ВАСІЛЬКО́Ў (Іосіф Георгіевіч) (11.3.1879, г. Ялец Ліпецкай вобл., Расія — 23.8.1942),

бел. батанік, адзін з першых даследчыкаў расліннасці Беларусі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1904). У 1920—29 праф., заг. кафедры ў Горацкай с.-г. акадэміі. З 1934 у Ін-це біялогіі АН Беларусі. Аўтар прац па флоры Каўказа, Казахстана, Еўрапейскай ч. Расіі. Удзельнічаў у падрыхтоўцы выдання «Флора БССР».

Тв.:

Матэрыялы да флоры Горацкага раёна // Праца навук т-ва па вывучэнні Беларусі пры Бел. дзярж. акадэміі сельскай гаспадаркі ў Горках. 1927. Т. 3.

т. 4, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАСІ́ЛЬЧАНКА (сапр. Панасенка) Сцяпан Васілевіч

(8.1.1879, г. Ічня Чарнігаўскай вобл., Украіна — 11.8.1932),

украінскі пісьменнік. Скончыў Карастышаўскую настаўніцкую семінарыю (1898). Настаўнічаў. Асн. тэмы твораў — жыццё ўкр. дарэв. вёскі (зб-кі апавяданняў «Эскізы», 1911; «Апавяданні», 1915), праца нар. настаўніка (навелы «Вячэра», «Чароўная Галя», «Грэх»), падзеі 1-й сусв. вайны («Акопны дзённік», 1917, і інш.). Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў, фельетонаў, незакончанай аповесці пра Т.​Шаўчэнку «У бур’янах» (апубл. 1938).

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1974.

Літ.:

Шумило Н.М. Проза Степана Васильченко. Київ, 1986.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАШКЕ́ВІЧ (Уладзімір Раманавіч) (30.3.1900, в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 10.6.1970),

генерал-палкоўнік (1954). У Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1928). У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім і 3-м Прыбалт. франтах: камандзір дывізіі, нач. штаба арміі, нач. штаба 3-га Прыбалт. фронту. Удзельнік абароны Масквы, вызвалення Эстоніі, Латвіі. З 1945 нач. штаба Прыбалт. і Закаўказскай ваен. акруг. У 1955—56 нач. кафедры Ваен. акадэміі Генштаба, да 1961 на навук. рабоце.

У.Р.Вашкевіч.

т. 4, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РА,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Друйка, за 8 км на ПнУ ад г. Браслаў. Уваходзіць у Браслаўскую групу азёр. Пл. 0,21 км², даўж. 850 м, найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 5 м, даўж. берагавой лініі 2 км. Пл. вадазбору 5,5 км².

Схілы катлавіны выш. 5—8 м, разараныя, месцамі пад хмызняком. Берагі нізкія, пясчаныя, на З сплавінныя. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м пясчанае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана ручаём з воз. Недрава.

т. 4, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ТКАЎСКІ,

біялагічны заказнік на Беларусі, у Веткаўскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1978. Пл. 5,9 тыс. га (1995). Уключае тэр. Веткаўскага лясніцтва. Створаны ў мэтах захавання ў прыродным стане месцаў росту і прыродных запасаў дзікарослых лек. раслін (крапівы двухдомнай, ландыша майскага, палыну горкага, цмену пясчанага, чабару, чарніц і інш.), а таксама для арганізацыі рацыянальнай нарыхтоўкі іх сыравіны. Займае лясныя масівы вакол рэк Сож і Беседзь, у якіх пераважаюць маладыя імшыстыя і чарнічныя хвойнікі, трапляюцца дубровы, бярэзнікі, невял. ўчасткі ельнікаў.

т. 4, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУРАВЕ́СНІК»

(«Sturmvogel»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і насельніцтва ў Клімавіцкім р-не Магілёўскай вобл. 10—15.7.1943 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі начальніка аховы тылу 4-й ням. арміі (батальёна ахоўнага палка, паліцыі парадку, асобнага ўсх. батальёна). Напярэдадні аперацыі насельніцтва з вёсак, якому пагражалі гітлераўцы, эвакуіравалася ў глыб партыз. зоны. Каля в. Сасноўка і Антонаўка карнікі былі спынены, потым контратакаваны байцамі 13-й Касцюковіцкай партыз. брыгады. Кіраўніцтва карнай аперацыяй «Буравеснік» у сваёй справаздачы прызнала поўны яе правал.

т. 3, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ХАЎСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў г. Быхаў (Магілёўская вобл.). Будынак цэнтрычны, крыжападобны ў плане, на цагляным атынкаваным фундаменце. З трох бакоў зроблены ўваходы ў выглядзе шырокіх мураваных ганкаў з казыркамі на драўляных калонах. Над гал. уваходам — высокая васьмігранная ў плане 3-ярусная званіца, над сяродкрыжжам — вялікі светлавы барабан (дыяметр 8 м, вышыня 12,5 м) з купалам. Фасады вертыкальна ашаляваны. Вокны паўцыркульныя. У інтэр’еры цэнтральная 2-светлавая частка перакрыта самкнёным скляпеннем на ветразях.

Быхаўская Троіцкая царква.

т. 3, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫ́ЦЕНСКАЯ СУКО́ННАЯ ФА́БРЫКА.

Дзейнічала ў Беларусі ў 1766—1914 у мяст. Быцень Слонімскага пав. (цяпер вёска ў Івацэвіцкім р-не Брэсцкай вобл.). У час паўстання 1794 разбурана, за перыяд 1796—1858 адноўлена і значна расшырана. Да 1890 вырабляла сукны, пасля — шарсцяныя коўдры. Сыравіна — воўна авечак. У 1860 дзейнічаў паравы рухавік, у 1879 працавала 17 ткацкіх станкоў, 6 часальных і 46 прадзільных машын, у 1913 — паравая машына (20 к.с.) і паравы кацёл, былі прадзільнае, ткацкае і апрэтурнае аддзяленні. Працавала да 90 рабочых (1878).

т. 3, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭ́РА ЛО́ШЫЦКАЯ,

сорт грушы селекцыі Бел. НДІ пладаводства. Выведзены скрыжаваннем сартоў Бэра слуцкая і Курская малдаўка. На Беларусі раянаваны ўсюды, акрамя Віцебскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, крона пірамідальная, кампактная. Плоданашэнне пачынаецца на 4—5-ы год. Сорт сярэднезімаўстойлівы, ураджайны, мала пашкоджваецца хваробамі. Плады сярэдняй велічыні (90—110 г), шырокагрушападобнай формы, гузаватыя. Скурка тонкая, светла-жоўтая з лёгкім аранжавым румянцам. Мякаць белая, дробназярністая, паўмасляністая, салодкая, здавальняючага смаку. Спажывецкая спеласць настае ў сярэдзіне верасня. Лёжкасць каля двух тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

Бэра лошыцкая.

т. 3, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЕ́, Бяляны, Бяланы-Эзерс,

возера ў Беларусі, у Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., на мяжы з Латвіяй, у бас. р. Дрысвята (левы прыток Дзісны). За 13 км на ПнЗ ад г. Браслаў. Пл. 0,92 км², даўж. 1,67 км, найб. шыр. 950 м, даўж. берагавой лініі 4,8 км. Пл. вадазбору 7 км².

Схілы катлавіны на З і У невыразныя, на Пд выш. 10—15 м, разараныя, на Пн да 7 м. На У і З забалочаная пойма (шыр. да 200 м), месцамі пад лесам.

т. 3, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)