пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш.Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал.хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).
Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).
На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал.сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял.Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач.Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак.пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 кмчыг. пуці, 619 кмтэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЖДЖАВЫ́Я ЧЭРВІ, земляныя чэрві,
агульная назва 5 сям. кольчатых чарвей кл. алігахетаў, або малашчацінкавых кальчацоў. Каля 1500 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць у глебе, подсціле, буйныя віды рыюць хады глыб. да 8 м. На Беларусі 13 відаў, найб. пашыраны пашавы чарвяк (Nicodrilus caliginosus), малы чырвоны чарвяк, або малы выпаўзак (Lumbricus rubellus), эйзеніела чатырохгранная (Eiseniella tetraedra), гнаявы чарвяк (Eisenia foetida), вял. чырвоны выпаўзак (Lumbricus terrestris) і інш.
Даўж. 2 см — 3 м (Eisenia magnifica), шыр. да 20 мм. Цела цыліндрычнае, крыху сплясканае або чатырохграннае, светла-шэрае, зялёнае, вішнёва-чырвонае, чорна-бурае. Складаецца з 60—450 членікаў (сегментаў), на кожным з іх (акрамя першага) ад 8 да некалькіх дзесяткаў шчацінак, што дапамагаюць пры поўзанні і ўтрыманні ў нары. На пярэднім канцы цела паясок, што выдзяляе рэчыва, якое склейвае 2 асобіны пры спароўванні і ўтварае яйцавы кокан. Добра развітыя нерв., крывяносная, стрававальная, выдзяляльная і палавая сістэмы, органы дотыку, нюху, здольнасць да рэгенерацыі. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты. Актыўныя ноччу, днём выпаўзаюць з зямлі толькі пасля дажджу (адсюль назва). Сапрафагі. Жывяцца пераважна рэшткамі раслін. Рыхляць і ўзбагачаюць глебу мінер. рэчывамі, надаюць ёй устойлівую дробна-камякаватую структуру, спрыяюць аэрацыі і ўвільгатненню. Некаторыя — гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў жывёл і чалавека.
Дажджавыя чэрві: 1 — вялікі чырвоны выпаўзак; 2 — малы чырвоны; 3 — гнаявы; 4 — эйзеніела чатырохгранная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯМІ́ДАВЫ,
дынастыя рас. горнапрамыслоўцаў, землеўладальнікаў, мецэнатаў у канцы 17 — пач. 20 ст. Паходзілі з заможных сялян-кавалёў Тульскай губ. Родапачынальнік — Мікіта Дзямідавіч Антуф’еў, празваны паводле імя па бацьку Дзямідаў (5.4.1656, Тула — 28.11.1725). Вылучыўся пры Пятру I, пабудаваў першы чыгунаплавільны з-д у Туле (1696), пазней — шэраг металургічных з-даў на Урале. У 1720 атрымаў спадчыннае дваранства. Найб. значныя прадстаўнікі: Акінфій Мікітавіч (1678, Тула — 16.8.1745). Сын Мікіты Дзямідавіча. У 1725 на яго Ніжнетагільскім з-дзе пушчана першая домна — найб. ў тагачасным свеце. Да 1745 валодаў 25 чыгунаплавільнымі, жалезаапр. і меднымі з-дамі. Павел Рыгоравіч (9.1.1739—13.7.1821). Вучыўся ў Гётынгенскім ун-це і Фрайбергскай горнай акадэміі (Германія). Заснаваў Дзямідаўскі ліцэй у Яраслаўлі. Мікалай Мікітавіч (20.11.1773, с. Чыркавіцы Воласаўскага р-на Ленінградскай вобл. — 2.1.1829), ваен. дзеяч, дыпламат. Садзейнічаў пашырэнню вытв-сці фамільных з-даў. Павел Мікалаевіч (17.8.1798, Масква — 6.4.1840). Ганаровы чл.Пецярб.АН. Скончыў Парыжскі ліцэй Напалеона. У 1831 заснаваў Дзямідаўскія прэміі прыПецярб.АН. Валодаў сіб. чыгунаплавільнымі з-дамі. Павел Паўлавіч (21.10.1839, г. Веймар, Германія — 29.1.1885). Скончыў Пецярб.ун-т (1860). Заснаваў першую на Урале ф-ку бесемеравання сталі. Усяго Дз. заснавалі больш за 50 з-даў, якія давалі 40% чыгуну ў Расіі.
Літ.:
Старков В.В. Демидовы: Их жизнь и деятельность. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУЖЫ́НА,
1) атрад воінаў, якія аб’ядноўваліся вакал племяннога правадыра ў перыяд разлажэння родавага ладу, пазней вакол князя (караля). У стараж.германцаў згадваецца ў гіст. крыніцах у 1 ст. да н.э. як часовая, а з 1 ст.н.э. як пастаянная.
2) У Стараж. Русі арганізаваныя паводле пэўных прынцыпаў прафес. вайсковыя атрады пры князю, якія ўдзельнічалі ў ваен. паходах, кіраванні княствам і асабістай гаспадаркай князя.
3) Войска цалкам.
4) Карпаратыўная арг-цыя раннефеад. знаці вакол асоб княжацкага паходжання ў 9—13 ст. або асобныя яе часткі. Складаная на чале з князем іерархія дружыннікаў розных рангаў і баяр («старэйшая» Д.), уласна дружыннікаў і т.зв. («малодшая» Д.). У земскай Д. месца князя займала абшчына ў асобе вечавых устаноў. Д. выконвала ўрадавыя, адм., суд. і паліцэйскія функцыі. У ваен. сэнсе — заўжды гатовы да дзеяння аддзел пры князю ці земскай абшчыне. Да 13 ст. прыйшла ў заняпад, саступіла месца інш. прынцыпам арганізацыі пануючага класа (у прыватнасці, двару, пачалося фарміраванне дваранства). Канчатковае знікненне Д. даследчыкі датуюць 12—14 ст. 5) Назва кампаній, арцелей іканапісцаў (14—15 ст.), манастырскай браціі (16 ст.).
Літ.:
Горский А.А. Древнерусская дружина. М., 1989;
Ласкавы Г.В. Да пытання аб арганізацыі і складзе ўзброеных сіл Полацкай зямлі ў канцы XI — пачатку XIII стст. // Гістарычна-археалагічны зборнік памяці Міхася Ткачова. Мн., 1993. Ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЕ́НАВЫЯ ВУГЛЕВАДАРО́ДЫ, дыены, дыалефіны, ненасычаныя вуглевадароды з 2 падвойнымі сувязямі ў малекуле. Аліфатычныя Д.в. (агульная ф-ла CnH2n−2, дзе n — колькасць атамаў вугляроду) наз.алкадыенамі, аліцыклічныя Д.в. (CnH2n−4) — цыклаалкадыенамі. У залежнасці ад узаемнага размяшчэння падвойных сувязей адрозніваюць Д.в. з кумуляванымі (напр., ален H2C=C=CH2), спалучанымі (напр., бутадыен-1,3
) і ізаляванымі (напр., пентадыен-1,4
) сувязямі.
Д. в.з кумуляванымі сувязям і складаюць клас аленаў, якія лёгка ўступаюць у рэакцыі далучэння (паслядоўна з кожнай з падвойных сувязей), полімерызуюцца, пры награванні і дзеянні каталізатара ізамерызуюцца ў спалучаныя Д.в. ці алкіны. Д.в. з ізаляванымі сувязямі па хім. уласцівасцях практычна не адрозніваюцца ад алкенаў. Спецыфічная ўласцівасць Д.в. са спалучанымі сувязямі — здольнасць уступаць у рэакцыі цыкладалучэння (гл.Дыенавы сінтэз) і хелетропныя рэакцыі. Пры ўзаемадзеянні спалучаных Д.в. з вадародам, галагенамі і галагенавадародамі далучэнне ідзе і па канцах сістэмы спалучаных сувязей і па адной з іх. Выкарыстоўваюць у прам-сці для вытв-сці сінт. каўчукоў (бутадыен, ізапрэн і інш.), поліамідных валокнаў, лакаў, фарбаў, інсектыцыдаў, лекаў і інш. Шкодна ўплываюць на ц. н. с., у газападобным выглядзе раздражняюць слізістыя абалонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПЕПСІ́Я (ад дыс... + грэч. pepsis страваванне),
парушэнні стрававання. Тэрмін «Д.» захаваўся пераважна для вызначэння сіндромаў парушэння функцыі кішэчніка — гніласная Д. і брадзільная Д. У аснове брадзільнай Д. ляжыць павышаная маторыка тонкага кішэчніка. У выніку частка вугляводаў ежы не ператраўляецца і не засвойваецца. Праяўляецца ўздуццем і распіраннем жывата, бурчаннем і пераліваннем, колікападобнымі болямі, газамі, вадкім ці кашкападобным стулам. Гніласная Д. — вынік гніення ў тоўстым і часткова тонкім кішэчніку. Праяўляецца паносамі (вадкія, цёмнага колеру, непрыемнага паху). Д. дзіцячая — вострая хвароба стрававальна-кішачнага тракту з расстройствам стрававання ў дзяцей першага года жыцця (8—9 месяцаў). Найчасцей бывае пры штучным і мяшаным кармленні. Прыпростай Д. стул вадкі, часты, зялёнага колеру з камячкамі (6—8 разоў за суткі), уздуцце жывата, колікападобныя болі. Таксічная Д. — цяжкая форма захворвання з глыбокім парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і функцый многіх органаў і сістэм. Праяўляецца рвотай і вадзяністым (да 15 разоў за суткі) стулам. Ад вял. страты вады змяншаецца маса цела, развіваецца эксікоз (абязводжванне), назапашваюцца таксічныя прадукты абмену, што пашкоджвае цэнтр.нерв., вегетатыўную, сардэчна-сасудзістую сістэмы, парушае кровазварот, дыханне, функцыі печані і нырак. Бывае ў аслабленых, хворых на дыятэз і дыстрафію дзяцей. Лячэнне: водна-чайная дыета, дазіраванае харчаванне, ферменты, вітаміны, антыбіётыкі, сімптаматычныя сродкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЫШЦЯКУ́ЧАСЦЬ,
сукупнасць фіз. з’яў, звязаных з працяканнем без трэння вадкага гелію праз капіляры і вузкія шчыліны пры тэмпературах, блізкіх да абсалютнага нуля. Адкрыта эксперыментальна П.Л.Капіцам (1938), тэорыя створана Л.Д.Ландау (1941).
Пры т-ры 2,17 К (λ-пункт) у вадкім геліі (ізатоп 1Не) адбываецца фазавы пераход 2-га роду: з нармальнага стану (гелій I) ён пераходзіць у звышцякучы стан (гелій II). З. суправаджаецца вельмі вял. цеплаправоднасцю і наяўнасцю рознасці тэмператур у двух сасудах са звышцякучым геліем, злучаных капілярам, што вядзе да значнай рознасці ціску ў іх (тэрмамех. эфект). У звышцякучым геліі разам са звычайным гукам (ваганні ціску) існуе другі гук (ваганні т-ры). Тэорыя З. заснавана на квантавых уяўленнях аб квазічасціцах — фанонах. У вадкім геліі змена энергіі суправаджаецца вылучэннем або паглынаннем фанона, які мае такую ж залежнасць паміж частатой і энергіяй, як і квант святла, але распаўсюджваецца са скорасцю гуку. Калі гелій II працякае праз капіляр са скорасцю, меншай за скорасць гуку, яго кінетычная энергія не пераходзіць у цеплавую, бо фаноны не могуць узнікнуць (трэнне адсутнічае). Калі скорасць руху перавышае скорасць гуку, узнікае трэнне і З. знікае.
Літ.:
Капица П.Л. Вязкость жидкого гелия при температурах ниже точки λ // Докл.АНСССР. 1938. Т. 18, № 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́НДЭКС УЗРО́ЎНЮ ЖЫЦЦЯ́,
паказчык, што адлюстроўвае якасныя адносныя змены матэрыяльнага дабрабыту, сац. і культ. кошту ўмоў жыцця насельніцтва ў сувязі са зменамі цэн на тавары і паслугі. Вызначаецца даходамі насельніцтва, якія падзяляюцца на сукупныя, намінальныя, распараджальныя, канчатковыя, рэальныя. Абагульняльным паказчыкам узроўню жыцця насельніцтва, задавальнення яго матэрыяльных і духоўных патрабаванняў з’яўляюцца рэальныя даходы насельніцтва, што характарызуюць колькасць матэрыяльных даброт, якія набыты на гэтыя даходы і выкарыстоўваюцца ў выніку атрымання платных і бясплатных паслуг. Іх узровень залежыць ад памераў канчатковых даходаў насельніцтва, што атрымліваюцца за пэўны прамежак часу (сукупных даходаў за вылікам з іх падаткаў, розных грашовых збораў, узносаў і інш. абавязковых плацяжоў) і цэн на прадметы спажывання і паслугі. Пры росце даходаў і нязменным узроўні цэн рэальныя даходы насельніцтва павялічваюцца, а пры нязменным памеры даходаў і росце цэн зніжаюцца. Змяненне ўзроўню рэальных даходаў насельніцтва вымяраецца індэксам рэальных даходаў насельніцтва, які вызначаецца суадносінамі памераў гадавых рэальных даходаў насельніцтва ў цэнах базіснага перыяду. У выпадках, калі грашовыя расходы насельніцтва на пакупку тавараў, аплату паслуг павялічваюцца больш хуткімі тэмпамі, чым рэальныя даходы, мае месца рост цэн і, як вынік, зніжэнне І.у.ж. Павелічэнне расходаў на падтрыманне фіксаванага ўзроўню жыцця выклікае неабходнасць прыняцця кампенсацыйных мер, што выяўляецца ў індэксацыі даходаў. Гл. таксама Індэкс кошту жыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНФІГУРА́ЦЫЯ (ад лац. configuratio наданне формы, размяшчэнне),
1) абрысы, формы, знешні выгляд, а таксама ўзаемнае размяшчэнне, прасторавыя суадносіны якіх-н. прадметаў ці іх частак. Напр., К. воблакаў, К. крышталёў. 2)У астраноміі — бачнае становішча зоркі, планеты ці інш. на нябеснай сферы адносна Зямлі і Сонца. Гл. ў арт.Канфігурацыі планет.
3) У хіміі — канкрэтнае прасторавае становішча атамаў у малекуле хім. злучэння вядомай будовы; адно з асн. паняццяў стэрэахіміі. Разам з паняццем канфармацыі апісвае прасторавую будову малекулы.
К. малекулы змяняецца ў выніку рэакцый хімічных, перагруповак малекулярных, канфармацыйных пераходаў. Прасторавыя ізамеры з рознымі К. наз. канфігурацыйнымі ізамерамі. Адрозніваюць К. абсалютную і адносную. Абсалютная (стэрэахімічная) К. хіральнай малекулы (гл.Хіральнасць) вызначаецца становішчам пэўных замяшчальнікаў адносна цэнтраў упарадкаванасці ў малекуле, апісваецца пры дапамозе спец. стэрэахім. (R-S) наменклатуры хімічнай. Адносная К. вызначае канфігурацыйныя адносіны паміж элементамі хіральнасці, зыходзячы з іх параўнання паміж сабой; адрозніваюць унутры- і міжмалекулярнае параўнанне. Існуюць шматлікія сістэмы вызначэння адноснай К.: цыс-транс-К. (гл.Геаметрычная ізамерыя), D-L-К. (гл.Аптычная ізамерыя) і інш., што абумоўлена рознымі падыходамі да вызначэння правіл параўнання. Адносную К. ўстанаўліваюць рознымі хім. і фізіка-хім. метадамі, абсалютную — метадам рэнтгенаўскага структурнага аналізу. К. малекул улічваюць пры планаванні сінтэзу шматлікіх класаў прыродных злучэнняў — вугляводаў, пептыдаў і бялкоў, антыбіётыкаў, алкалоідаў і інш.