ЭЎФЕМІ́ЗМ (грэч. euphēmismos ад eu добра + phemi кажу),
моўны выраз, што ўжываецца з мэтай аслабіць залішне прамое, адкрытае выказванне (звычайна ўласцівае быт., гутарковай мове), даць больш мяккае, «прыстойнае» абазначэнне якога-н. прадмета або з’явы; від тропа. У адносінах да слоў, якія яны замяняюць, Э. часта выступаюць у ролі сінонімаў (напр., «зорак з неба не хапае» замест «недалёкі, неразумны»).
Э. вядомы з даўніх часоў, звязаны з забаронай ужываць тое ці інш. слова, каб не наклікаць злую сілу на сябе (талу). Паводле характару Э. блізкія да метаніміі, перыфразы, нярэдка становяцца іх разнавіднасцю. Э. проціпастаўляецца дысфемізм — замена эмацыянальна і стылістычна нейтральнага слова больш грубым, зневажальным (напр., замест «памерці» — «апруцянець, загнуцца, апрэгчыся» і г.д.). Працэсы эўфемізацыі вывучаюцца ў лексікалогіі і сацыялінгвістыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕСПУ́ЧЫ (Vespucci) Амерыга (9.3.1451, г. Фларэнцыя, Італія — 22.2.1512),
італьянскі мараплавец і даследчык. Доўгі час быў дробным служачым банкірскага дома Медычы і агентам гэтай фірмы ў Севільі. У маі 1499 — вер. 1500 на ісп. марской службе, з вясны 1501 па чэрв. 1504 — на партугальскай; потым зноў вярнуўся ў Іспанію, у 1508—12 гал. стырнавы Кастыліі. У 1499—1504 прымаў удзел у некалькіх экспедыцыях да берагоў Паўд. Амерыкі, якую ён назваў Новым Светам. Лісты аб гэтых падарожжах, у якіх Веспучы ўпершыню апісаў прыроду паўн.ч. кантынента, набылі сусв. вядомасць і неаднаразова перавыдаваліся ў 1505—10. Латарынгскі картограф М.Вальдземюлер прыпісаў адкрыццё «чацвёртай часткі свету», зробленае Х.Калумбам, Веспучы і прапанаваў назваць гэты мацярык у гонар Амерыга Веспучы Амерыкай. Для Паўд. Амерыкі гэта абазначэнне хутка стала агульнапрызнаным, а ў 1538 на карце Г.Меркатара ўпершыню было пашырана і на Паўн. Амерыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕМА́НТЫКА ЛАГІ́ЧНАЯ,
раздзел металогікі, які вывучае сэнс і значэнне выразаў мовы, а таксама інтэрпрэтацыю розных фармалізаваных моў. У апошнія гады больш даследуе натуральную мову. Як навука пачала афармляцца ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў працах Ч.Пірса, Г.Фрэге, Б.Расела, А.Тарскага і інш. У Сл. вылучаюць тэорыі рэферэнцыі і сэнсу. Тэорыя рэферэнцыі — аснова тэорыі доказу ў логіцы, якая вывучае дачыненне выразаў мовы да абазначаных аб’ектаў. Асн. катэгорыі: «імя», «абазначэнне», «ісціннасць», «мадэль», «выканальнасць», «інтэрпрэтацыя» і г.д. Тэорыя сэнсу даследуе дачыненне знака да зместу. Асн. катэгорыі: «сэнс», «сінанімія», «праўдзівасць аналітычная», «праўдзівасць лагічная» і інш. Сл. аналізуе прычыны парадоксаў і цяжкасцей, якія ўзнікаюць пры семантычным аналізе. Яе метадалогія ўжываецца ў лінгвістыцы, семіётыцы, тэорыі і практыцы машыннага перакладу. Гл. таксама Семантыка ў мовазнаўстве.
Літ.:
Фреге Г. Логика и логическая семантика: Пер. с англ.М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТУПЕ́НЬу музыцы,
кожны гук муз.гукараду, гамы, ладу. Уся муз. шкала падзяляецца на актавы, кожная ўключае 7 асн. С. (до—рэ—мі—фа—соль—ля—сі), з якіх утвараецца асн. гукарад, і 5 альтэраваных (павышаных ці паніжаных) С. Побач са складовымі існуюць і літарныя абазначэнні асн. С. (c=до, b=рэ, e=мі, f=фа, g=соль, а=ля, h=ci). Каб вызначыць альтэраваную С., да складу ці літары далучаюць умоўнае абазначэнне знака альтэрацыі (напр., до-дыез=до#=cis) Поўны дыятанічны лад ахоплівае 7 асн. С., якія абазначаюцца рым. лічбамі і маюць спец. назвы (I — тоніка, II — верхні ўводны гук, III — верхняя медыянта, IV — субдамінанта, V — дамінанта, VI — ніжняя медыянта, VII — ніжні ўводны гук). Кожная С. ладу можа альтэравацца, у такім выпадку 7-ступенная дыятанічная гама ладу ператвараецца ў 12-ступенную храматычную.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,
мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.А.Каменскі, І.Г.Песталоці, Ф.Фрэбель, М.Мантэсоры і інш.). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНЦЭНТРА́ЦЫЯў хіміі,
велічыня, якая паказвае адносную колькасць дадзенага кампанента у фізіка-хім. сістэме (сумесі, растворы, сплаве). Колькасна роўная адносінам ліку часціц кампанента, колькасці рэчыва (малярная К.) або яго масы (масавая К.) да аб’ёму сістэмы: адзінкі К.: м−3, моль/м³ ці кг/м³ адпаведна.
Малярная К. раствораў (прынятае абазначэнне с) вызначаецца колькасцю растворанага рэчыва (гл.Моль) у 1 л раствору; вымяраецца ў моль/л ці М (1 моль/л=103 моль/м³). Напр., раствор сернай к-ты з с (H2SO4) - 0,5 моль/л, ці 0,5 М H2SO4, мае 49 г к-ты ў 1 л, таму што малярная маса H2SO4 (маса 1 моль) роўная 98 г/моль. Масавая К. раствору. цітр — колькасць грамаў растворанага рэчыва ў 1 см³ раствору (карысталіся да ўвядзення СІ). Аб’ёмная, масавая ці малярная долі кампанента — адпаведна адносіны аб’ёму, масы ці колькасці рэчыва да агульнага аб’ёму, агульнай масы ці колькасці рэчыва сістэмы, вымяраецца ў працэнтах і К. не з’яўляецца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ВЕЛІЧЫНЯ́,
уласцівасць (асаблівасць, характарыстыка) фіз. аб’екта (фіз. сістэмы, працэсу, з’явы), у якасных адносінах агульная для многіх аб’ектаў, аднак колькасна індывідуальная (адрозная) для кожнага з іх. Напр., колькасць рэчыва, магутнасць, маса, тэмпература, электрычны зарад, энергія.
Кожная Ф.в. мае назву (тэрмін), літарнае абазначэнне (сімвал) і аперацыйнае вызначэнне (дэфініцыю), якое паказвае спосаб яе вымярэння або ўраўненне сувязі з інш. пераменнымі і пастаяннымі Ф.в. (гл.Сістэма фізічных велічынь, Фізічныя пастаянныя). Розныя памеры аднародных Ф.в. характарызуюцца значэннем Ф.в. — колькаснай ацэнкай гэтай Ф.в. некаторым лікам (лікавым значэннем) прынятых для яе адзінак (гл.Адзінкі фізічных велічынь). Для знаходжання лікавых значэнняў Ф.в. распрацаваны розныя метады вымярэнняў з улікам магчымых выпадковых і сістэматычных хібнасцей. Паняццем «Ф.в.» карыстаюцца ў метралогіі, фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы і інш. навуках, калі колькасныя суадносіны паміж уласцівасцямі даследаваных аб’ектаў вызначаюцца фіз. метадамі.
Літ.:
Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАЖЫ́ТНЫ СВЕТ,
прынятае ў гістарыяграфіі абазначэнне першага і найб. працяглага перыяду ў гісторыі чалавецтва ад пачатку фарміравання грамадства (800—100 тыс. да н.э.) да пачатку сярэдневякоўя (першыя ст.н.э.). Ахоплівае 2 перыяды: першабытнага грамадства і стараж. дзяржаў (Стараж. Усход і антычнасць). У сучаснай гіст. навуцы ў больш вузкім сэнсе С.с. — стараж.цывілізацыі. Навука, якая вывучае С.с., — стараж. гісторыя, а таксама спец.гіст. дысцыпліны; гісторыя Стараж.Грэцыі, гісторыя Стараж.Рыма, асірыялогія, егіпталогія, індалогія, іраністыка, семіталогія, сіналогія, усходазнаўства, хеталогія і інш. У часы антычнасці пад старажытнасцю разумелі паданні і міфы пра подзвігі багоў і герояў. У сярэдневякоўі ў развіцці чалавецтва вылучалі 2 эпохі — язычніцтва і хрысціянства. Паняцце стараж. гісторыі з’явілася і пачало набываць сучасны змест у эпохі Адраджэння і Асветніцтва. У 18—19 ст. С.с. вывучаўся гал. чынам праз творы ант. аўтараў. З 2-й пал. 19 ст. новыя звесткі пачалі прыносіць археал., этнаграфічныя і інш. даследаванні. Сучасная гісторыя С.с. вылучае 2 гал. групы цывілізацый — Усходу і Захаду і вывучае іх механізм і развіццё.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ПАЛ,
1) у геалогіі — акруглае ў плане падняцце слаёў зямной кары. Адрозніваюць вулканічныя, гранітагнейсавыя, тэктанічныя і саляныя. Вулканічны К. выш. да 800 м, са стромкімі схіламі, узнікае за кошт выціскання вязкай лавы з вулканічнага канала ў суправаджэнні моцнага выбуху. Граніта-гнейсавы К. — ізаметрычная структура ў дакембрыйскіх пародах крышт. фундамента (Балтыйскі і Алданскі шчыты, Бел. антэкліза і інш.), радзей трапляецца ў больш маладых складкавасцях. Тэктанічны К. — антыклінальная складка горных парод, даўж. і шыр. якой аднолькавыя або блізкія. Саляны К. фарміруецца ў вял. упадзінах платформ і краявых прагінаў у выніку праяўлення саляной тэктонікі. З К. звязаны радовішчы каменнай солі, нафты, прыродных газаў і інш. 2) У геамарфалогіі — абазначэнне любой купалападобнай формы рэльефу або масіву горных парод.
3) У акіяналогіі — раён пад’ёму тэрмакліна да паверхні; на картах тэмператур на розных гарызонтах вылучаецца ў выглядзе некалькіх замкнёных ізатэрмаў з мінім. т-рай у цэнтры.
Схемы канструкцый купалаў: а — рабрыстая; б — сеткавая, в — шматгранная; г — у выглядзе танкасценнай абалонкі; д — з некалькіх скляпенняў-абалонак.Купал царквы Сан-Ларэнца ў Турыне. Арх. Г.Гварыні. 1668—87.Купал з ліхтаром.Купал маўзалея Гур-Эмір у Самаркандзе. 1404.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАВА́РНЫ ЗНАК,
абазначэнне ці сімволіка. якая зарэгістравана на падставе дзеючага заканадаўства і ставіцца на тавары (часам на ўпакоўцы): садзейнічае адрозненню аднародных тавараў (паслуг) розных юрыд. або фіз. асоб і іх рэалізацыі. Можа мець слоўныя (у т. л. імёны ўласныя), літарныя. лічбавыя, аб’ёмныя абазначэнні або іх камбінацыі, любы колер ці колеравыя спалучэнні. Асн. патрабаванні да Т.з.: прастата, індывідуальнасць, распазнавальнасць, прывабнасць для спажыўцоў, адсутнасць элементаў герба, дзярж. сцяга і інш. абазначэнняў, што з’яўляюцца аб’ектамі выключнай уласнасці дзяржавы і ўрада. У Т.з. можна ўключаць скарочаныя ці поўныя назвы міжнар. і міжурадавых арг-цый, пячаткі, узнагароды і інш. знакі адрознення, як неахоўваемыя элементы, калі на гэта ёсць згола адпаведнага кампетэнтнага органа ці іх уладальніка. Рэгіструецца ў краіне, дзе фірма мае намер яго выкарыстоўваць. На сусв. рынку тавары. маркіраваныя Т.з., звычайна на 15—20% каштуюць даражэй, чым немаркіраваныя. Уладальнік Т.з. мае выключнае права на яго выкарыстанне, ён можа прадаць яго юрыд. або фіз. асобам па ліцэнзійных пагадненнях. Зарэгістраваны ў рамках міжнар. пагадненняў (напр., Парыжскай канвенцыі па ахове прамысл. уласнасці), карыстаецца аховай ва ўсіх краінах-удзельніцах і наз. сусветным Т.з. Разам з Т.з. у якасці фірменнага знака ўжываецца гандлёвая марка, якой абазначаюцца не адзін, а ўсе тавары пэўнай фірмы.