕЛАРУСІ (1918 — пач. 1930-х г.)

Выхад Беларусі на міжнар. арэну і пачатак яе знешнепаліт. дзейнасці быў звязаны з падзеямі Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, заканчэннем 1-й сусв. вайны і дзяржаваўтваральнымі працэсамі на тэр. Беларусі.

3.3.1918 у Брэст-Літоўску паміж Германіяй, Аўстра-Венгрыяй, Балгарыяй і Турцыяй з аднаго боку і Сав. Расіяй — з другога быў падпісаны мірны дагавор на ўмовах, прадыктаваных Германіяй. Тэр. Беларусі была падзелена па лініі Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны—Брэст. Зах. частка Беларусі (Гродзенская губ. і частка Віленскай губ. з Вільняй) уключалася ў склад Германіі пад назвай Усх. Прусія. Тэр. на З ад лініі Рыга—Дзвінск—Свянцяны—Ліда—Пружаны адыходзіла да Літвы. Цэнтр. частка (Мінская губ., частка Віцебскай і Магілёўскай губ.) абвяшчалася часова акупіраванай тэрыторыяй. Усх. раёны Беларусі заставаліся ў складзе РСФСР, а 10 паветаў Гродзеншчыны, Магілёўшчыны, Міншчыны і Чарнігаўшчыны адыходзілі да Укр. Нар. Рэспублікі ў адпаведнасці з мірным дагаворам паміж УНР і дзяржавамі Чацвярнога саюза.

25 сакавіка 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), кіруючыя органы якой (Рада і Народны сакратарыят) імкнуліся дабіцца міжнароднага прызнання БНР, але беспаспяхова.

Вырашальнае значэнне ў планах ленінскага ўрада па стварэнні Бел. сав. дзяржавы мелі знешнепаліт. меркаванні. У канцы 1918 у кіраўніцтве РСФСР дамінавала думка пра неабходнасць стварэння на зах. межах Сав. Расіі ланцуга сав. рэспублік, каб пазбавіць яе ад прамога кантакту з капіталіст. краінамі. Абвяшчэнне ССРБ 1.1.1919 мела сваёй мэтай «замкнуць ланцуг утварэнняў, якія па-савецку самавызначыліся» вакол РСФСР. У Маніфесце Часовага рабоча-сялянскага сав. ўрада Беларусі ад 1.1.1919 заяўлялася аб імкненні ССРБ выйсці на міжнар. арэну ў якасці суверэннай дзяржавы і дабівацца міжнар. прызнання. Хоць ССРБ была абвешчана суверэннай дзяржавай, але міжнар. ваенна-паліт. ўмовы не спрыялі захаванню і ўмацаванню яе незалежнасці. Пагроза польскай інтэрвенцыі прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва ўжо на стадыі юрыд. афармлення ССРБ пайсці на арганізацыю новага дзярж. ўтварэння. 16.1.1919 ЦК РКП(б) без папярэдняга ўзгаднення з урадам ССРБ і ЦБ КП(б)Б прыняў рашэнне аб выдзяленні з ССРБ Віцебскай, Смаленскай, Магілёўскай губ. і перадачы іх у склад РСФСР і прапанаваў план аб’яднання Беларусі і Літвы ў адзіную сав. рэспубліку пад назвай Літоўска-Беларуская ССР (Літбел). 22.1.1919 пытанні пра тэр. Бел. сав. рэспублікі і федэратыўныя адносіны з РСФСР абмеркаваны на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б з удзелам члена ЦК РКП(б) А.​А.​Іофе. Ён паведаміў аб прапановах ЦК РКП(б) абмежаваць памеры ССРБ «геаграфічна неабходнымі граніцамі, г.зн. Мінскай і Гродзенскай губернямі», і звярнуцца да РСФСР з прапановай аб федэрацыі. Прынцыповае значэнне для фарміравання раўнапраўных адносін паміж ССРБ і РСФСР мела пастанова Прэзідыума ВЦВК ад 31.1.1919 «Аб прызнанні незалежнасці Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі».

Пытанні міжнар. прызнання і знешняй палітыкі ССРБ, вызначэння яе межаў, адносін з РСФСР і інш. сав. рэспублікамі знайшлі пэўнае адлюстраванне ў рашэннях I Усебел. з’езда Саветаў (Мінск, 2—3.2.1919). У прынятай з’ездам Канстытуцыі ССРБ не было палажэнняў аб асновах і прынцыпах знешняй палітыкі новастворанай дзяржавы. У звароце з’езда «Да ўсіх народаў і іх урадаў» абвяшчалася гатоўнасць рабочых і сялян Беларусі жыць у міры і сяброўстве з усімі народамі. Выказвалася ўпэўненасць, што «самастойная Сацыялістычная Савецкая Беларуская Рэспубліка будзе прызнана ўсімі народамі паасобна, як яна прызнана брацкай Расійскай Сацыялістычнай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікай». З’езд звярнуўся да ўсіх народаў і ўрадаў з прапановай неадкладна ўступіць у дыпламат. адносіны з ССРБ, але яна засталася без адказу. Ніякіх захадаў у справе міжнар. прызнання і ўстанаўлення дыпламат. адносін з замежнымі дзяржавамі ўрад ССРБ не рабіў. У «Дэкларацыі аб устанаўленні цеснай федэратыўнай сувязі паміж Сав. Беларуссю і РСФСР» прызнавалася неабходнасць наладзіць цесныя эканам. і паліт. сувязі з РСФСР. З’езд заклікаў астатнія сав. рэспублікі ўстанавіць па прыкладу ССРБ федэратыўныя сувязі з Сав. Расіяй. I Усебел. з’езд Саветаў вызначыў тэр. ССРБ у складзе Мінскай і Гродзенскай губ. і прыняў рашэнне аб утварэнні Літ.-Бел. ССР, у склад якой увайшлі тэр. Віленскай, Мінскай, часткі Ковенскай і Гродзенскай губ. Пазней пры вызначэнні граніц з РСФСР ЦВК і ўрад Літбела згадзіліся на перадачу РСФСР Дзісенскага пав. Віленскай губ. і Рэчыцкага пав. Мінскай губ.

Галоўнай знешне- і ваенна-паліт. праблемай Літ.-Бел. ССР было прадухіленне вайны з Польшчай. 28.2.1919 ЦВК Літбела выдаў Дэкларацыю аб знешняй палітыцы, у якой выказвалася гатоўнасць «вырашаць усе спрэчныя пытанні палюбоўна і міралюбіва». У ёй паўтараўся заклік «да ўсіх народаў і іх урадаў» прызнаць Літбел і ўступіць з ёю ў зносіны. 1.3.1919 СНК Літбел у ноце да ўрадаў ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Японіі даў згоду на ўдзел у канферэнцыі на Прынцавых астравах для вырашэння спрэчных пытанняў паміж урадамі, што ўтварыліся на тэр. б. Рас. імперыі. Але і гэтыя прапановы засталіся без адказу. Польшча і краіны Антанты не прызнавалі Літбел і адмаўляліся ўступаць з ёй у перагаворы. У ліп. 1919 у сувязі з тым, што польскія войскі акупіравалі ​3/4 тэр. Беларусі і Літвы, Літбел фактычна спыніла сваё існаванне. Юрыдычна яна была скасавана пасля падпісання мірнага дагавора паміж РСФСР і Літвой ад 12.7.1920 і паўторнага абвяшчэння незалежнасці ССРБ 31.7.1920.

У час польска-сав. вайны 1919—20 Беларусь выступала як аб’ект ваен. палітыкі і дыпламатыі суседніх дзяржаў. 28.1.1920 СНК РСФСР выступіў з заявай аб асновах сав. палітыкі адносна Польшчы, у якой згаджаўся на перадачу Польшчы бел. зямель да р. Бярэзіна, на 300 км на У ад будучай «Керзана лініі», ці ўсх. граніцы Польшчы, што была вызначана ў снеж. 1919 Парыжскай мірнай канферэнцыяй. Аднак польскі ўрад разлічваў захапіць усю Беларусь, Украіну, Літву і пры падтрымцы Францыі адмовіўся ад гэтых выгадных для яго прапаноў. Літва вырашыла выкарыстаць зручны момант пасля ліквідацыі Літбела і «прыбраць да рук» бел. паўночна-зах. землі. Паводле мірнага дагавора ад 12.7.1920 была вызначана дзярж. граніца паміж РСФСР і Літвой, у адпаведнасці з якой у склад літоўскай дзяржавы ўваходзілі Вільня і частка этнічных бел. зямель, у т. л. Ашмяны, Браслаў, Гродна, Ліда, Паставы. 11.8.1920 у Маскве падпісаны мірны дагавор паміж РСФСР і Латвіяй, паводле якога Дзвінскі, Рэжыцкі і Люцынскі пав., якія дагэтуль уваходзілі ў Віцебскую губ., перадаваліся Латвіі. У Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці ССРБ ад 31.7.1920 заяўлялася аб перадачы Бел. рэспублікай «на ўвесь час рэвалюцыйных войнаў» сваіх узбр. сіл у распараджэнне адзінага камандавання ўсіх сав. рэспублік, якое ажыццяўлялася РСФСР, і выказвалася гатоўнасць узгадняць дыпламат. выступленні з дзеяннямі РСФСР. 11.7.1920 міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Дж.​Керзан прапанаваў заключыць перамір’е паміж РСФСР і Польшчай і адвесці войскі на лінію Гродна—Ялаўка—Няміраўка—Брэст-Літоўск і далей па тэр. Украіны да Карпат. «Керзана лінія» ў асн. адпавядала этнаграфічнай мяжы паміж Польшчай з аднаго боку і Беларуссю і Украінай — з другога. Але па ваенна-паліт. меркаваннях яна была адхілена і савецкім, і польскім урадамі. Пасля няўдач Чырв. Арміі пад Варшавай у жн. 1920 польскія войскі занялі значную частку Беларусі. Сав. ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы аб міры.

Мірныя перагаворы з Польшчай вяла расійска-ўкр. дэлегацыя на чале з членам ЦК РКП(б) А.​А.​Іофе. ВРК БССР пастанавіў 10.9.1920 выдаць РСФСР «самы шырокі мандат на вядзенне мірных перагавораў з Польшчай па пытанні, галоўным чынам, вызначэння межаў Беларусі». Кіраўніцтва РСФСР было супраць непасрэднага ўдзелу бел. дэлегацыі ў Рыжскай мірнай канферэнцыі, паколькі яна, па словах наркома замежных спраў РСФСР Г.​В.​Чычэрына, «там перакуліць усе нашы дыпламатычныя камбінацыі». Старшыня ВРК А.​Р.​Чарвякоў з’яўляўся толькі экспертам рас. дэлегацыі. 12.10.1920 у Рызе быў падпісаны Дагавор аб перамір’і і прэлімінарных умовах міру. II Усебел. з’езд Саветаў (13—17.12.1920) ратыфікаваў гэты дагавор і пацвердзіў мандат ВРК ураду РСФСР на права заключэння міру і ўстанаўлення граніцы ад імя БССР, а таксама прызнаў правільнасць паліт. лініі расійска-ўкр. дэлегацыі ў справе абароны інтарэсаў Сав. Беларусі ў ходзе перагавораў. 18.3.1921 у Рызе падпісаны мірны дагавор паміж РСФСР і УССР з аднаго боку і Польшчай — з другога. У прэамбуле адзначалася, што ўрад РСФСР падпісвае дагавор «за сябе і па ўпаўнаважанні Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі». Паводле дагавора бакі прызнавалі незалежнасць Украіны і Беларусі. Прызнанне Польшчай незалежнасці Украіны і Беларусі азначала прызнанне ёю УССР і БССР дэ-юрэ. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 да Польшчы адыходзіла бел. тэрыторыя плошчай 108 тыс. км² з насельніцтвам больш за 4 млн. чалавек. За БССР захавалася толькі 6 паветаў Мінскай губ. (Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі) з тэрыторыяй 52,3 тыс. км², на якой пражывала больш за 1,6 млн. чалавек. Рэспубліка займала толькі ​1/6 частку этнічнай тэр. Беларусі.

Юрыдычны статус БССР у 1919—22 быў няпэўны і супярэчлівы. Фармальна яна лічылася незалежнай сав. рэспублікай, а фактычна з’яўлялася аўтаномнай часткай РСФСР. Некаторае размежаванне кампетэнцыі паміж дзярж. органамі абедзвюх рэспублік адбылося пасля заключэння Дагавора аб ваен. і гасп. саюзе паміж РСФСР і БССР ад 21.1.1921. Дагавор, зыходзячы з прызнання незалежнасці і суверэннасці кожнага з бакоў, прадугледжваў аб’яднанне камісарыятаў ваен. і марскіх спраў, замежнага гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошт і тэлеграфа, а таксама ВСНГ. Аб’яднаныя камісарыяты ўваходзілі ў склад СНК РСФСР і мелі сваіх упаўнаважаных ва ўрадзе БССР. На тэр. рэспублікі аўтаматычна пашыраліся рашэнні ЦК РКП(б), ВЦВК і СНК РСФСР. Фінансы, знешнепаліт. дзейнасць, ваен. будаўніцтва, транспарт БССР рэгламентаваліся кіраўніцтвам РСФСР.

Дыпламат. служба Сав. Беларусі пачала фарміравацца пасля 1-га абвяшчэння ССРБ. У склад урада З.​Х.​Жылуновіча ўвайшоў першы нарком замежных спраў У.​С.​Фальскі. Але ў структуры ўрада, зацверджанага на пасяджэнні ЦБ КП(б)Б 20.1.1919, наркамат замежных спраў ужо адсутнічаў. 5.2.1919 сесія ЦВК Беларусі зацвердзіла кіраўнікоў наркаматаў і іх намеснікаў. Наркомам замежных спраў ССРБ стаў М.​П.​Пятроў, паплечнік Чычэрына. Але ён адмовіўся браць на сябе паўнамоцтвы наркома, бо лічыў непатрэбным для Беларусі існаванне такога ведамства. У складзе СНК Літбел пасаду наркома замежных спраў займаў старшыня СНК В.​С.​Міцкявічус-Капсукас. У ваен. умовах НКЗС ССРБ фактычна не дзейнічаў. 22.8.1921 СНК БССР зацвердзіў Палажэнне аб НКЗС. Наркамат узначаліў Старшыня СНК БССР Чарвякоў. НКЗС ствараўся як орган урада ССРБ з мэтай усебаковага ажыццяўлення зносін рэспублікі з дзяржавамі і народамі, якія не ўваходзілі ў склад РСФСР.

На НКЗС БССР ускладаліся наступныя функцыі: дыпламат. зносіны і перагаворы, выкананне пастаноў урада рэспублікі аб заключэнні дагавораў і пагадненняў з замежнымі дзяржавамі; збор звестак аб паліт. і эканам. жыцці замежных дзяржаў і інфармаванне аб гэтым урада рэспублікі; знешнепаліт. інфармаванне аб грамадскім і паліт. жыцці БССР; абарона знешнепаліт. і знешнеэканам. інтарэсаў БССР і яе грамадзян у час іх знаходжання за мяжой; кіраўніцтва выкананнем падпісаных дагавораў і пагадненняў з замежнымі дзяржавамі і садзейнічанне ўрадам інш. дзяржаў у БССР у задавальненні іх законных патрабаванняў. Нягледзячы на тое, што НКЗС рэспублікі валодаў шырокімі паўнамоцтвамі, усе важнейшыя знешнепаліт. рашэнні прымаліся НКЗС РСФСР. Дагаворы паміж РСФСР і інш. сав. рэспублікамі ў 1920—21, у т. л. Дагавор аб ваенна-гасп. саюзе паміж РСФСР і БССР, не прадугледжвалі аб’яднання наркаматаў замежных спраў. Рэспублікі імкнуліся захаваць адносную самастойнасць у міжнар. справах. 24.3.1921 у Маскве адкрыта Паўнамоцнае прадстаўніцтва БССР пры СНК РСФСР. Яго функцыі заключаліся ў прадстаўніцтве ўрада рэспублікі пры ўрадзе РСФСР, выкананні ролі сувязнога звяна ў адносінах СНК БССР з урадамі замежных дзяржаў, візаванні пашпартоў усіх падданых замежных краін, што прыбывалі на тэр. БССР. У сувязі з падрыхтоўкай да Генуэзскай міжнар. канферэнцыі па эканам. і фін. пытаннях быў створаны дыпламат. саюз сав. рэспублік вакол РСФСР. 22.2.1922 у Маскве адбылося пасяджэнне паўнамоцных прадстаўнікоў РСФСР, Украіны, Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Бухары, Далёкаўсх. Рэспублікі і Харэзма. На ім быў падпісаны пратакол, паводле якога РСФСР упаўнаважвалася прадстаўляць і абараняць на канферэнцыі інтарэсы ўсіх сав. рэспублік, падпісваць ад іх імя дагаворы і інш. акты з замежнымі дзяржавамі. Ад імя БССР пратакол падпісаў старшыня ЦВК і СНК БССР, нарком замежных спраў Чарвякоў.

Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 прадугледжвалася ўстанаўленне дыпламат. адносін паміж РСФСР, УССР і БССР з аднаго боку і Польшчай — з другога. Дыпламат. адносіны паміж БССР і Польшчай былі ўстаноўлены пасля прызнання апошняй Саюза ССР. Пасол СССР у Польшчы па сумяшчальніцтве з’яўляўся і паслом БССР у гэтай краіне. У лют. 1924 у Мінску было адкрыта польскае ген. консульства. Другой дзяржавай капіталіст. свету, якая прызнала БССР дэ-юрэ, была Германія. 5.11.1922 упаўнаважаныя ўрадаў 6 сав. рэспублік, у т. л. БССР, і прадстаўнік урада Германіі падпісалі ў Берліне Дагавор аб пашырэнні Рапальскага дагавора паміж РСФСР і Германіяй ад 16.4.1922 на адпаведныя сав. рэспублікі. Рэйхсканцлер Германіі І.​Вірт пры падпісанні Берлінскага дагавора заявіў паўнамоцнаму прадстаўніку РСФСР у Германіі М.​М.​Красцінскаму, што Германія прызнае БССР і ўстанаўлівае з ёй дыпламат. і консульскія адносіны да ратыфікацыі дагавора. БССР падтрымлівала адносіны, заснаваныя на прызнанні дэ-факта, з Латвіяй, Літвой, Эстоніяй, Аўстрыяй, Чэхаславакіяй, Турцыяй, Італіяй, Англіяй. Рэспубліка асобна ці разам з РСФСР і УССР заключыла ў 1921—23 12 міжнар. пагадненняў, у т. л. пагадненні з Эпідэмічнай камісіяй Лігі Нацый, санітарныя канвенцыі з Латвіяй, Эстоніяй і Польшчай. У снеж. 1922 дэлегацыя БССР прымала ўдзел у Маскоўскай канферэнцыі па раззбраенні.

Уступленне БССР у Саюз ССР прадвызначыла пачатак новага этапа ў гісторыі бел. дзяржаўнасці, прывяло да істотнай змены месца і ролі знешнепаліт. функцый рэспублікі. Паводле Саюзнага дагавора прадстаўніцтва Саюза ў міжнар. зносінах пераходзіла ў рукі саюзных органаў. 23.7.1923 у сувязі з уступленнем у сілу Дэкларацыі і Дагавора аб утварэнні СССР нарком замежных спраў СССР Чычэрын накіраваў прадстаўнікам усіх дзяржаў, акрэдытаваных у СССР, ноты з паведамленнем аб перадачы НКЗС СССР права на вядзенне ўсіх міжнар. зносін ад імя Саюза ССР. 12.9.1923 старшыня ЦВК і СНК, нарком замежных спраў БССР Чарвякоў выступіў з заявай аб перадачы ўраду СССР паўнамоцтваў БССР на вядзенне ўсіх яе міжнар. спраў, у т. л. на ажыццяўленне знешнегандл. зносін, мытнай справы, кіраванне шляхамі зносін, поштай і тэлеграфам, заключэнне канцэсійных дагавораў. 30.11.1923 Прэзідыум ЦВК БССР прыняў пастанову аб рэарганізацыі цэнтр. устаноў БССР, паводле. якой НКЗС БССР быў пераўтвораны ва Упраўленне ўпаўнаважанага НКЗС СССР у Беларусі (пазней — пры СНК БССР) з перадачай яму спраў, маёмасці і архіва б. НКЗС Беларусі. Такой жа рэарганізацыі падлягалі Упраўленне ўпаўнаважанага Нар. камісарыята знешняга гандлю РСФСР пры СНК БССР (Белзнешгандаль) і інш. ўпраўленні, створаныя ў 1921. 8.11.1923 нарком замежных спраў СССР Чычэрын зацвердзіў паўнамоцтвы ўпаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР М.​П.​Ітві (Падгорнава), які з 1922 працаваў нам. наркома замежных спраў БССР. 18.1.1924 Прэзідыум ЦВК БССР зацвердзіў Палажэнне аб правах і абавязках упаўнаважанага НКЗС СССР пры ўрадзе саюзнай рэспублікі. У пач. 1930-х г. Упраўленне ўпаўнаважанага НКЗС СССР пры СНК БССР фактычна спыніла сваю дзейнасць. У першыя гады пасля стварэння СССР працягвалі сваю працу дыпламат. ’прадстаўнікі БССР за мяжой. Саветнікам па справах БССР (у рангу аташэ) пры пасольстве СССР у Польшчы, пазней в.а. савецкага пасла быў А.​Ф.​Ульянаў. У пачатку 1930-х г. першым саветнікам, в.а. паўнамоцнага прадстаўніка СССР у Польшчы быў прадстаўнік БССР Ф.​А.​Браўковіч.

У 1920-я — пач. 1930-х г. актыўна развіваліся гандлёва-эканам. сувязі БССР з замежнымі краінамі. За 1922—32 экспарт рэспублікі павялічыўся з 3207 тыс. руб. да 24 800 тыс. руб. (больш чым у 7 разоў). Па тэмпах росту экспарту БССР выйшла на адно з першых месц сярод саюзных рэспублік. Больш чым у 5 разоў вырасла наменклатура вывозімых тавараў. Імпарт павялічыўся з 1205 тыс. руб. у 1922 да 6360 тыс. руб. у 1929 (амаль у 6 разоў), аб’ём тавараабароту — з 4412 тыс. руб. да 26 960 тыс. руб. (больш чым у 6 разоў). Экспартна-імпартныя аперацыі характарызаваліся станоўчым сальда гандл. балансу, якое з 2002 тыс. руб. у 1922 вырасла да 14 240 тыс. руб. у 1929 (больш чым у 7 разоў). У знешнегандл. аперацыях БССР удзельнічалі 14 краін свету, у т. л. асноўныя краіны зах. Еўропы, ЗША, Кітай, Іран, Афганістан. У экспарце пераважалі прадукты жывёлагадоўлі, тэхн. культуры, лесаматэрыялы і прадукты дрэваапрацоўкі. Доля БССР у агульнасаюзным экспарце ў канцы 1920-х г. была невялікая (менш за 1,5%), аднак у вывазе некаторых тавараў яна адыгрывала даволі значную ролю (шчаціна, пянька, лён). У 1919—24 БССР атрымала 2732 тыс. долараў ЗША, ці 4,5%, з 63 млн. долараў дапамогі па лініі Амерыканскай адміністрацыі дапамогі (АРА), накіраванай у СССР, у т. л. 18,5% амерыканскіх пасылак з харчаваннем і вопраткай коштам 1069 тыс. долараў. Пасля спынення дзейнасці АРА праграмы забеспячэння харчаваннем і мед. дапамогі насельніцтву БССР працягваліся амерыкана-яўрэйскім аб’яднаным размеркавальным к-там (Джойнт) і Нац. лютэранскім саветам ЗША. У 1920-я г. адбываўся працэс станаўлення і развіцця міжнар. культурных і навук. сувязей БССР. Устанаўліваліся асабістыя кантакты бел. пісьменнікаў і вучоных (Я.​Купалы, Я.​Коласа, Ц.​Гартнага, У.​Пічэты) з замежнымі калегамі. Пачалося знаёмства замежных чытачоў з бел. маст. л-рай. Вядомыя замежныя пісьменнікі і вучоныя Я.​Райніс, М.​Залка, П.​Ваян-Куцюр’е, З.​Неедлы, Г.​Зэгерс і інш. наведалі Беларусь. У кастр. 1926 створана Т-ва культурнай сувязі Сав. Беларусі з заграніцай. Найб. цесныя сувязі падтрымліваліся з грамадскасцю Польшчы, Чэхаславакіі, краін Балтыі.

Літ.:

Воронка И.Я. Белорусский вопрос к моменту Версальской мирной конференции: Ист.-полит. очерк. Ковна, 1919;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;

История государства и права Белорусской ССР. Т. 1. 1917—1936 гг. Мн., 1970;

Иностранная военная интервенция в Белоруссии (1917—1920). Мн., 1990;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Валаціч М. Лінія Керзана на фоне падзей і тэрытарыяльных змен ва Усходняй Еўропе // Спадчына. 1993. №5;

Кавалёва Л.А. Узнікненне і дзейнасць НКЗС БССР // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1993. № 1;

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларускай ССР (1919—1929 гг.) // Бел. гіст. часоп. 2001. № 3;

Знешняя палітыка Беларусі: Зб. дак. і матэрыялаў. Т. 1—3. Мн., 1997—2000;

Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня;

Нью-Ёрк; Мн.;

Прага, 1998;

Паўлава Т.Я. Вытокі дыпламатыі БНР // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №3;

Яе ж. Знешнепалітычная дзейнасць і дыпламатыя БНР у 1918 г. // Бел. гіст. часоп. 2000. №1;

Тихомиров А.В. Брестский мир 1918 г. и Беларусь // Бел. журн. междунар. права и междунар. отношений. 1999. №2;

Яго ж. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мн., 2003;

Рудовіч С. Час выбару: Праблема самавызначэння Беларусі ў 1917 г. Мн., 2001;

Рыжскі мірны дагавор і лёсы народаў Усходняй Еўропы. Мн., 2001;

Цынкевіч В.М. Пытанне становішча беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы на міжнароднай арэне ў 1921—1939 гг. // Весн. БДУ. Сер. 3. 2002. № 1;

Яго ж. Беларуска-польскія гандлёва-эканамічныя сувязі ў 1923—1939 гг. // Бел. журн. междунар. права і междунар. отношений. 2002. №2;

Яго ж. Усталяванне беларуска-польскіх эканамічных і гандлёвых сувязей у 1921—1922 гг. // Весн. БДУ. Сер. 3. 2003. №3;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). 2 изд. Мн., 2003;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: станаўленне дзяржаўнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 18, кн. 2, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУСЬ У ПЕРЫЯД ГРАМАДЗЯНСКАЙ ВАЙНЫ І ВАЕННАЙ ІНТЭРВЕНЦЫІ 1918—20

Перамога ўзбр. паўстання ў Петраградзе 25.10(7.11).1917 і звяржэнне Часовага ўрада абвастрылі класавыя супярэчнасці ў Расіі. II Усерас. з’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў 25—27.10(7—9.11). 1917 абвясціў пераход усёй улады да Саветаў, утварыў Часовы рабоча-сял. ўрад — Савет Нар. Камісараў (СНК) на чале з У.​І.​Леніным, прыняў дэкрэты аб міры і аб зямлі. Ні ў адным з прынятых з’ездам дэкрэтаў пабудова сацыялізму не абвяшчалася як першачарговая мэта; стаўка рабілася на сусв. пралетарскую рэвалюцыю. Лідэры бальшавікоў не былі ўпэўнены, што здолеюць утрымаць уладу, калі рабочыя іншых краін не прыйдуць ім на дапамогу і не ўзнімуць паўстанні супраць сваіх урадаў. Перыяд з кастр. 1917 да сак. 1918 Ленін назваў трыумфальным шэсцем сав. улады. Ён характарызаваўся хуткім устанаўленнем амаль на ўсёй тэр. б. Рас. імперыі сав. улады, якая абапіралася на пралетарыят і бяднейшыя слаі сялянства, г.зн. на актыўную частку насельніцтва. У такім выпадку непазбежнай была рэв. дыктатура, якая, на думку бальшавіцкага кіраўніцтва, павінна была абараніць інтарэсы працоўнага народа. Такая дыктатура ажыццяўлялася партыяй бальшавікоў па меры паглыблення супрацьстаяння класавых і паліт. сіл.

25.10(7.11).1917 выканком Мінскага Савета, якім кіравалі бальшавікі, выдаў загад № 1 «Да насельніцтва гор. Мінска і ваколіц», у якім заявіў пра пераход улады да Саветаў. 27.10(9.11).1917 утвораны Ваенна-рэв. к-т Зах. фронту (ВРК), які абвясціў сябе ўладаю на тэр. Беларусі і Зах. фронту. Антыбальшавіцкія сілы ў сваю чаргу арганізавалі К-т выратавання Радзімы і рэвалюцыі, што стаў альтэрнатывай бальшавіцкаму органу ўлады. Яго дзеянні падтрымала Вял. бел. рада (ВБР). Паміж гэтымі к-тамі разгарнулася барацьба за ўладу. У паліт. барацьбе бальшавікі зрабілі стаўку на салдат Зах. фронту. 27.10(9.11).1917 Паўн.-Зах. абл. к-т РСДРП(б) накіраваў сваіх упаўнаважаных у к-т 2-й арміі для перакідкі ў Мінск вайск. часцей, зрабіў спробу ўцягнуць у барацьбу з К-там выратавання рэвалюцыі гар. міліцыю. Бальшавіцкая фракцыя к-та 2-й арміі дамаглася адпраўкі ў Мінск атрадаў салдат, бронемашын і браняпоезда пад камандаваннем В.​А.​Пралыгіна. 2(15).11.1917 у Мінску ўсталявалася сав. ўлада. 3(6).11.1917 ВРК Зах. фронту выдаў загад з патрабаваннем выконваць толькі распараджэнні СНК і Петраградскага ВРК. 4(17).11.1917 распушчаны К-т выратавання рэвалюцыі, а яго старшыня Т.​М.​Калатухін арыштаваны; арыштаваны таксама камісар Зах. фронту В.​А.​Жданаў; за адмову выконваць распараджэнні сав. ўрада з пасады змешчаны галоўнакаманд. Зах. фронтам ген. П.​С.​Балуеў. ВРК прыняў шэраг мер: былі закрыты газеты ліберальнага кірунку, устаноўлены кантроль над выданнямі эсэраў, меншавікоў, нац.-дэмакр. партый, тэлеграфам і інш. Барацьба за ўстанаўленне сав. улады на Беларусі ўскладнялася дзеяннямі Стаўкі Вярх. галоўнакамандуючага. 26.10(8.11).1917 яна звярнулася да арміі з заклікам выступіць супраць бальшавікоў. Прадстаўнікі кадэтаў, правых эсэраў, меншавікоў і інш. дэмакр. партый 4—11(17—24).11.1917 зрабілі спробу стварыць пры Стаўцы агульнарас. ўрад на чале з лідэрам эсэраў В.​М.​Чарновым. 7(20).11.1917 Стаўка прыняла план адпраўкі войск у Петраград і Маскву на дапамогу керанска-красноўскаму мяцяжу, а пасля яго разгрому спрабавала сабраць войскі ў раёне г. Луга для наступлення на Петраград. Сав. ўрад распачаў барацьбу са Стаўкай. Ген. М.​М.​Духонін быў зняты з пасады в.а. Вярх. галоўнакамандуючага. З Петраграда ў Магілёў накіраваны атрады салдат Маск. палка, матросаў Балт. флоту і чырвонагвардзейцаў на чале з С.​Д.​Паўлавым, з Зах. фронту — атрады пад камандаваннем Р.​І.​Берзіна і Я.​Лысякова. 20.11(3.12).1917 сав. войскі на чале з М.​В.​Крыленкам захапілі Стаўку. Падавіўшы супраціўленне антыбальшавіцкіх сіл, бальшавікі ў канцы ліст. 1917 умацавалі сваю ўладу на ўсёй неакупіраванай тэр. Беларусі. З’езд Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў Зах. вобласці, 3-і з’езд Саветаў сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., 2-і з’езд армій Зах. фронту, што праходзілі 20—23.11(3—6.12). 1917, выбралі выканкомы і франтавы к-т, на аснове якога 26.11(9.12).1917 разам з прадстаўнікамі прафсаюзаў быў абраны вышэйшы орган улады — Абл. Выканаўчы к-т Саветаў рабочых, салдацкіх і сял. дэпутатаў Зах. вобласці і фронту (Аблвыкамзах). Выканком Савета стварыў абл. выканаўчы орган — Савет Нар. Камісараў (СНК) Зах. вобласці і фронту. Гэтымі рашэннямі быў пацверджаны адм.-гасп. статус Беларусі (Зах. вобласці) у межах Сав. Расіі. Устанаўленне сав. улады на Беларусі і Зах. фронце прайшло бяскроўна. Аднак паліт. становішча заставалася напружаным.

У выніку Кастр. рэвалюцыі супраціўленне апазіцыйных класаў і грамадскіх груп выяўлялася ў розных, у т. л. ваенных, формах. Становішча ў Сав. Арміі абвастрыла барацьбу сацыяліст., анархічных, ліберальна-дэмакр., рэакцыйна-манархічных сіл за адваяванне ўлады і ўмацаванне сваіх класавых прыярытэтаў. Сітуацыя ўскладнялася тым, што краіна знаходзілася ў стане вайны з Германіяй.

Брэсцкі мірны дагавор. Акупацыя Беларусі германскімі войскамі. У сувязі з адмовай дзяржаў Антанты ад мірных перагавораў сав. ўрад вырашыў пачаць сепаратныя перагаворы з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй. 2(15).12.1917 падпісана пагадненне аб перамір’і, а 9(22) снеж. ў Брэст-Літоўску пачаліся мірныя перагаворы. Герм. дэлегацыя адмовілася заключыць дэмакр. мір і 10.2.1918 паставіла ультыматыўныя патрабаванні, паводле якіх анексіравалася значная частка тэр. сав. краіны, у т. л. большая частка Беларусі. Выкарыстаўшы адмову кіраўніка сав. дэлегацыі Л.​Д.​Троцкага падпісаць мірны дагавор на тых умовах, герм. камандаванне 16.2.1918 афіцыйна заявіла пра спыненне перамір’я і аднаўленне ваен. дзеянняў. 18.2.1918 больш за 50 герм. і аўстра-венгерскіх дывізій пачалі наступленне на ўсім рас.-герм. фронце ад Балт. мора да Карпат. На Беларусі (цэнтр. напрамак) дзейнічалі войскі 10-й арміі (11 пях. дывізій) і 6 кав. палкоў, а таксама часці з групы армій ген.-палк. А.​Лізінгена. Ім ставілася задача разбіць войскі Зах. фронту, выйсці да «Смаленскіх варот» (у міжрэчча Дняпра і Зах. Дзвіны), заняць Оршу, Жлобін, перарваць зносіны паміж паўд. і паўн. Расій па чыгунцы Кіеў—Петраград і тым самым стварыць пагрозу захопу Масквы. Дэзарганізаваная рас. армія адступала ў беспарадку. Дапаможную ролю выконваў 1-ы польскі корпус Ю.​Р.​Доўбар-Мусніцкага, які 20.2.1918 заняў Мінск, пакінуты бальшавікамі. 21.2.1918 герм. войскі ўступілі ў Мінск. У той жа дзень СНК РСФСР прыняў дэкрэт-адозву «Сацыялістычная Айчына ў небяспецы!». У яе падтрымку галоўнакаманд. Зах. фронтам А.​Ф.​Мяснікоў 23.12.1918 выдаў (у Смаленску) загад аб стварэнні партыз. атрадаў па ўсёй лініі фронту (у раёнах Полацка, Оршы, Магілёва, Быхава, Жлобіна, Гомеля, Мазыра, Калінкавічаў), якія ўдзельнічалі ў баях супраць наступаючых герм. войск. Іх дзеянні каардынаваў Вярх. ваен. савет па вядзенні партыз. вайны, створаны ў лют. 1918. Партыз. атрады фарміраваліся ў асн. з мясц. сялян, іх камандны састаў складаўся гал. ч. з камуністаў і левых эсэраў. На Беларусі сав. войскі складалі 2 фронты: Зах. (каманд. Мяснікоў) абараняў Віцебск, Оршу, Магілёў, Быхаў, Рагачоў; Зах. па барацьбе з контррэвалюцыяй (каманд. Р.​І.​Берзін) абараняў Жлобін, Калінкавічы, Гомель, прыкрываў камунікацыі на Бранск і Бахмач. Да 27.2.1918 наступленне герм. часцей спынена каля Полацка і Віцебска; на інш. участках фронту сав. войскі працягвалі адыход: 24 лют. яны пакінулі Калінкавічы, 27 — Жлобін, 28 — Рагачоў і Рэчыцу, 1 сак. — Гомель, 3 — Оршу, 5 — Магілёў. У пач. сак. 1918 наступленне герм. войск спынілася на лініі Полацк—Орша—Магілёў—Гомель. Больш за ​3/4 тэр. Беларусі апынуліся пад уладай герм. акупантаў; яе паўд. частка (большасць Пінскага, Рэчыцкага, Мазырскага і частка Гомельскага пав.) была далучана да гетманскай Украіны. I толькі ва ўсх. паветах Віцебскай і Магілёўскай губ. захавалася сав. ўлада. Інтэрвенцыя Германіі звузіла паліт. базу сав. улады, змяніла суадносіны паліт. сіл на акупіраванай тэрыторыі, адштурхнула левых эсэраў ад супрацоўніцтва з камуністамі.

Сав. ўрад працягваў намаганні па найхутчэйшым заключэнні міру. 3.3.1918 у Брэсце падпісаны мірны дагавор на вельмі цяжкіх умовах, навязаных Герм. кааліцыяй. Тэкст дагавора ва ультыматыўнай форме быў прадыктаваны прадстаўнікамі Герм. кааліцыі і падпісаны без абмеркавання. Брэсцкі мір быў несправядлівы і грабежніцкі, а яго вынікі — цяжкія для насельніцтва Беларусі, якое апынулася пад ням. акупацыяй. Герм. ўрад акупацыю Беларусі ўспрымаў толькі як заклад пад ваен. кантрыбуцыю, якую павінен быў выплаціць рас. бок. У адпаведнасці з дагаворам лёс акупіраваных абласцей павінен быў вырашацца Германіяй і Аўстра-Венгрыяй пасля заканчэння вайны. Беларусь у дагаворы выступала не як суб’ект міжнар.-прававых адносін, а толькі як аб’ект; яна не прызнавалася самастойным нац. рэгіёнам. Германія не была зацікаўлена ў прызнанні самастойнасці Беларусі, бо планавала яе паўн.-зах. землі ўключыць у склад сваёй тэрыторыі. У выніку Брэсцкага дагавора Сав. краіна панесла вял. страты, але выкарыстала мірную перадышку для арганізацыі абароны, а бальшавікі — для замацавання сваёй улады. Па ўсёй краіне фарміраваліся добраахвотныя часці Чырв. Арміі. У сак. 1918 быў створаны Вышэйшы ваен. савет, які для абароны зах. граніц Сав. Рэспублікі стварыў Зах. ўчастак атрадаў заслоны (ЗУАЗ).

З першых дзён ням. акупацыі падп. дзейнасць разгарнулі бальшавіцкія арг-цыі. 28.2.1918 у Мінску па ініцыятыве групы бальшавікоў адбыўся нелегальны сход, на якім выбраны Мінскі падп. к-т, рэарганізаваны ў крас. 1918 у Мінскі падп. раённы к-т РКП(б). У сакавіку створаны Палескі, у маі — Магілёўскі, у чэрв. 1918 — Гродзенскі падп. к-ты РКП(б). Падп. бальшавіцкія арг-цыі ўзніклі ў Бабруйску, Брэсце, Лунінцы, Пінску, Полацку, Вілейцы, Клецку. Дзейнасць камуніст. арг-цый на акупіраванай тэр. Беларусі каардынаваў Паўн.-Зах. абл. к-т РКП(б), які размяшчаўся ў Смаленску. Пад кіраўніцтвам бальшавікоў разгортвалася рэв. і вызв. барацьба, у авангардзе якой быў рабочы клас Беларусі. Вясной 1918 на заводах і фабрыках акупіраванай тэр. Беларусі пракацілася хваля забастовак і стачак. Напр., забастоўка гомельскіх чыгуначнікаў, аб’яўленая 15.7.1918 у знак салідарнасці з усеаг. забастоўкай чыгуначнікаў Украіны, перарасла ва ўзбр. сутычку; яе падтрымалі рабочыя Магілёва, Жлобіна, Рагачова і інш. Вясной 1918 адбыліся сял. выступленні ў Навагрудскім, Слуцкім, Быхаўскім, Рэчыцкім, Бабруйскім і інш. паветах. Ва ўмовах рэв. ўздыму ў тыле ням. войск пачалася ўзбр. партыз. барацьба. Вызв. рух патрабаваў каардынацыі дзеянняў. 1-я канферэнцыя Беларусі і Літвы (8—11.8.1918, Смаленск) выбрала камісію, якая разам з Паўн.-Зах. абл. к-там РКП(б) стварыла Краявы к-т камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, вызначыла гал. задачу падп. бальшавіцкіх арг-цый — стварэнне і ўмацаванне партыз. атрадаў, узбраенне рабочых і сялян з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання ў варожым тыле. Да восені 1918 баявыя дзеянні партызан разгарнуліся па ўсёй акупіраванай тэрыторыі. У Мінскім, Магілёўскім, Бабруйскім, Гомельскім, Рэчыцкім, Барысаўскім, Ігуменскім, Слуцкім, Быхаўскім пав. дзейнічала каля 100 партыз. атрадаў. У раёне Полацка супраць акупантаў змагалася амаль 13 тыс. партызан. Асабліва разгарнуўся партыз. рух у паўд. паветах Беларусі. Для аператыўнага кіраўніцтва партыз. атрадамі на З Палесся створаны Палескі паўстанцкі рэўком.

На неакупіраванай тэр. Беларусі найважнейшай задачай стала дапамога Чырв. Арміі, павышэнне баяздольнасці чырвонаармейскіх і інш. рэв. атрадаў. З гэтай мэтай у пач. крас. 1918 створана аператыўнае аб’яднанне атрадаў, куды ўвайшлі Віцебскі, Невельскі, Аршанскі, Рослаўскі, Смаленскі, Бранскі, Курскі атрады. На чале аб’яднання стаяў Ваен. савет, які ажыццяўляў кіраўніцтва ўсімі войскамі, што размяшчаліся ўздоўж дэмаркацыйнай лініі. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК ад 8.4.1918 створаны новы ваенна-адм. апарат: акр., губ., пав. і валасныя камісарыяты па ваен. справах. На неакупіраванай тэр. Беларусі былі ўтвораны 2 губ., 15 пав. і 139 валасных ваен. камісарыятаў. Дзякуючы іх дзейнасці ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. добраахвотнікамі ў Чырв. Армію запісалася больш за 30 тыс. рабочых і салдат, што склала 5 чырвонаармейскіх палкоў: імя Віцебскага Савета, Сенненскі нар. полк, 1-ы Мсціслаўскі нар. батальён, 1-ы рэв. полк Аршанскага Савета. Атрады Чырв. Арміі створаны таксама ў Чавускім, Чэрыкаўскім, Быхаўскім і інш. паветах.

На захопленай ням. акупантамі тэрыторыі значна актывізаваўся бел. нац. рух. Акупац. ўлады забаранілі дзейнасць партый і грамадскіх арг-цый, што стаялі на платформе сав. улады, затое дазволілі дзейнасць Саюза зямельных уласнікаў, клерыкальных арг-цый, розных партый ліберальнай арыентацыі. Бел. нац. партыі сацыяліст. кірунку [Бел. сацыяліст. грамада (БСГ) і інш.], хоць і не былі забаронены, аднак не мелі падтрымкі з боку акупац. улад. Такія ж адносіны ўсталяваліся з эсэрамі, меншавікамі, яўр. нац. сацыялістамі. Акупац. адміністрацыя аднавіла прыватную ўласнасць на зямлю, вярнула памешчыкам іх маёнткі і зямельныя ўладанні. Такую палітыку варожа сустрэла бел. сялянства, якое паступова ператваралася ў моцны фактар нац.-вызв. барацьбы бел. народа супраць герм. акупантаў.

Абвяшчэнне БНР. Яшчэ да эвакуацыі з Мінска ў Смаленск Выканкома і СНК Зах. вобласці і фронту (выехалі 19 лют.) кіраўніцтва вядучых бел. нац. партый (БСГ і інш.) імкнулася ўзяць у свае рукі ўладу. Зрабіць гэта меркавалася яшчэ да захопу Мінска герм. войскамі (да 21.2.1918). Такія абставіны не мог не ўлічваць Выканком Рады Усебел. з’езда, які быў утвораны пасля разгону з’езда бальшавікамі [18(31).12.1917] і выступаў як кіруючы цэнтр бел. нац. руху. Выканком Рады Усебел. з’езда 19.2.1918 выдаў загад №1, дзе гаварылася, што ён узяў уладу ў свае рукі. Прызначаны Выканкомам новы камендант Мінска К.​Б.​Езавітаў 20.2.1918 выдаў загад № 1 па гарнізоне аб тым, што ням. армія павінна ўбачыць спакойнае мірнае насельніцтва, якое не жадае вайны.

У п. 2 загаду гаварылася пра ўвядзенне ваен. становішча. 21.2.1918 Выканком Рады Усебел. з’езда звярнуўся да народаў Беларусі з 1-й Устаўнай граматай, у якой адзначалася: «Радзімая старонка наша апынулася ў новым цяжкім становішчы... Мы стаім перад тым, што край наш можа быць заняты нямецкімі войскамі». 1-я Устаўная грамата заклікала бел. народ здзейсніць сваё права на «поўнае самавызначэнне», а нац. меншасці — на нац.-персанальную аўтаномію. У гэтым дакуменце Выканком абвясціў пра стварэнне ім 20 лют. ўрада — Нар. сакратарыята Беларусі (старшыня Я.​Варонка) — часовага выканаўчага органа нар. улады ў краі. 9.3.1918 Выканком на сваім пасяджэнні прыняў 2-ю Устаўную грамату да народаў Беларусі. Гэтым актам Беларусь абвяшчалася Бел. Нар. Рэспублікай (БНР). 1-я і 2-я Устаўныя граматы БНР з’явіліся першымі пастановамі Выканкома, у якіх утрымліваліся асн. прынцыпы, што тычыліся ўладкавання абвешчанай рэспублікі, яе тэрыторыі, правоў і свабод грамадзян, форм уласнасці (адмена прыватнай уласнасці на зямлю і бязвыплатная перадача яе тым, хто апрацоўвае). Формы ўзаемаадносін БНР з Расіяй і інш. дзяржавамі не абумоўліваліся. 18.3.1918 Выканком рэарганізаваны ў Раду (старшыня Я.​Серада). Вясной 1918 на акупіраванай тэр. Беларусі ініцыятыва перайшла да БСГ, якая паслядоўна выступала за стварэнне нац. дзяржаўнасці. Не адмаўляючы сацыяліст. выбару, БСГ імкнулася закласці дэмакр. асновы бел. незалежнай дзяржавы. 19.3.1918 Рада БНР прыняла закон «Аб вярхоўнай уладзе Беларускай народнай рэспублікі», які замацоўваў за ёй функцыі заканадаўчага органа.

25.3.1918 Рада па ініцыятыве фракцыі БСГ прыняла 3-ю Устаўную грамату, якой абвяшчалася незалежнасць БНР у этнагр. межах пражывання беларусаў. Дэкларуючы поўную самастойнасць і незалежнасць БНР, Рада спрабавала рэалізаваць яе дзярж. суверэнітэт пры падтрымцы знешніх сіл. Аднак гэта імкненне поўнасцю не было рэалізавана. Знешні фактар складаўся не на карысць Рады БНР.

Ва ўмовах вайны з Германіяй і распачатай грамадз. вайны ў Расіі ўрады краін Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці ў БНР, не жадаючы пазбаўляць сябе адчыненай брамы для інтэрвенцыі ў Сав. Расію. Афіц. ням. ўлады ў Берліне таксама разглядалі Беларусь як частку Расіі. Сав. ўрад заняў відавочна адмоўную пазіцыю да БНР як суверэннай і незалежнай дзяржавы. Адносіны да дзеянняў Рады БНР былі сфармуляваны ў Дэкларацыі «Да беларускіх рабочых і сялян», прынятай 14.4.1918 2-м з’ездам Саветаў Зах. вобласці, у якой абвяшчэнне незалежнасці БНР кваліфікавалася як контррэв. акцыя, а тыя, хто дамагаўся рэалізацыі яе дзярж. суверэнітэту, — як «ворагі савецкай сацыялістычнай улады». На гэтым этапе гал. зместам тактыкі бальшавікоў заставаліся сілавыя прыёмы барацьбы супраць бел. нац.-дэмакр. партый. Бальшавікі не ішлі на згоду нават з левымі групоўкамі і плынямі бел. паліт. руху, бо лічылі іх патэнцыяльнай апазіцыяй. БНР у поўным аб’ёме з’яўлялася толькі зародкам дзярж. ўтварэння, так і не змагла ажыццявіць свае прадстаўнічыя паўнамоцныя функцыі. Нягледзячы на тое, што ў асобе Рады БНР і Нар. сакратарыята была створана пэўная паліт. структура, якая выступала як заканадаўчая і выканаўчая ўлада, яна не мела сістэмы органаў улады на месцах (на губ., пав. і валасных узроўнях). У выніку БНР не магла ажыццявіць сваю юрысдыкцыю на тэрыторыі, дзе яна была абвешчана.

У адносінах да бел. паліт. руху герм. ваен. камандаванне праводзіла асцярожную палітыку. Не выступаючы супраць акцыі абвяшчэння незалежнасці БНР, яно было стрыманым у адносінах з Радай і Нар. сакратарыятам, таму што ў іх складзе пераважалі прадстаўнікі сацыяліст. партый. Адкрыта яно падтрымлівала толькі Мінскае бел. нар. прадстаўніцтва — аб’яднанне ліберальна-бурж. і памешчыцкіх арг-цый (Бел. хрысціянская дэмакратыя, Бел. правасл. саюз, Бел. саюз зямельных уласнікаў, Бел. нар. партыя і інш.), якое выступала канкурэнтам БСГ у барацьбе за ўладу. Герм. акупац. адміністрацыя стрымлівала вырашэнне найважнейшых пытанняў — перадачу Радзе грамадз. улады на акупіраванай тэр. Беларусі, стварэнне ўзбр. сіл БНР і інш. Тым не менш герм. ваен. камандаванне шукала згоды з кіраўнікамі БНР. 27.3.1918 была аб’яўлена Дэкларацыя, у якой прызнаваліся ўсе краявыя структуры ўлады. Ім перадаваліся некаторыя адм. функцыі. Рада атрымлівала поўную самастойнасць у галіне мясц. гандлю, прамысловасці, аховы грамадскага парадку. Для рэгулявання адносін насельніцтва і акупац. улад герм. камандаванне дало згоду на ўтварэнне груп бел. дарадчыкаў пры павятовых камендатурах. Таму Рада БНР вымушана была пайсці на крайні крок — 25.4.1918 накіравала тэлеграму герм. кайзеру Вільгельму II, у якой заявіла пра гатоўнасць «дасягнення дзяржаўнай незалежнасці ў саюзе з Германскай імперыяй». Гэта выклікала востры паліт. крызіс і хвалю пратэстаў у розных колах бел. грамадства. Рост супраціўлення насельніцтва ням. акупац. рэжыму паскорыў паліт. размежаванне ў Радзе БНР. Летам 1918 яе пакінулі рас. эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты. Супярэчнасці ва «ўрадавым лагеры» прывялі да расколу БСГ і ўтварэння новых партый — Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р), Бел. с.-д. партыі (БСДП), Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф). Агульнарас. дэмакр. партыі (меншавікі, эсэры), яўр. сацыялісты вялі прапагандысцкую работу ў прафсаюзах, выступалі ў якасці апазіцыі да акупац. адміністрацыі (арганізацыя дэманстрацый, мітынгаў і забастовак рабочых). 1.5.1918 у Мінску адбылася дэманстрацыя рабочых, а на прадпрыемствах Гомеля, Рэчыцы, Мазыра і інш. гарадоў — сходы і мітынгі, на якіх прымаліся рэзалюцыі з асуджэннем акупац. палітыкі. Летам 1918 забастоўкі адбыліся на прадпрыемствах Мінска, Гомеля, Барысава, Бабруйска. 15.7.1918 пачалася 2-тыднёвая забастоўка салідарнасці гомельскіх чыгуначнікаў з чыгуначнікамі Украіны, у выніку чаго зменшылася магчымасць перакідваць войскі з Германіі, вывозіць з Беларусі нарабаваныя прадукты і матэрыяльныя каштоўнасці. Бальшавікі вымушаны былі некалькі змяніць свае адносіны да меншавікоў, эсэраў і нац.-дэмакр. партый сацыяліст. арыентацыі. Гэта выявілася ў рашэннях 6-й Паўн.Зах. канферэнцыі РКП(б) (4.6.1918, Смаленск). Падп. камуніст. к-там рэкамендавалася падтрымліваць імкненне левых груп гэтых партый да збліжэння з сав. уладай, іх заклікалі да актыўнай барацьбы супраць герм. акупантаў.

Паўн.-Зах. абл. к-т РКП(б) выступіў у ліп. 1918 з ініцыятывай стварэння каардынуючага цэнтра па кіраўніцтве партыз. рухам, зацвердзіў «План арганізацыі партызанскіх дзеянняў у тыле германскіх войск», паводле якога ўся акупіраваная тэрыторыя падзялялася на 12 зон дыслакацыі і баявых аперацый партыз. атрадаў. Да жн. 1918 большасць партыз. атрадаў на тэр. Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай губ. знаходзіліся пад сумесным кантролем камуністаў і левых эсэраў. Аднак пасля антыбальшавіцкага выступлення левых эсэраў у Маскве ў ліп. 1918 (на Беларусі такія выступленні адбыліся ў Оршы і Сянне) РКП(б) узяла курс на адхіленне іх ад кіраўніцтва партыз. рухам і пачала ўстанаўліваць свой кантроль над партыз. атрадамі ўсх. Беларусі. Партыя бел. эсэраў, значна пашырыўшы свой уплыў на сял. масы, з лета 1918 стала ўстанаўліваць кантроль над партыз. атрадамі ў Мінскай і Гродзенскай губ. З мэтай стварэння адзінага каардынуючага цэнтра дзеянняў партыз. атрадаў па прапанове Паўн.-Зах. абл. к-та была склікана канферэнцыя камуніст. арг-цый акупіраваных тэр. Беларусі і Літвы (44 дэлегаты ад 300 парт. арг-цый), якая праходзіла 8—11.8.1918 у Смаленску. Яна абрала Краявы к-т камуніст. арг-цый Беларусі і Літвы, які зрабіў стаўку на падрыхтоўку ўзбр. паўстання ў тыле герм. войск, чым пацвердзіў рашэнне 1-й падп. канферэнцыі Мінскага р-на (5.6.1918). Гэту ўстаноўку падтрымалі бальшавіцкія падп. канферэнцыі Палескага р-на, Гомельскага, Бабруйскага, Магілёўскага, Рагачоўскага, Ігуменскага, Барысаўскага і інш. паветаў. Да восені 1918 на Беларусі разгарнуўся шырокі партыз. рух. Толькі на тэр. Магілёўскага, Барысаўскага, Бабруйскага, Мінскага, Рэчыцкага, Слуцкага пав. дзейнічала каля 100 атрадаў на чале з Л.​Я.​Адзінцовым, В.​А.​Аляшкевічам, А.​М.​Ільіным, А.​М.​Крыніцкім, І.​С.​Кузьмічом, М.​А.​Ляўковым, А.​Р.​Салаўём, П.​М.​Серабраковым, А.​С.​Славінскім, Ш.​Ш.​Ходашам і інш. У Бабруйскім пав. была ўтворана т.зв. Рудабельская рэспубліка. Значны размах партыз. рух набыў на Палессі, дзе яго каардынаваў Палескі рэўком. Партызаны нападалі на склады, абозы, гарнізоны, учынялі дыверсіі на чыгунцы. Эфектыўна дзейнічалі партызаны і ў зоне Зах. ўчастка атрадаў заслоны (ЗУАЗ), створанага 29.3.1918 для абароны дэмаркацыйнай лініі на зах. стратэгічным напрамку ад магчымага ўварвання герм. войск у глыб Сав. Расіі. Загадам Рэўваенсавета РСФСР 11.9.1918 ЗУАЗ пераўтвораны ў Зах. раён абароны. Курс бальшавікоў на ўзбр. паўстанне не быў рэалізаваны, бо ён быў задуманы пераважна з мэтай не дапусціць раду БНР да ўлады. Бел. нац. дэмакр. партыі выступалі за мірны пераход улады да Рады БНР, і гэта іх пазіцыя паўплывала на фракцыйную барацьбу ў Радзе. Прыход ва ўрад БНР левацэнтрысцкіх сіл (сацыял-дэмакратаў і сацыялістаў-федэралістаў) не здолеў змяніць паліт. арыентацыі Рады БНР на супрацоўніцтва з герм. акупац. адміністрацыяй. Гэта вымусіла кіраўніцтва партыі бел. эсэраў перагледзець тактыку і перайсці да ўзбр. супраціўлення акупантам. У кастр. 1918 ЦК БПС-Р выдаў 2 адозвы: «Час прабіў — далей чакаць нельга» і «Што рабіць», — у якіх заклікаў бел. сялян, рабочых і нар. інтэлігенцыю правесці па ўсёй тэр. Беларусі выбары ў мясц. органы ўлады — валасныя, пав. і губ. рады і перадаць ім усю ўладу, заявіў пра неабходнасць склікаць 2-і Усебел. з’езд, які б ад імя бел. народа замацаваў незалежнасць БНР. Такія памкненні БПС-Р былі адхілены Паўн.-Зах. абл. к-там РКП(б), які прыняў рашэнне пра падаўленне паліт. ініцыятывы бел. эсэраў. Аналагічную пазіцыю адносна дэмакр. партый (эсэраў, меншавікоў, яўр. сацыялістаў) займалі бальшавікі і на сав. тэр. Беларусі (Зах. вобласць). Паводле рашэння ВЦВК ад 14.6.1918 з Саветаў Беларусі былі выключаны эсэры, меншавікі, яўр. сацыялісты і інш. У рэальнай палітыцы бальшавікоў з лета 1918 усё больш замацоўвалася левакамуніст. мадэль сацыялізму, якая фактычна арыентавалася на ўстанаўленне ў краіне аднапарт. сістэмы. Яна паступова трансфармавалася ў палітыку «ваеннага камунізму», пабудаваную на ідэі сац. роўнасці, метадах прамога прымусу. На сав. тэр. Беларусі пасля нацыяналізацыі ўсёй прамысловасці летам 1918 нацыяналізаваны чыгункі, прыватныя і каап. банкі, да восені ліквідаваны прыватны гандаль, і ўся сістэма размеркавання перайшла ў рукі дзяржавы.

27.8.1918 кайзераўскі ўрад падпісаў з урадам РСФСР Дадатковы дагавор, паводле якога герм. войскі абавязваліся пакінуць частку тэр. Беларусі да р. Бярэзіна. У ліст. 1918 у выніку паражэння аўстра-герм. блоку ў 1-й сусв. вайне і рэвалюцыі ў Германіі сав. ўрад ануляваў Брэсцкі дагавор, і бальшавіцкія войскі па меры адыходу герм. войск паступова сталі займаць тэр. Беларусі. Бел. нац.-дэмакр. партыі з улікам скарэкціраванай тактыкі выступілі пад лозунгам барацьбы супраць двух акупантаў — Германіі і Расіі. У кааліцыі гэтых партый кіруючая роля належала бел. эсэрам. ЦК БПС-Р заявіў, што незалежнасці БНР можна дасягнуць, толькі абапіраючыся на «ўласныя сілы беларускага народа», і сфармуляваў ідэю «трэцяй сілы» ў бел. рэвалюцыі, маючы на ўвазе менавіта сваю партыю. Спроба бел. эсэраў дамовіцца з герм. акупац. адміністрацыяй аб перадачы дзярж. улады ў Беларусі Радзе БНР не была задаволена. У гэтых умовах ЦК БПС-Р заклікаў нац.-дэмакр. партыі вярнуць сваіх прадстаўнікоў у Раду і тым самым паставіў задачу зрабіць з яе кіруючы нац.-паліт. цэнтр барацьбы за «адраджэнне дзяржаўнасці беларускага народа». Заклік актыўна падтрымалі Бел. настаўніцкі саюз, прафес. саюзы чыгуначнікаў і паштова-тэлегр. служачых. Бел. эсэры спрабавалі скарыстаць і свае сял. дружыны, але яны з-за арганізац. няўстойлівасці не маглі адыграць рашаючай ролі ў барацьбе за ўмацаванне ўлады Рады БНР. Зацвердзіцца ў якасці краявой улады спрабавала і земска-гар. аб’яднанне паліт. партый (меншавікоў, рас. эсэраў, бундаўцаў), якое адмовілася супрацоўнічаць з бел. партыямі. Стварыўшы «Дэмакратычны краявы цэнтр», яно двойчы звярталася да Савета салдацкіх дэпутатаў 10-й арміі з патрабаваннем перадаць яму грамадз. ўладу на Беларусі. Аднак Савет не прыняў іх патрабаванні і перадаў уладу бальшавікам. Не маючы ўзбр. сілы, земска-гар. аб’яднанне не здолела аказаць ім супраціўленне.

Вызваленне тэр. Беларусі ад ням. войск падштурхнула Раду БНР, якая не мела ўзбр. сіл для замацавання сваёй улады, звярнуцца за дапамогай да інш. дзяржаў. 20.10.1918 яна накіравала пісьмо канцлеру Германіі, у якім прасіла «афіцыйна прызнаць незалежнасць Беларусі» і даць магчымасць бел. ўраду ажыццявіць свае функцыі дзярж. будаўніцтва і кіравання, «арганізаваць узброеную сілу з мэтай самаабароны». У той жа дзень былі накіраваны пісьмы прэзідэнту ЗША Т.​В.​Вільсану, а таксама інш. нейтральным і ваюючым краінам з просьбай забяспечыць ёй знешнюю недатыкальнасць, прызнаць яе самастойнасць і незалежнасць, дапамагчы Радзе БНР замацаваць. усю грамадз. ўладу на Беларусі. 28.11.1918 дэлегацыя Рады БНР накіравалася ў Лондан, каб заручыцца падтрымкай урада Д.​Лойд Джорджа. У гэты ж дзень Рада БНР прыняла 4-ю Устаўную грамату да бел. народа з заклікам «злучыць свае сілы, ствараючы на месцах Беларускія рады» і звязваючы іх з Радай рэспублікі, «бараніць сваю волю і незалежнасць». У гэтай сітуацыі Рада БНР не дабілася станоўчых вынікаў і вымушана была пайсці на перагаворы з СНК РСФСР. Хоць Рада і абвясціла 25.3.1918 незалежнасць БНР, усх. бел. губерні па-ранейшаму заставаліся пад юрысдыкцыяй урада РСФСР, якую прызнавала Германія і краіны Антанты. У кастр. 1918 адбылася сустрэча старшыні ўрада БНР А.​І.​Луцкевіча з прадстаўніком РСФСР Х.​Г.​Ракоўскім. У ходзе перагавораў Луцкевіч не быў супраць федэрацыі з Сав. Расіяй і ўвядзення ў Беларусі сав. канстытуцыі. Ён пагадзіўся перадаць уладу Саветам, але прасіў выканаць толькі адну ўмову: прызнаць незалежнасць Беларусі. У ліст. 1918 з гэтай мэтай ён зноў накіраваўся ў Маскву. Аднак і гэта паездка была безвыніковай. Спробы Луцкевіча вывесці Раду БНР з паліт. ізаляцыі поспеху не мелі. Кіраўніка Рады падтрымала толькі Літ. Тарыба, у склад якой 27.11.1918 былі ўключаны 6 членаў Віленскай бел. рады, у т. л. І.​І.​Луцкевіч, В.​Ю.​Ластоўскі. Адначасова ва ўрадзе Літвы было ўтворана Мін-ва бел. спраў, якое пагаджалася ўключыць тэр. Гродзенскай губ. ў склад Літ. дзяржавы. Ваенна-паліт. абставіны прымусілі ўрад РСФСР накіраваць на Беларусь Зах. армію (сфарміравана 15.11.1918 з войск Зах. раёна абароны, 13.3.1919 перайменавана ў Бел.-Літ. армію, а 9.6.1919 — у 16-ю армію Зах. фронту). 10.12.1918 яна заняла Мінск. Мінскі Савет, абраны яшчэ да прыходу сав. войск, абвясціў пра аднаўленне сав. улады. Але фактычна ўлада была сканцэнтравана ў руках ВРК, створанага армейскім камандаваннем. Мінскі ВРК устанавіў кантроль над дзейнасцю паліт. партый, якія арыентаваліся на Раду БНР, што вымусіла частку Рады пакінуць Мінск і пераехаць у Гродна, дзе яна спрабавала стварыць органы мясц. улады. У Гродне члены Рады БНР на нарадзе 21.12.1918 утварылі Савет дзярж. абароны на чале з Ластоўскім. Яму былі перададзены 1-ы Бел. пях. полк, Асобны пях. батальён, Гродзенская камендатура і Бел. гусарскі эскадрон. Яны павінны былі абараняць БНР, аднак зрабіць гэтага не змаглі, бо ў напрамку Гродна пачалі наступаць польскія легіянеры. Эсэраўская фракцыя, якая знаходзілася ў Мінску, у хуткім часе была ізалявана, і яе дзейнасць спынена. Да лют. 1919 часці Зах. арміі замацаваліся на лініі Вільня—Ліда—Слонім—р. Шчара—Агінскі канал—Сарны. 23.12.1918 ВЦВК прыняў рашэнне пра захаванне «Заходняй камуны» (Зах. вобласці) і канчаткова вызначыў яе тэрыторыю ў складзе Мінскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Віцебскай і Смаленскай губ. Рашэннем ВЦВК яна атрымала статус адм.-гасп. самастойнасці ў межах РСФСР.

Утварэнне БССР. Пад уздзеяннем паліт. працэсаў, што адбываліся на Беларусі з сярэдзіны 1918, бел. партыі і арг-цыі, якія дзейнічалі на сав. тэрыторыі, выпрацавалі ідэю стварэння бел. дзяржавы як аўтаномнай часткі Сав. Расіі. Пра гэта было заяўлена на Усерас. з’ездзе бежанцаў у Маскве (17—22.7.1918). Такія ж дэкларацыі прыняты на 1-й канферэнцыі бел. і сав. партый летам 1918 у Петраградзе, на Усерас. канферэнцыі бел. секцый РКП(б) у Маскве (21—23.12.1918). 24.12.1918 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне пра стварэнне Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспублікі (БССР) як суверэннай дзяржавы. Новая арыентацыя ЦК РКП(б) у нац.-дзярж. будаўніцтве Беларусі была выклікана ўнутр. (існаванне абвешчанай БНР) і знешнім (тэр. прэтэнзіі да Сав. Расіі інш. дзяржаў, найперш Польшчы) фактарамі. У снеж. 1918 старшыня Часовага нар. ўрада Польскай Рэспублікі Ю.​Пілсудскі адкрыта заявіў, што польская дзяржава будзе аднаўляцца ў межах Рэчы Паспалітай 1772, куды ўваходзілі і бел. землі. Імкненне кіруючых колаў Польшчы падтрымлівалі ўрады краін Антанты. БССР стваралася і як будучы плацдарм для наступлення сав. войск з мэтай падтрымкі сусв. пралетарскай рэвалюцыі. Для рэалізацыі парт. дырэктывы аб утварэнні БССР была склікана VI Паўн.-Зах. абл. канферэнцыя РКП(б). Яна прыняла рэзалюцыю «Аб абвяшчэнні Заходняй камуны Беларускай Савецкай Рэспублікай». Адначасова канферэнцыя пастанавіла перайменаваць Паўн.-Зах. абл. арг-цыю РКП(б) у Камуніст. партыю (бальшавікоў) Беларусі [КП(б)Б], было абрана Цэнтр. Бюро КП(б)Б. Па рэкамендацыі ЦК РКП(б) 31.12.1918 ЦБ КП(б)Б зацвердзіла персанальны склад Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі на чале з З.​Х.​Жылуновічам (Ц.​Гартным). 1.1.1919 урад апублікаваў Маніфест Часовага рабоча-сял. сав. ўрада Беларусі, які абвясціў стварэнне БССР і асн. палажэнні яе дзярж. статуса. Уся ўлада на тэр. Беларусі пераходзіла да Саветаў рабочых, сял. і салдацкіх дэпутатаў. Маніфест абвясціў раўнапраўе працоўных усіх нацыянальнасцей на тэр. Беларусі, асн. сродкі вытворчасці — агульнанар. здабыткам, адмяніў усе загады і распараджэнні акупац. улад, аб’явіў па-за законам Раду БНР. У выніку абвяшчэння БССР Зах. вобласць была скасавана, Аблвыкамзах склаў свае паўнамоцтвы. 5.1.1919 сталіцай БССР стаў Мінск, куды і пераехаў урад рэспублікі. Паколькі пры абвяшчэнні БССР і стварэнні яе дзярж. органаў ЦК РКП(б) і I з’езд КП(б)Б кіраваліся толькі парт. дырэктывамі, узнікла неабходнасць надаць гэтым актам юрыд. аснову. Гэта павінен быў ажыццявіць Усебел. з’езд Саветаў, які меркавалася правесці ў пач. лют. 1919. Аднак у ходзе яго падрыхтоўкі палітыка бальшавіцкага кіраўніцтва адносна бел. дзяржаўнасці змянілася. Хоць БССР і была абвешчана суверэннай дзяржавай, ваенна-паліт. і сац.-эканам. абставіны не спрыялі ўмацаванню яе незалежнасці. Яе тэрыторыя яшчэ не была цалкам вызвалена ад герм. войск, а ўжо рэальнай станавілася інтэрвенцыя з боку Польшчы. У снеж. 1918 камандуючы аб’яднанымі войскамі краін Антанты маршал Ф.​Фош запатрабаваў ад герм. камандавання забяспечыць свабодны пропуск польскіх войск у напрамку Гродна і далей на У. Гэта і прымусіла бальшавіцкае кіраўніцтва адмовіцца ад сваёй першапачатковай задумы. Вышэйшыя інтарэсы рэвалюцыі ўжо на стадыі юрыд. афармлення БССР прадвызначылі скасаванне Бел. рэспублікі.

Утварэнне Літоўска-Беларускай ССР. 16.1.1919 ЦК РКП(б) прыняў рашэнне ўключыць Віцебскую, Магілёўскую і Смаленскую губ. ў склад РСФСР, а на аснове Мінскай, Гродзенскай, Ковенскай і Віленскай губ. абвясціць Літ.-Бел. Сав. Сацыяліст. Рэспубліку (Літбел). Прапаноўвалася ідэя стварэння больш устойлівай буфернай дзяржавы, якую бальшавіцкае кіраўніцтва разлічвала выкарыстаць для адмежавання РСФСР ад Польшчы з мэтай прадухілення адкрытай вайны з ёю, а таксама для падаўлення ініцыятывы бел. і літ. нац.-дэмакр. партый, якія выступалі за прызнанне незалежнасці БНР і Літ. Рэспублікі. I Усебел. з’езд Саветаў у Мінску (2—3.2.1919) не заняў цвёрдай пазіцыі ў захаванні бел. дзяржаўнасці, а па прапанове Я.​М.​Свярдлова прыняў рашэнне пра аб’яднанне БССР з Літ. ССР, якое адбылося ў канцы лют. 1919. Аб’яднаўчы з’езд кампартый Літвы і Беларусі, які адбыўся 4—6.3.1919, прыняў рашэнне аб стварэнні Камуніст. партыі (бальшавікоў) Літвы і Беларусі [КП(б)ЛіБ]. Старшынёй ЦВК новай дзярж. структуры са сталіцай у Вільні стаў К.​Г.​Ціхоўскі, а СНК узначаліў В.​С.​Міцкявічус-Капсукас.

Негатыўныя тэндэнцыі палітыкі «ваеннага камунізму» на Беларусі найперш выявіліся ў адносінах да сялянства. Значная яго частка (гал. ч. заможная) пры перавыбарах валасных Саветаў была пазбаўлена выбарчых правоў, якія даваліся толькі батракам і малазямельным сялянам. Па ўказанні ЦК КП(б)ЛіБ парт. і сав. органы, абапіраючыся на «Палажэнне аб сацыялістычным землеўпарадкаванні і аб мерах пераходу да сацыялістычнага земляробства» (прынята ВЦВК 13.12.1919), адмовіліся надзяляць працоўных сялян канфіскаванай памешчыцкай зямлёй. За карыстанне ёй яны аддавалі ​1/2 частку ўраджаю, а па харчразвёрстцы ў іх забралі ўсе «лішкі» прадукцыі. Для барацьбы з антысав. выступленнямі ствараліся працоўныя лагеры для «ворагаў рэвалюцыі», уведзены інстытут заложнікаў. Рашэнне ЦК КП(б)ЛіБ ад 9.5.1919 аб магчымым прыцягненні меншавікоў, рас. эсэраў, яўр. сацыялістаў да гасп. і культ. будаўніцтва не распаўсюджвалася на бел. дэмакр. партыі, супраць якіх праводзілася палітыка ізаляцыі і падаўлення іх ініцыятывы.

Акупацыя Беларусі польскімі войскамі. Вясной 1919 пачалося наступленне на Беларусь польскіх войск, якое ажыццяўлялася па 3 напрамках: Вільня—Ліда—Маладзечна, Баранавічы—Мінск, Кобрын—Пінск. У сак. 1919 яны захапілі Брэст, Ваўкавыск, Слонім, Скідзель, Шчучын, Пінск, Баранавічы. Супраць польскіх войск змагалася Зах. армія, перайменаваная Рэўваенсаветам РСФСР 13.3.1919 у Бел.-Літ. армію.

Асн. сілы Чырв. Арміі накіроўваліся на Усх. фронт, які бальшавіцкі ўрад лічыў галоўным. СНК Літбел не змог арганізаваць эфектыўнае супраціўленне польскім войскам. Барацьба супраць польскіх войск на Беларусі была аслаблена і інш. прычынамі. Сялянства, за выключэннем бяднейшай яго часткі, не падтрымлівала палітыку «ваеннага камунізму», у розных формах аказвала супраціўленне яе ажыццяўленню; адпраўка мабілізаваных з Беларусі на Усх. фронт супраць войск А.​В.​Калчака ўзмацняла антыбальшавіцкія настроі сярод сялян і чырвонаармейцаў. На хвалі сял. абурэння ўзнікалі частыя мяцяжы, якія праяўляліся гал. ч. у паласе Зах. фронту. Працягам іх стала Стракапытаўскае паўстанне 24—29.3.1919 у Гомелі, падаўленае аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР. Аднак успышкі лакальных сял. выступленняў працягваліся да восені 1919. Польскае камандаванне рыхтавалася да новага этапу вайны. 15.4.1919 у Гродне быў заключаны тайны польска-герм. дагавор, паводле якога польскія легіянеры атрымалі доступ у Гродзенскі ўмацаваны раён. Гэтым польскі генштаб забяспечыў абарону леваму флангу сваіх войск, якія разгортвалі наступленне на Вільню. 17.4.1919 польскія войскі захапілі Ліду, 21.4.1919 — Вільню. Расцэньваючы захоп сталіцы Літбела як ваен. дзеянні супраць сав. краіны, урад РСФСР перарваў перагаворы з прадстаўніком Польшчы ў Маскве А.​Вянцкоўскім. 25.4.1919 польскаму боку заяўлена, што РСФСР гатова аднавіць «перагаворы аб пагадненні, як толькі ваенныя дзеянні супраць савецкіх рэспублік будуць спынены». Урад Польшчы пакінуў без увагі гэтыя прапановы. Пасля перагрупоўкі сваіх войск польскае камандаванне ў маі 1919 перайшло да больш актыўных дзеянняў. 26.5.1919 легіянеры занялі чыг. ст. Залессе, чым стварылі сур’ёзную пагрозу для Маладзечна і Мінска. У сувязі з такім ваенна-паліт. становішчам 1.6.1919 у Маскве прынята рашэнне пра перадачу паўнамоцтваў бальшавіцкіх урадаў Украіны, Літбела і Латвіі ўраду РСФСР; Бел.-Літ. армія перайменавана ў 16-ю армію. Польскія войскі 8.8.1919 занялі Мінск, да 28.8.1919 сав. часці пакінулі Бабруйск і адышлі на левы бераг Бярэзіны. У вер. 1919 польскае камандаванне часова прыпыніла рух сваіх войск на ўсход; сав.-польскі фронт стабілізаваўся па лініі ад Дзвінска па р. Зах. Дзвіна (праз Дрысу да Полацка), каля Лепеля паварочваў да Барысава, па р. Бярэзіна да Бабруйска і па р. Пціч да Прыпяці.

Стабілізацыя на Зах. фронце была абумоўлена ваенна-стратэг. разлікамі польскага камандавання. Пілсудскі пайшоў на перагаворы з урадам РСФСР, каб аблегчыць камандаванню сав. войск разгром у кастр.—ліст. 1919 арміі А.​І.​Дзянікіна пад Арлом і Варонежам. У выніку перагавораў падпісана часовае перамір’е. Урад РСФСР, які імкнуўся да ліквідацыі сав.-польскага канфлікту, згаджаўся на перадачу Польшчы бел. зямель да р. Бярэзіна (па лініі сав.-польскага фронту). Прыхільнікі Пілсудскага, хоць і былі задаволены такімі ўступкамі, з-за пазіцыі Антанты не жадалі ўступаць у афіц. перагаворы з сав. урадам. Абодва бакі скарысталі перамір’е для падрыхтоўкі да новага этапу вайны, якая несла бел. народу новыя цяжкасці і нягоды. Пачынаючы наступленне на Беларусь, Пілсудскі 22.4.1919 у звароце «Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага» абяцаў даць насельніцтву свабоду і магчымасці для ўнутр. паліт. развіцця ў вырашэнні сваіх нац. і рэліг. спраў. Свае экспансіянісцкія задумы ён спрабаваў замаскіраваць т.зв. федэралісцкай канцэпцыяй, сутнасць якой у стварэнні самастойных бел., укр. і літ. дзяржаў у падначаленні Польшчы. На самай справе прыхільнікі Пілсудскага мелі на мэце ператварэнне бел. зямель у неад’емную частку Польшчы. Нягледзячы на відавочную агрэсіўнасць польскіх кіруючых колаў адносна Беларусі, шмат лідэраў бел. с.-д. партый паверылі Пілсудскаму і спадзяваліся, што ён дапаможа ім рэалізаваць бел. нац. дзярж. ідэю. Але гэтыя імкненні не падтрымлівалі кіраўнікі БПС-Р і БПС-Ф, якія арыентаваліся на Раду БНР, хоць яе дзейнасць была ўжо паралізавана. Сваю незадаволенасць палітыкай Польшчы на Беларусі яны адкрыта выказалі на Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны ў Вільні (9—10.6.1919). Нягледзячы на гэта, Пілсудскі і яго прыхільнікі рабілі ўсё, каб з’езд падтрымаў ідэю далучэння Беларусі да Польшчы. Але пад уздзеяннем дэлегатаў-эсэраў з’езд выказаўся за ўтварэнне літ.-бел. дзяржавы ў межах б. ВКЛ. Бел. эсэры заявілі, што яны рашуча адмяжоўваюцца ад польскай арыентацыі і будуць абараняць нац. інтарэсы бел. народа. Яны нагадалі дэлегатам рашэнне Усебел. з’езда, які яшчэ ў снеж. 1917 выказаўся за ўстанаўленне рэсп. ладу ў Беларусі. Ідэю рэспублікі, лічылі бел. эсэры, можа ажыццявіць толькі Працоўны кангрэс, які павінен быць абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі Беларусі. Такім чынам бел. эсэры рабілі крок насустрач бальшавікам, якія лічылі, што гэты кангрэс і ўвогуле ўсе формы парламентарызму несумяшчальныя з задачамі сацыяліст. рэвалюцыі. 11.7.1919 ЦК БПС-Р у газ. «Беларуская думка» апублікаваў дэкларацыю, дзе заклікаў усе паліт. партыі і арганізацыі да аб’яднання і ўтварэння агульнага фронту за вызваленне Беларусі.

Пасля таго як Мінск у жн. 1919 быў заняты польскімі войскамі, Часовы Бел. нац. к-т (ЧБНК), дзейнасць якога накіроўвала БСДП, узяў курс на супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй — Грамадз. упраўленнем Усх. зямель пры гал. камандаванні польскай арміі (ген. камісар Е.​Асмалоўскі). На акупіраванай тэр. Літбела былі ўтвораны Брэсцкая, Валынская, Віленская і Мінская акругі, кожная з якіх падзялялася на паветы і гміны. Улада ў іх належала польскай акупац. адміністрацыі, беларусы ў органы кіравання не дапускаліся. Тым не менш лідэры БСДП спадзяваліся, што польскі сейм выкажа зацікаўленасць да «беларускага пытання». Сярод яго дэпутатаў выявіліся 2 тэндэнцыі: правыя адстойвалі ідэю інкарпарацыі зямель б. ВКЛ у склад Рэчы Паспалітай, Польская сацыяліст. партыя (ППС) выступала прыхільніцай ідэі уніі (федэрацыі) Беларусі, Літвы і Украіны з Польшчай. З надзеяй на дапамогу ППС бел. сацыял-дэмакраты заявілі аб сваёй прапольскай арыентацыі.

Іх лідэр, старшыня Рады Нар. міністраў БНР А.​І.​Луцкевіч, уступіў у перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы І.​Падарэўскім аб прызнанні БНР і дамагаўся ад польскай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 дапамогі ў «развязванні беларускага пытання». У вер. 1919 Луцкевіч запрошаны ў Варшаву, дзе ён пагадзіўся на заключэнне уніі Беларусі з Польшчай, але пры ўмове прызнання польскім сеймам спачатку поўнай дзярж. незалежнасці Беларусі. Пілсудскі адмовіўся прызнаць незалежнасць БНР і аддаў загад распусціць Раду БНР, а Луцкевіча інтэрніраваць. Аднак пры садзеянні ППС Луцкевіч быў вызвалены, а Радзе БНР дазволена правесці сесію. Польскі бок згадзіўся і на арганізацыю бел. войска. 22.10.1919 Пілсудскі зацвердзіў дэкрэт аб сфарміраванні бел. батальёнаў, была створана Бел. вайсковая камісія (БВК). Галоўнакаманд. арміяй прызначаны Г.​Канапацкі. Анексіянісцкая палітыка кіруючых колаў Польшчы выклікала супраціўленне бел. народа, таму бел. паліт. рух, сярод якога пачала выяўляцца апазіцыя да польскіх акупац. улад, пачаў мяняць сваю арыентацыю. На чале яе былі бел. эсэры. У вер. 1919 кіраўніцтва БПС-Р заявіла, што ідэю дзяржаўнасці Беларусі можа здзейсніць толькі Працоўны кангрэс, абраны на аснове ўсеаг. выбарчага права ўсімі працоўнымі слаямі бел. народа. У яго складзе не павінна быць прадстаўнікоў буржуазіі, памешчыкаў, духавенства. Робячы ўступкі бальшавікам, бел. эсэры выказаліся за стварэнне бел. працоўнай нар. рэспублікі. У кастр. 1919 ЦК БПС-Р заклікаў усе паліт. партыі антыпольскага лагера стварыць «агульны фронт», які павёў бы барацьбу за вызваленне Беларусі. Выявіўшы схільнасць да супрацоўніцтва з бальшавікамі ў барацьбе з польскімі акупантамі, БПС-Р заняла рэзка негатыўную пазіцыю ў адносінах да паліт. сіл, схільных да супрацоўніцтва з польскай акупац. адміністрацыяй (БСДП і інш.). Вострая паліт. барацьба разгарнулася на сесіі Рады БНР у снеж. 1919 у Мінску. Дазволіўшы яе скліканне, польскія правячыя колы меркавалі, што пад уплывам іх прыхільнікаў будзе прынята дэкларацыя аб «уніі Беларусі з Польшчай». Аднак яны недаацанілі паліт. ўплыў бел. эсэраў, якія адкрыта асудзілі гаспадаранне польскай акупац. адміністрацыі на Беларусі і выказаліся за падтрымку 3-й Устаўнай граматы аб незалежнасці БНР. Захапіўшы ініцыятыву на сесіі, фракцыя бел. эсэраў дамаглася перавыбрання Рады БНР, якая зацвердзіла новы склад урада на чале з Ластоўскім. Гэта выклікала рэпрэсіі польскіх улад. БПС-Р вымушана была перайсці на нелегальнае становішча. Члены ўрада і прэзідыума эсэраўскай Рады перабраліся ў Літву. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую Раду, якая падтрымлівала ўрад БНР на чале з А.​І.​Луцкевічам. Зменены паліт. курс бел. эсэраў наблізіў іх да камуністаў. У снеж. 1919 у Смаленску адбылася нарада прадстаўнікоў гэтых -партый. У падпісаным абодвума бакамі дагаворы адзначалася, што камуністы і эсэры бяруць на сябе абавязак абараняць сац. і нац. інтарэсы бел. народа.

Сутнасць палітыкі Польшчы ў адносінах да Беларусі была выкладзена ў памятнай запісцы кіраўніцтва арг-цыі «Страж крэсова», якая ў 1919—20 абараняла інтарэсы польскіх памешчыкаў, вяла барацьбу за далучэнне да Польшчы «крэсаў усходніх», г. зн. бел., літ. і ўкр. зямель. У запісцы гаварылася, што «канчатковым вынікам польскай палітыкі ў Беларусі павінна з’явіцца далучэнне апошняй да Польшчы на аснове аўтаноміі». Згодна з гэтай палітыкай дзейнічаў польскі ўрад.

Урад РСФСР неаднойчы прапаноўваў ураду Польшчы мірны шлях урэгулявання ўсіх спрэчных тэр. пытанняў. Не атрымаўшы згоды, 19.2.1919 быў створаны Зах. фронт, а 8.4.1919 Літ.-Бел. ССР аб’яўлена на ваен. становішчы. 19.4.1919 ЦВК і СНК Літбела стварылі на чале з Міцкявічусам-Капсукасам Савет абароны, які ажыццяўляў ваен. і цывільную ўладу на тэр. рэспублікі. Вял. значэнне для арганізацыі адпору інтэрвентам мелі прынятыя ў маі 1919 пастановы ЦВК Украіны, Літвы і Беларусі аб неабходнасці ваенна-паліт. саюза, на аснове якіх ЦВК РСФСР прыняў 1.6.1919 пастанову аб аб’яднанні іх ваен. сіл. Да лета 1919 становішча на Зах. фронце значна ўскладнілася. У выніку бесперапынных 4-месячных баёў арміі Зах. фронту панеслі вял. страты. На 15.6.1919 іх асабовы склад не перавышаў 36 тыс. чал., войскі ж польскіх інтэрвентаў на гэтым фронце мелі больш за 96 тыс. чал. У выніку ў пач. жн. 1919 палякі занялі ўсю тэр. Літ.-Бел. ССР.

Партызанскі рух супраць польскіх акупантаў. Устаноўлены на Беларусі жорсткі акупац. рэжым выклікаў супраціўленне шырокіх слаёў насельніцтва. У гарадах рэв. сілы кансалідаваліся вакол камуністаў, у сельскай мясцовасці гал. паліт. сілай выступалі бел. эсэры. У канцы жн. 1919 ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спец. паліт. орган — Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партыз. атрадаў. Сувязь з камуніст. падп. арг-цыямі (аб’ядноўвалі каля 4 тыс. чал.) ажыццяўлялася праз спец. упаўнаважаных і сувязных. З іх дапамогай на акупіраваную тэр. дасылаліся зброя, прапагандысцкая л-ра, грашовыя сродкі. 3.9.1919 ЦК КП(б)ЛіБ вызначыў асн. кірункі падп. работы. Тэр. Літбела была падзелена на раёны: Тарыбскі (Ковенская і Сувалкаўская губ.), Заходні (Віленская і Гродзенская губ.) і Усходні (Мінская губ.). Перад камуніст. арг-цыямі Усх. раёна ставілася задача разгарнуць шырокі рэв. і партыз. рух, у Зах. раёне — збіраць сілы, весці паліт. работу сярод насельніцтва. Партыз. атрады, створаныя па ініцыятыве ЦК КП(б)ЛіБ, летам 1919 дзейнічалі ў франтавой зоне. У іх фарміраванні ўдзельнічалі армейскія органы і рэўкомы, а таксама сяляне. Іх арганізатарамі выступалі найб. рэв. элементы, якія мелі ваен. падрыхтоўку ці вопыт барацьбы супраць герм. акупантаў. У канцы 1919 створана шырокая сетка партыз. атрадаў, якія абапіраліся на сял. дружыны самааховы і знаходзіліся пад кантролем бел. эсэраў. У снеж. 1919 дзейнічалі 43 партыз. атрады. Акрамя таго, было шмат партызан, не арганізаваных у атрады: яны жылі ў сваіх вёсках, займаліся сельскай гаспадаркай, а ў выпадку неабходнасці ўключаліся ва ўзбр. барацьбу. Існавалі таксама партызаны без пэўнай паліт. арыентацыі, якія дзейнічалі самастойна. Па меры разгортвання партыз. руху ЦК КП(б)ЛіБ зацвердзіў распрацаваны штабам Зах. фронту план арганізац. пабудовы партыз. фарміраванняў, паводле якога тэр. Літбела падзялялася на раёны з паўстанцкімі цэнтрамі — рэв. штабамі. Пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра ў раёне Мінска дзейнічалі козыраўскія і дукорскія партызаны, атрады С.​В.​Гладкага, І.​В.​Маслыкі, А.​Раманоўскага; у наваколлі мяст. Старыя Дарогі дзейнічалі атрады А.​К.​Паланейчыка, А.​Таміловіча, І.​Тышкевіча, Я.​Якаўлева. Паўстанцкія цэнтры каардынавалі дзеянні партызан Слуцкага, Барысаўскага і Вілейскага пав. Напр., у Бабруйскім пав. пад кіраўніцтвам паўстанцкага цэнтра на чале з Ляўковым дзейнічалі 90 атрадаў і груп. Найб. буйны з іх — асобны партыз. батальён імя Бабруйскага рэўкома пад камандаваннем С.​Л.​Вілюгі (700 чал.). Ядро ўзбр. фарміраванняў БПС-2 складала «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Выступленні эсэраўскіх паўстанцкіх фарміраванняў супраць польскіх войск набылі рысы арганізаванага ваен. супраціўлення. Паступова ўсе паўстанцкія і партыз. атрады БПС-Р аб’ядналіся ў адзіную цэнтралізаваную арг-цыю — Нар. ваен. самаабарону (НВС), якая па сутнасці была зародкам бел. нац. арміі. У пач. 1920 адбылося аб’яднанне абедзвюх плыняў партыз. руху — камуніст. і эсэраўскай. Сувязным звяном паміж імі стала Бел. камуніст. арг-цыя (БКА), пад кіраўніцтвам якой дзейнічала шырокая сетка партыз. атрадаў. Яны з’яўляліся часткай нар. самааховы. У 1920 дзеянні партызан мелі больш арганізаваны характар. 19.1.1920 ЦК КП(б)ЛіБ па дакладзе В.​Г.​Кнорына прыняў разгорнутыя тэзісы, у якіх ставілася задача падрыхтоўкі ўсеаг. ўзбр. паўстання. Сумесныя дзеянні бальшавікоў і бел. эсэраў па стварэнні адзінага антыпольскага фронту далі станоўчыя вынікі. Кіраўніцтва БПС-Р і КП(б)ЛіБ распрацавала план узбр. паўстання і стварыла Бел. паўстанцкі к-т (БПК), які па сутнасці выконваў функцыі каардынуючага цэнтра партыз. руху на тэр. акупіраванай Беларусі. Бел. эсэры спадзяваліся ў далейшым на супрацоўніцтва з камуністамі ў справе стварэння бел. дзяржавы. Пытанне пра аднаўленне бел. сав. дзяржаўнасці знаходзілася пад кантролем кіраўнікоў сав. краіны. Працягваючы перагаворы з прадстаўнікамі Пілсудскага, упаўнаважаныя прадстаўнікі ўрада ў студз. 1920 пацвердзілі сваю прапанову пра магчымасць прызнання польскай граніцы па лініі сав.-польскага фронту (Полацк, р. Бярэзіна, ст. Пціч, раёны на У ад Ноўгарад-Валынскага да Камянец-Падольска — 300 км на У ад «Керзана лініі»). Аднак польскі ўрад разлічваў заняць усю Беларусь, Украіну, Літву і, падтрыманы Францыяй, адмовіўся ад гэтых прапаноў. 25.4.1920 польскія войскі разам з укр. ваен. фарміраваннямі С.​В.​Пятлюры разгарнулі наступленне па ўсім сав.-польскім фронце, пачаўся новы этап вайны. На Беларусі яны захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 14.5.1920 у контрнаступленне перайшла Чырв. Армія, але з-за недахопу сіл і слабага матэрыяльнага забеспячэння вымушана была адступіць на зыходныя пазіцыі. У сувязі з наступленнем польскіх войск 12.5.1920 у сав. дзяржаве абвешчана ваен. становішча, у тэзісах «Польскі фронт і нашы задачы» (апубл. 23.5.1920) ЦК РКП(б) заклікаў працоўных на барацьбу з інтэрвентамі. На польскі фронт накіравана больш за 24 тыс. камуністаў. З усх. Беларусі паводле парт. мабілізацыі на Зах. фронт з 1.10.1920 паслана 1116 бальшавікоў. Паводле няпоўных звестак, у дзеючых часцях Чырв. Арміі ў перыяд вайны налічвалася больш за 100 тыс. ураджэнцаў Беларусі. На Беларусі фарміравалася Запасная армія Зах. фронту, якая ў маі 1920 мела каля 40 тыс. чал. (каманд. П.​А.​Пятраеў); 13 курсаў і школ рыхтавалі камандзіраў Чырв. Арміі. 28.4.1920 Палітбюро ЦК РКП(б) ухваліла план наступлення, распрацаваны Гал. камандаваннем. Асн. ўдар наносіў Зах. фронт праз Беларусь на Варшаву, часці Паўд.-Зах. фронту пасля вызвалення Кіева павінны былі наступаць праз Роўна на Брэст. На ўмацаванне Зах. фронту накіраваны 10-я стралк. і 2-я кав. дывізіі, на Паўд.-Зах. фронт — 1-я Конная армія (каманд. С.​М.​Будзённы) і 25-я стралк. дывізія. Новае наступленне на Зах. фронце пачалося ў ліп. 1920. Скаардынаванае з партыз. дзеяннямі (6.7.1920 у падпарадкаванне Рэўваенсавета Зах. фронту перайшоў БПК), наступленне Чырв. Арміі паспяхова завяршылася. 11.7.1920 вызвалены Мінск, 14.7.1920 — Вільня. У канцы ліпеня 1920 Чырв. Армія выйшла да этнічных граніц Польшчы, і ваен. дзеянні разгарнуліся на яе тэрыторыі.

Аднаўленне Беларускай ССР. Новае ваенна-стратэг. становішча на Зах. фронце патрабавала вырашэння бел. пытання, аднак пошук шляхоў аднаўлення бел. дзяржаўнасці быў вельмі складаны. Асобныя кіраўнікі ЦК КП(б)ЛіБ (Кнорын, М.​І.​Калмановіч, І.​І.​Рэйнгольд і інш.) лічылі магчымым даць беларусам толькі культ.-нац. аўтаномію ў межах Мінскай губ. Такі пункт погляду не падзялялі беларусы-камуністы А.​Р.​Чарвякоў, З.​Х.​Жылуновіч, У.​М.​Ігнатоўскі і інш. Прымаючы пад увагу настрой нар. мас і патрабаванні бел. паліт. партый, ЦК КП(б)ЛіБ 6.7.1920 выказаўся за аднаўленне бел. дзяржаўнасці, якое падтрымаў і ЦК РКП(б). У выніку такога рашэння Мінскі губваенрэўком у канцы ліп. 1920 рэарганізаваны ў ВРК Беларусі. ЦК КП(б)ЛіБ прызнаў магчымым дапусціць да адраджэння бел. дзяржаўнасці нац.-дэмакр. партыі, якія стаялі на сав. платформе. У ходзе перагавораў ЦК КП(б)ЛіБ з кіраўніцтвам БПС-Р, Бунда, БКА і інш. грамадска-паліт. арг-цый 31.7.1920 выпрацавана «Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі», у якой канстатавалася, што БССР будуецца як суверэнная, незалежная рэспубліка ў этнічных межах пражывання беларусаў. Аднак ва ўмовах працягу польска-сав. вайны БССР была адноўлена ў межах Мінскай губ. (6 паветаў, 1,6 млн. чал. насельніцтва). Гэта дэкларацыя была разлічана на нейтралізацыю апазіцыі і заспакаенне нар. мас. З гэтым не пагадзіўся ЦК БПС-Р, яго прадстаўнікі адмовіліся падпісаць гэты дакумент. Пачалася адкрытая барацьба паміж БПС-Р і КП(б)Б. У шэрагу валасцей і паветаў Беларусі эсэры дамагліся падтрымкі сваёй палітыкі. Аднак у абставінах польска-сав. вайны яны не здолелі рэалізаваць свае імкненні. Да сярэдзіны жн. 1920 сав. войскі падышлі да Варшавы і Львова. Але іх стомленасць і адарванасць ад баз забеспячэння далі магчымасць польскай арміі, якой дапамагала зброяй Антанта, прыпыніць наступленне Чырв. Арміі, нанесці ёй паражэнне ў Варшаўскай аперацыі і прымусіць яе адысці. 16.8.1920 польскія войскі перайшлі ў новае наступленне і занялі значную частку Беларусі. Сав. ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы з Польшчай аб міры. 12.10.1920 у Рызе падпісаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР, Украінай з аднаго боку і Польшчай з другога. Шляхам страты значнай часткі тэр. Беларусі і інш. рэгіёнаў бальшавікі змаглі ўтрымаць уладу. У выніку перамір’я Беларусь была падзелена на 2 часткі: усх. знаходзілася пад сав. кантролем, а зах. — пад польскім.

Польска-сав. вайна прынесла цяжкія выпрабаванні бел. народу. Жорсткі гвалт у адносінах да мясц. насельніцтва праяўлялі польскія інтэрвенты. На сав. тэр. Беларусі становішча пагаршалася палітыкай «ваеннага камунізму», якую ў 2-й пал. 1920 камуністы давялі да кульмінацыі, узяўшы курс на пашырэнне камандна-адм. метадаў кіравання (харчразвёрстка, забарона свабоднага гандлю і інш.). Гэта выклікала шырокае незадавальненне працоўных, асабліва сялян. Шмат хто з іх пацягнуўся ў рады «зялёных». На грунце матэрыяльных цяжкасцей пачаліся забастоўкі. У многіх месцах сяляне аказвалі супраціўленне як польскім, так і сав. войскам. Гэта сітуацыя падштурхнула ген.-м. С.​Н.​Булак-Балаховіча ў ліст. 1920 увесці на Беларусь свае атрады. Аднак яго Рус. нар. добраахвотніцкая армія (з рус. і бел. вайсковых часцей) у хуткім часе была разбіта сав. войскамі, адна яе частка адступіла на польскі бок фронту, другая была раззброена польскімі ўладамі. На канчатковым этапе грамадз. вайны гэта барацьба найб. яскрава праявілася ў Слуцкім паўстанні (ліст.—снеж. 1920). На працягу месяца слуцкія паўстанцы ўтрымлівалі ўладу ў 15 валасцях павета. Бальшавіцкаму рэжыму не адразу ўдалося падавіць узбр. выступленне часткі бел. інтэлігенцыі і сялянства. Толькі пасля дамоўленасці з прадстаўнікамі польскага ўрада сав. войскі ліквідавалі мяцеж. У гэты перыяд узнікла сял. паліт. арг-цыя «Зялёны дуб». Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі 40 атрадаў, якія налічвалі больш за 5 тыс. чал. на тэр. БССР і 6 тыс. у Зах. Беларусі. Бел. эсэры падрыхтавалі ўзбр. паўстанне, аднак яно было сарвана. Бел. паліт. рух пацярпеў паражэнне. II Усебел. з’езд Саветаў (13.12.1920) падвёў вынікі сав. будаўніцтва ў БССР і ўхваліў папярэднія ўмовы Рыжскага дагавора. Рыжскі мірны дагавор (18.3.1921) замацаваў за Польшчай значную частку бел. зямель. Да Польшчы адышла бел. тэрыторыя пл. 108 тыс. км² з насельніцтвам больш за 4 млн. чал. (гл. Заходняя Беларусь). За БССР захаваліся толькі 6 паветаў Мінскай губ. — Мінскі, Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі (1,6 млн. чал.); Віцебская і Гомельская губ., а таксама зах. паветы Смаленскай губ. заставаліся ў складзе РСФСР.

Літ.:

Крах немецкой оккупации в Белоруссии в 1918 году: (Сб. док...). Мн., 1947;

Из истории установления Советской власти в Белоруссии и образования БССР: Док. и материалы по истории Белоруссии. Т. 4. Мн., 1954;

Зюзькоў А. Крывавы шлях беларускай нацдэмакратыі. Мн., 1931;

За дзяржаўную незалежнасць Беларусі: Дак. і матэрыялы... Лёндан, 1960;

Борьба за Советскую власть в Белоруссии, 1918—1920 гг.: Сб. док. и материалов. Т. 1—2. Мн., 1968—71;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 3. Мн., 1973;

Круталевич В.А. Рождение Белорусской Советской Республики. [Т. 1—2]. Мн., 1975—79;

Яго ж. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн., 1999;

Сташкевич Н.С. Приговор революции: Крушение антисов. движения в Белоруссии, 1917—1925. Мн., 1985;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. 2 изд. М., 1987;

Путем борьбы и труда. Мн., 1989;

Иностранная военная интервенция в Белоруссии, 1917—1920. Мн., 1990;

Наше Отечество: Опыт полит. истории. Т. 1—2. М., 1991;

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Октябрь 1917 и судьбы политической оппозиции. Ч. 1—3. Гомель, 1993;

Польско-советская война, 1919—1920: (Ранее не опубл. док. и материалы). Ч. 1—2. М., 1994;

Турук Ф. Белорусское движение. М., 1994 (рэпр, выд. 1921);

Михутина И.В. Польско-советская война 1919—1920 гг. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 2. Мн., 1995;

Беларусь на мяжы тысячагоддзяў. Мн., 2000;

Гісторыя Беларусі. Ч. 2. Мн., 2003;

Ціхаміраў А.В. Беларусь у сістэме міжнародных адносін перыяду пасляваеннага ўладкавання Еўропы і польска-савецкай вайны (1918—1921 гг.). Мн., 2003.

М.​С.​Сташкевіч.

Адукацыя, навука, культура ў 1914—20. У 1-ю сусв. вайну бел. інтэлігенцыя групавалася вакол арганізацый, якія апекаваліся бежанцамі. Так, у Мінску працаваў аддзел Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, праца якога напачатку зводзілася да арганізацыі прытулкаў, сталовак і працоўных месц; быў адкрыты клуб «Беларуская хатка». Інтэлігенцыя Зах. Беларусі ў час ням. акупацыі канцэнтравалася ў Вільні і групавалася вакол Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны. У склад яго к-та ўваходзілі І. і А.​Луцкевічы, Я.​Салавей, Ф.​Аляхновіч, А.​Пашкевіч (Цётка), В.​Ластоўскі і інш. Прызнанне немцамі раўнапраўнага існавання бел. мовы побач з інш. мовамі, дазвол культ. дзейнасці і выдання газет на роднай мове мелі істотнае значэнне для абуджэння культ.-асв. працы. З лют. 1916 у Вільні пачала выходзіць газ. «Гоман» (рэд. Ластоўскі), якая да 1918 была адзіным бел. выданнем на тэр., акупіраванай герм. войскамі. Пачалі дзейнасць Бел. клуб, пры якім існаваў аматарскі тэатр, бел. б-ка, кнігарня, каап. т-ва «Раніца», дзіцячы прытулак «Золак», выдаваліся падручнікі і школьная л-ра.

Падзеі Лют. рэвалюцыі 1917 парадзілі ў асяроддзі бел. інтэлігенцыі спадзяванні на магчымасць здзяйснення адм. і культ. аўтаноміі Беларусі. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 творчая інтэлігенцыя ўсх. Беларусі стаяла перад няпростым выбарам: супрацоўніцтва з сав. уладай, выезд за мяжу з надзеяй на хуткае вяртанне, адкрытае супраціўленне палітыцы бальшавікоў. Жорсткія сац. канфлікты вымушалі творчую інтэлігенцыю думаць і пра свой лёс, і пра лёс Радзімы. У новых грамадска-паліт. умовах культуры адводзілася прагматычная роля, у яе аснову ставіўся не мастацкі, а класавы падыход. Яна стала аб’ектам дзярж. ўздзеяння. Бел. нац. сілы гуртаваліся вакол Бел. сацыяліст. грамады, урада БНР і Бел. нац. камісарыята (Белнацкома). Так, дзеячамі БНР у 1918 у перыяд акупацыі герм. войскамі зах. часткі Беларусі адкрыта 89 бел. школ, настаўніцкія курсы ў Вільні і настаўніцкая семінарыя ў Свіслачы. Выдаваліся газ. «Гоман», «Беларус», час. «Варта» і інш. Заснаваны шэраг выдавецтваў, бюро для падрыхтоўкі падручнікаў, Бел. навук. т-ва ў Вільні, бел. б-ка і кнігарня, курсы беларусазнаўства, муз. школа, тэатр. трупы, каталіцкая духоўная семінарыя. Культ.-асв. арг-цыі ладзілі для жыхароў гарадоў, мястэчак і вёсак бел. спектаклі, канцэрты. Пасля абвяшчэння БНР Нар. сакратарыят прыняў пастанову аб дзярж. статусе бел. мовы.

У лют. 1918 пры Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР быў створаны Белнацком, які напачатку працаваў у Петраградзе, з сак. 1918 — у Маскве. Камісарыят меў аддзяленні ў Петраградзе, Смаленску, Віцебску, Саратаве. Сярод яго супрацоўнікаў былі А.​Чарвякоў, А.​Грыневіч, І.​Дварчанін, К.​Душэўскі, З.​Жылуновіч (Ц.​Гартны), Я.​Канчар, Б.​Тарашкевіч, Ф.​Турук, Ф.​Шантыр і інш. Белнацком вёў актыўную паліт. і культ.-асв. работу сярод беларусаў на тэр. Сав. Расіі, клапаціўся пра бежанцаў, браў на ўлік бел. арг-цыі і ўстановы, эвакуіраваныя ў 1-ю сусв. вайну, адкрываў бел. школы, клубы («Беларус» у Маскве, «Беларуская хатка» ў Петраградзе), заснаваў у Маскве Бел. нар. ун-т, садзейнічаў узнікненню культ.-асв. і навук. т-ваў, выдаваў газеты і часопісы. Друкаваным органам камісарыята была газ. «Дзянніца» (рэд. З.​Жылуновіч), якая выходзіла ў Маскве і з’яўлялася першай сав. газетай на бел. мове (выйшла 49 нумароў), Петраградскае аддзяленне выдавала час. «Чырвоны шлях», «Белорусская криница». Пасля скасавання Белнацкома яго культ.-асв. аддзелы пераўтвораны ў Бел. пададдзел аддзела асветы нац. меншасцей Нар. камісарыята асветы РСФСР. Пададдзел прымаў удзел у падрыхтоўцы адкрыцця БДУ у Мінску, Бел. драм. студыі ў Маскве.

Рэв. перамены выклікалі энтузіязм не толькі сярод часткі гар. і правінцыяльнай інтэлігенцыі, але і ў асяроддзі навучэнцаў розных навуч. устаноў. Узнікла вял. колькасць культ.-асв. т-ваў і суполак, якія ставілі за мэту выхаванне самасвядомасці беларусаў, гуртаванне іх вакол ідэі нац. вызвалення, вывучэнне бел. гісторыі, эканомікі і культуры, прапаганду бел. літаратуры і мастацтва, дапамогу бел. нац. руху і пашырэнне яго на нар. слаі. Арганізацыі звычайна мелі харавыя і драм. гурткі, стваралі ў паветах маладзёжныя гурткі, б-кі, праводзілі вечарыны, гутаркі. Дзейнічалі мінскія бел. вучнёўская грамада і навукова-пед. т-ва, т-ва «Папараць-кветка» (створана навучэнцамі Слуцкай земскай гімназіі), беларускія секцыя студэнтаў Горацкага с.-г. ін-та, культ.-асв. т-ва ў Бабруйску, вучнёўскі гурток «Асвета» ў Магілёве, культ.-асв. гурток «Прасвета» пры Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, Грамада бел. моладзі ў Гродне, Бел. студэнцкі саюз пры Віленскім ун-це і інш.

Культ.-асв. дзейнасць бальшавікоў была скіравана на выхаванне працоўных у духу марксісцкай ідэалогіі. З 1918 для працы сярод насельніцтва ствараліся агітац. пункты, якія распаўсюджвалі л-ру, арганізоўвалі мітынгі, лекцыі, ставілі агітп’есы і інш. Аднымі з цэнтраў масава-паліт. і культ.-выхаваўчай работы станавіліся клубы, якія павінны былі дапамагаць бальшавіцкай партыі ў правядзенні яе палітыкі, мабілізацыі працоўных на рашэнне ваен. і гасп.-паліт. задач. Пры клубах працавалі гурткі (харавыя, драматычныя, ліквідацыі непісьменнасці), б-кі, дзе таксама праводзіліся лекцыі, даклады, мітынгі. З гэтай жа мэтай у паветы, воласці і вёскі пасылалася вял. колькасць агітатараў.

За 1914—16 колькасць школ у межах Гродзенскай губ. скарацілася на 63%, Мінскай — на 40%, Магілёўскай — на 28%, Віцебскай — на 22%. Будынкі адукац. устаноў займалі вайск. часці, іх маёмасць і інвентар рабаваліся. З наступленнем ням. войск восенню 1915 паводле загаду рас. улад з тэр. Беларусі ўглыб Расіі эвакуіравана больш за 200 навуч. устаноў — пераважна гімназіі, прагімназіі, рэальныя вучылішчы, настаўніцкія семінарыі і ін-ты. Значная частка іх пасля заканчэння ваен. дзеянняў і рэв. падзей не была рээвакуіравана на радзіму, хаця праблема ліквідацыі непісьменнасці і арганізацыі школьніцтва стаяла надзвычай востра. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у сферы адукацыі былі зняты нац., паліт. і рэліг. абмежаванні. У 2-й пал. 1917 на неакупіраванай герм. войскамі тэр. Беларусі ўзніклі першыя асяродкі нац. адукацыі: Слуцкая земская (беларуская) гімназія, бел. пачатковыя школы ў Мінску, у Ігуменскім пав. і інш. У выніку Кастр. рэвалюцыі 1917 на ўсх. тэр. Беларусі пачаўся працэс саветызацыі сістэмы адукацыі, які на Міншчыне двойчы перапыняўся герм. і польскай акупацыяй. 16.10.1918 дэкрэтам ВЦВК зацверджаны Дэкларацыя і Палажэнне аб адзінай працоўнай школе. Папярэдні падзел школ (каля 30 тыпаў, якія належалі да 17 ведамстваў) скасоўваўся, уводзілася адзіная школа з падзелам на 2 ступені: 1-ю (5 гадоў навучання) — для дзяцей 8—13 гадоў і 2-ю (4 гады навучання) — 13—17 гадоў. Абвяшчалася права на адукацыю на роднай мове. З навуч. планаў былі выключаны стараж. мовы, Закон Божы, уведзены грамадска-паліт. дысцыпліны, пашыралася выкладанне прыродазнаўчых прадметаў. Навучанне стала бясплатным, незабяспечаным дзецям дзярж. органы павінны былі аказваць матэрыяльную дапамогу (бясплатныя сняданкі, адзенне, абутак, грашовая падтрымка). У школе былі адменены адзнакі, атэстаты, экзамены, выкладанне замежных моў лічылася факультатыўным, школьныя дырэктары і настаўнікі выбіраліся, а контррэвалюцыйна настроеныя выкладчыкі, незалежна ад іх прафес. якасцей, да работы з вучнямі не дапускаліся. Спрасцілася працэдура паступлення ў ВНУ. Ужо ў 1918 у Віцебскай і Магілёўскай губ. быў адкрыты шэраг прафес.-тэхн. школ і курсаў. У 1919 па ініцыятыве Рас. камуніст. саюза моладзі ў шэрагу прамысл. цэнтраў створаны школы рабочай моладзі, з 1920 арганізоўваліся школы фабрычна-заводскага навучання. Паявіліся навуч. ўстановы новага тыпу — рабочыя ф-ты, сав. парт. школы, камуніст. ун-ты. Са снеж. 1917 да лют. 1918 у Мінскай, Магілёўскай і Віцебскай губ. адкрыта больш за 2,3 тыс. пачатковых школ. Паводле дэкрэта СНК «Аб ліквідацыі непісьменнасці сярод дарослага насельніцтва РСФСР» ад 26.12.1919 усе грамадзяне ад 8 да 50 гадоў, якія не ўмелі чытаць і пісаць, абавязаны былі навучацца грамаце на роднай або рус. мове (па жаданні). Вучобу дарослага насельніцтва вялі школы граматы, пункты ліквідацыі непісьменнасці, што ствараліся пры б-ках, чырв. кутках, клубах, хатах-чытальнях, на прадпрыемствах. У ліп. 1920 пры Наркамаце асветы створана Усерас. надзвычайная камісія па ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. У яе задачы ўваходзілі: падрыхтоўка кадраў выкладчыкаў, выпуск навуч. дапаможнікаў, арганізацыя школ і пунктаў па ліквідацыі непісьменнасці, стварэнне кароткатэрміновых курсаў па падрыхтоўцы настаўнікаў для дарослых. Члены камісіі валодалі надзвычайнымі паўнамоцтвамі: маглі прыцягваць у парадку працоўнай павіннасці да работы па ліквідацыі непісьменнасці патрэбных асоб і іх, патрабаванні павінны былі выконвацца тэрмінова і безагаворачна. За першы год працы камісія выдала 39 відаў буквароў (для дарослых, чырвонаармейцаў, нац. школ і інш.). Настаўніцкія ін-ты, што існавалі на тэр. Беларусі (у Віцебску, Магілёве, Мінску), у 1918/19 навуч. г. рэфармаваны ў пед. ін-ты. З мэтай падрыхтоўкі настаўнікаў для сав. школы на базе б. настаўніцкіх семінарый у 1919—20 адкрываліся 3- і 1-гадовыя пед. курсы. У 1919 аднавіў сваю дзейнасць Горацкі с.-г. ін-т, у 1920 на базе Бел. палітэхнікума адкрыты Мінскі політэхн. ін-т.

У зах. частцы Беларусі, якая апынулася пад ням. акупацыяй, з канца 1915 фарміравалася новая сістэма адукацыі, што падпарадкоўвалася загадам галоўнакамандуючага Усх. фронтам і Упраўленню па ўсх. тэрыторыях. На аснове дырэктыў і інструкцый па арганізацыі школьніцтва ў пачатковых класах забаранялася выкладанне на рус. мове, уводзілася навучанне на родных мовах з абавязковым вывучэннем нямецкай. Школьныя падручнікі і навуч. дапаможнікі падлягалі цэнзуры, выкарыстанне ранейшай рус. навуч. л-ры забаранялася. Хаця фармальна школы знаходзіліся ў кампетэнцыі нац. грамадскіх арг-цый (школьнай камісіі Бел. т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны, польскага Адукац. к-та і інш.), уся школьная дзейнасць вялася пад жорсткім кантролем ням. акупац. адміністрацыі. Зацвярджэнне настаўнікаў у школы адбывалася паводле загаду начальніка раёна. Ад педагогаў патрабавалася выхоўваць і вучыць дзяцей «у духу паслухмянасці законам рэйха, павагі да германскіх улад і ўзброеных сіл». За антыгерм. прапаганду ў школе ці непадпарадкаванне загадам ням. адміністрацыі пагражаў арышт ці штраф. Нешматлікія сярэднія навуч. ўстановы і прафес.-тэхн. школы на акупіраванай тэрыторыі ў большасці не фінансаваліся ням. ўладамі і ўтрымліваліся на сродкі грамадскіх арг-цый. На Віленшчыне і Гродзеншчыне ў гэты час створана каля 150 бел., больш за 300 польскіх, дзесяткі яўр., літ. і ням. школ, дзейнічалі нац. гімназіі, настаўніцкія курсы і семінарыі. Польскія «крэсовыя» арг-цыі пры падтрымцы касцёла арганізоўвалі т.зв. парафіяльныя польскамоўныя школы, якія служылі сродкам паланізацыі дзяцей беларусаў-католікаў. З пашырэннем ням. акупацыі зімой 1918 на цэнтр. частку Беларусі акупац. ўлады на новых захопленых тэрыторыях фактычна не ўмешваліся ў сферу адукацыі, якая знаходзілася пад наглядам органаў мясц. самакіравання (земстваў, гар. і валасных упраў) і грамадскіх арг-цый.

Ва ўмовах польскай акупацыі Беларусі ў галіне адукац. палітыкі адбылася дэсаветызацыя школ, аднаўленне ранейшых форм навуч. устаноў (элементарная школа — вышэйшая элементарная школа або прагімназія — гімназія). На захопленых тэрыторыях адсутнічала цэласная праграма па арганізацыі школьнай справы, гвалтоўна насаджалася польская адукацыя, закрываліся бел. і рускамоўныя школы, чыніліся перашкоды ў адкрыцці новых няпольскіх адукац. устаноў. Тым не менш, дзякуючы дзейнасці Мінскай бел. школьнай рады, Бел. цэнтр. школьнай рады, Часовага бел. нац. к-та і інш. грамадскіх арг-цый у гэты перыяд дзейнічала больш за 200 бел. пачатковых школ, 5 бел. гімназій, 3 бел. настаўніцкія курсы, Мінскі бел. пед. ін-т; выдадзена некалькі тысяч экзэмпляраў бел. навуч. л-ры, распрацаваны праграмы для нац. пачатковай школы. Значнае развіццё атрымала ў гэты час яўр. школьніцтва. У перыяд існавання Сярэдняй Літвы (1920—22) у межах Віленшчыны створана каля 200 бел. пачатковых школ.

Перыядычны друк розных партый стаў дзейсным сродкам у барацьбе за пашырэнне іх ідэй. Выдавалася вял. колькасць газет рознага кірунку, у т. л. рэгіянальныя «Минский курьер», «Витебский листок», «Крестьянское слово» (Магілёў), «Голос народа» (Гомель) і інш. У Мінску, Бабруйску, Мазыры і інш. населеных пунктах Беларусі выходзілі газеты Саветаў рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Працягвалі дзейнасць бел. партыі, практычна кожная з іх мела свае друкаваныя выданні. Так, Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў выдавала «Беларускую думку» і інш. газеты; Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў — газ. «Бацькаўшчына»; Бел. сацыяліст. грамада — газ. «Грамада». Развіццё бел. нац. руху ў ходзе рэв. падзей 1917 абумовіла з’яўленне выданняў нац.-дэмакр. кірунку. У маі 1917 у Мінску створана Т-ва бел. культуры, якое пачало выдаваць штотыднёвік «Вольная Беларусь» (рэд. Я.​Лёсік). Бальшавікі свае мерапрыемствы прапагандавалі і папулярызавалі таксама праз сродкі масавай інфармацыі. 27.7(9.8).1917 у Мінску стала выходзіць на рус. мове газ. «Звезда», у студз. 1919 на бел., рус., яўр. (ідыш) і польскай мовах выдавалася афіц. газ. «Весткі Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўраду Беларусі». 1.2.1920 выйшаў 1-ы нумар бальшавіцкай газеты на бел. мове «Савецкая Беларусь». Ствараўся ваен. друк, задачамі якога былі паліт. выхаванне малаадукаваных у асн. сваёй масе чырвонаармейцаў, ператварэнне іх у барацьбітоў за сав. ўладу. Ваен. выдавецтвы выпускалі газеты, шматтыражкі, насценгазеты, брашуры, плакаты, адозвы, рабілі сатырычныя і літ.-маст. выпускі. З сярэдзіны 1918 пачалі выходзіць мясц. газеты і бюлетэні — губ. і акруговых ваен. камісарыятаў. З 1919 на франтах, у дзеючых арміях, шэрагу дывізій меліся свае выданні. З-за цяжкіх умоў газеты часта існавалі нядоўга, аб’ядноўваліся, мянялі назвы; іх тыраж і рэгулярнасць выхаду залежалі ад становішча на фронце. Вял. ўвага аддавалася прапагандзе подзвігаў чырвонаармейцаў, былі створаны рубрыкі па навучанні апошніх ваен. справе. Выходзілі спец. газеты, мэтай якіх была арганізацыя партыз. руху. Напр., газ. «Белорусская правда», якая распаўсюджвалася сярод мясц. насельніцтва на тэр., акупіраванай польскімі войскамі, змяшчала інфармац.-інструктарскія матэрыялы («Як арганізаваць партызанскі атрад», «У лясы» і інш.). Агітац. кірунак газеты дапаўняўся звесткамі пра жорсткасць акупантаў і заклікамі да помсты. Выпускаліся друкаваныя насценгазеты, разлічаныя на малапісьменнага чытача. Іх асаблівасць — кароценькі тэкст, напісаны сціслымі фразамі, буйны шрыфт («Чырвонаармейская РОСТА»). Так, для ідэалаг. забеспячэння і падняцця баявога духу чырвонаармейцаў у час ліпеньскай аперацыі 1920 у польска-сав. вайну 1919—20 у Мінску выдавалася штодзённая насценгазета на бел. мове Захфронтроста «Работніцка-сялянская Беларусь» (рэд. З.​Жылуновіч). Вял. ўздзеянне на псіхалогію людзей мелі плакаты, зразумелыя нават непісьменным (напр., «Ты записался добровольцем?»). Пачалі выдавацца і першыя сав. ваен. часопісы «Красноармеец», «Политработник». У час Лют. і Кастр. рэвалюцый 1917, ням. і польскай акупацый на тэр. Беларусі выдадзена больш за 3 млн. экз. лістовак, пераважна звароты да насельніцтва, дырэктыўныя дакументы сав. улады. Лістоўкі і газеты выпускалі і акупанты.

27.10(9.11).1917 СНК РСФСР зацвердзіў дэкрэт аб друку, у адпаведнасці з якім прадпрымаўся шэраг мер супраць нерэв. выданняў. У 1918—20 прыняты пастановы, згодна з якімі дзяржава брала пад кантроль усе папяровыя запасы і сама размяркоўвала іх па друкарнях і выдавецтвах. Да 1920 большасць прыватных і каап. выд-ваў з-за папяровага крызісу закрыліся. Існаванне апазіцыйных газет станавілася немагчымым. На аснове дэкрэта СНК РСФСР «Аб ахове бібліятэк і кнігасховішчаў» ад 21.7.1918 ва ўласнасць дзяржавы перайшлі буйныя б-кі прыватных асоб і ліквідаваных устаноў. 3.11.1920 У.​І.​Ленін падпісаў дэкрэт «Аб цэнтралізацыі бібліятэчнай справы ў РСФСР», згодна з якім б-кі розных наркаматаў і ўстаноў уключаліся ў адзіную бібліятэчную сетку і перадаваліся ў падпарадкаванне Галоўпалітасветы. У складзе пазашкольных пададдзелаў Саветаў выдзяляліся бібліятэчныя секцыі, пад кіраўніцтвам якіх ствараліся б-кі на месцах, у т. л. хаты-чытальні. Разгортвалася сетка бібліятэк-перасовак. Да канца 1920 у БССР адкрыта 445 б-к з кніжным фондам больш за 700 тыс. тамоў.

Спрыяльнымі для развіцця бел. л-ры былі абставіны, што склаліся пасля Лют. рэвалюцыі 1917, калі з абвяшчэннем свабоды слова з’явілася магчымасць друкаваць творы на роднай мове. Аднак развіццю гэтага працэсу перашкаджалі ўмовы ваен. часу: бежанства, удзел літаратараў у баявых дзеяннях, праца ў арг-цыях дапамогі ахвярам вайны. Тым не менш, у гэты час з’явілася значная колькасць бел. мастацкіх, літ.-знаўчых і крытычных твораў, рабіліся пераклады, вялася праца па стварэнні ўласнай навук. і навуч. л-ры (гіст., геагр., сельскагаспадарчай). Два цэнтры бел. нац. руху Мінск і Вільня былі і літаратурнымі цэнтрамі. Існаванне значнай колькасці газет і часопісаў дазваляла часткова вырашыць праблему з выданнем твораў. Так, газ. «Гоман» (Вільня) друкавала творы Я.​Купалы, Цёткі, М.​Гарэцкага, А.​Гурло, Ц.​Гартнага, А.​Гаруна, З.​Бядулі і інш. У газ. «Вольная Беларусь» (Мінск) апублікаваны ўрыўкі з паэм Я.​Коласа «Сымон-музыка» і «Новая зямля», яго апавяданні, вершы, п’есы. Газета друкавала таксама творы М.​Багдановіча, З.​Верас, І.​Дварчаніна і інш. Творчасць бел. пісьменнікаў і паэтаў была прасякнута нар. духам, адлюстроўвала грамадскія настроі, выяўляла патрыят. пазіцыі аўтараў. Успрыняцце кастрычніцкіх ідэй у асяроддзі бел. літаратараў ішло даволі складана. Іх творчасць мела нярэдка апазіцыйны да бальшавікоў характар. Разам з тым бальшавіцкая ўлада вымушана была лічыцца з дасягненнямі бел. л-ры. Нар. камісарыят асветы БССР з вер. 1920 выдаваў літ.-крытычны штомесячнік «Вольны сцяг», у якім друкаваліся У.​Ігнатоўскі, Я.​Купала, Я.​Колас, З.​Бядуля, М.​Гарэцкі. У 1918 выдадзена «Беларуская граматыка для школ» Б.​Тарашкевіча (паралельна кірыліцай і лацінкай), дзе ўпершыню вызначаны правапісныя нормы сучаснай бел. мовы. На аснове гэтай граматыкі пачалі друкавацца падручнікі па бел. мове інш. аўтараў. Працягвалі сваю працу гісторыкі М.​Нікольскі, У.​Пічэта, У.​Ігнатоўскі, мовазнавец і этнограф Я.​Карскі, этнограф і фалькларыст А.​Сержпутоўскі. Выйшлі навуч. дапаможнікі «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі» У.​Ігнатоўскага, «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага, «Геаграфія Беларусі» А.​Смоліча.

Адной з форм палітыка-асв. працы ў гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 стала агітац.-масавае мастацтва. Асн. ролю ў ім адыгрывалі такія віды, як плакат, афармленне масавых свят і дэманстрацый, манументальныя і агітац.-дэкаратыўныя размалёўкі (лозунгі, тэматычныя і дэкаратыўныя пано), агітпараходы і агітцягнікі. Агітац.-масавую скіраванасць меў і ленінскі план манументальнай прапаганды. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР ад 12.4.1918 «Аб помніках рэспублікі» да 1.5.1918 былі зняты або закрыты шэраг манархічных помнікаў. Спіс новых помнікаў, якія меркавалася паставіць на ўшанаванне памяці рэвалюцыянераў і прагрэсіўных дзеячаў усіх часоў і народаў (69 імён), зацверджаны СНК РСФСР 30.7.1918. Гал. цэнтрам маст. жыцця Беларусі быў Віцебск, дзе ў 1918 па розных прычынах і найперш таму, што горад знаходзіўся ў баку ад ваен. дзеянняў, апынуліся знакамітыя мастакі з Масквы, Петраграда і інш. гарадоў. У выяўл. мастацтве, як і ў літаратуры, барацьба ішла ў асн. па 2 кірунках: паміж прыхільнікамі традыцыйнай манеры жывапісу і «левымі», якія абвясцілі рэалізм устарэлым, панска-бурж. і заклікалі да поўнага яго адмаўлення. Вял. месца ў дзейнасці апошніх займала прапагандысцка-асв. праца, у якой пераважным кірункам быў т.зв. «рэвалюцыйны стыль». Яго прадстаўлялі мастакі Віцебска М.​Шагал і К.​Малевіч. Гал. творамі мастацтва з’яўляліся плакаты. Вядомымі былі творы гэтага жанру М.​Шагала («Мір хацінам, вайна палацам»), Л.​Лісіцкага («Клінам чырвоным бі белых»). Развівалася карыкатура (творы С.​Юдовіна). У партрэтах і пейзажах Ю.​Пэна, Я.​Кругера, М.​Станюты, В.​Бялыніцкага-Бірулі працягваліся традыцыі рэалізму. Шмат бел. мастакоў знаходзіліся ў гэты час па-за межамі Беларусі: партрэтысты Я.​Кругер — у Казані, В.​Волкаў — у Пецярбургу, Г.​Віер і А.​Курбатаў афармлялі агітац. малюнкамі вагоны ваен. цягнікоў. На розных франтах ваявалі пейзажыст М.​Дучыц, партрэтыст і скульптар А.​Грубэ, партрэтыст і графік М.​Гусеў, карыкатурыст К.​Елісееў.

Перыяд 1914—20 звязаны са станаўленнем бел. прафес. тэатральнага мастацтва, стварэннем муз. навуч. устаноў у Беларусі. Бел. трупы ставілі спектаклі па творах Э.​Ажэшкі «Хам» і «У зімовы вечар», п’есы Я.​Купалы «Паўлінка», «У купальскую ноч», «Раскіданае гняздо», Ф.​Аляхновіча «На вёсцы», «Бутрым Няміра», К.​Каганца «Модны шляхцюк» і інш. З 1916 пры Бел. клубе ў Вільні працаваў аматарскі тэатр пад кіраўніцтвам Ф.​Аляхновіча. У Мінску ў крас. 1917 пачало дзейнасць 1-е бел. т-ва драмы і камедыі, створанае Ф.​Ждановічам пры ўдзеле І.​Буйніцкага, У.​Фальскага, У.​Галубка. Пасля заняцця Мінска бальшавікамі ў канцы 1918 з тэатраў Ф.​Аляхновіча і Ф.​Ждановіча створаны Бел. пралетарскі тэатр, які пазней стаў Бел. сав. тэатрам. 14.9.1920 аддзел мастацтва Наркамата асветы БССР адкрыў у Мінску Бел. дзярж. тэатр. Арганізоўваліся розныя тэатр. і муз. ўстановы і ў інш. гарадах Беларусі. У Віцебску працавалі 4 тэатры, тэатр. студыя, муз. школа, акруговы муз. аддзел, 2 сімф. і 5 духавых аркестраў. Развівалася маст. самадзейнасць. Напр., у Тураўлянскай вол. Полацкага пав. быў адкрыты Нар. дом, дзе сіламі мясц. інтэлігенцыі, рабочых і сялян пастаўлена 6 спектакляў. У 1918 створаны нар. кансерваторыі ў Віцебску і Гомелі, у 1919 — у Мінску. Гал. мэтай гэтых устаноў была папулярызацыя муз. мастацтва. Адкрываліся і муз. школы. Папулярнасцю карысталася кіно. У 1918 пачалі здымацца агітфільмы, якія адлюстроўвалі значныя моманты барацьбы на франтах, у гасп. і культ. будаўніцтве, тлумачылі актуальныя паліт. задачы, мабілізоўвалі народ на барацьбу з праціўнікамі бальшавікоў, інтэрвентамі, голадам, разрухай. Такія фільмы былі разлічаны на рабочых, сялян, чырвонаармейцаў і вызначаліся прастатой, лаканічнасцю, публіцыст. завостранасцю. У 1919 сав. ўлада нацыяналізавала кінематаграфічную прадукцыю і кінатэатры. Кіно ператваралася ў найважнейшы сродак прапаганды, ствараўся адпаведны рэпертуар, а для большага ахопу насельніцтва пачалі працу і кінаперасоўкі. Працягвалі дзейнасць музеі. Магілёўскі музей у 1918 аб’яднаны з Магілёўскім царк.-археал. музеем, а з 1919 стаў Дзярж. гіст. музеем. 7.11.1919 у Гомелі на базе нацыяналізаваных калекцый кн. І.​Ф.​Паскевіча створана пастаянная музейная экспазіцыя. 20.1.1919 пачаў працу музей у Мінску. Аснову яго калекцый склалі ўцалелыя пасля вайны матэрыялы дарэв. музеяў Мінска. У канцы 1918 на базе калекцый краязнаўца А.​Брадоўскага і музея Віленскага вайск. сходу (эвакуіраваны ў Віцебск у 1-ю сусв. вайну) заснаваны Віцебскі губ. музей, які пазней папоўнены матэрыяламі з калекцый А.​Сапунова, Е.​Раманава і прыватнага музея В.​Федаровіча.

Рэв. і ваен. падзеі з іх велізарнымі матэрыяльнымі і людскімі стратамі, а таксама акупац. рэжымы парушылі пераемнасць у культ. развіцці грамадства, разам з тым выклікалі значны зрух у культ. жыцці на бел. землях, садзейнічалі ўздыму энтузіязму сярод бел. нац. дзеячаў, якія шмат зрабілі для развіцця культуры краю ў новых, вельмі складаных паліт., матэрыяльных і маральных абставінах. Беларусы заявілі пра сябе ў свеце, а бел. культура выявіла свой значны патэнцыял, які стаў добрым грунтам для культ. развіцця ў 1920-я г.

Літ.:

Народное образование в БССР: Сб. док. и материалов. Т. 1 (1917—1928 гг.). Мн., 1979;

Каменская Н.В. Становление народного образования в Белоруссии (1917—1920 гг.). Мн., 1980;

Гражданская война и военная интервенция в СССР: Энцикл. М., 1987;

Гісторыя беларускага мастацтва. Т. 4. 1917—1941. Мн., 1990;

Ершова Э.Б. Исторические судьбы художественной интеллигенции Белоруссии (1917—1941). М., 1994;

Ляхоўскі У Пачатак тварэння беларускае нацыянальнае школы // Спадчына. 2001. № 1—2;

Glogowska H. Białorus 1914—1929: Kultura pod presją polityki. Białystok, 1996.

І.​М.​Раманава.

Мірныя перагаворы ў Брэсце. Сакавік 1918.
Нямецкія салдаты ў Мінску. 1918.
Першая Устаўная грамата БНР. Люты 1918.
Газета Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі з тэкстам Маніфеста аб абвяшчэнні БССР. 1919.
Фрагменты Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі. 1919.
Дэлегаты 1-га Усебеларускага з’езда Саветаў. Мінск. 2—3.2.1919.
М.​І.​Калінін праводзіць войскі на Заходні фронт. Мінск. Траецкая плошча. 20.6.1919.
Артылерыя на перадавых пазіцыях каля Барысава. На пярэднім плане А.​Ф.​Мяснікоў. 1920.
Атрад беларускіх партызан у тыле польскіх акупантаў. 1919—20.
Загад камандуючага Заходнім фронтам М.​М.​Тухачэўскага аб стварэнні ССРБ. 12.8.1920.

т. 18, кн. 2, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАХОДНЯЯ БЕЛАРУСЬ

У выніку 1-й сусв. вайны рас.-герм. фронт на тэр. Беларусі да кастр. 1915 стабілізаваўся па лініі Дзвінск—Паставы—Баранавічы—Пінск; каля палавіны тэр. Беларусі апынулася пад ням. акупацыяй (пазней з прычыны зрыву брэсцкіх мірных перагавораў герм. войскі акупіравалі амаль усю Беларусь). Калі пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі немцы пачалі выводзіць свае войскі, зах. землі Беларусі пачала займаць Польшча, якая абвясціла пра намер аднавіць сваю тэрыторыю ў межах Рэчы Паспалітай 1772. Да жн. 1919 польскія войскі занялі большую частку Беларусі (лінія фронту праходзіла па р. Зах. Дзвіна—Бярэзіна). У выніку сав.-польскай вайны 1920 польскія інтэрвенты ў ліп.—жніўні былі выдалены з Беларусі, але ў вер.—кастр. яны зноў захапілі зах. раёны Беларусі — Гродзенскую губ., паўд.-ўсх. паветы Віленскай, зах. паветы Мінскай губ. — амаль палавіну этнічнай Беларусі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 18.3.1921 Зах. Беларусь (агульная пл. 113 тыс. км²) засталася пад уладай Польшчы. Яе тэр. была падзелена на 29 паветаў, што ўваходзілі ў Навагрудскае, Палескае, Віленскае і Беластоцкае ваяводствы. На тэр. Зах. Беларусі жыло каля 4 млн. чал. (на час перапісу 1921—3372 тыс. чал., паводле ацэнкі 1939—4,6 млн. чал.). Гал. культурным і навук. цэнтрам Зах.

Беларусі быў г. Вільня, у прамысловых адносінах найб. развітым — Беластоцкі прамысловы раён. Найб. гарады: Гродна, Брэст, Навагрудак, Баранавічы, Пінск, Лунінец, Ваўкавыск, Маладзечна, Кобрын, Вілейка, Ліда, Слонім, Стоўбцы, Пружаны, Глыбокае, Браслаў, Ашмяны.

Прамысловасць. Польшча (афіцыйна Другая Рэч Паспалітая) належала да краін з сярэднім узроўнем развіцця. Зах. Беларусь у эканам. адносінах была даволі адсталай яе ўскраінай, аграрным прыдаткам, рынкам збыту прамысл. тавараў, крыніцай сыравіны і таннай рабочай сілы. Зах. Беларусь складала 24% тэрыторыі і 13% насельніцтва ўсёй Польшчы, а ўдзельная вага яе ў прамысл. вытворчасці ледзь перавышала 3%, выпрацоўка электраэнергіі — 2%. Разбураная войнамі нар. гаспадарка Зах. Беларусі аднаўлялася марудна, новыя ф-кі і з-ды амаль не будаваліся. Большасць прамысл. прадпрыемстваў — дробныя ф-кі і з-ды, якія перапрацоўвалі мясц. сыравіну. У 1928 у Зах. Беларусі афіцыйна зарэгістравана каля 2 тыс. прадпрыемстваў, але на 80% з іх працавала менш чым па 20 чалавек. Толькі 127 прадпрыемстваў мелі больш як па 20 рабочых, 89 — больш як па 100 і 6 — больш як па 500 рабочых. Значны прамысл. спад адбыўся ў гады сусв. эканам. крызісу 1929—33, калі ў Зах. Беларусі спынілі работу каля 230 прадпрыемстваў, колькасць занятых рабочых да сярэдзіны 1933 скарацілася амаль напалавіну. Імкнучыся перакласці цяжар крызісу на плечы працоўных, прадпрымальнікі павялічвалі інтэнсіўнасць працы, падаўжалі рабочы дзень да 10—12 гадзін, пазбаўлялі рабочых сац. страхавання, зніжалі заработную плату, якая ў Зах. Беларусі і да таго была значна ніжэйшая, чым у карэннай Польшчы. Працоўныя цярпелі і ад моцнай эксплуатацыі, і ад хранічнага беспрацоўя. У прамысловасці, на транспарце, лесараспрацоўках і інш. было занята 100 тыс. рабочых (каля 5% рабочых усёй Польшчы), мелася каля 50 тыс. рамеснікаў. У 1936 зарэгістравана больш за 25 тыс. беспрацоўных. Шырока выкарыстоўвалася танная праца жанчын і падлеткаў.

Прыродныя багацці краю часта прадаваліся замежным капіталістам. Лясы на высечку, у т. л. Белавежскую пушчу, прадавалі англійскім і французскім прадпрыемствам, тытунёвую манаполію здалі ў арэнду італьянцам, запалкавую — шведам. За 1919—39 у Зах. Беларусі высечана 589,2 тыс. га лясоў, натуральны ж прырост іх склаў толькі 41,8 тыс. га.

Сельская гаспадарка. Больш за 80% насельніцтва Зах. Беларусі займалася сельскай гаспадаркай. Паводле перапісу 1921 большая частка прыватнаўласніцкай зямлі (каля 3 млн. га) належала памешчыкам, якія складалі ўсяго 1,7% землеўладальнікаў (каля 6 тыс. гаспадарак, зямельны надзел кожнай больш за 50 га). На сялянскі двор у сярэднім прыпадала каля 7 га зямлі. Каля 55 тыс. гаспадарак мелі надзелы крыху большыя за 1 га, каля 90 тыс. парабкаў былі зусім беззямельныя. У 15% гаспадарак не было буйн. раг. жывёлы, у 30% — коней (1927). Апрача малазямелля сяляне цярпелі ад шматлікіх падаткаў, прыгонніцкіх перажыткаў, высокіх цэн на прамысл. тавары шырокага ўжытку і нізкіх цэн на с.-г. прадукты, ад запазычанасці ў банку і выплаты працэнтаў па ёй, ад самавольства чыноўнікаў і паліцыі, шматлікіх штрафаў. Сял. гаспадаркі пасля вайны аднаўляліся марудна і толькі да 1929 дасягнулі даваеннага ўзроўню.

Зямельная рэформа польскага ўрада (1920, 1921, 1924) была накіравана на развіццё капіталіст. адносін у вёсцы і расшырэнне ўнутр. рынку. Яна ўключала т.зв. парцэляцыю (продаж праз зямельны банк памешчыцкай зямлі дробнымі ўчасткамі — парцэлямі), ліквідацыю сервітутаў (сумесных уладанняў памешчыкаў і сялян) і камасацыю (ліквідацыю цераспалосіцы і звядзенне ў адзін участак дробных сял. палосак з адначасовым высяленнем на хутары). Шляхам т.зв. дзярж. і прыватнай парцэляцыі ў Зах. Беларусі распрададзена каля 20% памешчыцкіх зямель (597 тыс. га з 2948 тыс. га). Значную частку распарцэляваных зямель складалі землі былой царскай казны, якія перайшлі ў дзярж. фонд Польшчы. Такім чынам, буйное памешчыцкае землеўладанне зменшылася, але не на многа. У пач. 1930-х г. памешчыкам і кулакам належала каля 48% усёй зямлі. Выгадна прадаючы зямлю, памешчыкі ўмацоўвалі сваю гаспадарку. Больш за 70% зямлі, якую яны прадалі праз зямельны банк, купілі заможныя сяляне і асаднікі. Толькі нямногія з бедных сялян, парабкаў і дробных арандатараў набылі зямлю. Ад ліквідацыі сервітутаў пацярпела больш за 100 тыс. сял. гаспадарак.

Хутарызацыя ў пераважнай большасці праводзілася прымусова, што выклікала хваляванні на вёсцы. Каб аслабіць супраціўленне сялян, улады абяцалі ў выніку рэформы ліквідаваць цераспалосіцу, павялічыць надзелы, даць крэдыт на перанос будынкаў і на інвентар. Фактычна хутарызацыя была выгадная заможным сялянам і кулакам, бо вялікія выдаткі на перасяленне не давалі магчымасці ўзняць гаспадарку беднякам і парабкам. Да 1939 на хутары расселена каля 200 тыс. двароў.

Асаблівасцю аграрнай палітыкі польскага ўрада было перасяленне на тэр. Зах. Беларусі з цэнтр. раёнаў Польшчы ваенных і цывільных каланістаў, т.зв. асаднікаў, якім на льготных умовах ці бясплатна даваліся зямельныя надзелы да 45 га. Да 1934 на тэр. Зах. Беларусі і Валыні паселена каля 9 тыс. асаднікаў. Асаднікі былі ваеннай і паліт. апорай польскай улады ў Зах. Беларусі.

Адной з прычын збяднення сял. гаспадарак былі нізкія цэны на с.-г. прадукты, асабліва ў гады сусв. эканам. крызісу. У выніку скараціліся пасевы асн. с.-г. культур, менш набывалася і выкарыстоўвалася с.-г. машын, мінер. угнаенняў, што не спрыяла росту культуры земляробства. Толькі ў 1930-я г. прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі значна вырасла: ураджайнасць збожжавых дасягнула ўзроўню Францыі, а па многіх культурах пераўзыходзіла фермераў ЗША. Адсутнасць радыкальных пераўтварэнняў у аграрным сектары спрыяла захаванню ў сял. сем’ях традыц. ўкладу, працоўнай маралі, нац. культуры і бел. мовы. Слаба развітая прамысловасць не магла прыняць адток «лішніх рук» з аграрна перанаселенай вёскі, што часам вымушала сялян шукаць работу ў краінах Зах. Еўропы і Амерыкі. Малазямелле і аграрная перанаселенасць не здымала з парадку дня неабходнасць далейшага землеўпарадкавання і было адной з прычын рэв. актыўнасці сялян.

Сацыяльны і нацыянальны прыгнёт. Сац. прыгнёт у Зах. Беларусі цесна пераплятаўся з нац. прыгнётам і паліт. бяспраўем бел. народа. Канстытуцыя Польшчы (1921), а таксама ўмовы Рыжскага мірнага дагавора дэкларавалі паліт. і прававую роўнасць усіх грамадзян незалежна ад нац. прыналежнасці. Аднак у дачыненні да беларусаў і інш. нац. меншасцей польскі ўрад з дапамогай дзярж. апарату, друку, школы, каталіцкай царквы праводзіў вялікадзяржаўную палітыку прымусовай паланізацыі. Беларусаў не прызнавалі за самастойную нацыю, забаранялі школы на роднай мове, абмяжоўвалі прыём на работу ў дзярж. ўстановы і ў ВНУ. Зах. Беларусь разам з Валынскім ваяводствам польскія ўлады называлі «крэсамі ўсходнімі» (усходнімі ўскраінамі) або Белапольшчай. Польскі ўрад вышукваў розныя прычыны і зачэпкі, каб закрываць бел. выдавецтвы, б-кі, хаты-чытальні, клубы, рэдакцыі бел. газет і часопісаў. Калі ў 1927 у Зах. Беларусі легальна выдаваліся 23 бел. газеты і часопісы, то ў 1930 іх было 12, у 1932—6, у 1936—13; у 1937 засталося толькі 8 бел. выданняў, пераважна прапольскай і клерыкальнай арыентацыі. Мясц. дзярж. апарат і органы самакіравання (гмінныя рады, павятовыя сеймікі) фарміраваліся з прадстаўнікоў дробнай буржуазіі, памешчыкаў, асаднікаў. Польскі ўрад праводзіў палітыку рэліг. нецярпімасці да пераважна правасл. бел. насельніцтва. З 500 правасл. цэркваў 300 былі пераўтвораны ў касцёлы.

Паводле закона «Аб мове», прынятага 31.7.1924, дапускалася ствараць дзярж. школы з роднай мовай выкладання. Аднак мноства агаворак ператварала яго ў пустую абяцанку. З 500 бел. школ, што працавалі на тэр. Зах. Беларусі да 1921, у 1928 дзейнічала ўсяго 25 і 49 польска-бел. школ; да 1936 засталося 16 бел. школ, астатнія ператвораны ў польскія ці бел.-польскія. Улады закрылі 8 бел. гімназій (у Радашковічах, Навагрудку, Клецку, Нясвіжы, Будславе, Гродне, Гарадку, Маладзечне), 2 настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы); Віленскую бел. гімназію ператварылі ў філіял польскай гімназіі. У выніку бел. настаўнікі засталіся без працы. Урад Польшчы не вельмі імкнуўся даць дзецям Зах. Беларусі адукацыю і на польскай мове. У 1937/38 навуч. г. ў 4221 школе Зах. Беларусі вучылася 546,6 тыс. дзяцей 7—10 гадоў. Пачатковую школу не наведвалі каля 50 тыс. дзяцей. У 1939 каля 35% насельніцтва заставалася непісьменным. Польскія ўлады праводзілі таксама т.зв. пацыфікацыю — прэвентыўнае ўціхаміранне. Тых, хто ў час выбараў агітаваў за кандыдатаў з рабочых і сялян, бралі на ўлік, часам арыштоўвалі. Нават падпісчыка на прагрэсіўную бел. газету лічылі непрыяцелем польскай дзяржавы, а ў дачыненні да дзеячаў рэв. і камуніст. руху праводзіліся масавыя судовыя і паліт. працэсы.

Нацыянальна-вызваленчы рух. Заходнебеларускія партыі і арганізацыі. Неспрыяльнае сац.-эканам. становішча, нац. ўціск, паліт. бяспраўе насельніцтва Зах. Беларусі былі аб’ектыўнымі ўмовамі для разгортвання нац.-вызв. руху. Мясц. жыхары не змірыліся з анексіяй этнічных зямель беларусаў, выступалі супраць гвалтоўнай паланізацыі, каланізатарскай палітыкі польскіх улад. Пасля Рыжскага мірнага дагавора 1921 актывізавалася ўзброенае антыпольскае змаганне. Адзін з першых партыз. атрадаў пад кіраўніцтвам Г.​Шыманюка (Скамароха) узнік у Бельскім пав. Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р) актыўна займалася пашырэннем партыз. руху на Беласточчыне, Віленшчыне, Гродзеншчыне. Летам 1921 створаны Цэнтр. бел. паўстанцкі камітэт, які ўзначаліў У.​Пракулевіч. Гал. штаб бел. партызан (кіраўнік В.​Разумовіч) ажыццяўляў каардынацыю дзеянняў партыз. злучэнняў.

Прыняты на 1-й Усебел. паліт. канферэнцыі ў Празе (вер. 1921) курс на падрыхтоўку ўзброенага паўстання быў часткова здзейснены ў Зах. Беларусі. Паводле польскіх вайсковых звестак, восенню 1922 там налічвалася 5—6 тыс. партызан. Масавыя арышты партызан, судовыя працэсы, спыненне падтрымкі з боку Літвы прывялі да аслаблення ўплыву БПС-Р у партыз. руху. Паступова там узмацняліся пазіцыі камуністаў і іх прыхільнікаў, якія абапіраліся на дапамогу Сав. Беларусі. З удзелам камандзіраваных з усходу камуністаў К.​Арлоўскага, С.​Ваўпшасава, В.​Каржа і інш. былі створаны партыз. атрады і групы, якія нападалі на адм. ўстановы, ваенна-паліцэйскія падраздзяленні, гарнізоны, маёнткі памешчыкаў, сядзібы чыноўнікаў, асаднікаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы і г.д. У 1922 ва ўсх. ваяводствах Польшчы адбылося 878, у 1923—503 партыз. выступленні, з іх найбольш у Зах. Беларусі. Пры дапамозе вял. колькасці паліцыі, пагранічных войск, карных фарміраванняў, жорсткіх мер пацыфікацыі, ваенна-палявых судоў партыз. рух быў моцна аслаблены і спынены ў сярэдзіне 1920-х г.

Разам з узброенай барацьбой выкарыстоўваліся і легальныя магчымасці парламенцкай дзейнасці. Пасля выбараў у канцы 1922 у польскім сейме створана нац. дэпутацкая фракцыя — Беларускі пасольскі клуб (БПК), куды ўваходзілі 11 паслоў (дэпутатаў), якія прадстаўлялі ўсе грамадска-паліт. сілы Зах. Беларусі (А.​Аўсянік, П.​Мятла, Б.​Тарашкевіч, Ф.​Ярэміч, С.​Баран, У.​Каліноўскі, С.​Якавюк, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч, М.​Кахановіч, В.​Рагуля). З імі супрацоўнічалі сенатары В.​Багдановіч, А.​Назарэўскі, А.​Уласаў. У студз. 1923 дэпутаты БПК ухвалілі праект стварэння краёвага парламента ў Вільні, дамагаліся таксама вырашэння агр. пытання, спынення асадніцтва, вяртання адабраных у праваслаўных храмаў, выкарыстання бел. мовы ў судах, установах адукацыі. Бел. паслы і сенатары настойліва абаранялі нац.-культ. і сац. правы насельніцтва краю, рэгулярна накіроўвалі інтэрпеляцыі (запыты) аб іх грубых парушэннях. Распрацаваны праект аўтаноміі Зах. Беларусі так і не быў прадстаўлены на абмеркаванне ў польскі сейм. Абмежаванне толькі парламенцкімі формамі не дазваляла пашырыць сац. базу нац.вызв. руху.

Легальныя формы барацьбы падтрымлівалі бел. нац.-дэмакр. партыі і арг-цыі. Агульным для іх было патрабаванне ўтварэння незалежнай Бел. дэмакр. рэспублікі. Да сярэдзіны 1920-х г. дзейнічалі асобныя групы Бел. партыі сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Бел. с.-д. партыі (БСДП), левае крыло якой у 1924 абвясціла стварэнне партыі бел. незалежных сацыялістаў.

Найбольш уплывовай была партыя бел. эсэраў, якая патрабавала дэмакр. свабод, вырашэння аграрнага пытання, «нацыянальнага вызвалення беларускага народа». Левае крыло БПС-Р у ліп. 1922 аформілася ў самастойную Бел. рэв. арг-цыю (БРА). БРА з’яўлялася нелегальнай радыкальнай нац.-дэмакр. арг-цыяй, выступала за канфіскацыю памешчыцкай зямлі, сац. і нац. правы насельніцтва Зах. Беларусі. Лідэры БРА І.​Лагіновіч, А.​Канчэўскі, Л.​Родзевіч, А.​Капуцкі наладзілі цесныя сувязі з камуніст. дзеячамі. Па ўсіх асн. пытаннях пазіцыя арг-цыі супадала з тактычнымі ўстаноўкамі камуністаў. У канцы 1923 пасля шэрагу сустрэч і сумесных пасяджэнняў былі выпрацаваны ўмовы зліцця БРА з Камуніст. партыяй Зах. Беларусі (КПЗБ).

З нац.-дэмакр. партый згуртаванасцю вылучалася клерыкальная Бел. хрысціянская дэмакратыя (БХД), на чале якой стаялі каталіцкія ксяндзы А.​Станкевіч, Ф.​Абрантовіч, В.​Гадлеўскі, К.​Стаповіч і інш. У сваёй дзейнасці БХД зыходзіла з тэорыі бяскласавасці бел. народа, адмаўляла наяўнасць класавай барацьбы. Партыя адстойвала эвалюцыйны шлях развіцця грамадства і парламенцкія сродкі змагання. БХД выступала за дэмакр. свабоды, роўнасць перад законам, мясц. самакіраванне, усеагульнае выбарчае права, зямельную рэформу на карысць беззямельных і малазямельных, але з захаваннем прыватнай уласнасці, нац. культуру. У 2-й праграме БХД (1927) канстатавалася, што партыя «імкнецца да самастойнасці беларускага народу на ўсіх яго землях, аб’яднаных у незалежную дэмакратычную рэспубліку». БХД пашырала свой уплыў пераважна сярод беларусаў-католікаў Віленскага і Навагрудскага ваяводстваў.

Актыўнасць праяўлялі ў Зах. Беларусі і польскія партыі. Значны ўплыў мела рэфармісцкая Польская сацыяліст. партыя (ППС), сял. партыя «Вызволене» і інш. ППС дамагалася дэмакр. свабод, самакіравання, сац. забеспячэння, перадачы памешчыцкіх зямель у арэнду сялянам, аўтаноміі для няпольскага насельніцтва. Патрабаванні дэмакр. рэформ падтрымлівала і партыя «Вызволене». Правыя польскія партыі спрыялі ажыццяўленню асн. кірункаў урадавай палітыкі ў Зах. Беларусі, выступалі з шавіністычных пазіцый адносна нац. меншасцей.

Сярод яўрэйскага насельніцтва зах.бел. гарадоў і мястэчак пераважалі ўплывы Бунда і Паалей Цыёна. Бунд прытрымліваўся с.-д. пазіцый, патрабаваў нац.-культ. аўтаноміі для яўрэяў, самавызначэння Зах. Беларусі, але выступаў супраць яе аддзялення ад Польшчы. Дзеячы партыі сацыял-сіянісцкага кірунку Паалей Цыён прапагандавалі свае ідэі ў асяроддзі яўрэйскіх рабочых, дробных гандляроў, інтэлігенцыі. Як і бундаўцы, яны стараліся адцягнуць сваіх прыхільнікаў ад актыўнай паліт. барацьбы, акцэнтавалі ўвагу на парламенцкай дзейнасці.

Найб. радыкальныя пазіцыі ў зах.бел. нац.-вызв. руху займала Камуністычная партыя Заходняй Беларусі (КПЗБ), якая была створана ў кастр. 1923 у Вільні як састаўная частка Кампартыі Польшчы. Першымі арганізатарамі партыі былі С.​Мертэнс, А.​Славінскі, С.​Мілер, С.​Дубовік, у яе кіраўніцтва ўваходзілі таксама І.​Лагіновіч, Я.​Бабровіч, А.​Канчэўскі, Л.​Родзевіч, М.​Арэхва і інш. КПЗБ была правадніком ідэй Камінтэрна, ВКП(б) і КП(б)Б, абапіралася на арганізацыйную, паліт. і фінансавую падтрымку з боку СССР і БССР. Сваёй мэтай КПЗБ ставіла барацьбу за інтарэсы рабочага класа, надзяленне сялян зямлёй без выкупу, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР, садзейнічала развіццю нац.-вызв. змагання. У канцы 1924 яна налічвала 2296, у канцы 1927 — 3254 камуністаў. Значная частка з іх знаходзілася ў турмах, пастаянна арыштоўвалася польскімі ўладамі. У канцы 1924—1-й пал. 1925 існавала пагроза расколу партыі ў сувязі з утварэннем унутры яе сепаратысцкай групоўкі («сэцэсіі»). Бюро ЦК КП(б)Б у студз. 1925 асудзіла дзеянні «сэцэсіі», прызнала іх «недапушчальным, дэзарганізатарскім і антыпартыйным крокам».

Пад уплывам КПЗБ у чэрв. 1925 з Бел. пасольскага клуба выйшла група дэпутатаў і ўтварыла асобны клуб Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) на чале з Б.​Тарашкевічам. Камуніст. кіраўніцтва праяўляла пільную ўвагу да новай сеймавай фракцыі. У жніўні 1925 у Сопаце (каля Гданьска) адбылася нелегальная нарада прадстаўнікоў ЦК КПП, КПЗБ, КП(б)Б з лідэрамі пасольскага клуба БСРГ, дзе была дасягнута дамоўленасць аб стварэнні масавай легальнай арг-цыі рэв.-дэмакр. характару, вызначаны яе асн. праграмныя паліт. мэты.

У маі—чэрв. 1926 пасольскі клуб Грамады стаў самастойнай паліт. арг-цыяй. Старшынёй ЦК БСРГ быў выбраны Б.​Тарашкевіч, нам. старшыні — С.​Рак-Міхайлоўскі. У склад ЦК увайшлі таксама П.​Валошын, П.​Мятла, кіраўнік Цэнтр. сакратарыята Грамады М.​Бурсевіч. Першапачатковы праект праграмы прадугледжваў стварэнне легальнай камуніст. арг-цыі. Прынятая ў маі 1926 праграма БСРГ змяшчала шырокі спектр дэмакр. патрабаванняў: канфіскацыя памешчыцкіх зямель, падзел іх паміж беззямельнымі і малазямельнымі сялянамі, скасаванне асадніцтва, дэмакр. самакіраванне, устанаўленне дэмакр. свабод, нац. роўнасць і навучанне на роднай мове, стварэнне сял.-рабочага ўрада, самавызначэнне Зах. Беларусі і ўз’яднанне з БССР і інш.

У 2-й пал. 1926 БСРГ ператварылася ў масавую легальную арг-цыю. Большасць у ёй складалі сяляне-беднякі і сераднякі, а таксама рабочыя, прадстаўнікі інтэлігенцыі. У студз. 1927 каля 120 тыс. чалавек былі аб’яднаны ў больш як 2 тыс. гурткоў Грамады. Актыўную паліт. работу вялі к-ты БСРГ у Баранавіцкім, Беластоцкім, Бельскім, Валожынскім, Ваўкавыскім, Вілейскім, Віленскім, Гродзенскім, Дзісенскім, Косаўскім, Лідскім, Маладзечанскім, Навагрудскім, Пастаўскім, Пінскім, Сакольскім, Слонімскім і Стаўбцоўскім пав. Больш за 200 камуністаў, што ўступілі ў склад Грамады, у многім вызначылі ідэалагічную лінію, характар дзейнасці арг-цыі.

Масавы рост БСРГ быў выкліканы аб’ектыўнымі ўмовамі зах.-бел. рэчаіснасці ў сац.-эканам., грамадскай і культурнай сферах. Грамада мела прасавецкую арыентацыю не столькі з-за знешняй ідэалагічнай, матэрыяльнай дапамогі, сімпатый да сав. ладу, колькі з-за паўсюднага незадавальнення, непрыняцця палітыкі польскіх улад у Зах. Беларусі. 15.1.1927 рэжым «санацыі» распачаў ліквідацыю гурткоў, к-таў БСРГ, масавыя арышты актывістаў, а 21.3.1927 афіцыйна забараніў арганізацыю. Усіх арыштаваных кіраўнікоў і актывістаў Грамады ў 1927—29 судзілі на некалькіх працэсах, самым гучным з якіх быў «працэс 56-і».

Выбары ў сейм у сак. 1928 адбыліся ва ўмовах жорсткіх рэпрэсій польскіх улад. Леварадыкальная частка дэпутатаў [Я.​Гаўрылік, І.​Дварчанін, Ф.​Валынец, І.​Грэцкі, А.​Стагановіч (у лют. 1929 яго замяніў П.​Крынчык)] утварыла бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне», які супрацоўнічаў з камуніст. фракцыяй у сейме і фактычна стаў парламенцкім прадстаўніцтвам КПЗБ. Паслы клуба «Змаганне» займаліся прапагандысцкай дзейнасцю, арганізоўвалі мітынгі, дэманстрацыі працоўных, востра крытыкавалі ўнутр. і знешнюю палітыку рэжыму «санацыі» Ю.​Пілсудскага, выкрывалі адм.-паліцэйскі гвалт, уступалі ў палеміку з паліт. апанентамі. Акрамя інтэрпеляцый, пададзеных разам з інш. клубамі, дэпутаты «Змагання» ўнеслі ў сейме 11 запытаў і 13 прапаноў для абароны сац. і нац. інтарэсаў насельніцтва Зах. Беларусі.

Максімалісцкія, празмерна радыкальныя лозунгі «Змагання» перашкаджалі супрацоўніцтву з нац.-дэмакр. партыямі і арг-цыямі. Уцягванне ў барацьбу супраць іх было вынікам рашэнняў VI кангрэса Камінтэрна (ліп.—вер. 1928), які неадкладна выконвалі дзеячы КПЗБ і падкантрольных ім арганізацый. У адрозненне ад кіраўніцтва «Змагання» сярод мясц. актыву перавагу атрымалі не леварадыкальныя, а нац.-вызв. лозунгі. Нягледзячы на моцны камуніст. ўплыў, паслы «Змагання» ішлі на супрацоўніцтва з Бел. пасольскім клубам. Клуб «Змаганне» і яго 50 мясц. сакратарыятаў з’яўляліся цэнтрамі легальнай паліт. дзейнасці зах.-бел. камуністаў сярод шырокіх пластоў працоўных, былі прадаўжальнікамі традыцыі Грамады. 30.8.1930 разам з роспускам парламента было арыштавана кіраўніцтва «Змагання», ліквідаваны яго мясц. арганізац. структуры. У 1931 суд у Вільні прыгаварыў І.​Дварчаніна, Я.​Гаўрыліка, Ф.​Валынца, П.​Крынчыка і інш. дзеячаў «Змагання» да розных тэрмінаў турэмнага зняволення.

Мэтанакіравана адстойвала нац. інтарэсы жыхароў зах.-бел. краю культ.-асветніцкая арг-цыя Таварыства беларускай школы (ТБШ), статут якой быў зацверджаны ў Вільні ў ліп. 1921. Асн. мэтай ТБШ было пашырэнне і дапамога асвеце ў бел. нацыянальным і хрысціянскім духу. Заснавальнікамі арг-цыі былі Б.​Тарашкевіч, А.​Луцкевіч, Ф.​Аляхновіч, А.​Смоліч, С.​Рак-Міхайлоўскі, А.​Станкевіч і інш. прадстаўнікі інтэлігенцыі. У пач. 1920-х г. ТБШ мела вузкую сац. базу, яго дзейнасць насіла лаяльны характар да ўлад Сярэдняй Літвы, а потым і Польшчы. Т-ва аказвала дапамогу ў выездзе моладзі на вучобу за мяжу, дапамагала Віленскай і інш. бел. гімназіям, пачатковым школам, правяло ў крас. 1923 з’езд настаўнікаў бел. гімназій. З восені 1924 ТБШ разгарнула кампанію па зборы подпісаў за адкрыццё школ на роднай мове. Пераўтварэнню Т-ва ў масавую культ.-асветную арг-цыю паспрыяла Грамада. У вер. 1926 у склад Гал. управы ТБШ увайшлі Р.​Астроўскі (старшыня), А.​Уласаў, А.​Трэпка (намеснікі), Б.​Тарашкевіч, І.​Дварчанін, М.​Кепель, Я.​Шнаркевіч, М.​Марцінчык, Ф.​Стацкевіч, П.​Мятла і інш. Кіраўнікі Грамады і КПЗБ імкнуліся пераўтварыць Т-ва ў «другую лінію акопаў». У канцы 1927 па ўсёй Зах. Беларусі дзейнічала 12 акруговых упраў — у Баранавічах, Беластоку, Вілейцы, Гродне, Глыбокім, Косаве, Лідзе, Міры, Навагрудку, Свіслачы, Слоніме і Вільні. 1-ы з’езд ТБШ, які адбыўся 28—29.12.1927 у Вільні, пастанавіў дамагацца адкрыцця дзярж. бел. пачатковых школ, гімназій, настаўніцкіх семінарый, курсаў і інш. Да сярэдзіны 1928 колькасць гурткоў ТБШ дасягнула 430 (14—15 тыс. чал.), а ў сярэдзіне 1930 перавысіла 500 (больш за 15 тыс. чалавек; па іншых звестках — каля 30 тыс. чалавек), пераважная большасць якіх дзейнічала ў сельскай мясцовасці. Арганізаваная т-вам школьная кампанія набыла масавы характар: да 1928 пададзена больш за 30 тыс. заяў на адкрыццё 1229 бел. школ, аднак абсалютная большасць іх была праігнаравана польскай адміністрацыяй. Для правядзення асветніцкай работы ТБШ стварала гурткі самаадукацыі, бібліятэкі, хаты-чытальні, клубы, нар. дамы, арганізоўвала драм., харавыя калектывы, наладжвала іх выступленні, займалася выдавецкай дзейнасцю.

Пасля забароны польскімі ўладамі ў жніўні 1928 Гал. управы (да жніўня 1929) у кіраўніцтве ТБШ узмацнілася ідэйна-паліт. раз’яднанасць. Камуністы, прадстаўнікі «Змагання» імкнуліся надаць арг-цыі радыкальны паліт. характар, група дзеячаў нац.-дэмакр. кірунку схілялася выключна да культ.-асветніцкай працы. На нелегальным з’ездзе ТБШ у Вільні ў маі 1929 праціўнікі палітызацыі (Р.​Астроўскі, А.​Луцкевіч, А.​Трэпка, Я.​Шнаркевіч, А.​Коўш і інш.) былі выключаны за «шкодную дзейнасць». У склад новай Гал. управы былі выбраны Ф.​Стацкевіч (старшыня), М.​Пяткевіч, Р.​Шырма, І.​Дварчанін, Ф.​Валынец, І.​Грэцкі, П.​Крынчык, М.​Кепель, М.​Марцінчык, П.​Петкун.

У 2-й пал. 1920-х г. БХД працягвала ісці шляхам эвалюцыі ад клерыкальна-дэмакр. арг-цыі да свецкай паліт. партыі хрысціянска-дэмакр. кірунку. На нарадзе 1926, з’ездах 1927, 1928 і 1931 выпрацоўвалася праграма партыі, фарміравалася яе ідэалогія. БХД пераадолела вузкія канфесійныя межы, пачала арыентавацца і на католікаў, і на праваслаўных, што пашырыла яе сац. базу. У 1926 кіраўніцтва БХД стварыла альтэрнатыўную ТБШ культ.-асветную арг-цыю — Бел. інстытут гаспадаркі і культуры (БІГІК). Сярод стваральнікаў і кіраўнікоў БІГіК былі А.​Більдзюкевіч, А.​Станкевіч, А.​Назарэўскі, В.​Рагуля, В.​Багдановіч, А.​Уласаў. Арганізацыя выступала ў абарону бел. культуры, мовы, стварала кааператывы, бібліятэкі, вяла асветную работу, займалася мастацкай самадзейнасцю. У пач. 1927 дзейнічалі 50 гурткоў (каля 800 чал.), 22 б-кі БІГіК. Ідэйна-палітычныя рознагалоссі перашкаджалі супрацоўніцтву з ТБШ.

У 1928—30 паралельна з бел. пасольскім клубам «Змаганне» дзейнічаў адноўлены Бел. пасольскі клуб, куды ўвайшлі прадстаўнікі БХД і Бел. сял. саюза — беларускай нац. партыі парламенцкага тыпу, створанай у 1925 у Вільні ў процівагу БСРГ (уваходзілі П.​Каруза, А.​Стаповіч, Я.​Станкевіч, К.​Юхневіч, Ф.​Ярэміч). З імі супрацоўнічалі бел. сенатары В.​Багдановіч, В.​Рагуля. БПК працягваў абараняць сац. і нац. інтарэсы, выступаў супраць памкненняў камуністаў падпарадкаваць сабе вызв. рух.

Узмацненне аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы прывяло да разгрому ў канцы 1920 — пач. 1930-х г. левага крыла зах.-бел. руху. У цяжкіх умовах нелегальнага існавання, бязлітасных праследаванняў знаходзілася КПЗБ. Найб. устойлівымі былі падп. камуніст. арг-цыі ў Брэсцкай, Баранавіцка-Слонімскай, Гродзенскай і Навагрудскай акругах. З мясцовага актыву кампартыі вызначаліся А.​Багданчук, В.​Ласковіч, П.​Пестрак, С.​Прытыцкі, У.​Урбановіч, У.​Царук і інш. Пад кіраўніцтвам КПЗБ з 1924 дзейнічаў Камуністычны саюз моладзі Зах. Беларусі (КСМЗБ). У 1933 у яго 10 акругах налічвалася больш за 3 тыс. чал.

У канцы 1920 — пач. 1930-х г. для тактыкі і стратэгіі КПЗБ характэрна імкненне фарсіраваць рэв. працэс з мэтай паскорыць сацыяліст. рэвалюцыю, блізкасць якой беспадстаўна перабольшвалася. У межах падрыхтоўкі сав.-польскага дагавора аб ненападзе на V пленуме ЦК КПЗБ (чэрв. 1931) з праграмных дакументаў было знята патрабаванне аб’яднання Зах. Беларусі з БССР. Да бел. нац. партый з боку кампартыі праяўляліся адмоўныя адносіны, іх расцэньвалі як састаўную частку нацыянал-фашысцкага лагера пілсудчыкаў. Камуністы вылучалі максімалісцкія лозунгі і патрабаванні з разлікам на абвастрэнне барацьбы. Асабліва гэта выявілася ў перыяд сусв. эканам. крызісу 1929—33 і ў першыя гады пасля яго. Камуністы мелі дачыненне да арганізацыі забастовак рабочых, акцый беспрацоўных, антыўрадавых дэманстрацый, мітынгаў, сял. выступленняў у Асташыне (Навагрудскі павет) у 1932, Навасёлках (Кобрынскі павет), Ляплёўцы (Брэсцкі павет) у 1933, нарачанскіх рыбакоў у 1935 і інш.

Знішчальная хваля рэпрэсій польскіх улад, лявацка-сектанцкі падыход КПЗБ да нац. пытання адмоўна паўплывалі на становішча ТБШ. З 1928 па ліп. 1930 забаронена дзейнасць яго 6 акруговых упраў і больш за 300 гурткоў. Да восені 1932 колькасць гурткоў зменшылася да 150 (каля 4 тыс. чал.), засталася 1 акруговая ўправа ў Беластоку (забаронена ў 1934). У большасці паветаў дзейнасць гурткоў спынілася. У лют. 1933 у Вільні адбыўся суд над кіраўніцтвам ТБШ, якое абвінавачвалі ў падрыхтоўцы «камуністычнай змовы».

Негатыўны ўплыў на зах.-бел. рух зрабілі рэпрэсіі ў БССР у 1930-я г. У 1933 да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі прыцягнуты М.​Бурсевіч, П.​Валошын, Ф.​Валынец, Я.​Гаўрылік, І.​Дварчанін, П.​Мятла, С.​Рак-Міхайлоўскі і інш. дзеячы Зах. Беларусі, якія на той час у выніку абмену зняволенымі знаходзіліся ў СССР. Яны атрымалі смяротныя прысуды і розныя тэрміны лагернага зняволення. Па той жа справе пазней расстраляны Б.​Тарашкевіч.

У сувязі з аб’яўленымі польскімі ўладамі выбарамі ў сейм у 1930 створана правацэнтрысцкая грамадска-паліт. арг-цыя — Цэнтр. саюз культ. і гасп. арганізацый (Цэнтрасаюз). Лідэры арг-цыі Р.​Астроўскі, А.​Луцкевіч, Ф.​Акінчыц, Я.​Станкевіч прызнавалі заганнай тактыку канфрантацыі, лічылі адзіна магчымым шляхам пошук кампрамісаў з аўтарытарным рэжымам Ю.​Пілсудскага. Яны падвяргаліся крытыцы з боку КПЗБ і БХД, за паланафільскі кірунак іх празвалі «беларускай санацыяй». У 1932 на аснове Цэнтрасаюза створана культ.-асветніцкая арг-цыя Т-ва бел. асветы (ТБА). Паводле статута, ТБА ставіла за мэту «працу над развіццём беларускай культуры, пашырэнне школьнай і пазашкольнай асветы беларусаў на іх роднай мове, уздым маральнага ўзроўню і вывучэнне польскай культуры, культурных адметнасцей іншых народаў, якія жывуць на супольнай з беларусамі тэрыторыі». У 1933 пачалі ўтварацца гурткі ТБА, адкрыты 33 бібліятэкі-чытальні, арганізавана асветніцкая і выдавецкая дзейнасць. Пакінуўшы Цэнтрасаюз, восенню 1933 Ф.​Акінчыц разам з У.​Казлоўскім пачалі выданне газеты «Новы шлях», органа Бел. нацыянал-сацыялістычнай партыі (БНСП), дзе шмат увагі аддавалася абгрунтаванню і апраўданню ідэалогіі нацыянал-фашызму. Раскол Цэнтрасаюза ў 1934 прывёў у заняпад нешматлікія гурткі ТБА. Паланафільскія ідэі не знайшлі шырокай падтрымкі з боку насельніцтва Зах. Беларусі.

Да сярэдзіны 1930-х г. з бел. нац. партый толькі БХД захавала і часткова павялічыла свой колькасны склад. БІГіК у 1934 меў 80 гурткоў, якія аб’ядноўвалі каля 1,2 тыс. чал. Пад эгідай БХД у пач. 1930-х г. рэарганізаваны Бел. нацыянальны камітэт (БНК) у Вільні. З яго дапамогай БХД спрабавала кансалідаваць пад сваім кіраўніцтвам на нац.-дэмакр. аснове зах.-бел. партыі і арг-цыі, скіраваць іх паліт. дзейнасць супраць КПЗБ. БНК аб’ядноўваў шэраг культурна-асветных, грамадскіх і маладзёжных арганізацый — Бел. студэнцкі саюз, Бел. навук. т-ва, Бел. настаўніцкі саюз і інш.

У 5-й праграме БХД (1936) замацаваны свецкі характар партыі, зменена яе назва на Бел. нац. аб’яднанне (БНА). Кіраўнікі БНА асуджалі капіталізм, фашызм і камунізм, выступалі за 3-і шлях грамадскага развіцця, які не быў канкрэтызаваны ў праграмных дакументах. Прызнавалася прыватная ўласнасць, адмаўлялася эксплуатацыя, вылучалася патрабаванне перадачы зямлі малазямельным сялянам без выкупу, хутары аб’яўляліся «найбольш адпавядаючай формай прыватнай гаспадаркі». Дзеячы партыі выступалі супраць аддзялення царквы ад дзяржавы, за абавязковае вывучэнне рэлігіі ў школах. Як і ў папярэдніх праграмах, вылучалася патрабаванне стварэння незалежнай бел. рэспублікі, дэмакр. правоў і свабод. У склад прэзідыума ЦК БНА у студз. 1936 былі выбраны Я.​Пазняк (старшыня), С.​Грынкевіч, М.​Дварэцкі, А.​Клімовіч.

Ва ўмовах наступу фашызму з сярэдзіны 1930-х г. была зменена стратэгія і тактыка міжнар. камуніст. руху. На II з’ездзе КПЗБ (май 1935) былі выпраўлены асобныя памылкі ў дзейнасці партыі, заяўлена пра неабходнасць стварэння шырокага антыфашысцкага нар. фронту. У выніку аўтарытэт КПЗБ вырас. Кампартыя ажыццявіла практычныя крокі для адзінства дзеянняў з арганізацыямі ППС, Бунда, «Стронніцтва людовэго», кіраўнікамі прафсаюзаў, БХД. У жн.—вер. 1935 адбыліся сустрэчы прадстаўнікоў ЦК КПЗБ і ЦК БХД. Хоць існавалі сур’ёзныя ідэйна-паліт. разыходжанні, была дасягнута дамоўленасць па школьным пытанні. ТБШ і БІГіК правялі ў 1936 сумесную школьную кампанію, якой кіраваў агульны Школьны сакратарыят, некаторы поспех дасягнуты ў Гродзенскім, Ваўкавыскім, Маладзечанскім і інш. паветах. Аднавілася дзейнасць гурткоў ТБШ. У склад Гал. управы Т-ва былі. выбраны Ф.​Стацкевіч (старшыня), М.​Кепель, В.​Склубоўскі, Ф.​Грышкевіч, Р.​Шырма, М.​Пяткевіч, М.​Марцінчык, С.​Паўловіч, М.​Касцевіч і інш.

У ходзе сумеснай школьнай акцыі яшчэ захоўваліся ўзаемныя недаверлівыя адносіны. Не далучылася да супрацоўніцтва ТБА. У адрозненне ад дэмакр. часткі БНА яго кансерватыўныя элементы не прынялі ідэі супрацоўніцтва з камуністамі і стварылі ў чэрв. 1936 Бел. нац. фронт пад кіраўніцтвам В.​Гадлеўскага, абвясціўшы гал. мэтай падтрымку вольнай ад чужых уплываў бел. паліт. лініі. Варожа ставілася да кансалідацыі зах.-бел. руху БНСП, якая займала выразныя антысавецкія і антыкамуніст. пазіцыі. У праграме 1936 яе лідэры дэкларавалі замену капіталіст. ладу сацыялістычным. Каб займець сімпатыі нацыянальна настроенай інтэлігенцыі, падкрэслівалася, што «палітычным ідэалам ёсць незалежная і аб’яднаная беларуская дзяржава ў яе этнічных межах». Да БНСП прымкнула група бел. незалежных радыкалаў на чале з К.​Юхневічам. З-за малалікасці партыі так і не быў скліканы яе з’езд. БНСП не атрымала масавай падтрымкі ў заходнебеларускім грамадстве.

Актывізацыя нац.-вызв. барацьбы выклікала знішчальную хвалю рэпрэсій польскай адміністрацыі, паліцыі. У снеж. 1936 забаронены ТБШ і БІГіК, у 1937 — Бел. настаўніцкі саюз, ТБА, у 1938 — БНК. З-за ганенняў і ўціску з крас. 1937 спынілася выданне цэнтр. органа БХД—БНА «Беларускай крыніцы». Многія з кіраўнікоў партыі былі арыштаваны ці выселены на захад.

Паліт. рэпрэсіі ў СССР, у т. л. ў БССР, падрывалі сілы нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. У лют. 1936 органамі НКУС БССР арыштаваны і асуджаны «як агент польскай палітычнай паліцыі» паліт. сакратар ЦК КПЗБ І.​Лагіновіч (пазней прысуд зменены на смяротнае пакаранне). У 1937 рэпрэсіям падвергліся інш. кіраўнікі Кампартыі Польшчы і КПЗБ, якія знаходзіліся ў СССР. У жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачвання ў сувязях з польскай дэфензівай Выканком Камінтэрна прыняў рашэнне аб роспуску КПП і яе састаўных частак — КПЗБ і КПЗУ. Арганізаваны нац.-вызв. рух напярэдадні вер. 1939 быў фактычна спынены намаганнямі польскага ўрада, сталінскага рэжыму, што садзейнічала нац.-культ. асіміляцыі насельніцтва Зах. Беларусі.

Культура Заходняй Беларусі. Нягледзячы на жорсткі нац. прыгнёт і крайне абмежаваныя магчымасці для праяўлення і развіцця бел. культуры, культ. жыццё ў Зах. Беларусі не замірала. У рабоце нац.-вызв. і культ.-асв. арг-цый, у выданні падп. і легальных газет і часопісаў, у агульнадэмакр. выступленнях удзельнічалі прадстаўнікі бел. інтэлігенцыі. Вял. ўплыў на развіццё нац.-вызв. руху мела творчасць бел. пісьменнікаў М.​Танка (Я.​І.​Скурко), П.​Пестрака, В.​Таўлая, Л.​Родзевіча, М.​Васілька, А.​Салагуба, М.​Засіма, М.​Машары, Н.​Арсенневай, Х.​Ільяшэвіча, П.​Карузы, М.​Краўцова, А.​Стаповіча; публіцыстаў А.​Альшэўскага, І.​Канчэўскага, А.​Луцкевіча, Я.​Міско, У.​Самойлы, А.​Станкевіча, В.​Харужай; навукоўцаў Б.​Тарашкевіча, С.​Рак-Міхайлоўскага, І.​Дварчаніна і інш. З зах.-бел. л-рай звязана творчасць М.​Гарэцкага, У.​Жылкі, К.​Сваяка, Г.​Леўчыка. У 1930-я г. пачалі сваю літ. дзейнасць бел. пісьменнікі А.​Іверс, Ф.​Грышкевіч, А.​Дубровіч, Я.​Чабор, Н.​Тарас, Г.​Новік, П.​Граніт, А.​Клімовіч, С.​Крывец, А.​Мілюць, Я.​Брыль; украінскі А.​Гаўрылюк; польскія Г.​Дэмбінскі, С.​Ендрыхоўскі, Е.​Путрамант і інш. Пісьменнікі, што групаваліся вакол «Беларускай газеты», у канцы 1933 распачалі дзейнасць па стварэнні арганізацыі, каб аб’яднаць пісьменнікаў Зах. Беларусі. Іх намаганнямі ў газеце была аформлена літ. старонка, надрукавана прынятая на нелегальным з’ездзе зах.-бел. пісьменнікаў (снеж. 1933) дэкларацыя, якая заклікала ўсіх літаратараў «ад станка і плуга» гуртавацца дзеля творчай работы «для народа і разам з ім». У студз. 1934 улады забаранілі «Беларускую газету» і арыштавалі найб. актыўных яе супрацоўнікаў. Значны ўклад у выяўл. мастацтва Зах. Беларусі зрабілі мастакі Я.​Горыд, Я.​Драздовіч, П.​Сергіевіч, М.​Сеўрук; у муз. культуру — К.​Галкоўскі, Л.​Рагоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі. Плённую работу па стварэнні нар. хароў і збору бел. нар. песень праводзілі А.​Грыневіч, Г.​Цітовіч, Р.​Шырма і інш. Большасць грамадска-паліт. і культ.-асв. арг-цый Зах. Беларусі размяшчаліся ў Вільні, у т. л. Бел. выдавецкае таварыства, выдавецтвы ТБШ, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, Бел. сялянска-работніцкага клуба, У.​Знамяроўскага, Б.​Клецкіна, Бел. навуковае т-ва, Бел. музей, Бел. драматычная майстроўня, Бел. дабрачыннае т-ва, Віленская бел. гімназія, школы, кнігарні і інш. У Вільні выдадзены «Хрэстаматыя беларускае літаратуры. XI век—1905 г.» М.​Гарэцкага (1922), «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)» І.​Дварчаніна (1927), зб-кі вершаў Л.​Родзевіча («На паняволеных гонях», 1928), М.​Танка («На этапах», 1936; «Журавінавы цвет», 1937; «Пад мачтай», 1938; паэма «Нарач», 1937) і інш. Выдаваліся таксама падручнікі для бел. школ С.​Рак-Міхайлоўскага, С.​Паўловіча, «Беларускі каляндар», адозвы, адкрытыя лісты і прамовы дэпутатаў у сейме. Ствараліся гурткі маст. самадзейнасці, рыхтаваліся канцэрты. У рэпертуары хароў пераважалі бел. нар. песні. У драм. калектывах найб. папулярнасцю карысталіся спектаклі «Паўлінка» і «Прымакі» Я.​Купалы, «Антось Лата» Я.​Коласа, «Модны шляхцюк» К.​Каганца, «Атрута» М.​Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.​Родзевіча, «Суд» У.​Галубка, «Мікітаў лапаць» М.​Чарота, «Міхалка» Далецкіх, «У зімовы вечар» Э.​Ажэшкі, а таксама шматлікія інсцэніроўкі. Сродкі, сабраныя на спектаклях і канцэртах, ішлі пераважна на патрэбы развіцця бел. асветы і культуры. Паліцыя і ўлады часта забаранялі такія мерапрыемствы. Напр., з 36 спектакляў, падрыхтаваных у 1932 гурткамі маст. самадзейнасці Беласточчыны, 14 забаронены ўладамі.

Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле распараджэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі і Зах. Украіны. Большасць жыхароў сустракала армію як вызваліцельніцу, з энтузіязмам і радасцю. На занятай Чырв. Арміяй тэрыторыі ўтварыліся органы новай улады: у гарадах — Часовыя ўпраўленні, у мястэчках і вёсках — сялянскія камітэты. Яны займаліся вырашэннем пытанняў адм., гасп. і культ.-асв. дзейнасці. Адначасова для навядзення рэв. парадку ў гарадах сфарміраваліся ўзбр. атрады рабочых, у сельскай мясцовасці — атрады сял. міліцыі. Для ўсталявання новай сав. улады ў Зах. Беларусь было накіравана 700 камуністаў і 800 камсамольцаў з БССР. Народны сход Заходняй Беларусі (Беласток, 28—30.10.1939) прыняў Дэкларацыю пра абвяшчэнне сав. улады і ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. 12—14.11.1939 нечарговая 3-я сесія Вярх. Савета БССР прыняла законы пра ўз’яднанне Зах. Беларусі з БССР. Гэтымі актамі юрыдычна замацоўвалася этнічна-тэр. кансалідацыя бел. нацыі ў адзінай дзяржаве. У кастр. 1939 паводле дамоўленасці паміж урадамі СССР і Літвы Віленскі край з г. Вільня быў перададзены ў склад Літвы, а паводле сав.-польскай дамоўленасці ў вер. 1944 Беластоцкая вобл. і некалькі раёнаў Брэсцкай вобл. перададзены ў склад Польшчы. У выніку новага адм.-тэр. падзелу (4.12.1939) на тэр. Зах. Беларусі былі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая (26 раёнаў), Беластоцкая (24 раёны, з 20.9.1944 Гродзенская вобл., 15 раёнаў), Брэсцкая (18 раёнаў), Вілейская (22 раёны, з 20.9.1944 Маладзечанская вобл.), Пінская (11 раёнаў).

Літ.:

Лочмель И.Ф. Очерк истории борьбы белорусского народа против польских панов. М., 1940;

Stankievic A. Biełaruśki chryscijanski ruch. Vilnia, 1939;

Народное (национальное) собрание Западной Белоруссии 28—30 октября 1939 г.: Стеногр. отчет Мн., 1946;

Горбунов Т.С. Воссоединение белорусского народа в едином советском социалистическом государстве. М., 1948;

У суровыя гады падполля: Успаміны былых членаў КПЗБ — актыўных удзельнікаў рэв. руху ў Заходняй Беларусі. Мн., 1958;

Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР: Док. и материалы. Т. 1—2. Мн., 1962—72;

Мацко А.Н. Борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против фашизма (1933—1939 гг.). Мн., 1963;

Яго ж. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков, 1918—1939 гг. Мн., 1972;

Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966;

Палуян У.А. Беларуская сялянска-рабочая Грамада. Мн., 1967;

Яго ж. Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927—1939 гг.). Мн., 1978;

Муха-Мухновский Г.М. Пути-дороги. Мн., 1973;

В авангарде революционной борьбы. Мн., 1974;

Калеснік У. Ветразі Адысея. Мн., 1977;

Яго ж. Усё чалавечае: Літ. партрэты, артыкулы, нарысы. Мн., 1993;

Годы испытаний и мужества. Мн., 1973;

Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;

Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Мн., 1988;

Яго ж. Цяжкі шлях выпрабаванняў // Бел. гіст. часоп. 1994. №1;

Яго ж. Іосіф Каэтанавіч Лагіновіч: нарыс жыцця і дзейнасці // Там жа. 1996. №3;

Яго ж. Выпрабаванне часам і жыццём: (Да 75-годдзя ўтварэння і дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі) // Там жа. 1998. №4;

Міско Я. Маё маўклівае сэрца. Мн., 1983;

Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ. Мн., 1983;

Bergman A. Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984;

Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938 гг. Мн., 1986;

Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;

Полуян И.В. Западная Белоруссия в период экономического кризиса, 1929—1933 гг. Мн., 1991;

Gomołka K. Białorusini w II Rzeczypospolitej. Gdańsk, 1992;

Рагуля В. Успаміны. Мн., 1993;

Вабішчэвіч А. Нацыянальная школа ў Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. №2;

Яго ж. Таварыства беларускай школы (1921—1936 гг.) // Там жа. 1997. №1;

Яго ж. Таварыства беларускай школы: першыя гады існавання // Спадчына. 1996. №5;

Яго ж. Уз’яднанне // Полымя. 2000. №9;

Назаўсёды разам: (Да 60-годдзя ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР). Мн., 1999;

Праблемы ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР: Гісторыя і сучаснасць. (Матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф., 17—18 вер. 1999 г.). Мн., 2000;

Рыжскі мірны дагавор. Лёсы народаў Усходняй Еўропы: (Матэрыялы Міжнар. навук.-тэарэт. канф., 16—17 сак. 2001 г.). Мн., 2001;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. Паміж Усходам і Захадам: Станаўленне дзяржаўнасці і тэрытар. цэласнасці Беларусі (1917—1939 гг.). Мн., 2003.

А.​М.​Вабішчэвіч, І.​П.​Хаўратовіч.

Цэнтральны сакратарыят Беларускай сялянска-работніцкай грамады. 1926.
Дэлегаты 3-га з’езда Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Вільня. 1928
Гурток Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры ў в. Жодзішкі (Смаргонскі раён).
Вечар беларускай паэзіі і песні ў Віленскім універсітэце. Злева направа: сядзяць — С.​Станкевіч, М.​Машара, Р.​Шырма, М.​Васілёк, М.​Шчорс; стаяць: — Х.​Ільяшэвіч, М.​Танк, А.​Бярозка, В.​Тумаш, П.​Сергіевіч. Вільня. 15.3.1936.
А.​Трэпка, В.​Багдановіч, К.​Галкоўскі, М.​Забэйда-Суміцкі, Р.​Шырма, А.​Луцкевіч, С.​Паўловіч, М.​Танк, С.​Глякоўскі, Я.​Станкевіч і інш. пасля канцэрта хору Р.​Шырмы. Вільня. 1938.

т. 18, кн. 2, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)