СВЕТЛЯЧО́КЯнка (сапр.Гаеўскі Іван Яфімавіч; 1888, в. Замужанне Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 28.11.1957),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1912), Мінскі пед.ін-т (1930). Настаўнічаў. Збіраў фальклор на Барысаўшчыне і Лагойшчыне. З 1909 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». У карэспандэнцыях расказваў пра цяжкое жыццё сялянства, асаблівасці мясцовага побыту. У вершаваным творы «З заработкаў» адлюстраваў жыццё плытагонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫЛЬЯнка (Іван Антонавіч; н. 4.8.1917, Адэса),
бел. пісьменнік. Нар. пісьменнік Беларусі (1981). У 1922 пераехаў з бацькамі на іх радзіму (в. Загор’е Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл.). Скончыў польск. сямігадовую школу (1931), працаваў на гаспадарцы, займаўся самаадукацыяй. З сак. 1939 служыў у польск. марской пяхоце. Удзельнік баёў на Вэстэрплятэ. У вер. 1939 трапіў у ням. палон, адкуль уцёк увосень 1941. З кастр. 1942 сувязны партыз. брыгады імя Жукава Баранавіцкага злучэння, у сак.—ліпені 1944 партызан-разведчык брыгады «Камсамолец», рэдактар газеты «Сцяг свабоды» і сатыр. антыфаш. лістка «Партызанскае жыгала». З кастр. 1944 у Мінску. Працаваў у рэдакцыях газ.-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну», часопісаў «Вожык», «Маладосць», «Полымя», у Дзярж. выд-ве Беларусі. У 1966—71 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкуецца з 1938. Першыя зб-кі «Апавяданні» (1946), «Нёманскія казакі» (1947) вылучылі яго як арыгінальнага майстра лірыка-псіхал. прозы, добрага знаўцу жывой нар. мовы. Жыццё даваеннай і пасляваен. зах.-бел. вёскі, усенар. барацьба супраць ням.-фаш. акупантаў — асн. тэматыка творчасці Брыля (зб. апавяданняў «Вераснёвая рунь», 1949; аповесць «У Забалоцці днее», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952; зб-каў «На Быстранцы», 1955; «Надпіс на зрубе», 1958; «Мой родны кут», 1959; «Працяг размовы», 1962, Літ. прэмія імя Я.Коласа 1963, і інш.). Апавяданні «Галя», «Надпіс на зрубе», «Маці» і інш. сталі хрэстаматыйныя. Яны кранаюць задушэўнасцю тону, сагрэты любоўю да людзей, славяць высокую гуманнасць, патрыятызм. Стылю празаіка ўласціва паэтычнасць бачання свету, сплаўленая з тонкім псіхалагізмам і пластычнасцю малюнка. Чалавек у яго творах даследуецца ў складаных сац.-псіхал. абставінах, лірызм і эмацыянальнасць арганічна спалучаны з цвярозай аналітычнасцю і псіхал. дакладнасцю. Героі Брыля — людзі тонкай душы і дасціпнага розуму, схільныя да аналізу і самааналізу (Лёня Жывень з аповесці «Апошняя сустрэча», 1959; Алесь Руневіч з рамана «Птушкі і гнёзды», 1963, і інш.). У аснове рамана «Птушкі і гнёзды» — роздум пра чалавека, народ, Радзіму, паказ пакутлівых пошукаў зах.-бел. юнаком Руневічам — чалавекам уражлівай душы і высокіх духоўных парыванняў — шляхоў да свядомай барацьбы з фашызмам. Паказваючы «біяграфію адной душы», пісьменнік здолеў разгарнуць шырокую панараму жыцця, выкрыць знутры «філасофію» таталітарызму і фашызму, паказаць нараджэнне супраціўлення яму ў душах людзей. Людзі актыўнага дзеяння, наіўныя рамантыкі зах.-бел. падполля П.Жалезняковіч і Р.Сяржант — героі вядомых нарысаў Брыля «Сэрца камуніста» і «Партрэт старэйшага таварыша». З калабруньёнскім гумарам і журботаю, з псіхал. глыбінёй паказана жыццё зах.-бел. вёскі 1920—30-х г. у яго аповесцях «Ніжнія Байдуны» (1975) і «Золак, убачаны здалёк» (1978, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1982). Аповесць «Муштук і папка» (1990) пра брата, закатаванага ў 1938 у Белай Царкве на Украіне. Шырокае прызнанне атрымалі лірыка-філас. мініяцюры, псіхал. абразкі (зб-кі «Жменя сонечных промняў», 1965, «Вітраж», 1972, «Вячэрняе», 1994 і інш.). Піша таксама для дзяцей, вобразы якіх малюе шчыра, светла, замілавана (зб-кі «Ліпка і клёнік», 1949; «Зялёная школа», 1951; «Светлае ранне», 1954; «Пачатак сталасці», 1957; «Жыў-быў вожык», 1976). Адзін з аўтараў кнігі «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з А.Адамовічам і У.Калеснікам), у якой сабраны і сродкамі маст. публіцыстыкі пракаменціраваны расказы нешматлікіх людзей, што перажылі жахі соцень спаленых разам з жыхарамі бел. вёсак. Кніга гэтая — напамінак свету пра зверствы гітлераўцаў, выключнай сілы прысуд фашызму, гімн мужнасці няскоранага народа. Выступае з публіцыст. і літ.-крытычнымі артыкуламі. Эстэт. погляды пісьменніка, яго аналіз сучаснага літ. працэсу — у зб-ках «Роздум і слова» (1963), «Трохі пра вечнае» (1978). На бел. мову пераклаў асобныя творы Л.Талстога, А.Чэхава, І.Крылова, М.Горкага, П.Бажова, Г.Траяпольскага, А.Вішні, А.Даўжэнкі, І.Друцэ, Э.Ажэшкі, М.Канапніцкай, Б.Пруса, Л.Кручкоўскага, Я.Івашкевіча, Я.Бранеўскай і інш.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1967—68;
Зб.тв.Т. 1—5. Мн., 1979—81;
Выбр.тв.Т. 1—3. Мн., 1992—93;
Пішу як жыву. Мн., 1994.
Літ.:
Канэ Ю. Янка Брыль: Критико-биогр. очерк. М., 1964;
Гусева Л. Янка Брыль — мастак. Мн., 1968;
Аляхновіч Р.В. Янка Брыль у школе. Мн., 1979;
Калеснік У. Янка Брыль: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1990;
Шупенька Г. Паэзія прозы // Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;
Адамович А. Янка Брыль // Собр. соч.Мн., 1982. Т. 2;
Вітка В. Даследуецца чалавек // Вітка В. Урокі. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЎРЯнка (сапр.Фёдараў Іван Міхайлавіч; 10.5.1883, г. Ліепая, Латвія — 3.8.1971),
бел. пісьменнік; адзін з пачынальнікаў бел. дзіцячай л-ры. Засл. дз. культ. Беларусі (1968). З 1899 вучыўся ў Панявежскай настаўніцкай семінарыі, адкуль з апошняга курса выключаны за вальнадумства; у 1903 здаў экзамен экстэрнам. У 1903—06 настаўнічаў. У 1906 за ўдзел у нелегальным з’ездзе настаўнікаў у в. Мікалаеўшчына (Стаўбцоўскі р-н) звольнены з працы і трапіў пад нагляд паліцыі. З 1911 настаўнічаў у Мінску. У 1920-я г. працаваў у Наркамаце асветы Беларусі, у рэсп. саюзе работнікаў асветы, Бел.дзярж. выд-ве. Друкаваўся з 1923. Аповесць «Чалавек ідзе!..» (1926—27) пра паходжанне чалавека. Ў апавяданнях «Слёзы Тубі», «Незвычайная прынада», «Лацароні» і інш., у прыгодніцкіх аповесцях «У краіне райскай птушкі» (1927), «Сын вады» (1928) апавядаў пра экзатычныя краіны свету, антычалавечую сутнасць каланіялізму. Першы ў бел. л-ры прыгодніцкі раман «Амок» (1929) пра паўстанне на Яве, напісаны на матэрыяле, які атрымаў ад сяброў-эсперантыстаў. Тут шмат прыгод, таямнічага, загадкавага, апісана жыццё мясц. насельніцтва, прырода. Гумарам, дынамічнымі дыялогамі, элементамі прыгодніцкага жанру адметная аповесць «Палескія рабінзоны» (1930, паводле сцэнарыя М. экранізацыя 1935). «Аповесць будучых дзён» (1932) — першая ў бел. л-ры спроба ў жанры сац. утопіі. Аповесць «ТВТ...» (1934) пра цікаўных, дапытлівых і вынаходлівых школьнікаў. У творы паэтызацыя павагі да працы і добрых спраў. Асвойваў навук.-фантастычны і аўтабіягр. жанры. У 1927 апубл. казку «Вандраванне па зорках». Фантаст. аповесць «Фантамабіль прафесара Цылякоўскага» (1954—55) прысвечана міжпланетным падарожжам. Сваёй асн. кнігай лічыў аўтабіягр. аповесць «Шлях з цемры» (ч. 1, нап. ў 1920, апубл. 1948, ч. 2 — у 1956, апубл. 1960, ч. 3 — 1957, апубл. 1975), дзе паказаў сваё дзяцінства, вучобу ў рамесным вучылішчы, у настаўніцкай семінарыі, раскрыў дыялектыку душы гал. героя. Глыбокім псіхалагізмам. вызначаюцца яго апавяданні «Бярозавы конь», «Яно», «Шчасце», «Максімка», «Завошта?». Аўтар п’есы «Памылка» (1940), аднаактовак «Хата з краю» (1941), «Балбатун» (1946). Рэдактар кн. «Ніколі не забудзем» (1948) — успамінаў дзяцей пра вайну. На бел. мову пераклаў паасобныя творы Дз.Маміна-Сібірака, М.Прышвіна, А.Чэхава, Х.К.Андэрсена, Ж.Верна, Р.Кіплінга, М.Твена і інш.Дзярж. прэмія Беларусі 1972. З 1993 прысуджаецца Літ. прэмія яго імя за лепшыя творы для дзяцей. Імем М. названа абл. дзіцячая б-ка ў Мінску.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—2. Мн., 1960;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1975—76.
Літ.:
Барсток М.М. Віднейшы беларускі дзіцячы пісьменнік Янка Маўр. Мн., 1958;
Яфімава М. Янка Маўр: (Жыццё і творчасць). Мн., 1960;
Яеж. Цэлы свет — дзецям: Творчы партрэт Янкі Маўра. Мн., 1983;
Яеж. З верай у дзіцячае сэрца. Мн., 1983;
Рунец П. Чалавек з крылатай фантазіяй. Мн., 1979;
Миронов А.Е. Дед Мавр. [2 изд.]. Мн., 1983;
Гурэвіч Э.С. Янка Маўр: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛІК Ала Львоўна (н. 1.8.1952, Мінск),
бел. танцоўшчыца. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыла Бел. харэагр. вучылішча (1973). З 1973 салістка эстрады Бел. філармоніі, з 1974 — харэагр. ансамбля «Харошкі», у 1976—94 — Дзярж. ансамбля танца Беларусі. Яе творчасці ўласцівы характарнасць і артыстызм. Выконвала сола ў вял. харэагр. пастаноўках («Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца») і ў сюжэтных, пераважна жартоўных, танцах-сцэнках («Ах, якая я Ганулька», «Зязюля», «Паўлінка», «Полька-Янка», «Прысюды», «Закадычныя сяброўкі», «Таўкачыкі», «Крутуха» і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВА́ЛЬТАР Віктар Бенядзіктавіч (28.7.1902, г. Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931),
бел. пісьменнік. У 1922—26 студэнт каморніцкага ф-та Чэшскага вышэйшага тэхнікума (Прага). Захварэўшы на туберкулёз, перапыніў вучобу, вярнуўся ў Латвію. Настаўнічаў у бел. школах. Друкаваўся з 1923. Пісаў вершы, апавяданні, нарысы (псеўданім Янка Палын). Раман «Роджаныя пад Сатурнам» (апубл. 1991, газ. «Голас Радзімы») грунтуецца на ўспамінах аб студэнцкім жыцці.
Тв.:
Леснікова сена: Апавяданне. Рыга, 1932.
Літ.:
Езавітаў К. В.Б.Вальтар // Бел. школа ў Латвіі. 1932. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМІЛО́ВІЧЯнка [Іван Людвігавіч; 19.9.1905, в. Сяліба (паводле інш. звестак, в. Жаліна) Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 21.1.1938], бел.паэт. Скончыў БДУ (1927). Працаваў выкладчыкам, у рэдакцыях рэсп. часопісаў. У 1937 рэпрэсіраваны. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1940. Друкаваўся з 1925. Быў чл.літ. аб’яднанняў «Маладняк», «Пробліск». Разам з А.Звонакам і Я.Бобрыкам выдаў зб. вершаў «Пунсовае ранне» (1926). Фалькл. рамантызм у вершаванай легендзе «Зарэка» (1928). Аўтар паэмы «Ульянаў—Ленін» (апубл. часткова 1929—30).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЧАНТЫРА́ДЗЕ Канстанцін Канстанцінавіч (н. 1.1.1934, Тбілісі),
грузінскі літ.-знавец. Канд.філал.н. (1973). Скончыў Тбіліскі ун-т (1957). Даследуе груз.-бел. літ. ўзаемасувязі. Аўтар навук. прац «Руставелі ў беларускай літаратуры» (1971), «Беларускі раман пра Грузію» (пра раман Э.Самуйлёнка «Будучыня»), «З гісторыі літаратурных сувязей грузінскага і беларускага народаў» (абедзве 1972), «Пытанні грузіна-беларускіх літаратурных сувязей на старонках грузінскіх і беларускіх газет і часопісаў» (1975), «Ля вытокаў літаратурнай садружнасці грузінскага і беларускага народаў» (1982), «Янка Лучына — аўтар першага беларускага твора пра Грузію» (1983) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЛЬ (Kráľ) Янка (24.4.1822, г. Ліптаўскі-Мікулаш, Славакія — 23.5.1876),
славацкі паэт-рамантык. Па адукацыі юрыст. Удзельнік нац.-вызв. руху 1840-х г. Прыхільнік ідэі яднання слав. народаў. Аўтар антыфеад. («Выпадкі з Яношыкам», 1843—44), філас.-лірычнага («Драма свету», 1844—45) цыклаў вершаў, рамант. паэмы «Сын стэпу» (1846—47), шэрагу балад, дум, перайманняў нар. песень. Паэзія К. адметная выкарыстаннем рамант. гіпербалы, алегорыі, сімвалаў. Большасць яго твораў апублікавана ў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧЯнка (Іван Данілавіч; 25.5.1917, в. Мінкавічы Старадарожскага р-на Мінскай вобл. — 3.7.1969),
бел.паэт. Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У Вял.Айч. вайну сувязны партыз. брыгады імя Кірава Мінскай вобл. Настаўнічаў у Дзяржынску, Мар’інай Горцы, Асіповіцкім р-не, працаваў у выд-ве «Народная асвета». Друкаваўся з 1936. Аўтар зб-каў вершаў «Мера любві» (1958), «Позні паром» (1967). Паэзія Н. грунтуецца на жыццёвай канкрэтнасці, знітавана з чалавекам працы, прасякнута любоўю да роднай зямлі і прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРАПУ́КЯнка (Іван Антонавіч; псеўд.Янка Змагар; 24.8.1896, мяст. Новы Двор Падляскага ваяв., Польшча — 16.11.1957),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў мужчынскую гімназію Відэмана ў Пецярбургу (1914), вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ініцыятар стварэння ў Пецярбургу грамадскай культ.-асв. арг-цыі «Вольныя беларусы», сакратар Пецярбургскага прадстаўніцтва (місіі) Цэнтр.Укр. рады. Пазней у Кіеве, супрацоўнік Мін-ва замежных спраў Укр.Нар. Рэспублікі, чл.Бел. рады на Украіне, ініцыятар стварэння партыі бел. незалежных рэвалюцыянераў. З канца 1918 на Гродзеншчыне, чл.Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Удзельнік Бел. з’езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (ліп. 1919), сакратар Цэнтр.бел. рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. Друкаваўся ў газ. «Беларусь» і «Родны край» (Гродна), «Наша думка». З канца 1919 у Рызе, сакратар вайскова-дыпламат. місіі БНР у Латвіі і Эстоніі, адначасова дыпламат. кур’ер пры ўрадзе БНР на чале з А.Луцкевічам. У снеж. 1919 кааптаваны ў склад Рады БНР, пасля яе паліт. расколу прыхільнік урада В.Ластоўскага. Як паўнамоцны прадстаўнік БПС-Р і прадстаўнік урада БНР удзельнічаў у канферэнцыях бел.сац. партый (крас. 1920) і бел.дзярж. і грамадскіх дзеячаў (чэрв. 1920) у Рызе. У жн. 1920 узначальваў дэлегацыю БНР на міждзярж. канферэнцыі балт. дзяржаў. У 1921 сакратар дыпламат. місіі БНР у Каўнасе, уваходзіў у ініцыятыўную «тройку» па стварэнні Загранічнага к-та БПС-Р. Удзельнік 1-й Усебел. канферэнцыі ў Празе (1921). З 1922 у эміграцыі ў ЗША, актыўны ўдзельнік грамадска-паліт. жыцця бел. дыяспары, ініцыятар стварэння шэрагу бел.-амер. арг-цый.